МУЗЫКА 1920—80-х гадоў.
Сярод першых дзярж. муз. устаноў на Беларусі былі Нар. кансерваторыі ў Віцебску (1918), Гомелі (1919), Бабруйску (1921), якія пазней ператварыліся ў муз. тэхнікумы і школы. Значную ролю адыграла адкрыццё Бел. муз. тэхнікума ў Мінску (1924). У 1930 на яго базе была створана Бел. студыя оперы і балета (з 1933 Дзярж. тэатр оперы і балета Беларусі, з 1996 творчае аб’яднанне «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь»). Яго выпускнікі склалі аснову Дзярж. сімф. аркестра БССР (1927) і Дзярж. нар. аркестра БССР (1930), У 1932 адкрыты Бел. кансерваторыя (з 1994 Бел. акадэмія музыкі), у 1937 — Бел. філармонія. У 1938 створаны Саюз кампазітараў (у 1932—38 існавала як секцыя кампазітараў пры Саюзе пісьменнікаў БССР). У 1920-я г. закладзены асновы бел. кампазітарскай школы. Ля яе вытокаў стаялі М.Аладаў, А.Багатыроў, В.Залатароў, Р.Пукст, Я.Цікоцкі, М.Чуркін. У кампазітарскай творчасці 1920—50-х г. вызначальную ролю адыгрываў нац. фальклор, які развіваўся ў стылістычным рэчышчы рус. класічнай традыцыі. Жанравыя прыярытэты дзярж. палітыкі ў галіне музыкі — масавая песня (папулярныя хары, песні стваралі У.Алоўнікаў, М.Анцаў, І.Любан, Р.Пукст, Н.Сакалоўскі, У.Тэраўскі) і нац. муз.-тэатральны рэпертуар. Да 1-й дэкады бел. літаратуры і мастацтва ў Маскве (1940) былі прымеркаваны опера-легенда «Кветка шчасця» А.Туранкова, оперы на героіка-патрыят. тэму «У пушчах Палесся» А.Багатырова (паводле Я.Коласа), «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага і балет «Салавей» М.Крошнера (паводле З.Бядулі). Гэтыя тэматычныя кірункі захоўваліся да сярэдзіны 1950-х г. У акупіраваным Мінску адбылася прэм’ера оперы М.Шчаглова «Лясная песня». Пасля вайны побач з партыз. тэмай («Алеся» Я.Цікоцкага, «Андрэй Касценя» М.Аладава, «Марынка» Р.Пукста) з’явіліся гіст. («Кастусь Каліноўкі» Дз.Лукаса, «Надзея Дурава» А.Багатырова), нац.-легендарная (балет «Князь-возера» В.Залатарова). Значную ролю ў бел. музыцы 1920—50-х г. адыгрывалі вак.-сімфанічныя жанры (кантаты «Босыя на вогнішчы» Т.Шнітмана, «Над ракой Арэсай» М.Аладава, «Сказ пра Мядзведзіху» і «Беларускім партызанам» А.Багатырова; у камерна-вакальнай музыцы пераважалі рамансы на вершы Я.Купалы, М.Багдановіча; папулярнасцю карыстаўся жанр апрацоўкі бел. нар. песні. Бел. сімфанічная творчасць таго часу прадстаўлена жанрамі сімфаньеты (сярод лепшых — «Беларускія малюнкі» М.Чуркіна), сімфоніяй пераважна эпічнага складу (2-я М.Аладава, 4-я «Беларусь» В.Залатарова, 2-я Р.Пукста, 1-я і 2-я А.Багатырова, 3-я і 4-я Я.Цікоцкага), рознажанравымі праграмнымі творамі. З канца 1930-х г. развіваўся жанр інстр. канцэрта (для скрыпкі з аркестрам Г.Столава і П.Падкавырава, для фартэпіяна з аркестрам А.Клумава і Дз.Камінскага); камерна-інстр. музыка прадстаўлена інстр. ансамблямі, творамі для фартэпіяна. Сярод выканаўцаў 1920—50-х г.: хар. дырыжоры Р.Шырма, Г.Цітовіч, цымбаліст І.Жыновіч і дамрыст Г.Жыхараў, оперна-сімф. дырыжоры Б.Афанасьеў, І.Гітгарц, В.Дуброўскі, Л.Любімаў, М.Шнейдэрман; оперныя спевакі Л.Александроўская, І.Балоцін, М.Ворвулеў, М.Дзянісаў, С.Друкер, Р.Млодак. У муз. крытыцы выступалі Ю.Дрэйзін, А.Карповіч, Б.Смольскі.
Бел. музыка 1960—80-х г. вылучаецца дынамічнасцю развіцця, паралельным развіццём розных маст. тэндэнцый, пошукамі новых жанравых і індывідуальна-стылёвых вырашэнняў. Стылёвым арыенцірам у творчасці бел. кампазітараў Л.Абеліёвіча, Г.Вагнера, Я.Глебава, Э.Тырманд, К.Цесакова сталі традыцыі І.Стравінскага, Дз.Шастаковіча, С.Пракоф’ева. У творчасці С.Картэса, Дз.Смольскага, А.Янчанкі выявілася далучэнне да радыкальных тыпаў сучасных кампазітарскіх тэхнік (серыялізму, алеаторыкі). Абнаўленне муз. стылістыкі ў духу экспрэсіянізму выявілася ў творах антываеннага зместу: у 1960-я г. — камернай араторыі «Песні Хірасімы» Дз.Смольскага (на тэксты яп. паэтаў), «Эроіцы» А.Янчанкі (на тэксты Ю.Фучыка, П.Элюара, Т.Карповіча), вак.-сімф. паэме «Попел» С.Картэса (на вершы Э.Межэлайціса), у 1970-я г. — «Рэквіеме» Л.Шлег (на кананічныя і тэксты з кнігі А.Адамовіча, Я.Брыля і І.Калесніка «Я з вогненнай вёскі»), у 1980-я г. — у 2-й Сімфоніі «Памяці М.Гарсіі Лоркі» А.Соніна.
У 1960-х г. для кампазітарскай творчасці характэрны перавага сучаснай тэматыкі, сцвярджальны грамадз. пафас, інтэрнацыяналізм, манументалізм. У сістэме муз. жанраў пераважалі буйныя формы складанай муз. драматургіі: сімфонія, вак.-сімфанічная музыка, балет. У 1970-я г. ў муз. мастацтве пашырыліся рамант. тэндэнцыі, роля рэтраспекцыі і сінтэзу, на першы план выйшлі камерныя жанры. Актуалізаваліся праблемы нацыянальнага, набрала моц неафальклорная тэндэнцыя. Штуршком для яе развіцця побач з традыцыямі рус. «фальклорнай хвалі» з’явілася кантата «Беларускія песні» А.Багатырова. Значныя маст. дасягненні ў гэтым кірунку належаць кампазітарам В.Войціку, Г.Гарэлавай, Л.Захлеўнаму, А.Мдывані, В.Помазаву, Л.Шлег. Тэндэнцыі неакласіцызму характэрны творам Л.Абеліёвіча (арыя для скрыпкі і камернага аркестра), Г.Вагнера (2-я сімфонія для камернага аркестра, балет «Пасля балю»), А.Мдывані (3-я сімфонія «У стылі барока»), неарамантычная плынь — Г.Гарэлавай (паэма «Бандароўна», вак. цыклы на вершы М.Багдановіча, Г.Ахматавай, Э.Верхарна).
Абнаўленне вобразнага зместу сімфоніі праявілася ў дамінаванні лірыка-драм. і лірыка-псіхалагічнай сімф. канцэпцыі: 1—3-я сімфоніі Л.Абеліёвіча; 4-я, 6-я, 7-я сімфоніі М.Аладава; 2—4-я сімфоніі Я.Глебава, 1—7-я сімфоніі Дз.Смольскага; 2-я, 6-я, 7-я сімфоніі Ф.Пыталева. Маст. цэласнасць твора абумоўлена скразным інтанацыйным развіццём; удасканальваўся інстр. стыль сімфоніі, узбагачаўся аркестравы каларыт. Жанравая індывідуалізацыя і міжжанравы сінтэз спрыялі нараджэнню сімфоній: канцэртнай (3-ія Я.Глебава і Дз.Смольскага з саліруючым фартэпіяна, 4-я Дз.Смольскага з саліруючай скрыпкай, 2-я У.Дарохіна з саліруючым струнным квартэтам) і вак. (5-я «Памяць зямлі» і 6-я «Полацкія пісьмёны» А.Мдывані, 3-я «Прысвячэнне Сапфо» А.Соніна). Стварэнне ў 1968 Дзярж. камернага аркестра Беларусі паспрыяла актыўнаму развіццю камерна-аркестравай музыкі: музыка для струнных С.Картэса, камерная сімфонія А.Залётнева, сюіта «Мемарыял» У.Дарохіна, канцэрт для аргана з камерным аркестрам А.Янчанкі. У жанры інстр. канцэрта побач з дынамічна віртуознымі, вострахарактарыстычным і канцэртам і Г.Вагнера і Дз.Камінскага для фартэпіяна, В.Войціка для кларнета, гратэскна-фантастычным «Капрычас» для фартэпіяна С.Картэса з’явіліся рамант. сімф. канцэпцыі фартэпіянных канцэртаў Л.Абеліёвіча і А.Соніна, канцэртаў для скрыпкі і габоя Г.Гарэлавай, для віяланчэлі У.Солтана. Маляўніча-канцэртны стыль вылучае паэмы «Крыжачок», «Бульба» А.Мдывані, сюіту-жарт «Вясковыя музыкі» і сюіту «Батлейка» В.Помазава для аркестра нар. інструментаў. У вак.-сімф. і харавых жанрах 1960—80-х г. побач з антываеннай (араторыя «Бітва за Беларусь» А.Багатырова, кантата «У год сусветнага пажару» Г.Гарэлавай) вядучымі становяцца тэмы лёсу паэта (манументальныя, шматпланавыя па вобразным змесце араторыі «Памяці паэта» С.Картэса, «Паэт» Дз.Смольскага на вершы Я.Купалы, драм. араторыя «Лісткі календара» А.Залётнева на вершы М.Танка) і жыцця бел. народа ў яго абрадах і звычаях (кантаты «Казацкія песні» В.Войціка, «Трава-мурава» Л.Шлег, сюіта «Сваток» Р.Суруса, харавы канцэрт «Прымхі» і харавы цыкл «Снапочак А.Мдывані, харавыя цыклы «Песні дзявочага кахання» Л.Захлеўнага і «Вяселле» В.Кузняцова, харавыя гульні «ладушкі» В.Кузняцова). Новыя тэндэнцыі ў балеце намецілі кірункі: лірыка-камедыйны Г.Вагнера («Падстаўная нявеста») і на сучасную тэму Я.Глебава («Мара»). Напружанае сімф. развіццё характэрна для муз. драматургіі балетаў Я.Глебава («Альпійская балада» паводле В.Быкава; «Выбранніца», у 2-й рэдакцыі «Курган» паводле Я.Купалы; «Тыль Уленшпігель»), Г.Вагнера («Святло і цені» паводле П.Броўкі і «Пасля балю» паводле Л.Талстога), У.Кандрусевіча («Крылы памяці»). Па заказах замежных т-раў балетныя партытуры стваралі Я.Глебаў («Маленькі прынц» паводле А.Сент-Экзюперы, Хельсінкі, паст. 1982; Масква, паст. 1983) і С.Картэс («Апошні інка», Гавана, паст. 1990). Пачалося аднаўленне опернай паэтыкі, якая ўзбагацілася прыёмамі эпічнага т-ра Б.Брэхта ў оперна-публіцыстычных дзействах «Джардана Бруна» і «Матухна Кураж» С.Картэса, «Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера паводле В.Быкава, элементамі сімвалізму ў операх на гіст.-легендарныя сюжэты «Сівая легенда» Дз.Смольскага і «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана паводле У.Караткевіча. Больш традыцыйныя ў жанрава-драматургічных адносінах оперы Ю.Семянякі (лірыка-камічная «Калючая ружа», лірыка-эпічная «Зорка Венера», жанрава-бытавая з рысамі драмы «Новая зямля» паводле Я.Коласа). З’яўляюцца разнавіднасці оперы 20 ст.: камерная «Балаганчык» А.Янчанкі паводле А.Блока, тэлеоперы «Ранак» Г.Вагнера паводле А.Куляшова і «Францыск Скарына» Дз.Смольскага, радыёопера «Барвовы золак» К.Цесакова паводле І.Мележа. Адкрыццё ў 1970 дзярж. тэатра муз. камедыі паўплывала на развіццё жанраў аперэты і мюзікла. Доўгае рэпертуарнае жыццё на яго сцэне атрымалі «Паўлінка» Ю.Семянякі паводле Я.Купалы, «Несцерка» Р.Суруса, «Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані, «Міліянерша» Я.Глебава.
У бел. камерна-вакальнай музыцы дамінуюць шматпланавыя вак. цыклы маральна-філасофскага зместу, у т. л. «Зямное прыцягненне» Э.Тырманд і «Закон захавання матэрыі» С.Картэса на вершы М.Танка; вак. цыклы А.Багатырова на вершы П.Броўкі, Дз.Смольскага на вершы Я.Палонскага, 2 сшыткі рамансаў Л.Абеліёвіча на вершы Ф.Цютчава. У галіне камерна-інстр. музыкі таксама пераважаюць цыклічныя формы: ансамблі для розных складаў, струнныя квартэты, сюіты, санаты для розных інструментаў, цыклы праграмных мініяцюр. Шырока прадстаўлены «школы» і разнастайныя зборнікі п’ес інструктыўнага характару (найб. папулярныя ў навучальным рэпертуары творы Г.Вагнера, В.Карэтнікава, Г.Гарэлавай, Л.Шлег, Л.Мурашкі). Аднаўленне песеннага стылю ў 1960—80-х г. звязана з сінтэзам рыс масавай, лірычнай, бытавой, фалькл., эстраднай песні і раманса. Пашырылася кола стылявых арыенціраў, асіміляваліся эстэтычныя і муз.-тэхнічныя ідэі рок-музыкі, павысіліся патрабаванні да маст. якасцей паэтычнага тэксту. У канцэртнай практыцы 1970-х г. зарадзілася традыцыя цыклізацыі песень у буйныя кампазіцыі, аб’яднаныя агульнай ідэяй (паэма-легенда «Гусляр» І.Лучанка, паэма «Песня пра долю» на тэксты Я.Купалы і песенная праграма «Праз усю вайну» У.Мулявіна). На мяжы 1980—90-х г. створаны поп-опера «Максім» (на вершы М.Багдановіча) і опера-песня «Беларушчына» (на вершы Я.Купалы) І.Паліводы. У жанры песні працавалі І.Лучанок, Ю.Семяняка, Э.Ханок, У.Буднік, А.Елісеенкаў, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, В.Іваноў, У.Мулявін, В.Раінчык, А.Чыркун. Заслуга ў прапагандзе бел. песні за межамі Беларусі належала вакальна-інстр. ансамблям «Песняры», «Верасы», «Сябры». Актыўна прапагандавалі нац. музыку ў гэты перыяд філарманічныя калектывы, у т. л. Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Беларусі імя Р.Шырмы, эстрадна-сімф. аркестр і хор Бел. радыё, струнны квартэт Саюза кампазітараў Беларусі. Штогод праводзяцца фестывалі; міжнар. «Беларуская музычная восень» (з 1974) і рэсп. «Мінская вясна» (з 1984). Муз.-выканаўчае мастацтва прадстаўлялі дырыжоры І.Абраміс, А.Анісімаў, Я.Вашчак, М.Казінец, Т.Каламійцава, В.Катаеў, У.Машэнскі, Б.Райскі, харавыя дырыжоры М.Дрынеўскі, В.Роўда, Ю. і Л. Яфімавы, спевакі З.Бабій, Л.Галушкіна, С.Данілюк, Т.Ніжнікава, Н.Руднева, А.Саўчанка, В.Чарнабаеў, І.Шыкунова, скрыпачы Л.Гарэлік, Р.Нодэль, піяністы І.Алоўнікаў, В.Шацкі, І.Шуміліна і інш.
т. 18, кн. 2, с. 670