ДЗЕ́ЙСНЫ ТА́НЕЦ,
танец, які ўвасабляе развіццё дзеяння балетнага спектакля; гал. выразны сродак сюжэтнага балета. У 18—19 ст. наз. па д’аксьён. Як аснову балетнага спектакля яго распрацоўвалі Ж.Ж.Навер, Ш.Дзідло, Г.Анджаліні. У канцы 19 — пач. 20 ст. паняцце Дз.т. стала больш шырокім і пачало ахопліваць усе разнавіднасці танца, які развівае дзеянне, у адрозненне ад дывертысментнага танца (гл. Дывертысмент), які выяўляе не дзеянне, а стан, і пантамімы, што раскрывае дзеянне, але не танц. сродкамі. Узоры Дз.т. стварылі балетмайстры І.Бельскі, В.Вайнонен, А.Вінаградаў, В.Гардзееў, Ю.Грыгаровіч, Р.Захараў, Л.Лаўроўскі, В.Чабукіяні і інш., на Беларусі — А.Дадышкіліяні, В.Елізар’еў.
т. 6, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́СЕНСКІ УВАСКРАСЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.
Дзейнічаў у 1633—1810 у г. Дзісна (цяпер Міёрскі р-н Віцебскай вобл.). Засн. пры Уваскрасенскай царкве. вядомай з 1568. Прыналежнасць манастыра да праваслаўя пацверджана каралеўскімі прывілеямі Уладзіслава IV, Яна Казіміра (1661), Яна III Сабескага (1678), Аўгуста II, Аўгуста III (1736). Існаваў на ахвяраванні мяшчан, у 17 ст. меў невял. маёнтак Горкі. Пры царкве былі тры брацтвы. У 1770 у час пажару Дзісны Уваскрасенская царква згарэла, у 1730-я г. пабудавана новая. У 1810 манастыр зачынены, царква стала прыходскай (згарэла ў 1882). Брацкі крыж 1673, які раней знаходзіўся ў манастыры, украдзены з Адзігітрыеўскай царквы (Дзісна) у 1980-я г.
А.А.Ярашэвіч.
т. 6, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАМЧУГО́ВА (сапр. Кавалёва) Праскоўя Іванаўна
(31.7.1768, в. Беразіно Яраслаўскай вобл., Расія — 7.3.1803),
руская актрыса, спявачка (сапрана). Прыгонная графа Н.П.Шарамецева, у 1798 атрымала вольную, у 1801 стала яго жонкай. Спевам вучылася ў Л.Сандуновай. У 1779—97 выступала ў шарамецеўскім т-ры. Валодала моцным гнуткім голасам прыгожага цёплага тэмбру і вял. дыяпазону, драм. талентам. У яе рэпертуары (каля 50 роляў) найб. вылучаліся партыі трагедыйнага плана: Эліяна, Люсіль («Самніцкія шлюбы», «Люсіль» А.Грэтры), Луіза, Аліна («Дэзерцір», «Аліна, каралева Галкондская» П.А.Мансіньі), Зелміра («Узяцце Ізмаіла» В.Казлоўскага) і інш.
Літ.:
Маринчик П.Ф. Недопетая песня: Необычайная жизнь П.И.Жемчуговой. Л.;
М., 1965.
т. 6, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЎ X (Leo; свецкае Джавані дэ Медычы; Giovanni de’ Medici; 11.12.1475, г. Фларэнцыя, Італія — 1.12.1521),
папа рымскі [1513—21]. Сын правіцеля Фларэнцыі Ларэнца Пышнага Медычы. Кардынал з 13-гадовага ўзросту. Імкнуўся ўмацаваць уплыў сям’і Медычы, вёў войны з іх праціўнікамі, удзельнічаў у розных кааліцыях у перыяд Італьянскіх войнаў 1494—1559. У 1516 заключыў канкардат з франц. каралём Францыскам I, які пашырыў правы караля над франц. царквой. Шырока практыкаваў продаж індульгенцый, што стала штуршком да пачатку Рэфармацыі. У 1520 адлучыў ад царквы М.Лютэра. Прыцягнуў буйнейшых мастакоў Адраджэння (Леанарда да Вінчы, Д.Брамантэ, Рафаэль, Мікеланджэла) для працы над аздабленнем цэркваў і палацаў Рыма і Ватыкана.
Н.К.Мазоўка.
т. 9, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРАРДО́ ((Girardot) Анні) (н. 25.10.1931, Парыж),
французская актрыса. Скончыла Парыжскую кансерваторыю (1954). Працавала ў т-ры «Камеды Франсэз». У кіно з 1956. Этапнай у яе творчасці стала роль Надзі ў фільме Л.Вісконці «Рока і яго браты». Вобраз моцнай і гордай жанчыны, якая самастойна вырашае свой лёс, актрыса вар’іруе ў фільмах «Тры пакоі ў Манхатане», «Памерці ад кахання», «Няма дыму без агню» (у пракаце «Шантаж»). Яе мастацтва вылучаецца незвычайнай пластычнасцю, схільнасцю да сарказму, лірычнага гумару, уменнем ярка і дакладна акрэсліць характар. Сярод інш. фільмаў: «Жанчына-малпа», «Доктар Франсуаза Гаян», «Знаёмства па шлюбнай аб’яве», «Пяшчотны паліцэйскі», «Ключ да дзвярэй», «Кажыце, мне цікава».
т. 6, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБЕ́РЫЯ (грэч. Ibēria, лац. Hiberia),
1) старажытная назва Усх. Грузіі (наз. таксама Іверыя). Сустракаецца ў ант. і візант. гісторыкаў. На мяжы 4—3 ст. да н.э. на тэр. І. ўзнікла дзяржава (царства) са сталіцай у г. Мцхета. Асн. масу жыхароў складалі сяляне-абшчыннікі, на цяжкіх работах і ў палацавай гаспадарцы выкарыстоўвалася праца рабоў (пераважна ваеннапалонных). У гарадах развіваліся рамёствы і гандаль, грэч. і арамейская пісьменнасць. І. дасягнула росквіту пры цару Фарсмане II (2 ст.). З 4 ст. развіваліся раннефеад. адносіны. З 337 хрысціянства стала дзярж. рэлігіяй. У канцы 4 ст. І. трапіла пад панаванне Сасанідаў.
2) Адна са стараж. назваў Іспаніі.
т. 7, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́ЎСКІ (Дзмітрый Іосіфавіч) (9.11.1864, c. Ніз Ленінградскай вобл., Расія — 20.4.1920),
расійскі вучоны ў галіне фізіялогіі раслін і мікрабіялогіі, адзін з заснавальнікаў вірусалогіі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1888). З 1890 у Бат. лабараторыі Пецярбургскай АН, з 1895 у Пецярбургскім, з 1901 праф. у Варшаўскім, з 1915 — у Данскім ун-тах. Навук. працы па фізіялогіі хворых раслін, уплыве кіслароду на спіртавое браджэнне ў дражджэй, стане хларафілу ў раслінах, значэнні караціну і ксантафілу, устойлівасці хларафілу да святла; па глебавай мікрабіялогіі. Эксперыментальна даказаў існаванне нябачнага ў мікраскоп узбуджальніка тытунёвай мазаікі, які праходзіў праз бактэрыяльныя фільтры. Гэтая праца стала пачаткам вучэння пра вірусы.
Літ.:
Овчаров К.Е. Д.И.Ивановский. М., 1952.
т. 7, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́РСКАЯ (па мужу Легрэ) Соф’я
(1769?, в. Быцень Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — ?),
танцоўшчыца. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетнай школе ў Паставах (педагог Ле Ду). Паводле завяшчання Тызенгаўза стала ўласнасцю караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 1785—94 (з перапынкамі) у складзе балетнай трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» і ў Нац. т-ры ў Варшаве. У 1794—97 у трупе С.Галніцкага і антрэпрызе Т.Трускаляскага. У 1797 па ініцыятыве і за кошт Станіслава Аўгуста Панятоўскага паступіла фігуранткай на імператарскую сцэну ў Пецярбургу (у дакументах за 1797—99 пад імем Максерскай).
Г.І.Барышаў.
т. 9, с. 530
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДЫ́ ЗМАГА́Р»,
нелегальная газета для моладзі Зах. Беларусі. Выдавалася ЦК КСМЗБ у 1930—35 на бел. (асобныя нумары на польск.) мове. Асвятляла жыццё моладзі ў Зах. Беларусі, БССР і СССР. З бальшавіцкіх пазіцый крытыкавала дзейнасць бел. нац.-дэмакр. партый і арг-цый, унутр. і знешнюю палітыку польск. ўрада, заклікала моладзь да барацьбы за сац. і нац. вызваленне і ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. Выступала з прапановамі паляпшэння жыцця працоўных Зах. Беларусі, у т. л. за скарачэнне працоўнага дня, павышэнне зарплаты, ахову працы, сац. страхаванне, за выкладанне ў школе на бел. мове, у абарону палітвязняў. Яе пераемніцай стала газ. «Голас моладзі».
П.І.Зялінскі.
т. 9, с. 556
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІГРАФІ́Я (ад палі... + ...графія),
сукупнасць тэхн. сродкаў, спосабаў і метадаў друкарскага размнажэння тэкставай і відарыснай інфармацыі; галіна тэхнікі. Друкарскае размнажэнне (друкаванне) вызначаецца фарміраваннем на задрукаванай паверхні (напр., на паперы) графічнай інфармацыі фарбавым слоем, які найчасцей перадаецца з друкарскай формы ў адпаведнасці з выдавецкім арыгіналам. Пад П. разумеюць таксама паліграфічную прамысловасць, якая вырабляе друкаваную прадукцыю (кнігі, газеты, часопісы і інш.). Яна з’яўляецца матэрыяльна-тэхн. базай друку, выдавецкай справы. Паліграф. прадпрыемствы — друкарні, маюць наборныя машыны і друкарскія машыны. Асн. вытв. працэсы ў П.: наборныя працэсы, друкарскія (атрыманне адбіткаў), брашуровачна-пераплётныя і аддзелачныя. Тэхн. асновай П. стала кнігадрукаванне, якое ў Еўропе ўзнікла ў 1440-я г.
т. 11, с. 557
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)