ДЫ́ГЕРЫ (англ. diggers літар. капальнікі),

прадстаўнікі сялянскага руху ў перыяд Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя. Рух створаны ў 1649 беззямельнымі сялянамі, якія занялі пустэльныя землі ў графстве Сюрэй і заснавалі с.-г. абшчыну. Кіраўнік і гал. ідэолаг Дж.Уінстэнлі абвясціў праграму стварэння бяскласавага грамадства, ідэал калект. уласнасці і калект. працы. У 1650 камуну разагналі мясц. землеўладальнікі. Падобныя абшчыны ўзніклі таксама ў інш. графствах. Д. называлі сябе таксама сапр. левелерамі, але кіраўнікі левелераў не прымалі іх камуніст. ідэі. Рух. Д. канчаткова быў задушаны ў 1653 О.Кромвелем.

т. 6, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАТУРБАВО́З,

лакаматыў з газатурбінным рухавіком. Рух ад яго перадаецца на вядучыя колы праз эл., мех. і гідраўл. перадачу. Асн. часткі сілавой устаноўкі газатурбавоза з эл. перадачай (акрамя аднавальнага рухавіка): генератар пастаяннага току (спалучаны з валам турбіны), цягавыя электрарухавікі (сілкуюцца ад генератара, прыводзяць у рух вядучыя колы).

Больш дасканалыя газатурбавозы з двухвальнымі газатурбіннымі рухавікамі, у якіх рух вядучым колам (праз мех. або гідраўл. перадачу) надае незалежная газавая турбіна. Магутнасць такіх газатурбавозаў да 5 МВт, ккдз 0,16—0,22. Ёсць газатурбавозы, у якіх замест кампрэсара і камеры згарання газатурбіннага рухавіка ўстаноўлены свабоднапоршневы генератар газу. Ккдз такіх газатурбавозаў да 0,35—0,4. Газатурбавозы з’явіліся ў сярэдзіне 20 ст. У параўнанні з цеплавозамі маюць большую ўдз. магутнасць, кампактнасць, магчымасць выкарыстання нізкагатунковага паліва. Выкарыстоўваюцца на чыгунках з невял. грузаабаротам.

Схема газатурбавоза: 1 — дапаможны рухавік (дызель); 2 — халадзільнік газатурбіннага рухавіка; 3 — тармазны кампрэсар; 4 — кампрэсар; 5 — турбіна; 6 — генератар; 7 — паліўны бак.

т. 4, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІНАСПЕРМІ́Я (ад а... + грэч. kineō прыводзіць у рух + sperma семя),

поўная нерухомасць жывых сперматазоідаў у сперме і няздольнасць іх да апладнення.

т. 1, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЫЁН (ад лац. motio рух),

хадзьба, прагулка пяшком з мэтай умацавання здароўя або для адпачынку; можа быць састаўной часткай лячэбнага рэжыму хворага.

т. 10, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАГА́ЗАВАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,

цеплавая электрастанцыя, у якой электрагенератары прыводзяцца ў рух парагазатурбіннымі ўстаноўкамі. Можа забяспечваць цеплавой энергіяй знешніх спажыўцоў, г.зн. працаваць як цеплаэлектрацэнтраль.

т. 12, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУДЗІ́ТЫ (англ. Luddites),

удзельнікі стыхійных рабочых выступленняў у Англіі 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. супраць укаранення ў прамысловасць машын, якія яны лічылі прычынай свайго гаротнага становішча. Назва ад імя легендарнага рабочага Н.​Луда, які нібыта першы зламаў свой станок. Рух Л. пачаўся каля 1760 у гарадах Шэфілдзе і Нотынгеме і ў пач. 19 ст. ахапіў амаль усю Англію. Яны нападалі на фабрыкі і знішчалі машыны, асабліва ткацкія. Нягледзячы на ўвядзенне ўрадам у 1769 і ў 1812 смяротнага пакарання для Л., іх рух працягваўся да 1830-х г.

т. 9, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПАНДРЭ́У ((Papandreu) Андрэас) (5.2.1919, в-аў Хіяс, Грэцыя — 23.6.1996),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Грэцыі. Сын Г.Папандрэу, унук З.Мінейкі. Вучыўся ў Гарвардскім ун-це (г. Кеймбрыдж, ЗША). З пач. 1940-х г. у эміграцыі, да 1964 быў грамадзянінам ЗША. З 1961 у Грэцыі, пасля ваен. перавароту 1967 зноў у эміграцыі, дзе стварыў Усягрэчаскі вызв. рух. Пасля падзення ваен. дыктатуры (1974) вярнуўся ў Грэцыю. Заснавальнік (1974) і старшыня (з 1984) партыі Усягрэчаскі сацыяліст. рух (ПАСОК). Прэм’ер-міністр Грэцыі ў 1981—89 і 1993 — студз. 1996. Працы ў галіне эканомікі.

т. 12, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАМЕХА́НІКА (ад гідра... + механіка),

раздзел гідрааэрамеханікі, які вывучае рух і раўнавагу несціскальных вадкасцей і іх узаемадзеянне з цвёрдымі целамі. Уключае гідрастатыку і гідрадынаміку.

т. 5, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЎЛІ́ЧНЫ РУХАВІ́К,

машына, якая ператварае энергію патоку вадкасці ў мех. энергію вядзёнага звяна (вала, штока). Адрозніваюць гідраўлічныя рухавікі дынамічныя, у якіх вядзёнае звяно перамяшчаецца з-за змены моманту імпульсу патоку вадкасці (гідраўлічная турбіна, вадзяное кола), і аб’ёмныя, што дзейнічаюць ад гідрастатычнага напору і перамяшчэння выціскальнікаў — поршняў, пласцін, зубоў шасцерняў і інш. У дынамічным гідраўлічным рухавіку вядзёнае звяно робіць толькі вярчальны рух, у аб’ёмным — зваротна-паступальны (гідрацыліндры) і вярчальны (гідраматоры).

Гідрацыліндры бываюць сілавыя (шток, звязаны з поршнем, рухаецца зваротна-паступальна адносна цыліндра) і момантныя, або квадранты (вал робіць зваротна-паваротны рух адносна корпуса на вугал да 360°). Гідраматоры падзяляюцца на поршневыя (рабочыя камеры нерухомыя, а выціскальнікі рухаюцца толькі зваротна-паступальна) і ротарныя (рабочыя камеры перамяшчаюцца, а выціскальнікі ажыццяўляюць вярчальны рух, які можа спалучацца са зваротна-паступальным). Ротарныя (кулісныя) гідраматоры бываць пласціністыя і ротарна-поршневыя (аксіяльныя і радыяльныя). Найб. пашыраны аксіяльныя ротарна-поршневыя. Аб’ёмныя гідраўлічныя рухавікі выкарыстоўваюцца ў гідрапрыводзе машын. Ціск рабочай вадкасці да 35 Мн/м². Магутнасць гідраматораў да 3000 кВт.

І.​У.​Качанаў.

т. 5, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МРУЛЬ (англ. Home Rule літар. самакіраванне, аўтаномія),

рух за гомруль, барацьба за ажыццяўленне праграмы аўтаноміі Ірландыі ў рамках Брыт. імперыі ў 1870-я г. — пач. 20 ст. Аўтар праграмы ірл. ліберал І.​Бат. Прыхільнікі гомруля патрабавалі скасавання навязанай у 1800 Ірландыі уніі з Вялікабрытаніяй, але не імкнуліся да поўнай незалежнасці. Яны арганізавалі масавую барацьбу (пераважна ірл. сялян), адмаўлялі тэрарыст. метады і супрацоўнічалі з Зямельнай лігай. Праект аўтаноміі для Ірландыі, двойчы (1886, 1893) прапанаваны ліберальным урадам У.Ю.Гладстана, быў адхілены парламентам. У канцы 19 ст. рух за гомруль замяніў незалежніцкі рух Шын фейн. У 1912 ліберальны ўрад 3-і раз прапанаваў біль аб гомрулі, але сутыкнуўся з узбр. супраціўленнем пратэстанцкай большасці Ольстэра. Напярэдадні 1-й сусв. вайны парламент прызнаў аўтаномію Ірландыі (3.8.1914), біль аб гомрулі набыў сілу закона 18.9.1914, але адтэрмінаваны да заканчэння вайны; фактычна ў дзеянне так і не ўведзены. Гэта палітыка брыт. улад стала прычынай Ірландскага паўстання 1916.

т. 5, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)