шчоткаязычныя папугаі, падсямейства птушак атр. папугаепадобных. 14 родаў, 62 віды. Пашыраны ад Філіпінскіх а-воў да Паўд. Аўстраліі і Тасманіі, у Палінезіі. Жывуць у лясах. Найб. вядомыя лорыкет вастрахвосты (Trichoglossus haematodus), Л. стракаты (T. novaehollandiae), Л. чырвоны (Eos squamata).
Даўж. да 40 см. Апярэнне яркае, пераважна чырв. і зялёнае. Хвост доўгі. Дзюба доўгая, вузкая. На канцы мясістага языка шчотачка, утвораная тонкімі шчацінкамі, што дапамагае збіраць з кветак пылок і нектар. Кормяцца таксама ягадамі, пладамі, сокам дрэў, часам дробнымі насякомымі. Нясуць 2—4 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКО́РНІКІ (Aradidae),
сямейства насякомых атр. клапоў. Больш за 100 родаў, каля 1000 відаў. Пашыраны па ўсёй сушы. Жывуць на кары, пад карой дрэў (адсюль назва). На Беларусі каля 30 відаў, з іх найб. трапляюцца П. бярозавы (Aradiis betulae), звычайны (A corticalis), хваёвы (A. cinnamomeus).
Даўж. да 1,1 см. Галава даўгаватая, размешчана паміж 4-членікавымі вусікамі. Цела пляскатае, бурае ці чорнае. Надкрылы не закрываюць краі брушка. Лапкі 2-членікавыя. Кормяцца сокамі дрэў (чым шкодзяць дрэвастою), міцэліем грыбоў. Развіццё з няпоўным ператварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАПЛАЗМО́ЗЫ МОЧАПАЛАВЫ́Х О́РГАНАЎ,
група інфекцыйных хвароб чалавека, якія выклікаюць патагенныя бактэрыі мікаплазмы. Перадаюцца палавым рэдка быт. шляхам. Інкубацыйны перыяд 7—14 дзён. Імунітэт 5—10 і больш гадоў. Крыніца — хворы чалавек ці носьбіт мікаплазмаў. Узбуджальнік укараняецца ў арганізм праз слізістую абалонку мочапалавых органаў і выклікае развіццё урэтрыту, прастатыту, вагініту і інш. хвароб. Спецыфічныя праявы мала адрозніваюцца ад ганарэі, трыхаманозу. Працякаюць пераважна ў хранічнай форме, тарпідна (схавана). Выклікаюць у жанчын заўчасныя роды, ліхаманку (у час родаў і пасляродавы перыяд), у мужчын — марфал. змены ў сперматазоідах і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАСПАРЫ́ДЫІ (Microsporidia),
атрад (па інш. класіфікацыях тып, клас) прасцейшых кл. кнідаспарыдый. Больш за 70 родаў, 900 відаў. Унутрыклетачныя паразіты жывёл, пераважна членістаногіх і рыб. У цытаплазме клеткі жывёлы-гаспадара размнажаюцца бясполым шляхам (простае дзяленне і шызаганія). Пасля палавога працэсу (аўтагамія) утвараюцца споры (спораганія). Споры (даўж. да 10 мкм) пераважна авальныя, маюць спіральна скручаную трубку, якая забяспечвае пранікненне паразіта ў тканкі новага гаспадара. Выклікаюць захворванні — мікраспарыдыёзы (напр., М. роду назема). Больш за 300 відаў паразітуюць на шкодных для чалавека членістаногіх і могуць выкарыстоўвацца як біял. сродак барацьбы з імі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЭЯЗА́ЎРЫ (Pareiasauria),
падатрад вымерлых паўзуноў падкл. катылазаўраў. 2 сям., каля 15 родаў. Найб. тыповыя прадстаўнікі — скутазаўры. Вядомы з верхняпермскіх адкладаў (каля 240 млн.г. назад). Былі пашыраны ў Еўразіі, Паўд. Афрыцы. Жылі, верагодна, пераважна ў вадзе, трымаліся статкамі ў неглыбокіх вадаёмах.
Даўж. да 4 м. Цела масіўнае, укрытае мяккай слізістай скурай з касцявымі бляшкамі; хвост кароткі. На спіне панцырныя пласцінкі. Галава шырокая, кароткая, з бакавымі вырастамі на скулавых костках (адсюль лац. назва, якая абазначае шчакатыя яшчары). Расліннаедныя. Па рэштках П. вызначаюць узрост геал. адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕАЛО́ГІЯ (ад грэч. genealogia радаслоўная),
спецыяльная гістарычная навука, якая вывучае паходжанне, гісторыю, сац. становішча, сваяцкія сувязі родаў і асоб. Вытокі генеалогіі ў язычніцкім кульце продкаў. Як галіна ведаў існавала ў Стараж. Рыме. У эпоху пераходу да феадалізму звесткі пра генеалогію — састаўная частка вусна-паэт. творчасці. У сярэдневякоўі былі вельмі пашыраны генеалагічныя паданні пра паходжанне родаў і цэлых народаў. Шырока вядома сага 12 ст. «Кніга пра ісландцаў» А.Торгільсана пра паходжанне і генеалогію насельнікаў Ісландыі. У ВКЛ у 15—16 ст. бытавала легенда, што мясц. шляхта паходзіць ад рымскага патрыцыя Палемона і яго паплечнікаў, якія перасяліліся ў Літву. У ВКЛ былі шырока распаўсюджаны гербоўнікі, якія спалучалі звесткі з генеалогіі і геральдыкі. Як гіст. навука генеалогія склалася ў 16—18 ст., калі сталі распрацоўвацца метады складання радаводных табліц і роспісаў, сістэмы нумарацыі сваяцтва. У 19 ст. ўзніклі генеалагічныя т-вы ў Вялікабрытаніі і Аўстрыі, якія займаліся даследаваннямі на навук. аснове. З часам падобныя т-вы ўтварыліся ва ўсіх краінах Еўропы, зараз яны існуюць і на правінцыяльным узроўні. У Рэспубліцы Беларусь пытанні генеалогіі распрацоўваюць Ін-т гісторыі Нац.АН, Згуртаванне бел. шляхты, Бел. генеалагічнае т-ва, Аддзел геральдыкі і генеалогіі К-та па архівах і справаводстве.
Літ.:
История и генеалогия. М., 1977;
Genealogia. Warszawa, 1959.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
Да арт.Генеалогія. Шляхецкі герб і радаводнае дрэва Лазоўскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕРАЗАПАДО́БНЫЯ (Lycopodiophyta),
аддзел вышэйшых споравых раслін. Найб. прымітыўная і стараж. з вышэйшых раслін сістэм. група. Вышэйшага развіцця дасягнулі ў кам.-вуг. перыядзе. Уключаюць 2 класы: дзеразовыя (Lycopodiopsida) і палушнікавыя (Isoetopsida), 8 родаў і каля 1300 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ў трапічных і субтрапічных лясах. На Беларусі 7 відаў з родаўбаранец, дзераза, дзярэзка, дыфазіястр і палушнік. Растуць у яловых, хваёвых, радзей у мяшаных і лісцевых лясах, на балотах, у азёрах. Баранец звычайны, дзярэзка заліўная, палушнік азёрны занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Сучасныя Дз. — раўна- (дзярэзы і інш.) і разнаспоравыя (селягінелы, палушнікі) шматгадовазялёныя травяністыя расліны, рэдка паўкусты (сярод выкапнёвых Дз. былі і дрэвы — лепідадэндраны і сігілярыі) з чаргаваннем пакаленняў — спарафіту (бясполае) і гаметафіту (палавое). Спарафіт мае дадатковыя карані, сцяблы і лісце (філоіды). Лісце вузкае, дробнае, простае, сядзячае, чаргаванае або супраціўнае, размешчанае па спіралі. зрэдку сабранае ў кальчакі. Размнажаюцца Дз. спорамі. Са споры развіваецца гаметафіт (зарастак) — падземны або надземны, зялёны або бясколерны сапратрофны, утвараюцца мужч. і жан. гаметангіі — антэрыдый і архегоній. Потым адбываецца палавы працэс, у выніку якога фарміруецца спарафіт. Лек., фарбавальныя (даюць жоўтую і зялёную фарбы) і дэкар. расліны; некат віды ядавітыя.
Літ.:
Бобров АЕ. Отдел, 1. Lycopodiophyta — Плаунообразные // Флора европейской части СССР. Л., 1974. Т. 1;
Филин В.Р. Отдел Плауновидные (Lycopodiophyta) // Жизнь растений. М., 1978. Т. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЕТЫ́ТЫ (Bennettitopsida),
парадак выкапнёвых дрэвападобных голанасенных раслін. 2 сям., каля 20 родаў. З’явіліся ў каменнавугальным перыядзе; найб. росквіту дасягнулі ў юры — 1-й пал. мелу. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі (лісце, сцяблы, шышкі, пылок) зрэдку трапляюцца ў юрскіх адкладах. Вызначальныя выкапнёвыя для юрскіх і мелавых адкладаў.
Вонкавым выглядам нагадвалі сучасных сагаўнікавых тропікаў і субтропікаў. Мелі просты або разгалінаваны, некаторыя — бочачкападобны ствол, укрыты рубцамі ад апалага лісця. Лісце перыстае, радзей простае. Кветкі ў пазухах лісця, у большасці Б. двухполыя, нагадвалі кветку пакрытанасенных. Насенне з 2 семядолямі. Некаторыя вучоныя лічаць Б. магчымымі продкамі пакрытанасенных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РГУСЫ,
агульная назва 2 блізкіх родаў птушак сям. фазанавых атр. курападобных. 2 віды: аргус чубаты (Rheinartia ocellata) жыве ў горных лясах Лаоса, В’етнама і Малакі, занесены ў Чырв. кнігу МСАП; аргус вялікі (Argusianus argus) насяляе сухія лясы паўд.ч. Бірмы, Малакі, Суматры і Калімантана, скрытныя птушкі.
Даўж. самца аргуса вялікага 1,7—2 м (з іх 1,2 м сярэднія рулявыя пёры хваста), самкі — 0,75 м. Афарбоўка рыжавата-шэрая, у самца падоўжаныя другарадныя пёры з буйнымі плямамі ў вочкі. Самка нясе 2 яйцы, наседжвае 25 сут. Добра пераносіць няволю, размнажаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІМЕНАЛЕПІДЫ́ДЫ (Hymenolepididae),
сямейства гельмінтаў кл. стужачных чарвей. Больш за 100 родаў, каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў трапічных і субтрапічных раёнах. На Беларусі больш за 50 відаў, найб. небяспечны карлікавы цэпень (Hymenolepis nana). Паразіты птушак, пераважна свойскіх гусей і качак, млекакормячых, чалавека (асн. гаспадары). Узбуджальнікі гіменалепідыдозаў.
Даўж. цела ад долей да 700 мм, шыр. 0,2—11 мм, складаецца са сколекса, шыйкі і стробілы. На сколексе 4 прысоскі і хабаток з 8—10 і больш кручкамі. Гермафрадыты. Развіваюцца з удзелам прамежкавых (насякомыя, ракападобныя) і рэзервовых (малюскі) гаспадароў. Лічынкі гіменалепідыдаў (цыстыцэркоіды) у кішэчніку асн. гаспадара ўкараняюцца ў падслізістую абалонку.