АБАКА́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА жалезаруднае,

на Пд Краснаярскага краю Рас. Федэрацыі. Распрацоўваецца з 1867. Кантактнае радовішча (скарны) магнетытавых руд. Разведаныя запасы 160 млн. т з 42,2% жалеза. Цэнтр здабычы — г. Абаза.

т. 1, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВА́РЦЫ (саманазва маарулал),

народ у Дагестане. 496 тыс. чал.; у іншых рэгіёнах Рас. Федэрацыі і краінах СНД 601 тыс. чал. (1989). Гавораць на аварскай мове. Паводле веравызнання мусульмане-суніты.

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРК (галанд. bark),

вялікае марское паруснае судна (3—5 мачтаў) з косымі парусамі на кармавой бізань-мачце і прамымі на астатніх. Буйнейшы з сённяшніх баркаў — рас. вучэбнае судна «Сядоў».

Барк.

т. 2, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛО́НКАЎСКАЯ БІ́ТВА 1660.

Адбылася каля в. Палонка (паміж Слонімам і Ляхавічамі) 28 чэрв. ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пасля заключэння 3.5.1660 Аліўскага міру 1660 са Швецыяй войска Рэчы Паспалітай на чале з П.​Я.​Сапегам і С.​Чарнецкім перайшло ў наступленне: з Брэста праз Слонім яны рушылі на дапамогу гарнізону Ляхавіцкага замка, які быў абложаны рас. войскамі І.​А.​Хаванскага. Даведаўшыся пра гэта, Хаванскі з большай часткай сваёй арміі выступіў ім насустрач. Пад Палонкай яны сустрэліся. Хаванскі з конніцай стаў на правым флангу, на левым — кн. В.​Шчарбаты, пасярэдзіне — рэйтары і пяхота. У цэнтры баявога пастраення войска Рэчы Паспалітай размясцілася дывізія Чарнецкага (4 тыс. чал.), па флангах — харугвы Сапегі, А.​Г.​Палубінскага і С.​Кміціча (6 тыс. чал.). Атака гусараў Рэчы Паспалітай была такой імклівай, што рас. пяхота паспела зрабіць толькі адзін залп і была змята. Паспяховай была атака гусараў і панцырных на рас. конніцу. Пасля гэтага быў нанесены супольны ўдар па астатняй рас. пяхоце. Бітва скончылася поўным разгромам войск Хаванскага: загінула каля 2 тыс. чал. пяхоты, яшчэ больш коннікаў; мноства ратнікаў, у т. л. Шчарбаты, трапіла ў палон. Хаванскі з рэшткамі войска адступіў да мяст. Ляхавічы, зняў аблогу яго замка і пачаў імклівы адыход на Полацк. Войску Рэчы Паспалітай дасталіся вял. трафеі. П.б. — першая буйная перамога войска Рэчы Паспалітай, якая засведчыла пераход да яго стратэгічнай ініцыятывы.

Літ.:

Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995. С. 96—97.

т. 12, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІФЕ́СТ 17 КАСТРЫ́ЧНІКА 1905 «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку», маніфест рас. імператара Мікалая II ад 30 (17 па старым стылі) кастр. 1905. Выдадзены (тэкст падрыхтаваны С.Ю.Вітэ) у час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі пад націскам Кастрычніцкай Усерасійскай палітычнай стачкі 1905. Абяцаў насельніцтву «непахісныя асновы грамадзянскай свабоды», у т. л. недатыкальнасць асобы, свабоду сумлення, слова, сходаў і саюзаў, амністыю паліт. вязням, пашырэнне выбарчага права ў Дзярж. думу. Абвяшчэнне М. суправаджалася масавымі дэманстрацыямі і мітынгамі ў многіх гарадах Рас. імперыі, у т. л. ў Віцебску, Полацку, Мінску (расстраляны войскамі, гл. Курлоўскі расстрэл 1905). Выданне маніфеста і акты новага рас. ўрада (паліт. амністыя, адмена папярэдняй цэнзуры друку і інш.) упершыню ў гісторыі Расіі стварылі перадумовы для легальнай паліт. дзейнасці. Ліберальная апазіцыя (прадпрымальнікі, памешчыкі, чыноўнікі, б.ч. інтэлігенцыі) палічыла мэты рэвалюцыі ў асн. дасягнутымі і пачала арыентавацца на заканадаўчую дзейнасць у Думе. Завяршылася фарміраванне партый канстытуцыйных дэмакратаў, «Саюз 17 кастрычніка» (гл. Акцябрысты) і інш. Левыя паліт. сілы (бальшавікі, эсэры, анархісты) выступалі за працяг рэвалюцыі да поўнай ліквідацыі самадзяржаўя і феад. перажыткаў.

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НХ (Бурхард Крыстоф) (Хрыстафор Антонавіч; 9.5.1683, г. Ольдэнбург, Германія — 27.10.1767),

расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ген.-фельдмаршал (1732), граф (1728). Да 1721 інжынер у арміях шэрагу краін Зах. Еўропы, у т. л. ў польска-саксонскай арміі. З 1721 на рас. службе, інж.-генерал. Па даручэнні Пятра I кіраваў буд-вам шлюза на р. Тосна, Абводнага і Ладажскага каналаў. З 1728 ген.-губернатар Інгерманландыі, Карэліі і Фінляндыі. У час біронаўшчыны прэзідэнт (з 1732) Ваен. калегіі. У 1734 кіраваў аблогай і ўзяццем Гданьска, дзе знаходзіўся прэтэндэнт на прастол Рэчы Паспалітай Станіслаў Ляшчынскі. У рус.-тур. вайну 1735—39 камандаваў рас. войскамі ў Крыме і Бесарабіі. Дамагаўся адмены аўтаноміі Левабярэжнай Украіны (меў там буйныя маёнткі), імкнуўся стаць «кіраўніком Маларосіі». Дапамог фаварыту імператрыцы Ганны Іванаўны герцагу Э.​І.​Бірону стаць рэгентам (да ліст. 1740). Аднак у ліст. 1740 М. са згоды «правіцельніцы» Рас. імперыі Ганны Леапольдаўны арыштаваў Бірона і саслаў у Пялым (Зах. Сібір). У 1742 адпраўлены імператрыцай Лізаветай Пятроўнай у ссылку, дзе правёў 20 гадоў.

Літ.:

Анисимов Е.В. Россия в середине XVIII в.: Борьба за наследие Петра. М., 1986.

т. 10, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ВЫ,

рас. спевакі; муж і жонка, Восіп Апанасавіч (15.11.1807, г. Кіраваград, Украіна — 11.3.1878), бас. У юнацтве спяваў у царк. хоры. З 1826 выступаў у розных правінцыяльных трупах. З 1830 у Пецярбургу. Спяваў на сцэнах Вялікага т-ра, Тэатра-цырка. З 1860 у Марыінскім т-ры. Адзін са стваральнікаў рас. рэаліст. опернай школы. Яго голас вылучаўся моцным гучаннем, шырынёй дыяпазону, багаццем фарбаў, што спрыяла стварэнню разнастайных вобразаў. Першы выканаўца партый Сусаніна і Руслана («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.​Глінкі, абедзве партыі прызначаны для П.), Мельніка («Русалка» А.​Даргамыжскага), Івана Грознага («Пскавіцянка» М.​Рымскага-Корсакава), Варлаама («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага); выконваў партыі ў операх зах.-еўрап. кампазітараў. Быў тонкім інтэрпрэтатарам рамансаў Глінкі, Даргамыжскага, Мусаргскага і інш. Ганна Якаўлеўна (14.2.1818, С.-Пецярбург — 26.4.1901), кантральта. Вучылася ў Пецярбургскім тэатр. вучылішчы. Брала ўрокі ў Глінкі. У 1835—46 салістка Пецярбургскага опернага т-ра. Разам з мужам спрыяла станаўленню рэаліст. рас. опернага мастацтва. Валодала паўнагучным, аксамітным голасам, роўным ва ўсіх рэгістрах, і каларатурнай тэхнікай. Першая выканаўца партый Вані і Ратміра (оперы «Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» Глінкі).

Да арт. Пятровы. Восіп Апанасавіч.

т. 13, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАЦЭНТРЫ́ЗМ (ад мона... + цэнтр),

вучэнне ў антрапалогіі аб паходжанні чалавека сучаснага тыпу (Homo sapiens) і чалавечых рас ад адной формы стараж. чалавека на адной тэрыторыі (процілеглае вучэнне — поліцэнтрызм). Гл. таксама Расы.

т. 10, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫМО́Р’Е,

тэрыторыя на рас. Д. Усходзе; Прыморскі край і паўд. ч. Хабараўскага краю Расіі; таксама неафіц. назва тэр. Прыморскага краю. Уключае ўзбярэжжа Японскага м., прылеглыя хр. Сіхатэ-Аліня і Прыханкайскую нізіну.

т. 13, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ЛКАЎСКІЯ ВЫШЫ́НІ,

ланцуг узгоркаў на Пд ад С.-Пецярбурга, у Расіі. Выш. да 73 м. На паўн. узгорку — Гал. астр. абсерваторыя (Пулкаўская) Рас. АН. У раёне П.в. мемарыяльны комплекс «Пулкаўскі рубеж» (1967).

т. 13, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)