разлажэнне азотзмяшчальных арган. злучэнняў (пераважна бялкоў) мікраарганізмамі; адыгрывае значную ролю ў кругавароце рэчываў у прыродзе. Гніенне — складаны шматступеньчаты біяхім. працэс, які залежыць ад хім. прыроды субстрату, наяўнасці кіслароду і складу мікрафлоры. На розных этапах гніення дамінуюць спецыфічныя групы мікраарганізмаў (аэробныя, факультатыўна анаэробныя, аблігатна анаэробныя бактэрыі і некат. віды грыбоў). Пры ўдзеле пратэалітычных ферментаў мікраарганізмы расшчапляюць бялкі да амінакіслот. Дэзамінаванне і дэкарбаксіліраванне амінакіслот прыводзіцьда ўтварэння аміяку, серавадароду, вуглякіслага газу, арган.к-т, амінаў і інш. злучэнняў, у т. л. атрутных рэчываў (кадаверын, путрэсцін) і з непрыемным пахам (індол, скатол, меркаптаны). Гніенне адбываецца ў глебе, вадзе, у страўнікава-кішачным тракце жывёл і чалавека (прадукты гніення абясшкоджваюцца печанню і часткова выдаляюцца ныркамі). Гл. таксама Аманіфікацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕЎПЛАІДЫ́Я (ад ан... + грэч. eu добра, цалкам + ploos кратны + eidos від), гетэраплаідыя,
спадчынная змена, пры якой клеткі арганізма маюць колькасць храмасом, не кратную адзінарнаму (гаплоіднаму) набору. Адсутнасць у храмасомным наборы дыплоіда адной храмасомы наз.манасоміяй, дзвюх гамалагічных храмасом — нулісоміяй; наяўнасць дадатковай гамалагічнай храмасомы — трысоміяй. Арганізмы з анамальнай колькасцю храмасом наз. адпаведна манасомікамі, нулісомікамі, трысомікамі. Асн. механізм узнікнення анеўплаідыі — неразыходжанне і страта асобных храмасом у мітозе і меёзе. Анеўплаідыя звычайна прыводзіцьда паніжэння жыццяздольнасці і нярэдка да гібелі анеўплоідаў, асабліва ў жывёл. Прыкладам анеўплаідыі ў чалавека з’яўляецца Даўна хвароба, якая выклікаецца трысаміяй па 21-й храмасоме. З дапамогай анеўплаідыі пры генет. аналізе вызначаюць лакалізацыю генаў у храмасомах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАЎНУШЭ́ННЕ, аўтасугестыя,
працэс унушэння, накіраваны на самога сябе, пры якім суб’ект і аб’ект уздзеяння ўнушэння супадаюць. Прыводзіцьда павышэння ўзроўню самарэгуляцыі, што дазваляе суб’екту выклікаць у сабе пэўныя адчуванні, успрыняцці, кіраваць працэсамі ўвагі, памяці, эмацыянальнымі і саматычнымі рэакцыямі. Можа быць адвольнае і неадвольнае. Адвольнае С. дасягаецца пры дапамозе вербальных (моўных) самаінструкцый або ўзнаўлення ў думках пэўных сітуацый, адназначна звязаных з патрэбным змяненнем псіхічнага або фіз. стану. Эфектыўнаму адвольнаму С. спрыяюць псіхічная рэлаксацыя, багатая фантазія. Неадвольнае С. характарызуецца некрытычнымі адносінамі суб’екта да ўласных ідэй, канцэпцый, ацэнак, адсутнасцю сумненняў у іх правільнасці і верагоднасці, зніжэннем кантралюючых функцый свядомасці. Вынікам гэтага можа стаць рыгіднасць (адсутнасць гібкасці) псіхічнай дзейнасці. С. можа выкарыстоўвацца як метад самакіравання ў псіхатэрапіі, спорце, педагогіцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНАДАПТА́ЦЫЯ (ад лац. in не + адаптацыя), інадаптыўная спецыялізацыя,
кірунак эвалюцыі, пры якім прыстасаванне да пэўных умоў жыцця вядзе да ўзнікнення ўнутр. супярэчнасцей у арганізме, якія перашкаджаюць далейшаму ўдасканаленню гэтага прыстасавання, а іншы раз і агульнай эвалюцыі таксона, што прыводзіцьда яго вымірання. Прасочваецца ў гіст. развіцці розных груп жывёл і раслін. Апісаў рус. палеантолаг У.А.Кавалеўскі (1873) на прыкладзе філагенетычных пераўтварэнняў канечнасцей парнакапытных млекакормячых. У эвалюцыі некат. капытных у сувязі з недасканалымі зменамі ў шкілеце і суставах канечнасцей пры змене спосабу іх руху ад пальцахаджэння да фалангахаджэння ўтваралася механічна нетрывалая канечнасць, што, магчыма, стала адной з прычын вымірання гэтых форм капытных жывёл. Інадаптыўныя формы з’явіліся раней за адаптыўныя, але потым імі выцясняліся. Напр., плацэнтарныя млекакормячыя выцеснілі сумчатых, якія захаваліся толькі ў Аўстраліі і Амерыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПІННАМАЗГАВЫ́Я НЕ́РВЫ,
сіметрычныя парныя нервы, якія ўтвараюцца карэньчыкамі спіннога мозга. Выходзяць з міжпазваночных адтулін паміж дугамі пазванкоў, размяркоўваюцца па ўсім целе пазваночных жывёл і чалавека.
Кожны нерв мае 2 карэньчыкі — пярэдні (утрымлівае рухальныя нерв. валокны) і задні (утрымлівае адчувальныя нерв. валокны). Па выхадзе з міжпазваночных адтулін С.н. падзяляюцца на галіны: пярэднія і заднія, рэтраградныя абалонкавыя (да абалонак спіннога мозга) і белыя злучальныя (да сімпатычнага ствала). У чалавека 31 пара С.н.: 8 шыйных, 12 грудных, 5 паяснічных, 5 крыжавых, 1 пара хвастцовых. Пярэднія галіны С.н. і ўтвораныя імі шыйнае, плечавое, паяснічнае, крыжавое і хвастцовае спляценні інервуюць скуру, унутр. органы, шкілетныя мышцы цела; заднія — скуру патыліцы, спіны, мышцы задняй паверхні цела. Пашкоджанне С.н. разам з карэньчыкамі прыводзіцьда радыкуліту, разам са спляценнем — да плексіту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАКСІ́ЧНЫЯ ВО́ДАРАСЦІ,
водарасці, здольныя выпрацоўваць таксіны (альгатаксіны). Таксічныя ўласцівасці вядомы ў некалькіх дзесяткаў відаў сіне-зялёных і дынафітавых, некат. родаў залацістых і зялёных водарасцей. Таксіны марскіх дынафітавых водарасцей, якія выклікаюць «чырвоныя прылівы» каля берагоў Канады, Вялікабрытаніі, Японіі, у трапічных і субтрапічных зонах акіянаў і мораў, належаць да нейратаксінаў і паводле ўздзеяння нагадваюць яд курарэ. Таксіны сіне-зялёных водарасцей адносяць да моцных парэнхіматозных ядаў (С-фікацыянін). Звычайны для вадаёмаў Беларусі мікрацысціс сінявата-зялёны мае таксін, які па біял. уздзеянні і хім. уласцівасцях блізкі да тэрмастабільнага яду бледнай паганкі. Інтаксікацыя вады прыводзіцьда атручэння дзікіх і свойскіх жывёл, птушак. У некат. людзей пры кантакце з таксічнымі водарасцямі ўзнікаюць алергіі, кішачна-страўнікавыя расстройствы, пры ўжыванні вады ў час «цвіцення» або рыбы з такога вадаёма — таксікозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСАВО́КАСЦЬ,
стан вачэй, пры якім зрокавая лінія аднаго вока адхіляецца ад сумеснай кропкі фіксацыі (у бок носа — сыходная К., да скроні — разыходная К., радзей уверх ці ўніз). К. прыводзіцьда страты бінакулярнага зроку. Адрозніваюць садружную і паралітычную К.
Пры садружнай К. захоўваецца поўны аб’ём рухаў вочнага яблыка, вугал К. пастаянны, дваенне адсутнічае. Бывае ад паніжэння зроку аднаго вока, анамалій рэфракцыі, ад парушэння акамадацыі і канвергенцыі, функцыян. слабасці мышцаў вока, спадчыннай схільнасці да К. Часта пры К. ўзнікае паніжэнне зроку ці слепата на адно вока. Пры паралітычнай К. абмежаваны ці адсутнічае рух вочных мышцаў, назіраецца дваенне адлюстравання (дыплапія), змена вугла К. Бывае ад паралічу або парэзу вочных мышцаў пры інфекц. хваробах і хваробах нерв. сістэмы. Лячэнне: пры садружнай К. — акуляры, спец. практыкаванні, хірург.; пры паралітычнай — ліквідацыя асн. хваробы, хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАПРАЙГРАВА́ЛЬНІК,
электратэхнічны апарат для прайгравання грампласцінак. У адрозненне ад электрафона не мае ўласнага ўзмацняльніка гукавой частаты і гучнагаварыцеля. Найпрасцейшы Э. складаецца з гуказдымальніка і электрарухавіка, які прыводзіць у вярчальны рух дыск з грампласцінкай. Частата вярчэння 78, 45, 33 1/3 і 16 2/3аб/мін.
Пры аднаўленні гуказапісу электрарухавік Э. падключаюць да крыніцы электрасілкавання (асвятляльная сетка ці эл. батарэя), а гуказдымальнік — да радыёпрыёмніка, тэлевізара ці інш. апарата, што мае ўзмацняльнік эл. ваганняў гукавой частаты і гучнагаварыцель. Радыёпрыёмнік з Э. наз.радыёлай. У Э. для стэрэафанічнага ўзнаўлення гуку з стэрэафанічных пласцінак іголка гуказдымальніка вагаецца ў 2 узаемаперпендыкулярных плоскасцях; ваганні раздзяляюцца і перадаюцца па 2 каналах, узмацняюцца 2 узмацняльнікамі і ўзнаўляюцца 2 гучнагаварыцелямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМЯРЗА́ННЕ РАСЛІ́Н,
гібель раслін або адміранне іх частак у выніку ўтварэння лёду ў тканках пад дзеяннем нізкіх тэмператур. Вада ў раслінных клетках і міжклетніках пачынае замярзаць пры т-ры ніжэй за -1 °C, што паступова прыводзіцьда гібелі клеткі. Ступень пашкоджання пасеваў залежыць ад віду, сорту і фізіял. стану раслін. Сярод азімых найб. устойлівае да нізкіх т-р жыта. На Беларусі вымярзанне раслін назіраецца ў маласнежныя зімы пры т-ры паветра ніжэй за -22 °C. У асабліва халодныя зімы вымярзаюць азімыя збожжавыя культуры, пладовыя дрэвы і кусты. Бульба, памідоры, фасоля, агуркі, гарбузы вымярзаюць пры т-ры -2 °C. Лёгка вымярзае большасць інтрадукаваных раслін. Каб папярэдзіць вымярзанне пасеваў, выводзяць марозаўстойлівыя сарты, выкарыстоўваюць правільную агратэхніку, рэгулююць водны і паветраны рэжым глебы на меліяраваных аб’ектах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́МПІНГ (англ. dumping літар. скідванне),
продаж тавараў на знешнім рынку па штучна заніжаных цэнах, магчыма, ніжэй сабекошту. Мэта Д.: спрыянне экспансіі на новыя рынкі і абарона пазіцый дадзенай дзяржавы на замежных рынках шляхам абмежавання канкурэнцыі; процідзеянне залішняму продажу тавараў на ўнутр. рынку, які прыводзіцьда зніжэння цэн, і, як вынік, да змяншэння даходаў вытворцаў. Д. выклікае негатыўныя вынікі: у краіне экспарцёра для спажыўцоў, што плацяць высокія цэны і пакрываюць страты ад нізкіх дэмпінгавых цэн; у краіне імпарцёра стрымлівае айчынную вытв-сць (спрыяе росту беспрацоўя), прадукцыя якой становіцца неканкурэнтаздольнай побач з больш таннай імпартаванай. ЕЭС забараніла Д. паводле Рымскага трактата 1957. Антыдэмпінгавы кодэкс, што прадугледжвае правядзенне перагавораў пад эгідай ГАТТ, прыняты ў час т.зв. такійскага раунда 1973—79. Д. валютны — вынік дэвальвацыі.