КАСАВО́КАСЦЬ,

стан вачэй, пры якім зрокавая лінія аднаго вока адхіляецца ад сумеснай кропкі фіксацыі (у бок носа — сыходная К., да скроні — разыходная К., радзей уверх ці ўніз). К. прыводзіць да страты бінакулярнага зроку. Адрозніваюць садружную і паралітычную К.

Пры садружнай К. захоўваецца поўны аб’ём рухаў вочнага яблыка, вугал К. пастаянны, дваенне адсутнічае. Бывае ад паніжэння зроку аднаго вока, анамалій рэфракцыі, ад парушэння акамадацыі і канвергенцыі, функцыян. слабасці мышцаў вока, спадчыннай схільнасці да К. Часта пры К. ўзнікае паніжэнне зроку ці слепата на адно вока. Пры паралітычнай К. абмежаваны ці адсутнічае рух вочных мышцаў, назіраецца дваенне адлюстравання (дыплапія), змена вугла К. Бывае ад паралічу або парэзу вочных мышцаў пры інфекц. хваробах і хваробах нерв. сістэмы. Лячэнне: пры садружнай К. — акуляры, спец. практыкаванні, хірург.; пры паралітычнай — ліквідацыя асн. хваробы, хірургічнае.

Л.М.Марчанка.

т. 8, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)