КРАСІ́НСКАГА ЛЕ́ТАПІС,
помнік бел.-літоўскага летапісання, спіс 2-га агульнадзяржаўнага бел.-літ. летапіснага зводу 1-й, кароткай рэдакцыі. Дайшоў у рукапісе 2-й пал. 16 ст. бел. паходжання, які зберагаўся ў б-цы графаў Красінскіх у Варшаве і загінуў у час 2-й сусв. вайны. Рукапіс без пачатку і канца. Апрача бел.-літ. хронікі ў ім змешчаны «Александрыя», «Хаджэнне ігумена Данііла», бел. пераклады біблейскай кнігі Товіт, «Аповесць пра Таўдала», «Сказанне пра Сівілу-прарочыцу» і інш. свецкія і рэліг. творы. К.л. складаецца з 2 частак: легендарнай гісторыі Літвы — «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», якая названа «Летапісцам», і «Кройники о великих князех литовских». У 1-й частцы выкладзена легенда пра паходжанне літ. князёў і шляхты ад рымскіх арыстакратаў (абрываецца на княжанні Трайдзена). 2-я частка складам блізкая да арыгінальнай часткі Слуцкага спіса 1-га агульнадзярж. бел.-літ. зводу — Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Яна ўключае «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Аповесць пра Падолле», «Пахвалу Вітаўту» і шэраг апавяданняў па гісторыі ВКЛ канца 14—1-й пал. 15 ст. К.л. апісаны Я.Карскім у працы «Пра мову так званых літоўскіх летапісаў» (Варшава, 1894). Упершыню апубл. А.Бычковым у 1893.
В.А.Чамярыцкі.
т. 8, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫВІЧА́НІН»,
бел. палітычна-літ. часопіс. Выдадзены ў кастр. 1918 у Вільні на бел. мове (лацініцай). Выйшаў 1 нумар. Рэдактар-выдавец В.Ластоўскі. Меў на мэце тэарэт. распрацоўку бел. нац. пытання і яго папулярызацыі сярод грамадзянства. Увага акцэнтавалася на эканам. аспекце пазнання Беларусі і духоўнай сферы, у т. л. прыгожага пісьменства і мастацтва. Апублікаваў арт. «Нацыянальнае пытанне», гіст. нарыс «Тураўскае княства», стат. агляд тэр. і насельніцтва Беларусі ў яе этнагр. межах, кароткі аналіз этнічнай сітуацыі на Віленшчыне, маст. творы (прытчу Ластоўскага «Прыповесць аб старым мужу і гожай дзеве», ананімную паэму «Энеіда навыварат», апавяданне «Русалкі» З.Бядулі, «Санет» М.Багдановіча і яго пераклад оды Гарацыя «Помнік»), Змясціў аналіт. разбор легенды «Жалезны воўк» пра заснаванне Вільні і нататак пра герб «Пагоня», пра наданне ў 1274 на 2-м Ліёнскім саборы імя патронкі Беларусі Праксэдзе-Ефрасінні Полацкай. Апублікаваў інфарм. матэрыял пра заснаванне ў Вільні арг-цыі «Сувязі культурна-нацыянальнага адраджэння беларускага народу», пра з’езд каталіцкіх святароў Дзісенскага дэканата. На вокладцы час. змешчаны графічны і тэкставы план эвакуацыі з У ад Бярэзіны герм. акупац. войск паводле Брэсцкага міру 1918. «К.» — правобраз час. «Крывіч».
А.С.Ліс.
т. 8, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЫ́НСКІ (Moszyński) Казімеж (5.3.1887, Варшава — 30.3.1959),
польскі этнограф і мовазнавец. Акад. Польскай АН (1952), праф. Ягелонскага (Кракаў; з 1926) і Віленскага (1935—39) ун-таў. Вучыўся ў Цюрыхскім ун-це (1906—09), у Кракаўскай акадэміі прыгожых мастацтваў (1910). У 1945—59 заг. кафедры этнаграфіі славян у Ягелонскім ун-це. Вывучаў матэрыяльную і духоўную культуру слав. народаў, у т. л. беларускага. У 1932 разам з Ф.М.Калэсам вывучаў побыт, культуру і мову ў в. Хорастава (Салігорскі р-н Мінскай вобл.). Аўтар шэрагу прац, напісаных на бел. матэрыяле: «Нататкі пра славянскую тапаграфічную і фізіяграфічную тэрміналогію...» (1921), «Навагрудчына ў этнаграфічных адносінах», «Пра народную культуру паўднёва-сярэдняга Палесся» (абедзве 1925), «Усходняе Палессе. Этнаграфічныя матэрыялы...» (1928), «Пра музычна-этнаграфічныя даследаванні на Палессі ў 1932 г.» і «Пра сучасны стан мелаграфіі карэннай Беларусі і Палесся» (абедзве 1934), «Пра палескія песні» (у рукапісе). Багацце бел. культуры ўсебакова паказаў у працы «Народная культура славян» (кн. 1—2, 1929—39; 2-е выд. 1967—68).
Тв.:
Człowiek: Wstęp do etnografii powszechnej i etnologii. Wrocław etc., 1958.
Літ.:
Kazimierz Moszyński: Życie i twórczość. Wrocław etc., 1976.
Г.І.Цітовіч.
т. 10, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІ́ЦЕБСКАЯ ДАЎНІНА́», «Витебская старина»,
зборнік дакументаў па гісторыі Віцебшчыны і Полаччыны 11—19 ст. Падрыхтаваў і выдаў у Віцебскай губ. друкарні бел. гісторык А.П.Сапуноў. З 6 запланаваных тамоў выдадзены 3. У 1-м т. (1883) матэрыялы пра Віцебск з 1021 па 1883: урыўкі з летапісаў, Віцебскі летапіс, інвентары горада, дагаворы, граматы віцебскіх і полацкіх князёў, стат. звесткі пра насельніцтва, законы рас. ўрада, якія датычылі горада і губерні, дакументы пра Траецкі манастыр, прывілеі Віцебску на магдэбургскае права 1597 і 1644, Віцебскае паўстанне 1623, вайну 1812 і інш. У 2-м і 3-м т. меркавалася змясціць дакументы па гісторыі Полацка і інш. гарадоў і мясцовасцей губерні. Ва ўступе да т. 4 (1885) змешчаны «Кароткі нарыс барацьбы Маскоўскай дзяржавы з Літвой і Польшчай у XIV—XVII ст.» Сапунова. У 1-й яго частцы — дакументы пра заняцце Полацка і наваколля ў 1563 войскамі рус. цара Івана IV; вызваленне Полацка і Полаччыны ў 1579 бел.-літ. і польскім войскамі на чале з каралём Стафанам Баторыем; у 2-й частцы — дакументы часоў вайны Расіі і Рэчы Паспалітай 1654—67. У т. 5 (1888) дакументы Полацкай епархіі ад яе ўзнікнення да 1772, матэрыялы пра далучэнне паўн.-ўсх. часткі Беларусі да Расіі. У пачатку тома змешчаны «Кароткі нарыс гістарычнага лёсу Полацкай епархіі ад старажытнага часу да паловы XIX ст.», дзе ёсць звесткі пра скасаванне уніяцкай царквы, далучэнне яе да рас. правасл. царквы і правядзенне Полацкага царкоўнага сабора 1839. У т. 6 меркавалася змясціць гіст. нарыс пра Віцебскую губ., дадаткі, паказальнікі. Выданне багата ілюстравана (карты, малюнкі помнікаў архітэктуры, факсіміле рэдкіх рукапісных кніг, партрэты гіст. асоб і інш.). Большасць дакументаў апублікавана ўпершыню, арыгіналы асобных з іх не зберагліся. Не ўсе дакументы надрукаваны цалкам, некаторыя дадзены ў перакладзе.
А.П.Грыцкевіч.
т. 4, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́С У АМЕ́РЫЦЫ»,
бел. часопіс у ЗША. Выдаваўся ў вер. 1948 — сак. 1949 у Саўт-Рыверы на бел. мове. Выдавец Я.Ніхаёнак. Змяшчаў хроніку эмігранцкага жыцця, матэрыялы пра грамадска-паліт. сітуацыю ў свеце і на Бацькаўшчыне, абвесткі пра пошукі родных і блізкіх. Выйшлі 4 нумары.
т. 2, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАБ’ЁЎ Яўген Захаравіч (12.12.1910, Рыга — 31.8.1990),
рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі ін-т журналістыкі. Аўтар раманаў «Вышыня» (1952, пра будаўнікоў з-да на Паўд. Урале), «Зямля, да запатрабавання» (1970, пра лёс сав. разведчыка Л.Маневіча), «Ахвота да перамены месцаў» (1979, пра новабудоўлі на Ангары), аповесцяў «Капля крыві» (1960), «Форма адзення зімовая» (1965), «Дах над галавой» (1974), «Стары і яго вучні» (1981) і інш. Тэме Вял. Айч. вайны прысвяціў зб-кі аповесцяў і апавяданняў «Гонар пяхоты» (1946), «Учора была вайна» (1975), «Па старой Смаленскай дарозе» (1979) і інш.
Тв.:
Избр. произв. Т. 1—2. М., 1983.
т. 3, с. 508
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́РВАШ (Darvas) Іожэф (8.2.1912, г. Орашхаза, Венгрыя — 3.12.1973),
венгерскі пісьменнік. Належаў да дэмакр. плыні літ.-грамадскага руху «народных пісьменнікаў». У раманах «Чорны хлеб» (1934), «Ад хрышчэння да св. Сільвестра» (1935) адлюстраваў сац. барацьбу венг. сялянства. У гіст. рамане пра палкаводца Янаша Хуньядзі «Пераможца турак» (1938) падкрэсліў ролю народа ў супраціўленні іншаземным захопнікам.
Раман «У верасні ён выйшаў у дарогу» (1940) і п’еса «Бездань» (1941) пра ўзаемаадносіны народа і інтэлігенцыі, драма «Неба ў куродыме» (1959) і раман «П’яны дождж» (1963; бел. пер. К.Кірэенкі, 1975) пра адказнасць чалавека за будучае сваёй краіны. Прэмія імя Кошута 1956 і 1960.
т. 6, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1924 у Бабруйску краязнаўцам Ц.Я.Славіным. 6 экспазіцыйных залаў (пл. экспазіцыі 255 м²), каля 11,8 тыс. экспанатаў асн. фонду (1995). Раздзелы экспазіцыі: прырода краю, гісторыя Бабруйшчыны. Сярод экспанатаў карысныя выкапні, археал. знаходкі, этнагр. матэрыялы, калекцыі зброі і рыштунку рус. і франц. армій канца 18 — пач. 19 ст., дакументы пра дзейнасць у Бабруйску дзекабрыстаў С.І.Мураўёва-Апостала, М.П.Бястужава-Руміна, В.С.Норава, М.І.Пушчына, матэрыялы пра В.І.Дуніна-Марцінкевіча, пра партыз. рух і яго ўдзельнікаў на Бабруйшчыне ў грамадз. і Вял. Айч. войны; асобныя стэнды прысвечаны В.З.Харужай, Бабруйскай аперацыі 1944.
Н.П.Арцёмчык.
т. 2, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,
газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 16 да 28.3.1919 у Гродне на бел. мове (№ 5 выйшаў на бел., рус., франц., ням. і яўр. мовах) бел. культ.-асв. т-вам «Бацькаўшчына». Інфармавала пра бел. паліт. рух, паведамляла пра дыпламат. акцыі ўрада Бел. Нар. Рэспублікі. Надрукавала праграму Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, артыкулы «Беларусы» (пад крыптанімам Э.Б.), «Некалькі слоў аб беларускім руху» (пад крыптанімам КіК), «Лісты з Мінска» Р.Суніцы (Р.Зямкевіча) пра абвяшчэнне БССР, становішча ў Мінску і інш. Закрыта ў сувязі з акупацыяй Гродзеншчыны легіёнамі Пілсудскага і выездам з Гродна Беларускай Рады.
А.С.Ліс.
т. 2, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ДУ́МКА»,
штотыднёвы грамадскі, літаратурны і сельскагаспадарчы часопіс у Зах. Беларусі. Выдаваўся з 2.10.1930 да 1932 у Гродне на бел. мове. Асвятляў бел. грамадскі рух на Гродзеншчыне, жыццё вёскі, заклікаў бел. інтэлігенцыю арганізоўваць культ.-асв. работу. Пісаў пра падзеі ў Польшчы і за мяжой, пра жыццё ў СССР і БССР, у т. л. пра сталінскія рэпрэсіі; друкаваў матэрыялы па пытаннях рэлігіі, права, сельскай гаспадаркі. Змясціў літ. творы Ф.Аляхновіча, А.Бартуля, Г.Леўчыка, Я.Коласа, Я.Купалы, артыкулы да 10-годдзя з дня смерці А.Гаруна, Ядвігіна Ш. і інш.
В.І.Дзяшко.
т. 2, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)