БАРА́НАВІЦКАЕ ГАРАДСКО́Е ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў г. Баранавічы са жн. 1943 да ліп. 1944. Ядром падполля стала група А.І.Крыштофіка, пасланая ў г. Баранавічы ў крас. 1943 камандаваннем атрада імя Суворава Першамайскай партыз. брыгады. У вер.—ліст. 1943 патрыёты ажыццявілі шэраг дыверсій на чыгунцы, узарвалі 6 эшалонаў з гаручым, ваен. тэхнікай і жывой сілай праціўніка, спалілі памяшканні аўтагаража з машынамі і мэблевую ф-ку, вывелі са строю будынкі цэнтр. блакіроўкі чыг. стрэлак, электратакарнай майстэрні і перасыльнага пункта. У студз. 1944 па заданні партызанаў яны выкралі і даставілі ў штаб Першамайскай партыз. брыгады нам. бургамістра Баранавіч. Патрыёты распаўсюджвалі сярод насельніцтва сав. газеты, лістоўкі, збіралі для партызанаў зброю і боепрыпасы. У лютым 1944 арыштаваны 12 падпольшчыкаў, 9 з якіх 11 сак. на рыначнай плошчы пакараны смерцю. У Баранавічах на брацкай магіле падпольшчыкаў пастаўлены абеліск, на месцы пакарання смерцю ўстаноўлена мемар. Дошка.
т. 2, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКА-КУРАНЕ́ЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у г. Вілейка і вёсках Куранецкага р-на Вілейскай вобл. Адзін з арганізатараў — А.І.Валынец. Аб’ядноўвала 75 чал., 14 груп, з іх 5 у Вілейцы (кіраўнікі Ю.М.Балашоў, І.І.Баслык, У.М.Жаўтко, Л.В.Чыжэўская, Н.М.Валынец), у вёсках Більцавічы (В.А.Рогач), Воўкаўшчына (К.А.Хаванскі), Куранец (М.М.Мацюкевіч, І.Б.Айнбіндэр), Талуць (М.Я.Кручонак), Урэчча (А.І.Ахрэм), Халопы (З.П.Бічун), Чабатары (В.І.Чабатар). Падпольшчыкі трымалі сувязь з партыз. брыгадай «За Савецкую Беларусь», стварылі падп. друкарню, у якой выдавалі лістоўкі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва, здабывалі для партызан зброю, медыкаменты, харчаванне, дакументы, вызвалілі з фаш. лагера каля 300 ваеннапалонных, разграмілі варожы гарнізон у в. Каловічы, учынялі інш. дыверсіі. У Вілейцы ўдзельнікам падполля ўстаноўлена мемар. дошка, у в. Куранец — помнік.
т. 4, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЧЫЦКАЕ РАЁННАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала ў жн. 1941—ліст. 1943 у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл. Складалася з 8 груп
(62 чал.) у вёсках Андрэеўка і Пасека (кіраўнікі Рыгор Іванавіч і Рыгор Ісакавіч Васільцы),
Вятхінь (М.Л.Саламаха), Гарноўка (Ю.А. і В.А. Раціборскія), Мілаград (З.А.Грабянчук), Ровенская Слабада (А.Ц.Дворнік, М.І.Звяртоўскі), Свірыдавічы (А.В.Карбаценка, В.А.Нямкевіч), 2 групы ў в. Холмеч і Завужаль (Ф.П.Севераў, М.С.Вайтовіч, М.Ф.Яўланчык). Падпольшчыкі мелі сувязь з групай, пакінутай у раёне па заданні ЦК КП(б)Б, са створаным на яе базе партыз. атрадам імя Варашылава і атрадам «За Радзіму», здабывалі для іх разведданыя, дапамагалі зброяй, боепрыпасамі, харч. прадуктамі, праводзілі дыверсіі. Вялі агітацыю сярод насельніцтва, што спрыяла хуткаму росту партыз. сіл раёна. У барацьбе супраць ням. фашыстаў загінула 10 падпольшчыкаў. У г. Васілевічы Рэчыцкага р-на помнік у гонар загінуўшых падпольшчыкаў.
М.Ф.Шумейка.
т. 14, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́ДЗЕЛЬСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў вер. 1941—ліп. 1944 у г. Скідзель і раёне Беластоцкай (цяпер у Гродзенскай) вобл. пад кіраўніцтвам скідзельскіх раённых антыфаш. к-та (з ліст. 1942), падп. райкомаў ЛКСМБ (з вер. 1943) і КП(б)Б (з ліст. 1943), у цесным кантакце са Скідзельскай раённай антыфашысцкай арганізацыяй. Складалася з падп. арг-цый і груп у г. Скідзель, вёсках Бандары, Кашублінцы, Княжаводцы, Крушнікі, Лаўна, Хвайняны, Чарлёны (кіраўнікі М.С.Дзелянкоўскі, А.І.Зелянкоўскі, У.С.Кізевіч, Ф.І.Макарчук, А.К.Ролік, І.А.Сеўрук, І.М.Сініца, І.А.Шчасны і інш.). Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, збіралі для партызан зброю, боепрыпасы, харч. прадукты, адзенне, медыкаменты, разведданыя пра фаш. гарнізоны і апорныя пункты, рух варожых падраздзяленняў па чыг. і шашэйных дарогах, удзельнічалі ў дыверсійных аперацыях партызан. У барацьбе з акупантамі загінула 13 падпольшчыкаў. У г. Скідзель ў гонар падПОЛЛЯ ПОМНІК.
Л.В.Аржаева.
т. 14, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з 20.8.1941 да 26.11.1943 у Гомелі. Аб’ядноўвала 16 арг-цый і груп (больш за 140 чал.). Ініцыятары стварэння першых груп А.Л.Ісачанка, С.П.Купцоў, Ф.П.Котчанка. У ліку першых пачала дзейнічаць група І.І.Жалезнякова, якая ў чэрв. 1942 наладзіла сувязь з Гомельскім падп. гаркомам ЛКСМБ і партызанамі, выконвала іх заданні. З канца жн. 1941 дзейнічалі групы У.П.Кавалёва, Л.А.Кавалёвай, з вер.—ліст. — Г.Л.Кірыкавай, М.І.Панчанкі, В.Л.Радзьковай, Л.В.Семяноўскай і інш. Падпольшчыкі выконвалі заданні парт. органаў, партызан, спец. груп «Уперад», «Радзіма», распаўсюджвалі антыфаш. лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю, боепрыпасы, медыкаменты, ратавалі і выводзілі з горада ў партыз. атрады сав. ваеннапалонных, удзельнічалі ў дыверсіях на чыгунцы, прадпрыемствах, складах і інш. У барацьбе з фаш. захопнікамі загінула больш за 20 падпольшчыкаў. У Гомелі на ўвекавечанне іх памяці пастаўлены помнікі.
Літ.:
Кожар И.П., Рудак А.Д., Романовский В.Ф. Сильные духом // Герои подполья. 2 изд. М., 1970. Вып. 2;
Сувалов М.К. Комсомольско-молодежное подполье Гомеля в годы Великой Отечественной войны // Партии помощник боевой. Мн., 1968;
Рудак А.Д. Экзамен на зрелость. Мн., 1981.
Л.В.Аржаева.
т. 5, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ШКАЎСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да кастр. 1942 на чале з асн. групай у в. Прошкі Асвейскага р-на Віцебскай вобл. (кіраўнікі В.І.Лукашонак, Я.У.Фралёнак) пад кіраўніцтвам Асвейскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ. Мела групы (каля 30 чал., беларусаў, латышоў, рускіх, яўрэяў і інш.) у в. Забор’е (Рэзекненскі пав., Латвія, кіраўнік А.М.Гром), Рылькі (П.С.Смычкоў) і Ляхава (М.І.Сасноўская; абедзве ў Себежскім р-не, Расія), Востраў (С.Аржанік), Сукалі (В.Шыпіла), піянерскае звяно ў в. Стралкі (Дз.Зубар; усе Асвейскага р-на) і інш. Трымала сувязь з падпольшчыкамі Асвеі, Расон, Латвіі, партыз. атрадам імя Фрунзе. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю, падбіралі людзей у партызаны, зрывалі мерапрыемствы акупац. улад, вялі разведку, праводзілі дыверсіі на чыгунцы, разграмілі валасныя ўправы ў вёсках Ляхава Себежскага і Ігналіна Асвейскага р-наў, з партызанамі — ням. гарнізон у мяст. Шкяўне (Латвія). Вясной 1942 падпольшчыкі пайшлі ў партызаны. У в. Прошкі Верхнядзвінскага р-на ў гонар падполля стэла.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990.
В.М.Кучарэнка.
т. 13, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Партыйнае падполле ў гады Вялікай Айчыннай вайны 5/326—327, 349; 8/261, 275, 280—281 (карта-ўкл.), 281—283; 12/100—101 (карта), 164—174, 207—208
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАБРА́НКА,
вёска ў Доўскім с/с Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл., на аўтадарозе Рагачоў—Слаўгарад. Цэнтр вытв. с.-г. кааператыва. За 25 км на У ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 96 км ад Гомеля. 547 ж., 207 двароў (2001). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі курганны могільнік (11—12 ст.). У Вял. Айч. вайну у вёсцы дзейнічала Серабранскае камсамольска-маладзёжнае падполле.
т. 14, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯНЬКО́ВА (Ефрасіння Савельеўна) (22.12.1923, в. Ушалы Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 19.4.1984),
адзін з кіраўнікоў падпольнага руху ў Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1958). З пач. вайны ў роднай вёсцы, наладзіла сувязь з партыз. атрадам імя Варашылава Сіроцінскай брыгады, выконвала яго заданні, вяла разведку. У пач. 1942 узначаліла Обальскае камсамольска-маладзёжнае падполле. З вер. 1943 у партызанах. Да 1967 на камс. і адм. рабоце.
т. 7, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́ДЗІШЧЫ,
пасёлак у Мінскім р-не; чыг. ст. на лініі Мінск—Орша. Цэнтр сельсавета. За 12 км на ПнУ ад г. Мінск. 8711 ж., 2673 двары (1997). Мінскі абл. вузел радыё- і тэлевяшчання. Мінскае вытв. прадпрыемства «Аграпрамэнерга», Цэнтр. геафіз. экспедыцыя, гандл., буд. і прамысл. базы. Сярэдняя школа, 2 дамы культуры, 3 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, 2 аддз. сувязі. 2 царквы. У Вял. Айч. вайну дзейнічала Каладзішчанскае патрыятычнае падполле.
т. 7, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)