ДЫПЛАМАТЫ́ЧНЫ АКТ,
дзеянне або заява органаў знешніх зносін і службовых асоб суб’ектаў міжнар. права, якія цягнуць за сабой міжнар.-паліт. або прававыя вынікі. Міжнар. практыка выпрацавала разнастайныя Д.а. (устанаўленне дыпламат. адносін, уручэнне даверчых грамат, заявы з выкладаннем пазіцыі і да т.п.). Іх выкарыстанне вызначаецца міжнар. звычаямі і пагадненнямі, пратакольнымі правіламі і нормамі ўнутрыдзярж. права па пытаннях дыпламат. службы. Пад Д.а. разумеюцца таксама пісьмовыя дыпламат. дакументы (дагавор міжнародны, нота, мемарандум і інш.).
т. 6, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Нацыянальны алімпійскі камітэт, гл. Міжнародны алімпійскі камітэт
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БІЕНА́ЛЕ (ад італьян. biennale двухгадовы),
мерапрыемства (маст. выстаўка або фестываль, звычайна міжнародны), якое праводзіцца рэгулярна, раз у 2 гады. Старэйшае біенале — выстаўка сучаснага мастацтва ў Венецыі (з 1895). Праводзяцца біенале: сучаснага мастацтва (з 1951) і архітэктуры (з 1957) у Сан-Паўлу, жывапісу ў Токіо (з 1951), мастацтва ў Александрыі (з 1955), «маладых» у Парыжы (з 1959), экслібрыса ў Мальбарку (з 1965), плаката ў Варшаве (з 1966), прыкладной графікі ў Брно (з 1966) і інш.
т. 3, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ МУЗЫ́ЧНАЯ ВО́СЕНЬ»,
міжнародны фестываль мастацтваў (да 1992 усесаюзны). Праводзіцца з 1974 на Беларусі штогод у 2-й пал. лістапада. Фестывальныя канцэрты (звычайна больш за 300) праходзяць у Мінску і інш. гарадах, гар. пасёлках і вёсках. Госці фестывалю ўдзельнічаюць таксама ў спектаклях Дзярж. тэатра оперы і балета Беларусі. У рамках фестывалю выступаюць акрамя беларускіх многія вядомыя муз. калектывы і асобныя замежныя выканаўцы. Фестываль дэманструе дасягненні выканальніцкага мастацтва, спрыяе ўзаемаабмену і ўзаемаўзбагачэнню розных нац. муз. культур.
т. 2, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́ СТАРТ,
міжнародны касмадром марскога базіравання (на плывучай платформе) для пускаў ракет касм. прызначэння, а таксама праект яго стварэння. Каардынацыя работ па яго рэалізацыі вядзецца з 1996 акц. кампаніяй Sea Launch Со (заснавальнікі ЗША, Расія, Нарвегія і Украіна). Касмадром мае стартавую платформу, зборачна-каманднае судна і інш. абсталяванне, што забяспечвае вывядзенне з экватара на геастацыянарную (ці інш.) арбіту спадарожніка з большай масай карыснага грузу, чым з інш. касмадрома. Першы запуск спадарожніка ажыццёўлены ў 1999.
т. 10, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУСВЕ́ТНЫ БАНК,
міжнародная арг-цыя. створаная для аказання эканам. дапамогі краінам-удзельніцам. У асноўным сродкі вылучаюцца на ўмацаванне эканомікі краін, якія сталі на шлях развіцця. Звычайна С.б. фінансуе доўгатэрміновыя інвестыцыі ў інфраструктуру (дарогі, тэлекамунікацыі, электразабеспячэнне), с.-г. і прамысл. праекты, праграмы ў галіне сац. забеспячэння, адукацыі, прафес. падрыхтоўкі і інш. Уключае 3 міжнар. фін. ін-ты са статусам самаст. спецыялізаваных устаноў ААН: Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, Міжнародная фінансавая карпарацыя, Міжнародная асацыяцыя развіцця.
т. 15, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАЛАГІ́ЧНАЯ НАМЕНКЛАТУ́РА,
міжнародны класіфікаваны пералік тэрмінаў, якія выкарыстоўваюць у гісталогіі. Прынята на 9-м міжнар. кангрэсе анатамаў у г. Ленінград (1970) на лац., англ. і рус. мовах. Кожнай краіне дадзена права ствараць гісталагічную наменклатуру на нац. мове з улікам перакладу лац. тэрмінаў. Праект Бел. гісталагічнай наменклатуры падрыхтаваны ў 1991 паводле сістэматычнага прынцыпу на бел., лац. і рус. мовах і ўключае 2846 тэрмінаў па цыталогіі, агульнай і прыватнай гісталогіі. Зацверджаны на 2-м з’ездзе анатамаў, гістолагаў і эмбрыёлагаў Беларусі (1991).
т. 5, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭФЕМЕРЫ́ДЫ [ад грэч. ephēmeris (ephēmeridos) дзённік],
табліцы або зборнікі, якія змяшчаюць астр. звесткі (каардынаты планет, ШСЗ і інш.), вылічаныя для рада паслядоўных момантаў часу.
Прыклад Э. — астр. штогоднікі. Асобныя Э. спецыяльна прыстасаваны да практ. патрэб (напр., да мараплаўства). Складанне такіх Э. каардынуе Міжнародны астранамічны саюз. Паколькі Э. вылічваюцца на аснове матэм. тэорый руху нябесных цел. змешчаныя ў іх звесткі адносяцца да момантаў раўнамернага бягучага часу, што наз. эфемерыдным часам. Выкарыстоўваюцца для арганізацыі астр. назіранняў.
т. 18, кн. 1, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЛАГА—БРЫЯ́НА ПАКТ 1928,
міжнародны дагавор аб забароне вайны як сродку ажыццяўлення нац. палітыкі дзяржавамі. Названы паводле імя яго ініцыятараў — міністра замежных спраў Францыі А.Брыяна і дзярж. сакратара ЗША Ф.Б.Келага. Падпісаны 27.8.1928 у Парыжы прадстаўнікамі 15 краін, у т. л. ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Канады, Японіі. ЗША адрасавалі запрашэнне 48 інш. дзяржавам, у т. л. СССР, далучыцца да пакта (пазней яны далучыліся). 29.8.1928 СССР першы ратыфікаваў дагавор і ініцыіраваў падпісанне Маскоўскага пратакола 1929 аб датэрміновым увядзенні ў дзеянне пакта (набыў сілу 24.7.1929).
т. 8, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСТА́ЎКА, прэфікс (лац. praefixum прымацаваны спераду),
адзін з відаў афікса, службовая марфема, якая размяшчаецца перад коранем. Служыць для ўтварэння новых лексем («біць — адбіць, забіць, перабіць», «лес — узлесак, «Палессе», «народны — міжнародны, прынародна») або надання слову пэўнага грамат. значэння: відавога («казаць — сказаць»), ступені параўнання («лепшы — найлепшы») і інш. Дзеяслоўныя П. маюць яшчэ назву прэвербаў (ад лац. prae уперадзе і verbum слова). П. могуць спалучацца ў адным слове («папавыносіць», «напавынаходзіць»). У старых утварэннях і запазычаных словах П. могуць вылучацца толькі гістарычна [воблака—(в)об-влако].
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.
А.Я.Міхневіч.
т. 13, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)