Л,
трынаццатая літара бел. і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай λ («людзі»), што ўзнікла на аснове грэка-візант. устаўнай λ («ламбда»). У старабел. графіцы абазначала гукі «л», «л’» («лавра», «львица»). Мела лікавае значэнне «трыццаць». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае санорныя змычнапраходныя ротавыя пярэднеязычныя зычныя гукі «л», «л’» («волат», «ільгота» — «йіл’гота», «хваля» — «хвал’я»).
А.М.Булыка.
т. 9, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́ГУА (Managua),
возера ў Цэнтр. Амерыцы, на тэр. Нікарагуа. Пл. 1489 км². Глыб. да 80 м. Размешчана ў катлавіне тэктанічнага паходжання. Мае перыядычны сток на ПдУ, у воз. Нікарагуа, з якім у мінулым, магчыма, мела адзіны басейн. Азёры падзяліліся ў выніку вулканічнай дзейнасці, перыядычна (у час дажджоў) злучаюцца праз р. Тыпітапа. Суднаходства. На паўд.-ўсх. беразе г. Манагуа — сталіца Нікарагуа, на паўн.-зах. — вулкан Маматомба.
т. 10, с. 56
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАСТА́К»,
кааператыўнае т-ва бел. мастакоў Мінска ў 1932—38. Мела на мэце стварэнне высокамастацкіх твораў агітацыйна-масавага мастацтва, выкананне афармленчых работ. У яго ўваходзілі мастакі і скульптары Я.Красоўскі, А.Трубэ, В.Алтуф’еў, Г.Ізмайлаў, М.Карпенка, Л.Кроль, І.Мільчын, Г.Чарняўскі і інш. Члены т-ва стваралі плакаты, пано, скульптуру, распрацоўвалі праекты і афармлялі інтэр’еры грамадскіх будынкаў, выстаўкі, паркі, масавыя святочныя прадстаўленні.
т. 10, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЭС ХО́У,
калідорная грабніца на Аркнейскіх а-вах (Вялікабрытанія). Датуецца 3 — сярэдзінай 2-га тыс. да н.э. Адкрыта ў 1861. Пахаванне разрабавана. Знаходзілася пад круглым каменным курганом, абкружаным кальцавым ровам. Падквадратная пахавальная камера мела 3 дадатковыя прамавугольныя памяшканні, уваходы ў якія былі падняты на 0,9 м над узроўнем падлогі. На сценах захаваліся рунічныя надпісы і графіці 12 ст., якія сведчаць аб разрабаванні М.Х. вікінгамі.
т. 10, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА РАМЕ́СНЫХ ВУЧНЯЎ.
Існавала ў 1896—1918 у Мінску пры гар. кіраўніцтве. Утрымлівалася за кошт казны і платы за навучанне. Мела 3 аддзяленні: слясарна-кавальскае, сталярна-такарнае і ліцейнае. Апрача слясарнага, сталярнага, чыгуналіцейнага майстэрства вывучаліся рус. і лац. мовы, законавучэнне правасл. і каталіцкага веравызнання, матэматыка, геаграфія, гісторыя, чыстапісанне, спевы, геаметрыя, фізіка, чарчэнне, маляванне. У 1915 вучылася 108 юнакоў. Восенню 1915 эвакуіравана ў Тулу.
т. 10, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ГАРБА́РНАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала ў 1884—1914 у Мінску. Вырабляла скуры, шавецкія загатоўкі і інш. Мела ў 1895 вадзяны рухавік (2 к.с.) і паравы кацёл; у 1913 паравы і нафтавы рухавікі (30 к.с.). У 1902 выпушчана дубленых тавараў на 48,7 тыс. руб., шавецкіх загатовак на 54,6 тыс. руб., інш. скураных тавараў на 7,2 тыс. руб. У 1913 працавала 60 рабочых. Прадукцыю збывалі ў Адэсе, Кішынёве, Мінску.
т. 10, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ЗУБАЎРАЧЭ́БНАЯ ШКО́ЛА,
прыватная навуч. ўстанова. Існавала ў 1907—16. Мела 1-ы разрад і падпарадкоўвалася МУС. Прымаліся асобы з 17 гадоў пасля заканчэння 6 класаў сярэдняй агульнаадук. навуч. установы. Тэрмін навучання 2,5 года. Вучэбны курс падзяляўся на тэарэт. частку і практычныя заняткі. Вывучаліся: хімія, фізіка, анатомія, фізіялогія, гісталогія, агульная паталогія, хірургія, дыягностыка і тэрапія, пламбіраванне і гігіена зубоў, пратэзная тэхніка.
Н.Я.Новік.
т. 10, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П,
семнаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай П («пакой»), утворанай на аснове грэка-візантыйскай устаўнай П («пі»). У старабел. графіку перайшла са стараж.-рус. пісьменства. Абазначала зычныя гукі «п», «п’» («палаць», «праца», «пятно»), мела лічбавае значэнне «восемдзесят». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумныя глухія выбухныя губна-губныя зычныя гукі «п», «п’» («парог», «праўда», «пясок» — «п’асок»).
А.М.Булыка.
т. 11, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЯРНЯ́НСКІЯ СУКО́ННЫЯ ПРАДПРЫЕ́МСТВЫ Дзейнічалі мануфактура (1840—58) і фабрыка (1867—1914) ва ўрочышчы Паперня Слонімскага пав. (цяпер мясцовасць на Пн Брэсцкай вобл.). Выраблялі сукны, коўдры, апрэтурную пражу, рабілі набіўку і аздобу тканін. На мануфактуры ў 1844 было 49 ткацкіх станкоў, працавала 146 чал. Ф-ка мела паравы кацёл, 2 вадзяныя катлы, 2 прадзільныя і 3 ткацкія станкі, паравы рухавік; у 1913 працавала 85 рабочых.
т. 12, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНА́ТЫ,
у старажытнарымскай міфалогіі багі-захавальнікі і апекуны хатняга ачага, пазней — усяго рым. народа. Разам з ларамі (з якімі іх часам атаясамлівалі) П. былі сімваламі роднага дому. Кожная сям’я мела звычайна двух П., іх выявы змяшчалі каля ачага. Месцам знаходжання агульнадзярж. П. лічыўся храм Весты ў Рыме, дзе вярх. жрэц прыносіў ім ахвяры. У пераносным сэнсе П. — хатні ачаг, родны дом (адсюль выраз «вярнуцца да сваіх пенатаў»).
т. 12, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)