пакрыццё тэрыторыі вадой пад уплывам прыродных (разлівы рэк, вял. колькасць ападкаў, марскія прылівы) ці антрапагенных (будаўніцтва вадасховішчаў, сажалак) прычын. Бывае даўгачасным, пры якім затопленыя тэр.магчыма выкарыстоўваюць (напр., землі, занятыя чашай вадасховішча), кароткатэрміновым, калі выкарыстанне зямель даступна і мэтазгодна (заліўныя лугі, землі пад ліманным арашэннем), перыядычным, якое можна прагназаваць амаль дакладна (напр., З. прылівамі) і раптоўным (напр., стыхійнае бедства, выкліканае паводкай). Для папярэджання ці прадухілення З. берагі вадасховішчаў, рэк і мораў абвалоўваюць (абгароджваюць дамбамі), рэгулююць рэчышча рэк (паглыбляюць, пашыраюць, выраўноўваюць, знішчаюць парогі і інш.); для засцярогі ад З. талымі, дажджавымі і збягаючымі са схілаў водамі будуюць нагорныя каналы і валы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЛЬСКАЯ СТАЯ́НКА,
стаянка першабытнага чалавека эпохі сярэдняга палеаліту за 40 км на ПдЗ ад г. Краснадар (Расія). Размешчана на правабярэжжы р. Іль (адсюль назва), левага прытока р. Кубань. Мае 2 культурныя пласты часу мусцье таўшчынёй каля 0,5 м, падзеленыя слоем без знаходак (1 м). Датаванне дакладна не вызначана, магчыма, каля 70—60—35 тыс.г. назад. Выяўлена шмат касцей бізонаў (большасць), мамантаў, пячорнага мядзведзя, ваўка, гіены, высакароднага аленя і інш. Сабрана вял. калекцыя прылад з даламіту, кварцыту, крэменю і інш. (скрэблы, рубілы, лістападобныя вастрыі). Вылучаецца трохвугольны двухбаковы наканечнік, у якім некат. даследчыкі бачаць генетычную сувязь з верхнепалеалітычнай стралецкай культурай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВЫЯ КРЫШТАЛІ́,
крышталі з вял. амплітудай нулявых ваганняў крышталічнай рашоткі (ваганняў паблізу Т = 0 К), параўнальнай з перыядам рашоткі. Маюць незвычайныя фіз. ўласцівасці, вытлумачальныя толькі ў межах квантавай тэорыі. З вядомых на Зямлі рэчываў толькі ізатопы гелію 3Не і 4Не пры ціску больш за 3∙104 Па утвараюць К.к. Квантавыя эфекты назіраюцца ў крышталях неону Ne і ў меншай ступені ў крышталях інш. інертных газаў. У нетрах нейтронных зорак, магчыма, існуюць К.к. з нейтронаў. К.к. займаюць прамежкавае становішча паміж квантавымі вадкасцямі і звычайнымі крышталямі. Дэфекты ў К.к. (у прыватнасці вакансіі) не лакалізаваныя, а ў выглядзе квазічасціц распаўсюджваюцца па крышталі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧЫ́Н,
археалагічныя помнікі неаліту, бронзавага і жалезнага вякоў, эпохі Кіеўскай Русі (паселішчы, гарадзішча і селішча) каля в.Лучын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Паселішчы належалі плямёнам верхнедняпроўскай культуры і сярэднедняпроўскай культуры. Выяўлены рэшткі наземных жытлаў з агнішчамі ў цэнтры. Знойдзены крамянёвыя прылады працы і інш. вырабы, ляпны арнаментаваны посуд. Гарадзішча ўмацавана падковападобным валам. Як і селішча, яно належала носьбітам мілаградскай культуры, зарубінецкай культуры і насельніцтву часоў ранняга сярэдневякоўя. Знойдзены ляпная і ганчарная кераміка, вырабы з жалеза і бронзы, фрагменты шкляных бранзалетаў. Даследчыкі лічаць, што тут, магчыма, знаходзіўся летапісны Лучын. На селішчы знойдзены фрагменты ляпных і ганчарных гаршкоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІ́НСКАЯ (магчыма, Малевіч) Мар’яна (Марыя; 1767? — ?), бел. танцоўшчыца. Родам з Палесся. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетных школах у Гродне і Паставах. У вер. 1778 саліравала ў школьным спектаклі «Сялянскі балет» Г.Петынеці на сцэне Гродзенскага т-ра. У 1785—94 першая танцоўшчыца балетнай трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве, выступала на каралеўскіх сцэнах і ў Нац. т-ры. Выконвала партыі Сіліі («Капітан Сандор на востраве Караліна»), Эляны («Шлюб самнітаў»), выступала ў балетах «Гілас і Сільвія», «Кора і Алонза, або Дзяўчаты Сонца», «Мірза і Ліндор», «Лукас і Калінета». У 1795—97 салістка ням.т-ра ў Львове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛІКАЗА́ЎРЫ (Pelycosauria),
атрад вымерлых найб.стараж. і прымітыўных паўзуноў падкл. зверападобных. Вядомы з сярэдняга карбону (каля 320 млн.г. назад) Еўропы, Паўн. Амерыкі і Паўд. Афрыкі. 4 падатр., каля 90 відаў. П. вялі водны і паўводны лад жыцця.
Даўж. ад 20 см да 6 м. Чэрап высокі, вузкі. Сківічныя зубы канічныя, загнуты назад. У некат. відаў былі «рогі», для некат. (эдафазаўры) характэрна моцнае развіццё асцявых адросткаў тулаўных пазванкоў (даўж. да 60 см), што ўтваралі «парус», укрыты скурай (магчыма, выконваў функцыю тэрмарэгуляцыі). Заднія канечнасці даўжэйшыя за пярэднія. Большасць — драпежнікі, некат. малюскаедныя, насякомаедныя, расліннаедныя. Рэшткі маюць стратыграфічнае і палеагеагр. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЖСКАЕ КНЯ́СТВА,
удзельнае княства Полацкай зямлі ў 12—15 ст.
Цэнтр — г. Лагожск (сучасны г.Лагойск Мінскай вобл.). Магчыма, ’першым уладальнікам Л.к. ў 1127 быў кн.Брачыслаў. Непасрэдна лагожскімі князямі Іпацьеўскі летапіс называе Усяслава Мікуліча (1180) і Васільку Валадаравіча. Верагодна, Л.к. было адным з удзелаў Мінскага княства. Не пазней як у 1-й пал. 14 ст. княства ўвайшло ў ВКЛ. У сярэдзіне 14 ст. належала Войшвілу (паводле адной з версій — сыну Кейстута). У 1387 вял.кн. Ягайла аддаў Л.к. разам з Трокскім і Полацкім княствамі свайму брату Скіргайлу, які фактычна быў яго намеснікам у ВКЛ. У 1392 Ягайла вымушаны быў перадаць уладу ў ВКЛ Вітаўту, які пачаў раздаваць асобныя маёнткі Л.к.: Ганявічы і Корань у 1395 — віленскаму біскупству, Гасцілавічы — віленскаму ваяводу Войцеху Манівіду (у 1407 пацверджаны навечна); Коцалі ў канцы 14 ст. — новаўтворанаму касцёлу ў Гайне. Магчыма, да Л.к. належала і Харэцкая воласць у вярхоўях р. Бярэзіна, раздача якой у прыватную уласнасць адбывалася адначасова. Не пазней як у 1-й пал. 15 ст. з Л.к. вылучыліся маёнткі Астрошыцы, Зазер’е і, верагодна, Смалявічы, якія належалі пану Судзімонту Доргевічу. Пасля смерці апошняга (1448) спадчыннае права на гэтыя маёнткі пацверджана яго сыну Алехну. У сярэдзіне 15 ст. ад Л.к. заставалася невял. частка з Лагойскам і Гайнай, якая належала кіеўскаму кн. Алельку Уладзіміравічу, а з 1455 — яго малодшаму брату Андрэю. Пасля смерці Андрэя ў 1457 Гайна пакінута ва ўласнасці яго нашчадкаў, а Лагойск вернуты вял. князю і ў 1460 нанова падараваны кн. Аляксандру Чартарыйскаму на правах звычайнага маёнтка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯВІ́ЦКІ (Дзмітрый Рыгоравіч) (каля 1735, Кіеў ? — 16.4.1822),
расійскі і ўкраінскі жывапісец; найбуйнейшы майстар рус. параднага партрэта 18 ст. З 1769 акадэмік, з 1776 саветнік Пецярбургскай АМ; у 1771—88 кіраваў партрэтным класам. Вучыўся ў бацькі, укр. гравёра Р.Лявіцкага (Лявіцкага-Носа) і А.Антропава (1752—55 і з 1758). Магчыма, разам з бацькам удзельнічаў у размалёўцы Андрэеўскага сабора ў Кіеве (1752—55). Каля 1758 пераехаў у Пецярбург. У 1762 афармляў каранацыйныя ўрачыстасці ў Маскве. У ранніх творах спалучаў агульную ўрачыстасць позняга барока з рысамі натуральнасці і штодзённасці, імкнуўся да раскрыцця характару, дакладнасці і матэрыяльнасці выявы. Работам уласцівы эфектнасць кампазіцый, інтэнсіўнасць і танальнае адзінства колеравых адценняў, выразнасць поз і жэстаў: партрэты А.Какорынава (1769—70), П.Дзямідава (1773), серыя парадных партрэтаў выхаванак Смольнага ін-та («Смалянкі», каля 1773—76). Інтымныя партрэты адзначаны паглыбленасцю і разнастайнасцю індывідуальных характарыстык, стрыманасцю маст. сродкаў (Д.Дзідро, 1773—74; М.Дзякавай, 1778; святара, магчыма, бацькі, 1779 і інш.). 3 пач. 1780-х г. пад уплывам класіцызму тонкая нюансіроўка змянілася лакальным колерам, манера пісьма стала больш гладкай: «Урсула Мнішак» (1782), «Кацярына П» (1783) і інш. З 2-й пал. 1780-х г. яго работы страцілі ранейшую цэласнасць і гарманічнасць, характарнасць вобразаў. Некаторыя творы вызначаюцца яркай выразнасцю маст. сродкаў («Невядомы са сфінксам», 1790-я г.). Пасля 1800 з-за хваробы вачэй амаль не працаваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛА́НАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура бронзавага веку (3-е тыс. — 9 ст. да нашай эры) у басейне Сярэдняй Волгі. Назва ад могільніка каля в. Баланава ў Чувашыі. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй, магчыма, земляробствам, мела ўласную металургію медзі, колавы транспарт. Жыло пераважна ў зрубных дамах на ўмацаваных паселішчах. Пахавальны абрад — адзіночныя і парныя трупапалажэнні ў грунтавых магілах (ранні этап), калектыўныя трупапалажэнні пад курганамі. Нябожчыкаў хавалі ў драўляных скрынях ці кашолках, у скурчаным стане. У кераміцы пераважаў шарападобны посуд, упрыгожаны геам. арнаментам, адбіткамі штампаў. Сярод вырабаў з каменю — свідраваныя і клінападобныя сякеры, матыкі, цёслы, наканечнікі стрэл; пашыраны медныя наканечнікі коп’яў, сякеры, упрыгожанні. Некаторыя вучоныя адносяць Баланаўскую культуру да шнуравой керамікі культур, іншыя лічаць лакальнай групай фацьянаўскай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЦВІННЕЎБО́РАЧНАЯ МАШЫ́НА,
машына для зразання і пагрузкі ў транспарт бацвіння коранеклубняплодаў. Магчыма таксама здрабненне бацвіння і збіранне масы ў бункер ці прычэп. Бацвіннеўборачныя машыны бываюць самаходныя і напаўнавясныя, працуюць у комплексе з коранеўборачнымі і бульбаўборачнымі машынамі.
У асн. зоне буракасеяння краін СНД выкарыстоўваюць 6-радковыя (у арашальнай зоне 4-радковыя) бацвіннеўборачныя машыны прадукцыйнасцю 1,3—1,6 га/гадз, якія агрэгатуюцца з колавымі і гусенічнымі трактарамі. У пераўвільготненай зоне буракасеяння выкарыстоўваюцца 6-радковыя самаходныя бацвіннеўборачныя машыны замежных фірмаў (прадукцыйнасць да 1,1 га/гадз). Для ўборкі бацвіння бульбы, кармавых караняплодаў і траў выкарыстоўваюць бацвіннеўборачныя машыны з спец. бункерам для збору здробненай масы (прадукцыйнасць 0,8—1,2 га/гадз, агрэгатуецца з колавымі трактарамі).