ЛЫСЕ́НКА (Антаніна Фёдараўна) (н. 14.9.1930, в. Зарачаны Полацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел.літ.-знавец і крытык. Канд.філал.н. (1965). Сястра П.Ф.Лысенкі. Скончыла Гомельскі пед.ін-т (1955). Настаўнічала. З 1964 у Ін-це л-ры Нац.АН Беларусі. Друкуецца з 1962. Даследуе пераважна публіцыстыку, творчую індывідуальнасць пісьменнікаў (З.Бядуля, Я.Сіпакоў, І.Шамякін, Х.Шынклер і інш.). Сааўтар кніг «Беларуская савецкая проза: Апавяданне, нарыс» (1971), «Стыль пісьменніка» (1974), «Беларуская літаратура: Дзень сённяшні» (1980), «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (ч. 1—2, 1981—82) і інш.
Тв.:
Сучасны беларускі нарыс. Мн., 1978;
Лінія гарызонта: Нарыс творчасці Я.Сіпакова. Мн., 1986;
3 трывогай і надзеяй: Бел. публіцыстыка 80-х гт. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́НІН (Уладзімір Сямёнавіч) (н. 13.3.1937, г. Орск Арэнбургскай вобл., Расія),
расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1960), вучыўся на Вышэйшых курсах сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве. У зб-ках аповесцей і апавяданняў «Аповесць пра Стары Пасёлак» (1974), «Галасы» (1982), «Рака з хуткім цячэннем» (1983), аповесці «Дзе сыходзілася неба з узгоркамі» (1984) і інш. пошукі асэнсаванага быцця, драматызм бескампраміснасці, псіхалогія няцэльнай асобы. Аўтар раманаў «Прамая лінія» (1967), «Партрэт і вакол» (1978), «Андэграўнд, ці Герой нашага часу» (1998), аповесцей «Адзін і адна» (1987), «Стол накрыты сукном і з графінам пасярэдзіне» (1993), «Каўказскі вязень» (1995) і інш. У творах спалучэнне рэалізму і мадэрнізму, унутр. маналогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШЧЭ́ЦКАЕ ВО́ЗЕРА.
У Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Дрыса, за 26 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,7 км², даўж. 2,2 км, найб.шыр. 530 м, найб.глыб. 6,5 м. Пл. вадазбору 49,8 км². Схілы катлавіны выш. 6—8 м (на З і ПнУ 3—4 м), спадзістыя, разараныя, на Пд параслі лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на Пд і Пн зліваюцца са схіламі. Берагавая лінія (даўж. 5,6 км) звілістая, утварае шэраг невял. заліваў. Дно да глыб. 1,5 м пясчанае, ніжэй — ілістае. Эўтрофнае. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці (шыр. 3—26 м, да глыб. 1,4—2 м). Упадае ручай з воз. Якаўскае, выцякае ручай у р. Дрыса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́БАЛА (ад грэч. parabolē),
геаметрычнае месца пунктаў М плоскасці, адлегласці k і l якіх ад пэўнага пункта F (фокуса) і ад дадзенай прамой ДД′ (дырэктрысы) адпаведна роўныя паміж сабой; адно з канічных сячэнняў.
Прамая, якая праходзіць праз фокус перпендыкулярна да дырэктрысы, наз. воссю П., пункт перасячэння П. з воссю — яе вяршыняй. Пры ўмове, што вось П. паралельная восі ОХ і вяршыня П. супадае з пачаткам каардынат, ураўненне П. мае выгляд: y2 = 2 px, дзе p — адлегласць ад фокуса да дырэктрысы. П. — лінія 2-га парадку. Калі ў фокусе П. знаходзіцца крыніца святла (радыёхваль), то пасля адбіцця ад П. прамяні ўтвараюць паралельны пучок (гэта ўласцівасць выкарыстоўваецца ў пражэктарах і парабалічных антэнах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАТЫ́НСКІЯ,
княжацкі род герба «Астоя». Заснавальнік роду князь Аляксандр Андрэевіч (15 ст.), старэйшы сын удзельнага князя Андрэя Усеваладавіча Шуціхі Мезецкага з роду чарнігаўскіх князёў. Прозвішча паходзіць ад с. Баратынь паблізу Мезецка (Калужская вобл.). Аляксандр Андрэевіч і яго сыны служылі папераменна то вял. князям маскоўскім, то вял. князям ВКЛ. У час руска-літ. войнаў пач. 16 ст. ўнук Аляксандра Андрэевіча, Іван Львовіч, не пажадаў заставацца ў сваёй вотчыне, якая трапіла пад уладу Масквы, і з’ехаў у ВКЛ. Ён стаў заснавальнікам лукомскай галіны роду Баратынскіх, асн. уладаннем якой была частка Лукомскага княства. Ад Мікалая, сына Івана Львовіча, пайшла аршанская лінія роду Баратынскіх, якія з 17 ст. ўсё радзей карысталіся княжацкім тытулам. У Польшчы жылі Баратынскія герба «Корчак» і «Сякера».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЎПАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Рось пры ўпадзенні р. Ваўпянка (бас. Нёмана). За 23 км на Пн ад г. Ваўкавыск, каля в.Воўпа. Створана ў 1955. Пл. 1,26 км², даўж. 5,6 км, найб.шыр. 0,85 км, найб.глыб. 5,4 м, аб’ём вады 2,3 млн.м³.
Катлавіна выцягнутая ў даліне. Ложа з мелкаводдзямі (больш за 60% плошчы), ёсць 9 астравоў агульнай пл. 3,3 га. Дно выслана пяском і глеем. Берагавая лінія 18 км, парэзаная, ёсць 2 залівы. Берагі абрывістыя, зах.выш. да 4 м, паўд. 1,5—2 м, пад хваёвым лесам, у вярхоўях забалочаныя, парослыя вольхай і вярбой. Ваганні ўзроўню вады да 0,5 м (перад разводдзем). Моцнапраточнае. Выкарыстоўваецца ў энергетыцы (Воўпаўская ГЭС), для арашэння і адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́ВІЧ (Анатоль Мікалаевіч) (н. 16.9.1946, в. Горск Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1969). Працаваў у прэсе, з 1977 уласны карэспандэнт «Литературной газеты» па Беларусі. Друкуецца з 1964 (дэбютаваў вершамі). Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар псіхал. заглыбленых нарысаў («Дыханне», 1977; «Час ісці», 1979; «Чырвоны Востраў», 1988; цыкл «Беларусы паміж небам і зямлёй», 1994—95, і інш.), эсэ, дакум. аповесцей («Далёка наперадзе», 1981; «Цяжка любіць», 1985; «На маёй далоні лінія ракі», 1987), рамана «Каб ды калі б» (1994) пра сучасную вёску і яе людзей, праблемы с.-г. вытворчасці, экалогіі, Чарнобыля і інш., сцэнарыяў дакумент. фільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ЙША (Казімір Вікенцьевіч) (н. 4.12.1943, в. Малыя Навікі Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік Скончыў БДУ (1970). Працаваў у раённых газетах, на Бел. радыё, з 1979 у час. «Полымя», «Вясёлка», з 1988 у час. «Маладосць». Друкуецца з 1959. Першы зб. вершаў «Восеньскія позвы» (1969). Асн. матывы творчасці — апяванне чалавека працы, дружбы, высакародства і маральнай прыгажосці сучасніка: зб-кі «Мембрана» (1972), «Нектар» (1974), «Тут мае весны прычалены» (1977), «Сябрына» (1978), «Плёс» (1982), «Галоўная вярста» (1985), «Пярэймы дня» (1988), «Кубак блакіту», (1993), «Лінія лёсу» (1996). Аўтар кніжак для дзяцей «Гаёўка» (1975), «Буслянка» (1985), «Дзятлава кузня» (1987), «Дзень добры, шафёр» (1988), «Гарцунок» (1991), «Дожджыкава лічылка» (1998). Выступае з рэцэнзіямі, артыкуламі, нарысамі. Перакладае з рус., укр., польск. моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКАЯ ГАЛЕРЭ́Я,
1) спецыяльна прыстасаванае памяшканне для экспанавання твораў мастацтва. Тэрмін «М.г.» ўжываецца і як сінонім музеяў мастацкіх (гл. таксама Карцінная галерэя).
2) Установа, якая займаецца экспанаваннем, захоўваннем, вывучэннем, прапагандай твораў мастацтва і Сумяшчае музейную дзейнасць з камерцыйнай (выстаўкі-продажы, маст. аўкцыёны і інш.). Важная састаўная частка фарміравання маст. рынку. На Беларусі дзейнічае рэсп.Мастацкая галерэя Саюза мастакоў Беларусі ў Мінску. З пач. 1990-х г. галерэйная дзейнасць на Беларусі ажыццяўляецца пры розных прадпрыемствах, установах, прыватнымі асобамі: маст. цэнтр «Жыльбел», «Стары горад» пры Саюзе кампазітараў Беларусі, «Мастацтва» пры цэнтр. салоне-магазіне Маст. фонду Беларусі, «А.Л.» пры Цэнтры сучаснай бел. драматургіі, «Шостая лінія» пры акц. т-ве «Белтэхналогія» (усе ў Мінску); прыватныя «На ростанях» (Мінск), «У Пушкіна» (Віцебск), «У майстра» (Гродна) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАГО́ДСКІЯ КАРУ́НКІ,
від рус. карункаў, плеценых на каклюшках (драўляных палачках); пашыраны ў Валагодскай вобл. Расіі. Плаўная лінія, якая ўтварае ўзор, не перарываецца, не перакрыжоўваецца і выступае ў выглядзе выплеценай тасьмы на фоне тонкай ажурнай «рашоткі». Карункапляценне тут пачало складвацца ў 16—17 ст., як промысел аформілася на пач. 19 ст. У 1968 створана аб’яднанне «Сняжынка». Да 1940-х г. пераважалі мерныя карункі для аздобы бялізны, пазней асн. прадукцыяй сталі адзінкавыя вырабы — посцілкі, сурвэткі, фіранкі з геаметрычным і раслінным узорамі; святочныя дэталі жан. адзення — каўнерыкі, жабо і інш., а таксама унікальныя выставачныя ўзоры. Валагодскія карункі адзначаны ў Парыжы залатым медалём (1925) і «Гран-пры» (1937), залатым медалём у Бруселі (1958).
Літ.:
Попова О.С., Каплан Н.И. Русские художественные промыслы. М., 1984.