МСЦІСЛА́Ў,

горад, цэнтр Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р.Віхра. За 95 км ад Магілёва, 19 км ад чыг. ст. Ходасы на лініі Орша—Крычаў. Вузел аўтадарог на Магілёў, Горкі, Крычаў, Чавусы, Хіславічы. 12,5 тыс. ж. (1998).

Першыя звесткі пра М. звязаны з граматай кн. Расціслава Смаленскага, якая датуецца 1136—50. У Іпацьеўскім летапісе названы пад 1156 як горад Смаленскай зямлі. Заснавальнікам М. лічаць кн. Давыда Расціславіча. З 1180 цэнтр удзельнага Мсціслаўскага княства. У 14—18 ст. у М. існаваў Мсціслаўскі замак. У 13—1-й пал. 14 ст. М. у Смаленскім княстве. У розны час належаў Сямёну Лугвену (гл. Мсціслаўскія), які каля 1380 заснаваў тут Мсціслаўскі пустынскі Успенскі манастыр, Жыгімонту II Аўгусту. З 1528 цэнтр староства Віленскага ваяв., пасля адм.-тэр. рэформы 1565—66 цэнтр Мсціслаўскага ваяводства. У 1-й пал. 17 ст. заснаваны Мсціслаўскі езуіцкі калегіум, у 1634 горад атрымаў магдэбургскае права і герб (у блакітным полі шчыт і рука з мячом). У 1620—1832 у М. існаваў Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 адбыліся Мсціслава абарона 1654 і Мсціслава абарона 1659. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі, у 1772—76 цэнтр Мсціслаўскай правінцыі. З 1773 цэнтр Мсціслаўскага павета Магілёўскай губ., у 1781 атрымаў новы герб (у сярэбраным полі чырвоны ліс). З 1796 — у Беларускай губ., з 1802 зноў у Магілёўскай губ. У 1785 у М. 2,8 тыс. ж., 502 двары. З 1808 дзейнічала Мсціслаўская суконная мануфактура, у 1816—84 — Мсціслаўская талесная мануфактура. У 1861 у горадзе больш за 6 тыс. ж., дзейнічалі 2 плісавыя мануфактуры, ф-ка баваўняных тканін, гарбарны, вапнавы і цагельны з-ды, крупадзёрка, маслабойня. У 1897 у М. 8514 ж., гар., духоўнае і прыходскае вучылішчы, 17 дробных прадпрыемстваў, 3 бальніцы. У 12—19 ст. буйны цэнтр ганчарных вырабаў і арх.-дэкар. керамікі (гл. Мсціслаўская кафля, Мсціслаўская кераміка). На пач. 20 ст. ў горадзе 1048 жылых будынкаў, у т. л. мураваных, жаночая і мужчынская гімназіі, 2 б-кі, друкарня, 3 манастыры, 3 царквы, касцёл, сінагога, 10 малітоўных дамоў, бальніца, аптэка. З 1915 дзейнічаў Мсціслаўскі царкоўна-археалагічны музей. У 1919—24 у складзе Смаленскай губ. РСФСР, цэнтр павета. У 1921 працаваў педтэхнікум. З 1924 у БССР, цэнтр Мсціслаўскага раёна ў Калінінскай, у 1927—30 — Аршанскай акругах. З 1938 у Магілёўскай вобл. У 1927—8,1 тыс. ж. З 14.7.1941 да 28.9.1943 акупіраваны ням. фашыстамі; на тэр. горада існаваў лагер смерці, у якім закатавана 900 чалавек. У 1959—8,1 тыс. жыхароў.

Стараж. М. складаўся з дзядзінца, умацаванага ровам і валамі, і вакольнага горада, абнесенага ў 13 ст. 2-й лініяй умацаванняў з боку плато. На Пн, ПнУ і ПнЗ размяшчаўся пасад (цяпер у раёне вуліц Піянерскай і Заслонава) і пераправа — пачатак стараж. шляху з М. на Смаленск. Рэльеф і сляды стараж. тапанімікі сведчаць, што пасад распасціраўся таксама ўверх і ўніз па рацэ і каля падножжа Троіцка-Нікольскай, Дзявочай і Панівойскай гор (цяпер у раёне вуліц Акцябрскай, Рэспубліканскай, Пушкіна). Арх. аблічча М. вызначалася дамінантамі драўлянага комплексу замка з Нікольскім храмам у цэнтры, мноствам драўляных і мураваных цэркваў, касцёлаў, кляштараў, абарончымі сценамі і вежамі пасада. Ад замка да 4 уязных драўляных брам — Траецкай, Афанасьеўскай, Спаскай і Папоўскай — радыяльна адыходзілі вуліцы. Ніжняя частка М. ўздоўж р. Віхра (Падол) мела нерэгулярную забудову. У 17 — пач. 20 ст. ў М. існаваў Мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр. У 17—18 ст. пабудаваны мураваныя кляштары: кармелітаў (гл. Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў). езуітаў (гл. Мсціслаўскі езуіцкі калегіум), бернардзінцаў. У 1778 зацверджаны рэгулярны план М., які вызначаў прамавугольную планіроўку і сістэму плошчаў. Пабудаваны драўляны палац (згарэў у 1858), на цэнтр. плошчы створаны бульвар. У вайну 1812 горад разбураны М. шмат пацярпеў ад пажараў, асабліва ў 1858 (згарэў амаль увесь гар. цэнтр). Захавалася гіст. планіроўка горада, цяпер горад развіваецца ўздоўж р.Віхра ў паўн. напрамку Яго генпланы распрацаваны ў 1961, 1977, карэкціроўка ў 1987. Арх.-планіровачная структура М. — прамавугольная сетка вуліц у цэнтр. частцы і свабодная забудова ў перыферыйных раёнах. Гал. вось — вул. Ленінская (з ПнЗ на ПдУ, забудавана 2—3-павярховымі жылымі дамамі) з паркамі. У арх.-планіровачную кампазіцыю ўваходзяць помнікі архітэктуры 17—19 ст. — Мсціслаўская царква Аляксандра Неўскага, Спаса-Праабражэнская царква, будынкі б. земскай управы, мужчынскай гімназіі, а таксама гіст. зоны — Траецкая, Замкавая, Дзявочая горы. Захаваліся таксама жылыя драўляныя дамы традыц. архітэктуры, характэрныя для рэгіёна гасп. пабудовы, малыя арх. формы і інш. Цэнтр частка горада забудавана 2—5-павярховымі жылымі дамамі. Новыя шматпавярховыя дамы будуюцца на свабодных тэрыторыях уздоўж Магілёўскай шашы. Паводле праекта рэгенерацыі гіст. цэнтра М. 1985 прадугледжана захаванне гіст. рэгулярнай планіровачнай структуры цэнтр. часткі забудовы, яе далейшая рэканструкцыя, аднаўленне і рэстаўрацыя; дапаўненне гіст. забудовы ў межах цэнтра новай, малапавярховай (не вышэй як 3 паверхі), кампазіцыйна, маштабна і функцыянальна адпаведнай; арг-цыя пешаходных вуліц і зон; захаванне гіст. пераемнасці ў арх.-прасторавай арганізацыі цэнтра і будове яго сілуэта з дамінантамі — помнікамі архітэктуры 18—19 ст. і інш.

Масласырзавод, хлебазавод, асфальтавы з-д і інш. 2 прафес.-тэхн. вучылішчы, Мсціслаўскі гісторыка-археалагічны музей. Мемар. комплекс землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну, помнік П.Ц.Мсціслаўцу. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Мсціслаўская царква Аляксандра Неўскага, Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў, Мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр, Спаса-Праабражэнская царква (19 ст.), грамадскія будынкі канца 19 — пач. 20 ст. Помнікі археалогіі: 2 гарадзішчы, вакольны горад.

Літ.:

Ясинский О.А., Гасенков ВЛ. Мстиславль: Ист.-экон. очерк. Мн., 1975;

Караткевіч У. Мсціслаў=Мстиславль: Эсэ пра гісторыю і людзей адной зямлі. Мн., 1985;

Ткачоў М.А., Трусаў А.А. Старажытны Мсціслаў. Мн., 1992.

М.​Б.​Батвіннік (гісторыя), С.​Ф.​Самбук (архітэктура).

Мсціслаў. Будынак былой мужчынскай гімназіі. 1908.
Да арт. Мсціслаў. Будынкі аптэкі, гар. вучылішча, жаночай гімназіі. Пач. 20 ст.
У цэнтры Мсціслава.
Мсціслаў. Фрагмент сучаснай забудовы.

т. 10, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСК,

горад абл. падпарадкавання Беларусі, цэнтр Бабруйскага р-на. За 110 км ад абл. цэнтра — г. Магілёў. Вузел чыгунак на Асіповічы, Жлобін, Акцябрскі і аўтадарог на Мінск, Гомель, Магілёў, Калінкавічы, Слуцк, Рагачоў. Порт на р. Бярэзіна. 227,1 тыс. ж. (1995).

Паселішча чалавека на месцы горада існавала ўжо ў канцы 3-га — 2-м тыс. да нашай эры; на рубяжы нашай эры дзейнічаў водны шлях па Бярэзіне. У 6—7 ст. тут існавала слав. паселішча, з 11 ст. — дрыгавічоў. Першае пісьмовае ўпамінанне Бабруйска (летапісны Бобровск, Бобруеск, Бобрусек) адносіцца да 1387. Цэнтр воласці ў ВКЛ, меў магдэбургскае права. У 14 ст. пабудаваны Бабруйскі замак. У 1503—05 спустошаны крымскімі татарамі, у 1506 вытрымліваў аблогі кн. М.​Глінскага. З 1565 у Рэчыцкім пав.; уладанне вял. князя, потым Радзівілаў, Гаштольдаў, Трызнаў. Хутка рос у 16—17 ст. У 1620 меў 15 вуліц, 409 двароў, 75 крам, млын, царкву, касцёл, з 1630 тут дзейнічала Бабруйская езуіцкая гімназія. У антыфеад. вайну 1648—51 значна пацярпеў у час аблогі і штурму войскамі гетмана Я.​Радзівіла (гл. Бабруйска абарона 1649). Разбурэнні ў час войнаў сярэдзіны 17 — пач. 18 ст. прывялі горад у заняпад. З 1793 у складзе Рас. імперыі, з 1795 цэнтр Бабруйскага павета. У 1796 Бабруйску нададзены герб: у сярэбраным полі карабельная мачта і 2 перакрыжаваныя бервяны. У вайну 1812 значныя сілы франц. войскаў адцягнула Бабруйскай крэпасці абарона 1812. З Бабруйскам звязаны падзеі дзекабрысцкага руху (гл. Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823). Развіццю горада спрыяла пракладка шашы Масква—Варшава (1848) і Лібава-Роменскай чыгункі (1873). У 1897 у горадзе 34,3 тыс. ж, 19 фабрык і з-даў. Тут адбылося Бабруйскае выступленне салдатаў 1905. У 1916—19 працавала Бабруйская жаночая настаўніцкая семінарыя. У студз. 1918 заняты войскамі Ю.​Доўбар-Мусніцкага, у маі—ліст. германскімі, у жн. 1919 — ліп. 1920 польск. войскамі. У 1924 створаны Бабруйскі краязнаўчы музей. З 1924 цэнтр Бабруйскай акругі, з 1927 — Бабруйскага раёна. З 1938 горад абл. падпарадкавання. У перадваенныя гады адзін з буйных прамысл. і культ. цэнтраў БССР. З 28.6.1941 да 29.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі тут Бабруйскі лагер смерці, загубілі ў Бабруйску і наваколлі каля 100 тыс. грамадзян. Дзейнічала Бабруйскае патрыятычнае падполле. Вызвалены ў ходзе Бабруйскай аперацыі 1944. У 1944 — 28 тыс. ж. У 1944—54 цэнтр Бабруйскай вобласці. У 1959 каля 97,5 тыс. ж.

Хім. прам-сць: вытв. аб’яднанні: «Бабруйскгідролізпрам», Беларускі шынны камбінат, завод «Беларусьгуматэхніка»; маш.-буд. і металаапр. прам-сць; Бабруйскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, Бабруйскі доследна-механічны завод, з-ды вагавымяральных прылад, аўтатрактарных дэталяў і інш. Лёгкая прам-сць: Бабруйская футравая фабрыка, Бабруйская фабрыка мастацкіх вырабаў, Бабруйскі гарбарны камбінат і камбінат нятканых матэрыялаў; ф-кі швейная, валюшна-лямцавая, трыкатажная, абутковая, люстраная. Харч. прам-сць: мясакамбінат, камбінат хлебапрадуктаў; Бабруйская кандытарская фабрыка «Чырвоны харчавік», з-ды малочны, маслабойны, кансервавы і інш. Самае вялікае на Беларусі вытв. дрэваапр. аб’яднанне; вытв-сць буд. матэрыялаў: Бабруйскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, Бабруйскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, з-ды буйнапанэльнага домабудавання, зборнага жалезабетону. ЦЭЦ. Тэхнікумы: аўтатрансп., лесатэхн., механіка-тэхнал., сельскагаспадарчы (пра кожны гл. асобны артыкул); мед. вучылішча і Бабруйскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Бальнеагразевы курорт Бабруйск.

Паводле інвентара 1638, Бабруйск меў плошчу 6,75 га на правабярэжжы Бярэзіны. На ўзвышшы размяшчаўся замак, каля ракі — касцёл Пятра і Паўла і царква Мікалая, на вул. Падольнай — Бабруйскі «каралеўскі двор», на вул. Свіслацкай — дом езуітаў, каралеўскі сад, паміж вул. Прудовай і Кісялёўскай — царква Прачыстай Багародзіцы, на вул. Ільінскай — царква Ільі Прарока, на вул. Капыльнічавай — замкавы гасціны дом. Першы праектны план Бабруйска складзены ў 1800, паводле яго горад забудоўваўся да 1810. Развіццё арх.-планіровачнай структуры звязана з буд-вам у Бабруйску (1807—36) на месцы гіст. цэнтра адной з самых моцных у Расіі Бабруйскай крэпасці. У канцы 19 — пач. 20 ст. цэнтр горада забудаваны мураванымі будынкамі (жаночая гімназія, банкі, асабнякі, жылыя дамы), у якіх выявіліся рысы стыляў несапраўднай готыкі, псеўдарускага, неабарока, неакласіцызму, мадэрн. У 1920—30-я г. Бабруйск развіваўся па традыцыйнай радыяльна-паўкальцавой схеме на тэр. б. фарштатаў вакол крэпасці і ўздоўж асн. магістраляў — вуліц Мінскай, Рагачоўскай. Пабудаваны дом-камуна, «Дом калектыву», адм. будынкі, у якіх выявіліся рысы канструктывізму, выкарыстаны элементы класічнай спадчыны. У 1960—70-я г. забудоўваўся паводле генплана 1966. Кампазіцыйным ядром застаецца крэпасць, на перакрыжаванні вуліц Савецкай і Горкага — адм. цэнтр горада з Домам Саветаў. Паводле генплана 1978 кампазіцыйная вось горада — р. Бярэзіна, галоўная — вул. Горкага з новым грамадскім цэнтрам. Вызначаны планіровачныя раёны Цэнтр., Паўн., Паўд. і новы Усходні (в. Цітаўка на левым беразе р. Бярэзіна); прадугледжана інтэнсіўнае жыллёвае буд-ва ў Паўн. раёне, стварэнне паркаў і сквераў уздоўж р. Бярэзіна.

Першыя звесткі пра тэатр. жыццё ў Бабруйску адносяцца да 18 ст. і звязаны з дзейнасцю Бабруйскага школьнага тэатра. У 1852 мінскія аматары паказвалі ў Бабруйску п’есу «Сялянка» В.​Дуніна-Марцінкевіча, пазней гастраліравалі польск., яўр., рус. тэатр. трупы. У Бабруйску пачыналі творчую дзейнасць рус. акцёры М.​Савіна і В.​Далматаў. У 1918 арганізаваны Рус. нар. т-р пад кіраўніцтвам А.​Пакрасава. У 1920 сфарміраваны Другі паказальны тэатр. У 1932 тут створаны Дзярж. рус. драм. т-р БССР (гл. Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі), у 1935 — Т-р рабочай моладзі, у 1938 — калгасна-саўгасны т-р, у 1944 — Бабруйскі абласны драматычны тэатр, у 1956 — Бабруйскі вандроўны беларускі драматычны тэатр. З 1970 у Бабруйску дзейнічае Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча. У 1892 у Бабруйску засн. муз.-драм. гурток, з 1921 працавала нар. кансерваторыя, у 1927 створана муз. школа, пачатак дзейнасці якой звязаны з імем Я.​Цікоцкага (цяпер носіць яго імя). У 1944—49 працаваў т-р муз. камедыі, з 1962 Бабруйскі музычна-драматычны тэатр, рэарганізаваны ў Магілёўскі абласны тэатр музычнай камедыі. На 1995 г. ў Бабруйску 2 муз. школы, шматлікія самадз. калектывы. У горадзе Музей народнай творчасці Беларусі, краязнаўчы музей, выставачная зала. Здаўна вядомы традыцыйныя ганчарныя вырабы майстроў з Бабруйску (гл. Бабруйская кераміка). Помнікі: С.​М.​Халтурыну, В.​З.​Харужай, воінам 1-га Бел. фронту — вызваліцелям Бабруйска ад ням. фашыстаў. Брацкія магілы падпольшчыкаў і воінаў грамадз. вайны, ваен. інтэрвенцый, сав. воінаў і партызанаў, магілы ахвяраў фашызму Вял. Айч. Вайны.

Цэнтральная плошча ў Бабруйску.
Гасцініца «Юбілейная» ў Бабруйску.
Да арт. Бабруйск. Асабняк на вул. Пушкіна. 1912.
Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў у Бабруйску.

т. 2, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ (КПЗБ). Створана ў кастр. 1923 на канферэнцыі Беластоцкага, Брэсцкага і Віленскага акр. к-таў Камуніст. рабочай партыі Польшчы (КПРП), скліканай паводле рашэння II з’езда КПРП, з лют. 1925 Камуністычная партыя Польшчы, КПП. У КПЗБ увайшлі члены б. арг-цый КП(б)Б і КП Літвы, што перайшлі ў падполле, чл. КПРП. У снеж. 1923 у КПЗБ улілася Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), кіраўнікі якой І.​К.​Лагіновіч (П.​Корчык), Л.​І.​Родзевіч (Антось), А.​Р.​Капуцкі (Лёкса) былі кааптаваны ў склад Цэнтральнага Камітэта КПЗБ, што садзейнічала павелічэнню бел. элемента ў кіраўніцтве КПЗБ. Функцыянавала да жн. 1938 на правах тэр.-аўтаномнай арг-цыі КПП, зыходзіла з яе праграмных установак. КПЗБ змагалася за сацыяліст. рэвалюцыю, ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу сялянам зямлі без выкупу, за права самавызначэння Заходняй Беларусі і ўз’яднанне з БССР. Працавала нелегальна ва ўмовах паўакупац. рэжыму ў краі. Польскія ўлады праследавалі членаў КПЗБ, знявольвалі іх у турмы, Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, наладжвалі масавыя палітычныя працэсы. На час стварэння КПЗБ у яе парт. арг-цыях налічвалася 528 чал.; у канцы 1924—2296 чал., у канцы 1927—3254 чал. У 1924—29 дзейнічала 6 акруговых (Баранавіцка-Слонімскі, Беластоцкі, Брэсцкі, Віленскі, Гродзенскі, Пінскі) і больш за 50 раённых к-таў КПЗБ. У сак. 1932 у КПЗБ налічвалася 3600 членаў, з іх 20% пражывалі ў гарадах і каля 80% на вёсцы; у 1933—3800—4000 членаў, дзейнічала 11 акруговых (дадаткова Лідскі, Маладзечанскі, Навагрудскі, Пастаўска-Глыбоцкі, Свянцянска-Браслаўскі) і больш за 90 раённых к-таў партыі. Прыкладна палова членаў КПЗБ знаходзілася ў турмах і канцлагеры. Сярод бел. паліт. партый, што дзейнічалі ў краі, КПЗБ была найб. шматлікай і ўплывовай. Пад яе кіраўніцтвам дзейнічалі Камуністычны саюз маладзі Заходняй Беларусі, Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі. За час існавання КПЗБ адбыліся 2 з’езды і 3 канферэнцыі. Практычную работу партыі ўзначальваў ЦК КПЗБ, які складаўся з Бюро ЦК КПЗБ і Краявога сакратарыята ЦК КПЗБ. Частка членаў Бюро і ЦК знаходзілася ў Мінску з мэтай кіраўніцтва Прадстаўніцтвам ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б, замежнай часткай Цэнтр. рэдакцыі і Мінскай школай КПЗБ. Цэнтр. орган КПЗБ — газ. «Чырвоны сцяг», з 1924 выдаваўся тэарэт. час. ЦК КПЗБ «Бальшавік». Легальнымі органамі партыі былі газ. «Барацьба», «Беларуская газета», «Наша воля», сатыр. час. «Асва».

На этапе станаўлення КПЗБ карысталася падтрымкай з боку КП(б)Б. З ліп. 1924 да лют. 1925 у Мінску існавала Бюро дапамогі Кампартыі Заходняй Беларусі пры ЦК КП(б)Б. Да стварэння КПЗБ асноўнай формай рэв. і нац.-вызв. руху на анексіраваных Польшчай бел. землях была партыз. барацьба, якая ў 1923—24 ахапіла большасць паветаў (гл. Партызанскі рух у Заходняй Беларусі). На Другой канферэнцыі КПЗБ (ліст. 1924) арганізацыйна аформілася антыпарт. групоўка, якая зыходзіла з курса на ўзбр. паўстанне, патрабавала адасаблення КПЗБ ад КПРП (гл. Сэцэсія). Трэцяя канферэнцыя КПЗБ (студз. 1926) прызнала памылковым курс на ўзбр. паўстанне і вызначыла новую тактыку па збіранні сіл рабочых, сялян і нац. інтэлігенцыі. Гэта тактыка далей развіта ў рашэннях Першага з’езда КПЗБ (чэрв.—ліп. 1928). Па ініцыятыве ЦК КПЗБ бел. паслы (дэпутаты) у польск. сейме стварылі ў чэрв. 1925 асобны куб — фракцыю Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ), якая перарасла ў больш як стотысячную арг-цыю і фактычна стала легальным асяродкам КПЗБ. Пасля разгрому ў студз. 1927 Грамады правадніком ідэй Кампартыі ў сейме быў бел. рабоча-сял. пасольскі клуб «Змаганне». КПЗБ была ў авангардзе барацьбы супраць рэжыму Ю.​Пілсудскага, узначальвала большасць выступленняў рабочых у абарону сваіх эканам. і паліт. правоў. Праз БСРГ, «Змаганне», Таварыства беларускай школы Кампартыя арганізоўвала масавыя акцыі супраць нац. ўціску, што стрымлівала працэс паланізацыі бел. насельніцтва. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. палітыка КПЗБ характарызавалася лявацка-сектанцкім падыходам, адмоўным стаўленнем да бел. нац. паліт. партый і арг-цый — Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Беларускай санацыі, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, кваліфікуючы іх як састаўную частку нацыянал-фаш. лагера. Арыентацыя на сацыяліст. рэвалюцыю і выключэнне з рэв. лагера дэмакр. сіл звузіла фронт апазіцыйнага да пілсудчыкаў бел. дэмакр. лагера і стала адной з прычын спаду нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі ў пач. 1930-х г. На яго аслабленне адмоўна паўплывалі і рэпрэсіі палітычныя ў 1930-я г. ў БССР у адносінах да кіраўнікоў БСРГ, «Змагання» і ЦК КПЗБ, якія ў 1932 па абмене палітзняволенымі перададзены ў СССР. У рэзалюцыях ЦК КПЗБ 1934 па нац. пытанні БРА трактавалася як агентура бел. нацыяналізму ў радах КПЗБ. У 2-й пал. 1930-х г. Кампартыя ўзяла курс на аб’яднанне дэмакр. сіл. У рашэннях Другога з’езда КПЗБ (май 1935) выпрацаваны новыя тактыка і стратэгія, скіраваныя на адзінства дзеянняў і стварэнне шырокага антыфашысцкага народнага фронту. Забастоўкі, мітынгі, дэманстрацыі ў 1936—37 праходзілі пад заклікамі барацьбы супраць наступу сіл фашызму і вайны, увядзення антыдэмакр. канстытуцыі, за амністыю палітзняволеным, салідарнасць з рэсп. Іспаніяй, разрыў саюза з гітлераўскай Германіяй і за супрацоўніцтва з СССР. У 1938 дзейнасць КПЗБ спынена. Паводле рашэння Выканкома Камінтэрна КПП і яе састаўныя часткі КПЗБ і КПЗУ ў жн. 1938 на аснове беспадстаўнага абвінавачання былі распушчаны. Роспуску папярэднічалі рэпрэсіі ў 1937 у адносінах да кіруючага актыву партыі. Абвінавачанні супраць КПЗБ і яе актыву зняты пасля апублікавання 21.2.1956 у газ. «Правда» заявы Цэнтр. Камітэтаў Кампартый Сав. Саюза, Балгарыі, Італіі, Польшчы і Фінляндыі, у якой дадзена высокая ацэнка дзейнасці КПП, падкрэслена, што роспуск яе быў неабгрунтаваны.

Літ.:

Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР’ Док. и материалы. Т. І—2. Мн., 1962—72;

Революционный путь Комларгии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966;

Полуян В.А., Полуян И.В. Революционное и национально-освободительное движение в Западной Белоруссии в 1920—1939 гг. Мн., 1962;

Мацко А.Н. Революционная борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против гнета буржуазии и помещиков 1918—1939 іт. Мн., 1972;

Воткович Г.Б. КПЗБ в борьбе за интернациональное единство трудящихся (1929—1933 гг.). Мн., 1975;

Ладысеў У.Ф. КПЗБ — арганізатар барацьбы працоўных за дэмакратычныя правы і свабоды (1934—1938 гг.). Мн., 1976;

Яго ж. В борьбе за демократические права и свободы. Ми., 1988;

Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ: Воспоминания. Мн., 1983;

Зелинский П.И. Политическая работа КПЗБ в массах, 1923—1938. Мн., 1986;

Мисаревич Е.А. На освобожденной земле. Мн., 1989;

Bergmann A Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1984.

У.​Ф.​Ладысеў.

Дэлегаты II з’езда Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. 1935.

т. 7, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НДАН (London),

горад, сталіца Вялікабрытаніі. Знаходзіцца на ПдУ Англіі, абапал берагоў р. Тэмза, за 70—60 км ад Паўночнага мора. З навакольнымі гарадамі ўтварае канурбацыю Вялікі Л. з 32 гарадскіх (метрапалітэнскіх) акруг і Сіці (цэнтр ч. горада). Пл. каля 2 тыс. км². 7,6 млн. ж., з прыгарадамі на адлегласці да 72 км ад цэнтра горада — больш за 12,5 млн. ж. (1997, больш за 20% насельніцтва краіны). Трансп. вузел міжнар. значэння. Порт у эстуарыі Тэмзы (праходзіць каля 40% імпарту краіны і каля 25% экспарту). Міжнар. аэрапорты Хітраў і Гатуік (больш за 50 млн. пасажыраў штогод). Вузел чыгунак і шашэйных дарог. Найбуйнейшы прамысл., навук. і культ. цэнтр краіны, гал. ў Вялікабрытаніі і 2-і ў свеце (пасля Нью-Йорка) гандл.-фін. цэнтр. У Л. найб. акцыянерныя кампаніі і банкі краіны, фондавая біржа, страхавое таварыства Лойда, сусв. рынак золата (каля 80% сусв. продажу золата). Прам-сць дае больш за 25% прамысл. прадукцыі краіны. Гал. галіны прам-сці: аўтамабіле- і самалётабудаванне, суднабудаванне і суднарамонт, агульнае і дакладнае машынабудаванне, электратэхн., электронная, хім. (у т. л. нафтахім.), харч., швейная, трыкат., гарбарна-абутковая, папяровая, паліграф., мэблевая. Важны цэнтр ваеннай прам-сці, каляровай металургіі, буд. прам-сці. Цэнтр турызму. Першы ў свеце метрапалітэн (з 1863).

Да стараж.-рым. заваявання Брытаніі (40—60-я г. н. э.) кельцкае паселішча; упершыню згадваецца стараж.-рым. гісторыкам Тацытам (1—2 ст. н. э.). У 1 ст. рым. ваен. лагер, пазней рачны і марскі порт. З сярэдзіны 4 ст. значны паліт. цэнтр рым. Брытаніі. У час англа-саксонскага заваявання разбураны, у пач. 7 ст. гал. горад Каралеўства ўсх. саксаў (Эсекс). У 9—10 ст. на горад нападалі датчане. З канца 11 — пач. 12 ст. афіц. сталіца Англіі (з 1707 — Вялікабрытаніі), з 1265 у ім знаходзіцца парламент. У канцы 12 ст. атрымаў права самакіравання. З 16 ст. найбуйнейшы эканам. цэнтр і порт Англіі, у т. л. заснаваны гандл кампаніі Маскоўская (1555), Левантыйская (1581), Ост-Індская (1600) і інш., Лонданская біржа (1571). Гараджане ўдзельнічалі ў барацьбе за Вялікую хартыю вольнасцей (1215), паўстаннях (1381, 1450), англійскіх рэвалюцыях 17 стагоддзя. Горад спустошаны эпідэміяй чумы 1665 і пажарам 1666. У 1830-я г. тут пачаўся чартысцкі рух (гл. Чартызм). У 1860—63 у Л. пабудаваны першы ў свеце метрапалітэн. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр рабочага і міжнар. сацыяліст. руху, у т. л. паліт. эміграцыі. У 2-ю сусв. вайну Л. бамбардзіравала ням. авіяцыя (гл. Бітва за Англію 1940—41), тут знаходзіліся эмігранцкія ўрады Польшчы, Даніі, Нарвегіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Чэхаславакіі, штаб-кватэра «Змагарнай Францыі». Л. — месца шматлікіх дыпламат. сустрэч, нарад і міжнар. канферэнцый, падпісання міжнар. дагавораў (Лонданскі дагавор 1854, Лонданскі пратакол 1830, Лонданскія канвенцыі аб чарнаморскіх пралівах, Лонданскія перагаворы 1939 і інш.). Урадавыя ўстановы размешчаны на Даўнінг-стрыт.

Л. развіваўся стыхійна шляхам зліцця самаст. гарадоў і пасёлкаў (цяпер раёны Л.). Гіст. і паліт. цэнтр Л. — раён Вестмінстэр. На яго тэр. арыстакратычны раён Уэст-Энд з параднай ансамблевай забудовай у стылі класіцызму (асабнякі, атэлі, гандл. вуліцы, каледжы, музеі, паркі), у т. л. раёны Рыджэнт-стрыт, Оксфард-сёркус і інш. (усе 1812—30, арх. Дж.​Нэш), Адэльфі, Портлендплейс і інш. (1768—1800, арх. Р. і Дж.​Адамы, часткова перабудаваны). У раёне Сіці (дзелавы цэнтр Л.) цэрквы раманская Сент-Барталам’ю-зе-Грэйт (засн. ў 1123), рамана-гатычная храмоўнікаў Тэмпл (Сент-Мэры; 12—13 ст.), ратуша (Гілдхол; каля 1411—40, майстар Дж.​Крокстан, перабудавана ў 1788—89, арх. Дж.​Данс Малодшы), палац Хэмптан-корт (з 1515), комплекс Тэмпл (падвор’е юрыстаў; 16—17 ст.), будынкі банкаў, кантор, біржаў і інш. На У ад яго — новы жылы раён (1960—80-я г.) з культ. «Барбікан-цэнтрам». Да Сіці прылягаюць раёны Таўэр-Хамлетс з замкам-крэпасцю Таўэр і Іст-Энд з докамі і рабочымі кварталамі. Сярод інш. арх. помнікаў Л.: царква Сент-Мэры-ле-Боу (1670—80), сабор св. Паўла (1675—1710, абодва арх. К.​Рэн), шпіталі ў Грынвічы (1616—1728, арх. І.​Джонс, Рэн, Дж.​Ванбру) і Чэлсі (1694, арх. Рэн), царква Сент-Мэры-ле-Стрэнд (1714—17, арх.

Дж.​Гібс), рэзідэнцыя лорд-мэра Меншанхаўс (1739—53, арх. Дж.​Данс Старэйшы), Сомерсет-хаўс (1776—86, арх. У.​Чэймберс), Нац. галерэя на Трафальгарскай пл. (1832—38, арх. У.​Уілкінс; усе класіцызм), будынак парламента ў Вестмінстэры (1840—52, арх. Ч.​Бэры, АП’юджын, 1862—68, арх. Э.​Бэры), Таўэрскі мост (1886—94, арх. Дж.​Бэры, Х.​Джонс; абодва неаготыка), Савет Вял. Л. (1911—12, арх. Р.​Нот), Брытанік-хаўс (1924—27, арх. Э.​Лачэнс; абодва неакласіцызм). Сярод узораў сучаснай архітэктуры: будынак рэдакцыі газ. «Дэйлі экспрэс» (1932, арх. Х.​О.​Эліс, Кларк), канцэртная зала (Роял-фестывал-хол; 1949—51, арх. Р.​Мэцью, Л.​Марцін), аэравакзал (1956, арх. Ф.​Гіберт), будынак амер. пасольства (1960, амер. арх. Э.​Саарынен), Цэнтр мастацтваў (1967, арх. Х.​Бенет). Сярод паркаў Сент-Джэймс-парк, Гайд-парк, Рыджэнтс-парк. Па ініцыятыве Э.Хоўарда ў Л. створаны шэраг эксперым. гарадоў-садоў (Уэлін-Гардэн-Сіці, з 1920, арх. Л. дэ Суасон і інш.). Паводле плана Вял. Л. (1944, арх. П.​Аберкрамбі) пабудаваны гарады-спадарожнікі Л. (Стывенідж і Харлаў, з 1946, арх. Гіберт, і інш.). У зах. і паўн. раёнах Вял. Л. — стадыёны Уімблдан і Уэмблі. У Л. помнікі: «Манумент» у памяць аб пажары 1666 (1671—76, арх. Рэн), Калона Нельсана на Трафальгарскай пл. (1840—43, арх. У.​Рэйлган), «Кенатаф» у памяць аб 1-й сусв. вайне (1919—20, арх. Лачэнс) і інш. Вестмінстэрскія палац, абацтва, царква св. Маргарыты і Таўэр уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Сярод навуч. і навук.-асв. устаноў Л. — Лонданскі універсітэт, Каралеўская акадэмія музыкі, Акадэмія прыгожых мастацтваў, Лонданскае каралеўскае т-ва, Брыт. акадэмія і інш. У Л. больш за 30 музеяў, у т. л. Брытанскі музей, Нац. галерэя, галерэя Тэйт, Музей Вікторыі і Альберта, збор Уолес, ін-т Корталда (усе мастацкія); каля 80 т-раў, у т. л. «Ковент-Гардэн», Каралеўскі Шэкспіраўскі тэатр, «Роял Корт», «Друры-Лейн»; канцэртныя залы Роял-фестывал-хол, Куін-Элізабет-хол; муз. калектывы (Лонданскі сімф. аркестр, Лонданскі філарманічны аркестр, Каралеўскі балет, Аркестр Бі-Бі-Сі). У Л. Беларуская бібліятэка і Музей імя Францішка Скарыны.

Літ.:

Воронихина Л.Н. Лондон. Л., 1969;

Иконников А.В. Лондон. Л., 1972.

Лондан. На пярэднім плане — Таўэр.
Сомерсет-хаўс у Лондане. 1776—86. Арх. У.​Чэймберс.
Лондан. Трафальгарская плошча з калонай Нельсана.

т. 9, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ СПА́СА-ЕФРАСІ́ННЕЎСКІ МАНАСТЫ́Р, Полацкі Спаскі манастыр,

помнік архітэктуры 12 — пач. 20 ст. ў г. Полацк Віцебскай вобл. Знаходзіцца на ўскраіне горада, на правым беразе р. Палата. Засн. ў пач. 12 ст. князёўнай Ефрасінняй Полацкай як абарончы фарпост Полацка (з Пн), за 2 км ад горада, у в. Сяльцо, на месцы, дзе знаходзілася драўляная царква Спаса. У 1579 кароль Рэчы Паспалітай Стафан Баторый заняў Полацк і заснаваў у манастыры сваю рэзідэнцыю, потым перадаў яе езуітам. У 1656 паводле загаду рас. цара Аляксея Міхайлавіча манастыр пераасвячоны і вернуты праваслаўным. З 1667 зноў належаў езуітам, пасля 1820 перайшоў да піяраў. З 1832 вернуты праваслаўным, з 1841 жаночы манастыр. У 1844 пры манастыры адкрыта 3-класнае жан. вучылішча, сіроцкі прытулак, багадзельня. Найб. росквіту манастыр дасягнуў у канцы 19 ст. пры ігуменні Яўгенні (Гаваровіч). У 1910 сюды з Кіева перавезены мошчы св. Ефрасінні Полацкай. У пач. 20 ст. ў манастыры былі мураваныя храмы, якія ўтваралі невял. плошчу пры ўваходзе, а таксама каля 20 драўляных і мураваных жылых і гасп. пабудоў, сад, агарод. У1928 манастыр закрыты. У Вял. Айч. вайну на тэр. манастырскага комплексу быў лагер сав. ваеннапалонных, многія пабудовы разбураны. З 1943 манастыр пачаў дзейнічаць. У 1960 зноў закрыты (насельніцы пераведзены ў Жыровіцкі Успенскі манастыр). З 1989 манастыр аднавіў сваю дзейнасць. У ансамбль уваходзяць: цэрквы Спаса-Праабражэнская і Свята-Ефрасіннеўская трапезная (цёплая), Крыжаўзвіжанскі сабор, жылы дом, брама-званіца з жылым манастырскім корпусам, падмуркі храма-пахавальні. У 1998—2000 узведзены манастырскі жылы корпус, гасп. пабудовы, майстэрні. Спаса-Праабражэнская царква — помнік архітэктуры Полацкай школы дойлідства. Размешчана ў цэнтры манастырскага комплексу. Пабудавана паміж 1152—61 дойлідам Іаанам на заказ Ефрасінні Полацкай як саборны храм. З пераходам манастыра да езуітаў царква была ператворана ў касцёл. У 1833 часткова перабудавана (арх. А.​Порта). Мураваны 3-нефавы 6-стаўповы крыжова-купальны храм (8 χ 12). Цэнтр. неф з У завершаны паўкруглай масіўнай апсідай, больш вузкія бакавыя нефы — паўкруглымі нішамі ў тоўшчы сцяны. Паўд. і паўн. фасады расчлянёны пілястрамі з паўкалонамі, якія рытмічна падзяляюць паверхню на 3 вузкія і 2 шырокія прасценкі (чаргуюцца), прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі на 2 узроўнях (ніжнія ў 1,5 раза большыя за верхнія, з т.зв. броўкамі з 4 радоў плінфы). Напачатку царква мела пазакамарнае пакрыццё асн. аб’ёму і больш нізкага нартэкса. Барабан купала ўзвышаўся над скляпеннямі асн. аб’ёму і апіраўся на квадратны ў плане пастамент, на гранях якога былі какошнікі. Закамары і какошнікі мелі кілепадобнае завяршэнне, што стварала ярусную кампазіцыю верху. У 19 ст. пазакамарнае пакрыццё заменена 3-схільным дахам. Уваход на хоры — у паўн. частцы зах. сцяны. Па баках хораў 2 маленькія келлі, адна з іх, паводле падання, прызначалася для Ефрасінні Полацкай. Інтэр’ер аздоблены фрэскамі 12 ст. — унікальнымі творамі стараж.-рус. манум. мастацтва. Даследаванні паверхні сцен, скляпенняў і слупоў даюць падставу меркаваць, што ўвесь храм багата ўпрыгожаны фрэскамі, якія закрыты напластаваннямі тынку і алейнай размалёўкай 5 832—35 і 1840. Расчыстка сценапісу праводзілася ў 1937, 1938, 1940, 1950, 1972. Адкрыта 8 фрагментаў фрэсак 12 ст. Тры з іх знаходзяцца ў алтарнай частцы: на лапатках паўд. і паўн. сцен выявы невядомых святых ва ўвесь рост з кнігамі ў руках, на паўд. сцяне побач з бакавым праёмам выява святога, што моліцца на фоне высокай вежы. 5 фрагментаў у цэнтр. частцы: на паўд. сцяне 2 з выявамі святых манашак; на паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. слупах франтальныя выявы святых ва ўвесь рост са скруткамі ў руках; на паўн.-зах. слупе, які падтрымлівае хоры, выява невядомай маладой святой. У апошнія гады пазнейшыя алейныя размалёўкі пачалі ападаць. Адкрылася шмат новых фрагментаў і сюжэтных кампазіцый у цэнтр. (10 выяў) і бакавых апсідах, цэнтр. частцы, у келлі Ефрасінні Полацкай. Фрэскі вылучаюцца выразнасцю індывід. характарыстык, натхнёнасцю, эмацыянальнасцю, суровай экспрэсіяй. Выявы святых пададзены ў класічных прапорцыях: з прадаўгаватымі тварамі, вял. міндалепадобнымі вачыма, цёмнымі вачніцамі, сціснутымі, але прыгожымі і жывымі вуснамі. Стараж. фрэскамі таксама была размалявана вонкавая паўд. сцяна (не захавалася). У 1161 Лазар Богша для царквы зрабіў Крыж Ефрасінні Полацкай. Крыжаўзвіжанскі сабор размешчаны з левага (паўн.) боку ад Спаса-Праабражэнскай царквы. Узведзены ў 1893—97 з цэглы (паводле праекта У.​Ф.​Коршыкава) у руска-візант. стылі. З пач. 1990-х г. вядзецца расчыстка і кансервацыя размалёвак (мастак-рэстаўратар І.​В.​Ракіцкі). Уяўляе сабой крыжова-купальны 3-нефавы храм, 4-слуповы, 5-купальны, з 3 прытворамі і паўцыркульнай апсідай. Цэнтр. шлемападобны купал на высокім светлавым 12-гранным барабане. Па вуглах ад яго 8-гранныя вежы, завершаныя шлемападобнымі купаламі. У дэкар. аздабленні фасадаў выкарыстаны закамары, арачныя ўваходныя парталы, паўкалонкі, круглыя медальёны. У 1990 праведзена рэстаўрацыя сабора.

Свята-Ефрасіннеўская трапезная (цёплая) царква размешчана з правага (паўд.) боку ад Спаса-Праабражэнскай царквы. У 1847 1-павярховы жылы дом быў прыстасаваны пад царкву, у 1849 перабудаваны. Уяўляе сабой прамавугольны ў плане аб’ём з 5-граннай апсідай (з У), 4-гранным прыдзелам (з Пд) і прытворам (з 3). Накрыта 2-схільным дахам, у цэнтры якога невял. купал з галоўкай на драўляным 8-гранным барабане. Уваход у выглядзе арачнага партала з шырокай лесвіцай, сцены дэкарыраваны рустам, аконныя праёмы паўцыркульныя з ліштвамі. У 1989 царква адрэстаўрыравана. Жылы корпус размешчаны на ПдУ ад Спаса-Праабражэнскай царквы (каля храма-пахавальні). Пабудаваны ў пач 18 ст. з цэглы як жылы, пазней — летняя рэзідэнцыя генерала езуіцкага ордэна. 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак з уваходам з усх. боку. Сцены прарэзаны невял. аконнымі праёмамі з ліштвамі, вуглы дэкарыраваны руставанымі лапаткамі і ўмацаваны (з боку яра) 2 масіўнымі контрфорсамі. Брама-званіца і манастырскі корпус размешчаны пры ўваходзе на тэр. манастыра з боку вул. Фрунзе. Брама-званіца, узведзеная ў 1882 з цэглы, уяўляла сабой 1-арачны пралёт, перакрыты цыліндрычным скляпеннем і завершаны вежай-званіцай (не захавалася; у 1992 адноўлена). Да яго з 2 бакоў далучаліся 1-павярховыя флігелі. Да левага флігеля ў 1902 прыбудаваны 3-павярховы (1-ы паверх цокальны) мураваны жылы манастырскі корпус. Фундаменты храма-пахавальні размешчаны за 100 м на ПнУ ад Спаса-Ефрасіннеўскай царквы. Існаваў у 1-й пал. 12—1-й пал. 17 ст. Уваходзіў у ансамбль манастыра. Быў пабудаваны ў традыцыях Полацкай школы дойлідства. Паводле археал. даследаванняў 1947, 1961—62, 1964, 1976 храм быў 3-нефавы, 4-стаўповы, крыжова-купальны (шыр. 14,85 м, даўж. без апсіды 17,2 м), 3-апсідны (бакавыя апсіды размешчаны ў тоўшчы ўсх. сцяны). З паўд., зах. і паўн. бакоў абнесены галерэяй (шыр. 4,1 м), якая пераходзіла ў невял. капліцы з самаст. апсідамі. Сцены складзены з плінфы ў тэхніцы муроўкі са «схаваным радам». Фасады аформлены лапаткамі ступеньчатага профілю. Унутры храм быў багата аздоблены. Знойдзена шмат кавалкаў тынкоўкі з фрэскавай размалёўкай: з арнаментам, выявамі святых і анёлаў. Узорыстая мазаічная падлога была выкладзена з керамічных паліваных плітак рознай формы; малюнкі выкладаліся са смальты ў форме квадратаў, трохвугольнікаў і палосак. Выяўлены таксама рэшткі мужчынскіх пахаванняў ў цагляных камерах. Храм быў пахавальняй полацкіх епіскапаў. Захаваліся падмуркі і часткова ніжнія ч. сцен. Комплекс манастыра ўваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік. З 1997 у манастыры знаходзіцца адноўлены Крыж Ефрасінні Полацкай (маст. М.​Кузьміч). У 2000 у гонар 2000-годдзя Раства Хрыстова і 100-годдзя смерці ігуменні Яўгенні (Гаваровіч) у саборы ўстаноўлена памятная дошка (аўтары: А.​Інькова, Г.​Лаўрэцкі, А.​Царык).

Літ.:

Монастырь у церкви Спаса: Полоцкий Спасо-Ефросиниевский монастырь с древности до наших дней: Фотоальбом. Мн., 2000.

Г.​А.​Лаўрэцкі, Т.​І.​Чарняўская, В.​В.​Церашчатава.

Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. Спаса-Праабражэнская царква.
Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. Храмы (злева направа): Крыжаўзвіжанскі сабор, Спаса-Праабражэнская, Свята-Ефрасіннеўская трапезная (цёплая) цэрквы.

т. 12, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ БЕЛАРУ́СЬ,

частка тэр Беларусі, якая ў выніку савецка-польскай вайны 1920 захоплена Польшчай і паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 знаходзілася ў яе складзе да вер. 1939. Паводле адм.-тэр. падзелу тэр. З.Б. была падзелена на 29 паветаў, што ўваходзілі ў Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы. Агульная пл. 113 тыс. км², нас. 4,6 млн. чал. (1931). Гал. культ. і навук. цэнтрам З.Б. была Вільня. У прамысл. адносінах найб. развіты Беластоцкі прамысл. раён. Найб. гарады: Вільня, Гродна, Брэст, Беласток, Слонім, Ліда, Навагрудак, Пінск, Лунінец, Кобрын, Пружаны, Ваўкавыск, Баранавічы, Маладзечна, Вілейка. З.Б. была адносна адсталай агр. ускраінай Польшчы і выкарыстоўвалася ёй пераважна як крыніца сыравіны, таннай рабочай сілы і рынак збыту яе прам-сці. У эканоміцы назіраўся застой. Працоўныя пакутавалі і ад эксплуатацыі, і ад нац. ўціску. Разбураная войнамі прам-сць аднаўлялася марудна, новыя прадпрыемствы амаль не будаваліся, прыродныя багацці краю (асабліва лясы) выкарыстоўваліся няшчадна. У 1928 у З.Б. дзейнічала каля 2 тыс. прадпрыемстваў, але на 80% з іх працавала па 5—20 чал. У гады эканам. крызісу (1929—33) тут часова спынілі работу каля 230 прадпрыемстваў. Складаючы 24% тэрыторыі і 13% насельніцтва Польшчы, удзельная вага прам-сці З.Б. ледзь перавышала 3%. У прам-сці, на транспарце і лесараспрацоўках было занята каля 100 тыс. чал.; амаль 50 тыс. рамеснікаў. Беспрацоўе тут было хранічнае (больш за 25 тыс. беспрацоўных у 1936), рабочы дзень дасягаў 10—12 гадз., зарплата была больш нізкая, чым у карэннай Польшчы. Больш за 80% насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай. Сяляне пакутавалі ад малазямелля, перажыткаў прыгонніцтва (адработкі, шарваркі), цяжкіх падаткаў, высокіх цэн на прамысл. тавары і нізкіх цэн на с.-г. прадукты, запазычанасці банкам, самаўпраўства чыноўнікаў і паліцыі. У 1920-я г. на памешчыцкі маёнтак у сярэднім прыпадала каля 500 га зямлі, на сял. двор — каля 7 га; амаль 55 тыс. гаспадарак мелі надзел меншы за 1 га, каля 90 тыс. парабкаў былі зусім беззямельныя. У выніку зямельных рэформ 1920—30-х г. (парцэляцыя, ліквідацыя сервітутаў, камасацыя, пасяленне асаднікаў) зямельныя ўладанні памешчыкаў значна паменшалі, хоць зусім не ліквідаваны. Рэформы садзейнічалі ўмацаванню сял. гаспадарак, рассяленню сялян на хутары (да 1939 на хутары расселена каля 70% сял. гаспадарак). У 1930-я г. прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі значна вырасла: ураджайнасць збожжавых дасягнула ўзроўню Францыі, а па многіх культурах пераўзышла фермераў ЗША. Адсутнасць радыкальных пераўтварэнняў у агр. сектары спрыяла захаванню ў сял. сем’ях традыц. ўкладу, працоўнай маралі, нац. культуры і бел. мовы. Перанаселеная вёска не мела адтоку ў прам-сць, таму ў пошуках работы сяляне часта эмігрыравалі ў краіны Зах. Еўропы і Амерыкі. Польскія ўлады праводзілі палітыку прымусовай паланізацыі і асіміляцыі беларусаў, забаранялі бел. школы, абмяжоўвалі прыёмы з бел. школ у ВНУ, не дазвалялі карыстацца роднай мовай у дзярж. установах, не прызнавалі тэрміна «З.Б.», а называлі яе «крэсы ўсходне» («усх. ўскраіны») або Белапольшчай. З 400 бел. школ, што існавалі на тэр. З.Б. да 1921, у 1928 засталося 29 бел. і 49 польска-бел. школ, у 1934—16. Былі закрыты 2 настаўніцкія семінарыі (у Барунах і Свіслачы), 8 бел. гімназій (у Будславе, Гродне, Грудку, Клецку, Маладзечне, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах). Каля 35% насельніцтва З.Б. заставалася непісьменным (1939). Жорстка праследавалася бел. прэса, асабліва рэв. кірунку. Калі ў 1927 легальна выдаваліся 23 бел. газеты і часопісы, то ў 1930 іх стала 12; да 1939 асталіся толькі прапольскія і клерыкальныя выданні. Улады вышуквалі розныя прычыны, каб закрываць бел. выдавецтвы. бібліятэкі, клубы, хаты-чытальні. Гал. метадам кіравання ў З.Б. быў прымус, а часам і тэрор. Турмы і Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер былі перапоўнены паліт. вязнямі. Часта праводзіліся судовыя паліт. працэсы, масавыя рэпрэсіі. Бяспраўе, малазямелле, нац. прыгнёт, урадавая дыктатура абвастралі супярэчнасці, стваралі ўмовы для ўзмацнення нац.-вызв. руху, які ў розныя часы прымаў розныя формы, але ніколі не спыняўся. Эканам. выступленні рабочых часта суправаджаліся антыўрадавымі дэманстрацыямі, мітынгамі, сутычкамі з паліцыяй. Найб. вострыя формы гэты рух набыў у перыяды эканам. крызісу (1929—33) і стварэння антыфашысцкага народнага фронту (1935). Адбываліся і антыўрадавыя выступленні сялян (гл. Косаўскі расстрэл 1927, Асташынскае выступленне сялян 1932, Кобрынскае выступленне сялян 1933, нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935). Дэпутаты сейма ад З.Б. вялі парламенцкую барацьбу ў складзе Беларускага пасольскага клуба. У 1925—27 разгарнулася дзейнасць магутных нац.вызв. арг-цый Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ, больш за 2 тыс. яе гурткоў аб’ядноўвалі каля 120 тыс. членаў), у 1927—30 — «Змаганне». Да 1930 левае крыло вызв. руху ў З.Б. было разгромлена. Легальную дзейнасць працягвалі толькі цэнтрысцкія і кансерватыўныя нац.-дэмакр. партыі і культ.-асв. арг-цыі. На працягу 1921—37 у ліку вядучых культ.-асв. арг-цый было Таварыства беларускай школы (ТБШ). Прыкметнай была дзейнасць Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (1926—37), Таварыства беларускай асветы. Радыкальны рэв. рух у З.Б. ў 1921—23 узначальвала Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), у 1923—38 — Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ, у 1933 аб’ядноўвала каля 4 тыс. членаў). Спалучэннем легальных і нелегальных форм барацьбы КПЗБ часам удавалася скіроўваць нац.-вызв. рух у рэчышча класавай барацьбы. З гэтай мэтай яна выкарыстоўвала папулярныя ў народзе заклікі да самавызначэння З.Б., падтрымлівала надзённыя патрэбы працоўных, папулярызавала ў прыхарошаным выглядзе дасягненні ў БССР. Але нац. нігілізм КПЗБ у 1930-я г. абумовіў яе дэструктыўную ролю ў нац.-вызв. руху. Пад кіраўніцтвам КПЗБ дзейнічалі Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі (МОПР Зах. Беларусі), чырв. прафсаюзы, студэнцкая лявіца «Фронт». КПЗБ выдавала газ. «Чырвоны сцяг». час. «Бальшавік» і інш. Свае газеты і часопісы выдавалі БРА, БСРГ, «Змаганне», ТБШ, «Фронт», КСМЗБ, МОПР Зах. Беларусі і інш. грамадскія арг-цыі; выдаваліся прагрэсіўныя сатыр. час. «Маланка», «Асва». Сялянскія і хрысціянска-дэмакр. бел. партыі адхілялі рэв. рух як крайнюю і экстрэмісцкую форму барацьбы, найчасцей вялі памяркоўную палітыку. Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД, вядучая партыя З.Б. ў 1930-я г.), Беларускі сялянскі саюз (БСС), Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюз), Беларуская санацыя і інш. партыі і арг-цыі часам дамагаліся дробных уступак у галіне бел. нац. культуры праз згоду з польскімі ўладамі. Значны ўплыў на развіццё нац.вызв. руху ў З.Б. мела творчасць бел. пісьменнікаў М.​Танка (Я.​І.​Скурко), П.​Пестрака, В.​Таўлая, Л.​Родзевіча, М.​Васілька, А.​Салагуба, М.​Засіма, Н.​Арсенневай, Х.​Ільяшэвіча, П.​Карузы, М.​Краўцова, С.​Крыўца, А.​Стаповіча, М.​Машары, У.​Самойлы, публіцыстаў А.​Альшэўскага, І.​Канчэўскага, А.​Луцкевіча, Я.​Міско, А.​Станкевіча, В.​Харужай, навукоўцаў Б.​Тарашкевіча, С.​Рак-Міхайлоўскага, І.​Дварчаніна. З л-рай З.Б. звязана творчасць У.​Жылкі, К.​Сваяка, Г.​Леўчыка, М.​Гарэцкага, А́.Гаўрылюка і інш. Намаганнямі паэтаў «Беларускай газеты» ў снеж. 1933 праведзены нелегальны з’езд пісьменнікаў З.Б., прынята дэкларацыя з заклікам стварыць арг-цыю пісьменнікаў дзеля творчай работы «для народа і разам з ім». У 1934 улады забаранілі «Беларускую газету» і арыштавалі актыўных яе супрацоўнікаў. Значны ўклад у выяўл. мастацтва З.Б. зрабілі мастакі Я.​Горыд, Я.​Драздовіч, П.​Сергіевіч, М.​Сеўрук, у муз. культуру — К.​Галкоўскі, Л.​Рагоўскі, М.​Забэйда-Суміцкі. Плённую дзейнасць па стварэнні нар. хораў і збору бел. нар. песень праводзілі А.​Грыневіч, Р.​Шырма, Г.​Цітовіч і інш. Большасць грамадска-паліт. і культ.-асв. арг-цый З.Б. размяшчалася ў Вільні, у т. л. выд-вы (Беларускае выдавецкае таварыства, Выдавецтва Таварыства беларускай школы, Выд-ва Бел. ін-та гаспадаркі і культуры, Выд-ва Бел. сялянска-работніцкага клуба, Знамяроўскага У. выдавецтва, Клецкіна Б.А. выдавецтва), Беларускае навуковае таварыства, Беларускі музей, Беларуская драматычная майстроўня, Беларускае дабрачыннае таварыства, Віленская беларуская гімназія, школы, кнігарні і інш. Тут выдадзены многія творы Гарэцкага, Дварчаніна, Родзевіча, М.​Танка, Машары; выдаваліся многія газеты і часопісы, падручнікі для бел. школ, шматлікія календары, прамовы дэпутатаў у сейме. ТБШ, БСРГ і «Змаганне» праз свае клубы, гурткі і бібліятэкі-чытальні вялі шырокую культ.-асв. работу сярод насельніцтва, стваралі маст. гурткі, рыхтавалі канцэрты, якія былі своеасаблівым пратэстам супраць намераў польскіх улад задушыць роднае бел. слова і нар. культуру. Паліцыя часта арыштоўвала дзеячаў культуры і кіраўнікоў маст. самадзейнасці. Сярод найб. выдатных дзеячаў рэв. нац.-вызв. руху ў З.Б. былі кіраўнікі БСРГ, «Змагання», ТБШ, БРА і КПЗБ: Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Дварчанін, А.​Луцкевіч, А.​Станкевіч, А.​Уласаў, П.​Валошын, П.​Мятла, М.​Бурсевіч, Альшэўскі, М.​Арэхва, Я.​Бабровіч, І.​Дабрыян, А.Данялюк, М.​Дворнікаў, Ф.​Валынец, Я.​Гаўрылік, І.​Грэцкі, П.​Крынчык, Г.​Муха-Мухноўскі, А.​Лябецкая, Ф.​Стацкевіч, М.​Пяткевіч, Паўловіч, М.​Кепель, П.​Кізевіч, А.​Канчэўскі, І.​Лагіновіч (П.​Корчык), І.​Малец, С.​Панкова, С.​Прытыцкі, Родзевіч, І.​Сяменікаў, А.​Федасюк, Харужая, У.​Царук і інш.

Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва З.Б. і Зах. Украіны. Жыхары З.Б. шчыра сустракалі армію як вызваліцельніцу. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (Беласток, 28—30.10.1939) прыняў Дэкларацыю пра абвяшчэнне Сав. улады і ўз’яднанне З.Б. з БССР. 12.11.1939 сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла законы пра ўз’яднанне З.Б. з БССР. Гэтым было адноўлена нац. адзінства бел. народа (гл. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР). Паводле дамоўленасці ўрадаў СССР і Літвы ў кастр. 1939 Віленскі край з г. Вільня перададзены ў склад Літвы, а паводле сав.-польскай дамоўленасці ў вер. 1944 Беластоцкая вобл. і некалькі раёнаў Брэсцкай вобл. перададзены Польшчы. У выніку новага адм.-тэр. падзелу (4.12.1939) на тэр. З.Б. былі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая (26 раёнаў), Беластоцкая (24 раёны, з 20.9.1944 Гродзенская вобл., 15 раёнаў), Брэсцкая (18 раёнаў), Вілейская (22 раёны, з 20.9.1944 Маладзечанская вобл.), Пінская (11 раёнаў).

Літ.:

Народное (национальное) собрание Западной Белоруссии 28—30 октября 1939 г.: Стеногр. отчет. Мн., 1946;

Stankievič A. Biełaruski chryścijanski ruch. Vilnia. 1939;

Горбунов Т.С. Воссоединение белорусского народа в едином советском социалистическом государстве. М., 1948;

Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1962—72;

Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966;

Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;

Полуян В.А. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927—1939 гг.). Мн., 1978;

Муха-Мухновский Г.М. Пути-дороги. Мн., 1973;

Калеснік У. Усё чалавечае: Літ. партрэты, артыкулы, нарысы. Мн., 1993;

Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988;

Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ. Мн., 1983;

Рагуля В. Успаміны. Мн., 1993.

І.​П.​Хаўратовіч.

Да арт. Заходняя Беларусь. Першамайская дэманстрацыя працоўных Гродна. 1937.
Да арт. Заходняя Беларусь. Брукаванне вуліцы ў вёсцы Зубелевічы (Ляхавіцкі раён). 1928.

т. 7, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1905—07 У РАСІ́І,

першая расійская рэвалюцыя; няўдалая спроба змены дзярж. ладу. Выклікана рэзкім абвастрэннем эканам. і сац.-паліт. становішча ў сувязі з руска-японскай вайной 1904—05. Пачалася з расстрэлу рабочай дэманстрацыі ў Пецярбургу 9(22).1.1905 (гл. «Крывавая нядзеля»). Выступленні салідарнасці з рабочымі сталіцы ахапілі ўсю краіну. У студз.—сак. 1905 баставалі 810 тыс. прамысл. рабочых — у 2 разы болей, чым за 10 папярэдніх гадоў. У многіх месцах забастоўкі і дэманстрацыі суправаджаліся сутыкненнямі з войскамі і паліцыяй. Барацьба разгортвалася пад заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Далоў вайну!», «Няхай жыве рэвалюцыя!». Вырасла папулярнасць левых партый (Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, сацыялістаў-рэвалюцыянераў і інш.). У крас. 1905 на III з’ездзе РСДРП бальшавікі ахарактарызавалі рэвалюцыю, як бурж.-дэмакратычную і пралетарскую. Буржуазію яны лічылі няздольнай узначаліць рэв. барацьбу, таму адзіным саюзнікам пралетарыяту, на іх думку, было сялянства, што змагалася за зямлю. Бальшавікі заклікалі шляхам арганізацыі ўзбр. паўстання скінуць самадзяржаўе і ўстанавіць уладу часовага рэв. ўрада, органа пралетарыяту і сялянства, да склікання Устаноўчага сходу. Меншавікі (правае крыло РСДРП) склікалі асобную канферэнцыю, на якой вызначылі, што рэвалюцыя з’яўляецца і паводле характару, і паводле рухаючых сіл буржуазнай. З гэтага вынікала, што гал. задачай рэвалюцыі з’яўляецца пераход улады да буржуазіі і стварэнне ў Расіі парламенцкай рэспублікі. На працягу 1905 рэвалюцыя развівалася па ўзыходнай лініі. Яе вясенне-летні ўздым пачаўся масавымі першамайскімі забастоўкамі рабочых (220 тыс. удзельнікаў). Свята Першае мая адзначалася ў 200 гарадах. Больш за 2 месяцы баставалі рабочыя г. Іванава-Вазнясенск, дзе для кіраўніцтва выступленнем быў створаны першы Савет упаўнаважаных дэпутатаў (правобраз Саветаў рабочых дэпутатаў). Буйная падзея рэвалюцыі — паўстанне каманды браняносца «Пацёмкін» на Чорным м. (чэрв.—ліп. 1905) — першая спроба стварэння ядра рэв. ўзбр. сіл. Амаль адначасова адбылося паўстанне маракоў на Балтыцы ў Лібаве (Ліепаі). Усяго летам 1905 адбылося больш за 10 выступленняў у арміі і на флоце. Крыху пазней пачаў разгортвацца сял. рух, у якім пераважным уплывам карысталіся сацыялісты-рэвалюцыянеры (эсэры). Па іх ініцыятыве ў жн. 1905 у Расіі ўзнікла першая масавая арг-цыя сялян — Усерасійскі сялянскі саюз, які выступаў за мірныя метады барацьбы (перагаворы, петыцыі). Разам з тым эсэры актыўна выкарыстоўвалі ў барацьбе з царскімі ўладамі тактыку індывід. тэрору. Летам 1905 толькі ў Еўрап. Расіі адбылося больш за 900 сял. выступленняў. Напалоханы размахам рэвалюцыі ўрад 19.8.1905 апублікаваў маніфест аб скліканні законадарадчай думы. Аднак гэты праект не задаволіў не толькі рэв. лагер, але і лібералаў, і не быў ажыццёўлены. Восень 1905 характарызавалася далейшым нарастаннем рэв. выступленняў. У пач. кастр. 1905 у Маскве забаставалі рабочыя Гал. майстэрань Казанскай чыгункі, хутка да іх далучыліся практычна ўсе чыгункі Маскоўскага вузла. Гэтыя падзеі сталі пачаткам Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі 1905 (каля 2 млн. удзельнікаў), якая праходзіла пад заклікамі дэмакр. свабод і склікання Устаноўчага сходу і фактычна паралізавала эканам. жыццё краіны. Да рабочых далучыліся служачыя і дробная буржуазія. Ствараліся Саветы рабочых дэпутатаў. Ва ўрадавым лагеры адчувалася збянтэжанасць. Войскі неахвотна выконвалі навязаныя ім паліцэйскія функцыі па задушэнні нар. незадавальнення. Найб. кансерватыўныя сілы ў акружэнні цара Мікалая П заклікалі ўжыць жорсткія меры, больш дальнабачныя прапаноўвалі пайсці на пэўныя ўступкі. Ў выніку гэтых ваганняў цар падпісаў Маніфест 17 кастрычніка 1905 (30.10 па н. ст.) «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку», у якім дэкларавалася ўвядзенне дэмакр. свабод і скліканне Дзяржаўнай думы з заканад. функцыямі. Для рас. лібералаў абнародаванне маніфеста азначала перамогу і адначасова канец рэвалюцыі. Іх мэты былі дасягнуты. Рас. буржуазія і дваранства пачалі ствараць партыі на легальнай аснове. Былі арганізаваны партыя буйной буржуазіі і капіталіст. арыентаваных памешчыкаў — Саюз 17 кастрычніка (гл. Акцябрысты), партыя ліберальнай буржуазіі — Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя (кадэты). Нягледзячы на істотныя разыходжанні ў праграмах, акцябрысты і кадэты былі адзіныя ў імкненні ператварыць Расію ў канстытуцыйную манархію. Акрамя буржуазных кансалідаваліся і крайне правыя (чарнасоценныя) партыі, сац. базай якіх было памеснае дваранства, духавенства і найб. цёмныя нізы горада і вёскі, пранізаныя манархісцкім і нацыяналіст. духам. Найб. масавым быў створаны ў ліст. 1905 Саюз рускага народа. Маніфест 17 кастр. не спыніў напалу рэв. барацьбы. Увосень 1905 актывізавалася сялянства, у ліст. Сял. саюз абвясціў аб далучэнні да ўсеагульнай забастоўкі. Сяляне патрабавалі раздзелу памешчыцкай зямлі. Рэвалюцыянізацыя сялянства адбівалася на настроях у арміі і на флоце, бо большасць салдат і маракоў былі выхадцамі з сялян. Найб. грамадскі рэзананс мела Севастопальскае паўстанне 1905. Адным з найб. вострых пытанняў рэвалюцыі было нацыянальнае. Русіфікатарская палітыка самадзяржаўя прывяла да ўздыму нац.-вызв. барацьбы ў імперыі. У Фінляндыі. Польшчы, Прыбалтыцы, Закаўказзі, Украіне народы патрабавалі ўраўнавання ў правах, магчымасці атрымліваць адукацыю на роднай мове, развіваць нац. культуру. Адбываўся працэс стварэння нац. паліт. партый. Кульмінацыяй рэвалюцыі стала Снежаньская ўсерасійская палітычная стачка 1905, якая перарасла ва ўзбр. паўстанні ў Маскве і многіх гарадах поўдня Расіі, Урала, Сібіры, Украіны. Усе яны былі жорстка задушаны войскамі і паліцыяй, якім не маглі процістаяць рабочыя з іх тактыкай барыкадных баёў. Пачаўся паступовы спад рэвалюцыі, хоць часам хвалі рабочых, сялянскіх, салдацкіх і матроскіх выступленняў (Свеаборгскае паўстанне 1906, Кранштацкае паўстанне 1906 і інш.) узнімаліся даволі высока. На апошнім этапе рэвалюцыі (1906—07) у сувязі з узмацненнем урадавага тэрору паліт. барацьба ў значнай ступені перамясцілася ў Дзярж. думу, у 1-м (10.5—21.7.1906) і 2-м (5.3—15.6.1907) складах якой існавала лева-ліберальная большасць (кадэты, трудавікі, нар. сацыялісты, сацыял-дэмакраты і інш.), шырока абмяркоўваліся пытанні аграрнай рэформы. У той жа час спробу рэфармавання краіны пачаў старшыня Савета міністраў П.А.Сталыпін. Аднак амаль усе прапанаваныя ім законапраекты былі правалены Думай і царскім акружэннем, якое бачыла ў Сталыпіне «разбуральніка асноў». Рэфармаванне краіны «зверху» зноў пацярпела няўдачу, што ў канчатковым выніку прадвызначыла рэвалюцыю 1917. Канцом рэвалюцыі 1905—07 лічыцца «трэцячэрвеньскі пераварот» 1907 (16.6 па н. ст.), калі царызм распусціў 2-ю Дзярж. думу. Прыняты урадам новы выбарчы закон істотна абмежаваў выбарчыя правы працоўных. Усталявалася «трэцячэрвеньская манархія», якая, нягледзячы на свой кансерватыўны характар, была новым у параўнанні з дарэв. часам этапам развіцця рас. дзяржаўнасці (спалучала элементы ранейшага самадзяржаўя і бурж. парламенцкай манархіі).

На Беларусі Р. 1905—07 пачалася ў студз. 1905 выступленнямі салідарнасці з рабочымі Пецярбурга, якія ахапілі 31 горад і мястэчка, у т. л. Мінск. Віцебск, Магілёў, Гродна, Брэст, Смаргонь, Мазыр, Полацк, Слонім. У канцы студз. — пач. лют. праходзілі масавыя эканам, забастоўкі асобных прадпрыемстваў і цэлых галін прам-сці. Рабочыя дамагліся скарачэння рабочага дня да 9—10, а часам нават да 8 гадзін, прыкметнага павышэння заробкаў і інш. уступак. Нярэдка эканам. забастоўкі суправаджаліся антыўрадавымі маніфестацыямі. Пад уплывам паліт. выступлення рабочых пачалі абуджацца дэмакр. пласты гар. насельніцтва, вучнёўская моладзь. Свята Першага мая паўсюдна на Беларусі адзначана 18 крас. (па ст.) стачкамі, дэманстрацыямі і сходамі пад заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве дэмакратычная рэспубліка!». Падзеі летам 1905 на Беларусі прадэманстравалі непарыўную сувязь барацьбы мясц. пралетарыяту з агульнарас. рэв. рухам. Летні уздым барацьбы ў краі быў выкліканы крывавымі расправамі царскіх улад над рабочымі Лодзі, Варшавы, Адэсы, Іванава-Вазнясенска, а таксама паўгадавінай пачатку рэвалюцыі. У чэрв.-ліпені выступленні салідарнасці адбыліся ў Мінску, Віцебску, Магілёве, Бабруйску, Барысаве, Оршы, Смаргоні, Копысі. У Талачыне і Ашмянах мелі месца ўзбр. дэманстрацыі. Усяго ў крас.—чэрвені паліт. выступленні рабочых адбыліся ў 56 гарадах і мястэчках Беларусі. Пад уздзеяннем рабочага руху пачаўся масавы рэв. рух сялян, накіраваны супраць памешчыкаў і мясц. адміністрацыі. Калі ў студз.—сакавіку 1905 на Беларусі адбылося 53, то ў крас.—чэрвені — 237 сял. выступленняў. У чэрв. адбылася агульная забастоўка сялян-падзёншчыкаў і парабкаў Навагрудскага павета. На працягу лета 1905 падобныя забастоўкі ахапілі Мінскі, Гродзенскі, Брэсцкі, Бабруйскі, Ваўкавыскі, Слуцкі і Рэчыцкі пав. Гэта была новая для вёскі форма барацьбы, якая пашыралася пад уплывам агітацыі мясц. арг-цый рэв. партый — РСДРП, эсэраў, Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), Бунда. Кіравалі гэтымі выступленнямі выбарныя сял. к-ты, якія рыхтавалі патрабаванні да памешчыкаў і вялі перагаворы з імі. Памешчыкі вымушаны былі пайсці на ўступкі — павысіць плату сялянам-падзёншчыкам і парабкам. Летам 1905 адбыліся хваляванні салдат у Мінску і Віцебску. У жн. 1905 паўсюдна на Беларусі прайшлі мітынгі і дэманстрацыі пратэсту супраць спробы царызму падмануць народ шляхам склікання дарадчай Дзярж. думы. У кастр. 1905 Беларусь, як і ўся краіна, была ахоплена кастр. усерас. паліт. стачкай, якая прымусіла царызм да выдання Маніфеста 17 кастр. з абяцаннем дэмакр. свабод. Паліт. рух працоўных у гэты час адбываўся ў 53 бел. гарадах і мястэчках. Ужо пасля абвяшчэння Маніфеста былі расстраляны мітынгі ў Віцебску і Мінску (гл. Курлоўскі расстрэл 1905), адбыліся сутычкі з паліцыяй у Полацку і Смаргоні, яўрэйскія пагромы ў Гомелі, Рэчыцы, Оршы. На Беларусі дзейнічалі аддзяленні Саюза рускага народа, акцябрыстаў, кадэтаў. Паліт. платформу кадэтаў падтрымлівала Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі. Небывалага размаху дасягнула дзейнасць партый рэв.-дэмакр. лагера — РСДРП, Бунда, эсэраў, БСГ, Польскай сацыялістычнай партыі. Іх нізавыя арг-цыі выйшлі з падполля і дзейнічалі амаль адкрыта — праводзілі мітынгі і сходы, выдавалі газеты і лістоўкі, кіравалі стачкамі рабочых, выступленнямі сялян і вайскоўцаў. Пад уплывам кастр. падзей колькасць сял. выступленняў вырасла з 17 у вер. да 154 у ліст. (у 9 разоў); у снеж. іх было 286. Пачасціліся выпадкі разгромаў і падпалаў памешчыцкіх маёнткаў. У Горацкім, Клімавіцкім і Чэрыкаўскім пав. Магілёўскай губ. сял. рух набыў характар узбр. паўстання. Сур’ёзныя хваляванні адбываліся ў войску. У Гродне ад падпарадкавання камандаванню адмовілася артыл. брыгада, у ліст. 1905 адбыліся Бабруйскае выступленне салдат 1905, Баранавіцкае выступленне рабочых і салдат 1905, Брэсцкія выступленні Салдат 1905—07 і інш. У час Снеж. усерас. паліт. стачкі 1905 рэв. выступленні адбыліся ў 28 гарадах і мястэчках Беларусі (усе задушаны ўзбр. сілай). Нягледзячы на ваен.-паліцэйскі тэрор, узровень рэв. руху на Беларусі ў студз. 1906 заставаўся даволі высокім: рабочыя 13 гарадоў стачкамі адзначылі гадавіну рэвалюцыі, сял. рух у студз. выліўся ў 135 выступленняў, першамайскія забастоўкі 1906 адбыліся ў 40 населеных пунктах. Адначасова з паліт. узмацняўся і эканам, рух рабочых, у якім усё большую ролю адыгрывалі прафес. саюзы, легалізаваныя ў час рэвалюцыі. Удзельная вага паліт. выступленняў бел. сялян летам 1906 перасягнула паказчыкі 1905. Пасля роспуску 1-й Дзярж. думы (ліп. 1906) урад ва ўнутр. палітыцы перайшоў да адкрытага ваен. тэрору. У такіх умовах рэв. сілы на Беларусі, як і паўсюдна ў Расіі, пачалі адступаць. Колькасць рабочых і сял. выступленняў паступова змяншалася. Партыі інтэлігенцыі і буржуазіі канчаткова перанеслі сваю дзейнасць у Думу.

Літ.:

Первая русская революция и ее историческое значение. М., 1975;

Филяков В.Г. Революционные связи рабочих Белоруссии и России в конце XIX — начале XX в. Мн., 1987;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994.

У.​Г.​Філякоў.

Да арт. Рэвалюцыя 1905—07 у Расіі. Браняносец «Пацёмкін», які паўстаў, у Адэскім порце. Чэрвень 1905.
Да арт. Рэвалюцыя 1905—07 у Расіі. Дэманстрацыя рабочых у Смаргоні. Кастрычнік 1905.

т. 13, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́ 1812, Айчынная вайна 1812,

абарончая вайна Расіі супраць французскай агрэсіі; першы этап агульнаеўрапейскай антынапалеонаўскай вайны 1812—14.

У 1810-я г. франц. імператар Напалеон I Банапарт падпарадкаваў сабе амаль усе дзяржавы Еўропы. Пасля перамог над рус.-аўстр. войскамі пад Аўстэрліцам (1805) і рускімі пад Фрыдландам (1807) Напалеон навязаў нявыгадны для Расіі Тыльзіцкі мір 1807 і прымусіў яе далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі, што цяжка адбілася на эканоміцы Расіі. Франка-рус. адносіны абвастрыліся з-за палітыкі Францыі на Б. Усходзе і асабліва са стварэннем Варшаўскага герцагства. З 1810 абодва бакі пачалі рыхтавацца да вайны. Выкарыстаўшы эканам., паліт. і ваен. націск, шчодрыя абяцанкі саюзнікам (Прыбалтыку — Прусіі, Валынь — Аўстрыі, Беларусь, Літву і частку Украіны ў межах 1772 — Польшчы), Напалеон фактычна стварыў супраць Расіі агульнаеўрап. кааліцыю. Была падрыхтавана вялізная на тыя часы 600-тысячная т.зв. «Вялікая армія». Набытыя арміяй вопыт, дысцыпліна і ваенны геній Напалеона зрабілі яе грознай сілай. Слабасцю арміі Напалеона была рознапляменнасць і чужыя салдатам мэты вайны.

Ваен. міністр Расіі М.Б.Барклай дэ Толі (з 1810) распрацаваў буйнамаштабную праграму павышэння баяздольнасці рус. арміі, ажыццявіў шэраг мер па падрыхтоўцы тэатра ваен. дзеянняў супраць Варшаўскага герцагства і Францыі. Рамантаваліся старыя крэпасці, будаваліся новыя, фарміраваліся новыя для рус. арміі пастаянныя злучэнні — пях. карпусы і кав. дывізіі. Аляксандр I з канца 1810 усё больш схіляўся да ідэі наступальнай вайны ў саюзе з Прусіяй, ліквідацыі Варшаўскага герцагства і абвяшчэння сябе польскім каралём. 17.10.1811 Расія і Прусія заключылі саюзную ваен. канвенцыю, якая прадугледжвала рус. акупацыю ўсх. ч. Варшаўскага герцагства. У хуткім часе пасля гэтага Аляксандр I аддаў загад аб гатоўнасці ўсіх карпусоў на зах. граніцы да паходу.

У сак. 1812 сфарміраваны 3 рус. зах. арміі: 1-я (каля 120 тыс. чал., галоўнакаманд. Барклай дэ Толі) у Літве і зах. Беларусі, 2-я (каля 49 тыс. чал., галоўнакаманд. П.І.Баграціён) у наваколлі Луцка (у маі 1812 набліжана да 1-й арміі і заняла пазіцыі ў раёне Ваўкавыск—Зэльва), 3-я рэзервовая (каля 44 тыс. чал., галоўнакаманд. А.П.Тармасаў) у раёне Жытоміра, потым перамешчана пад Луцк. Іх дапаўнялі 3 асобныя корпусы (каля 103 тыс. чал.) — П.​К.​Эсена каля Рыгі, П.​І.​Мелер-Закамельскага каля Тарапца і Ф.​Ф.​Эртэля каля Мазыра.

21.4.1812 Аляксандр I выехаў з Пецярбурга ў Вільню ў гал. кватэру 1-й арміі і прыняў вярх. камандаванне. Даведаўшыся пра гэта, Напалеон таксама накіраваўся да сваіх войск, якія разгортваліся ў раёне Віслы. 22.6.1812 Францыя аб’явіла Расіі вайну, і 24 чэрв. яе гал. сілы перайшлі рас.-польск. граніцу ў раёне Коўна. У ходзе Віленскай аперацыі 1812 французы без бою 28 чэрв. занялі Вільню; армія Барклая дэ Толі, якую праследаваў узмоцнены авангард І.​Мюрата, пачала адступаць на Свянцяны ў напрамку на Дрысенскі лагер. Франц. войскі ўклініліся паміж 1-й і 2-й рус. арміямі і атрымалі магчымасць сканцэнтраваць амаль усе сілы супраць Баграціёна, на армію якога з фронту наступалі войскі Жэрома Банапарта, а шляхі адступлення адрэзала група Даву, што накіравалася з Вільні на Мінск. Аднак Баграціён здолеў адарвацца ад праціўніка і пачаў адступленне ад Мінска. Напалеон рушыў на Глыбокае, каб перарэзаць шлях адступлення 1-й арміі і прымусіць яе прыняць бітву. Але Барклай дэ Толі, выйшаўшы з Дрысенскага лагера, пакінуў П.Х.Вітгенштэйна прыкрываць Пецярбургскі напрамак, а сам пайшоў правым берагам Зах. Дзвіны да Полацка. Аляксандр I па патрабаванні вышэйшых саноўнікаў пакінуў армію, падпісаўшы адозву «Першапрастольнай сталіцы нашай Маскве» і маніфест пра збор апалчэння. Баграціён, які ад Навагрудка накіроўваўся да Міра, даведаўся, што Даву ўжо заняў Валожын і тым самым адрэзаў шлях на Мінск. У баях каля Міра (гл. Мірскі бой 1812) і Раманава ар’ергард 2-й арміі затрымаў прасоўванне праціўніка, і Баграціён бесперашкодна адступіў на Слуцк і Бабруйск, імкнучыся апярэдзіць французаў у руху да Магілёва. Але 20 ліп. Даву першы заняў горад. Спроба Баграціёна з боем прарвацца праз Магілёў, каб злучыцца з 1-й арміяй (бітва каля Салтанаўкі), не ўдалася. Гал. сілы 2-й арміі 24 ліп. пераправіліся цераз Дняпро каля Нова-Быхава і рушылі на Мсціслаў і Смаленск. Тым часам 1-я армія 23 ліп. перайшла на левы бераг Зах. Дзвіны і заняла пазіцыю за р. Лучоса, чакаючы падыходу Баграціёна з боку Оршы, каб даць Напалеону ген. бітву. У выніку бою каля Астроўна 25—26 ліп. наступленне французаў прыпынена. 30 ліп. — 1 жн. адбыліся Клясціцкія баі 1812 паміж войскам Вітгенштэйна і корпусам Ш.​Удзіно. На крайнім левым флангу «Вялікай арміі» Ж.​Макданальд накіраваў адну са сваіх дывізій на Рыгу, 1 жн. заняў Дынабург. 1-я і 2-я рус. арміі 3 жн. злучыліся ў Смаленску і, выкарыстаўшы раскіданасць напалеонаўскіх войск на фронце ад Веліжа да Магілёва, 7 жн. перайшлі ў наступленне на Віцебскім напрамку. Праз 5 дзён сустрэчнае наступленне пачаў Напалеон. 16—17 жн. адбылася першая ген. бітва (гл. Смаленская аперацыя 1812). Рускія вымушаны былі пакінуць Смаленск, але, маючы забяспечаны тыл, арганізавана адступілі па маскоўскай дарозе.

Марадзёрства, рабаванне і насілле чужынцаў выклікалі гнеў і нянавісць насельніцтва. Сяляне перашкаджалі франц. арміі нарыхтоўваць харчы і фураж, знішчалі салдат, часам ішлі ў лясы і стваралі партыз. атрады. Ствараліся і армейскія партыз. атрады Дз.В.Давыдава, І.С.Дорахава, Сяславіна, Фігнера, Кудашова і інш.

У гэты час Вітгенштэйн спрабаваў выцесніць войскі Удзіно з Полацка, але быў адкінуты і адышоў да Дрысы (гл. Полацкія бітвы 1812). Ваен. дзеянні на паўд. флангу вяліся самастойна, без непасрэднай сувязі з цэнтр. напрамкам. Армія Тармасава 18 ліп. рушыла з Луцка на Кобрын і 27 ліп. перамагла пях. брыгаду корпуса Ж.​Рэнье (гл. Кобрынскі бой 1812). Карпусы К.​Шварцэнберга і Рэнье 12 жн. атакавалі Тармасава каля Гарадзечна (гл. Гарадзечанская бітва 1812), нанеслі яму вял. страты і гналі да Луцка. З Прусіі і Варшаўскага герцагства карпусы К.​Віктора і П.​Ф.​Ажэро рушылі на Вільню. Супраць гарнізона Бабруйскай крэпасці (гл. Бабруйская абарона 1812) і корпуса Эртэля з Магілёва была накіравана дывізія Я.Г.Дамброўскага, а ў склад корпуса Рэнье з герцагства — зводны атрад А.​Касінскага.

Для кіравання акупіраванымі тэр. Беларусі і Літвы Напалеон зацвердзіў у Вільні Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага, улада якога пашыралася на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губ. і Беластоцкую вобл., ператвораныя ў дэпартаменты з мясц. і франц. адміністрацыяй. Аналагічна былі арганізаваны Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ., хоць яны не падпарадкоўваліся Часоваму ўраду. Рабаўніцкая сістэма фуражных і харч. нарыхтовак для франц. арміі, спроба акупац. улад правесці рэкруцкі набор у «літоўскія» войскі паводле рас. закону, рашэнне Напалеона захаваць на Беларусі і ў Літве да канца вайны прыгоннае права прывялі да масавых сял. хваляванняў.

Пасля Смаленскай бітвы 1-я і 2-я рус. арміі (каля 111 тыс. чал.) рухаліся як адна армія. 20 жн. Аляксандр I прызначыў галоўнакаманд. усімі арміямі М.І.Кутузава. Наступленне французаў актывізавалася; Напалеон ірваўся да Масквы, каб тут прадыктаваць Расіі ўмовы міру. Кутузаў вырашыў даць ген. бітву за 110 км ад сталіцы каля в. Барадзіно. 7 вер. адбылася Барадзінская бітва 1812, у якой рускія, паводле слоў Напалеона, «здабылі славу быць непераможнымі». Абодва бакі мелі велізарныя страты (у рускіх каля 46 тыс. чал.), таму Кутузаў аддаў загад адступаць далей. На ваен. нарадзе ў Філях (13 вер.) было вырашана пакінуць Маскву без бою, каб захаваць армію. Адступіўшы ад Масквы, Кутузаў скрытна перавёў армію з Разанскай на Калужскую дарогу і размясціў пад Таруцінам (т.зв. Таруцінскі манеўр). Рус. армія выйшла з-пад удару ворага, атрымала магчымасць папоўніць войскі людскімі і матэрыяльнымі рэсурсамі. Пачаліся пажары, дэмаралізаваныя і галодныя акупанты рабавалі горад. 6 дзён, што правялі ў Маскве Напалеон і яго армія, былі вырашальным фактарам, які змяніў ход вайны на карысць Расіі. Узмацніўся патрыят. рух насельніцтва, якое перашкаджала французам у нарыхтоўцы харчавання і фуражу, парушала іх камунікацыі на лініі Масква—Смаленск.

Пераканаўшыся, што заключыць мір не ўдасца, Напалеон 19 кастр. пакінуў Маскву і вырашыў адступаць па Калужскай дарозе праз багатыя паўд. губерні. Але Кутузаў бітвай пад Малаяраслаўцам 24 кастр. прымусіў Напалеона адступаць па спустошанай Смаленскай дарозе. Голад, які пачаўся ў франц. войску, гібель коней узмацніліся з вял. маразамі. Рус. армія гнала ворага, б’ючы яго з флангаў і тылу. У баях каля Краснага 16—18 ліст. французы страцілі каля 25 тыс. чал., аднак усе іх карпусы (акрамя ар’ергарда М.​Нея) прабіліся па дарозе на Дуброўну, перайшлі Дняпро і ўступілі ў Оршу.

Да гэтага часу змяніліся абставіны і на стратэг. флангах. На Валыні з 3-й арміяй Тармасава 19 вер. злучылася Дунайская армія П.В.Чычагова, што дало колькасную перавагу рус. арміі над праціўнікам (60 тыс. чал. супраць 43 тыс.). 30 кастр. армія Чычагова рушыла па пінскім шляху праз Пружаны на Слонім, 13 ліст. каля Новага Свержаня яна перайшла Нёман. Войскі Вітгенштэйна пасля Полацкай бітвы 18—20 кастр. адцяснілі французаў да Лепеля і Докшыц, пасля Чашніцкіх баёў 1812 — да Чарэі. Пераправай Напалеона (за ім і арміі Кутузава) цераз Дняпро пачалася Бярэзінская аперацыя 1812. У ёй рус. камандаванне планавала акружыць і знішчыць праціўніка канцэнтрычнымі дзеяннямі арміі Чычагова, Вітгенштэйна, 1-й і 2-й армій Кутузава. 16 ліст. войскі Чычагова ўзялі Мінск, а 21 ліст. — Барысаў, што абазначала поўнае перасячэнне шляхоў адступлення французаў. Толькі рашучыя і дакладныя дзеянні Напалеона, які, стрымліваючы націск Кутузава і Вітгенштэйна, выбіў Чычагова з Барысава і 26—28 ліст. пераправіў свае войскі цераз Бярэзіну, дазволілі рэшткам «Вялікай арміі» адступіць на Смаргонь і Вільню. Тым не менш вынікі бярэзінскай пераправы былі для Напалеона катастрафічныя. Пад яго камандаваннем заставалася не больш як 10 тыс. чал., і баявога значэння гэтая група практычна не мела. Пасля Маладзечанскага бою 1812 супраціўленне французаў па сутнасці спынілася. Галодныя і замёрзлыя салдаты кідалі зброю і неарганізаваным натоўпам рухаліся да Вільні. 5 снеж. ў Смаргоні Напалеон, даручыўшы камандаванне Мюрату, паехаў у Парыж. У Вільню Мюрат прывёў каля 4 тыс. баяздольных салдат. 10 снеж. іх выбіў з горада армейскі авангард Я.​І.​Чапліна, а рэшткі ўцяклі праз Коўна да прускай граніцы. Поўны разгром цэнтр. групоўкі Напалеона вызначыў і становішча войск на флангах, якія адступілі праз Беласток на Варшаву і праз Шаўлі ва Усх. Прусію. Прыбыццё 22 снеж. Аляксандра I у гал. кватэру Кутузава ў Вільні і пераход да цара ўсёй паўнаты ваен.-паліт. кіраўніцтва азначалі завяршэнне абарончага перыяду вайны і курс на вайну ў Еўропе.

Руска-англа-шведскі саюз склаў аснову 6-й антыфранц. кааліцыі, да якой на працягу 1813 далучыліся Прусія і Аўстрыя. Вайна скончылася поўным падзеннем і паражэннем імперыі Напалеона, рэстаўрацыяй у Францыі каралеўскай улады і дынастыі Бурбонаў. У вызваленых краінах Еўропы аднаўляліся феад.-абсалютысцкія рэжымы, для іх падтрымкі ў 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Паводле Парыжскага мірнага дагавору 1814 і пастаноў Венскага кангрэса 1814—15 Варшаўскае герцагства пераходзіла пад кіраванне Расіі, утворана Каралеўства Польскае. Аляксандр I адхіліў прапанову Кутузава аб канфіскацыі маёнткаў шляхты, якая выступіла на баку Напалеона, і абвясціў амністыю жыхарам зах. губерняў — удзельнікам вайны супраць Расіі пры ўмове, што яны вернуцца на радзіму на працягу 2 месяцаў (пазней гэты тэрмін быў прадоўжаны).

Вайна прынесла велізарныя страты абодвум бакам. Людскія страты напалеонаўскай арміі ацэньваюцца ў 80%, рус. — у 50% ад колькасці воінаў, што прымалі ўдзел у вайне. Скарацілася колькасць насельніцтва Беларусі, асабліва гарадскога. Матэрыяльныя страты 5 бел.-літ. губерняў і Беластоцкай вобл., паводле тагачасных падлікаў, склалі каля 160 млн. руб. серабром. Толькі добрыя ўраджаі 1813 і 1814 выратавалі ад масавага голаду і эпідэмій.

У гонар перамог рус. войск над арміяй Напалеона на тэр. Беларусі пастаўлены помнікі ў Брэсце, Верхнядзвінску, Віцебску, Кобрыне, Маладзечне, Полацку, Друі, у вёсках Астроўна, Капцэвічы, Клясціцы, Паддубна, Салтанаўка, Сапяжынка, Студзёнка і інш.

Літ.:

Богданович М. История Отечественной войны 1812 г. по достоверным источникам. Т. 1—3. СПб., 1859—60;

Харкевич В.Н. Война 1812 г. От Немана до Смоленска... Вильна, 1901;

Тарле Е.В. Нашествие Наполеона на Россию, 1812 г. М., 1992.

В.​В.​Антонаў.

Да арт. Вайна 1812. Атака данскіх казакаў М.​І.​Платава каля Нясвіжа. Чэрвень 1812. Хромалітаграфія 1912.
Да арт. Вайна 1812. Пераправа рускай арміі цераз Нёман у снежні 1812.

т. 3, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎ,

горад, цэнтр Магілёўскай вобл. і раёна. За 201 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Оршу, Асіповічы, Жлобін, Крычаў і аўтамаб. дарог на Мінск, Гомель, Віцебск, Бабруйск і інш. Порт на р. Дняпро. Аэрапорт. 368,9 тыс. ж. (1998).

Гісторыя. Тэр. М. заселена ў раннім жал. веку (5 ст.), пра што сведчаць археал. даследаванні гарадзішчаў Змяёўка і Магіла. У пач. 13 ст. М., верагодна, быў цэнтрам феад. сядзібы-вотчыны, мог выконваць і функцыі крэпасці. Знаходкі рэчаў, характэрных для мангола-татар, даюць падставы меркаваць аб знішчэнні імі М. ў сярэдзіне 13 ст. Упершыню ў пісьмовых крыніцах М. згадваецца ў 14 ст. ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх». У канцы 14 — пач. 15 ст. М. належаў Ядвізе, жонцы вял. кн. ВКЛ і польскага караля Ягайлы, у 1431 — вял. кн. ВКЛ Свідрыгайлу, з 1503 — вял. княгіні Алене Іванаўне. У 1561 М. атрымаў права на войтаўства (гар. самакіраванне), у 1577 — магдэбургскае права і герб (на блакітным полі мураваная вежа з надпісам «Печать места Могилевского»). У 16 ст. М. часта быў арэнай баявых дзеянняў у войнах Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (асабліва ў Лівонскую вайну 1558—83), у 1595 узяты казацка-сял. войскам С.Налівайкі. Нягледзячы на разбурэнні, у 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. горад інтэнсіўна рос: у 1577 у М. 1261 жылы дом, у 1588—1500, у 1604—2211. Паводле дакументаў 2-й пал. 16 ст., у М. каля 70 рамесных спецыяльнасцей, рамеснікі былі аб’яднаны ў 12 цэхаў, у 1-й пал. 17 ст. — у 17 цэхаў. Паводле гасп. значэння горад займаў адно з першых месцаў у ВКЛ, меў права на 2 кірмашы ў год. Супярэчнасці паміж гар. вярхамі і простымі гараджанамі прыводзілі да сац. канфліктаў, што найб. выявілася ў Магілёўскіх паўстаннях 1606—10. У канцы 16—18 ст. ва ўмовах Рэфармацыі і Контррэфармацыі М. з’яўляўся буйнейшым цэнтрам бел. праваслаўя. Тут ствараліся брацтвы, у 1632 засн. Магілёўская праваслаўная епархія, тады адзіная на Беларусі. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654 — 67 жыхары М. ў жн. 1654 перайшлі на бок рас. войск і ўпусцілі іх у горад. У час Магілёва абароны 1655 М. вытрымаў аблогу войск Рэчы Паспалітай. Аднак з цягам ваен. дзеянняў настроі магілёўцаў змяніліся, што прывяло да Магілёўскага паўстання 1661. У 1661 кароль Ян Казімір надаў гораду новы герб: на блакітным полі 3 гарадскія вежы, у сярэдзіне — у адчыненай браме рыцар з узнятым мячом, наверсе — коннік (герб «Пагоня»). У Паўночную вайну 1700—21 М. пацярпеў у 1708 ад шведскіх і рас. войск. У 1745 у горадзе 10 408 ж., 1301 дом. Паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) М. у Рас. імперыі, цэнтр Магілёўскай губерні, Магілёўскай правінцыі (1772—75), Магілёўскага намесніцтва (1778—96). З 1773 М. — цэнтр Бел. рымска-каталіцкай епархіі (з 1782—83 — Магілёўская рымска-каталіцкая архіепархія). У 1781 зацверджаны новы герб горада: «Пагоня» на чырв. полі, а ў верхняй палавіне двухгаловы арол. У вайну 1812 акупіраваны франц. войскамі. У 1859 у М. 5 тыс. ж., 2833 дамы, 923 крамы, 29 цэркваў, 2 манастыры, 4 касцёлы, кірха, 34 сінагогі і яўр. школы. Напярэдадні паўстання 1863—64 восенню 1862 тут створана паўстанцкая арг-цыя з мясц. інтэлігенцыі, а ў 1863 — ваен.-рэв. арг-цыя ў 3-й артыл. брыгадзе, члены якіх пазней уступілі ў Магілёўскія паўстанцкія атрады. У 1897 у М. 43 119 ж., з іх 47,7% пісьменныя, 41 чал. меў вышэйшую адукацыю. У 1902 праз М. пракладзена Пецярбургска-Адэская чыгунка. У пач. 20 ст. ў М. ўзніклі мясц. арг-цыі РСДРП, эсэраў, Бунда і інш. партый. У рэвалюцыю 1905—07 працоўныя горада ўдзельнічалі ў забастоўках, у т. л. ў Кастрычніцкай Усерас. стачцы 1905, адбыўся Магілёўскі з’езд сял. дэпутатаў і інш. У 1-ю сусв. вайну з 21.8.1915 да 26.2.1918 у М. знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага.

Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у сак. 1917 быў абраны Магілёўскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, у якім пераважалі меншавікі і эсэры. У 1917—18 у М. дзейнічаў Беларускі нацыянальны камітэт. У ходзе барацьбы супраць карнілаўшчыны ў М. вырас уплыў бальшавікоў. Гар. Савет прызнаў сав. ўладу, 20.11(3.12).1917 Стаўка занята атрадам рэв. войск на чале з новым галоўнакамандуючым бальшавіком М.В.Крыленкам. З 12.3.1918 М. акупіраваны польскімі легіянерамі (гл. Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918), з 26.5 да 31.10.1918 — герм. войскамі. З 26.4.1919 па 3.3.1925 М. — павятовы цэнтр Гомельскай губ. РСФСР. 3 сак. 1924 зноў у складзе БССР. З 17.7.1924 цэнтр Магілёўскай акругі і Магілёўскага раёна, з 15.1.1938 цэнтр Магілёўскай вобласці. У пач. Вял. Айч. вайны створана Магілёўскае народнае апалчэнне 1941, якое з 3 да 26.7.1941 разам з рэгулярнымі часцямі Чырв. Арміі ўдзельнічала ў Магілёва абароне 1941; упартыя баі разгарнуліся на Буйніцкім полі; значная частка абсталявання з-даў і фабрык горада эвакуіравана, 26.7.1941 М. акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Захопнікі праводзілі палітыку масавага знішчэння насельніцтва і ваеннапалонных: створаны Лупалаўскі лагер смерці, гета ў раёне Дубравенкі, 341-ы перасыльны лагер для ваеннапалонных; усяго ў М. загублена 70 тыс. чал. У М. дзейнічала Магілёўскае патрыятычнае падполле. 28.6.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў ходзе Магілёўскай аперацыі 1944. Пасля вайны адбудаваны. У 1970—202,3 тыс. ж.

Гаспадарка. У 17—18 ст. М. вядомы як рамесна-гандл. цэнтр, які меў гандл. сувязі з гарадамі Расіі, Украіны, Польшчы, Прыбалтыкі. У 1783—84 дзейнічалі 33 прамысл. прадпрыемствы, у т. л. 22 гарбарныя, 7 піваварных, 2 цагельныя з-ды, 2 млыны. 3 адкрыццём Бярэзінскага канала (1805) — буйны рачны порт. Развіццё прам-сці паскорылася ў 2-й пал. 19 ст. У 1854 у М. дзейнічалі 27 цагельных з-даў, 4 мукамольна-крупадзёрныя прадпрыемствы, 34 маслабойні, развіваліся лесапільная, ганчарная, піваварная, свечачная, тытунёвая і інш. галіны прам-сці; у 1859—189 прадпрыемстваў, каля 2500 рамеснікаў; у 1885—124 прадпрыемствы, у т. л. пенькатрапальная мануфактура, Магілёўскія тытунёвыя прадпрыемствы, Магілёўскі піваварны завод; у 1897—220 прадпрыемстваў. У 1877 праведзены гар. водаправод, у 1878 — тэлефон. На пач. 20 ст. ў горадзе з’явілася лінія конкі. У 1910 пабудавана электрастанцыя, у 1913 — чыгуна-медналіцейны з-д (гл. Магілёўскі завод «Строммашына»), у 1915 — Магілёўская панчошная фабрыка. У 1912 на 170 прадпрыемствах М. працавала 712 рабочых. У 1919 дзейнічалі чыгуналіцейна-мех., маслабойны, піваварны, 2 мылаварныя з-ды, лесапільні і гарбарныя прадпрыемствы, тытунёвая і гільзавая ф-кі, электрастанцыя, гар. друкарня. У 1920—30-я г. М. ператварыўся ў буйны прамысл. і культ. цэнтр БССР. У 1926—27 пачала дзейнічаць кандытарская ф-ка «10-ы Кастрычнік», у 1930 — Магілёўскі гарбарны завод, у 1932 трубаліцейны з-д (гл. Магілёўскі металургічны завод), Магілёўскі завод металічных вырабаў. У 1929—30 пабудавана першае на Беларусі прадпрыемства хім. прам-сці — ф-ка штучнага шоўку (гл. Магілёўскі завод штучнага валакна). У 1926—32 пабудавана чыгунка Рослаўль—Крычаў—Магілёў—Асіповічы, у 1931 адкрыта прыстань на р. Дняпро. У 1934 уведзены гар. аўтобусныя маршруты. У 1933—37 пабудаваны з-ды: аўтарамонтны (гл. Магілёўскі аўтамабільны завод), клеявы (гл. Магілёўскі жэлацінавы завод), цагельны (гл. Магілёўскі камбінат будаўнічых матэрыялаў), мэблевая ф-ка. У 1940 у М. 210 прамысл. прадпрыемстваў, каля 13 тыс. рабочых. У пач. Вял. Айч. вайны значная частка прамысл. абсталявання заводаў і фабрык эвакуіравана. Акупанты знішчылі амаль усе прамысл. прадпрыемствы. Пасля вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў у М. пачалі аднаўляцца даваен. і будавацца новыя прадпрыемствы. У 1945 адноўлены металаапр. камбінат (з 1958 Магілёўскі завод «Электрарухавік»), у 1949 пачата буд-ва з-да натуральнага каўчуку (у 1952 рэарганізаваны ў рэгенератарны з-д). У 1950-я г. М. стаў горадам машынабудавання, металургіі, хіміі. З 1960 працуе Магілёўская фабрыка мастацкіх вырабаў. З 1963 тут працуе Магілёўская стужкаткацкая фабрыка, з 1967 — Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод, з 1968 — Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Магілёўскі камбінат сілікатных вырабаў. З 1970 у М. пракладзены тралейбусныя маршруты. Развіты машынабуд. (Магілёўскі завод транспартнага машынабудавання «Магілёўтрансмаш», ВА «Тэхнапрыбор», «Зеніт» і інш.), хім. (Магілёўскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», рэгенератарны з-д і інш.), лёгкая (прадпрыемствы «Магатэкс», «Вяснянка», ф-кі швейная, «Світанак» і інш.), харч. (камбінаты мясны, малочны, з-д напіткаў, хлебазавод і інш.) прам-сць. Працуюць прадпрыемствы буд. матэрыялаў, чорнай металургіі, металаапрацоўкі (Магілёўскі завод вентыляцыйных загатовак і інш.), дрэваапр. прам-сці.

Асвета і культура. Першыя школы ў М. ствараліся пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, буйных маёнтках. Пашыраным было навучанне дзяцей вандроўнымі настаўнікамі-самавукамі. У 1590—92 пры Спаскім манастыры засн. брацкая школа, у якой вывучалі грэч., лац., бел., польск. мовы, дыялектыку, рыторыку, музыку, асновы арыфметыкі, геаметрыі, астраноміі, геаграфіі. У 1740-я г. адкрыта піярская школа (навуч. ўстанова каталіцкага ордэна піяраў), у якой выкладаліся багаслоўе, гісторыя, лац. і польск. мовы, матэматыка, фізіка і інш. Пасля далучэння Беларусі да Расіі (1772) у М. пачалі адкрывацца рус. школы і вучылішчы. У 1789 створана 4-класнае гал. нар. вучылішча, на базе якога ў 1809 адкрыта мужчынская гімназія; у 1865 створаны жаночая гімназія (гл. Магілёўскія гімназіі), Магілёўская цэнтральная школа павітух, у 1875 — Цэнтр. фельчарская школа (на яе базе ў 1917 створана мед. вучылішча), у 1885 — Магілёўскае рэальнае вучылішча, у 1899 — жаночая нядзельная школа. У пач. 20 ст. створаны камерцыйнае і рамеснае вучылішчы, муз. школа, курсы бухгалтараў. У 1912 у М. 4 гімназіі, прыватная яўр. жаночая прагімназія, 14 вучылішчаў, у т. л. мужчынскае духоўнае і жаночае епархіяльнае, духоўная семінарыя, 9 школ, у т. л. жаночая 2-класная, 5 царк.-прыходскіх, 2 агульнаадукацыйныя. У 1913 засн. Магілёўскі настаўніцкі інстытут (на яго базе ў 1918 створаны пед. ін-т; гл. Магілёўскі універсітэт). У 1923 засн. пед. тэхнікум (гл. Магілёўскі педагагічны каледж), у 1928 — культ.-асв. вучылішча (з 1990 вучылішча культуры), у 1937 — муз. вучылішча. У 1932—36 дзейнічаў Магілёўскі палітыка-асветны інстытут. У 1937—53 пры пед. ін-це існаваў настаўніцкі ін-т. У Вял. Айч. вайну большасць навуч. і культ.-асв. устаноў разбурана. Да канца 1945 адноўлены 12 агульнаадук. школ, адкрыты буд. тэхнікум (гл. Магілёўскі будаўнічы каледж), у 1946 засн. Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, у 1947 — машынабудаўнічы тэхнікум (гл. Магілёўскі політэхнічны тэхнікум). У першыя пасляваенныя гады працавалі пед. і настаўніцкі ін-ты, 3 буд. школы, 2 рамесныя і 2 механізацыі сельскай гаспадаркі вучылішчы. У 1961 адкрыты Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут (на базе яго тэхнал. ф-та ў 1973 створаны Магілёўскі тэхналагічны інстытут). З 1967 працуе Магілёўскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум. У 1998/99 навуч. г. ў М.: 100 дашкольных устаноў (больш за 18 тыс. дзяцей), у т. л. 18 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, экалагічнае выхаванне, муз. і тэатр.-маст. творчасць), 2 санаторныя сады (пульманалаг. профілю і для тубвіражных дзяцей); 48 навуч. устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (больш за 35 тыс. навучэнцаў), у т. л. 3 ліцэі і 3 гімназіі з фізіка-матэм., філал., грамадска-эканам., хіміка-біял., эканам.-прававым і інш. профілямі; 6 муз. і 23 дзіцяча-юнацкія спарт. школы; 16 прафес.-тэхн. вучылішчаў (больш за 7 тыс. навучэнцаў); 10 сярэдніх спец. навуч. устаноў (больш за 7 тыс. студэнтаў), у т. л. школа міліцыі, вучылішчы мед. і алімп. рэзерву; 4 ВНУ, у т. л. недзярж. фінансава-эканам. ін-т. У М. 19 масавых б-к, у т. л. Цэнтральная, 10 дзіцячых, 4 мяшанага тыпу, абласная з дзіцячым аддзяленнем. Дзейнічаюць Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.​В.​Масленікава, Магілёўскі музей этнаграфіі (філіял краязн. музея), Магілёўскі мастацкі музей В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі (філіял Нац. маст. музея Беларусі), Музей гісторыі Магілёва.

Архітэктура. У выніку археал. раскопак на ўсх. ускраіне М. выяўлены стаянка позняга мезаліту (6—5-е тыс. да н.э.), стараж. гарадзішчы Пелагееўскае (6 ст. да н.э. — 13 ст. н.э.) і Магіла (5 ст.). Ядром стараж. горада быў умацаваны драўляны замак на высокім узгорку з крутымі схіламі ў сутоках рэк Дубравенка і Дняпро. У 15 ст. М. складаўся з 3 частак: умацаванага замка (дзядзінец), Нагорскага рамесна-гандл. пасада (пазней Стары горад; абмежаваны з У Дняпром, з 3 Дубравенкай, з Пн замкавым ровам) і гандл. плошчы паміж імі. Каля 1526 на месцы старога пабудаваны новы Магілёўскі замак. У 16 ст. тэр. пасада значна пашырылася, на Пн ад яго пачала фарміравацца новая жылая забудова (пазней Новы горад), узніклі паселішчы за Дняпром (Задняпроўскі пасад) і Дубравенкай (Задубравенскі пасад), паміж Дняпром і ручаём Дзебра (Пакроўскі пасад). У 1609—33 узведзены 3 паясы абарончых умацаванняў (земляныя валы з бастыёнамі і ровам). У 17 ст. ў асноўным сфарміравалася планіровачная структура М. Яго цэнтрам стала Гандлёвая пл. (цяпер Савецкая; у 1604 яе тэрыторыя больш за 2 га), на якой размяшчаліся 26 радоў крам і Магілёўская ратуша. Ад плошчы адыходзілі 2 гал. вуліцы — Шклоўская (цяпер Першамайская) і Ветраная (Ленінская), што разам з вуліцамі-дарогамі на Вільню (ПнЗ), Быхаў (3) і Мсціслаў (Пд) фарміравалі радыяльную сістэму планіроўкі горада. У 17—18 ст. сфарміравалася Магілёўская школа дойлідства. Сярод збудаванняў гэтага часу: Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплекс, Магілёўскі Богаяўленскі манастыр, Магілёўскі касцёл і калегіум езуітаў, цэрквы Успенская і Пакроўская, фарны касцёл. У 1708 у час Паўн. вайны 1700—21 М. спалены і разрабаваны, да сярэдзіны 18 ст. адноўлены. У 1778 распрацаваны праектны план М., які меў на мэце ўпарадкаваць планіровачную структуру, надаць ёй рэгулярны характар. У пач. 19 ст. пачалі знішчаць абарончыя земляныя ўмацаванні, якія перашкаджалі далейшаму росту горада. У 1850 пракладзены Бабруйская шаша і Дняпроўскі пад’ём. Да сярэдзіны 19 ст. сфарміраваліся ансамблі Губернатарскай пл. (б. Гандлёвая) з адм. будынкамі на Магілёўскай Саборнай плошчы і Магілёўскім Іосіфаўскім саборам у цэнтры, манум. брамай і будынкам манежа. Арх.-маст. аблічча цэнтр. ч. горада ў 18—19 ст. вызначалі культавыя, жылыя і адм. будынкі: Магілёўскі Спаскі манастыр, Магілёўскай духоўнай семінарыі будынкі, Магілёўскі архіепіскапскі палац, Магілёўскі архірэйскі палац, Магілёўскі касцёл кармелітаў, касцёл і кляштар бернардзінцаў, будынак мужчынскай гімназіі, 2-павярховыя жылыя дамы. Пры ўездзе ў горад на месцы драўляных пабудаваны мураваныя брамы. На планіровачную структуру М. канца 19 — пач. 20 ст. значна паўплывала буд-ва чыгункі (1902). У паўн. ч. горада ўтворана Прывакзальная пл. з кампазіцыйным цэнтрам — будынкам Магілёўскага чыгуначнага вакзала. Пасля ўзвядзення будынка абл. драм. т-ра сфарміравалася Тэатральная пл. Тэр. горада значна пашыралася, забудоўваліся прадмесці Шклоўскае, Быхаўскае, Віленскае, Карабанаўскае, Лупалаўскае; на правым беразе р. Дняпро створана Магілёўская сядзіба «Піпенберг». Мураваныя жылыя і грамадскія будынкі размяшчаліся пераважна ў цэнтры горада. У гэты час узведзены: Магілёўскага банка будынак, Магілёўскага губернскага праўлення будынак, Магілёўскага дваранскага сходу будынак, Магілёўскага жаночага епархіяльнага вучылішча будынак, Магілёўскага крэдытнага таварыства будынак, Магілёўскага настаўніцкага інстытута будынак, Магілёўскія Барысаглебскія цэрквы, Магілёўскага пазямельна-сялянскага банка будынак, будынкі рэальнага вучылішча і жаночай гімназіі.

У 1-й пал. 20 ст. ў М. рэканструяваліся старыя і будаваліся новыя прадпрыемствы, вялося масавае жыллёвае і грамадскае буд-ва. Пачалася комплексная забудова раёнаў горада. Генплан рэканструкцыі М. 1936—39 (ін-т «Белдзяржпраект», арх. Н.​Трахтэнберг, М.​Андросаў) у асноўным захоўваў гістарычна складзеную планіроўку. Горад развіваўся ў шыротным напрамку. Яго структуру вызначалі 2 узаемна перпендыкулярныя дыяметры — вул. Першамайская і праспект Міру, на іх скрыжаванні сфарміраваўся новы адм.-грамадскі цэнтр — пл. Леніна. У 1938—40 тут пабудаваны Магілёўскі Дом Саветаў, адм. будынак (цяпер корпус машынабуд. ін-та; арх. П.​Абросімаў), 5-павярховыя жылыя дамы, гасцініца «Дняпро» (усіх арх. А.​Брэгман і А.​Воінаў), кінатэатр «Радзіма» (арх. У.​Вараксін) і інш. Пасля Вял. Айч. вайны горад развіваўся паводле генплана аднаўлення і рэканструкцыі 1947—50 («Белдзяржпраект», арх. Андросаў, Г.​Парсаданаў). Асн. ўвага аддавалася забудове цэнтр. вул. Першамайскай з прылеглымі да яе кварталамі. З 1960-х г. М. забудаваўся пераважна буйнымі масівамі — жылымі раёнамі і мікрараёнамі. Першыя мікрараёны створаны ў зах. ч. горада — Магілёў-2 (з 1962), Мір-1, -2 (з 1964), пазней ва ўсх. напрамку — «Юбілейны» (з 1967, усіх арх. І.​Фралоў). Паводле генплана 1969 («Белдзяржпраект», арх. Ю.​Глінка, М.​Трыгубовіч, М.​Семяненка) горад развіваўся пераважна ва ўсх. і паўд. напрамках. У паўд. ч. сфарміраваліся новыя жылыя раёны — Задняпроўскі, пазней па пр. Дзімітрова. Інтэнсіўна забудоўваюцца праспекты Пушкінскі, Шміта, Дзімітрава. Для паляпшэння трансп. сувязі з новымі раёнамі ўзведзены 3 масты цераз р. Дняпро. У цэнтр. ч. горада паводле праекта рэканструкцыі вул. Першамайскай (1974, арх. Фралоў) узведзены першыя 3 буйнамаштабныя жылыя дамы з комплексам прадпрыемстваў быт. абслугоўвання (арх. Фралоў, Р.​Борахаў, Я.​Бранцаў, Ю.​Іўжанка), будынкі б. абкома КПБ (цяпер Дом юстыцыі, арх. А.​Кучарэнка, Ю.​Шпіт), дыягнастычнага цэнтра (арх. К. і Г.​Аляксеевы), у інш. ч. горада — гасцініцы «Магілёў» (арх. В.​Астаповіч, Г.​Бенядзіктаў, А.​Лукомская) і «Турыст» (арх. Борахаў, А.​Валовіч), Палац піянераў і школьнікаў (арх. Семяненка, А.​Мельнікаў), Палац культуры камбіната «Хімвалакно» (арх. Я.​Смальгоўскі, В.​Ладыгіна, Астаповіч), карпусы ін-таў педагагічнага (арх. Фралоў, Кучарэнка, Г.​Аляксеева), машынабуд. (В.​Шаўчэнка, Кучарэнка, А.​Юрын) і тэхналагічнага (Ю.​Павалій, У.​Начараў, С.​Сень), навукова-тэхн. аб’яднання (цяпер тэхнапарк, арх.В.​Кільчыцкі), абл. статыстычнага ўпраўлення, вяслярнай базы (арх. І.​Голубева), будынкі кінатэатраў «Кастрычнік» (арх. Кучарэнка) і «Ветразь» (арх. Г.​Бранцаў, С.​Варанец), дзіцячай бальніцы і радзільнага дома (арх. Юрын), аблсаўпрофа (арх. І.​Магазінер), цэнтр. райвыканкома і філіяла Белаграпрамбанка (арх. Кучарэнка), аэрапорт (арх. М. і А.​Семяненкі), дамы дзіцяці (арх. У.​Свінарэнка), друку (арх. А.​Шарапава) і інш. Паводле карэкціроўкі генплана 1969 (1981, БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Глінка, А.​Горб, М.​Мызнікаў) горад развіваўся ў паўн.-ўсх. напрамку, ствараўся агульнагар. цэнтр уздоўж праспекта Міру і р. Дубравенка. Паводле праекта дэталёвай планіроўкі 1988 (БелНДІПгорадабудаўніцтва) прадугледжана далейшая рэканструкцыя забудовы цэнтра горада. У розных раёнах М. пабудавана шмат жылых дамоў паводле індывід. праектаў. Створаны дзіцячы парк, лесапаркі Любужскі і Пячэрскі са штучным возерам. З 1993 ін-там «БелНДІПгорадабудаўніцтва» (пры ўдзеле ін-та «Магілёўграмадзянпраект») вядзецца распрацоўка новага генплана.

У М. брацкія магілы: сав. воінаў; апалчэнцаў; сав. воінаў і падпольшчыка; лётчыкаў, чырвонаармейцаў; магіла ахвяр фашызму. Узведзены мемар. комплексы «Змагарам за Савецкую ўладу» (1982, скульпт. Л.​Гумілеўскі, арх. К.​Аляксееў, А.​Іваноў), на месцы лагера смерці (1948, 1984). Помнікі А.​С.​Пушкіну, М.​Горкаму, Герою Сав. Саюза І.​С.​Лазарэнку, землякам, надмагільны помнік А.​В.​Пысіну, бюсты двойчы Героя Сав. Саюза І.​І.​Гусакоўскага, мастакоў В.​Бялыніцкага-Бірулі, П.​Масленікава і інш.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1616—1773 у М. існавала Магілёўская брацкая друкарня, якая выпускала л-ру на бел, грэч., лац. і польск. мовах. Царк. і свецкую л-ру на бел. і польск. мовах з 1676 выдавала брацкая друкарня пры Богаяўленскім манастыры. З 1774 дзейнічала кансісторская друкарня (гл. Магілёўская друкарня), у якой выкарыстоўваўся грамадз. шрыфт. Сярод шматлікіх выданняў яна друкавала і даведачную л-ру: «Каляндар беларускіх намесніцтваў на 1783 г.» (1782), «Беларускі каляндар на ...» (1784—95), царк. календары. У 1833—1917 пры губ. праўленні працавала Магілёўская губ. друкарня, якая акрамя афіц. матэрыялаў і л-ры свецкага характару з 1838 друкавала газ. «Могилевские губернские ведомости., штогоднія даведнікі «Памятныя кніжкі Магілёўскай губерні» (1861—1916), «Агляд Магілёўскай губерні» (1879—1915) і інш. У 2-й пал. 19 ст. ў М. пачалі стварацца прыватныя друкарні. У 1883—1917 выдаваліся час. «Могилевские епархиальные ведомости» з дадаткам «Воскресенье» (у 1991 адноўлена). У пач. 20 ст. ў М. дзейнічала друкарня Магілёўскай арг-цыі РСДРП. Перыяд. выданняў значна пабольшала, выходзілі таксама працы, справаздачы, даклады і інш., што мелі працяг. Газ. «Могилевские губернские ведомости» мела дадаткі «Сельскохозяйственный листок» (у 1901—9 нумароў) і «Могилевский листок сельского хозяйства и охоты» (1902—05). Акрамя афіцыйных, выдаваліся розных кірункаў грамадска-паліт. і літ. газеты: штодзённая левакадэцкая «Могилевский голос» (1906), праваакцябрысцкая «Могилевский вестник» (1906—17) з дадаткамі — час. «Вестник земского хозяйства Могилевской губернии» (1907—08) і «Листок Коммерческого отдела Могилевского общества сельского хозяйства» (1908—09); «Могилевский курьер» (1911). Губернская земская ўправа выдавала штодзённыя газеты: у 1910 «Могилевскую земскую неделю», у 1917 «Могилевскую жизнь», у 1914—17 «Вестник Могилевского земства». У 1910—11 выходзіў пед. час. «Белорусский учительский вестник». У 1-ю сусв. вайну, калі ў М. размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага, выходзілі перыяд. выданні рознай арыентацыі: для распаўсюджвання ў арм. часцях «Наш вестник» (1915—17) з ілюстраваным дадаткам, т.зв. беспарт. сацыяліст. орган «Свобода, равенство и братство», газ. «Живое слово», органы Стаўкі Часовага ўрада «Вестник главного комитета союза офицеров армии и флота» і «Бюллетень штаба Верховного главнокомандующего» (усе 1917). У час акупацыі М. герм. войскамі выходзілі газ. «Труд», якую выдавалі афіцэры белай гвардыі, газ. кадэтаў «Эхо» (абедзве 1918). Ваен.-рэв. к-т пры Стаўцы выдаваў газ. «Революционная ставка» (ліст. 1917 — сак. 1918). Свае грамадска-паліт. газеты выпускалі Саветы рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў: «Молот» (май — вер. 1917), «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов» (са студз. 1918, неаднаразова мяняла назву, з 1956 «Магілёўская праўда»).

У 1919—20-я г. выходзілі насценныя газеты РОСТА, газ. «Красноармеец», аднадзёнкі, бюлетэнь «Работница и крестьянка». Грамадска-паліт. і літ. газ. «Соха и молот» (1919—24) выпускала штотыднёвы лісток «Красная молодежь» (1920—21) і «Профессиональный двухнедельник» (1921). На прадпрыемствах горада пачалі выпускаць шматтыражныя газеты. У 1931 пачала выходзіць газ. «За камуністычную працу» (мяняла назвы, сучасная «Прыдняпроўская ніва»). У пач. Вял. Айч. вайны ў М. друкавалася рэсп. газ. «Звязда». У часы ням.-фаш. акупацыі магілёўская падп. арг-цыя «Камітэт садзеяння Чырв. Арміі» выпускала малафарматную газ. «За Родину» (з 1942, з восені 1942 — «За Советскую Родину»).

Выходзяць газеты: абл. «Магілёўская праўда» на бел. і рус. мовах) з дадаткам газ. «Днепровская неделя», «Магілёўскія ведамасці» (з 1990, на бел. і рус. мовах), раённая «Прыдняпроўская ніва» (на бел. і рус. мовах), гар. «Вечерний Могилев» (з 1993) з дадаткам, «Веснік Магілёва» (з 1990) з дадаткам, «Толока» (з 1990) з дадаткамі, «Зямля і людзі» (з 1992, на бел. і рус. мовах), «Воскресная газета», «Тыднёвік Магілёўскі» (абедзве з 1996); «Могилевские епархиальные ведомости» і інш. Дзейнічае абл. арг-цыя Бел. саюза журналістаў.

Радыёвяшчанне з 1918, пастаяннае з 1944. Тэлебачанне з 1964, працуюць абл. студыя «Магілёў-1» і гар. канал «Магілёў-2».

Літаратурнае жыццё. У 17 ст. ў М. пэўны час працаваў паэт і філосаф А. (Ян) Белабоцкі (Белаблоцкі). Гісторыі горада прысвечана Магілёўская хроніка, створаная ў канцы 17 — пач. 18 ст. У 1799 на Магілёўшчыне пабываў рус. паэт Г.​Дзяржавін. У М. спыняўся А.​Пушкін (1820, 1824), праз яго праязджалі М.​Гогаль (1828) і Т.​Шаўчэнка (1843, 1847). Пра М. і інш. бел. гарады пісаў у «Паходных запісках рускага афіцэра» (1820) І.​Лажэчнікаў. У 1818 тут выйшаў падрыхтаваны пісьменнікам і педагогам Ф.​Орля-Ашменцам першы на Беларусі час. «Отечественный памятник». У М. нарадзіўся фалькларыст і этнограф П.В.Шэйн. У яго зборніках, асабліва ў «Матэрыялах для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (т. 1—3, 1887—1902) шырока прадстаўлены бел. матэрыял, у т. л. запісы, зробленыя ў М. і на Магілёўшчыне. У 1853 у Пецярбургу выдадзены зб. «Народныя беларускія песні», запісаныя на Магілёўшчыне ўраджэнкаю горада К.​І.​Паўлоўскай (Кігн). У 1859 С.С.Акрэйц, які працаваў у М., намерваўся выдаць тут час. «Белорусский вестник» (праект складзены і ўхвалены рэдакцыяй час. «Современник»), але яго задума не здзейснена. У 1860-я г. ў М. паявіліся літ. творы на бел. мове (гутаркі Ф.​Блуса, брашура «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела», 1861, мяркуемы аўтар А.​Кісель). У 1900 выйшаў зб. бел. твораў «Тарас на Парнасе і іншыя беларускія вершы» (2-е выд. ў 1902 акрамя гэтай паэмы ўключала вершы Ф.​Багушэвіча, В.​І.​Дуніна-Марцінкевіча і інш.). У 1896—1906 у М. працаваў бел. этнограф, фалькларыст і археолаг Е.Р.Раманаў. У пач. 20 ст. ў Магілёўскай гімназіі вучыўся бел. пісьменнік М.Грамыка, у духоўнай семінарыі — М.Зарэцкі (з 1919 настаўнічаў на Магілёўшчыне, у 1920 працаваў у М. заг. валаснога аддзела работнікаў асветы), В.Шашалевіч, А.Мрый. У 1909—10 у гарбарных майстэрнях М. працаваў Ц.Гартны, пісаў тут вершы, пасылаў карэспандэнцыі ў газ. «Наша ніва»; у М. прайшлі і апошнія яго дні. М. увайшоў у бел. л-ру дзякуючы паэме Я.​Купалы «Магіла льва» (нап. 1913), вершу М.​Багдановіча «Летапісец», нарысу М.​Гарэцкага «Магілёў». У 1918 вакол газ. «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов» групаваліся мясц. пісьменнікі. У 1920-я г. дзейнічала Магілёўская філія літ. аб’яднання «Маладняк», рэарганізаваная пазней у філію Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Тут выдаваліся «Зарніцы» (літ. дадатак да газ. «Соха и молот», 1924), літ. альманахі «Дняпроўскія ўсплёскі» (1927), «Ранне» (1929). Праводзіліся літ. вечары, прысвечаныя творчасці пісьменнікаў. Горад неаднойчы наведвалі Я.​Купала, Я.​Колас, А.​Куляшоў; у 1924 у М. прыязджала ў творчую камандзіроўку група бел. пісьменнікаў на чале з Я.​Купалам, у ліст. 1928 з групай пісьменнікаў быў Я.​Колас, у лютым 1930 — Я.​Калас, З.​Бядуля, П.​Броўка, М.​Нікановіч, І.​Цвікевіч. У студз. 1933 Я.​Купала, Ц.​Гартны, П.​Галавач, М.​Лужанін, А.​Александровіч і інш. сустракаліся з чытачамі ў Доме Чырв. Арміі і пед. ін-це. У крас. 1938 Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Клімковіч прысутнічалі на спектаклі «У пушчах Палесся» Я.​Коласа, якім адкрываў гастролі ў горадзе БДТ-2. У 1920—30-я г. ў М. працавалі В.​Бурносаў, Э.​Валасевіч, П.​Пруднікаў (рабочымі), І.​Баранкевіч, Ю.​Лявонны, Г.​Шчарбатаў (у газетах «Соха и молот», «Магілёўскі селянін», «Камунар Магілёўшчыны»), выкладалі ў пед. ін-це І.​Гутараў (і ў палітыка-асветным ін-це), Ю.​Гаўрук, Дз.​Палітыка, Ю.​Пшыркоў, у пед. тэхнікуме В.​Гарбацэвіч, у мед. вучылішчы Я.​Журба. У навуч. установах горада вучыліся У.​Агіевіч, М.​Барсток, А.​Бялевіч, Я.​Васілёнак, М.​Гарулёў, А.​Дзеружынскі, Я.​Курто, М.​Ларчанка, Ю.​Лявонны, В.​Матэвушаў, І.​Новікаў, Палітыка, П.​Прыходзька, С.​Фамін, Я.​Шарахоўскі, П.​Шасцерыкоў, М.​Шумаў, У.​Шахавец, Шчарбатаў і інш. У пач. Вял. Айч. вайны як ваен. карэспандэнты ў М. прыязджалі А.​Суркоў і К.​Сіманаў (абароне горада прысвяціў свае рэпартажы, раман «Жывыя і мёртвыя»). Сіманаў сустракаўся ў М. з чытачамі ў 1965, 1966 і 1974; паводле завяшчання пісьменніка пад Магілёвам на Буйніцкім полі — месцы суровых баёў у 1941 — развеяны яго прах. Выдадзены альманахі «Літаратурны Магілёў» (кн. 1—2, 1949—50), «Дняпро» (1957), «Прыдняпроўе» (1958). Літ. жыццё М. ажывілася з 1960, калі тут створана аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пры газ. «Магілёўская праўда» працуе літ. аб’яднанне «Прыдняпроўе». У 1980-я г. ў М. шырока адзначалася 60-годдзе І.​Мележа, 70-годдзе Сіманава, Куляшова, 100-годдзе з дня нараджэння Я.​Купалы і Я.​Коласа. У 1986 літ. вечар быў прысвечаны гераічнай абароне М. У Пушкінскім свяце паэзіі (май 1988) удзельнічалі І.​Чыгрынаў, В.​Зуёнак, П.​Макаль, А.​Пісьмянкоў, А.​Мельнікаў, М.​Луфераў, ва Усесаюзных сіманаўскіх літ. чытаннях (ліп. 1988) — рус. і бел. пісьменнікі А.​Вазнясенскі, Р.​Казакова, Р.​Раждзественскі, Я.​Хелемскі, І.​Шклярэўскі, В.​Быкаў, Р.​Барадулін, А.​Жук, Л.​Прокша, І.​Аношкін і інш. Наладжаны сувязі з пісьменнікамі Браншчыны, Чарнігаўшчыны, Ровеншчыны, дзе ў днях л-р удзельнічалі магілёўскія пісьменнікі А.​Пысін, Аношкін, А.​Кандрусевіч і інш. У снеж. 1997 у М. выступалі ўдзельнікі Дзён рус. л-ры ў Беларусі М.​Аляксееў, Ю.​Кузняцоў, Г.​Пашкоў, П.​Праскурын, В.​Сарокін, К.​Скварцоў. У М. нарадзіліся П.​Кабзарэўскі, Р.​Бярозкін, Валасевіч, І.​Клаз, М.​Шумаў. У Магілёўскім пед. ін-це вучыліся Дз.​Бугаёў, Г.​Бубнаў, Луфераў, В.​Ракаў, М.​Янчанка, Шклярэўскі, М.​Казакоў, Аношкін, С.​Марчанка, В.​Хаўратовіч, А.​Палітыка, А.​Салтук, Р.​Яўсееў, Кандрусевіч, У.​Буграмееў і інш., у вучылішчах — С.​Гаўрусёў, Л.​Левановіч, С.​Панізнік, настаўніцкі ін-т скончыў Г.​Юрчанка. У М. жылі і працавалі пісьменнікі Валасевіч, Палітыка, А.​Макарэвіч (выкладалі ў пед. ін-це), М.​Ткачоў, Гарулёў, Валасевіч (у газ. «За Радзіму»), Матэвушаў, Пысін, В.​Карамазаў, Кандрусевіч (у газ. «Магілёўская праўда»), А.​Макаёнак, І.​Сіўцоў, М.​Шумаў, Шасцерыкоў, Ракаў, Мельнікаў і інш. У М. (1999) жывуць і працуюць пісьменнікі Аношкін, У.​Дуктаў, Я.​Клімуць, М.​Лук’янаў, І.​Пехцераў, В.​Рагаўцоў і інш.

Мастацкае жыццё. М. здаўна вядомы як буйны цэнтр рамёстваў і маст. промыслаў. У 14—16 ст. тут развіваліся кавальства, ткацтва, маст. апрацоўка дрэва, скуры, металаў (ліццё, коўка, чаканка), ружэйная справа, ювелірнае мастацтва. З 15 ст. М. — цэнтр керамічнай вытв-сці (гл. Магілёўская кераміка, Магілёўская кафля). Вядомы імёны мастакоў 16 ст. Макара Акулініча, Дзмітра Івановіча, Ісака Івановіча, Ламакі (Ламаты) Федаровіча, Семяновіча. У 17 ст. высокага ўзроўню дасягнула маст. ліццё і коўка (выраблялі алавяны посуд, ліхтары, гарматы, званы, пазалочаныя і пасярэбраныя рэчы з медзі, жалеза і інш.), набойка, маст. шкло. У канцы 17 ст. склалася Магілёўская школа гравюры. Фасады жылых дамоў упрыгожвалі размалёўкай, разьбой па дрэве, культавыя будынкі — разьбой па камені (Пакроўская царква, 1668—87). Выдатнымі ўзорамі бел. нар. дэкар.-прыкладнога мастацтва з’яўляюцца іканастас і царскія вароты Магілёўскай Мікалаеўскай царквы і інтэр’ер Богаяўленскага сабора работы мясц. майстроў. У 17 ст. працавалі мастакі Ігнат Соц, Фёдар, Афанасій Пігарэвіч і інш., у 18 ст. А.​Главацкі (партрэтыст, дэкаратар, архітэктар), У.​Баравікоўскі (выканаў эскізы і размаляваў фрэскамі Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, намаляваў шэраг партрэтаў і абразоў), Чайкоўскі (удзельнічаў у аздабленні фрэскамі Магілёўскага касцёла кармелітаў), Пігарэвіч (маляваў абразы, афармляў інтэр’еры), Ежы Александровіч (партрэтыст), жывапісцы Якуб Бараховіч, Мацвей Філановіч, Цімка Флюндра, Ян Чурула, Яўстафій Маргун, Лявон Сілініч, Пётр Сілініч, Андрэй Казак, Васіль Сушчэўскі, Максім Мастак, Якуб Малук, Васко, Карней, Арон, Маеўскі, Міхал, Айзік Сегаль, ювелір і чаканшчык Афанасій Воўчак. На мяжы 18—19 ст. тут працаваў Ю.Пешка. Зберагліся ўзоры высокамаст. арх. лепкі і маст. ліцця, разьбы па дрэве. У 19 ст. ў М. працавалі прыгонны мастак Ф.​Тулаў, шэраг краявідаў у 2-й пал. 19 ст. намалявалі Н.Орда, Ф.​Пархоменка, І.​Чамаданаў. У канцы 19 ст. ў М. дзейнічалі Т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, прыватная маст. школа, якой кіраваў Пархоменка, у 1900—05 — Т-ва вывучэння бел. краю. Пасля 1917 у М. існаваў цэнтр. музейны фонд, які меў на мэце ахову помнікаў мастацтва. У 1919 створаны Магілёўскі дзярж. гіст. музей (існаваў да 1941). У 1920-я г. ў М. працавалі мастакі М.​Цеханоўскі, Р.​Пархоменка і інш., дзейнічаў філіял Рэвалюцыйнай арганізацыі мастакоў Беларусі; праводзіліся выстаўкі магілёўскіх мастакоў. У М. экспанаваліся творы 3-й Усебел. маст. выстаўкі (1928), графікі бел. мастакоў (1941). У пасляваенны час выстаўкі мастакоў М. і вобласці прайшлі ў 1952, 1955, 1969, 1971, 1972, персанальныя А.Бархаткова (1968) і У.​Кульваноўскага (1969), сатыры бел. мастакоў, да семінара творчай моладзі (абедзве 1968), графікі (1973) і інш. Маст. жыццё актывізавалася пасля стварэння Магілёўскай абл. арг-цыі Саюза мастакоў Беларусі (1974) і аб’яднання маладых мастакоў вобласці (1976). Сярод найб. значных выставак 1970—80-х г. «30 год Вялікай Перамогі» (1975), маладых мастакоў Магілёўшчыны (1977), мастакоў вобласці, перасоўная «Пейзаж нашай Радзімы», твораў мастакоў г. Габрава (Балгарыя, усе 1978), нар. мастацтва Францыі (1981), прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння М.​Багдановіча, рэспубліканская бел. графікі (абедзве 1982), маладых мастакоў М., твораў А.​Гараўскага, бел. сав. эстампа (усе 1983), да 40-годдзя вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў, персанальныя Г.​Туроўскай, Г.​Конавай, У.​Кузьміча (усе 1984), В.​Грамыкі (1998) і інш. З 1997 праводзяцца кожны год у М. пленэры: В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі (1997), М.​В.​Неўрава (1998), П.​В.​Масленікава (1999). Працуюць Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.​В.​Масленікава, Магілёўскі мастацкі музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі.

Тэатральнае жыццё. Тэатр у М. вядомы з 1698 (паказы дыялогаў). У 1722—32 існаваў школьны т-р пры езуіцкім калегіуме. У 1780 пабудавана спец. памяшканне (арх. Брынгозі) т.зв. т-ра Чарнышова. У канцы 1780-х г. функцыянаваў прыватны т-р арцыбіскупа С.​Богуш-Сестранцэвіча. Паміж 1792 і 1795 выступала трупа на польск. і рус. мовах, сфарміраваная А.​Ш.​Жукоўскім. У 19 ст. былі пашыраны паказы батлейкі. У 1888 пабудаваны будынак гар. тэатра, у якім у 19 — пач. 20 ст. выступалі рус. трупы Пецярбургскага літ.-маст. т-ра і кабарэ «Лятучая мыш», Малога т-ра пад кіраўніцтвам А.​Яблачкінай, трупы Г.​Волгіна, Ф.​Карскага, П.​Максімава, С.​Няволінай, Р.​Неўскага, Ф.​Корша, Ф.​Хмары; польск. трупы В.​Ашпергера, К.​Фядзецкага, Ю.​Кондрата, Я.​Хелмікоўскага; гастраліравалі буйныя майстры сцэны (В.​Камісаржэўская, П.​Арленеў, бр. Адэльгеймы, В.​Далматаў, Ю.​Жукоўская, М.​Занькавецкая, М.​Петыпа, М.​Садоўскі, Г.​Фядотава, Ю.​Юр’еў і інш.). У 1900—04 дзейнічаў Магілёўскі аматарскі тэатр. У 1910—16 у М. выступала трупа рус. акцёраў пад кіраўніцтвам У.​Кумельскага. Канцэрты і спектаклі наладжвалі аматарскія калектывы. У 1919—20 створана сетка тэатр. гурткоў, у сярэдзіне 1920-х г. існавалі калектывы «Сіняй блузы». Арганізаваны: сав. т-р (1919), рус. драм. трупа «Пошукі» (1921), Першы паказальны т-р (1920—22). У 1935—41, 1944—45 у М. працаваў Дзярж. рус. драм. т-р Беларусі. У 1946—49 існаваў Магілёўскі драматычны тэатр. Дзейнічаюць: Магілёўскі абласны драматычны тэатр, Магілёўскі абласны тэатр лялек.

Музычнае жыццё. Навучанне хар. спевам было адной з асн. вучэбных дысцыплін у школах пры правасл. брацтвах (1-е засн. ў 1578). У 17 ст. Магілёўская брацкая друкарня выдавала нотныя зборнікі. Музыка суправаджала спектаклі школьнага т-ра, што існаваў пры езуіцкім калегіуме з 1-й пал. 18 ст. У 1780 з нагоды сустрэчы ў М. імператрыцы Кацярыны II у горадзе выступалі італьян. опера і прыдворная капэла, выпісаныя З.​Р.​Чарнышовым з Пецярбурга. У канцы 18 — пач. 19 ст. пры т-ры Чарнышова існаваў прыгонны аркестр. У М. пачынаў творчую дзейнасць І.Дабравольскі. У 19 ст. муз. жыццё горада канцэнтравалася вакол гімназій і семінарый. Музыку і спевы ў гімназіі выкладаў М.​Лустгартэн, на чале з якім наладжваліся канцэрты вучняў, выкладчыкаў і інш. аматараў музыкі. Муз. спектаклі паказвалі гастрольныя тэатр. трупы: у 1842 ішла камічная опера С.​Манюшкі «Карманьёла, або Французы любяць жартаваць» на лібрэта А.​Корвін-Мілеўскага. У 1860 Л.Скрабецкі арганізаваў і наладзіў у Варшаўскім муз. ін-це сіламі магілёўскіх музыкантаў муз. вечарыну на карысць вучняў Магілёўскай губ. Гарадзецкі прыгонны квартэт У.​Г.​Кастрыёта-Скандэрбека часта выконваў у горадзе творы В.​А.​Моцарта і Л.​Бетховена. Тут выступалі скрыпачы Г.​Ягеман (Ягноў), І.​Крушэўскі, піяністка Л.​Чачкова. Працавалі муз.-драм. т-ва з аддзеламі вак. і інстр. музыкі і муз. школа Пячкоўскай (з 1886), Магілёўскі музычна-драматычны гурток аматараў. У 1895 у М. выступаў з канцэртамі С.​Рахманінаў (з італьян. скрыпачкай Т.​Туа), у пач. 20 ст. — Л.​Аўэр, С.​Барцэвіч, А.​Вержбіловіч, І.​Гофман, К.​Грыгаровіч, Н.​Фігнер, М.​Эрдэнка, Мекленбургскі квартэт і інш.; гастрольнымі трупамі паказаны оперы «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага, «Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава, «Дэман» А.​Рубінштэйна, «Фауст» Ш.​Гуно, «Кармэн» Ж.​Бізэ, «Травіята» Дж.​Вердзі. З 1905 працавалі Магілёўскі літаратурна-музычна-драматычны гурток, муз. школы, заснаваныя Р.​Пеўзнерам (1906) і У.​Ерыхайлавым (1908), рабочая муз. студыя на чале з піяністкай Р.​Блюман. На базе гэтай студыі ў 1919 арганізавана дзярж. дзіцячая муз. школа імя Рымскага-Корсакава (цяпер Дзіцячая муз. школа-сямігодка № 1). Наладжваліся сімф. канцэрты (дырыжор Я.​Пеўзнер), лекцыі (Ю.​Дрэйзін), канцэрты хору работнікаў асветы. У 1921 працаваў гурток «Асвета», які меў муз.-вакальную, драм. і літ. секцыі. У 1924 сіламі аматараў з удзелам прафес. артыстаў у М. пастаўлена адна з першых бел. опер «Вызваленне працы» М.​Чуркіна. З 1937 цэнтрам муз. жыцця горада стала Магілёўскае музычнае вучылішча імя Рымскага-Корсакава, створанае на базе дзіцячай муз. школы. З 1974 канцэртную дзейнасць ажыццяўляла пераважна абл. гастрольна-канцэртнае аддз. Белдзяржфілармоніі. У 1984 пры абл. Навукова-метадычным цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы створаны клуб самадз. кампазітараў. Новы этап у муз. жыцці горада пачаўся са стварэннем Магілёўскай абласной філармоніі (1990). У М. працуюць (1999): філіял Бел. акадэміі музыкі (з 1990), муз. і культ.-асв. вучылішчы, 4 муз. школы, 2 школы мастацтваў, Магілёўскі абл. навукова-метадычны цэнтр нар. творчасці і культ.-асв. работы. Развіта муз. самадзейнасць; 28 муз., харэаграфічных і фалькл.-этнагр. калектываў маюць званне народных і ўзорных. У М. праводзяцца міжнар. фестывалі духоўнай музыкі «Магутны Божа», эстрадны «Залаты шлягер» (з 1995) і інш..

Літ.:

Могилев: (Ист.-экон. очерк). Мн., 1971;

Чарняўская Т.І. Архітэктура Магілёва. Мн., 1973;

Могилев и окрестности: Справочник-путеводитель. Мн., 1982;

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Магілёўская вобл. Мн., 1986;

Мелешко В.И. Могилев в XVI — середине XVII в. Мн., 1988;

Могилев: Энцикл. справ. Мн., 1990;

Агееў А.Р., Марзалюк І.А., Пушкін І.А. Магілёўская даўніна ў пытаннях і адказах. 2 выд. Магілёў, 1999;

Марзалюк І.А. Магілёў ў XII—XVIII стст. Мн., 1998;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Магілёва. Мн., 1998.

І.​А.​Марзалюк, А.​В.​Марзалюк (гісторыя), І.​М.​Шаруха (гаспадарка), М.​І.​Ліс, В.​Л.​Цыбоўскі (асвета і культура), Т.​І.​Чарняўская, І.​І.​Фралоў (архітэктура), Л.​В.​Календа (друк, радыё, тэлебачанне), М.​Р.​Міхайлаў (літаратурнае жыццё), А.​Л.​Капілаў, В.​П.​Пракапцова (музычнае жыццё).

Магілёў. З гравюры 18 ст.
Магілёў. Вуліца Першамайская.
Магілёў. Агульны выгляд горада. Фота пач 20 ст.
Праспект Міру ў Магілёве.

т. 9, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСК,

сталіца Рэспублікі Беларусь, горад рэсп. падпарадкавання, цэнтр Мінскай вобл. і раёна. Паліт., эканам., навук. і культ. цэнтр Беларусі. Вузел чыгунак на Брэст, Маскву, Вільнюс, Гомель, аўтадарог на Оршу, Віцебск, Даўгінава, Лагойск, Маладзечна, Ашмяны, Брэст, Слуцк, Гомель, Магілёў і інш. 2 аэрапорты. 1729 тыс. ж. (1999). Тэр. 255,8 км². Падзяляецца на 9 адм. раёнаў: Заводскі, Кастрычніцкі, Ленінскі, Маскоўскі, Партызанскі, Першамайскі, Савецкі, Фрунзенскі, Цэнтральны. М. размешчаны на паўд.-ўсх. схілах Мінскага ўзвышша. Клімат умерана кантынентальны са значным уплывам атл. марскога паветра (з частымі цыклонамі). Сярэднегадавая т-ра паветра 5,4 °C. Значныя ваганні сярэдняй т-ры па сезонах: ад -7,3 °C у 3-й дэкадзе студз. да 18 °C у 2—3-й дэкадах ліпеня. У сярэднім за год выпадае 646 мм ападкаў, з якіх прыкладна 73 прыпадае на халодны, ​2/3 на цёплы перыяд. 12% ападкаў цвёрдыя, 13% — мяшаныя, 75% — вадкія. Праз М. працякае р. Свіслач (прыток р. Бярэзіна), у горадзе прымае прыток — р. Няміга (цячэ ў калектары). Вадасховішчы: Дразды, Крыніца, Чыжоўскае, Камсамольскае возера і інш.; Вілейска-Мінская водная сістэма, Сляпянская водная сістэма.

Гісторыя. На думку некат. даследчыкаў (А.​М.​Ясінскі, Г.​В.​Штыхаў і інш.), стараж. М. узнік за 16 км на З ад Мінскага замка, на беразе цяпер амаль высахлай р. Менка (адсюль назва горада), дзе захаваўся комплекс археал. помнікаў (каля Гарадзішча Мінскага р-на), а ў канцы 11 ст. перанесены на сучаснае месца.

Упершыню М. (летапісны Меньск, Менеск) упамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 у сувязі з падзеямі, што адбываліся ў Кіеўскай Русі. У 1065 полацкі князь Усяслаў Брачыславіч напаў на Пскоў, праз год захапіў Ноўгарад, вывез з Сафійскага сабора званы і інш. рэчы, а частку горада спаліў. У адказ кіеўскі вял. кн. Ізяслаў Яраславіч разам з братамі пераяслаўскім кн. Усеваладам і чарнігаўскім кн. Святаславам з’явіліся пад М, які знаходзіўся ў Полацкім княстве. Яго жыхары зачыніліся ва ўмацаванай частцы горада, але Яраславічы захапілі М. да прыходу войска Усяслава. Горад быў разрабаваны, насельніцтва ўзята ў палон, часткова знішчана. З прыходам войска Усяслава на берагах р. Няміга 3 сак. адбылася Нямігская бітва 1067. Войска Усяслава было разбіта, а сам князь вымушаны ўцячы. На М. неаднаразова рабілі паходы паўд.-рус. князі, у т. л. кіеўскі кн. Уладзімір Усеваладавіч Манамах, бо полацкія і інш. князі імкнуліся адасобіцца ад Кіева. У 2-й пал. 11 ст. М., знаходзячыся пад уладай Полацка, меў сваё веча і гар. апалчэнне. У канцы 11 — пач. 12 ст. М. стаў цэнтрам удзельнага Мінскага княства, дзе княжыў Глеб Усяславіч. У сярэдзіне і 2-й пал. 12 ст. мінскія князі сапернічалі з полацкімі і друцкімі за паліт. гегемонію ў Полацкай зямлі. Паліт. ўзвышэнне і зручнае геагр. становішча садзейнічалі эканам. росту М., ператварэнню яго ў 2-й пал. 11—13 ст. у рамесна-гандл. цэнтр. Абставіны і дакладны час уваходжання Мінскага княства ў ВКЛ не вызначаны. Гэты працэс, верагодна, адбываўся ў 2-й пал. 13 — пач. 14 ст. Пасля Гарадзельскай уніі 1413 М. у складзе Віленскага ваяв., праз 5 гадоў ён перайшоў да вял. кн. ВКЛ Вітаўта. Хроніка Быхаўца паведамляе, што ў час міжкняжацкіх усобіц горад у 1433 быў захоплены Свідрыгайлам. З сярэдзіны 15 ст. ў М. правілі намеснікі — прадстаўнікі вял. князя ВКЛ, горад стаў цэнтрам Мінскага павета. У каралеўскай грамаце 1444 М. названы ў ліку 15 найб. развітых гарадоў ВКЛ. Разам з гандлем аснову эканам. жыцця горада складала рамяство (у 15 ст. ў М. налічвалася каля 20 рамесных спецыяльнасцей). У час нападу на М. у 1505 войска крымскага хана Менглі-Гірэя горад спалены, але замак татары ўзяць не змаглі. Паводле даравальнай граматы вялікага кн. ВКЛ ад 14.3.1499 М. атрымаў самакіраванне па магдэбургскаму праву. Кіраўніцтва горадам перайшло да магістрата, у склад якога ўваходзілі 12 радцаў на чале з войтам і 2 бурмістрамі. У пач. 16 ст. ў горадзе склаліся 2 адм. цэнтры: частка жыхароў была падначалена велікакняжацкаму намесніку, які жыў у замку, другая, большая, падпарадкоўвалася ўладзе гар. магістрата. У гэты перыяд насельніцтва горада не перавышала 3—4 тыс. чал. У сярэдзіне 16 ст. ў М. было 35 вуліц і завулкаў, 300 двароў, каля 2 тыс. ж. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 М. стаў цэнтрам Мінскага ваяводства, у якое ўваходзіла 60 гарадоў і мястэчак. З 1580-х г. у М. праз кожныя 2 гады праводзіў свае пасяджэнні Трыбунал Вялікага княства Літоўскага. 12.1.1591 горад атрымаў герб: у блакітным полі жаночая постаць паміж двума анёламі і херувімамі. У 16—17 ст. М. стаў буйным цэнтрам рамяства і гандлю. Гар. рамеснікі былі аб’яднаны ў цэхі, першае ўпамінанне пра якія адносіцца да 1522. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 М. разбураны, частка жыхароў загінула, астатнія пакінулі горад; У Паўн. вайну 1700—21 у маі 1707 ён заняты арміяй Карла XII. У 1710—11 горад перажыў моцную эпідэмію чумы. Пасля такіх спусташэнняў М. адрадзіўся толькі да сярэдзіны 18 ст. У гэты час рамеснікі 50 спецыяльнасцей складалі больш за палавіну гар. насельніцтва. У 1790-я г. ў М. было 89 крам, традыцыйнымі ў горадзе сталі 2 штогадовыя кірмашы — летні і веснавы, якія працягваліся каля 2 тыдняў. У 1775 у М. больш за 400 двароў, у 1790 — больш за 40 вуліц і завулкаў, насельніцтва складала амаль 6 тыс. чал. У 1793 М. далучаны да Рас. імперыі і стаў цэнтрам Мінскага намесніцтва, з 1796 — цэнтрам Мінскай губерні. 29.12.1796 М. нададзены новы герб: на грудзях двухгаловага рас. арла шчыт з выявай — на блакітным полі прасвятая Дзева Марыя ў зіхаценні, абкружаная 6 анёламі. У 1797 у М. 5797 ж., у 1800—1009 дамоў, з іх 39 мураваных. З 1793 М. — цэнтр Мінскай праваслаўнай епархіі, з 1798 — Мінскай рымска-каталіцкай епархіі. У вайну 1812 М. 8 ліп. занялі франц. войскі маршала Л.​Н.​Даву, 27 ліп. тут створана адміністрацыя Мінскага дэпартамента, які падпарадкоўваўся арганізаванаму франц. камандаваннем Часоваму ўраду Вялікага княства Літоўскага. 16.11.1812 М. узяты рус. атрадам 3-й арміі П.​В.​Чычагова. У выніку вайны гораду нанесены вял. страты: яго насельніцтва скарацілася з 11 200 чал. у 1811 да 3480 у канцы 1812. Да сярэдзіны 19 ст. разбураная вайной гаспадарка горада адноўлена. У 1860 у М. было 26 760 ж. Жыхары горада актыўна ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—64 (гл. Мінская паўстанцкая арганізацыя 1863, Мінскія паўстанцкія атрады 1863). У 1873 у горадзе пачаў дзейнічаць Мінскі камерцыйны банк. Да канца 19 ст. свае аддзяленні тут адкрылі Дзярж., Азоўска-Данскі, Пецярбургска-Азоўскі, Віленскі банкі. У 1897 у М. 90,9 тыс. ж., 140 вуліц і завулкаў, 7476 будынкаў, з іх 2110 мураваны; дзейнічалі 18 культавых устаноў (цэрквы, касцёлы, сінагогі, мячэць). У 1870—80-я г. ў горадзе дзейнічалі мінскія народніцкія гурткі, арг-цыі «Чорнага перадзелу», «Народнай волі». У сярэдзіне 1880-х г. у М. створаны першыя марксісцкія гурткі. Узніклі Мінская рабочая арганізацыя 1894—97 і с.-д. арг-цыя, адбыліся першыя забастоўкі рабочых чыг. майстэрняў (1895). У 1898 у М. адбыўся Першы з’езд РСДРП, у пач. 1900 на аб’яднаўчым з’ездзе створана Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы. Рабочыя і рамеснікі горада актыўна ўдзельнічалі ў рэвалюцыі 1905—07 (гл. таксама Курлоўскі расстрэл 1905). З 1911 пачала працаваць Мінская балотная доследная станцыя. У 1913 у М. 106,7 тыс. ж., 305 вуліц і завулкаў; з 10 300 будынкаў 15% былі мураваныя. У горадзе працавалі 104 ф-кі, з-ды і мануфактуры, на якіх было занята 5,1 тыс. рабочых; у дробнай вытв-сці было занята 7,2 тыс. рамеснікаў. У 1-ю сусв. вайну з кастр. 1915 М. — прыфрантавы горад, у ім размяшчаліся штаб Зах. фронту, інш. франтавыя арг-цыі і ўстановы, шпіталі. Насельніцтва горада за кошт вайскоўцаў і бежанцаў вырасла да 250 тыс. чал. Дзейнічалі Мінскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, Мінская абшчына сясцёр міласэрнасці Чырвонага Крыжа і інш. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 тут створаны Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Гар. міліцыю з 4 сак. 1917 узначаліў М.​В.​Фрунзе. М. стаў цэнтрам Заходняй вобласці (з чэрв. 1917). Рэвалюцыя садзейнічала ажыўленню бел. нац. руху, дзейнасці розных партый. У крас.—ліп. 1917 у М. адбыліся з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый, Першы з’езд ваенных і рабочых дэпутатаў армій і тылу Заходняга фронту, з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый і партый. У ліст. 1917 у М. ўтвораны каардынацыйны цэнтр бел. нац.-вызв. руху — Вялікая беларуская рада. Пасля Кастр. ўзбр. паўстання 1917 у Петраградзе ўся ўлада ў М. перайшла 8 ліст. ў рукі Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У канцы снежня ў горадзе праходзіў Усебеларускі з’езд 1917, распушчаны СНК Зах. вобласці і фронту. У сак. 1918 у М. абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. З 21.2 да 10.12.1918 горад акупіраваны герм., з 8.8.1919 да 11.7.1920 — польск. войскамі. У канцы 1918 у М. створаны надзвычайныя органы — Мінскі ваенны савет і Мінскі губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт, якія займаліся ўстанаўленнем сав. улады на Міншчыне. З утварэннем Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР, 1.1.1919) М. — яе сталіца, у пач. студз. 1919 сюды прыехаў са Смаленска Часовы рабоча-сял. сав. ўрад Беларусі. 2—3.2.1919 у М. адбыўся Першы Усебеларускі з’езд Саветаў, які прыняў першую Канстытуцыю БССР. З 17.7.1924 М. — цэнтр Мінскай акругі, з 29.6.1934 — Мінскага прыгараднага р-на, з 15.1.1938 — Мінскага раёна, з 20.2.1938 — Мінскай вобласці. З 17.9.1938 М. — горад абл. падпарадкавання. У 1929 пушчаны трамвай (у 1940 даўж. ліній 36,7 км), наладжаны рэгулярны аўтобусны рух. Да 1940 у М. 332 дзярж. і каап. прадпрыемствы (23,8 тыс. рабочых), прамысл. прадукцыя ў параўнанні з 1913 вырасла ў 40 разоў. На 17.1.1939 у М. 238,8 тыс. ж., на 17.1.1941—270,4 тыс. ж. У першыя дні Вял. Айч. вайны ў выніку масіраваных налётаў ням. авіяцыі ў М. знішчана больш за 20% гар. забудовы, загінулі тысячы жыхароў. У сувязі з буйнымі пралікамі ў кіраўніцтве войскамі Зах. фронту (гл. Мінска абарона 1941) М. 28.6.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Ён стаў цэнтрам Генеральнага камісарыята Беларусь. Гітлераўцы ўстанавілі ў горадзе жорсткі акупац. рэжым, стварылі ў М. і наваколлі 9 лагераў смерці з аддзяленнямі і філіяламі, у т. л. Масюкоўшчынскі лагер смерці, Трасцянецкі лагер смерці, а таксама яўр. гета, у якім знаходзілася больш за 100 тыс. чал. Захопнікі знішчылі ў М. і яго ваколіцах больш за 400 тыс. чал., з іх больш за 70 тыс. мінчан, горад ператварылі ў руіны. На момант вызвалення ў М. было 80—90 тыс. чал. 3 першых дзён акупацыі жыхары М. разгарнулі барацьбу з ворагам. Дзейнічалі Мінскае патрыятычнае падполле, Мінскія падп. гаркомы КП(б)Б і ЛКСМБ, гар. падп. райкомы КЛ(б)Б (Варашылаўскі, Чыгуначны, Сталінскі, Кастрычніцкі, Тэльманаўскі) і ЛКСМБ (Варашылаўскі, Кастрычніцкі, Сталінскі) і інш. Горад вызвалены 3.7.1944 у выніку Мінскай аперацыі 1944. У Мінскім «катле» знішчана больш за 70 тыс. і ўзята ў палон каля 35 тыс. салдат і афіцэраў ворага. 53 вайсковым фарміраванням, якія вызначыліся ў аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Мінскіх». З 14.5.1946 М. — горад рэсп. падпарадкавання. Да сярэдзіны 1950-х г. у асн. пераадолены наступствы вайны. На 1.8.1950 у М. 273,6 тыс. ж., у 1959—509,5, у 1970—916,6, у 1980—1308,6 тыс. ж.; у 1950—70-я г. М. быў 5-м (пасля Масквы, Ленінграда, Кіева і Ташкента) горадам СССР па абсалютным прыросце насельніцтва. У 1953 пушчаны тралейбус. За 1951—58 пабудавана 1248,6 тыс. м² жылой плошчы, за 19 59—65—2400 тыс. м². У 1962 уведзены ў дзеянне першы ў рэспубліцы атамны рэактар, у 1963 пушчана першая электрычка (да ст. Аляхновічы). З 1968 пачала дзейнічаць Выстаўка дасягненняў нар. гаспадаркі БССР (гл. Рэспубліканскі выставачны цэнтр). У студз. 1972 М. стаў 11-м горадам СССР з насельніцтвам больш за 1 млн. чал. Пачалося буд-ва Мінскага метрапалітэна (1977). 26.6.1974 Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР М. нададзена ганаровае званне «Горад-герой». У 1989 у М. 1607 тыс. ж. У выніку крызісных з’яў у эканам. і грамадска-паліт. жыцці, распаду СССР запаволіліся тэмпы прыросту прамысл. прадукцыі, знізіўся ўзровень жыцця гараджан, што вылілася ў Красавіцкія выступленні працоўных 1991. У М. пачалі ўзнікаць т.зв. нефармальныя аб’яднанні, якія выступалі супраць афіц. сав. ідэалогіі, за захаванне і развіццё бел. мовы і культуры. Узніклі шматлікія грамадскія арг-цыі, паліт. партыі і рухі, адбываліся мітынгі і дэманстрацыі, скіраваныя супраць палітыкі афіц. улад, пачалі выходзіць першыя бел. бесцэнзурныя выданні. У 1991 М. стаў сталіцай суверэннай дзяржавы Рэспублікі Беларусь. З 1993 у М. размяшчаецца Выканаўчы сакратарыят СНД, з 1994 — рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 1993 у М. адбыўся Першы з’езд беларусаў свету (2-і — у 1997), у 1994—1-я сустрэча бел. моладзі свету. На 1.1.2000 у М. дзейнічаюць кіруючыя органы і прадстаўніцтвы больш як 200 грамадскіх аб’яднанняў і паліт. партый розных кірункаў, 29 канфесій, 117 рэліг. абшчын і інш.

Гаспадарка. Здаўна М. быў важным эканам. цэнтрам Беларусі. У 2-й пал. 19 ст. моцны штуршок развіццю горада дала пабудова Маскоўска-Брэсцкай (1869—78) і Лібава-Роменскай (1871—74) чыгунак, якія перакрыжаваліся ў М. і звязалі яго з цэнтрам Расіі, Польшчай, Прыбалтыкай і Украінай. Яны ў многім прадвызначылі з’яўленне шматлікіх вытв-сцей па перапрацоўцы мясц. сыравіны. Рост попыту на с.-г. прылады, абсталяванне для лесапільных, гарбарных, шкляных, цагельных з-даў абумовіў узнікненне ў М. прадпрыемстваў па іх вытв-сці. Узведзены ў 1883 машынабудаўнічы завод (цяпер Мінскі станкабудаўнічы завод імя С.​М.​Кірава), у 1884 гарбарная ф-ка, у 1891 спіртзавод (цяпер дрожджавы камбінат), у 1893 дрожджавінакурны з-д, у 1908 металаапрацоўчы з-д «Гігант» (цяпер Мінскі станкабудаўнічы завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі) і інш. Пабудаваны вакзалы і дэпо Маскоўска-Брэсцкай і Лібава-Роменскай чыгунак, чыг. майстэрні (1871, гл. Мінскі вагонарамонтны завод), помпавая станцыя (1873), водаправод (1874), з’явіліся тэлефон (1890), конка (1892), электрастанцыя (1894). У 1895 у М. было 36 прадпрыемстваў, працавала 1,4 тыс. рабочых. У дробнай вытв-сці пераважалі рамеснікі (у 1895—5 тыс. чал.), якія выраблялі пераважна прадукты харчавання, адзенне, абутак. У 1890 працавалі 583 гандл. ўстановы з тавараабаротам 3,6 млн. руб. У 1913 у М. дзейнічалі 104 ф-кі, з-ды і мануфактуры, на якіх было занята 5,1 тыс. рабочых, у дробнай вытв-сці — 7,2 тыс. рамеснікаў; працавалі 1333 гандл. прадпрыемствы. М. значна пацярпеў у час 1-й сусв. і грамадз. войнаў. Узровень 1913 у галіне прам-сці дасягнуты ў 1925—26. У 1920-я г. пачалі выпускаць прадукцыю з-ды станкабуд. «Энергія», маш.-буд. «Метал», чыгуналіцейны, у 1930-я г. — ф-кі швейная «Кастрычнік» і кандытарская «Камунарка», з-ды электраматорны, азбестабетонны і клінкерны; электрастанцыя магутнасцю 6,4 тыс. кВт і інш. У Вял. Айч. вайну эканоміка горада была разбурана, ням.-фаш. захопнікі знішчылі 313 прадпрыемстваў. У 1945 у М. выраблялася 24,4% даваен. аб’ёму прамысл. прадукцыі. У 1946—50 уведзены ў дзеянне шэраг новых прадпрыемстваў, у т. л. Мінскія трактарны, аўтамаб., мотавеласіпедны і гіпсавы з-ды, тонкасуконны камбінат. У 1950 у М. дзейнічала 500 прадпрыемстваў; аб’ём валавой прамысл. прадукцыі на 95% перавысіў даваен. ўзровень. У 1950—70-я г. ўведзены ў дзеянне з-ды падшыпнікавы (1951), гадзіннікавы (1955), халадзільнікаў (1959), маторны, радыёзавод, запасных трактарных дэталей, аўтам. ліній, электрамех., выліч. машын, камбінаты камвольны (1955), паліграфічны (1956). Крызісныя з’явы ў эканам. жыцці 1990-х г., дапоўненыя наступствамі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986, моцна адбіліся і на М. Знізіўся выпуск прамысл. прадукцыі, парушыліся сувязі з многімі прадпрыемствамі па-за межамі Беларусі. Але М. застаецца найбуйнейшым прамысл. цэнтрам рэспублікі. На пач. 1999 у ім дзейнічала больш за 300 буйных і сярэдніх прадпрыемстваў. У М. сканцэнтраваны ўвесь рэсп. выпуск трактароў, матацыклаў, веласіпедаў, халадзільнікаў, радыёпрыёмнікаў, наручных гадзіннікаў, значная частка выпуску грузавых аўтамабіляў, станкоў і аўтам. ліній, ЭВМ, прылад і інш. відаў прамысл. прадукцыі. Развіта таксама вытв-сць шарсцяных тканін, абутку, швейных вырабаў, харч. тавараў. У галіновай структуры прамысл. прадукцыі (1997) машынабудаванне і металаапрацоўка складаюць 54,5%, электраэнергетыка — 14,7%, харч. прам-сць — 10,7%, лёгкая прам-сць — 6,6%, прам-сць буд. матэрыялаў — 4,5%, хім. і дрэваапр. — па 2,6%. Найб. прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі: Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі, вытв. аб’яднанне «Гарызонт», Мінскі авіярамонтны завод, Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі гадзіннікавы завод, Мінскі доследны завод «Эталон», Мінскі завод аўтаматычных ліній, Мінскае вытворчае аб’яднанне вылічальнай тэхнікі, Мінскі завод колавых цягачоў, Мінскі трактарны завод, Мінскі завод «Ударнік», Мінскі завод халадзільнікаў, Мінскі завод шасцерняў, Мінскі інструментальны завод, Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод, Мінскі маторны завод, Мінскі падшыпнікавы завод, станкабудаўнічыя заводы і інш. Электрычную і цеплавую энергію М. пастаўляюць Мінскія ЦЭЦ. Электраэнергія дадаткова паступае ад інш. электрастанцый рэспублікі па Беларускай энергетычнай сістэме. Гал. прадпрыемствы харч. і харчасмакавай прам-сці: камбінат хлебапрадуктаў, хлебазаводы, Мінская кандытарская фабрыка «Камунарка», Мінскі гарадскі малочны завод № 2, Мінскі завод безалкагольных напіткаў, піўзаводы і інш., Мінскі завод шампанскіх він, Мінскі вінна-гарэлачны завод «Крышталь», Мінскі мясакамбінат, Мінскі мясаперапрацоўчы завод. Лёгкая прам-сць прадстаўлена вытв. аб’яднаннем «Мілавіца», Мінскай скургалантарэйнай фабрыкай, Мінскай трыкатажнай фабрыкай, Мінскай фабрыкай мастацкіх вырабаў «Мастра», Мінскім абутковым аб’яднаннем «Прамень», Мінскім вытворчым гарбарным аб’яднаннем, Мінскім камвольным камбінатам, Мінскім тонкасуконным камбінатам і інш. У М. працуюць прадпрыемствы буд., паліграф., хім., фармацэўтычнай, мэблевай і інш. галін прам-сці.

Архітэктура і горадабудаўніцтва. Стараж. цэнтр М. — дзядзінец узнік на правым беразе р. Свіслач, пры ўпадзенні ў яе р. Няміга (раён сучаснай пл. 8 Сакавіка і Машэрава праспекта), дзе ў 2-й пал. 11 ст. пабудаваны Мінскі замак. На яго тэр. ў пач. 12 ст. (паводле інш. звестак, у канцы 11 ст.) пачалі будаваць Мінскую замкавую царкву. У 12—13 ст. на Пд, ПдЗ, ПдУ ад замка сфарміраваўся рамесны пасад з гандл. плошчай Нізкі, або Стары Рынак, вуліцы якога, вымашчаныя драўляным насцілам, шчыльна забудоўваліся зрубнымі дамамі (з 16 ст. Ніжні горад). Да плошчы сыходзіліся асн. знешнія гандл. шляхі; з 3 падыходзіў гасцінец з Ракава і Койданава, з Пд — з Лошыцы, на У цераз мост на р. Свіслач сыходзіліся дарогі з Вільні, Полацка, Лагойска, Барысава, Смаленска. Гал. вуліца Ніжняга горада — Нямігская, або Няміга (самая стараж. вуліца М., 12 ст.) — ішла ўздоўж р. Няміга, з ПнЗ падыходзіла да Нізкага рынку і далей да моста цераз Свіслач. У гэты час узніклі пасады на левым беразе Свіслачы каля Траецкай гары і на ПнЗ ад замчышча Пятніцкі канец (сучасны раён на З ад праспекта Машэрава, некалі тут была Пятніцкая царква; з 16 ст. наз. Татарская слабада, бо была заселена крымскімі татарамі, узятымі ў палон у 1506 пад Клецкам). У 16 ст. ў асноўным сфарміравалася забудова Мінскага Траецкага прадмесця і Ракаўскага прадмесця, узнік новы, Верхні горад з гандл. цэнтрам — Высокі рынак (сучасная пл. Свабоды) з 2-павярховай драўлянай ратушай, культавымі і жылымі будынкамі. У Верхнім горадзе асн. вуліцы сыходзіліся на Высокім рынку (гл. ў арт. Мінскі Верхні горад). Пажары 1547, 1552, 1569 знішчылі амаль усе драўляныя гар. будынкі, на іх месцы ўзніклі мураваныя пабудовы. Замак канчаткова страціў сваё значэнне як адм. і планіровачны цэнтр М. Новым цэнтрам сталі плошчы Нізкага і Высокага рынкаў. На Высокім рынку фарміраваўся рэнесансна-барочны ансамбль найб. значных культавых будынкаў: Мінскі касцёл і кляштар дамініканцаў, Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры, Мінскі Святадухаўскі манастыр базыльянак, Мінскі касцёл і кляштар бернардзінак. Канчаткова ён сфарміраваўся да сярэдзіны 18 ст. пасля ўзвядзення на зах. баку плошчы будынкаў Мінскага езуіцкага калегіума. У 2-й пал. 17 ст. на Зборавай вул. (сучасная Інтэрнацыянальная) на месцы драўлянага кляштара 1633 пабудаваны мураваны Мінскі кляштар бенедыкцінак, на рагу вуліцы Францысканскай (сучасная Леніна) — будынкі Мінскага кляштара францысканцаў. У раёне вул. Ракаўскай у пач. 17 ст. правасл. брацтвам засн. Мінская Петрапаўлаўская царква. У 1630 на Траецкай гары пры драўлянай Троіцкай царкве (вядома з 15 ст.) узведзены драўляны Троіцкі манастыр базыльянак. У 18 ст. тут пабудаваны кляштары з касцёламі бенедыкцінцаў (1700), баніфратараў, Мінскі касцёл і кляштар кармелітаў (абодва 1703), марыявітак (1771, усе не захаваліся). У 1799—1800 на месцы драўлянага Троіцкага манастыра базыльянак пабудаваны мураваны (гл. Мінскі Троіцкі манастыр базыльянак). У 1-й пал. 17 ст. на месцы драўлянай узведзена мураваная Мінская ратуша. У 18 ст. ў раёне Высокага рынку і навакольных вуліц узніклі мураваныя будынкі ў стылі класіцызму, у т. л. будынак Мінскага гасцінага двара. У 1797—1800 складзены 1-ы план горада (губ. арх. Ф.​Крамер). У 1800, 1809, 1817, 1858 ‘распрацаваны рэгулярныя планы забудовы горада, паводле якіх вяліся забудова і ўпарадкаванне тэр. М. Узнікла новая вуліца — Захар’еўская (назва ад імя першага цывільнага губернатара Захарыя Карнеева; сучасны Скарыны праспект). Пасля пажару 1835 цэнтр горада забудоўваўся мураванымі 2- і 3-павярховымі дамамі. Да сярэдзіны 19 ст. тэр. М. вырасла больш як у 2 разы ў параўнанні з 18 ст., чвэрць будынкаў былі мураваныя, забрукаваны 22 вуліцы. Забудова развівалася ў паўн.-ўсх. напрамку ўздоўж асн. трансп. магістралей: Віленскага, Лагойскага і Барысаўскага трактаў. На ўскраінах горада (Камароўка, Ляхаўка, Кальварыя, Старажоўка, Серабранка) захоўвалася драўляная жылая забудова і нерэгулярная планіроўка. У 19 ст. ансамбль Саборнай пл. (да 1860 Высокага рынку) фарміравалі дом губернатара, кафедральны касцёл, будынак дзярж. устаноў, дваранская школа, Мінскага тэатра будынак, Петрапаўлаўскі кафедральны сабор (да 1795 Святадухаўская царква базыльянскага манастыра, перабудавана ў псеўдарус. стылі). У Ніжнім горадзе засталася радыяльна-веерная планіровачная структура, што склалася гістарычна. Зарэчная ч. (б. Траецкае прадмесце) значна пашырылася ў паўн. напрамку. На прамавугольнай у плане Троіцкай пл. пастаўлены мураваныя будынкі духоўнай семінарыі (перабудаваны ў 1950—53 пад Сувораўскае ваен. вучылішча, вул. М.​Багдановіча), жаночага епархіяльнага вучылішча. У 19 ст. вялася забудова Мінскага Новага месца (цяпер раён Кастрычніцкай пл.). У вёсках, што прылягалі да М., ствараліся сядзібна-паркавыя комплексы, у т. л. Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс, у прыгарадзе М. Вял. Сляпянка — сядзіба Ваньковічаў (гл. ў арт. Мінскія сядзібы Ваньковічаў). У 2-й пал. 19 ст. на арх.-планіровачную структуру горада ўплывалі пракладка чыгункі і ўзнікненне новых прамысл. прадпрыемстваў. У паўд.-зах. ч. горада пракладзены 2 чыг. лініі з вакзаламі: Маскоўска-Брэсцкая (1871) з Брэсцкім вакзалам (цяпер Мінск-Таварны) і Лібава-Роменская (1873) з Віленскім вакзалам [цяпер пасаж. станцыя Мінск, напачатку драўляная, з 1890 мураваная, разбурана ў Вял. Айч. вайну, адноўлена ў 1946, вядзецца (2000) рэканструкцыя]. Вакол Віленскага вакзала склалася новая сетка вуліц, якія падыходзілі да Прывакзальнай плошчы. За чыг. лініяй на З і Пд узніклі новыя жылыя раёны (Залінейны, Грушаўскі, Ляхаўскі). У канцы 19 — пач. 20 ст. вял. тэмпамі развівалася прамысл. буд-ва. Асн. прадпрыемствы размяшчаліся ў раёне Ляхаўкі, каля лініі чыгункі і р. Свіслач (цяпер вул. Кастрычніцкая). У архітэктуры М. 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. панавалі неаготыка, рэтраспектыўны стыль, неабарока, неакласіцызм і інш. Да помнікаў неаготыкі належаць Мінскі касцёл Сымона і Алены, Мінскі кальварыйскі касцёл і брама, Мінскі Пішчалаўскі замак, Мінскі Троіцкі Залатагорскі касцёл. З рысамі неакласіцызму ўзведзены будынак аддзялення Дзярж. банка Расіі (цяпер у ім Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі), з рысамі эклектыкі — Мінскай жаночай гімназіі будынак, Мінская царква Аляксандра Неўскага, у стылі мадэрн — гасцініца «Еўропа» (1906—09, не захавалася), будынак царк.-археал. музея (цяпер Дом работнікаў мастацтваў), дом Кастравіцкай (на 1-м паверсе Упраўленне Лібава-Роменскай чыгункі; 1910, арх.

О.​Краснапольскі). У 1920—30-я г. адначасова з прамысл. прадпрыемствамі будавалі жылыя пасёлкі: Беларуская слабада (раён Ляхаўкі), Камінтэрн, Грушаўскі, кварталы па вул. Брылёўскай. У 1926—27 складзена схема планіроўкі М. (арх. У.​Сямёнаў, Н.​Палякоў). Значна змянілі аблічча горада шматпавярховыя жылыя дамы па вуліцах Валадарскага і Кірава (інж. Г.​Кавокін), К.​Маркса (арх. С.​Гейдукевіч), Маскоўскай (арх. А.​П.​Воінаў, К.​Гіляраў, А.​Крылоў). Сярод буйных грамадскіх збудаванняў у стылі канструктывізму: Дзяржбанк па вул. Савецкай (арх. Г.​Гольц, М.​Паруснікаў), клуб харчавікоў (абодва 1927—29, не захаваліся), Дом друку (1935), Мінскай гідраметэаралагічнай абсерваторыі будынак. Пачалі будаваць арх. комплексы — універсітэцкі гарадок (арх. І.​Запарожац, Г.​Лаўроў), клінічны гарадок (абодва 1928—31 арх. Лаўроў; сучасная 1-я гар. бальніца). У 1931 у раёне парку Чэлюскінцаў пабудаваны комплекс 1-й Усебел. с.-г. і прамысл. выстаўкі (арх. І.​Валадзько, Воінаў, М.​Гіляраў, Крылоў, А.​Дзянісаў, Лаўроў і інш.). На аснове генплана рэканструкцыі і развіцця М. 1932—36 (зацверджаны ў 1938, карэкціроўка ў 1939—41, ін-т «Белдзяржпраект») ствараліся праекты асобных горадабудаўнічых вузлоў: плошчаў Леніна (цяпер Незалежнасці плошча), Свабоды, Круглай (цяпер Перамогі плошча з Манументам Перамогі), Парыжскай камуны, Прывакзальнай і інш. У 1939 пачалі ўзводзіць Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі будынкі. Да 1941 у М. пабудаваны: Дом урада Рэспублікі Беларусь, Бібліятэка нацыянальная Беларусі, будынкі Бел. політэхн. ін-та (цяпер Беларуская політэхнічная акадэмія; абодва 1932, арх. Лаўроў), Дзярж. т-ра оперы і балета (1934—38, арх. І.​Лангбард), Дома афіцэраў, Мінскі жылы дом спецыялістаў, фабрыка-кухня (1936), гасцініца «Беларусь» (1938, з 1987 «Свіслач»), гал. корпус Бел. ін-та фіз. культуры (цяпер Акадэмія фіз. выхавання і спорту; 1939, арх. Воінаў, А.​Брэгман), створана Камсамольскае возера. У канцы 1930-х г. горад развіваўся ў паўн.-ўсх. напрамку ўздоўж Лагойскага (цяпер вул. Я.​Коласа) і Барысаўскага (цяпер праспект Скарыны) трактаў. У Вял. Айч. вайну цэнтр амаль цалкам зруйнаваны. У 1944 распрацаваны «Эскіз-ідэя планіроўкі Мінска» (арх. А.​Шчусеў, Сямёнаў, А.​Мардвінаў, М.​Колі, Б.​Рубаненка, Лангбард, Н.​Трахтэнберг), які стаў асновай генплана аднаўлення і развіцця М. (1946, ін-т «Мінскпраект» «Белдзяржпраект», арх. М.​Андросаў, Трахтэнберг, інж. К.​Іванаў, Р.​Абразцова, В.​Талмачоў, пры кансультацыі Сямёнава, Палякова). У 1951—52 і 1958 план скарэкціраваны і ўдасканалены. У пасляваен. буд-ве пашыраны стварэнне арх. ансамбляў, цэласная забудова вуліц, плошчаў, кварталаў. Створаны адзін з лепшых ансамбляў праспекта Скарыны з плошчамі Незалежнасці, Кастрычніцкай, Перамогі, Я.​Коласа і зялёнымі масівамі ўздоўж р. Свіслач. Найб. значныя збудаванні: Мінскі галоўны паштамт, Мінскі гарадскі універмаг, Палац культуры Белсаўпрофа (цяпер Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў), Мінскі цырк, стадыён «Дынама», адм. будынак на рагу Вул. Камсамольскай 1 праспекта Скарыны. Выкарыстанне індустр. метадаў буд-ва дало магчымасць забудоўваць жылыя комплексы вял. масівамі — мікрараёнамі. У 1965 зацверджаны 2-і пасляваен. генплан М. (арх. Л.​Гафо, Я.​Заслаўскі, А.​Наканечны, І.​Люблінскі, М.​Кудзінаў, Трахтэнберг), у ім вызначаны і ўдакладнены зоны жыллёвага і прамысл. буд-ва. Пачалася забудова буйных масіваў — жылых раёнаў Усход, Зялёны Луг, Серабранка, Чыжоўка). Створаны серыі тыпавых праектаў і буд-ва паводле іх аб’ектаў сац.-быт. і культ. прызначэння. Асн. тып забудовы — 5-павярховы жылы дом, з 1966 распрацоўваліся серыйныя праекты 9-павярховых дамоў. Паводле індывід. праектаў пабудаваны кінатэатры «Піянер» (1965, арх. Г.​Заборскі), «Партызан» (1967, арх. Ю.​Шпіт) і інш. Паводле карэкціроўкі генплана 1965 (1971—73, арх. Я.​Дзятлаў, Заслаўскі, Трахтэнберг, Ю.​Патапаў, Гафо, Г.​Фадзеева, Л.​Есьман, Э.​Афанасьева, В.​Шыльнікоўская, Р.​Заікін, інж. Л.​Кантаровіч, А.​Стазаева, Ю.​Айзенштат, Дз.​Краўцоў, В.​Вараксін) распрацаваны перспектывы развіцця М. і прыгараднай зоны да 2000 года. Паралельна з карэктурай генплана распрацаваны і зацверджаны праект дэталёвай планіроўкі цэнтра (1969—74, арх. Дзятлаў, Ю.​Градаў, Л.​Левін, Г.​Горына, В.​Сярогіна, І.​Кароль, Брэгман, Н.​Ляцко, Афанасьева, інж. Краўцоў, З.​Толсцікава), эскіз забудовы водна-зялёнага дыяметра. У 1970-я г. ішло актыўнае буд-ва на найб. перспектыўных напрамках развіцця горада: паўд. (уздоўж Слуцкай шашы), паўн.-зах. (уздоўж праспекта Газеты «Правда»), зах. (уздоўж вул. Прытыцкага). З 1972 будуюцца мікрараёны Сярова 1 (арх. У.​Крывашэеў, У.​Данілаў, К.​Сакалова, А.​Сабалеўскі), Сярова 2 (арх. Горына, Афанасьева, І.​Жураўлёў, А.​Навумаў, Сярова 3 (арх. Крывашэеў, В.​Нефдах), якія вылучаюцца выкарыстаннем маляўнічага рэльефу і арыгінальнай колеравай гамай. З 1976 забудоўваюцца жылыя раёны Масюкоўшчына (арх. Б.​Ларчанка, В.​Латышаў і інш.), Паўднёвы Захад. Ствараюцца ансамблі грамадска-дзелавых комплексаў і жылых раёнаў на асн. радыяльных напрамках: вуліцах Няміга, М.​Багдановіча, Я.​Коласа, Прытыцкага, праспектах Машэрава і Партызанскім. У 1960—70-я г. ўзведзены Мінскі палац спорту, Палац культуры і спорту чыгуначнікаў (арх. Л.​Анікіна), кінатэатр «Кастрычнік» (арх. В.​Малышаў), гал. корпус БДУ (арх. М.​Бакланаў, А.​Духан), Дом літаратара, Водна-спартыўны камбінат. Ін-т тэхн. кібернетыкі Нац. АН (арх. Ю.​Грыгор’еў, А.​Беразоўскі), гал. корпус Беларускага эканамічнага універсітэта, будынак ін-та «Мінскпраект» (арх. П.​Кракалёў, Л.​Пагарэлаў), Палац мастацтваў (цяпер рэсп. Мастацкая галерэя), гасцініца «Турыст» (арх. Пагарэлаў). Арх. аблічча М. ўзбагацілі прамысл. аб’екты, у т. л. з-ды: гадзіннікавы «Прамень», халадзільнікаў. Арыгінальна вырашаны адм.-грамадскія будынкі, узведзеныя ў 1970—80-я г. на праспекце Машэрава, карпусы мед. ін-та на праспекце Газеты «Правда» (арх. Ю.​Бічан, Э.​Гальдштэйн), гал. корпус арх. і буд. факультэтаў БПА (арх. І.​Есьман, В.​Анікін), крыты рынак «Камароўскі» (арх. В.​Аладаў, А.​Жалдакоў, Крывашэеў, М.​Ткачук), Мінскі аўтавакзал «Усходні», канцэртная зала «Мінск» (да 1991 Дом паліт. асветы; 1987, арх. Пагарэлаў, Ю.​Кустоў, Л.​Кустова, А.​Чадовіч), кінатэатр «Масква», т-р музкамедыі (арх. А.​Ткачук, У.​Тарноўскі), гасцініцы «Кастрычніцкая», «Планета». У 1984 здадзена ў эксплуатацыю 1-я чарга 1-й лініі Мінскага метрапалітэна. Выразным сілуэтам вызначаецца арх.-скульпт. комплекс «Мінск — горад-герой». Водна-зялёны дыяметр дапаўняюць дэкар. вадаёмы, каналы, набярэжныя, каскады Сляпянскай воднай сістэмы (гл. Сляпянскае водна-паркавае паўкальцо). У 1980 пачаліся рэстаўрацыйныя работы ў квартале б. Траецкага прадмесця. У 1982 у ін-це «Мінскпраект» (арх. Ю.​Пурэцкі, І.​Кароль, Ю.​Грыгор’еў, Я.​Ліневіч, Дзятлаў, Г.​Белікаў, Гафо, Л.​Есьман і інш.) завершаны новы генплан М., які прадугледжваў развіццё горада да 2000 года. У ім закладзены прынцыпы арх.-планіровачнай арганізацыі тэр. горада (планіровачныя зоны — планіровачныя раёны — жылыя і прамысл. раёны), якія вызначылі ступеньчатую сістэму арганізацыі культ.-быт. абслугоўвання насельніцтва; прадугледжана стварэнне цэласнай і непарыўнай сістэмы азелянення горада і прыгарадаў, дзе аснову планіровачна-ландшафтнай структуры ўтвараюць водна-зялёны дыяметр, 7 зялёных кліноў і 2 водна-зялёныя паўколы на аснове Сляпянскай і Лошыцкай водных сістэм; планавалася буд-ва новых і рэканструкцыя існуючых магістралей. Радыяльна-кальцавая сістэма вулічна-дарожнай сеткі па-за межамі 2-га кальца пераўтвараецца ў лінейна-прамавугольную і дапаўняецца хордавымі напрамкамі магістралей бесперапыннага руху і скарасных дарог для выключэння з цэнтр. ч. горада транзітнага руху. Паралельна з генпланам 1982 у ін-це «Мінскпраект» распрацаваны новы варыянт праекта дэталёвай планіроўкі цэнтра М. (1978—84; арх. Белікаў, Грыгор’еў, Ліневіч, М.​Гардзеенка, Дзятлаў, Пурэцкі, У.​Часноў, І.​Кароль, Ш.​Хасьянаў, Л.​Есьман, В.​Гутман, У.​Куртанідзе, А.​Кочашава, І.​Пілатовіч, інж. М.​Сакалоўскі, Стазаева), які прадугледжваў буд-ва шэрагу буйных жылых і грамадскіх будынкаў, у т. л. 16-павярховых жылых дамоў па вул. В.​Харужай (1983, арх. У.​Пушкін), Палаца моладзі і школьнікаў на Камсамольскім воз. (1986, арх. В.​Бялянкін, Т.​Розава, Л.​Селівончык, І.​Новік, В.​Чарназёмаў), гасцініцы «Беларусь», павільёна міжнар. выставак (цяпер Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа»). Найб. значныя паводле аб’ёму жыллёвага буд-ва жылыя раёны Малінаўка, Сухарава, Кунцаўшчына, Захад 2. З сярэдзіны 1980-х г. забудоўваюцца жылыя раёны Вяснянка, Уручча, Чырвоны Бор. Новыя тыпы грамадскіх будынкаў (банкі, офісы і інш.), жылля (катэджы, шматпавярховыя і малапавярховыя цагляныя дамы), культавых збудаванняў (цэрквы, малельныя дамы) распрацоўваюцца персанальнымі творчымі майстэрнямі (з 1989). У 1997 для вырашэння пытанняў горадабуд. палітыкі створаны галаўны ін-т «Мінскграда». Пабудовы паводле індывід. праектаў з’яўляюцца пераважна ў кварталах, якія рэканструююцца ці на свабодных тэрыторыях забудаваных раёнаў (буд-ва катэджаў у раёнах Сляпянкі, Цны, Малінаўкі і інш.). Завяршаецца буд-ва Палаца Рэспублікі на Кастрычніцкай пл. (2000). У 1990-я г. ўзведзены: Міжнар. адукацыйны цэнтр па праспекце Газеты «Правда» (арх. А.​Вараб’ёў, ням. арх. Дз.​Піршке), адм. будынак з комплексам культ.-быт. абслугоўвання (рэстаран, сауна, тэнісныя корты і інш.) бел.-аўстр. кампаніі «Лукойл—Беларусь» па вул. Няміга, Мінскі аўтавакзал «Маскоўскі», Мінскі лядовы палац спорту, жыллёвы комплекс для бел. спартсменаў па вул. Радужнай у раёне Вяснянкі і інш. Паводле «Плана размяшчэння правасл. храмаў на тэр. Мінска» (творчая майстэрня Пурэцкага, арх. Л.​Есьман, З.​Забароўская) будуюцца храмавы комплекс памяці ахвяр Чарнобыльскай катастрофы па вул. Прытыцкага, храм-помнік у гонар Усіх Святых і памяці бязвінна забітых у мікрараёне Усход па вул. Каліноўскага, царква пры Доме міласэрнасці па Старабарысаўскім тракце (абодва арх. Пагарэлаў), мемар. храм-помнік у на Востраве мужнасці і смутку ў Траецкім прадмесці «Сынам Айчыны, -што загінулі за яе межамі» (1996, аўтары М.​Каралёў, Т.​Каралёва-Паўлава, В.​Лапцэвіч, Г.​Паўлава, А.​Паўлаў, Д.​Хамякоў) і інш. У ін-це «Мінскграда» распрацаваны План функцыян. выкарыстання тэр. М. з рэжымамі развіцця і забудовы (1996, кіраўнік А.​Калантай).

Помнікі: Я.​Купалу ў парку яго імя (1972, скульпт. А.​Анікейчык, Л.​Гумілеўскі, А.​Заспіцкі, арх. Ю.​Градаў, Л.​Левін), Я.​Коласу на пл. яго імя (1972, скульпт. З-Азгур, арх. Г.​Заборскі, Градаў, Левін), М.​Багдановічу ў скверы на пл. Парыжскай Камуны перад т-рам оперы і балета (1981, скульпт. С.​Вакар, арх. Ю.​Казакоў, Л.​Маскалевіч), М.​Горкаму ў парку яго імя (1981, скульпт. Заспіцкі, І.​Міско, М.​Рыжанкоў, арх. А.​Трафімчук), Я.​Драздовічу ў Траецкім прадмесці (1993, скульпт. І.​Голубеў), Ефрасінні Полацкай у двары БДУ (скульпт. І.​Голубеў, арх. В.​Ягадніцкі), А.​С.​Пушкіну на набярэжнай р. Свіслач па праспекце Машэрава (абодва 1999, скульпт. Ю.​Арэхаў, арх. Ю.​Грыгор’еў, А.​Чадовіч), вучоным Я.​Б.​Зяльдовічу перад будынкам Ін-та тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі (скульпт. Л.​Крэмнева), С.​І.​Вавілаву на тэр. з-да імя Вавілава (абодва 1978, скульпт. У.​Булыга, арх. Казакоў); надмагільныя помнікі на Вайсковых могілках — Я.​Купалу (1970, скульпт. У.​Ананька, М.​Якавенка), Я.​Коласу (1971, скульпт. Анікейчык, Заспіцкі), на могілках па Маскоўскай шашы — М.​М.​Чуркіну (1971, скульпт. Г.​Мурамцаў), П.​Глебку (1974, скульпт. Азгур), С.​В.​Прытыцкаму (1975, скульпт. Анікейчык, арх. Левін, Градаў), П.​М.​Машэраву (1984, скульпт. Анікейчык, арх. Градаў, Левін), В.​Тураву (1999, скульпт. Якавенка) і інш.

Асвета. Першыя школы ў М. ствараліся пры цэрквах і манастырах. У 16—17 ст. пэўную ролю ў развіцці асветы адыгралі брацкія школы. У 1592 адкрыта школа пры саборнай царкве, дзе выкладаліся бел. і грэч. мовы. З 1613 дзейнічала школа пры Петрапаўлаўскім брацкім манастыры, у якой манахі выкладалі бел., грэч., лац. мовы, матэматыку, астраномію, музыку і інш. У 17 ст. пачатковая і сярэдняя адукацыя канцэнтравалася ў розных каталіцкіх ордэнах. З 1617 пры Кузьмадзям’янаўскім уніяцкім манастыры існавала школа, у якой вывучаліся бел., грэч., лац., царк.-слав., польск. мовы і інш. У 1727 засн. школа пры кляштары дамініканцаў, у 1771 — пры кляштары марыявітак, дзе выкладалі агульнапрынятыя на той час прадметы, а таксама арыфметыку і дамаводства. У 1714—1773 у М. існаваў езуіцкі калегіум — прывілеяваная школа для дзяцей шляхты, дзе выкладаліся мовы, рыторыка, паэзія, тэалогія, этыка, логіка, матэматыка, фізіка і інш. У 1773 у сувязі з ліквідацыяй ордэна езуітаў і рэформай асветы ў Рэчы Паспалітай школы перададзены Адукацыйнай камісіі. У 1803 замест Мінскай губ. школы створана Мінская мужчынская гімназія. Да сярэдзіны 19 ст. ў М. працавалі: 4-класнае гар. вучылішча (з 1819), 2-класная прыходская школа, правасл. (гл. Мінская вышэйшая духоўная семінарыя) і каталіцкая духоўныя семінарыі, духоўнае мужчынскае вучылішча (з 1834). У 1867 адкрыта духоўнае жаночае вучылішча, у 1868 — прыватны жаночы пансіён. У 1880 засн. Мінскае рэальнае вучылішча, у 1896 — вучылішча рамесных вучняў. У 1897 у 32 пач. і сярэдніх навуч. установах М. 4,1 тыс. навучэнцаў. У 1899 створаны Мінская жаночая гімназія і Мінская жаночая марыінская гімназія. З 1904 адкрыта яшчэ 8 прыватных гімназій. У 1901 засн. Мінскае мужчынскае камерцыйнае вучылішча. З 1907 працавалі Мінскае музычнае вучылішча, Мінская зубаўрачэбная школа, з 1908 — Мінская фельчарска-акушэрская школа. У 1834—1918 дзейнічалі 22 вучылішчы, у т. л. 2 прыватныя і вучылішча для сляпых. У 1913/14 навуч. г. ў 62 навуч. установах М., у т. л. гімназіях, вучылася каля 12,5 тыс. чалавек. У 1914 пачаў працаваць Мінскі настаўніцкі інстытут (гл. Мінскі беларускі педагагічны інстытут, Мінскі інстытут народнай адукацыі). Для згуртавання нацыянальна-свядомых настаўнікаў і дзеячаў нар. адукацыі, якія лічылі неабходным стварэнне беларускамоўных школ, вядзенне выкладання на бел. мове ў ВНУ у 1917 створаны Беларускі вучыцельскі хаўрус, у 1919 — Беларуская школьная рада Меншчыны і Цэнтральная беларуская школьная рада. У 1919—20 працавала Мінская беларуская гімназія. У 1921 засн. Беларускі дзяржаўны універсітэт — найбуйнейшая ВНУ Беларусі, адкрыты буд. тэхнікум (гл. Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум), бел. педтэхнікум (гл. Беларускія педагагічныя тэхнікумы). У 1922 засн. Інстытут беларускай культуры — першая на Беларусі вышэйшая шматгаліновая н.-д. ўстанова, якая ў 1929 ператворана ў Акадэмію навук Беларусі (з 1997 Нац. акадэмія навук Беларусі; пра інш. н.-д. ўстановы М. гл. ў арт. Беларусь, а таксама асобныя арт.). У 1924 адкрыты муз. тэхнікум (гл. Мінскае музычнае вучылішча імя М.​І.​Глінкі), у 1928 — Мінскі політэхнічны тэхнікум, у 1930 — Мінскі электратэхнікум сувязі (гл. Вышэйшы каледж сувязі). На базе ф-таў БДУ створаны ў 1930 Мінскі медыцынскі інстытут, у 1931 — Бел. дзярж. вышэйшы пед. ін-т (з 1935 Мінскі пед. ін-т, з 1993 Беларускі педагагічны універсітэт), Мінскі ін-т сав. будаўніцтва і права (у 1932—54 Мінскі юрыдычны інстытут). У 1931 адкрыты таксама фін.-эканам. тэхнікум (гл. Мінскі фінансава-эканамічны каледж), у 1932 створана Бел. дзярж. кансерваторыя (гл. Беларуская акадэмія музыкі), у 1933 — Бел. політэхнічны ін-т (гл. Беларуская політэхнічная акадэмія), на базе эканам. аддзялення БДУ — Бел. ін-т нар. гаспадаркі (гл. Беларускі эканамічны універсітэт). У 1940 у М. працавала 49 агульнаадук. школ (33 тыс. вучняў), 17 сярэдніх спец. (5 тыс. студэнтаў), 10 вышэйшых (9,8 тыс. студэнтаў) навуч. устаноў, 80 дзіцячых дашкольных устаноў. Дзейнічалі 81 б-ка, 78 клубаў і дамоў культуры, 4 музеі. У гады Вял. Айч. вайны амаль усе навуч. і культ.-асв. ўстановы разрабаваны і разбураны. У 1944—45 аднавілі работу БДУ, пед., політэхн., мед., юрыд., нар. гаспадаркі, фіз. культуры ін-ты, кансерваторыя, 25 школ. У 1944 адкрыты Бел. тэхнікум буд. матэрыялаў (гл. Мінскі індустрыяльны тэхнікум будаўнічых матэрыялаў). У 1945 з Гомеля пераведзены лесатэхн. ін-т (гл. Беларускі тэхналагічны універсітэт), засн. Бел. тэатр. ін-т (з 1953 тэатр.-мастацкі; гл. Беларуская акадэмія мастацтваў), Мінскі аўтамеханічны тэхнікум, тэхнікум лёгкай прам-сці (гл. Мінскі тэхнікум-прадпрыемства лёгкай прамысловасці). У 1947 засн. Мінскае мастацкае вучылішча, індустр.-пед. тэхнікум (гл. Мінскі індустрыяльна-педагагічны каледж), у 1948 — Мінскі пед. ін-т замежных моў (гл. Мінскі лінгвістычны універсітэт). У 1950/51 навуч. г. ў агульнаадук. школах — 39 тыс. вучняў, у сярэдніх спец. навуч. ўстановах — 7,6 тыс. навучэнцаў, у ВНУ — 14 тыс. студэнтаў. Працавалі 5 музеяў, 31 клуб. У 1953 адкрыты тэхнал. тэхнікум (гл. Мінскі тэхналагічны каледж) і Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча, у 1954 — Бел. ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (гл. Беларускі аграрны тэхнічны універсітэт) і машынабуд. тэхнікум (гл. Мінскі машынабудаўнічы каледж), у 1957 — тэхнікум сав. гандлю (гл. Мінскі каледж гандлю) і каап. тэхнікум (гл. Мінскі навучальна-вытворчы комплекс «ПТВ-тэхнікум»), у 1960 — радыётэхн. тэхнікум (гл. Мінскі вышэйшы радыётэхнічны каледж), у 1964 на базе радыётэхн. ф-та Бел. політэхн. ін-та — радыётэхн. ін-т (гл. Беларускі універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі). У 1970/71 навуч. г. ў М. ў 161 агульнаадук. школе 156,6 тыс. вучняў, у 22 сярэдніх спец. навуч. установах 30,6 тыс. навучэнцаў, у 13 ВНУ 81,6 тыс. студэнтаў. У НДІ і ВНУ працавалі больш за 200 д-роў і каля 2,4 тыс. канд. навук. Дзейнічала 185 б-к, 8 музеяў. У 1971 адкрыты Мінскі энергетычны тэхнікум, у 1974 — авіяцыйна-тэхн. вучылішча грамадз. авіяцыі (гл. Мінскі вышэйшы лётна-тэхнічны каледж), у 1975 — культ.асв. вучылішча (гл. Мінскае вучылішча мастацтваў). У 1975 на базе ф-та бібліятэказнаўства і бібліяграфіі Мінскага пед. ін-та і ф-та культ.-асв. работы Бел. тэатр.-маст. ін-та засн. Мінскі ін-т культуры (гл. Беларускі універсітэт культуры). У 1976 засн. Вышэйшая школа міліцыі (гл. Акадэмія міліцыі). У 1982—83 створаны пед. вучылішчы № 1 і № 2 (гл. Мінскі педагагічны каледж імя М.​Танка і Мінскі педагагічны каледж), у 1989 — Мінскае духоўнае вучылішча (гл. таксама Духоўныя навучальныя ўстановы). З 1989 дзейнічае Таварыства беларускай мовы імя Ф.​Скарыны, з 1990 — Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр, з 1991 — Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.​Скарыны, Акадэмія кіравання (з 1995 пры Прэзідэнце Беларусі), у 1992 засн. Міжнародны экалагічны універсітэт імя А.​Дз.​Сахарава, Вышэйшае пажарна-тэхнічнае вучылішча. На базе Мінскага вышэйшага ваеннага інжынернага вучылішча і Мінскага вышэйшага ваеннага каманднага вучылішча ў 1995 створана Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь. У 1999/2000 навуч. г. ў М. 489 дашкольных устаноў (каля 80 тыс. дзяцей), у т. л. 12 санаторных, 10 спецыялізаваных, 13 кампенсуючага і камбінаванага прызначэння, 6 для дзяцей з парушэннем маўлення, 6 з парушэннем інтэлекту, 2 з парушэннем апорна-рухальнага апарату; 235 агульнаадук. школ (больш за 260 тыс. вучняў), у т. л. 197 сярэдніх (каля 240 тыс. вучняў), 13 гімназій (каля 15 тыс. навучэнцаў), 5 ліцэяў (больш за 4 тыс.), 1 каледж (больш за 1 тыс.), 10 школ для дзяцей з недахопамі развіцця (2,6 тыс. вучняў); 35 навуч. устаноў прафес.-тэхн. адукацыі (каля 22 тыс. навучэнцаў), у т. л. 2 цэнтры. Дзейнічае 21 дзярж. сярэдняя спец. навуч. ўстанова (больш за 26 тыс. студэнтаў), у т. л. 2 мед. вучылішчы; 2 недзярж. ўстановы — тэхнікум прадпрымальніцтва (з 1993) і тэхнікум бізнесу і права (з 1995). У М. 18 дзярж. ВНУ і 12 недзярж., у т. л. Гуманітарна-эканамічны недзярж. ін-т (з 1994), Еўрапейскі гуманітарны універсітэт, Інстытут сучасных ведаў, Беларускі інстытут правазнаўства, Міжнар. ін-т працоўных і сац. адносін (з 1992) і інш. У М. ў сістэме Мін-ва культуры 40 б-к, у т. л. 1 абласная і 16 дзіцячых, акрамя таго, існуюць б-кі навуч. устаноў, прафсаюзныя, спец. і ведамасныя. Буйнейшыя б-кі: Бібліятэка нацыянальная Беларусі, Мінская абласная бібліятэка імя А.​С.​Пушкіна, Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Я.​Коласа, Бібліятэка фундаментальная БДУ, Бібліятэка прэзідэнцкая Рэспублікі Беларусь, Бібліятэка беларуская сельскагаспадарчая імя І.​С.​Лупіновіча і інш. Дзейнічаюць 11 музеяў, у т. л. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі (мае 3 філіялы ў М.), Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі, Купалы Янкі літаратурны музей, Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей, Багдановіча М. літаратурны музей, Броўкі Петруся літаратурны музей, Музей гісторыі беларускай літаратуры, Музей прыроды і экалогіі Рэспублікі Беларусь, Музей гісторыі тэатр. і муз. культуры Беларусі і інш.

Ахова здароўя. Першы шпіталь у М. для бяздомных і бедных адкрыты ў 1513. З 1911 дзейнічае хуткая мед. дапамога. У 1913 былі 23 бальнічныя ўстановы на 835 ложкаў, 109 урачоў. У 1921 у М. адкрыты процітуберкулёзны, у 1923 — скурна-венералагічны дыспансеры. У 1928 створаны Пульманалогіі і фтызіятрыі НДІ, у 1930 — Траўматалогіі і артапедыі НДІ, на базе ф-та БДУ адкрыты Мінскі медыцынскі інстытут. З 1977 працуе Кардыялогіі Беларускі НДІ, пасля катастрофы 1986 на Чарнобыльскай АЭС з 1988 — Радыяцыйнай медыцыны НДІ. У М. (1998): 34 стацыянарныя бальнічныя ўстановы на 20,8 тыс. ложкаў, урачоў розных спецыяльнасцей 11,6 тыс., сярэдняга медперсаналу 20,4 тыс.; 115 амбулаторна-паліклінічных устаноў, у т. л. 12 дыспансераў, 90 аптэк, 54 аптэчныя пункты. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын — 64,5, жанчын — 75,7 гадоў (1998). Узровень нараджальнасці — 7,9 на 1 тыс. нас., смяротнасць — 9 на 1 тыс. насельніцтва, натуральны прырост адмоўны (-1,1). У М. працуюць: Анкалогіі і медыцынскай радыялогіі НДІ, Аховы мацярынства і дзяцінства Беларускі НДІ, Гематалогіі і пералівання крыві навукова-даследчы інстытут, Неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі Беларускі НДІ, Санітарна-гігіенічны НДІ, Спадчынных і прыроджаных захворванняў НДІ, Эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Беларускі НДІ, Удасканалення ўрачоў Беларускі інстытут, цэнтр мед. тэхналогій; 2 мед. вучылішчы, 1 мед. вучылішча павышэння кваліфікацыі. Па пытаннях аховы здароўя выдаюцца часопісы «Здравоохранение», «Медицинские новости», «Медицина» і інш., штотыднёвая газ. «Медицинский вестник».

Экалогія. Своеасаблівасць экалагічных умоў, у якіх знаходзіцца М., вызначаецца спалучэннем прыродных і антрапагенных фактараў. Да фіз.-геагр. фактараў належаць: раўніннае размяшчэнне горада (перапад вышынь ад 280,4 м на ПнЗ да 181,1 м на ПдУ, павышэнні маюць лакальны характар); умерана кантынентальны клімат; невял. плошча прыродных вадаёмаў; глебы пераважна дзярнова-падзолістыя; элементы расліннасці і жывёльнага свету, характэрныя для зоны мяшаных лясоў; перавага паўн.-зах. вятроў і інш. Антрапагенныя фактары: значная канцэнтрацыя насельніцтва, прам-сці, транспарту. Становішча М. як сталіцы вызначыла сканцэнтраванне ў ім адм., культ., навук., аздараўленчых, спарт. устаноў і цэнтраў, арх. і інш. помнікаў, мемар. комплексаў з адпаведнымі сферамі абслугоўвання, перакрыжаванне трансп. магістраляў і інш. У выніку хуткага дэмаграфічнага росту насельніцтва ў 2-й пал. 20 ст. (з 50 тыс. у 1944 да 1,7 млн. у канцы 1990-х г.) і павелічэння прамысл. прадпрыемстваў, забудова горада праводзіцца пераважна з улікам сучаснай тэндэнцыі планіроўкі, хоць ёсць і няўдалыя выпадкі ў выбары прамысл. аб’ектаў і іх памераў, размяшчэнні спальных раёнаў у адносна забруджаных зонах (напр., Чыжоўка, Шабаны). Да неспрыяльных экалагічных умоў адносяцца выкіды шкодных рэчываў прамысл. прадпрыемстваў у атмасферу (каля 40,5 тыс. т у год, каля 24 кг на аднаго жыхара, 1998). 52% выкідаў улоўліваецца, 25% утылізуецца. Асн. крыніца забруджвання паветра (да 75%; каля 160 тыс. т) — выхлапныя газы аўтамабіляў. Выкіды шкодных рэчываў у вадаёмы складаюць каля 40 тыс. т у год. Да фіз. фактараў забруджвання далучаюцца таксама шумы, вібрацыя, інфрагукавое і эл.-магн. выпрамяненне і інш. Сан.ахоўныя зоны складаюць 16% тэр. горада. Водакарыстанне М. — каля 350 млн. м³ у год (1997), у т. л. з падземных крыніц больш за 200 млн. м³; прамысл. патрэбы складаюць каля 55 млн. м³, гасп.-пітныя — каля 230 млн. м³ (каля 136 м³ вады ў год на аднаго жыхара). Сцёкавыя воды ў аб’ёме каля 280 млн. м³ у год скідваюцца ў паверхневыя вадаёмы і падземныя гарызонты. Спрыяльным для М. з’яўляецца водна-зялёны ландшафт у пойме р. Свіслач і яе прытокаў, што перасякаюць горад з ПнЗ на ПдУ. На працягу амаль 20 км ён мае шэраг вадаёмаў (вадасх. Чыжоўскае, Дразды, Камсамольскае воз., заказнік «Лебядзіны» і інш.) і паркаў (Перамогі, імя Я.​Купалы, імя М.​Горкага і інш.), зялёныя зоны, сектары прыватнай забудовы. У М. 6 агульнагар. і 11 раённых паркаў, каля 175 сквераў, 30 бульвараў, каля 90 зялёных масіваў; агульная плошча зялёных масіваў і насаджэнняў — 5,7 тыс. га (1998). Плошча зялёных насаджэнняў на аднаго жыхара складае ад 6—7 м² (Фрунзенскі і Маскоўскі р-ны) да 41 м² (Цэнтральны р-н), у сярэднім па горадзе — каля 13 м². Захаваліся ўчасткі б. прыродных лясных масіваў (паркі імя Чэлюскінцаў, 50-годдзя Кастрычніка, раёны Уручча, Дразды, Сляпянка), дзе ў дрэвавым складзе пераважае хвоя. Растуць таксама бяроза, вольха, вярба, елка. У штучных насаджэннях выкарыстоўваюцца каштан, клён, ліпа, таполя, бяроза, елка і інш. У наваколлях М. адзначана 58 відаў жывёл, у т. л. бабры, выдры, казулі, ласі і больш за 100 відаў птушак, у т. л. занесеныя ў Чырв. кнігу вераб’іны і дамавы сычыкі, гагара чорнаваллёвая, крахаль вялікі, лебедзь-шыпун і інш. Работы па азеляненні М. і ваколіц вядуць зелянгас, лясгас, Цэнтр. бат. сад і інш. ўстановы і арганізацыі. Існуе заапарк. Стан навакольнага асяроддзя кантралюецца сан. і экалагічнымі службамі, экалагічнай міліцыяй.

Друк, радыё, тэлебачанне. Першыя друкаваныя кнігі ў М. пачалі выдаваць у канцы 16 ст. Мяркуюць, што ў 1596 у гар. друкарні на бел. мове выйшаў палемічны трактат М.​Сматрыцкага, накіраваны супраць твора «Унія...» епіскапа І.​Пацея. З 1616 працавала друкарня пры Святадухаўскім мужчынскім манастыры, з 1790 — друкарня уніяцкага ордэна базыльян. У 1797 пачала працаваць Мінская губернская друкарня (існавала да 1917, выйшла больш за 170 выданняў). У ёй друкаваліся афіц. матэрыялы, паведамленні, даведачная л-ра, у т. л. «Памятная кніжка Мінскай губерні» (1860—1916), «Агляд Мінскай губерні за ... год» (1882—1914), працы па гісторыі, археалогіі, архітэктуры, этнаграфіі, асвеце, маст. творы, а таксама першая афіц. газета «Минские губернские ведомости» (з 1838). У вайну 1812 у акупіраваным М. выходзіла першае перыяд. выданне на польск. мове «Tymczasowa gazeta Mińska» («Мінская часовая газета»), У 1826 засн. першая прыватная друкарня І.​Дворжаца, у якой друкаваліся творы на бел., рус. і польск. мовах. У 1840-я г. ў М. было некалькі прыватных друкарняў і літаграфій; выходзілі выданні пераважна на рус. мове. У 1863 выдаваўся першы мінскі ілюстраваны час. «Фотографические иллюстрации». У 1869 пачало выходзіць афіц. царк. выданне «Минские епархиальные ведомости» (у 1989 адноўлена). З’явілася першая прыватная газ. «Минский листок» (з 1886, у 1902 ператворана ў газ. «Северо-Западный край», з 1888 мела навук.-папулярны і літ.-публіцыстычны дадатак «Северо-западный календарь»); пачалі выходзіць штодзённыя грамадска-паліт. і літ. газеты розных паліт. кірункаў і арыентацыі, у т. л. «Окраина», «Голос провинции», «Минские ведомости», «Минские ежедневные ведомости», «Минская речь», «Минский курьер», «Минская газета», «Минское эхо», «Минский голос», «Минское слово», «Минчанин». Народніцкая арг-цыя «Чорны перадзел» мела ў М. ўласную друкарню, дзе выходзілі нелегальны час. «Черный передел», газ. «Зерно», лістоўкі. У 1910 у М. было 15 друкарняў і літаграфічных прадпрыемстваў. У 1906 у М. выдавалася 11 газет, у 1914—15—24 газеты і часопісы, сярод якіх першыя часопісы на бел. мове — с.-г. «Саха» (з 1913 у М.) і часопіс для моладзі «Лучынка», навук.-мед. і практычны час. «Минские врачебные известия». навук. «Болотоведение» (да 1915 у М.). Актывізацыі выпуску выдавецкай прадукцыі садзейнічалі кніжнае т-ва «Мінчук», выд-ва «Саха». Напярэдадні Кастр. рэвалюцыі 1917 і пасля яе выходзіла легальная масавая газета «Звязда» (спачатку на рус. мове, пад назвамі «Молот», «Буревестник»), «Известия Минского Совета рабочих и солдатских депутатов», «Бедняк» (з 1919 у М.), «Минский пролетарий», «Советская правда», «Чырвоная змена», «Молодежь Белоруссии», «Сельская_ газета», «Савецкая Беларусь» (з ліп. 1920 у М.), часопісы: палітыка-эканам. «Экономическая жизнь» (з 1919 у М.) і «Сацыялістычнае будаўніцтва» (у 1926—29 на рус., з 1931 на бел. мове), навук.-пед. і даведачна-афіц. «Школа и культура Советской Белоруссии» (у 1919 і 1921), літ.-маст. і грамадска-паліт. «Маладняк», «Полымя», «Узвышша», навук.-метадычны «Народная асвета», грамадска-паліт. і літ.-маст. для жанчын «Работніца і сялянка» (з 1924; з 1995 наз. «Алеся»), навук.-папулярны краязнаўчы «Наш край» (з 1930 наз. «Савецкая краіна») і інш. У пач. 1930-х г. створаны шматлікія выд-вы і выдавецкая справа ў М. набыла больш масавы, шматгранны характар. Выходзяць газеты і часопісы на бел. і рус. мовах «Советская Белоруссия» (да 1937 наз. «Рабочий»), «Піянер Беларусі» (з 1929; з 1994 наз. «Раніца»), «Літаратура і мастацтва» (з 1932), час. «Бярозка» (з 1924), «Беларусь» (з 1930). У Вял. Айч. вайну ў М. падпольна выдаваліся газ. «Звязда», «Патриот Родины», перыяд. лісток «Вестник Родины». У пасляваенны перыяд пытанні грамадска-паліт., эканам., культ., спарт. жыцця М. і рэспублікі асвятляюць рэсп., абл., гар., раённыя, на прадпрыемствах — шматтыражныя газеты, часопісы, а таксама бюлетэні «На экранах Беларусі» (з 1957, з 1996 час. «На экранах», на бел. і рус. мовах), «Тэатральны Мінск» (з 1961), «Научно-техническая информация по сельскому хозяйству» (з 1967), «Служба быту Беларусі» (з 1969), «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1970, з 1990 час. «Спадчына»), «Рабочая смена» (з 1972), «Родная прырода» (з 1972, з 1977 аднайм. часопіс) і інш.; серыйныя выданні «Веснік Бел. дзярж. ун-та» (з 1969), «Весці Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі» (з 1940). У М. працуюць (2000): 11 дзярж. выдавецтваў, выдаюцца 292 часопісы, 737 газет на бел. і рус. мовах, у т. л. дзярж. і недзяржаўныя. Выходзяць: «Звязда», «Советская Белоруссия», «Мінская праўда», «Вечерний Минск», «Народная газета», «Народная воля», «Рэспубліка», «Белорусская нива», «Белорусская деловая газета», «Музыкальная газета», часопісы «Беларусь», «Вясёлка», «Беларускі гістарычны часопіс», «Крыніца», «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Культура», «Беларуская думка» і інш. Радыёвяшчанне з 1925 (1-я і 2-я праграмы ў мона- і стэрэаварыянце, радыёстанцыя «Сталіца»). Працуюць таксама незалежныя камерцыйныя станцыі «Радыё 101,2», «Радыё Бі Эй», «Радыё Рокс». Тэлебачанне з 1956, каляровае з 1974. Дзейнічае Рэсп. студыя тэлебачання. З 1991 развіваюцца недзярж. эфірныя і кабельныя сеткі тэлебачання. У 1995 створана Тэлевізійная вяшчальная сетка (ТВС), якая аб’ядноўвае 12 недзярж. тэлестанцый. Трансліруюцца перадачы і праграмы розных тэматычных кірункаў: інфарм., грамадскія, сац.-эканам., для моладзі, дзіцячыя, навук.-папулярныя, навуч., літ.-драм., муз., забаўляльныя, а таксама спектаклі, пастаноўкі бел. драматургаў і пісьменнікаў, канцэртныя праграмы, асветныя па праблемах гісторыі, культуры, экалогіі і інш. Акрамя праграм бел. тэлебачання трансліруюцца праграмы Грамадскага Расійскага тэлебачання, Расійскага тэлебачання, Незалежнага тэлебачання, канал «Культура», існуе таксама камерцыйнае тэлебачанне.

Літаратурнае жыццё. Першы вядомы ў М. літ. гурток існаваў пры ваяводскай школе (гімназіі) у 2-й пал. 18 ст. Выкладчык паэтыкі і рыторыкі ў школах М., прадстаўнік класіцызму і сентыменталізму ў шматмоўнай л-ры Беларусі 18 ст. М.​Дудзінскі выдаў у 1782 у Вільні зборнік гэтага гуртка пад назвай «Паэтычныя забаўкі моладзі ў мінскіх школах» і сваю апісальна-дыдактычную паэму пра сядзібу мінскага кашталяна А.​Хмары «Палац у Сёмкаве». З 1790 у горадзе працавала базыльянская друкарня, дзе былі надрукаваны перс. аповесць К.​Фларыяна «Батмендзі» ў перакладзе на польск. мову мінчаніна І.​Быкоўскага, яго філас.-эстэт. трактат «Праблема, прапанаваная для вырашэння...» (1790) і сатыр. камедыя В.​Капніста «Паклёп» (1808) у перакладзе М.​Тамашэўскага. У прыватных дамах збіраліся аматары л-ры, мастацтва, мясц. аўтары. У 1812—20 выпускнікі Мінскай гімназіі, што вучыліся ў Віленскім ун-це, арганізавалі навук.-літ. гурток, у якім удзельнічалі А.​Міцкевіч і Т.​Зан. У 1812 у М. напісана на польск. мове, выдадзена і пастаўлена аматарамі аднаактовая вершаваная камедыя Я.​Ходзькі «Вызваленая Літва, або Пераход Нёмана». У 1830-я г. ў кватэры мастака і паэта Ч.​Манюшкі (бацькі кампазітара С.​Манюшкі) наладжваліся літ.-маст. вечары, на якія прыходзілі музыкант П.​Карафа-Корбут, мастакі В.​Ваньковіч (у М. ў 1832—39) і Я.​Дамель (у М. з 1822). Падобныя вечары адбываліся ў доме Ваньковіча, у польск. артыста і паэта А.​Макрэцкага. У 1845 у М. заснавана губ. б-ка.

Ажыўленне літ. жыцця горада ў 1840—50-я г. звязана з імем бел. драматурга, паэта і артыста В.​І.​Дуніна-Марцінкевіча. У яго доме збіралася мясц. інтэлігенцыя: аўтар зб. вершаў «Нашы песні» доктар А.​Пянкевіч, мастак і пісьменнік А.​Шэмеш, белетрыст Ю.​Гарайн, выкладчык гімназіі, бібліёграф і паэт І.​Легатовіч, кампазітар і музыкант К.​Кжыжаноўскі, рэдактар «Минских губернских ведомостей» П.​Малышэвіч, кнігар А.​Валіцкі, калекцыянер карцін, старых кніг і рукапісаў Ю.​Кабылінскі, крытык і гісторык польскай л-ры А.​Тышынскі і інш. З Вільні і Варшавы ў М. прыязджалі С.​Манюшка, У.​Сыракомля, А.​Плуг, В.​Каратынскі, з Лагойска — К.​Тышкевіч, з Ігуменшчыны — А.​Ельскі. У М. надрукаваны зб-кі паэт. твораў Дуніна-Марцінкевіча «Гапон» і «Вечарніцы» (абодва 1855), «Цікавішся? — Прачытай!» (1856), «Дудар беларускі, або Усяго патроху» (1857). Зімой 1854 і летам 1855 сюды прыязджаў Сыракомля збіраць матэрыялы для гісторыка-краязнаўчага нарыса «Мінск» (1857); 2.6.1855 ён быў на вечары, наладжаным у яго гонар у доме Дуніна-Марцінкевіча, і прысвяціў яму верш «Тост у доме В.​Марцінкевіча»; у 1859 тут надрукавана яго паэма «Стэла Фарнарына». У жалобных маніфестацыях у М. (вер. 1862) з выпадку смерці Сыракомлі удзельнічала дэмакр. інтэлігенцыя і больш за 600 гімназістаў. У 1856 дом Дуніна-Марцінкевіча наведаў А.​Плут, дзе напісаў верш «Да В.​Марцінкевіча, аўтара твораў на беларускай гаворцы», які ўвайшоў у зб. «Голас з Літвы», выдадзены ў М. ў 1859. З 1859 у мінскай прэсе выступаў паэт-рэвалюцыянер І.​Гольц-Мілер. Як тэатр. рэцэнзент у М. друкаваўся і яго бацька І.​Гольц-Мілер. У 1860 выдаў зб. вершаў «Кветкі мараў» мінчанін Л.​Вечар (Л.​Шчарбовіч). Напярэдадні паўстання 1863—64 у М. царскія ўлады затрымалі бел. ананімны вершаваны твор «Гутарка старога дзеда». З 1864 у Рас. імперыі забаронена друкаванне бел. кніг. Літ. жыццё горада ажывілася ў 1880-я г. з ростам рэв. руху нарадавольцаў, развіццём правінцыяльнай прэсы. Пэўную ролю адыгралі календары, выдадзеныя пад рэд. М.​Доўнар-Запольскага і А.​Слупскага.

З М. цесна звязана жыццё і літ. творчасць Я.​Лучыны, дзе ён нарадзіўся, вучыўся і працаваў. Ён выдаў брашуру «З крывавых дзён. Эпізод паўстання 1863 на Міншчыне» (1889, Кракаў). У мінскім «Паўночна-Заходнім календары» на 1892 і 1893 апубл. яго вершы на бел. мове, вольныя наследаванні і пераклады з Сыракомлі. Пад уражаннем ад выступлення у М. ў 1887 укр. трупы Я.​Лучына напісаў вершы «Усёй трупе дабрадзея Старыцкага беларускае слова» і «Дабрадзею артысту Манько». Літ. жыццё М. прыкметна ажывілася з пачаткам выдання газ. «Минский листок». На яе старонках з артыкуламі па гісторыі, этнаграфіі, фальклоры, мове і культуры Беларусі выступалі Доўнар-Запольскі, А.​Слупскі (у 1895 надрукаваў нарыс «Стары Мінск») М.​Янчук, Я.​Ляцкі, У.​Завітневіч і інш.; друкавалі свае творы Я.​Лучына, К.​Каганец (у т. л. апавяд. «Бывалы Юр у Мінску», 1902), Д.​Бохан (у 1901 выдаў кн. «Мінскія паданні і легенды», у 1902 — нарыс «Мінск і мінчане»), Я.​Чырыкаў і інш. 16.5.1889 упершыню ў газ. надрукавана ананімная паэма «Тарас на Парнасе». У 1899 шырока адзначалася 100-годдзе А.​Пушкіна. Святкаваліся юбілеі Л.​Талстога, І.​Тургенева, А.​Чэхава і інш. рус. пісьменнікаў. Пасля стварэння ў 1898 Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў літ. жыццё сканцэнтравалася ў яго літ. секцыі. У М. жылі літаратары В.​Гадлеўскі, Ю.​Вяржбіцкі і інш., якія пісалі на польскай мове. Летам 1904 у М. быў Я.​Купала (тут ён жыў з бацькамі ў 1890—91). Яго вершы распаўсюджваліся ў рукапісах, іх дэкламавалі ў час спектакляў, у т. л. ў прыгараднай в. Пятроўшчына вясною 1906. У жн. 1906 М. наведаў Я.​Колас, прысутнічаў на нелегальным сходзе. Газ. «Северо-Западный край» сістэматычна інфармавала пра літ. жыццё горада, на бел. мове друкавала казкі, легенды, песні. 15.5.1905 газета змясціла першы на бел. мове верш Я.​Купалы «Мужык». У газету дасылаў карэспандэнцыі Мікола Камароўскі (М.​М.​Верасаў), з 1908 — свае творы У.​Галубок. У віленскай «Нашай ніве» друкаваў гумарыстычныя і сатыр. творы мінчанін А.​Паўловіч. На яго кватэры збіраліся ўдзельнікі бел. нац.-культ. руху. Газ. «Минское эхо» друкавала творы мясц. аўтараў, 9.7.1908 у ёй змешчана першая рэцэнзія на зб. «Жалейка» Я.​Купалы (аўтар Ядвігін Ш.). У газ. «Минский курьер» з вершамі і артыкуламі выступаў адзін з яе рэдактараў У.​Самойла. 13.4.1908 ён змясціў у «Минском курьере» свой пераклад на рус. мову верша Я.​Купалы «Хоць ты, сэрца, лопні, трэсні» (над назваю «Беларусу») — першы пераклад на рус. мову вершаў песняра. 23.8.1908 у газеце апубл. рэцэнзія Самойлы на зб. «Жалейка» Я.​Купалы пад назваю «Вялікае свята». У 1906—09 дзейнічала Мінскае літаратурна-артыстычнае таварыства. У 1909 выйшаў альманах «Туманы», у 1910 — «Зямныя сны» пераважна з творамі сімвалісцка-дэкадэнцкага кірунку. У канцы 1913 у М. прыехала Цётка рэдагаваць час. для дзяцей і моладзі «Лучынка». З восені 1915 у М. жыў З.​Бядуля. У 1915 выйшлі зб. «Беларускія жарты» (выд-ва «Вясёлка») і альманах «Правінцыяльны месяц». У кастр. 1916 — лют. 1917 у М. жыў М.​Багдановіч. На літ. вечарах у «Беларускай хатцы» збіраліся Багдановіч, Ядвігін Ш., З.​Верас, Я.​Фарботка, Паўловіч, Ф.​Шантыр, У.​Галубок, У.​Фальскі, Ф.​Ждановіч, А.​Зязюля, В.​Лявіцкая і інш. На старонках газ. «Вольная Беларусь», што выходзіла з 28.5.1917, друкаваліся вершы Я.​Коласа, Багдановіча, З.​Бядулі, Ф.​Чарнышэвіча, Ф.​Калінкі, Паўловіча, Я.​Журбы, А.​Гаруна, І.​Піліпава, І.​Дварчаніна, апавяданні Я.​Коласа, З.​Верас, З.​Бядулі, У.​Галубка, К.​Каганца, Вясёлкі (В.​Лявіцкай), М.​Гарэцкага, артыкулы Я.​Лёсіка і інш. З 8.8.1917 газ. пачала друкаваць паэму Я.​Коласа «Сымон-музыка». У жн. 1917 выйшаў «Літаратурны зборнік «Вольнай Беларусі», у якім змешчаны творы Я.​Коласа, Вясёлкі, З.​Верас, З.​Бядулі, У.​Галубка, Я.​Шпэта, А.​Зязюлі, І.​Сербава. У 1917 выдадзена ілюстраваная «Дзіцячая чытанка» (вершы, апавяданні, казкі Я.​Коласа, З.​Бядулі, Ядвігіна Ш.), «Тарас на Парнасе», зборнік Т.​Гушчы (Я.​Коласа) «Сцэнічныя творы».

Пасля ўтварэння БССР М. стаў сталіцай рэспублікі і цэнтрам культ. жыцця. У М. знаходзілася Цэнтр. бюро літ. арг-цыі «Маладняк», літ. аб’яднанні «Узвышша», «Полымя», Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП), Мінская філія «Маладняка» і Мінская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў. З лют. 1932 выдаецца газ. «Літаратура і мастацтва». У чэрвені 1934 Усебел. з’езд пісьменнікаў у М. аформіў стварэнне Саюза пісьменнікаў Беларусі. У горадзе прайшлі сустрэчы з пісьменнікамі Мардовіі, Украіны (1933), Грузіі (1933, 1935), Зах. вобласці (1934), Арменіі (1935, 1936), польскімі пісьменнікамі (1940). У 1931 у М. адбыўся 1-ы Усесаюзны з’езд польскіх пралетарскіх пісьменнікаў, у 1936 — пленум праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, прысвечаны бел. і башк. л-рам, пытанням паэзіі. Рэгулярна праводзіліся сходы і вечары, прысвечаныя літ. дзейнасці бел. пісьменнікаў, класікаў рус. і сусв. л-р. Адбываліся дыскусіі пра вобраз станоўчага героя і вобраз бальшавіка у л-ры (1932), пра фармалізм і натуралізм (1936), пра паэзію (1940), прозу (1941) і інш. У М. адбыліся 2-і (1949), 3-і (1954), 4-ы (1959), 5-ы (1966), 6-ы (1971), 7-ы (1976), 8-ы (1981), 9-ы (1986), 10-ы (1990), 11-ы (1994), 12-ы (1998) з’езды пісьменнікаў Беларусі, нарады дзіцячых пісьменнікаў (1948, 1952), маладых пісьменнікаў (1948, 1953) і крытыкаў (1983), нарада па дзіцячай л-ры (1970), сімпозіум перакладчыкаў бел. л-ры (1973), навук. канферэнцыя «Сучасныя праблемы ваеннай прозы» (1983). Шырока адзначаліся дэкады, тыдні і дні л-ры і мастацтва розных народаў. Важнымі падзеямі ў літ. жыцці горада былі святкаванні 100-годдзя з дня нараджэння Я.​Купалы і Я.​Коласа (1982), Цёткі (1976), М.​Багдановіча (1991), М.​Гарэцкага (1993), 500-годдзя Міколы Гусоўскага (1980), Ф.​Скарыны (1990) і інш. Творчасць пісьменнікаў-мінчан атрымала ўсеагульнае прызнанне.

Мастацкае жыццё. У 11—15 ст. у М. развіваліся кавальства, ліццё, ювелірнае мастацтва, разьба па дрэве і косці, ганчарства (гл. Мінская кераміка, Мінская кафля), шкларобства. Высокім узроўнем вызначалася апрацоўка скуры і вырабы з яе абутку, адзення, утылітарных рэчаў. У аздабленні шырока выкарыстоўваліся разьба, паліхромная размалёўка, інкрустацыя. У 16—18 ст. больш за 20 цэхаў М. аб’ядноўвалі майстроў 41 прафесіі; у 1591 зацверджаны статут аб’яднання злотнікаў, кавалёў, меднікаў, слесараў, гадзіншчыкаў, мечнікаў. У 16—17 ст. з’явіліся творы жывапісу, звязаныя з мясц. маст. школай («Маці боская Мінская», 1-я пал. 16 ст.; «Нараджэнне Хрыста», 17 ст., і інш.). З 16 ст. мастакі — выхадцы з М. працавалі і ў інш. гарадах (напр., Іеранім у Варшаве). У 17—18 ст. у аздабленні інтэр’ераў і фасадаў грамадз. і культавых будынкаў мінскія мастакі выкарыстоўвалі паліхромную размалёўку, драўляную і стукавую скульптуру, каваныя вырабы (Петрапаўлаўская і Святадухаўская цэрквы, касцёлы дамініканцаў, езуітаў, бернардзінак, пазалочаныя флюгеры на доме Я.​Гегера і інш.). Мясц. майстры ўдзельнічалі ў стварэнні манум. алтарных кампазіцый у храмах горада. У 18 ст. ў М. працавалі мастакі А.​Анташэўскі, М.​Бейтнік, Я.​Брэтцар, І.​Дарэці, Я.​Шэферс і інш., у канцы 18 — пач. 19 ст. — А.​Главацкі, Ю.​Г.​Главацкі, Ю.​Пешка (выканаў шэраг партрэтаў жыхароў М. і акварэльных краявідаў горада). У 19 ст. ў М. жылі і працавалі Я.​Дамель, В.​Ваньковіч, І.​Герасімовіч, Ч.​Манюшка, С.​Цімафееў, А.​Шэмеш. У М. і ваколіцах працаваў Ф.​Смуглевіч, замалёўкі краявідаў горада рабілі І.​Трутнеў, Дз.​Струкаў; шэраг пейзажаў у ваколіцах М., у т. л. «Вечар у Мінскай губерні» стварыў А.​Гараўскі. Развіваліся тэатр.дэкарацыйнае мастацтва (афармленне тэатр. залы ў будынку ратушы і дэкарацыі да спектакляў, Я.​Кураткевіч), мастацтва кнігі (гравюры Э.​Адамовіча да выдадзенай ім у М. Бібліі, пач. 1860-х г.). З ростам эканам. значэння горада ў канцы 19 ст. актывізавалася яго маст. жыццё.

У 1898—1906 маст. секцыя Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў арганізоўвала выстаўкі жывапісу, графікі, скульптуры, фатаграфіі. У 1890-я г. ў М. існавалі маст. майстэрні, дзе працавалі Г.​Віер, М.​Дубчык, М.​Кордаш, Л.​Красоўскі, П.​Курбатаў, М.​Лазарчык, А.​Максіменка і інш. У 1891 адбылася 1-я маст. выстаўка (экспанаваліся творы А.​Бартэльса, Э.​Сукоўскага, Я.​Тышынскага і інш.). У 1899 тут адбылася выстаўка мастакоў-перасоўнікаў. З М. канца 19 — пач. 20 ст. звязана творчасць Б.​Адамовіча, Л.​Альпяровіча, С.​Богуш-Сестранцэвіча, Г.​Вейсенгофа, І.​Івашкевіча, К.​Каганца, З.​Ленскага, П.​Мрачкоўскай, Л.​Пігулеўскага, Сукоўскага. У 1904 Я.​Кругер арганізаваў у М. курсы малявання, рэарганізаваныя ў 1906 у школу-студыю малявання (існавала да 1914). На маст. выстаўках 1902, 1904, 1907, 1908 экспанаваліся творы Альпяровіча, Дамеля, Я.​Кругера, Ф.​Рушчыца, Трутнева, І.​Хруцкага, І.​Яроменкі. Буйной для свайго часу была арганізаваная мінскім скульпт. Тышынскім і мастаком Рушчыцам выстаўка 1911, дзе экспанаваліся творы бел., рус., літ., польскіх, укр. мастакоў. Уплывам дэкадэнцтва былі пазначаны творы, экспанаваныя на мінскай выстаўцы 1912. Сярод мастакоў, якія працавалі ў М. ў пач. 20 ст., Ф.​Бабеш, В.​Калашнікаў, К.​Карсалін, Ф.​Кулік, А.​Савіцкі, М.​Сляпян, В.​Струеў, І.​Умецкі, К.​Чэмка, А.​Шчокатаў, І. і Ф.​Ягоравы і інш. У 1919 у М. адкрыўся Бел. дзярж. музей (дзейнічаў да 1941), дзе экспанаваліся і творы мастацтва; прыняты першыя пастановы аб ахове помнікаў мастацтва, створаны маст.вытв. майстэрні пры аддзеле Наркамасветы Беларусі. У 1920 працавалі маст. студыі. У гады грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі пашырылася мастацтва плаката і карыкатуры (дзейнасць Мінскага бюро РОСТА).

Гар. маст. выстаўка 1921 засведчыла шырокі спектр развіцця кірункаў у мастацтве — ад рэалізму да абстракцыянізму і супрэматызму (удзельнічалі І.​Ахрэмчык, С.​Блох, І.​Валадзько, І.​Гембіцкі, А.​Гефтэр, П.​Гуткоўскі, К.​Елісееў, М.​Кавязін, С.​Каўроўскі, Кругер, А.​Маневіч, І.​Мільчын, І.​Пляшчынскі, М.​Русецкі, Сляпян, М.​Станюта, Б.​Ульпі, М.​Філіповіч, К.​Ціханаў і інш.). Вял. ролю ў маст. жыцці М. адыгрывала творчая дзейнасць А.​Вало, Я.​Васілеўскага, В.​Дваракоўскага, Я.​Драздовіча, Г.​Змудзінскага, А.​Марыкса, А.​Пузынкевіча, А.​Тычыны і інш.

У 1921—25 адбыўся шэраг маст. выставак, найб. значная з іх — персанальная Філіповіча (1922). У 1925 пры Інбелкульце створана маст. секцыя, што займалася вывучэннем і прапагандай мастацтва, апісаннем і вывучэннем маст. збораў Дзярж. музея. Ёю арганізавана 1-я Усебел. маст. выстаўка (1925), якая паклала пачатак сістэматычным рэсп. маст. выстаўкам і садзейнічала стварэнню Усебеларускага аб’яднання мастакоў. У 1926 наладжана выстаўка краязнаўчага малюнка і фатаграфіі, дзе побач з творамі Драздовіча, Кругера, Я.​Мініна, Ф.​Пархоменкі, Тычыны, Філіповіча дэманстраваліся стараж. партрэты, шкло. У 1927 Усебел. аб’яднанне мастакоў арганізавала 2-ю Усебел. маст. выстаўку, дзе экспанавалася каля 1000 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, нар. мастацтва, у т. л. карціны В.​Бялыніцкага-Бірулі, В.​Волкава, У.​Кудрэвіча, Ю.​Пэна, Станюты, М.​Эндэ і інш. Маст. выстаўкі адбыліся ў 1928 (3-я Усебел.), 1929. У 1929 у М. дзейнічала Т-ва прыхільнікаў выяўл. мастацтва, якое мела на мэце вывучэнне і папулярызацыю мастацтва, дапамогу дзеячам мастацтва.

Пасля пастановы ЦК ВКП(б) «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый» (1932) адзіным дазволеным кірункам у мастацтве стаў сацрэалізм. Частка мінскіх мастакоў была рэпрэсіравана. Сярод найб. значных маст. выставак 1930-х г. — 4-я і 5-я Усебел. (1931, 1932), юбілейная «Мастакі БССР за 15 гадоў», персанальныя А.​Астаповіча, Я.​Красоўскага, Кругера (усе 1934), «БССР за 20 год» (1937), «Перамога», да 22-й гадавіны Кастр. рэвалюцыі і 20-годдзя ВЛКСМ, да 20-годдзя вызвалення Беларусі ад белапалякаў (усе 1938). З 1932 у М. выходзіў час. «Мастацтва і рэвалюцыя». У 1933 створаны аргкамітэт Саюза мастакоў Беларусі, у 1938 адбыўся яго 1-ы з’езд. Дзейнічалі Дом мастака і студыі выяўл. мастацтва. У 1939 адкрыта Дзярж. карцінная галерэя БССР, у фондах якой сабраны творы майстроў рус. і замежнага мастацтва, творы сав., у т. л. бел. мастакоў. У пач. 1941 адбылася 1-я бел., рэсп. выстаўка жанчын-мастакоў.

У гады Вял. Айч. вайны ням.-фаш. акупанты знішчылі маст. ўстановы горада, вывезлі каштоўнасці Дзярж. карціннай галерэі. Пасля вызвалення М. ў творчасці мастакоў пераважала ваен. тэматыка. Прайшлі выстаўкі «Барацьба беларускага народа з нямецкай агрэсіяй» (1944), да 2-й і 4-й гадавін вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў (1946 і 1948) і інш. У 1944 адкрыта нанава створаная карцінная галерэя (з 1957 Дзярж. маст. музей, з 1993 Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь). У 1947 створана Мінскае маст. вучылішча, у 1953 адкрыты маст. факультэт пры Бел. тэатр. ін-це, які перайменаваны ў Бел. тэатр.-маст. ін-т (з 1991 Беларуская акадэмія мастацтваў). У 1950-я г. адбыліся Усебел. маст. выстаўкі (1951, 1957, 1959), выстаўкі тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва (1959), бел. пейзажа (1951), персанальныя А.​Гугеля, М.​Дучыца, Кудрэвіча, А.​Мазалёва, У.​Хрусталёва (усе 1954), Б.​Звінагродскага (1956), Волкава, А.​Шыбнёва (абедзве 1958), Я.​Зайцава, А.​Волкава (абедзве 1959). У канцы 1950-х г. у бел. выяўл. мастацтва прыйшла першая група выпускнікоў Бел. тэатр.-маст. ін-та (А.​Анікейчык, Л.​Асецкі, Б.​Аракчэеў, Ф.​Бараноўскі, В.​Грамыка, Л.​Гумілеўскі, М.​Залозны, В.​Пратасеня, І.​Рэй, Ю.​Тышкевіч, І.​Ціханаў, Л.​Шчамялёў і інш.), выпускнікі маст. ВНУ Масквы і Ленінграда (М.​Данцыг, М.​Савіцкі, І.​Стасевіч, У.​Стальмашонак), што ў значнай ступені спрыяла росквіту маст. жыцця М.

У 1960-я г. сістэматычна наладжваліся рэспубліканскія (1960, 1962, 1963, 1965—69), а таксама юбілейныя, групавыя (мастакоў кіно, 1961; твораў мастакоў час. «Вожык», 1966), перасоўныя, усесаюзныя, замежнага мастацтва, персанальныя выстаўкі А.​Глебава, С.​Нікалаева (1960), М.​Даўгялы, В.​Ціхановіча (1961), І.​Давідовіча, С.​Геруса, М.​Тарасікава, В.​Цвіркі (усе 1963), М.​Гурло, Х.​Ліўшыца, П.​Масленікава, Гугеля (усе 1965), Н.​Воранава, А.​Бархаткова, Ф.​Зільберта, Тычыны (усе 1967), М.​Манасзона, У.​Кульваноўскага (абедзве 1968) і інш.

Актывізацыі маст. жыцця М. садзейнічала адкрыццё ў 1973 Палаца мастацтваў (з 1991 рэспубліканская Маст. галерэя). Значнымі з’явамі маст. жыцця горада 1970-х г. сталі рэсп. выстаўкі, да 25-годдзя Перамогі сав. народа ў Вял. Айч. вайне (1970), 90-годдзя з дня нараджэння Я.​Купалы і Я.​Коласа (1972), 2-я рэсп. выстаўка плаката (1973), рэтраспектыўная выстаўка твораў бел. мастакоў (1974), «30 год Вялікай Перамогі», усесаюзная і 4-я рэсп. выстаўкі акварэлі, «Вобраз жанчыны ў савецкім выяўленчым мастацтве» (усе 1975), «Маладосць краіны», да 100-годдзя з дня нараджэння Цёткі (А.​Пашкевіч; абедзве 1976), міжнар. «Сатыра ў барацьбе за мір» (1977), усесаюзныя «Краіна родная», «60 гераічных гадоў», 2-я рэсп. выстаўка кніжнай графікі (усе 1978), «У сям’і адзінай», да 35-годдзя вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў, «Няхай заўжды будзе сонца» (усе 1979), персанальныя Р.​Кудрэвіч і Марыкса (1970), З.​Азгура, К.​Касмачова, П.​Крахалёва (усе 1971), Станюты, С.​Каткова (абедзве 1972), Л.​Рана (1973), А.​Малішэўскага, Шчамялёва, В.​Жолтак, Савіцкага, Г.​Ісаевіч (усе 1974), Л.​Баразны, П.​Дурчына (абедзве 1975), М.​Чэпіка, У.​Мінейкі, С.​Лі, Грамыкі (усе 1976), В.​Васільева, А.​Бяловай, У.​Мудрогіна (усе 1977), Г.​Вашчанкі, Геруса (абедзве 1978), Зайцава, У.​Гоманава (усе 1979).

У 1980-я г. ў творчасці мінскіх мастакоў пашырылася асветніцкая тэматыка, што засведчылі выстаўкі «Мікола Гусоўскі і яго час» (1980), да 90-годдзя з дня нараджэння М.​Багдановіча (1981), «Песняры зямлі беларускай» да 100-годдзя з дня нараджэння Я.​Купалы і Я.​Коласа (1982), да 175-годдзя з дня нараджэння В.​Дуніна-Марцінкевіча (1983), да 150-годдзя з дня нараджэння К.​Каліноўскага і 125-й гадавіны паўстання 1863—64. Адбыліся выстаўкі твораў Бялыніцкага-Бірулі да 110-годдзя з дня яго нараджэння, «Другое нараджэнне партрэтаў з Нясвіжа і Гродна» (усе 1982), твораў Гараўскага, да 110-годдзя з дня нараджэння І.​Шышкіна (абедзве 1983), рэсп. самадз. мастакоў і майстроў нар. творчасці, «40 гадоў Вялікай Перамогі», выстаўка плаката «Мір — надзея планеты», 3-я рэсп. кніжнай графікі, групавыя выстаўкі акварэлі, твораў маладых мастакоў, прысвечаныя 12-му Сусв. фестывалю моладзі, твораў В.​Пярова да 150-годдзя з дня яго нараджэння, Хруцкага да 175-годдзя з дня яго нараджэння, франтавых малюнкаў бел. мастакоў, фатаграфіі (усе 1985), «Не зарасце народная сцежка», прысвечаная памяці А.​Пушкіна, «Мастацтва Веткі», твораў З.​Серабраковай да 100-годдзя з дня яе нараджэння, «Беларускі савецкі жывапіс і скульптура 1977—87 г.» (усе 1987), твораў Ахрэмчыка да 85-годдзя з дня яго нараджэння, Драздовіча да 100-годдзя з дня яго нараджэння (абедзве 1988), «Пераемнасць» (выстаўка дынастыі бел. майстроў саломапляцення В.​Гаўрылюк, Т.​Агафоненка, Т.​Паўлоўскай, 1989), персанальныя М.​Сеўрука і Кудрэвіч (1980), Л.​Дударэнкі, Г.​Мурамцава, М.​Карпука, Л.​Мягковай, У.​Мурахвера (усе 1981), Г.​Бржазоўскага, У.​Пасюкевіча, Г.​Паплаўскага, Манасзона, Тычыны (усе 1982), Я.​Ціхановіча, Цвіркі, Шчамялёва, Стальмашонка (усе 1983), А.​Кішчанкі, Масленікава, Л.​Паляковай, А.​Кроля, І.​Дмухайлы (усе 1984), Л.​Асядоўскага, А.​Бембеля, Гугеля, Гурло, Залознага, У.​Лагуна, Мудрогіна (усе 1985), Савіцкага (1987), Азгура, С.​Вакара, Зайцава (1988), Астаповіча (1989) і інш. У 1970—80-я г. ў М. адбыліся выстаўкі «Мастацтва Савецкай Літвы» (1974), «Выяўленчае мастацтва Казахстана» (1975), «Латвійскі экслібрыс» (1977), «Творы ўкраінскіх мастакоў» (1980), «Жывапіс Савецкай Малдавіі», «Графіка Савецкай Літвы», «Народнае мастацтва Гуцульшчыны» (усе 1984), «Сучасная народная творчасць Літвы», «Латышскі габелен», «Космас на службе міру» (усе 1985). Арганізоўваліся перасоўныя выстаўкі твораў з музеяў СССР — Траццякоўскай галерэі (1965), Эрмітажа (1966, 1985), Аружэйнай палаты (1978), АМ СССР (выстаўкі твораў М. і С.​Рэрыхаў, Б.​Кустодзіева, С.​Герасімава, Ф.​Рашэтнікава, Б.​Угарава і інш.), нар. мастакоў Літвы С.​Красаўскаса (1987) і Азербайджана Бахлулзадэ С. (1989). Экспанаваліся выстаўкі замежнага мастацтва: сучаснай італьянскай (1957) і фінскай (1970) графікі, сучаснага жывапісу Югаславіі (1973—74), жывапісу з калекцыі А.​Хамера (ЗША) і польскага жывапісу з музеяў Варшавы і Кракава (1974), шэдэўраў Дрэздэнскай карціннай галерэі (1975), зах.-еўрап. і амер. жывапісу з музеяў ЗША (1976), польскага партрэта 17—18 ст. (1977), шэдэўраў зах.-еўрап. жывапісу 17—18 ст. са збору Нац. галерэі ў Празе, «К.​Кольвіц і нямецкая графіка яе часу» (з музея г. Альтэнбург, Германія), амер. жывапісу 2-й пал. 19—20 ст. (са збору Метраполітэн-музея, ЗША; усе 1979), нар. мастацтва Ніжняй Аўстрыі і ліёнскіх тканін 17—20 ст. (з музеяў Францыі; 1981), балгарскага мастака У.​Дзімітрава-Майсторы (1983), твораў маладых мастакоў Чэхаславакіі, сучаснага выяўл. мастацтва Кітая, выстаўка японскага кімано (з г. Сендай; усе 1984), традыц. мастацтва Эфіопіі, графікі, дзіцячага малюнка і нар. рамёстваў Славеніі, сумесная выстаўка твораў мастакоў Беларусі і Зах. Берліна (усе 1985), інд. жывапісу 1900—47 (са збору Нац. галерэі сучаснага мастацтва ў Нью-Дэлі; 1987), «Новыя гарызонты амерыканскага жывапісу 1840—1910 г.» (са збору Нац. галерэі мастацтва ЗША), сучаснага мастацтва Канады (з калекцыі Фаерстоўна, г. Таронта; абедзве 1988), зах.еўрап. прыкладнога мастацтва 11—20 ст. (са збораў Эрмітажа), сучаснага польскага партрэта і аўтапартрэта ў жывапісе (абедзве 1989), «40 год брытанскай скульптуры» (1993). У 1979 створаны Музей старажытнабеларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах. З 1983 у М. выдаецца час. «Мастацтва». У фарміраванні эстэт. аблічча горада актыўна ўдзельнічалі мастакі Мінскага мастацка-вытворчага камбіната. Вялікая работа праводзіцца мастакамі па афармленні станцый Мінскага метрапалітэна.

Маст. жыццё М. 1990-х г. узбагацілася разнастайнасцю стылявых кірункаў і канцэпцый, пашырылася галерэйная справа. Разам з трад. выставачнай дзейнасцю развіваюцца новыя формы ўзаемадзеяння мастака з гледачом (пленэр, перформанс, інвайрэнмент і інш.). З 1991 выдаецца газ. «Культура». У 1995 створаны Музей сучаснай беларускай скульптуры, у 1997 — Музей сучаснага выяўленчага мастацтва. Арганізаваліся маст. суполкі «Пагоня», «Няміга-17», «Верасень», «Сонечны квадрат» і інш., грамадская Беларуская акадэмія выяўленчага мастацтва. Сярод найб. значных выставак: тэматычныя «Да 150-годдзя Ф.​Багушэвіча», «Ганчарны круг», «45 год Вялікай Перамогі», «Праекты помніка ахвярам рэпрэсій», «Мастацтва старажытных гарадоў Беларусі», «Мастацтва рэнесансу ў Беларусі», да 500-х угодкаў нараджэння Ф.​Скарыны (усе 1990), «Пошук і эксперымент», «Беларуская скульптура», «Мастацтва габелена», «Мастацтва барока на Беларусі», да 100-годдзя з дня нараджэння Багдановіча (усе 1991), «Выстаўка графікі», да 110-й гадавіны з дня нараджэння Я.​Купалы і Я.​Коласа (усе 1992), «Жыве Беларусь» (1991—98), «Гуманізм і вера», «Мастацтва Брэстчыны 16—18 ст.» (абедзве 1993), «Малюнак», «Мясціны старога Мінска», мастакоў тэатра, кіно, тэлебачання, «Дарогамі Вялікай Перамогі», «Слава табе, Беларусь!», «Аршанскай бітве 1514 года прысвячаецца», «Беларуская палітра 20 ст.» (усе 1995), «Чарнобыль, боль, надзея», «Беларуская акварэль», «Спорт у выяўленчым мастацтве», «Асоба і сучаснае асяроддзе», «Беларускі эстамп», «Мастакі Прынямоння» (усе 1996), «Мастакі і горад» (1997), «Панарама мастацтваў», «Малюнак», «Час, прастора, асоба», «Зямля Палесся», «Спорт у нашым жыцці» (усе 1998), «На мяжы тысячагоддзяў», «Беларускі друкаваны плакат», маст. акцыя С.​Войчанкі і У.​Цэслера «Праект стагоддзя» (усе 1999), персанальныя В.​Вярсоцкага, Крахалёва (абедзве 1990), Ю.​Карачуна, Паплаўскага, Шчамялёва (усе 1991), С.​Давідовіча, А.​Марачкіна, Г.​Русак (ЗША; усе 1992), І.​Белановіча, В.​Кубарава, Малішэўскага, В.​Целеша (Рыга), Н.​Анісімавай (Аўстралія), В.​Маркаўца, Цвіркі (усе 1993), К.​Камала, А.​Ксяндзова, А.​Лось, У.​Маскоўскіх, А.​Мятліцкага, У.​Тоўсціка (усе 1994), М.​Апіёка, Дударэнкі (абедзве 1995), Аракчэева, Л.​Дробава, Дурчына, А.​Кузьміча, Э.​Куфко, Г.​Лойкі, М.​Раманюка (усе 1996), Бржазоўскага, Савіцкага, Ціхановіча (усе 1997), Кашкурэвіча, Літвінавай, Вашчанкі (усе 1999), рэтраспектыўныя выстаўкі П.​Гаўрыленкі, Тычыны (абедзве 1992), Кудрэвіча (1994), Анікейчыка, Малішэўскага (абедзве 1997) і інш.; выстаўкі твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва «Гармонія і асяроддзе» (1986) і інш., Нац. выстаўкі нар. творчасці «Вечназялёнае дрэва рамёстваў» (1996), «Жывыя крыніцы» (1998) і інш.

Музычнае жыццё. Ужо ў 14—15 ст. ў М. існавалі школы царк. спеваў. Пры Петрапаўлаўскім правасл. брацтве (з 1592) былі арганізаваны навучанне спевам па 5-лінейнай нотнай сістэме і хар. выканальніцтва, існавала спец. школа па падрыхтоўцы царк. пеўчых. У канцы 17 ст. хар. спевы і ігра на аргане дасягнулі значнага прафес. ўзроўню. На мяжы 17—18 ст. пры двары мінскага ваяводы К.​Завішы створаны аркестр, які выконваў духоўныя творы і бел. нар. песні і танцы. У канцы 18 — пач. 19 ст. ў М. і Мінскай губ. папулярнасцю карыстаўся прыдворны аркестр М.​Ракіцкага. З сярэдзіны 19 ст. развівалася аматарскае музіцыраванне, наладжваліся камерныя канцэрты мясц. музыкантаў (скрыпачы П.​Бяляўскі, Каржанеўская, В.​Нядзведскі), пастаноўкі муз. спектакляў, выступленні ансамбляў бел. нар. інструментаў на плошчах горада ў час свят і кірмашоў. У арганізацыі канцэртнага жыцця і муз. адукацыі вял. роля належала братам Дамініку і Вікенцію Стафановічам (Вікенцій на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў быў дырыжорам Мінскага гар. аркестра, Дамінік праводзіў сімф. канцэрты, кіраваў фп. класамі). З М. звязана дзейнасць М.Ельскага (адзін з арганізатараў Мінскага музычна-літаратурнага таварыства), Ф.Міладоўскага, аўтара аперэты «Канкурэнты» (паст. ў 1861), П.​Карафы-Корбута, К.Кжыжаноўскага, К.Марцінкевіч (вучылася ў Мінскім пансіёне Мантэграндзі), піяніста і спевака Ф.​Паўлоўскага, скрыпачкі Б.​Крыгер. Значны ўклад у муз. культуру М. зрабіў С.Манюшка. У канцы 1850 — пач. 1860-х г. у М. працавалі фартэпіянныя ф-кі І.​Бяляўскага, Ю.​Качкоўскага і Фотха, ф-ка па вытв-сці клавікордаў, магазін А.​Валіцкага па продажы нот і муз. інструментаў. У 1870-я г. бел. муз. фальклор прапагандавалі ў мінскім друку А.​Васільева, Р.​Ігнацьеў, П.​Шэйн. З 1865 музыка гучала ў зале дваранскага сходу, дзе ставіліся і оперы. У 1872 адкрыта Мінскае вучылішча арганістаў. У 1890 пачаў дзейнічаць гар. т-р (мясц. оперную трупу ў 1890—91 узначальваў В.​Сук). З 1880 пачалі ўзнікаць аматарскія маст. т-вы, у т. л. муз. т-ва (з 1880), Мінскае таварыства аматараў прыгожых мастацтваў, Мінскае літаратурна-артыстычнае таварыства, Мінскае таварыства сяброў музыкі, муз.-драм. т-ва (з 1893), муз. гурток (1896), прыватныя муз. ўстановы: Мінская музычная школа Шацкінай, Мінская вакальная студыя Муранскай, муз. вучылішча П.​Маўшовіч, Мінскае музычнае вучылішча Н.​Рубінштэйна, курсы спеваў Ю.​Багуслаўскага (з 1907), Мінскія музычныя курсы Г.​Львовай і інш. У 19 — пач. 20 ст. ў М. гастраліравалі: спевакі Л.​Собінаў, Ф.​Шаляпін, М.​Фігнер, М.​Батыстыні, А.​Мазіні, піяністы Г.​Есіпава, А.​Зілоці, І.​Падарэўскі, С.​Рахманінаў, А.​Скрабін, скрыпачы Л.​Аўэр, С.​Барцэвіч, А.​Вільгельмі, Г.​Вяняўскі, І.​Гржымалі, Э.​Ізаі, А.​Концкі, К.​Ліпінскі, П.​Сарасатэ, М.​Эрдэнка; віяланчэлісты К.​Давыдаў, А.​Вержбіловіч і інш. М. стаў цэнтрам бел. муз. культуры. У першыя паслярэв. гады тут працаваў У.Тэраўскі — арганізатар і кіраўнік Бел. нар. хору і муз. часткі Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. У 1919 адкрыта нар. кансерваторыя, праводзіліся вечары камернай музыкі. У 1920-я г. створаны хор Галоўпалітасветы пад кіраўніцтвам В.​Яфімава, Бел. капэла на чале з А.​Ягоравым, ансамбль цымбалістаў, Беларускі вакальны квартэт, т-ва «Музыка — масам». Цэнтрам муз. культуры М. стаў БДТ, які меў хор, сімф. аркестр і балетную трупу; на яго сцэне праводзіліся сімф. канцэрты, ставіліся муз. спектаклі, у т. л. «На Купалле» М.​Чарота, балет «Капелія» Л.​Дэліба. У 1924 адкрыты Бел. муз. тэхнікум (з 1937 муз. вучылішча, гл. Мінскае музычнае вучылішча імя М.​І.​Глінкі), педагогі і студэнты якога займаліся канцэртнай дзейнасцю. У 1927 на аснове аркестраў Бел. муз. тэхнікума і БДТ-1 створаны Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, у 1930 на базе опернага і балетнага класаў муз. тэхнікума — Беларуская студыя оперы і балета, на аснове ансамбля нар. інструментаў — Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь. У памяшканні БДТ-1 опернай студыяй пастаўлены оперы «Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава (1931), «Кармэн» Ж.​Бізэ (1932). З 1931 працаваў хор пры Бел. радыёкамітэце (гл. Хор акадэмічны Беларускага тэлебачання і радыё). Вял. значэнне для падрыхтоўкі нац. кампазітарскіх і выканальніцкіх кадраў і ўзбагачэння культ. жыцця мела адкрыццё ў 1932 Бел. кансерваторыі (гл. Беларуская акадэмія музыкі). У 1932 пры Саюзе сав. пісьменнікаў БССР створана секцыя кампазітараў (з 1938 Саюз кампазітараў БССР, гл. Саюз кампазітараў Беларусі). У 1936 адкрыты Дзярж. т-р оперы і балета БССР (гл. Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь). У 1934 адбылася 1-я Усебел. канферэнцыя кампазітараў. Вял. значэнне для развіцця канцэртнага жыцця мела адкрыццё ў М. Беларускай філармоніі (1937), дзе выступалі І.​Мусін, К.​Сімяонаў, адбыліся аўтарскія канцэрты М.​Аладава, В.​Залатарова, А.​Туранкова, Я.​Цікоцкага, М.​Чуркіна і інш. Выдатнымі падзеямі ў культ. жыцці горада і рэспублікі былі пастаноўкі ў 1939—40 бел. нац. опер «Міхась Падгорны» Цікоцкага, «У пушчах Палесся» А.​Багатырова, «Кветка шчасця» Туранкова, балета «Салавей» М.​Крошнера, якія заклалі аснову нац. рэпертуару т-ра оперы і балета, засведчылі рост майстэрства выканаўцаў, пастановачнай культуры т-ра. У Вял. Айч. вайну ў акупіраваным М. працягвалі творчую дзейнасць Туранкоў, М.​Шчаглоў, оперы якога «Лясное возера» і «Усяслаў-Чарадзей» на лібрэта Н.​Арсенневай пастаўлены ў 1942 і 1943. Пасля вызвалення М. ў 1944 аднавіла дзейнасць большасць муз. арг-цый, калектываў і навуч. устаноў. Вял. значэнне для развіцця бел. балетнага мастацтва мела адкрыццё ў М. ў 1945 Бел. харэаграфічнага вучылішча (гл. Дзяржаўны харэаграфічны каледж Рэспублікі Беларусь). У т-ры оперы і балета пастаўлены оперы «Алеся» Цікоцкага (1944) і «Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса (1947), балет «Князь-возера» Залатарова (1949). У рабоце 1-га Усесаюзнага з’езда кампазітараў (1948) удзельнічалі бел. кампазітары Аладаў, Багатыроў, Лукас, П.​Падкавыраў, Р.​Пукст, Цікоцкі, Яфімаў, музыказнавец Б.​Смольскі. У 1949 у М. пераведзены Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. У 1950-я г. ў М. выступалі творчыя калектывы з Расіі, Украіны, Латвіі, Туркменіі, Грузіі, Германіі, Польшчы і інш.; адбыліся Дні балг., рум., чэш., венг., кар. музыкі; гастролі салістаў Вял. т-ра І.​Казлоўскага, С.​Лемешава, В.​Давыдавай, Г.​Уланавай, М.​Плісецкай, а таксама С.​Рыхтэра, Дз.​Узунава; аўтарскія канцэрты Р.​Гліэра, Дз.​Шастаковіча, А.​Хачатурана, Ц.​Хрэннікава і інш. У оперным тэатры пастаўлены новыя муз.-сцэн. творы бел. кампазітараў Пукста, Багатырова, Туранкова, оперы С.​Гулак-Арцямоўскага, С.​Манюшкі, Ю.​Мейтуса, Б.​Сметаны. З 1952 у М. працуе Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь. Створаны шэраг новых арг-цый і калектываў, у т. л. Ваенны аркестр Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь (1950), Дзяржаўны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь (1952), Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё (1958), Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь (1959), Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь (1968), вак.-інстр. ансамблі «Песняры», «Верасы», эстр.-харэаграфічны «Чараўніцы», харэаграфічны ансамбль «Харошкі» (1974), Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь (1971; з 1999 Дзярж. муз. т-р Рэспублікі Беларусь), «Беларуская капэла», Мінскі абласны камерны хор «Санорус», Дзярж. маладзёжны т-р эстрады Рэспублікі Беларусь (1995). У 1960—90-я г. значны ўклад у развіццё розных жанраў муз. мастацтва зрабілі кампазітары Л.​Абеліёвіч, Багатыроў, С.​Бельцюкоў, У.​Буднік, Г.​Вагнер, В.​Войцік, Г.​Гарэлава, Я.​Глебаў, У.​Дамарацкі, У.​Дарохін, А.​Елісеенкаў, А.​Залётнеў, Л.​Захлеўны, В.​Іваноў, У.​Кандрусевіч, В.​Капыцько, У.​Каральчук, С.​Картэс, В.​Кузняцоў, І.​Кузняцоў, У.​Кур’ян, А.​Літвіноўскі, І.​Лучанок, А.​Мдывані, У.​Мулявін, Я.​Паплаўскі, В.​Помазаў, У.​Прохараў, В.​Раінчык, Ф.​Пыталеў, Ю.​Семяняка, Дз.​Смольскі, У.​Солтан, Р.​Сурус, Э.​Ханок, С.​Хвашчынскі, К.​Цесакоў, Л.​Шлег і інш. У т-ры оперы і балета пастаўлены оперы Аладава, Семянякі, Смольскага, Картэса, Вагнера, Глебава, А.​Бандарэнкі, Солтана, балеты Глебава, Вагнера, Залётнева, Кандрусевіча, Мдывані, адметныя разнастайнасцю харэаграфічных сродкаў і фарбаў, пошукамі новых сродкаў маст. выразнасці, свежасцю пластычнай мовы, філас. накіраванасцю. Дзярж. т-р муз. камедыі паставіў шэраг новых спектакляў, у т. л. разнастайныя па жанрах творы Семянякі, Суруса, Мдывані, Глебава, Кандрусевіча, Войціка, сучасных рас. кампазітараў, класічныя аперэты, а таксама балетныя пастаноўкі. У 1984 у будынку касцёла св. Роха адкрыта зала камернай музыкі Бел. філармоніі (у першых канцэртах выступалі І.​Архіпава, А.​Янчанка і інш.). У М. гастраліруюць вядомыя калектывы і асобныя выканаўцы замежных краін.

З 1992 у М. працуе Дзяржаўнае аб’яднанне «Белканцэрт». У горадзе праходзяць фестывалі, у т. л. «Беларуская музычная восень», «Мінская вясна», «Я люблю балет», «Адраджэнне «Беларускай капэлы», конкурсы маладых музыкантаў-выканаўцаў, у т. л. з 1987 Рэсп. конкурс вакалістаў імя Л.​Александроўскай, агляды, конкурсы, фестывалі самадз. маст. творчасці. Працуюць шматлікія калектывы маст. самадзейнасці (больш за 90 з іх маюць найменні народных і ўзорных). Актыўна прапагандуюць бел. музыку Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь на чале з М.Фінбергам, вак.-інстр. ансамбль «Сябры», мінскі духавы аркестр «Няміга», духавы аркестр «Фанфары Беларусі», фалькл. ансамблі «Ліцвіны», «Неруш», «Свята», «Бяседа», «Крэсіва» і інш. Муз. кадры ў горадзе рыхтуюць Бел. акадэмія музыкі і Рэсп. вучэбны комплекс гімназія-каледж пры ёй, муз. вучылішча імя М.​Глінкі, Бел. пед. ун-т, Бел. ун-т культуры, шматлікія муз. і агульнаадук. школы з муз. ухілам, артыстаў балета — Дзярж. харэаграфічны каледж, педагогаў, харэографаў і гісторыкаў балета — кафедра харэаграфіі Бел. акадэміі музыкі (з 1994).

Тэатральнае жыццё. Першыя звесткі пра тэатр. жыццё горада адносяцца да 1692 (паводле інш. звестак, да 1656), калі пры езуіцкім калегіуме існаваў Мінскі школьны тэатр. На людных месцах у М. наладжвалі паказы батлейкі. З 1770-х г. М. наведвалі польск., з 1840-х г. — пераважна рас. гастрольныя тэатр. калектывы. У канцы 18 ст. ў М. дзейнічалі прафес. трупы, у т. л. «Камедыйны тэатр» К.​Жулкеўскага і Л.​Марсанта, трупа А.​Ш.​Жукоўскага (у 1811—32 узначальваў мінскую антрэпрызу) і А.​Главацкага, у 1802—05 — пастаянная оперна-драм. трупа, створаная М.​Кажынскім. З 1845 тэатр. жыццё М. рэгулярна асвятлялася ў газ. «Минские губернские ведомости». Значнай падзеяй тэатр. жыцця М. стала пастаноўка Дуніна-Марцінкевіча тэатрам у 1852 п’есы «Сялянка» (муз. С.​Манюшкі, К.​Кжыжаноўскага). У 1911 у М. выступала Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. У 19 ст. тэатр. паказы адбываліся ў залах мужчынскай гімназіі, дома Гайдукевіча, у будынках Мінскага гарадскога тэатра, у ратушы (гл. Мінскі ратушны тэатр), у 1864—77 у Доме дваранскага сходу. З 1890 усе тэатр. выступленні адбываліся ў Мінскім гар. т-ры. Тэатр. сезон (зімовы) звычайна прадаўжаўся з вер. — кастр. да лютага, на гэты час і фарміраваліся мясц. трупы. Наладжваліся летнія сезоны (у 1884—90 пастаянна), паказы адбываліся ў гар. садзе, летнім т-ры Сакалова і Фідэрфона, сямейным садзе «Цівалі».

У 1-й пал. 19 ст. ў М. працавалі польск. антрэпрызы А.​Руткоўскага, Кажынскага, К.​Скібінскага, В.​Ашпергера, Я.​Хелмікоўскага, В.​Драздоўскага, у 2-й пал. 19 ст. — шматлікія рас. трупы. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. гастраліравалі вядомыя рус. акцёры: В.​Каратыгін, І.​Гарбуноў, Ф.​Камісаржэўскі, М.​Дарскі, Г.​Фядотава, браты Адэльгеймы, К.​Варламаў, А.​Яблачкіна, В.​Камісаржэўская, Ю.​Юр’еў, М.​Дальскі, П.​Арленеў і інш.; трупы т-раў пад кіраўніцтвам М.​Ходатава, У.​Меерхольда і Р.​Унгерна, П.​Гайдабурава і Н.​Скарскай, эстрадны т-р «Крывое люстэрка», акцёры маскоўскіх т-раў Нязлобіна, Корша і інш. Са сваім нац. рэпертуарам выступалі ўкр. трупы пад кіраўніцтвам М.​Старыцкага, М.​Крапіўніцкага, П.​Саксаганскага і інш., у пач. 20 ст. — яўр. вандроўныя трупы. У М. дэбютавалі польск. акцёры І.​Вяроўскі (1802) і Ашпергер (1808), рус. М.​Савіна (Страмлянава) і В.​Далматаў (Чудзін; сезон 1869/70) і інш. Ставіліся творы рус. (А.​Астроўскі, А.​Грыбаедаў, А.​Пушкін, А.​Талстой, А.​Чэхаў, М.​Горкі і інш.) і замежнай (У.​Шэкспір, Ф.​Шылер, Мальер і інш.) драматургіі. Наладжваліся і аматарскія спектаклі, у арганізацыі якіх прымаў актыўны ўдзел Я.Ходзька-Барэйка. З канца 1850-х г. прыкметнае месца ў тэатр. жыцці М. займаў аматарскі т-р. Працавалі драм. секцыі пры Мінскім муз.-літ. т-ве, Мінскім літ.-артыстычным т-ве, Мінскім т-ве аматараў прыгожых мастацтваў. Рабіліся захады да стварэння бел. нац. т-ра. З пач. 1-й сусв. вайны тэатр. жыццё М. заняпала. У 1915 наладжваліся паказы батлейкі з удзелам батлеечнікаў-шаўцоў Муравіцкага і Дамбіцкага. У 1916—21 асяродкам тэатр. жыцця быў клуб «Беларуская хатка». У лют. 1917 пачаўся масавы культ.-асв. рух, для кіраўніцтва якім у маі 1917 засн. Т-ва бел. культуры, рэарганізаванае ў бел. культ.-асв. т-ва «Бацькаўшчына». Шырокую дзейнасць разгарнула агульнанац. т-ва «Бел. вучнёўская грамада» (напачатку існавала як гурток бел. моладзі «Вянок»); з арганізаваных ёю гурткоў у М. найб. актыўна дзейнічалі ў 1919—20 драм. і харавы (гл. Драматычная секцыя беларускай вучнёўскай грамады). У крас. 1917 у гар. т-ры адкрылася Першае таварыства беларускай драмы і камедыі (узначаліў Ф.​Ждановіч), рэарганізаванае ў маі 1918 у Бел. дзярж. т-р БНР на чале са Ждановічам, У.​Галубком і У.​Фальскім. У чэрв. 1918 у М. прыехаў з Вільні і арганізаваў сваю трупу Ф.​Аляхновіч. У 1918 з гэтых калектываў утвораны Беларускі савецкі тэатр. У жн. 1919 — ліп. 1920 дзейнічалі 2 бел. т-ры: Мінскае таварыства працаўнікоў мастацтва і Бел. нац. т-р (былы Бел. дзярж. т-р БНР) пад кіраўніцтвам Тэатр. камісіі Бел. нац. к-та. Культ.-асв. работу праводзіў Беларускі рабочы клуб, дзе 10.8.1920 пачала сваю дзейнасць Трупа Галубка (гл. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр). У вер. 1920 у М. адкрыўся Бел. дзярж. т-р (гл. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы), які стаў цэнтрам тэатр. жыцця горада. У 1920—30-я г. ў М. арганізаваны Мінскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры, Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР, Беларускі рабочы тэатр імя ЦСПСБ, ТРАМ беларускі, Тэатр юнага гледача БССР. У М. знаходзілася асн. база вандроўных т-раў — Польскага дзяржаўнага вандроўнага тэатра БССР, Тэатра саўгасрабочых (1927—33). У 1930—32 працаваў Беларускі тэхнікум сцэнічнага мастацтва. У 1938 створана рэсп. Тэатральнае вучылішча. У пач. 1920-х г. у М. набылі размах агітац. формы самадз. мастацтва: наладжваліся масавыя дзействы з удзелам вял. колькасці прафес. і самадз. акцёраў, рабочых, чырвонаармейцаў («Праца і капітал», «Гапонаўшчына»); створаны калектывы «Сіняй блузы» — Цэнтр. савета прафсаюзаў Беларусі, клубаў К.​Маркса і Р.​Люксембург, саюза друкароў. Для кіраўніцтва маст. самадзейнасцю ў М. створаны дамы нар. творчасці — рэсп. ў 1937 і абласны ў 1939. З пач. Вял. Айч. вайны т-ры М. спынілі сваё існаванне. Бел. першы дзярж. т-р і Дзярж. яўр. т-р БССР знаходзіліся ў эвакуацыі. Працаваў Мінскі гар. т-р, арганізаваны з акцёраў розных т-раў. Пасля вызвалення М. ад ням.-фаш. захопнікаў аднавілі дзейнасць тэатр. калектывы, што вярнуліся з эвакуацыі. Вядучае месца ў тэатр. жыцці М. належыць Нац. акад. т-ру імя Я.​Купалы (аднавіў дзейнасць у снеж. 1944). У 1946—49 працаваў Дзярж. яўр. т-р БССР, у 1949—56 — Тэатр драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе. У 1947 з Гродна пераведзены Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі (з 1999 Нац. акад. драм. т-р імя М.​Горкага). У 1950 у М. аднавіў сваю дзейнасць Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі. У 1956 адкрыты Бел. рэсп. т-р юнага гледача (гл. Тэатр юнага гледача Рэспублікі Беларусь). У 1980—90-я г. створаны Тэатр-студыя кінаакцёра кінастудыі «Беларусьфільм», Дзяржаўны маладзёжны тэатр Рэспублікі Беларусь, т-р сатыры і гумару «Хрыстафор», Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Мінскі малы тэатр, Мінскі драматычны тэатр «Дзе-Я?», бел. паэт. т-р аднаго акцёра «Зьніч», Альтэрнатыўны т-р, т-р пластычнага гратэску «Жэст». Дзейнічаюць антрэпрызы «Тэатральныя зоркі», «Віртуозы сцэны» і інш.

Кадры для т-раў рэспублікі рыхтуе Бел. акадэмія мастацтваў. З 1946 працуе рэсп. творчая арг-цыя Саюз тэатральных дзеячаў Беларусі, з 1963 — клуб тэатр. дзеячаў Дом работнікаў мастацтваў. У М. дзейнічаюць шматлікія самадз. калектывы, у т. л. народныя. У 1980-я — пач. 1990-х г. працавалі т-ры-студыі (гл. Тэатр-студыя). Праводзіліся рэсп. агляды, дэкады, фестывалі самадз. і прафес. мастацтва, у т. л. міжрэсп. Прыбалтыкі і Беларусі «Тэатральная вясна-87», міжнар. «Славянскія тэатральныя сустрэчы» (1991), «Фестываль сяброў» т-ра імя Я.​Купалы і польск. Беластоцкага т-ра імя А.​Венгеркі (1993), фестывалі т-раў лялек рэсп. (1-ы ў 1981), міжрэсп. Прыбалтыкі і Беларусі (1974) і міжнар. (1990, 1993, 1996, 1999), міжнар. фестывалі монаспектакляў «Я» (1993, 1996 і 1998). У М. адбываюцца гастролі т-раў інш. краін.

Фізічная культура і спорт. Першыя спарт. т-вы ў М. створаны ў канцы 19 — пач. 20 ст.: Мінскае т-ва аматараў спорту (1892), філіялы т-ваў «Сокал» (1911), «Санітас» (1913). Першыя спарт. спаборніцтвы праведзены па веласіпедным спорце (1896), барацьбе і падыманні цяжару (1913—14). У 1924 у М. праведзена 1-е Усебел. свята фізкультуры, у 1945—1-я Усебел. спартакіяда. У 1929 засн. тэхнікум фіз. культуры (з 1937 Бел. ін-т фіз. культуры, з 1993 Акадэмія фізічнага выхавання і спорту). Дзіцяча-юнацкія спарт. школы працуюць з 1945. М. — адзін з гарадоў Алімпіяды-80. Кіраўніцтва развіццём фіз. культуры і спорту ажыццяўляецца Мін-вам спорту і турызму Беларусі, Нацыянальным алімпійскім камітэтам (створаны ў 1991), рэсп. федэрацыямі (больш за 90) па асобных відах спорту. У горадзе і прыгарадах пабудаваны і эксплуатуюцца буйныя спарт. комплексы: алімп. база «Стайкі» (1947), стадыёны «Дынама» (1934), «Трактар» (1968), спарт.-стралковы (1971) і інш., Мінскі палац спорту (1966), воднаспартыўны камбінат (1967), конна-спарт. комплекс «Ратамка» (1970), рэсп. спарт. комплекс «Раўбічы» (1974), крыты каток «Юнацтва» (1976), Палац лёгкай атлетыкі (1977), Палац тэніса (1978), спарт. комплекс «Дынама» (1978), рэсп. Палац шахмат і шашак (1985), Лядовы палац спорту (1998) і інш. У М. праводзяцца чэмпіянаты свету, Еўропы, інш. буйныя міжнар. спаборніцтвы. З 1967 працуе Рэсп. навук.-метадычная б-ка па фіз. культуры. Выдаецца шмат спарт. перыядычных выданняў, у т. л. «Прессбол», «Спортивная панорама» і інш.

Літ.:

Гісторыя Мінска. М., 1967;

Минск: Краткая хроника (ноябрь 1917—1966). Мн., 1967;

Минск и окрестности: Справ.-путеводитель. Мн., 1979;

Минск: Энцикл. справ. 2 изд. Мн., 1983;

Загорульский Э.М. Возникновение Минска. Мн., 1982;

Мінск на старых паштоўках (канец XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1984;

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Мінск. Мн., 1988;

Сыракомля У. Мінск: Беглы агляд сучаснага стану Мінска. Мн., 1992;

Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада: Пер. з рус. Мн., 1994;

Пазняк З.С. Рэха даўняга часу. Мн., 1985;

Лакотка А.І. Сілуэты старога Мінска: Нарысы драўлянай архітэктуры. Мн., 1991;

Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;

Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—3. Мн., 1983—87;

Чурко Ю.М. Белорусский балетный театр. Мн., 1983;

Яе ж. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;

Музыкальный театр Белоруссии: Доокт. период. Мн., 1990;

Музычны тэатр Беларусі. Мн., 1993—97;

Белорусская музыка 1960—1980 гг: Мн., 1997;

Пашкин Ю.А. Русский драматический театр в Белоруссии XIX в. Мн., 1980;

Тэатры Мінска: [Альбом]. Мн., 1973;

Лисневский И.Е. В театр иду, как в храм. Мн., 1997;

Тэатры Беларусі. Мн., 1998;

Калубовіч А. На крыжовай дарозе: Творы з эміграцыі. Мн., 1994. С. 178—261.

І.​Я.​Афнагель (гаспадарка), Э.​Р.​Самусенка (экалогія), А.​В.​Скараход (гісторыя), Т.​І.​Чарняўская, Л.​А.​Есьман (архітэктура і горадабудаўніцтва), Э.​А.​Вальчук (ахова здароўя), Г.​І.​Дайлідава (друк, радыё, тэлебачанне), І.​У.​Саламевіч, М.​І.​Мушынскі (літаратурнае жыццё), Л.​Дз.​Налівайка, Л.​Ф.​Салавей (мастацкае жыццё), А.​Л.​Капілаў, Б.​С.​Смольскі (музычнае жыццё), Дз.​У.​Стэльмах (тэатральнае жыццё), А.​М.​Петрыкаў (фізічная культура і спорт).

Да арт. Мінск. Плошча Перамогі.
Да арт. Мінск. Плошча імя Я.​Коласа.
Да арт. Мінск. Пячатка-пломба з выявай князя Глеба.
Замчышча Мінска. Здымак пач. 20 ст.
Залаты бранзалет 12 ст. з раскопак замчышча ў Мінску.
План Мінска. 1797.
Гістарычны цэнтр Мінска. Вуліца Ракаўская.
Вуліца Захар’еўская. (цяпер праспект Ф.​Скарыны) у Мінску. Здымак пач. 20 ст.
Від на Мінск з Саборнай плошчы. Фота пач. 20 ст.
Від на вуліцу Леніна з боку плошчы Свабоды ў Мінску. 1930.
Цэнтральная частка Мінска, разбураная нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941.
Вуліца Няміга ў Мінску. 1948.
Панарама Мінска. З гравюры 19 ст.
Да арт. Мінск. Будынкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Да арт. Мінск. Забудова праспекта Скарыны.
Да арт. Мінск. Канцэртная зала «Мінск».
Да арт. Мінск. Панарама плошчы Перамогі.
Панарама Мінска.
Да арт. Мінск. Помнік Ефрасінні Полацкай. 1999. Скульптар І.​Голубеў.
Да арт. Мінск. Жылы дом па вуліцы Варвашэні.
Да арт. Мінск. Жыллёвы комплекс для беларускіх спартсменаў.
Да арт. Мінск. Храмавы комплекс памяці ахвяр Чарнобыльскай катастрофы па вуліцы Прытыцкага.
Да арт. Мінск. Востраў мужнасці і смутку з храмам-помнікам «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» (злева), справа — фрагмент забудовы Траецкага прадмесця.
Помнік А.​С.​Пушкіну ў Мінску.
Да арт. Мінск. 1 — панарама ў раёне праспекта П.​Машэрава; 2, 3 — набярэжная р. Свіслач у раёне парку імя Я.​Купалы; 4 — галоўны ўваход у Цэнтральны батанічны сад Нац. АН Беларусі; 5 — у адным з кветнікаў Цэнтральнага батанічнага сада; 6 — штучны вадаём у адным з куткоў Цэнтральнага батанічнага сада.
Да арт. Мінск. Цымбальны ансамбль Мінскага музычнага вучылішча імя М.​І.​Глінкі.
Да арт. Мінск. Танцавальнае трыо студэнтак Дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа Беларусі.
Да арт. Мінск. Дзяржаўны маладзёжны тэатр эстрады.
Да арт. Мінск. Фальклорны гурт «Ліцвіны».
Да арт. Мінск. Спектакль «П’ерэта» ў Дзяржаўным акадэмічным рускім драматычным тэатры Беларусі.
Да арт. Мінск. Спектакль «Інтымны тэатр Еўсцігнея Міровіча» ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я.​Купалы.

т. 10, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)