(Міхаіл Пятровіч: н. 28.10.1922, в. Ястрабка Лоеўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1952). Настаўнічаў. У 1953—82 у рэдакцыі «Гомельскай праўды». Друкуецца з 1940. Большасць апавяданняў прысвяціў падзеям вайны, жыццю вёскі і школы, працы настаўнікаў. Героі яго твораў — людзі высакародныя, верныя свайму дому, зямлі, непрымірымыя да праяў несумленнасці і фальшу (аповесці «Наш дом», 1971, «Апанаска Лугавы», 1972, і інш.). Для дзяцей выдаў кнігі «Вернасць слову» (1956), «Зачараваны гарлачык» (1961), «На вуліцы Сонечнай» (1963), «Ключы бабулі Зімы» (1986). Піша вершы, нарысы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЭ́ (Doré) Густаў Вінсент Шарль
(6.1.1832, г. Страсбур, Францыя — 23.1.1883),
французскі графік. Самавучка. З 1848 публікаваў у гумарыстычных часопісах Парыжа вострахарактарныя літаграфіі пра парыжскіх абывацеляў (сюіты «Розная публіка Парыжа», «Парыжскі звярынец»). Вядомасць прынеслі жывапісна-дынамічныя, гратэскна-выразныя, поўныя фантазіі і гумару ілюстрацыі да «Гарганцюа і Пантагруэля» Ф.Рабле (1854), «Свавольных апавяданняў» А. Бальзака (1855—56), «Боскай камедыі» Дантэ (1861), «Дон Кіхота» М.Сервантэса (1862—63), Бібліі (1864—66), «Страчанага раю» Дж.Мільтана (1865—66). Гэтыя малюнкі гравіраваліся майстрамі школы тарцовай ксілаграфіі, якая ўзнікла пад уплывам Д. Вядомы і як скульптар (помнік А.Дзюма-бацьку ў Парыжы, 1882).
Літ.:
Дьяков Л. Г.Доре. М., 1983.
Г.Дарэ. Уезд Гарганцюа ў Парыж. Іл. да кнігі «Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.Рабле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕНЬ БЕЛАРУ́СКАГА ПІСЬМЕ́НСТВА І ДРУ́КУ,
нацыянальнае бел. свята. Адзначаецца з 1994 у першую нядзелю верасня. Праводзіцца з мэтай ушанавання гісторыі нац. культуры, цяснейшага далучэння беларусаў да сваіх духоўных святыняў. Цэнтрам свята становіцца пэўны горад: Полацк (1994), Тураў (1995), Навагрудак (1996), Нясвіж (1997). Праводзяцца ўшанаванні святых мясцін Беларусі, адкрыццё помнікаў, бюстаў, ганаровых дошак беларусам, што працавалі на ніве асветніцтва (бюст першаму консулу Расіі ў Японіі І.Гашкевічу ў г.п. Астравец Гродзенскай вобл., 1994; помнік св. Елісею Лаўрышаўскаму ў в. Лаўрышава Навагрудскага р-на, 1996, і інш.), выстаўкі кнігі, «круглыя сталы» па пытаннях бел. кнігадрукавання, фестывалі бел. прэсы і інш.; канцэрты, маст. прадстаўленні, малебны. У свяце ўдзельнічаюць грамадскія дзеячы, майстры мастацтваў, прадстаўнікі духавенства, шырокая грамадскасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХА́РАЎ Іван Кузьміч
(13.8.1909, в. Ганявічы Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 8.5.1982),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху ў Віцебскай вобл.Герой Сав. Саюза (1944). Засл. работнік культуры БССР (1980). Скончыў Вышэйшую камуніст.с.-г. школу (Мінск, 1934), Рэсп.парт. школу пры ЦККП(б)Б (1948). З 1941 адзін са стваральнікаў і кіраўнікоў Асвейскага патрыятычнага падполля. У крас. 1942 арганізаваў і ўзначаліў партыз. атрад, у ліп. 1942 — студз. 1944 камандзір Асвейскай партыз. брыгады, адначасова ў чэрв. 1942 — снеж. 1943 1-ы сакратар падп. Асвейскага райкома КП(б)Б. Ў 1944—63 на парт. і прафс. рабоце. Аўтар кнігі «Вайна ў краі азёр» (2-е выд., 1973).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЯРУ́ГА Яраслаў Генрыхавіч
(н. 4.9.1928, г.п. Мядзел Мінскай вобл.),
бел. археолаг. Канд.гіст.н. (1971). Скончыў БДУ (1953). У 1947—64 працаваў ва ўстановах нар. асветы, з 1966 у Ін-це гісторыі Нац.АН Беларусі. Даследаваў стараж. гарады Ваўкавыск, Гродна, Здзітаў, Ліду, Слонім, Турыйск, гарадзішчы, селішчы, курганныя могільнікі Беларусі. Вывучае славяна-балцкія кантакты ў раннім сярэдневякоўі. Аўтар прац «Старажытны Ваўкавыск X—XIV стст.» (1975), «Верхняе Панямонне ў IX—XIII стст.» (1989), укладальнік і навук. рэдактар кнігі «Памяць». Гіст.-дакумент. хроніка Мядзельскага раёна» (1998). Адзін з аўтараў кніг «Нарысы па археалогіі Беларусі» (ч. 2, 1972), «Кіеў і заходнія землі Русі ў IX—XIII стст.» (1982), «Беларуская археалогія» (1987) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗМАГА́ННЕ»,
газета дэмакратычнага кірунку. Орган Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. Выдавалася з 28.10.1923 да 31.1.1924 два разы, з № 8 тры разы на тыдзень у Вільні на бел. мове. Рэдактар-выдавец М.Шыла. Асвятляла эканам. становішча ў Зах. Беларусі, пытанні нац.-вызв. руху, развіцця асветы, нац. мастацтва і культуры. Крытыкавала палітыку ўрада Польшчы за сац. і нац. ўціск, пагардлівыя адносіны да бел. мовы, школы, культуры, за фін. нестабільнасць у краіне. Заклікала да стварэння рабоча-сял. партыі. Друкавала літ.-публіцыстычныя нарысы, рэцэнзіі на кнігі, навук.-папулярныя творы. У газ. друкаваліся М.Краўцоў, А.Луцкевіч, С.Рак-Міхайлоўскі, У.Самойла і інш. Выйшаў 31 нумар, з іх 2 канфіскаваны.
Апошні нумар — газета-аднадзёнка «Нашае змаганне» — выйшаў 3.2.1924. Закрыта польскімі ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМУДЗІ́НСКІ Генадзь Яўгенавіч
(29.1.1897, г. Ніжняудзінск, Расія — 22.9.1938),
бел. графік. Вучыўся ў Петраградскай АМ (1914—15). З 1921 у Мінску, супрацоўнічаў у газ. «Звязда» (1927—28), на старонках якой друкаваліся яго плакаты, паліт. карыкатуры. Адзін з заснавальнікаў бел.сав. кніжнай графікі. Аформіў кнігі «Досвіткі» М.Гарэцкага (1926), «Як у нас вайна была» А.Няверава (1927), казкі і інш. 3 твораў станковай графікі «Пагром», «Мінская конка», «Згода нявесты», «Бежанцы» (1916), «Араты» (1925) і інш. Аўтар маркі Бел.дзярж. выдавецтва, эскіза ордэна Прац.Чырв. Сцяга БССР і граматы да яго (усе 1924).
Літ.: Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка 1917—1941. Мн., 1978.
I.М.Каранеўская.
Г.Змудзінскі. Бежанцы. 1916.Г.Змудзінскі. Марка Беларускага дзяржаўнага выдавецтва. 1924.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЯДЗІ́КТАЎ Уладзімір Рыгоравіч
(17.11.1807, С.-Пецярбург — 26.4.1873),
рускі паэт, перакладчык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1885). Вучыўся ў Аланецкай гімназіі, у 2-м Пецярбургскім кадэцкім корпусе (1821—27). У 1827—32 служыў у арміі, потым — чыноўнікам у мін-ве фінансаў. Першы зб. «Вершы» (1835) меў шумны, але кароткачасовы поспех. Творчасці Б. ўласцівы вычварнасць, эпігонскае выкарыстанне ходкіх тэм і вобразаў рамант. паэзіі. Пасля 1855 пісаў вершы ў духу «ліберальнага выкрывальніцтва». Выдаў кнігі «Вершы» (т. 1—3, 1856), «Новыя вершы» (1857). Перакладаў на рус. мову творы А.Міцкевіча, Ш.Пецёфі, У.Шэкспіра, Дж.Байрана, І.В.Гётэ, Ф.Шылера, А.Барб’е, В.Гюго і інш.
Тв.:
[Стихи] // Мастера русского стихотворного перевода. Кн. 1. Л., 1968;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРО́НІН Сяргей Аляксеевіч
(н. 13.7.1913, г. Любім Яраслаўскай вобл., Расія),
рускі пісьменнік. Гал. рэдактар час. «Нева» (1957—63). Першы зб. апавяданняў «Сустрэчы» (1947). Вострыя пытанні жыцця і маралі ў раманах «На сваёй зямлі» (кн. 1—2, 1948—52), «Два жыцці» (1962), аповесці «Непатрэбная слава» (1955). Манера пісьма Вароніна сціслая, псіхалагічна ёмістая: зб-кі апавяданняў «Дом насупраць» (1954), «У паводку» (1958), «У чаканні цуду» і «Раман без кахання» (1968). Аўтар аповесцяў «Мілы ты мой!..» (1976), «У цябе ёсць усё, Ягораў!» (1983), «Жыццяпіс І.П.Паўлава» (1989) і інш., кнігі пра пісьменніцкую працу «Час вынікаў» (1978).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,
бел. рукапісны помнік 16 ст. Месца стварэння невядомае. Зробленая на кнізе ў 1751 прэсвітэрам «церкви Волковицкой» айцом Іаанам Савічам прыпіска дала магчымасць В.Шматаву звязаць Евангелле з Ваўкавыскам, аднак, магчыма, кніга знаходзілася ў в. Ваўкавічы Навагрудскага пав. (у прыпісцы ўпамінаецца пан Казімір Корсак, навагрудскі гарадскі суддзя). У 19 ст. А.Рачынскі вывез Евангелле з Віцебскага Маркавага манастыра ў Віленскую публічную б-ку. Ваўкавыскае евангелле — рэдкі ўзор рукапіснай бел.кнігі рэнесансавага стылю: шматколерныя раслінныя арнаменты ініцыялаў і заставак выходзяць на правыя і левыя палі рукапісу. Рукапіс пашкоджаны: няма пачатку Евангелляў ад Марка, Матфея, няправільна збрашураваны Саборнік 12 месяцаў і казанні евангелістаў на кожны дзень. Зберагаецца ў б-цы АН Літвы (Вільня).