ВАСІ́ЛЬКА БРАЧЫСЛА́ВАВІЧ,
ізяслаўскі (заслаўскі), магчыма і стрэжаўскі князь 12 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1180, калі разам з чарнігаўскімі князямі Яраславам Усеваладавічам і Ігарам Святаславічам, а таксама з віцебскім кн. Брачыславам Васількавічам, полацкім кн. Усяславам Васількавічам і лагожскім (лагойскім) кн. Усяславам Мікулічам, атрадам Літвы і ліваў удзельнічаў у вял. паходзе на Друцк, які знаходзіўся ў сферы ўплыву смаленскіх князёў, што варагавалі з паўд.-рускімі князямі.
т. 4, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯДЗІ́НЕЦ,
1) цэнтральная частка сядзібы, двор.
2) Цэнтр. частка стараж. горада, умацаваная драўляным тынам, равамі і валамі (пазней мураванымі сценамі і драўлянымі вежамі), у якой размяшчаліся адм. і культавыя пабудовы, жылі князь з дружынай, чэлядзь, гандляры, рамеснікі, духавенства. Пл. 1—7 га (полацкага каля 7 га, мінскага 3 га, віцебскага 2,5 га, друцкага каля 1 га). У стараж. летапісах слова «Дз.» ужывалася да 14 ст.
т. 6, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРА́ЛЬТА (італьян. contraito),
нізкі жаночы голас. Дыяпазон f/g/—a2. Найб. выразны і характэрны рэгістр — грудны (да a1). Сярод оперных партый, напісаных для К.: Вольга («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Канчакоўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), партыі хлопчыкаў-падлеткаў і юнакоў: Ваня, Ратмір («Іван Сусанін» і «Руслан і Людміла» М.Глінкі), Лель («Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Керубіна («Вяселле Фігара» В.А.Моцарта), Саўка («Марынка» Р.Пукста).
т. 8, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАРМЛЕ́ННЕ»,
сістэма ўтрымання службовых асоб за кошт мясц. насельніцтва на Русі да сярэдзіны 16 ст. Князь пасылаў у гарады і воласці намеснікаў і інш. служылых людзей, якіх насельніцтва павінна было ўтрымліваць («карміць») на працягу ўсяго тэрміну іх службы. Найб. развіцця сістэма «К.» дасягнула ў 14—15 ст. Паводле земскай рэформы 1555—56 ліквідавана, зборы на ўтрыманне кармленшчыкаў урад ператварыў у асобны падатак на карысць казны.
т. 8, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́Ў СВЯТАПО́ЛЧЫЧ (? — 12.6.1099),
князь уладзіміра-валынскі. Сын вял. кн. кіеўскага Святаполка Ізяславіча. У «Аповесці мінулых гадоў» яго гібель датавана 1097 і 12.6.1099, калі кн. Давыд Ігаравіч аблажыў Уладзімір-Валынскі і М.С. быў смяротна паранены стралою на сценах горада (паводле В.М.Тацішчава, гэта падзея адбылася 12.7.1099). М.С., верагодна, валодаў Брэстам, Пінскам і Вышгарадам, бо дружыны з гэтых гарадоў таксама ўдзельнічалі ў абароне Уладзіміра-Валынскага.
А.В.Іоў.
т. 10, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬ I Дзмітрыевіч
(30.12.1371, Масква — 27.2.1425),
вялікі князь маскоўскі [1389—1425]. Старэйшы сын Дзмітрыя Іванавіча Данскога. Жанаты з Соф’яй, дачкой вял. князя літ. Вітаўта. Да Маскоўскага княства далучыў у 1392 Суздальска-Ніжагародскае і Мурамскае княствы, у 1397—98 — Волак Ламскі, Бежацкі Верх, Волагду, Вялікі Усцюг і землі комі. Для барацьбы з татарамі заключыў з ВКЛ саюз (1392), які распаўся ў сувязі з захопам Вітаўтам у 1403—04 Смаленска і Вязьмы.
т. 4, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬ II Васілевіч Цёмны
(10.3.1415—27.3.1462),
вялікі князь маскоўскі [1425—62]. Сын Васіля I Дзмітрыевіча і Соф’і, дачкі вял. князя літ. Вітаўта. Амаль 30 гадоў ваяваў з кааліцыяй удзельных князёў, якою кіраваў галіцкі кн. Юрый Дзмітрыевіч і яго сыны. У 1446 аслеплены адным з іх, Шамякам (адсюль прозвішча Цёмны). Ліквідаваў большасць удзелаў у Маскоўскім княстве, умацаваў велікакняжацкую ўладу. Пры ім выбраны мітрапаліт (1448), рус. царква стала незалежная ад канстанцінопальскага патрыярха.
т. 4, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБ,
князь ваўкавыскі ў сярэдзіне 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1256, калі ён удзельнічаў у паходзе на яцвягаў разам з князямі навагрудскім Раманам Данілавічам (зяць Глеба), свіслацкім Ізяславам, а таксама галіцка-валынскімі і польск. князямі. У час паходу галіцка-валынскага кн. Данілы Раманавіча ў 1258 на Ваўкавыск Глеб узяты ў палон (трымалі яго «во чести»). Верагодна, князем удзельнага Ваўкавыскага княства Глеб заставаўся і пасля ўтварэння ВКЛ.
Я.Г.Звяруга.
т. 5, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІ́ЛА АЛЯКСА́НДРАВІЧ (1261 — сак. 1303),
князь Маскоўскага вялікага княства (да 1283—1303). Родапачынальнік маск. князёў. Сын Аляксандра Неўскага і полацкай князёўны Аляксандры Брачыслаўны. З 1280-х г. удзельнічаў у барацьбе за права княжыць ва Уладзіміры і Ноўгарадзе. У 1300 далучыў да сваіх уладанняў Каломну і шэраг валасцей, у 1302 — Пераяслаў-Залескі, што дало пачатак росту тэр. Маск. княства. Пасля смерці кананізаваны, перапахаваны ў заснаваным ім каля 1298—99 Данілавым манастыры.
т. 6, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗЯСЛА́Ў ВАСІ́ЛЬКАВІЧ,
князь полацкага роду Ізяславічаў у 12 ст. Адзін з герояў «Слова аб палку Ігаравым», дзе гаворыцца пра яго гераічную гібель у баі з літоўцамі. Дзедам І.В. названы кн. Усяслаў Брачыславіч. На падставе «Слова...» некат. даследчыкі лічаць, што І.В. быў князем у Гарадзені, які часам атаясамліваецца з сучасным Гроднам. Адзіны герой «Слова...», які не ўпамінаецца ў летапісах, што ставіць пад сумненне яго гіст. сапраўднасць.
М.І.Ермаловіч.
т. 7, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)