АНТЭРЫ́ДЫЙ (ад грэч. anthēros квітнеючы),

мужчынскі орган палавога размнажэння (мужчынскі гаметафіт) споравых раслін (моха- і папарацепадобных, некаторых водарасцяў) і грыбоў (ааміцэтаў і аскаміцэтаў). У вышэйшых раслін — невял. авальнае або шарападобнае цельца з покрывам з аднаго або некалькіх радоў бясплодных клетак. Унутры антэрыдыю ўтвараюцца сперматагенныя клеткі, з іх потым узнікаюць мужчынскія гаметы — сперматазоіды, або спермацыі. У грыбоў змесціва антэрыдыю не падзелена на асобныя гаметы.

т. 1, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАТАЛІ́ЗМ (ад гетэра... + грэч. thallos галінка, атожылак),

раздзельнаполавасць у ніжэйшых раслін, якая выяўляецца ў фізіял. і генет. адрозніванні полаў без марфал. розніцы мужчынскіх і жаночых асобін. Выяўлены ў мукоравых грыбоў (1904). Пры гетэраталізме ў апладненні ўдзельнічаюць толькі клеткі, якія адрозніваюцца па вызначаных фактарах несумяшчальнасці і ўтвораныя на розных таломах. Часта тэрмін «гетэраталізм» выкарыстоўваюць шырэй — раздзельнаполавасць усіх раслін. Гл. таксама Гоматалізм.

т. 5, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НЕН ((Lynen) Феадор Фелікс Конрад) (6.4.1911, г. Мюнхен, Германія — 6.8.1979),

нямецкі біяхімік. Чл. Герм. акадэміі даследчыкаў прыроды «Леапальдзіна» (1959) і Нац. АН ЗША (1962). Скончыў Мюнхенскі ун-т (1937). З 1945 дырэктар Ін-та хіміі клеткі імя М.​Планка ў Мюнхене. Навук. працы па біяхіміі абмену рэчываў, акісленні тлустых кіслот у арганізме, актываванні ацэтату. Нобелеўская прэмія 1964 (разам з К.Блохам).

Ф.Лінен.

т. 9, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫДЭ́РМА (ад перы... + дэрма),

другасная покрыўная тканка сцёблаў і каранёў шматгадовых (радзей аднагадовых) раслін. Складаецца з корку (фелемы), феладэрмы (унутр. слоя П.) і фелагену (часам адсутнічае, напр., у відаў паслёну). Клеткі П. паветра- і воданепранікальныя, газаабмен і выпарэнне адбываюцца праз чачавічкі. У органах раслін звычайна ўтвараецца некалькі разоў. З цягам часу вонкавыя П. і тканкі, што знаходзяцца паміж імі, адміраюць і ўтвараюць корак.

т. 12, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕКТЭНХІ́МА (ад грэч. plectos сплецены + enchyma што напаўняе, тут: тканка) несапраўдная тканка грыбоў, утвораная спляценнем гіфаў. Гіфы складаюцца з клетак, якія дзеляцца толькі папярочнымі перагародкамі (у сапраўднай тканцы клеткі дзеляцца ва ўсіх напрамках). З П. фарміруюцца пладовыя целы і некат. вегетатыўныя ўтварэнні грыбоў (напр., склероцыі) для выжывання ў неспрыяльных умовах. У выглядзе П. таксама можа быць грыбная састаўная лішайнікаў — мікабіёнт.

т. 12, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕЎМАКО́К (Streptococcus pneumoniae),

бактэрыя роду стрэптакокаў. Узбуджальнік крупознай пнеўманіі і інш. запаленчых захворванняў органаў дыхання.

Клеткі дыям. 0,5—1,25 мкм, часта парныя, сферычныя ці авальныя, нерухомыя, грамстаноўчыя, аэробы, гетэратрофы. Мала ўстойлівыя да ўздзеянняў навакольнага асяроддзя. Маюць фактары патагеннасці (капсула і інш.). Пры парушэнні нармальных ахоўных механізмаў (напр., пры віруснай інфекцыі дыхальных шляхоў) бактэрыі з зева пранікаюць у лёгкія.

А.​І.​Ерашоў.

т. 12, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРА́ЛЬНАЕ ЖЫЎЛЕ́ННЕ РАСЛІ́Н,

сукупнасць працэсаў паглынання з раствораў мінер. солей, перамяшчэння і ўключэння ў абмен рэчываў раслінамі хім. элементаў, неабходных для іх нармальнай жыццядзейнасці. Разам з фотасінтэзам складае адзіны працэс жыўлення раслін. Да элементаў М.ж.р. адносяцца макраэлементы (азот, фосфар, сера, калій, кальцый, магній, жалеза) і мікраэлементы (бор, кобальт, медзь, цынк, марганец, малібдэн і інш.). Паглынаюцца ў форме іонаў (NO3−, NH4+, PO43−, H2PO4−, SO42−, K​+, Ca​2+, Mg​2+ і інш.), у аднаклетачных і водных раслін — усёй паверхняй, у наземных вышэйшых — паверхняй маладых каранёў (пераважна каранёвымі валаскамі) і, часам, лістоў. Аніёны трапляюць у клетку актыўна (энергаёмісты ферментатыўны працэс), катыёны — звычайна пасіўна (працэсы адсорбцыі, дыфузіі). Элементы ў клетцы перамяшчаюцца пры кругавым руху цытаплазмы (цыклозе), ад клеткі да клеткі — праз злучальныя цытаплазматычныя перамычкі (плазмадэсмы) і па аб’яднаных клетачных абалонках (апапласце), у цэлай расліне — з узыходнай плынню вады па праводных элементах ксілемы. Элементы М.ж.р. уваходзяць у склад усіх арган. злучэнняў, каталізуюць біяхім. рэакцыі, рэгулююць тургар, інтэнсіўнасць фотасінтэзу, пранікальнасць мембран, забяспечваюць стабільнасць клетачных структур і інш. Пры іх недахопе выкарыстоўваюцца мінеральныя ўгнаенні.

т. 10, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЮ́ХУ О́РГАНЫ,

органы пачуццяў жывёл і чалавека, якія ўспрымаюць пахі; перыферычны аддзел нюхальнага аналізатара, важнага дыстантнага хемарэцэптара.

Асн. элемент Н.о. — нюхальныя клеткі (у беспазваночных жывёл размешчаны на скуры ў спец. ямках ці вырастах, у пазваночных і чалавека — у поласці носа). Нюхальны эпітэлій чалавека высцілае верхнія насавыя хады, пл. каля 10 см². Эпітэлій складаецца з нюхальных і апорных клетак (апорныя выконваюць мех. і трафічную функцыі). Нюхальныя клеткі верацёнападобныя, з 2 адросткамі, колькасць іх у чалавека каля 10 млн., у сабакі 225 млн. Перыферычныя адросткі канчаюцца на паверхні нюхальнага эпітэлію булавамі (патаўшчэнні дыяметрам 2—3 мкм), якія маюць пучок з 10—12 рухомых антэн. Антэны знаходзяцца ў вязкай вадкасці складанага вугляводнага саставу, якая выдзяляецца баўменавымі залозамі. Наземныя пазваночныя і чалавек улоўліваюць пах лятучых рэчываў (з малекулярнай масай 17—300), якія трапляюць у поласць носа і раствараюцца ў сакрэце баўменавых залоз. Цэнтр. адросткі нюхальных клетак утвараюць правадніковы аддзел нюхальнага аналізатара. Гл. таксама Нюх.

Літ.:

Винников Я.А. Цитологические и молекулярные основы рецепции. Л., 1971;

Гистология. 5 изд. М., 1999.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯПО́ЛЕ,

электрамагнітнае поле, якое ствараецца жывым арганізмам і мае здольнасць уздзейнічаць на інш. жывыя істоты і прадметы. Жывыя істоты (іх клеткі, тканкі і інш.) узаемадзейнічаюць з эл.-магн. палямі Зямлі. Узаемадзеянне гэтых палёў вывучаецца; відавочна іх вял. роля ў жыцці прыроды, але навук. яе абгрунтаванне застаецца пакуль на ўзроўні гіпотэз і меркаванняў. Паняццем «біяполе» без пранікнення ў сутнасць з’явы часта карыстаюцца прадстаўнікі экстрасенсорыкі, парапсіхалогіі, тлумачальнікі палтэргейста.

т. 3, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЭГА́ЦЫЯ ў біялогіі,

працэс збірання (зліпання) клетак у шматклетачнае ўтварэнне — агрэгат, заснаваны на адгезіі. Адбываецца пры нармальным развіцці арганізмаў і ў эксперыменце пасля штучнага раз’яднання клетак, напр., пратэалітычнымі ферментамі і рэчывамі, якія звязваюць іоны кальцыю. Пры агрэгацыі клеткі «сартуюцца»; аднатыпныя зліпаюцца, разнатыпныя застаюцца раз’яднаныя. Здольнасць клетак да агрэгацыі залежыць ад т-ры і іоннага складу асяроддзя, з’яўлення на паверхні клетак спецыфічных бялковых рэчываў, якія садзейнічаюць іх зліпанню.

т. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)