АМАЗАНІ́Т (ад назвы р. Амазонка, дзе ўпершыню знойдзены),
мінерал, разнавіднасць мікракліну, афарбаваная іонамі свінцу. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Утварае крышталі, часцей зярністыя масы з альбітам, кварцам і інш. Колер блакітнавата-зялёны, бірузовы ці ярка-зялёны. Цв. 6—6,5. Шчыльн. больш за 2,5 г/см³. Трапляецца ў гранітах і гранітных пегматытах. Вырабны камень. Амазанітавыя граніты выкарыстоўваюцца як абліцовачны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАГА́Т (ад грэч. gagatēs чорны бурштын),
разнавіднасць каменнага вугалю, якая мае глыбокі чорны колер, яркі смалісты бляск, вязкасць і ракавісты злом. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 1,3—1,4 г/см³. Утварэнне гагату звязваюць з метамарфізмам драўніны, пахаванай у марскіх мулах мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў. Трапляецца ў выглядзе скопішчаў у пясчаніках, мергелях, пластах вугалю. Добра паліруецца. Вырабны камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЕ́ША, Ганапаці,
у індуісцкай міфалогіі «ўладар ганы» (групы) ніжэйшых божастваў, якія складаюць світу Шывы. Паводле эпасу, малююць з тулавам чалавека чырв. ці жоўтага колеру, вял. шарападобным жыватом, чатырма рукамі і галавой слана, з пашчы якой тарчыць толькі адзін бівень. Ганеша належыць да найб. папулярных інд. багоў, яго выявы і храмы вельмі пашыраны ў Індыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́Я (франц. camée ад італьян. cammeo, cameo),
твор гліптыкі; від гемы — каштоўны, часцей паўкаштоўны камень (сардонікс, агат і інш.) з выпуклай разной выявай. Выразнасць дасягаецца праз натуральную слаістасць каменя (выява — аднаго колеру, фон, адметныя па тоне і фактуры дэталі — іншых). Вядома з 4 ст. да н.э., росквіт — у мастацтве эліністычнай Грэцыі і Стараж. Рыма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАНО́ВІЧ (Іван Іванавіч) (н. 10.5. 1938, в. Кукавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1968). Працаваў слесарам, інжынерам, з 1982 рэдактар у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1975. У зб-ках апавяданняў і аповесцей «Заводскія світанні» (1978), «Белы чыгун» (1981), «Цёплы камень» (1985), «Асобая зона» (1992) тэмы заводскага жыцця, апяванне чалавека працы, дружбы, высакародства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЦАНІ́Т (ад назвы гары Манцоні ў Італіі),
поўнакрышталічная інтрузіўная горная парода, якая складаецца з калінатравага палявога шпату, асн. плагіяклазу (андэзіт, лабрадор) і піраксену (аўгіт). Структура ад груба- да тонказярністай, трахітоідная. Колер шэры, ружова-шэры. Фіз. ўласцівасці падобныя да дыярыту. Утварае асобныя масівы, удзельнічае ў будове інтрузій складанага саставу. Выкарыстоўваецца ў дарожным буд-ве, як дэкар.камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДУ́ЗА,
у старажытна-грэчаскай міфалогіі малодшая і самая страшная з трох гаргон, сярод якіх толькі яна была смяротная. Як і інш. гаргоны, М. ператварала ў камень усё жывое, да чаго датыкаўся яе позірк. Персей адсек ёй галаву і аддаў яе Афіне. З крыві або з тулава М. нарадзіўся Пегас — плод яе сувязі з Пасейдонам. Іл.гл. пры арт.Гаргоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛУНІ́Т (франц. alunite ад alun галын),
галыновы камень, мінерал класа сульфатаў KaAl3[SO4]2(OH)6. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Шчыльныя і рыхлыя масы, радзей крышталі, валакністыя і зярністыя агрэгаты. Колер белы, шараваты, жаўтаваты, буры. Бляск шкляны да перламутравага. Цв. 3,5—4,5; крохкі. Шчыльн. 2,6—2,8 г/см³. Алуніт — сыравіна для атрымання галыну, сульфату алюмінію, часткова калійных соляў, сернай кіслаты. Гл. таксама Алунітавая руда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГА́Т (грэч. achatēs),
мінерал, разнавіднасць халцэдону з паласатай ці плямістай тэкстурай або дэкаратыўнымі ўключэннямі. Адрозніваюць: агаты (блакітнавата-шэрыя і белыя), агатавы онікс (белыя і чорныя слаі), карнеалонікс карнеол-онікс (чырвоныя і белыя), сардонікс (чырвона-бурыя і белыя) і інш. Характар афарбоўкі — вясёлкавы. Бляск васковы да матавага. Цв. 6—6,5. Шчыльн. каля 2,6 г/см. Выкарыстоўваецца ў прыладабудаванні, як паўкаштоўны камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЯЦЫ́НТ (назва ад падабенства афарбоўкі да пурпурова-чырвоных кветак гіяцынта),
мінерал, празрыстая марганецзмяшчальная ювелірная разнавіднасць цыркону густа-чырвонага ці чырванавата-карычневага колеру. Крышталі — чатырохгранныя прызмы з пірамідальнымі галоўкамі. Бляск алмазны. Цв. 6,5—7,5. Шчыльн. 3,9—4,7 г/см³. Гіяцынты ювелірнай якасці трапляюцца пераважна ў шчолачна-высокагліназёмных базальтах, кімберлітавых і сіенітавых пегматытах. Здабыча ў Шры-Ланцы, Бразіліі, Аўстраліі, на Мадагаскары. Каштоўны камень.