РАЗДЗЯЛЯ́ЛЬНАЯ ЗДО́ЛЬНАСЦЬ,

здольнасць сістэм, прылад і фотаматэрыялаў адрозніваць (узнаўляць) блізкія ў прасторы, часе ці па фіз. уласцівасцях аб’екты ці працэсы; колькасная мера такой здольнасці.

Р.з. аптычных сістэм — здольнасць аптычных сістэм даваць раздзельны відарыс двух блізкіх адзін ад аднаго пунктаў прадмета. З-за дыфракцыі святла аптычная сістэма адлюстроўвае святлівы пункт у выглядзе светлай плямы, абкружанай папераменна цёмнымі і светлымі кольцамі. Паводле крытэрыя У.Рэлея, 2 дыфракцыйныя плямы, адпаведныя відарысам пунктаў аднолькавай яркасці, лічацца раздзельнымі, калі светлы цэнтр адной з іх прыпадае на сярэдзіну першага цёмнага кольца суседняй. Р.з. спектральнай прылады — здольнасць такой прылады ўзнаўляць 2 спектральныя лініі з блізкімі даўжынямі хваль. Паводле крытэрыя Дж.​Рэлея такія лініі раздзяляюцца, калі адлегласць паміж максімумамі іх інтэнсіўнасцей не меншая за шырыню ліній. Р.з. фотаматэрыялаў — уласцівасць матэрыялу раздзельна ўзнаўляць у фотаматэрыяле дробныя суседнія дэталі аб’екта. Абумоўлена ступенню дысперснасці святлоадчувальных кампанентаў фотаслоя, залежыць ад кантрасту аптычнага відарыса, спектральнага складу аптычнага выпрамянення, часу асвятлення (экспазіцыі), умоў праяўлення і інш. Вызначаецца найб. колькасцю паралельных ліній на 1 мм фотавідарыса штрыхавой міры, якія бачныя паасобку ў мікраскопе.

т. 13, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАБО́ДКАЎСКІ КАСЦЕ́Л СЭ́РЦА ІСУ́СА,

помнік архітэктуры неараманскага стылю ў в. Слабодка Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1903 з цэглы на невялікім узгорку. Касцёл — 3-нефавая 2-вежавая базіліка з апсідай, трансептам і сакрысціямі. Гал. фасад сфарміраваны 2 высокімі 5-яруснымі вежамі з вострымі шатровымі вярхамі і параўнальна невял. фасаднай плоскасцю цэнтр. нефа паміж імі. Сцены прарэзаны паўцыркульнымі, лучковымі і круглымі аконнымі праёмамі з вітражамі (каляровае шкло захавалася часткова). Над гал. уваходам і на фасадных плоскасцях трансепта размешчаны вял. вокны-ружы. Сцены раскрапаваны ступеньчатымі контрфорсамі, якія на бакавых фасадах злучаны з дэкар. аркбутанамі. Уваходы ў выглядзе аднатыпных парталаў з паўцыркульнымі праёмамі. Вял. маст. каштоўнасць маюць жалезныя акоўкі дзвярэй касцёла, выкананыя мясц. кавалём. Пры кампазіцыйным адзінстве аковак усіх дзвярэй дэталі не паўтараюцца, што сведчыць пра свабодную імправізацыю майстра. Арыгінальную, багатую па форме і складаную па малюнку кампазіцыю маюць акоўкі дзвярэй цэнтр. ўвахода, вырашаныя як пышныя букеты з арнаментальных элементаў, якія паўтараюцца ў кампазіцыях дэкору бакавых дзвярэй.

С.​Г.​Багласаў, М.​М.​Яніцкая.

Слабодкаўскі касцёл Сэрца Ісуса. Уваходны партал.

т. 14, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУ́ГІ,

сталярныя інструменты для ручнога стругання драўніны — зразання тонкага слоя з яе паверхні. Бываюць для грубага і чыставога стругання (выгладжвання) плоскіх і крывалінейных паверхняў, для атрымання загатовак з фігурным профілем.

Найб. пашыраныя разнавіднасці С.: рубанкі (для састругвання лішкаў драўніны і атрымання роўных гладкіх паверхняў), фуганкі (для атрымання плоскіх паверхняў у даўгамерных загатовак), шархебелі (для грубай абдзіркі лішкаў драўніны), мядзведкі (для грубага стругання вял. паверхняў, напр., брусоў, абчасаных бярвён), шліфцікі (для чыставога стругання цяжкаапрацоўвальнай драўніны), цынубелі (для надання дробнай шурпатасці апрацаванай паверхні), зензубелі і фальцгубелі (для выбаркі і зачысткі чвэрцяў і фальцаў), шпунтубелі (для выстругвання на дэталі прамавугольнага вузкага паза — шпунта), калёўкі (для профільнай апрацоўкі дэталей, атрымання фігурных паверхняў), грунтубелі (для выбаркі трапецападобнага паза ўпоперак валокнаў), гарбачы (для выбаркі пукатай або ўвагнутай крывалінейнай паверхні), скоблі (для здзірання кары з бярвён і грубага стругання). Гл. таксама Дрэварэзальны інструмент, Сталярна-цяслярскі інструмент.

Стругі: 1 — двайны драўляны рубанак; 2 — універсальны металічны рубанак-горбач; 3 — фуганак; 4 — драўляны шпунтубель; 5 — фальцгубель; 6—9 — лёзы нажоў (прамое, нахіленае, авальнае, зубчастае цынубельнае).

т. 15, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РБУК Генадзь Міхайлавіч (н. 24.7.1934, в. Глыбачка Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1958). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.​Коласа, з 1962 — у Нац. т-ры імя Я.​Купалы. Мастацтву акцёра ўласцівы моцны тэмперамент, глыбокае псіхал. спасціжэнне характараў. Майстар яркай сцэнічнай дэталі, гратэску. Найб. яркія характары стварыў у нац. рэпертуары: Васіль (спектакль і тэлевізійная паст. «Людзі на балоце» паводле І.​Мележа, Дзярж. прэмія Беларусі 1966), Сымон («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Зёлкін («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы), Яўмень («Ажаніцца — не журыцца» М.​Чарота і Далецкіх), Клёпкін, Прокусаў («Пагарэльцы», «Верачка» А.​Макаёнка), Андрэй Буслай («Парог» А.​Дударава). Імкненнем да арыгінальнай інтэрпрэтацыі пазначаны ролі Гарбука ў класічным і сучасным рэпертуары: Акцёр («На дне» М.​Горкага), Ціхан («Навальніца» А.​Астроўскага), Добчынскі («Рэвізор» М.​Гогаля), Бярозкін («Залатая карэта» Л.​Лявонава), Кэлін («Святая святых» І.​Друцэ) і інш. Здымаецца ў тэлевізійных пастаноўках («Трэцяе пакаленне», «Трывожнае шчасце», «Завеі, снежань», «Плач перапёлкі», «Крыло цішыні») і ў кіно («Людзі на балоце», Дзярж. прэмія СССР 1984, «Подых навальніцы», «Белыя Росы», «Чорны замак Альшанскі») і інш.

Г.М.Гарбук.
Г.Гарбук у ролі Андрэя Буслая.

т. 5, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМІ́РАВАНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы, узмоцненыя іншымі, больш трывалымі матэрыяламі. Найб. пашыраныя арміраваныя матэрыялы: жалезабетон (узмоцнены арматурай), матэрыялы на аснове металаў, керамікі, пластычных масаў, шкла (гл. Арміраванае шкло), арміраваныя ніткі, валакністыя кампазіцыйныя матэрыялы. З буд. матэрыялаў арміраваннем атрымліваюць арміраваныя буд. канструкцыі (гл. Армакаменныя канструкцыі, Армацэментавыя канструкцыі, Жалезабетонныя канструкцыі).

Металічныя арміраваныя матэрыялы бываюць: гарачатрывалыя (напр., нікель, хром, кобальт і іх сплавы, арміраваныя тугаплаўкімі валокнамі вальфраму, малібдэну, карбідаў, аксідаў і нітрыдаў); нізкатэмпературныя канструкцыйныя (алюміній, магній, тытан і іх сплавы, арміраваныя высокатрывалымі валокнамі сталі, бору, берылію, карбіду і двухаксіду крэмнію); са спец. фіз. ўласцівасцямі (электракантактныя матэрыялы на аснове серабра і медзі, арміраваныя валокнамі вальфраму). З метал. арміраваных матэрыялаў робяць пасудзіны ціску, абалонкі, элементы самалётаў і суднаў, дэталі машын і прылад. Керамічныя арміраваныя матэрыялы — матэрыялы на аснове аксідаў, нітрыдаў, барыдаў і інш. тугаплаўкіх злучэнняў, арміраваныя валокнамі вальфраму, малібдэну, сталі і ніобію, а таксама ніткападобнымі крышталямі аксідаў і карбідаў. Выкарыстоўваюцца як вогнетрывалыя і канструкцыйныя матэрыялы. Арміраваныя пластыкі (шклапластыкі, тэксталіт, вуглепласты, азбапластыкі, гетынакс, метала- і борапластыкі і інш.) маюць у сабе ў якасці ўмацавальнага напаўняльніка валакністыя матэрыялы — сечаныя валокны, жгуты, тканіны, паперу, драўляную шпону. Арміраваныя ніткі складаюцца з асяродкавых (каркасных) нітак (надаюць трываласць), абвітых інш. матэрыяламі (для вонкавага эфекту, гіграскапічнасці, паветрапранікальнасці і інш.).

т. 1, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОГНЕТРЫВА́ЛЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы і вырабы, устойлівыя да ўздзеяння высокай (больш за 1580 °C) т-ры. Падзяляюцца на ўласна вогнетрывалыя (з вогнетрываласцю 1580—1770 °C; дынасавыя, кварцавыя, шамотавыя, паўкіслыя вогнетрывалыя матэрыялы), высокавогнетрывалыя (1770—2000 °C; высокагліназёмістыя, даламітавыя, карбарундавыя, форстэрытавыя, храмітавыя) і найвышэйшай вогнетрываласці (больш за 2000 °C; магнезітавыя, шпінельныя, цырконіевыя, коксавыя, графітавыя, з чыстых вокіслаў і інш.).

Вогнетрывалыя матэрыялы бываюць: рознай шчыльнасці, у т. л. легкаважныя (цеплаізаляцыйныя); з пластычных (маюць гліны) і непластычных мас; абпальныя, безабпальныя, плаўленыя, выпілаваныя з горных парод; фармаваныя (фасонная і звычайная цэгла, трубы, пліты) і нефармаваныя (парашкі, растворы, абмазкі, бетоны). Выкарыстоўваюцца для муроўкі металургічных, шклаварных і інш. пячэй, топак, цеплавых агрэгатаў. З іх робяць тыглі, рэторты, дэталі шклоразлівачных каўшоў і інш. Найб. пашыраны ў прам-сці шамотныя вогнетрывалыя матэрыялы, іх атрымліваюць з вогнетрывалай гліны (радовішчы ў Беларусі) і кааліну. Вогнетрывалыя матэрыялы з бескіслародных злучэнняў і чыстых вокіслаў атрымліваюць метадам парашковай металургіі (канчатковая аперацыя — спяканне). Тэхналогія вытв-сці керамічных вогнетрывалых матэрыялаў уключае абпальванне мінер. сыравіны, памол, дабаўку клейкіх рэчываў (гліны, вадкага шкла, вапны, смалы), фармаванне, абпальванне вырабаў. Вогнетрывалыя вырабы выпускае Мінскі фарфоравы з-д. Гл. таксама Вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасць.

т. 4, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́САЎ Яўген Іванавіч (н. 15.1.1925, в. Талмачова Курскага р-на, Расія),

рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1991). Правадз. чл. Акадэміі рас. славеснасці (2000). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік вызвалення Беларусі. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы пры Літ. ін-це імя М.​Горкага ў Маскве (1962). Друкуецца з 1948. У зб-ках лірычных апавяданняў і аповесцей «На рыбацкай сцежцы» (1958), «Трыццаць зерняў» (1961), «Дзе прачынаецца сонца» (1965), «Шуміць лугавая аўсяніца» (1966, Дзярж. прэмія Расіі 1975), «Ракітавая гарбата» (1968), «Чырвонае віно перамогі» (1971), «Мост» (1974) і інш. спроба спасцігнуць рус. нац. характар, тэма Вял. Айч. вайны, трывога за рассяляньванне Расіі, паэт. карціны сярэднярус. прыроды. Аўтар аповесцей «Зацьменне месяца» (1966), «Усвяцкія шлеманосцы» (1977; кінафільм «Крыніца», 1982), «Грэчаскі хлеб» (1997) і інш. Творчасць Н. адметная мяккасцю інтанацыі, тонкім пачуццём мовы, мастацтвам выразнай дэталі. Піша для дзяцей. Многія творы Н. інсцэніраваны і экранізаваны. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі П.​Місько, М.​Дубянецкі.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1989;

Красное вино победы. М., 1992;

Вечерние стога. М., 2000;

Журавлиный клин. М., 2000.

Літ.:

Чалмаев В. Храм Афродиты: Творческий путь и мастерство Евгения Носова. М., 1972;

Книга о Мастере: Очерки творчества. Курск, 2000.

Я.І.Носаў.

т. 11, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЙФЕРТ (Seifert) Яраслаў (23.9.1901, Прага — 10.1.1986),

чэшскі паэт. Нар. пісьменнік Чэхаславакіі (1966). Першы паэт. зб. — «Горад у слязах» (1921). Удзельнік стварэння гуртка пралет. мастацтва «Дзівасіл». У творчасці імкнуўся да паэтызацыі прозы жыцця, абапіраючыся на рэаліст. дэталі і рэліг. сімволіку. У паэт. зб-ках «Толькі каханне» (1923), «На хвалях ТСФ» (1925) апяваў радасць жыцця, экзотыку падарожжаў. Зб. «Салавей спявае дрэнна» (1926) прасякнуты трагічным светаадчуваннем. У зб-ках «Яблык з каленяў» (1933), «Рукі Венеры» (1936) звярнуўся да традыцый класічнай чэш. паэзіі — напеўнасці, меладычнасці, арганічнасці сітуацый. Асн. тэмы зб-каў «Патушыце агні» (1938), «Веер Бажэны Немцавай» (1940), «Ішоў бедны мастак па свеце» (1949) — каханне, паэзія, радзіма, прыгажосць Прагі, гісторыя чэш. культуры; зб. «Мамачка» (1954) — успаміны пра дзяцінства. У зб-ках «Канцэрт на востраве» (1965), «Адліванне званоў» (1967), «Парасон з Пікадылі» (1979) пераважае верлібр, які стаў дамінантай яго паэтыкі. Аўтар зб-каў «Моравы слуп» (1981), «Быць паэтам» (1983) і інш. На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі А.​Разанаў, М.​Танк. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1936, 1955. Нобелеўская прэмія 1984.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Высокае неба. Мн., 1980;

У кн.: На зорных шляхах. Мн., 1991;

Рус. пер. — Прощание с весной: Избр. лирика. М., 1987.

А.​У.​Вострыкава.

Я.Сейферт.

т. 14, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ШЫЦКІ СЯДЗІ́БНА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,

помнік сядзібна-паркавага мастацтва 18—19 ст. на паўд. ускраіне Мінска ў сутоках рэк Свіслач і Лошыца каля б. в. Лошыца 1-я. У комплекс уваходзілі сядзібны дом, капліца, дом аканома, вадзяны млын, будынак спіртзавода, гасп. пабудовы, пейзажны парк. Цэнтр кампазіцыі — сядзібны дом на грэбені каля поймавай тэрасы. Мае асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, якая складаецца з драўлянага 1-павярховага і прыбудаванага да яго тарца мураванага 2-павярховага аб’ёмаў. У дэкар. афармленні фасадаў выкарыстаны драўляныя разныя дэталі (слупы гал. ўвахода, аконныя ліштвы, карнізныя паясы і інш.). У інтэр’еры захаваліся ляпныя дэталі, абліцоўка сцен панэлямі з дубу, каляровая кафля. Перад гал. фасадам парадны партэр у форме няправільнага эліпса, абмежаваны пад’язнымі дарогамі; з процілеглага боку пакаты прыбярэжны спуск да лукавіны р. Лошыца. Асн. паркавы ўчастак з кальцавымі дарожкамі знаходзіцца перад паўн. тарцовым фасадам. У ім растуць экзоты (дуб пушысты, бяроза вішнёвая, магнолія кобус, лістоўніцы яп., сіб. і еўрап. і інш.).

У пісьмовых крыніцах в. Лошыца згадваецца з 1-й пал. 16 ст., належала кн. Талачынскім, з сярэдзіны 16 ст. — Гарнастаям. У 2-й пал. 16 ст. падзелена на Лошыцу-Гарнастаеўскую (з канца 16 ст. належала кн. Друцкім-Горскім) і Лошыцу-Адынцоўскую. У 1719 Лошыца з навакольнымі вёскамі перайшла да Прушынскіх. У канцы 16 — пач. 17 ст. на ўзгорку побач з р. Лошыца і Свіслач пабудаваны вял. драўляны дом на каменным падмурку. У 1724 пабудаваны новы сядзібны дом — драўляны (частка сцен з цэглы), на каменным падмурку, накрыты гонтам (рэканструяваны ў пач. 1880-х г.). Паводле інвентара 1772, сядзіба ўяўляла сабой вял. комплекс з гасп. пабудовамі, млынам, на р. Лошыца быў стаў. У 2-й пал. 18 ст. паводле фундацыі С.​Прушынскага пабудавана мураваная капліца ў стылі барока (Лошыцкая алтарыя). У пач. 19 ст. Лошыцу наведаў мастак Ю.​Пешка, які пакінуў акварэль з выявай сядзібы; тут часта бываў В.​Дунін-Марцінкевіч. З 1877 сядзіба перайшла да Любанскіх. У 1896 павялічаны бровар, у 1901 пабудаваны новы млын на Свіслачы. У 1922—25 тут была доследная гаспадарка Бел. дзярж. ін-та сельскай гаспадаркі. На яе базе па ініцыятыве М.​І.​Вавілава ў 1925 створана Бел. аддзяленне Усесаюзнага ін-та прыкладной батанікі і новых культур (дырэктар А.​Я.​Сюбараў). 23.2.1931 аддзяленне рэарганізавана ў Бел. занальную доследную станцыю плодаагародніцкай гаспадаркі. Адначасова створаны садова-агародны ін-т з аддзяленнямі садаводства, агародніцтва і перапрацоўкі пладоў і агародніны. 5.4.1956 у Лошыцкай сядзібе створаны Бел. НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва (у 1964 пераведзены ў Самахвалавічы, а ў Лошыцы пакінута яго доследная гаспадарка). У 1989 створана Лошыцкая садова-паркавая гаспадарка. Сядзібны дом з 1986 — філіял Нац. маст. музея Беларусі.

В.​Р.​Анціпаў, Т.​І.​Чарняўская, У.​М.​Дзянісаў.

Да арт. Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. Капліца. Здымак 1920-х г.
Да арт. Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. Сядзібны дом.

т. 9, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАЎНІ́ЧЫЯ РАБО́ТЫ,

работы, якія выконваюцца на буд. пляцоўках (аб’ектах) пры ўзвядзенні будынкаў і збудаванняў, іх рамонце і рэканструкцыі. Ажыццяўляюцца пры дапамозе будаўнічых машын, ручнога і механізаванага інструменту, дапаможных прыстасаванняў. Пры будаўнічых работах выкарыстоўваюцца будаўнічыя матэрыялы, паўфабрыкаты (бетон, будаўнічы раствор, асфальтабетон), дэталі і вырабы (элементы каркаса, аконныя і дзвярныя блокі і інш.), гатовыя будаўнічыя канструкцыі.

Будаўнічыя работы падзяляюць на агульнабудаўнічыя, спец., дапаможныя і падрыхтоўчыя. Агульнабудаўнічыя — аддзелачныя, арматурныя, бетонныя, дахавыя, жалезабетонныя, земляныя, каменныя, цяслярныя работы (гл. адпаведныя арт.), а таксама мантажныя (гл. Мантаж) і інш.; спецыяльныя — гідраізаляцыйныя, сан.-тэхн., цеплаізаляцыйныя работы (гл. адпаведныя арт.), электрамантажныя, пракладка інж. сетак, работы па мантажы тэхнал. абсталявання і канструкцый; дапаможныя — устаноўка апалубкі, паніжэнне грунтавых вод, мацаванне сценак катлаванаў, пагрузка і разгрузка матэрыялаў і інш.; падрыхтоўчыя — падрыхтоўка буд. пляцоўкі, нарыхтоўка матэрыялаў, стварэнне сан.-быт. умоў для работы і інш. Часта будаўнічыя работы класіфікуюць па інш. адзнаках: адвальныя, вышукальныя, дарожна-буд., падводна-тэхн., палевыя і шпунтовыя, скрытыя работы (гл. адпаведныя арт.), а таксама зімовыя, падземныя і інш. Будаўнічыя работы выконваюцца спецыялізаванымі (для аднаго віду работ) і комплекснымі брыгадамі. Арганізуюцца паслядоўным, паралельным, паточным ці камбінаваным метадамі ў адпаведнасці з праектамі арганізацыі буд-ва і вытв-сці работ і патрабаваннямі да іх якасці.

Літ.:

Основы строительного дела. Мн., 1980.

І.​І.​Леановіч.

т. 3, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)