ВЯЛІ́КІЯ МАГО́ЛЫ,
дынастыя правіцеляў у Індыі ў 1526—1858. Засн. Бабурам
[1526—30],
які паходзіў з Магалістана (адсюль назва «Маголы», Вялікімі Маголамі іх называлі еўрап. падарожнікі 17 ст.) і ўтварыў дзяржаву Магольская імперыя. Найб. значныя прадстаўнікі: Акбар [1556—1605], Джахангір [1605—27], Шах-Джахан [1627—58], Аўрангзеб [1658—1707]. Дзяржава Вялікіх Маголаў была цэнтралізаванай феад. манархіяй. У 17 ст. займала б.ч. Індыі і Паўд.-Усх. Афганістан. Пасля смерці Аўрангзеба (1707) распалася на шэраг асобных дзяржаў, і Вялікія Маголы валодалі фактычна толькі г. Дэлі і суседнімі раёнамі. У 1803 Дэлі захапілі англічане. Фармальна Вялікімі Маголамі лічыліся правіцелямі Індыі да скасавання дынастыі ў 1858 англ. ўладамі.
т. 4, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗНЕВІ́ДЫ,
дынастыя цюркскага паходжання, якая правіла ў 10—12 ст. у Газневідскай дзяржаве на Сярэднім Усходзе (на тэр. Індыі і сучаснага Афганістана). Засн. ў 962 саманідскім палкаводцам Алп-Тэгінам. Найб. магутнасці дзяржава Газневідаў дасягнула ў часы Себук-Тэгіна [977—997], які ўвёў спадчыннасць улады, павялічыў дзяржаву за кошт Пешавара на Пд і Харасана на Пн, і яго сына Махмуда [998—1030]. Махмуд пашырыў тэр. дзяржавы ад Ірана і Каспійскага м. да р. Ганг і ад Аральскага м. да Раджпутаны, пры ім значнага росквіту дасягнулі навука і культура. Пры Масудзе I [1030—41] пачаўся распад дзяржавы Газневідаў. У канцы 1180-х г. Газневіды ліквідаваны Гурыдамі.
т. 4, с. 433
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМНІ́НЫ (Komnēnoi),
дынастыя імператараў Візантыі ў 11—12 ст. Паходзілі фактычна ад военачальніка Ісаака I Камніна, імператара ў 1057—59, але заснавальнікам дынастыі лічыцца Аляксей I Камнін [1081—1118). Інш. прадстаўнікі: Іаан II Камнін [1118—43], Мануіл I [1143—80], Аляксей II [1180—83], Андронік I [1183—85]. Апіраліся на ваенна-феад. знаць і правінцыяльныя гарады. Умацавалі землеўладанне, ліквідавалі рухі багамілаў і інш., уладу ў правінцыях перадалі военачальнікам (дукам), апалчэнне замянілі наёмным войскам, падпарадкавалі правасл. царкву; атрымалі шэраг перамог над сельджукамі, аднак пасля захопу г. Фесалонікі нарманамі вымушана саступілі ўладу дынастыі Ангелаў. Нашчадкі Андроніка I у 1204—1461 правілі ў Трапезундскай імперыі пад імем «Вялікіх Камнінаў».
т. 7, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙСУ́Р,
дзяржава на Пд Індыі ў 14—18 ст. Узнікла ў 1399 як княства — васал Віджаянагара. З 1610 незалежная дзяржава на чале з дынастыяй Вадэяр. У 1761 фактычную ўладу ў М. захапіў военачальнік Хайдар Алі. Пры ім і яго сыне Тыпу Султане [1782—99] М. ператварыўся ў магутную дзяржаву Паўд. Індыі, якая займала ч. тэр. сучасных інд. штатаў Керала, Карнатака, Андхра-Прадэш і Тамілнаду. У выніку 4 англа-майсурскіх войнаў тэр. М. паменшала да памераў Майсурскага плато; адноўлена дынастыя Вадэяр, М. стаў васальным княствам Вялікабрытаніі. Пасля абвяшчэння ў 1947 незалежнасці Індыі М. — адзін з яе штатаў (з 1973 наз. Карнатака).
т. 9, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЖПУ́ТЫ,
раджа-путра (санскр. «сыны раджы»), прадстаўнікі адной з вышэйшых каст у Індыі (больш за 10 млн. чал.). Б.ч. кланаў Р. паходзіць ад эфталітаў, якія ўварваліся ў Паўн. Індыю ў 5—6 ст. Ў 9—12 ст. княствы на чале з раджпуцкімі дынастыямі дамінавалі на Пн Індыі. У час мусульм. заваявання (12—13 ст.) б. ч. раджпуцкіх княстваў знішчана. Да пач. 20 ст. захаваліся дробныя княствы Р. пераважна ў Раджастхане, якія пасля 1947 увайшлі ў склад Рэспублікі Індыі. Да Р. належыць дынастыя сучасных каралёў Непала — Шах.
Літ.:
Успенская Е.Н. Раджпуты: рыцари средневековой Индии. СПб., 2000.
т. 13, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЗІНЬ,
дзяржава і дынастыя чжурчжэняў [1115—1234]. Узнікла ў працэсе барацьбы чжурчжэняў супраць кіданяў, якім яны плацілі даніну. У 1125 Ц. захапіла кіданьскую дзяржаву Ляо, у 1125—27 — значную ч. імперыі Паўн. Сун, у т. л. яе сталіцу Кайфын. У выніку мірнага дагавора 1139 дзяржава Паўд. Сун прызнала васальную залежнасць ад Ц. З сярэдзіны 12 ст. Ц. — магутная дзяржава Усх. Азіі, у склад якой уваходзілі тэр. сучасных Паўн.-Усх. і Паўн. Кітая, частка Унутр. Манголіі; у васальнай залежнасці ад Ц. былі тангуцкая дзяржава Сі-Ся і Карэя. У 1234 Ц. знішчана ў выніку мангольскіх заваяванняў.
т. 17, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Тан (дынастыя) 5/478, 603; 8/369; 11/291
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Цын (дынастыя) 5/603; 10/120, 205; 11/548
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Цюдары (дынастыя) 3/222, 429; 8/628; 11/155
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ТАСКА́НА (Toscana),
вобласць у Цэнтр. Італіі, на ПнЗ Апенінскага п-ва. Абмываецца Лігурыйскім і Тырэнскім морамі. Пл. 23 тыс. км². Нас. каля 4 млн. чал. (2001). Уключае правінцыі: Маса-Карара, Лука, Пістоя, Фларэнцыя, Ліворна, Піза, Арэца, Сіена, Грасета. Гал. горад і эканам. цэнтр — Фларэнцыя. Большую ч. тэр. займаюць Апеніны; узбярэжжа нізіннае. Клімат міжземнаморскі. Каля 40% тэр. (пераважна ў гарах) пад лесам. Развітая эканам. вобласць. Здабыча кінавары, жал. руды, бурага вугалю, пірытаў, мармуру. Прам-сць: Чорная металургія, маш.-буд., хім., нафтаперапр., тэкст., папяровая. Пасевы пшаніцы і інш. збожжавых, цукр. буракоў, тытуню, агародніны. Каля 20% с.-г. угоддзяў пад садамі, вінаграднікамі, насаджэннямі аліў. Свіна- і авечкагадоўля. Турызм.
У пач. 3 ст. да н.э. (наз. Тусцыя, Этрурыя) заваявана рымлянамі, у канцы 5 ст. н.э. — остготамі, у 6 ст. — Візантыяй, потым лангабардамі. З канца 8 ст. ўваходзіла ва ўладанні Карла Вялікага (з 9 ст. маркграфства), з канца 10 ст. — у «Свяшчэнную Рым. імперыю». У 11—12 ст. на тэр. Т. ўтварыліся камуны Фларэнцыя, Лука, Сіена, Піза, Арэца і Пістоя з развітым рамесніцтвам і гандлем. У 1-й пал. 15 ст. Т. кіравала дынастыя фларэнційскіх Медычы, з 1737 — Латарынгская дынастыя. У час напалеонаўскіх войнаў акупіравана (1800) франц. войскамі, у 1801 на яе тэр. ўтворана каралеўства Этрурыя, якое ў 1807—08 далучана да Францыі. Венскі кангрэс 1814—15 аднавіў Вял. герцагства Тасканскае. У час Рысарджымента тэр. Т. ў 1860 далучана да Сардзінскага (з 1861 Італьянскага) каралеўства. У 2-ю сусв. вайну акупіравана (1943) ням.-фаш. войскамі, вызвалена ў 1944 сіламі руху Супраціўлення.
т. 15, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)