ПІКА́РДА (Picarda) Гай дэ (псеўд.Піхура Г.; Pichura H.; н. 20.7.1931, Лондан),
англа-французскі даследчыкбел. культуры. Скончыў Оксфардскі ун-т (1955), ун-т у Сарбоне (1959). Вывучае творчасць бел. кампазітараў М.Равенскага, М.Куліковіча (М.Шчаглова), жыццё і дзейнасць Ф.Скарыны, распрацоўвае гісторыю перакладаў Бібліі на бел. мову, праблематыку гісторыі ВКЛ. Займаецца пошукам стараж.бел.царк. спеваў і іх выданнем. У 1959 адшукаў у Кіеве Супрасльскі і Жыровіцкі ірмалоі — рукапісныя муз.зб-кі 16 ст.рэліг. зместу. Выдаў «Беларускі царкоўны спеўнік. Св. Літургія» (кн. 1—2, 1979—91), «Беларускі духоўны спеўнік» (Вільня, Лондан, 1989), склаў даведнік пра Бел. б-ку імя Ф.Скарыны ў Лондане (1971), анталогію бел. шматгалосых песнапенняў «Залатая Беларусь» (1998). Чл.Міжнар. асацыяцыі беларусістаў (Мінск), кіруючай рады Бел. б-кі і музея імя Ф.Скарыны, Англа-бел. навук.т-ва (Лондан).
Тв.:
Бел.пер. — Старонкі гісторыі беларускай царкоўнай музыкі // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1992. Кн. 2.
Літ.:
Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мн.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯНІ́ЦКІ (Siennicki) Людвік (2.2.1677—24.1.1757),
падарожнік і мемуарыст, даследчык Сібіры. З бел. шляхецкага роду герба «Бонча». Вучыўся ў Віленскай евангелісцкай школе. У пач. 18 ст. адміністратар Магілёўскай эканоміі, віцэ-губернатар Быхава, падстолі ВКЛ. У Паўночную вайну 1700—21 палкоўнік, камандзір Бел. дывізіі. У 1707 разам са стрыечным братам ген. К.Сяніцкім здрадзіў каралю Аўгусту II — саюзніку Расіі і перайшоў на бок прашвед. групоўкі кн. Сапегаў. Адзін з кіраўнікоў Быхава абароны 1707; узяты ў рас. палон і ў 1709 сасланы ў Сібір (Табольск, потым Якуцк), адкуль вярнуўся на радзіму ў 1722. У сваіх мемуарах «Дакумент асаблівай міласэрнасці божай...» (Вільня, 1754) даў заснаваныя на ўласных назіраннях каштоўныя этнагр. апісанні якутаў і інш. сібірскіх народаў — хантаў, чукчаў, эвенкаў, юкагіраў, звесткі пра Японію (са слоў яп. палонных, што пацярпелі караблекрушэнне ў Ахоцкім м.).
Літ.:
Кучинский А. Описание Сибири XVIII в.: (Материалы Л.Сеницкого о сибирских аборигенах и их культуре) // Сов. этнография. 1972. № 1;
Могилевская хроника Т.Р.Сурты и Ю.Трубницкого // Полн. собр. рус. летописей. М., 1980. Т. 35.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРО́НАК (Turonek) Юры Браніслававіч (н. 26.4.1929, г. Дукштас, Літва),
польскі даследчыкбел. гісторыі, культуры, асветы. Д-ргіст.н. (1986). Скончыў Гал. школу планавання і статыстыкі ў Варшаве (1952). Адзін з арганізатараў і старшыня праўлення (1956—66) Варшаўскага аддзялення Беларускага грамадска-культурнага таварыства (БГКТ), у 1970—75 старшыня Навук. гуртка БГКТ. Даследуе гісторыю бел. школьніцтва на Беласточчыне, бел. кнігавыдавецкай справы і каталіцызму, ням.акупац. палітыку ў Беларусі.
Тв.:
Беларускае школьніцтва на Беласточчыне ў пасляваенны перыяд. Беласток, 1976;
Памяці Браніслава Туронка. Ню Ёрк;
Варшава, 1990;
Каталіцызм у Беларусі — маштаб праблемы // Скарыніч. 1991. Вып. 1;
Фармаваньне сеткі рыма-каталіцкіх парафіяў у Беларусі (1387—1781 г.) // Бел.гіст. агляд. 1995. Т. 2, сш. 2;
Канфесійная трансфармацыя на Беларусі і нацыянальная самасвядомасць // Беларуская думка XX ст. Варшава. 1998;
Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). Мн.. 2002;
Wacław Iwanowski i odrodzenie Białorusí. Warszawa, 1992;
Książka bialoruska w II Rzeczypospolitej, 1921—1939. Warszawa, 2000;
Бел.пер. — Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мн., 1993;
Беларускае пытанне ў палітыцы лонданскага лагеру (1941—44) // Спадчына. 1997. №3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕМІРО́ЎСКІ Яўген Львовіч (н. 21.4.1925, г. Кіраваград, Украіна),
расійскі гісторык-славіст, даследчыкбел. л-ры. Д-ргіст.н. (1972), праф. (1975). Чл.-кар.Рас. акадэміі прыродазнаўчых навук (1991), замежны чл.АН Рэспублікі Чарнагорыя (1996). Скончыў Маскоўскі завочны паліграф.ін-т (1950). Працаваў ва Усесаюзным НДІпаліграф. машынабудавання (1950—73), у 1973—82 у Дзярж. б-цы СССР імя Леніна, у 1982—93 ва Усесаюзнай кніжнай палаце. З 1993 гал.навук. супрацоўнік Рас.дзярж. б-кі. Даследуе гісторыю слав. кнігадрукавання, тэорыю кнігазнаўства. Аўтар кніг «Узнікненне кнігадрукавання ў Маскве: Іван Фёдараў» (1964), «Пачатак славянскага кнігадрукавання» (1971), «Пачатак кнігадрукавання на Украіне: Іван Фёдараў» (1974), «Пачатак кнігадрукавання на Беларусі і ў Літве: Жыццё і дзейнасць Францыска Скарыны» (1978), «Іван Фёдараў на Беларусі» (1979), «Іван Фёдараў. Каля 1510—1583» (1985), «Іаган Гутэнберг. Каля 1399—1468» (1989), «Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць беларускага асветніка», «Па слядах Францыска Скарыны» (абедзве 1990). Дзярж. прэмія Беларусі 1994.
Тв.:
Gesamtkatalog der Fruhdrucke in kyrillischer Schrift. Bd. 1—3. Baden-Baden, 1996—98;
Почеци штампарства ў Црној Гори. Цетинье, 1996.
Літ.:
Евгений Львович Немировский: Биобиблиогр. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕБРАІ́СТЫКА,
комплекс філал. дысцыплін, якія даследуюць іўрыт і тэксты на ім; раздзел семіталогіі. Да пач. 16 ст. аўтарамі гэтых даследаванняў былі выключна яўрэі, якія выкарыстоўвалі метады араб. граматыкаў. Лічаць, што гебраістыка вылучылася ў асобную дысцыпліну ў пач. 10 ст. Першыя лінгвістычныя творы, прысвечаныя мове іўрыт, — працы Саадзі Гаона «Збор слоў», «Кнігі аб мове», працы І.Д.Хаюджа (каля 950 — каля 1000). Гебраістыка інтэнсіўна развівалася ў канцы 10 — сярэдзіне 12 ст. Большасць твораў таго часу напісана ў Іспаніі на араб. мове. У іх завершана лексічнае і граматычнае апісанне іўрыту. У 12 ст. вывучэнне іўрыту выйшла за межы араб. свету. Кніга І.Райхліна «Элементы мовы іўрыт» (1506) — першая праца па гебраістыцы, напісаная хрысціянінам і адрасаваная хрысціянам. З 16 ст. гебраістыка стала часткай еўрап. культуры. Адным з цэнтраў даследаванняў па гебраістыцы была Галандыя. Першым на лац. мове трактат аб граматыцы іўрыту напісаў Б.Спіноза («Кароткі нарыс граматыкі мовы іўрыт», 1677). Буйнейшы прадстаўнік гебраістыкі 19 ст. — ням.даследчык Г.Ф.В.Гезеніус (1786—1842). Асаблівасць гебраістыкі 20 ст. — вызваленне яе ад уплыву тэалогіі і вяртанне да сваіх гуманістычных вытокаў. Асаблівую актуальнасць даследаванне розных этапаў развіцця іўрыту набыло ў сувязі з практычнымі задачамі адраджэння іўрыту як размоўнай і пісьмовай мовы ў навейшы час. Работа над поўным слоўнікам мовы іўрыт вялася з 1908 па 1959. Пачынаў яе Э.Бен-Іехуда, прадоўжылі А.Эвен-Шашан («Новы слоўнік», 1947—58), Я.Кнаані («Скарбонка мовы іўрыт», т. 1—15, 1960—80) і інш. У Расіі да 1917 гебраістыка развівалася пераважна на семіталагічным аддзяленні ф-та ўсх. моў Пецярбургскага ун-та, часткова ў духоўных акадэміях і семінарыях. У Маскве цэнтрам семіталогіі быў Лазараўскі ун-тусх. моў (з 1921 Маскоўскі ун-т усходазнаўства). Вял. ўклад у гебраістыку зрабіў вядомы ўсходазнавец, семітолаг, даследчыкяўр. гісторыі і л-ры ўраджэнец г. Навагрудка А.Я.Гаркаві. У 1882 створана Рас. Палесцінскае т-ва, у публікацыях якога («палесцінскі зборнік») змешчаны каштоўныя работы па гебраістыцы. Пасля 1917 на кафедры семіталогіі Ленінградскага ун-та і ў Ін-це ўсходазнаўства акад. П.К.Какоўцаў заснаваў школу гебраістаў. У ліку яе буйнейшых прадстаўнікоў былі ўсходазнаўцы І.Д.Амусін (1910—84; ураджэнец Віцебска), І.Н.Віннікаў (1897—1973; ураджэнец г. Хоцімск), Г.М.Глускіна (н. 1922, ураджэнка г.п. Парычы, з 1990 жыве ў Ізраілі). У Беларусі значны ўклад у развіццё гебраістыкі зрабіў Г.М.Ліўшыц.
Літ.:
Амусин И.Д. Рукописи Мертвого моря. М., 1961;
Яго ж. Находки у Мертвого моря М., 1965;
Глускина Г. Иегуда Альха Альхаризи и его сборник макам «Тахкемони» // Ариэль: Журн. современного израильского искусства и лит. 1992. № 10;
Лившиц Г.М. Происхождение христианства в свете рукописей Мертвого моря. Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РШУНАЎ Аляксандр Фаміч (4.3.1924, в. Палішына Горацкага р-на Магілёўскай вобл. — 12.7.1991),
бел.літ.-знавец, гісторык стараж.бел. л-ры, тэкстолаг. Канд.філал.н. (1956). Скончыў БДУ (1950). У 1954—91 у Ін-це л-ры імя Я.Купалы АН Беларусі. Даследаваў стараж.бел. л-ру, царк.-палемічную і мемуарную л-ру 16—17 ст., асаблівасці выданняў Ф.Скарыны, іх уплыў на выдавецкую дзейнасць С.Буднага, В.Цяпінскага, І.Фёдарава, П.Мсціслаўца, Р.Хадкевіча. Складальнік навук. зборнікаў, аўтар уступных артыкулаў і каментарыяў да выданняў «Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры» (1959), «Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці» (1975), «Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст.» (1983), кніг Ф.Скарыны «Прадмовы і пасляслоўі» (1969), «Творы» (1990). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1, 1968), 2-томнага даследавання «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977; на рус. мове; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980).
Тв.:
Афанасий Филиппович: Жизнь и творчество. Мн., 1965.
Літ.:
Батвіннік М.Б. Даследчык беларускай старажытнай літаратуры // Весці АН Беларусі. Сер. грамад. навук. 1992. № 3—4;
Кароткі У. «З зычливости ку моей отчизне...» // Шляхам гадоў: Гіст.-літ.зб.Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ЦКІ Яўген Аляксандравіч (15.3.1868, Мінск — 7.7.1942),
даследчыкбел. фальклору і этнаграфіі, гісторык рус. л-ры. Скончыў Маскоўскі ун-т (1893). Удзельнічаў у фалькл. экспедыцыях на Пн Расіі, у Паволжа, Літву, на Беларусь (Палессе) і інш. Пасля Кастр. рэвалюцыі жыў у Празе, выкладаў у Карлавым ун-це. Збіраў і даследаваў бел. фальклор, нар. міфалогію: арт. «Уяўленні беларуса пра нячыстую сілу» (1890), «Хвароба і смерць ва ўяўленнях беларусаў» (1892) і інш. ў час. «Этнографическое обозрение». Аўтар даследаванняў пра стараж. пісьменнасць і «Слова аб палку Ігаравым», пра А.Пушкіна, Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага, І.Ганчарова, А.Чэхава, М.Горкага і інш., рэцэнзій на працы М.Доўнар-Запольскага, М.Нікіфароўскага і інш. У 1927—28 у чэш.час. «Slavia» апублікаваў цыкл арт. «Нататкі па беларусазнаўству», у італьян.час. «Rivista de letterature slave» («Часопіс славянскай літаратуры», 1927) — арт. пра творчасць Я.Коласа.
Тв.:
Несколько замечаний к вопросу о пословицах и поговорках. [Ч.] 1—5. СПб., 1897;
Материалы для изучения творчества и быта белорусов: Пословицы, поговорки, загадки. М., 1898;
Материалы по белорусской словесности и языку // Изв. Отд-ния рус. языка и словесности имп. Академии наук. 1904. Т. 9, кн. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ імя Я.П.Кульнева, сярэдняя спец.навуч. ўстанова ў Полацку ў 1872—1918. Рыхтавала настаўнікаў пераважна для Віленскай навучальнай акругі. Мела 3 асн. класы (з 1907—4) і гадавое падрыхтоўчае аддзяленне. Прымаліся асобы ўсіх саслоўяў з 16-гадовага ўзросту, якія скончылі пач.нар. вучылішча. У 1912 семінарыі прысвоена імя Я.П.Кульнева. Выкладаліся: Закон Божы, педагогіка, рус. і царк.-слав. мовы, арыфметыка, асновы геаметрыі, каморніцтва, гісторыя, геаграфія, спевы, рамяство і інш. Пры семінарыі дзейнічалі: узорнае пач. вучылішча (50—70 вучняў штогод), дзе семінарысты праходзілі пед. практыку; курсы для настаўнікаў пач.нар. вучылішчаў; б-ка (8 тыс. тамоў); метэаралагічная станцыя (з 1900); музей наглядных дапаможнікаў (з 1910). У 1907 часова зачынена. У 1-ю сусв. вайну знаходзілася ў эвакуацыі ў г. Вязнікі Уладзімірскай губ. За 1872—1900 П.н.с. скончылі 521, у 1911—142 выхаванцы. На базе семінарыі створаны пед. тэхнікум (гл.Полацкі педагагічны каледж). У П.н.с. выкладалі Ю.Ф.Крачкоўскі, гісторык Я.Смірноў, протаіерэй М.Дуброўскі (даследчык жыцця Ефрасінні Полацкай), вучыўся бел. паэт Я.Журба.
Літ.:
Смирнов Е.И. Полоцкая учительская семинария за 30 лет ее существования. Витебск, 1902;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАДКЕ́ВІЧ Аляксандр (4.6.1776, г. Чарнобыль, Украіна — 24.1.1838),
палітычны і ваенны дзеяч, хімік, літаратар. Чл. Пецярбургскай АН (з 1818), шматлікіх навук. т-ваў. З роду Хадкевічаў. Вучыўся ў Варшаўскім пансіянаце для магнацкай моладзі М.Нікуты. У час паўстання 1794 прызначаны Т.Касцюшкам маёрам нац. гвардыі, напэўна, браў удзел у Віленскім паўстанні 1794 і баях у ВКЛ. Пасля падаўлення паўстання жыў на Валыні. У вайну 1812 чл. Ваеннага к-таЧасовага ўрада Вялікага княства Літоўскага, камандзір 18-га пях. палка, які выставіў за ўласны кошт. У 1813 трапіў у рас. палон. Пры арганізацыі войска Каралеўства Польскага ў 1815 прызначаны нач. штаба гвардзейскай дывізіі, у 1818 — ген. брыгады. У 1819 сенатар Каралеўства Польскага, з 1820 дэпутат сейма. Належаў да масонскіх лож. У пач. 1824 арганізаваў у Кіеве спатканне дзекабрыстаў М.П.Бястужава-Руміна і С.І.Мураўёва-Апостала з прадстаўніком Патрыятычнага таварыства С.Крыжаноўскім. У 1826 высланы ў Пецярбург, пасля ў Жытомір пад нагляд паліцыі Вызначыўся як хімік-даследчык, тэхнолаг. Гал.навук. праца — «Хімія» (т. 1—7, 1816—18). Займаўся таксама мінералогіяй, фармацэўтыкай. Вядомы як паэт, драматург, тэатр. крытык, калекцыянер. Аўтар нарысаў пра Касцюшку, Я.Г.Дамброўскага, кн. «Партрэты праслаўленых палякаў з іх апісаннем» (1820).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМЕ́ЙКА Ігнат Іпалітавіч (31.7.1802, маёнтак Мядзведка, Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл. — 23.1.1889),
геолаг, мінералог, даследчык Чылі. Скончыў Віленскі ун-т (1822). Удзельнік паўстання 1830—31. З 1832 у Парыжы, дзе скончыў Горную школу (1836). З 1838 у Чылі, арганізаваў вывучэнне геалогіі і мінералогіі Андаў, пустыні Атакама і аўтаномнай прав. Араўканіі на Пд Чылі; заснаваў метэаралагічную службу; стварыў этнагр. музей, Горную школу ў г. Какімба (з 1838 праф.); адкрыў медныя і сярэбраныя капальні, арганізаваў золатаздабычу і здабычу салетры; увёў метрычную сістэму вагі і мер; напісаў падручнікі па мінералогіі і метэаралогіі. У 1866—83 абраны рэктарам ун-та ў Сант’яга. У 1884 наведаў радзіму (Мядзведка, Мір, Крошын). Чылійскі ўрад абвясціў Д. нац. героем. Яго імем названы: мінерал дамейкіт, выкапнёвы слімак, фіялка, аманіт чылійскі; горад у Араўканіі на Пд, рабочы пасёлак паблізу порта Антафагаста на Пн Чылі, хрыбет у Андах (Кардыльера-Д.); ун-т і нац.б-ка ў Сант’яга. У яго гонар выбіты медаль і пастаўлены помнік у Сант’яга. У б. фальварку Д. (в. Заполле Лідскага р-на) адкрыты музей.
Тв.:
Moje podróze: Pamiętniki wygnańca. T. 1—-3. Wrocław etc., 1962—63.