асіметрычныя грады і ўступы ў рэльефе, часам горныя хрыбты, утвораныя ў выніку размыву і дэнудацыі монаклінальна залягаючых горных парод, складзеных з пластоў рознай трываласці. Спусцісты схіл супадае з нахілам пластоў, стромкі абрываецца ў бок іх падзення. Часам К. размяшчаюцца ў некалькі паралельных радоў, утвараюць куэставы тып рэльефу, які трапляецца на паўн. схілах Вял. Каўказа (Скалісты хр.), у Сярэдняй Азіі, Крымскіх гарах і інш. месцах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯГЕНЕ́З (ад дыя... + ...генез),
сукупнасць прыродных фізіка-хімічных працэсаў ператварэння рыхлых асадкаў на дне вадаёма і на сушы ў асадкавыя горныя пароды ва ўмовах верхняй зоны зямной кары. Вылучаюць Д. ранні (этап фізіка-хім. ўраўнаважання асадку) і позні (этап пераразмеркавання рэчыва з утварэннем розных мінер. сцяжэнняў). У выніку Д. змяншаецца колькасць глеевай вады, асадак робіцца больш шчыльным і цвёрдым. Ператварэнне асадкавай пароды да поўнай літафікацыі (акамяненне) адбываецца на стадыях катагенезу і метагенезу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНУДА́ЦЫЯ (ад лац. denudatio агаленне),
сукупнасць працэсаў зносу і пераносу з узвышшаў прадуктаў выветрывання горных парод (вадой, ветрам, лёдам, сілай цяжару) з наступным іх намнажэннем у паніжэннях рэльефу. На тэмпы і характар Д. ўплываюць размах і хуткасць тэктанічных рухаў. Перавага Д. над эфектам тэктанічных падняццяў прыводзіць да агульнага нівеліравання рэльефу. У выніку працяглай Д. горныя краіны ператвараюцца ў хвалістыя раўніны — пенеплены. Тэрмін «Д.» выкарыстоўваецца таксама для абазначэння працэсаў зносу прадуктаў выветрывання шляхам плоскаснага змыву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-АЎСТРАЛІ́ЙСКАЯ КАТЛАВІ́НА,
паніжэнне дна ва ўсх.ч. Індыйскага ак. Акаймоўваецца на Пд Заходне-Аўстралійскім хр., на З Усходне-Індыйскім хр., на Пн падводнымі гарамі паміж а-вамі Какосавымі і Раства, на У мацерыковым схілам Аўстраліі. Пераважае расчлянёны пагоркавы рэльеф. Каля Аўстраліі буйныя горныя масівы, магчыма, рэшткі стараж. мацерыковых структур. Глыб. да 5000—6500 м, на асобных падняццях памяншаецца да 1555 м. Грунты — чырв. гліны, радыялярыевыя і фарамініферавыя глеі. Шырока развіты жалеза-марганцавыя канкрэцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАГАВЫ́Я ХРЫБТЫ́ (Coast Ranges),
ланцуг невысокіх горных хрыбтоў і масіваў уздоўж зах. ўзбярэжжа ЗША (ад 34°паўн. ш. да 48°30′паўн. ш.). Найб.выш. 2428 м (г. Алімпус). Складзены з асадкавых і метамарфічных парод. Характэрны землетрасенні. Радовішчы нафты, вугалю, ртуці. На Пн ад 42°паўн. ш. схілы ўкрыты лясамі з сітхінскай елкі, туі, дугласіі, вышэй — лугі, горныя тундры, асобныя ледавікі. На Пд — хваёвыя лясы і вечназялёныя ксерафільныя хмызнякі (чапараль), участкі лясоў з гіганцкай секвоі. Нац. парк Алімпік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКІ́ЗСКАЯ КУЛЬТУРА,
археалагічная культура сярэдневяковых хакасаў (10—17 ст.), якія насялялі значную тэр.Пд Сібіры. Назва ад могільнікаў у даліне р. Аскіз у Хакасіі. Межы Аскізскай культуры супадаюць з межамі стараж.-хакаскай дзяржавы 10—12 ст. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам, жыло ў гарадах (вядома 5) і селішчах, будавала горныя каменныя крэпасці-сховішчы. Пахавальны абрад — трупаспаленне. У 10 — пач. 11 ст. каля курганоў узводзіліся каменныя стэлы з эпітафіямі. Аскізская культура вызначаецца вял. колькасцю якасных вырабаў з жалеза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́ (італьян. bora ад грэч. boreas паўн. вецер),
мясцовы моцны і парывісты халодны вецер, накіраваны ўніз па горным схіле. Назіраецца пераважна зімой у мясцінах, дзе невысокія горныя хрыбты (да 300—600 м) узнімаюцца над морам, напрыклад на Балканскім узбярэжжы Адрыятычнага м., каля Новарасійска на Каўказе, на берагах Байкала і інш. Утвараецца, калі халоднае паветра перавальвае праз хрыбет і з вял. скорасцю (да 40—60 м/с) «падае» па схіле. Бара выклікае значнае пахаладанне, небяспечнае для суднаў (магчыма хуткае абледзяненне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАНАМІ́ЧНЫЯ РУ́ДЫ,
мінералы і горныя пароды, якія з’яўляюцца сыравінай для вытв-сці мінер. угнаенняў. Да іх належаць апатыты, фасфарыты, калійныя солі, салетра, сера, карбанатныя пароды (даламіт, мел, вапняк), сапрапелі, вермікуліт, торф і інш. На выраб мікраўгнаенняў выкарыстоўваюць руды, у якіх ёсць медзь, бор, марганец і інш. Найбуйнейшыя радовішчы агранамічных руд на Беларусі: паклады калійных соляў (Салігорскі і Петрыкаўскі р-ны), даламітаў (Віцебскі р-н), фасфарытаў (усх. раёны Магілёўскай вобл.). У значных аб’ёмах здабываюцца вапнавыя матэрыялы і торф.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ДЗЬЯК (Kadiak) востраў у Ціхім ак. каля зах. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі
(ЗША, штат Аляска). Аддзелены ад мацерыка прал. Шэліхава. Пл. 9,5 тыс.км. Берагі стромкія, парэзаныя фіёрдамі. Рэльеф гарысты. Выш. да 1353 м. Большая ч. паверхні ўкрыта вулканічным попелам (магутнасць да 6 м),
прынесеным з п-ва Аляска пры вывяржэнні вулкана Катмай (1912). Клімат умераны вільготны. Ападкаў да 1600 мм за год. Высакатраўныя лугі і горныя тундры, участкі лясоў. Фауністычны рэзерват Кадзьяк. Рыбалоўства (селядзец, нерка). Найб. населены пункт — Кадзьяк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАРКТЫ́ЧНЫ ПАЎВО́СТРАЎ (да 1961 Зямля Грэяма),
частка тэрыторыі Антарктыды, выцягнутая на Пн у напрамку Паўд. Амерыкі паміж морамі Уэдэла і Белінсгаўзена. Даўж. каля 1200 км, шыр. да 200 км. Выш. да 4191 м. Цэнтральная ч. — ледавіковае плато выш. 1500—2000 м; на ўзбярэжжах горныя масівы, месцамі свабодныя ад лёду. Клімат антарктычны (пад уплывам акіяна менш суровы, чым на мацерыку). На паўн.-зах. узбярэжжы зрэдку трапляюцца каля 10 відаў дробных травяністых кветкавых раслін. На Антарктычным паўвостраве антарктычныя навук. станцыі Вялікабрытаніі, Аргенціны, Чылі.