КРАПО́ТКІН (Пётр Аляксеевіч) (9.12.1842, Масква — 8.2.1921),
рускі вучоны-энцыклапедыст, дзеяч рас. і міжнар.рэв. руху, тэарэтык анархізму. Скончыў Пажскі корпус (1862). У 1864—66 падарожнічаў па раёнах Паўн. Маньчжурыі, паўн. схіле Усх. Саяна, даследаваў Патамскае нагор’е і Віцімскае пласкагор’е. З 1867 сакратар аддзялення фіз. геаграфіі Рус.геагр.т-ва ў Пецярбургу. Удзельнік анархісцкага (бакунінскага) крыла I Інтэрнацыянала (1872), народніцкага гуртка чайкоўцаў. У 1874 арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. З 1876 у эміграцыі ў Швейцарыі, Францыі і Англіі. З 1879 рэдактар штотыднёвіка анархістаў «Le Révolté» («Бунтар»). У чэрв. 1917 вярнуўся ў Расію, у жн. на Дзярж. нарадзе ў Маскве выступіў з заклікам да «сацыяльнага міру» і прапанаваў ператварыць Расію на ўзор ЗША у федэратыўную рэспубліку. У 1917—18 старшыня створанай у Маскве Лігі федэралістаў. Асн. палажэнні сацыялагічнага вучэння К., якое ён называў анархічным камунізмам, выкладзены ў творах «Прамова бунтаўшчыка» (1885), «Хлеб і воля» (1892), «Анархія, яе філасофія, яе ідэал» (1896), «Вялікая французская рэвалюцыя, 1789—1793» (1909), «Сучасная навука і анархія» (1913) і інш. Крытэрыем сац. прагрэсу К. лічыў вызваленне чалавека з-пад прыгнёту дзяржавы і яго поўную, нічым не абмежаваную свабоду, выступаў за стварэнне федэрацыі свабодных вытв. абшчын (камун) адразу пасля перамогі сац. рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, «калі кіруючыя класы сваёй сляпой упартасцю зробяць яе непазбежнай». У адрозненне ад П.Ж.Прудона, М.Бакуніна, М.Штырнера і інш. ідэолагаў анархізму ён бачыў у сац. рэвалюцыі не стыхійны бунт, а ўсвядомленае нар. дзеянне, накіраванае на ўсталяванне ў грамадстве гарманічных адносін салідарнасці, справядлівасці, самаахвярнасці і ўзаемадапамогі паміж людзьмі. Дзярж. федэралізм лічыў пераходнай формай да бездзярж. ладу (таксама як і розныя формы мясц. аўтаноміі, рэгіянальнага самакіравання) і сродкам тэр. і функцыянальнай дэцэнтралізацыі ўлады, больш поўнага ўліку нац. асаблівасцей і разнастайнасці быту. Для філас. поглядаў К. характэрны натуралізм, крытычныя адносіны да дыялект. метаду Г.Гегеля і К.Маркса, які ён прапанаваў замяніць «адзіна навуковым індуктыўным метадам». Анархічная дактрына К. непасрэдна звязана з яго прыродазнаўчанавук. ўяўленнямі. У галіне біялогіі ён выказаў ідэі аб узаемадапамозе і падтрымцы як фактары эвалюцыі, аб адсутнасці ўнутрывідавой барацьбы Распрацаваў схему араграфіі Паўн.-Усх. Азіі, выявіў сляды стараж. абледзянення і вулканізму на Усх. Саяне. У працы «Даследаванні пра ледніковы перыяд» (1876) прывёў доказы шырокага распаўсюджвання ў антрапагенны час мацерыковага абледзянення на тэр. Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі, выказаў думку аб геал. роднасці Канады і Сібіры. Удзельнічаў у падрыхтоўцы выдання «Зямля і людзі. Усеагульная геаграфія» Э.Рэклю.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—7. СПб., 1906—07, Дневник. М.;
Пг., 1923;
Великая Французская революция, 1789—1793. М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІНІ́ЗМ,
від спорту, узыходжанне на цяжкадаступныя горныя вяршыні ў спартыўных ці інш. мэтах.
Афіц. гісторыя альпінізму пачынаецца з 1786 (узыходжанне швейцарцаў Ж.Бальмы і М.Пакара на Манблан у Альпах). З 2-й пал. 19 ст. ўзнікаюць альпінісцкія клубы ў Англіі, Аўстрыі, Італіі, Швейцарыі, Расіі і інш. Да канца 19 ст. ў Альпах былі адолены многія вяршыні, пракладзены складаныя маршруты. Па меры вывучэння і даследавання інш. горных сістэм, удасканалення сродкаў зносін пашыралася геаграфія альпінізму, які актыўна развіваецца з 1950-х г. пасля пакарэння найвышэйшых вяршыняў свету (гл.табл.).
Альпінізм патрабуе добрай фізічнай і спец. падрыхтоўкі, спец. адзення, абутку, харчавання для жыццезабеспячэння ва ўмовах высакагор’я і адпаведнага рыштунку (вяроўкі, ледарубы, скальныя і лёдавыя кручкі, карабіны і інш.) для страхоўкі спартсменаў. Пры ўзыходжанні на вяршыні вышынёй больш за 8 000 м часта выкарыстоўваюць кіслародныя апараты. У альпінізме прынята класіфікацыя маршрутаў паводле іх складанасці (усяго 6 катэгорый). Альпінісцкую падрыхтоўку атрымліваюць у спец. альплагерах ці школах. Узыходжанні робяць, як правіла, у складзе групы, з інструктарам або гідам-правадніком (на пач. этапе) ці самастойна. У горных раёнах дзейнічае спец. горнавыратавальная служба. Нац. федэрацыі і альпінісцкія саюзы розных краін аб’яднаны (з 1932) у Міжнар. саюз альпінісцкіх асацыяцый (УІАА). Праводзяцца альпініяды.
На Беларусі альпінізм развіваецца з 1950-х г. Дзейнічае (з 1955) федэрацыя альпінізму і скалалажання. З 1973 праводзіцца першынство краіны па альпінізму. Бел. альпіністы — удзельнікі і прызёры чэмпіянатаў СССР і СНД па альпінізму. Імі зроблены ўзыходжанні на вышэйшыя (больш за 8000 м) вяршыні свету ў Гімалаях: Э.Ліпень (Джамалунгма, 1990, 1993, Шыша-Пангма, 1992, разам з І.Велянковай), В.Кульбачэнка (Канчэнджанга, 1994). Восенню 1994 адбылася першая бел. экспедыцыя (з удзелам рас. і балг. альпіністаў) у Гімалаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІЦАЗНА́ЎСТВА,
гістарычная дысцыпліна, якая распрацоўвае тэорыю, гісторыю і методыку вывучэння гіст. крыніц (пісьмовых, рэчавых, этнагр., моўных, фалькл. кінафотадакументаў і фонадакументаў). Аб’ект К. — сукупнасць гіст. крыніц, прадмет — вывучэнне гэтых крыніц, іх формы, зместу, магчымых метадаў атрымання з іх гіст. інфармацыі і ўдасканаленне гэтых метадаў. Гісторыя К. разглядае пытанні тэорыі, методыкі і практыкі вывучэння і выкладання К. ў развіцці і на сучасным этапе. Тэорыя К. распрацоўвае пытанні прыроды крыніцы і іх уласцівасцей, адмежаванне ад сумежных дысцыплін (гіст. навукі, музеязнаўства, архівазнаўства, бібліяграфіі гістарычнай, інфарматыкі, археаграфіі), выкарыстанне, сістэматызацыю і класіфікацыю крыніц. У задачы тэорыі К. ўваходзіць даследаванне крыніц у эўрыстычным (тыпалогія крыніц, арыентаванне ў іх пошуку) і методыка-аналітычным (распрацоўка метадаў крытыкі крыніц) кірунках. Класіфікацыя крыніц распрацоўваецца для выяўлення аб’ектыўных уласцівасцей іх вял. груп паводле паходжання ў рамках гіст. перыядаў. Паводле відаў, метадаў і форм адлюстравання рэчаіснасці вылучаюць 4 катэгорыі крыніц: рэчавыя, пісьмовыя, фанічныя і выяўленчыя; апошнія ў сваю чаргу падзяляюцца на выяўл.-графічныя, выяўл.-мастацкія, выяўл.-натуральныя. Тэорыя К. распрацоўвае і метады эўрыстыкі (выяўлення) крыніц, для чаго выкарыстоўваюцца картатэкі і каталогі б-к, бібліягр. паказальнікі, энцыклапедычныя, біяграфічныя, тлумачальныя, тэрміналагічныя і інш. слоўнікі, навук.даведачны апарат архіваў і музеяў з мэтай выяўлення і адбору неабходных даследчыку крыніц. У задачы методыкі К. ўваходзіць крытыка крыніц, якая ўключае ў сябе ўстанаўленне іх сапраўднасці або падробкі, магчымых мэт іх фальсіфікацыі, прачытанне і разуменне зместу крыніц, выяўленне розных рэдакцый і напластаванняў у крыніцы, рэканструкцыю тэкстаў, што не захаваліся. Наступныя этапы крытыкі крыніц — вытлумачэнне, г.зн. устанаўленне сэнсу, укладзенага ў тэкст крыніцы аўтарам, высвятленне прамога тэксту, алегорый, іншасказанняў, замоўчванняў і іх прычын, вывучэнне канкрэтных гіст. абставін стварэння крыніцы, часу і месца яе ўзнікнення, устанаўлення імя аўтара (гл.Атрыбуцыя). Для высвятлення навук. каштоўнасці інфармацыі, прыведзенай у крыніцах, вывучаецца ўплыў умоў, пры якіх узнікла інфармацыя, яе паўната, верагоднасць і дакладнасць, уплыў групавых (этн., дзярж., паліт., саслоўных, рэліг. і інш.) поглядаў на аўтара, на інфармацыю, змешчаную ў крыніцы. Наступны этап у методыцы К. — сінтэз інфармацыі з комплексу крыніц, што вывучае даследчык, пасля чаго ён можа пачынаць рэканструкцыю гіст. падзей. К. шырока выкарыстоўвае метады спец.гіст. навук, якія вывучаюць, або асобныя групы крыніц (палеаграфія, дыпламатыка, сфрагістыка, геральдыка, генеалогія, нумізматыка і інш.), ці асобыя бакі крыніц (храналогія, метралогія, гіст.геаграфія, антрапаніміка, тапаніміка і інш.). У сучасную структуру К. не ўваходзяць традыц. пералічэнне і апісанне асобных груп крыніц, бо гэта не ў стане раскрыць іх сутнаснае значэнне. Значэнне крыніцазнаўчага падыходу і метаду вывучэння пастаянна павялічваецца, а К. ўзаемадзейнічае з усё больш новымі галінамі гуманіт. і прыродазнаўчанавук. ведаў.
Літ.:
Пушкарев Л.Н. Классификация русских письменных источников по отечественной истории. М., 1975;
Медушевская О.М. Современное зарубежное источниковедение. М., 1983;
Яе ж. Источниковедение: теория, история и метод. М., 1996;
Пронштейн А.П., Данилевский И.Н. Вопросы теории и методики исторического исследования. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛІЯРА́ЦЫЯ (ад лац. melioratio паляпшэнне),
комплекс тэхн. і арганізацыйна-гасп. мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне зямельных, раслінных, водных і кліматычных рэсурсаў.
Гал. мэта М. — павышэнне ўрадлівасці глеб, фарміраванне высокапрадукцыйных аграбіяцэнозаў, стварэнне спрыяльных умоў для існавання карыснай флоры і фауны, уключэнне ў гасп. абарот вял. плошчаў непрыдатных зямель. Найб. пашырана с.-г.М., якая прадстаўлена гідратэхн., хім., агралесамеліярац., супрацьэразійнымі і культуртэхн. відамі. Гідратэхнічная М. (М. зямель з неспрыяльным водным рэжымам) — асушэнне або арашэнне глеб, тэрыторый. У залежнасці ад канкрэтных глебава-кліматычных умоў ствараюцца асушальныя, асушальна-ўвільгатняльныя, асушальна-арашальныя меліярац. сістэмы. Хімічная М. праводзіцца на с.-г. угоддзях з неспрыяльнымі аграхім. ўласцівасцямі глебы, яна ўключае вапнаванне глебы, унясенне мінер. угнаенняў і інш.хім. рэчываў. Агралесамеліярацыя выкарыстоўваецца для павышэння прадукцыйнасці лясоў. Супрацьэразійная М. накіравана на папярэджанне размыву і змыву глебы паверхневымі водамі, выдзімання яе ветрам, на ўмацаванне яроў і інш.Тэхнічная М. выкарыстоўваецца пры буд. работах для замацавання грунтоў. Большасць М. праводзіцца адначасова з культуртэхн. работамі, накіраванымі на паляпшэнне стану зямель. Пры выкананні меліярац. работ выкарыстоўваюцца меліярацыйныя машыны.
М. — адно з самых вял. антрапагенных уздзеянняў на прыродныя комплексы. Яна прыводзіць да пераўтварэння глеб, гідраграфіі, клімату, расліннасці, што выклікае глыбокія змены ў прыродным асяроддзі. Узніклі таксама новыя навукі, якія вывучаюць гэтыя з’явы: меліярацыйная гідрагеалогія, меліярацыйная геаграфія, меліярац. гідралогія, меліярац. глебазнаўства і інш. Выявіліся адмоўныя вынікі ўздзеяння М. на прыроду: перасушка глеб, выпрацоўка торфу, памяншэнне разнастайнасці жывёл і раслін, паніжэнне ўзроўню грунтавых вод (адпаведна і ў калодзежах), павялічваецца колькасць замаразкаў, сухавеяў і інш.
Тэр. Беларусі адносіцца да зоны лішкавага ўвільгатнення: 2,5 млн.га (больш за 12% тэрыторыі) займаюць балоты, з іх больш за 80% нізінныя. Гэта патрабуе гідратэхн. М., накіраванай на паляпшэнне водна-паветр. рэжыму тарфяна-балотных і пераўвільготненых мінер. глеб. Першыя асушальныя работы пачаліся ў 1856, калі на тэр. Горы-Горацкага земляробчага ін-та быў закладзены ганчарны дрэнаж. У 1873—98 М. на Палессі працавала Заходняя экспедыцыя па асушэнні балот. У 1920—30-я г. праведзены работы па асушэнні Мар’інскіх балот у Любанскім р-не Мінскай вобл. Да 1941 асушана 240 тыс.га пераўвільготненых зямель, з іх 170 тыс.га асвоена. Тэмпы М. рэзка павялічыліся ў 1960-я г., асабліва на Беларускім Палессі. З 1970-х Г. павысілася доля закрытага дрэнажу, сістэм з двухбаковым рэгуляваннем воднага рэжыму (22,1%, 1996), арашэння. Асн. віды меліярац. работ суправаджаюцца меліярацыяй клімату.
На Беларусі асушана каля 4 млн.га, з іх каля 3 млн.гас.-г. угоддзяў: 40% ворыва, 28 сенажацяў, 27 пашы, 5% інш. (1999). Патрабуецца ўдасканаленне тэхн. стану меліярац. сістэм на пл. 892,5 тыс.га (30,6%) усіх асушаных с.-г. угоддзяў. Для захавання эталонных прыродных комплексаў ствараюцца запаведнікі, заказнікі і інш. ахоўныя тэрыторыі, дзе правядзенне М. абмяжоўваецца або забараняецца. Для памяншэння негатыўных экалагічных вынікаў у меліярац. праектах уведзены раздзел «Ахова прыроды», ажыццяўляецца экалагічная экспертыза праектаў. Для больш эфектыўнага вырашэння праблем меліярац. навукі створаны н.-д. ўстановы, галаўная — меліярацыі і лугаводства Беларускі НДІ.
В.С.Аношка.
Да арт.Меліярацыя. Шлюз-рэгулятар на меліярацыйным канале.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎНАР-ЗАПО́ЛЬСКІ (Мітрафан Віктаравіч) (14.6.1867, г. Рэчыца Гомельскай вобл. — 30.9.1934),
бел. гісторык, эканаміст, этнограф, адзін з заснавальнікаў бел.нац. гістарыяграфіі. Скончыў Кіеўскі ун-т (1894). З 1899 прыват-дацэнт Маскоўскага, з 1902 праф., заг. кафедры Кіеўскага ун-таў. У 1907—17 дырэктар Кіеўскага камерцыйнага ін-та. З 1920 у Харкаве, Баку, з 1925 праф.БДУ, правадз.чл. Інбелкульта, старшыня яго гіст.-археагр. камісіі. З 1926 праф. Ціміразеўскай с.-г. акадэміі, правадз.чл. Ін-та гісторыі АНСССР. У 1929 у сувязі з упамінаннем імя Д.-З. ў справе «Платонава—Тарле», ідэалагічным наступам на «нацдэмаўшчыну» ў Беларусі, арыштам вядучых бел. вучоных ён не пазбег праследаванняў. Было заблакіравана выбранне Д.-З. акадэмікам АНСССР, асуджаны як ідэйна-заганны рукапіс яго кнігі «Гісторыя Беларусі», паскораны выхад на пенсію.
Першыя нарысы, прысвечаныя звычаёваму праву, зямельным адносінам, абрадам, вераванням, гіст. мінуламу Беларусі, пачаў публікаваць у канцы 1880-х г. У даследаванні «Беларускае мінулае» (1888) упершыню стварыў асн. ядро канцэпцыі гіст. развіцця бел. народа, паставіў праблему неабходнасці нац. адраджэння Беларусі. У 1891 выдаў манаграфію «Нарыс гісторыі Крывіцкіх і Дрыгавіцкіх земляў да канца XII стагоддзя», у 1899 — працу «В.М.Цяпінскі, перакладчык Евангелля на беларускую гаворку». Даследаваў сац.-эканам. адносіны ў ВКЛ 14—16 ст., дзярж. асновы літ.-бел. гаспадарства, гісторыю сялянства на Беларусі і ў Расіі (працы «Дзяржаўная гаспадарка Вялікага княства Літоўскага пры Ягелонах», 1901, «Нарысы па арганізацыі заходнярускага сялянства ў XVI ст.», 1905, «Старонка з гісторыі прыгоннага права ў XVIII—XIX стст.», 1906, «На зары сялянскай свабоды», 1911). Выдаў Баркулабаўскі летапіс, «Акты Літоўска-Рускай дзяржавы (XIV—XVI ст.)» (т. 2, вып. 1), «Дакументы Маскоўскага архіва Міністэрства юстыцыі» (т. 1). Вывучаў грамадскую думку Расіі, дзекабрысцкі рух (працы «З гісторыі грамадскіх плыняў Расіі», 1905, «Палітычныя ідэалы М.М.Спяранскага», «Таемнае таварыства дзекабрыстаў», абедзве 1906, «Ідэалы дзекабрыстаў», 1907). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 удзельнічаў у адбудове бел. дзяржаўнасці на дэмакр. асновах. У 1919 на бел. і асн.еўрап. мовах выдадзены нарыс Д.-З. «Асновы дзяржаўнасці Беларусі», у якім ён на падставе аналізу гіст., эканам. і этнагр. фактараў абгрунтаваў права бел. народа на суверэннасць. Апублікаваў манаграфію «Народная гаспадарка Беларусі, 1861—1914 гг.» (1926), раздзел «Беларуская ССР і Заходняя вобласць РСФСР» у кн. «Эканамічная геаграфіяСССР» (1926), завяршыў абагульненую працу «Гісторыя Беларусі» (1926, выд. 1994), у якой разгледзеў шляхі, пройдзеныя бел. народам ад эпохі першабытнага ладу да пач. 1920-х г. У Рэчыцы Д.-З. пастаўлены помнік (1997).
Тв.:
Белорусская свадьба и свадебные песни. Киев, 1888;
Спорные вопросы в истории Литовско-Русского сейма. СПб., 1901;
Исследования и статьи. Т. 1. Киев, 1909;
История русского народного хозяйства. Т. 1. Киев, 1911;
Обзор новейшей русской истории. Т. 1—2. Киев, 1912—18.
Літ.:
Даўгяла З.І. Літаратурныя працы доктара рускай гісторыі М.В.Доўнар-Запольскага ў храналагічным парадку за 45 год (1883—1928) // Зап.аддз.гуманіт. навук БАН. Мн., 1929. Кн. 8. Працы класа гісторыі, т. 3;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛА ЗА МЯЖО́Й.
Станаўленне бел. школьніцтва за мяжой звязана з арганізацыяй нац.-культ. жыцця і прысутнасцю свядомай нац. інтэлігенцыі. Першыя масавыя перасяленні беларусаў (канец 19 — пач. 20 ст.) не былі адзначаны дзейнасцю бел. школ. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі ў Латвіі пры Мін-ве асветы дзейнічаў Бел. аддзел для кіраўніцтва навуч. ўстановамі, арганізацыяй і падтрымкай бел. школ займаліся т-ва«Беларуская хатка», Беларускіх вучыцялёў таварыства, працавалі бел. гімназіі ў Дзвінску, Люцыне, Рызе (прыватная), больш за 60 бел. школ у Дзвінскім, Люцынскім пав. і Рызе. У Літве справы школьніцтва вялі Мін-вабел. спраў, Беларускі прафесіянальны вучыцельскі саюз і т-ва «Беларуская хатка» ў Вільні, Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне і інш.
Дзейнасцю бел. школ Вільні і Віленскага краю кіравала Беларуская школьная рада (да пач. 1921 было закладзена каля 200 бел.пач. школ), на аснове якой у крас. 1921 створана Таварыства беларускай школы. Працавалі Віленская беларуская гімназія, дзесяткі школ. У 1921—39 у Зах. Беларусі ў выніку палітыкі паланізацыі бел. школ амаль не засталося. З 500 школ, што існавалі тут напярэдадні польск. акупацыі, да 1936 засталося 16, у 1939 не стала ніводнай. Былі закрыты бел. гімназіі ў Клецку, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах, а Віленская рэарганізавана ў Бел. філіял польск. гімназіі.
У 2-ю сусв. вайну па розных прычынах у Германіі і Аўстрыі апынулася каля 500 тыс. беларусаў (гл.Дыяспара беларуская, Эміграцыя). У 1945—50 пры Беларускіх лагерах для перамешчаных асоб працавалі дзіцячыя сады, пач. школы, гімназіі, курсы па ліквідацыі непісьменнасці. Дашкольным выхаваннем былі ахоплены дзеці ад 3 да 6 гадоў, у Зах. Германіі сады існавалі ў лагерах Ватэнштэт (1945—48), Вайдэн, Міхельсдорф, Шляйсгайм (1946), Мітэнвальд, Майнлёз, Фогенштраўс, Віндзішбергердорф, Остэргофен (1947), Гібельштат (1948), Бакнанг і Розенгайм (1949). У праграму заняткаў уваходзілі экскурсіі, гульні, спевы, дэкламаванне вершаў, чытанне і пераказ апавяданняў. Пач. школы для дзяцей 7—11 гадоў ствараліся ва ўсіх лагерах, дзе былі значныя бел. асяродкі. Першыя адкрыліся восенню 1945 у лагерах Гослар, Ватэнштэт, Рэгенсбург, працавалі яны і ў лагерах Мітэнвальд (1947—49), Віндзішбергердорф (1947—49), Міхельсдорф (1946—49), Остэргофен (1946—49), Гановер (1946—50), Бакнанг (1949—50). Выкладаліся бел. і ням. мовы, арыфметыка, геаграфія, гісторыя, прыродазнаўства, закон Божы, шмат увагі надавалася эстэт. і фіз. развіццю. Працавалі Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, гімназіі імя М.Багдановіча (Ватэнштэт, 1945—50), імя У.Ігнатоўскага (Майнлёз, 1947—49), у Остэргофене (1947—49). У Аўстрыі на ваен. ф-цы ў Швадорфе ў 1944 працавала школа для дзяцей. У Верхняй Аўстрыі былі 2 бел. школы — у Кірхсгайме і ў лагеры для перамешчаных асоб ДП 701-А Рыд. У сувязі з дазволам перамешчаным асобам выбіраць месца сталага пражывання, у пач. 1950-х г. у асн. завяршыўся выезд беларусаў у інш. краіны свету. На новых месцах пасялення пры бел. грамадска-культ. цэнтрах і дамах ствараліся суботнія і нядзельныя школы. Найб. былі ў ЗША (гарады Саўт-Рывер, 1952; Нью-Брансуік, 1954; Нью-Йорк, 1954; Кліўленд, 1956; Чыкага, 1957; Нью-Джэрсі, 1954; Дэтройт, 1958), Канадзе (Таронта, 1957, 1961), Вялікабрытаніі (Лондан, 1957; Манчэстэр, 1958; Брадфард, 1963). Школы для бел. дзяцей дзейнічалі ў Вялікабрытаніі пры англіканскай царкве (1962) і Хрысц. аб’яднанні бел. работнікаў; у 1961—75 у Лондане працавала сярэдняя школа-інтэрнат імя Кірылы Тураўскага пры Бел. каталіцкай місіі. У Аўстраліі ў г. Мельбурн пры дапамозе Бел.цэнтр.к-та нядзельная школа была адчынена ў 1957, некат. час працавалі школы ў гарадах Сідней, Адэлаіда, Перт. Для падтрымкі школ пры грамадскіх арг-цыях існавалі школьныя фонды, у т. л.Бел. школьны фонд у ЗША (1956), фонд бел. падручнікаў у Канадзе (1973). Навучальную літ-ру для бел. дапаўняльных школ (чытанкі, лісткі з песнямі, нотамі, граматычныя практыкаванні і інш. школьныя канспекты) выдавалі ў Нью-Йорку Бел. выдавецкі фонд, выдавецкая суполка імя Ф.Скарыны, бел. парафіі св. Кірылы Тураўскага, св. Ефрасінні Полацкай (Саўт-Рывер), Жыровіцкай Божай Маці (Нью-Брансуік) і інш. З 1970-х г. беларуская школа за мяжой перажывае цяжкасці, зменшылася іх колькасць, новае пакаленне беларусаў у асн. стала англамоўнае. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, працэсы адраджэння выклікалі цікавасць беларусаў да нац. традыцый, культуры, і дзейнасць школы зноў актывізавалася. Працуюць (1996): бел. ліцэі ў Гайнаўцы і імя Б.Тарашкевіча ў Бельску-Падляскім, Вілеская беларуская гімназія, бел. класы ў г. Рыга, Даўгаўпілс (Латвія), Вісагінас (Літва), нядзельныя школы для дарослых і дзяцей у Маскве, Рызе, Ташкенце, Новасібірску, Таліне, Кішынёве і інш.; у дзесятках школ Беласточчыны (Польшча) выкладаюць бел. мову як прадмет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
сярэдневяковая культура, якая склалася ў Арабскім халіфаце ў 7—10 ст. у працэсе культ. ўзаемадзеяння арабаў і заваяваных імі народаў. У навук. л-ры гэты тэрмін ужываецца і для абазначэння культуры ўласна араб. народаў і ў дачыненні да сярэдневяковай арабамоўнай культуры іншых народаў, што ўваходзілі ў Халіфат.
Фарміраванне ўласна арабскай культуры адносіцца да перыяду ўзнікнення ісламу (7 ст.) і стварэння Халіфата, які ў выніку арабскіх заваяванняў ператварыўся ў велізарную дзяржаву. Заснаваная арабамі дзярж.-паліт. супольнасць, дапоўненая рэліг., а ў большасці раёнаў і моўнай супольнасцю, стварыла ўмовы для ўзнікнення агульных формаў культ. жыцця. У 8—9 ст. на араб. мову перакладзена шмат навук. і літ. помнікаў старажытнасці (сірыйскіх, сярэднеперс., індыйскіх), якія ў перакладах і апрацоўках увайшлі ў араб. пісьменства і спрыялі пераймальнай сувязі з культурай эліністычнага свету, а праз яе — з ант. і стараж.-ўсх. цывілізацыямі. Гал. цэнтрамі фарміравання арабскай культуры ў канцы 7 — сярэдзіне 8 ст. адначасова з Дамаскам, сталіцай Амеядаў, былі Мекка і Медына ў Аравіі, Куфа і Басра ў Іраку. Адсюль арабская культура распаўсюдзілася і далей развіта ў правінцыях Амеядскага халіфата, на велізарнай тэр. ад Пірэнеяў да р.Інд. З утварэннем Абасідаў халіфата (750) цэнтр арабскай культуры з Сірыі перамясціўся ў Ірак, у заснаваны ў 762 г. Багдад. У 9—10 ст. арабская культура дасягнула найвышэйшага росквіту. Яе здабыткі ўзбагацілі сусв. культуру; найб. значнымі яны былі ў філасофіі, медыцыне, матэматыцы, астраноміі, геаграфіі, філалогіі, гісторыі, хіміі, мінералогіі, у сферы матэрыяльнай культуры і мастацтва (архітэктура, маст. рамёствы). Распад халіфата Абасідаў і ўтварэнне на яго тэр.самаст. дзяржаў прывялі да змяншэння ролі арабскай культуры ў свеце. Але ў мусульм. Іспаніі, якая аддзялілася ад Халіфата яшчэ ў 8 ст., пачала развівацца самастойная, т.зв. араба-ісп. культура. Ва ўсх. правінцыях Халіфата з канца 9 ст. фарміруецца асяроддзе іранскага культ. і нац., адраджэння. Перс. мова выцясняе арабскую, якая застаецца ў асн. мовай Карана, тэалогіі, філасофіі, некаторых прыродазнаўчых навук. Цэнтры арабскай культуры перамясціліся ў Егіпет, Іспанію. Да канца 10 ст. Багдад саступіў першынство Каіру. У Паўн. Афрыцы пры Фатымідах (10—2 ст.) і Айюбідах (12—13 ст.) працягвалася развіццё лепшых традыцый арабскай культуры. Значэнне арабскай культуры 8—10 ст. у гісторыі сусв. культуры абумоўлена адкрыццём яе стваральнікамі новых сродкаў навук., рэліг.-філас. і маст. пазнання свету і чалавека. Хоць навук. і эстэт. традыцыі арабскай культуры не перарываліся, у творчасці яе дзеячаў з 2-й пал. 13 ст. запанаваў эпігонскі кірунак, назіраецца яе адставанне ад тэмпаў культ. прагрэсу ў інш. краінах мусульм. Усходу і Еўропы. Бліскучы росквіт перажыла араба-ісп. цывілізацыя ў 10—15 ст. У яе цэнтрах (Кордава, Андалусія, Севілья, Малага, Гранада) найб. поспехі дасягнуты ў астраноміі, матэматыцы, хіміі, медыцыне, філасофіі. Літ. творы гэтага перыяду — лепшыя помнікі арабскай культуры. Сусв. вядомасць набылі ісп.-маўрытанскае дойлідства і прыкладное мастацтва (гл.Маўрытанскі стыль). У 16 ст., калі араб. краіны ператварыліся ў правінцыі Асманскай імперыі, арабская культура прыйшлі ў заняпад.
Дакладныя і прыродазнаўчыя навукі. Матэматычныя і астр. веды арабаў фарміраваліся пад уплывам стараж.-грэч. навукі і ў сувязі з развіццём яе ў народаў Сярэдняй Азіі, Закаўказзя, Індыі, Персіі і Егіпта. Навук. працы Эўкліда, Архімеда, Пталамея сталі вядомыя ў Зах. Еўропе дзякуючы арабскім перакладам. Уяўленне аб шарападобнасці Зямлі дало магчымасць арабскім вучоным правесці вымярэнні дугі зямнога мерыдыяна (827). Яны ўнеслі папраўкі і дапаўненні ў астр. табліцы, далі назвы многім зоркам (напр., Альдэбаран, Міцар, Працыён і інш.). Выкарыстоўваючы індыйскія лічбы (дзесяць матэм. знакаў), арабскія вучоныя пачалі праводзіць вылічэнні з вял. лікамі. У 10 ст. гэтыя лічбы сталі вядомыя ў Еўропе і атрымалі назву арабскіх. Арабскія матэматыкі ўвялі паняцце «алгебра» (М.Харэзмі), трыганаметрычныя функцыі, устанавілі залежнасці паміж імі, зрабілі шэраг адкрыццяў у геаметрыі і астраноміі. У Багдадзе, Самаркандзе і Дамаску існавалі астр. абсерваторыі. Значны ўклад арабаў і ў развіццё медыцыны. Ібн аль-Байтар апісаў больш за 2600 лекавых прэпаратаў, лекавых і інш. раслін. «Канон медыцыны» Ібн Сіны (Авіцэна) стаў настольнай кнігай зах.-еўрапейскіх медыкаў. Шэраг адкрыццяў у фармакалагічнай хіміі зрабіў алхімік Джабір Ібн Хайян (8 ст.).
Геаграфія. Араб.геагр.л-ра не мела сабе роўных па змястоўнасці і разнастайнасці жанраў. У ёй захавалася апісанне ўсяго мусульм. Усходу, краін Еўропы, Паўн. і Цэнтр. Афрыкі, узбярэжжа Усх. Афрыкі і Азіі (да Карэйскага п-ва), Малайскага архіпелага. Працы араб. географаў і падарожнікаў — найважнейшыя, часам унікальныя сведчанні аб народах сярэдніх вякоў. Геаграфічны светапогляд даісламскіх арабаў адлюстраваны ў стараж. паэзіі і Каране. Арабская навук.геаграфія ўзнікла на мяжы 8—9 ст., калі з’явіліся пераклады і апрацоўкі астранома-геагр. прац ант. аўтараў, асабліва Пталамея. Вучоныя (Батані, Харэзмі і асабліва Біруні) выкарыстоўвалі разліковыя правілы і табліцы сферычнай астраноміі. Іх карты паўтаралі карты Пталамея або нагадвалі стараж.-іранскія. У 9 ст. імі створана апісальная геаграфія (Ібн Хардадбех, Кудама ібн Джафара, аль-Якубі), якая развівалася і ў 10—14 ст. (запіскі Ібн Фадлана і Абу Дулафа, дыярыушы Абу Хаміда аль-Гарнаці, Ібн Джубайра і Ібн Батуты, апісанні падарожжа ў Расію Макарыя Антыяхійскага і інш.). Росквіт араб.геагр. л-ры прыпадае на 10 ст., калі ў працах вучоных класічнай школы (аль-Істахры, Ібн Хаукаля, аль-Мукадасі), прысвечаных апісанню гандл. шляхоў і мусульм. свету, змяшчаўся багаты геагр. і гіст.-культ. матэрыял. У 11—14 ст. узніклі жанры геагр. слоўнікаў (аль-Казвіні, Якута, аль-Бакры) і касмаграфіі (працы аль-Казвіні, аль-Дзімашкі, Абу-ль-Фіды). У Еўропе найб. вядомыя былі працы аль-Ідрысы (1100—65 ці 61), творы якога з 70 картамі (пазначана і р. Прыпяць) — лепшы геагр. трактат сярэднявечча. У далейшым развіццё геаграфіі ішло па шляху стварэння шматлікіх кампіляцый (творы аль-Макрызі). Геаграфічныя раздзелы ў творах ан-Нувайры, аль-Умары, аль-Калькашандзі, Ібн Маджыда (лоцман Васка-да-Гамы, 15 ст.) і аль-Мехры (16 ст.) абагульнілі тэорыю і практыку мараплавання.
Філасофія. Працяглы час араб. філасофія была звязана з тлумачэннем ісламу. На рубяжы 7—8 ст. у яе асяроддзі вяліся дыскусіі пра сутнасць і атрыбуты Бога, абсалютную прадвызначанасць свету, свабоду чалавека ў ім, паходжанне Карана і інш., што прывяло да ўзнікнення мусульм. рацыяналіст. тэалогіі — калама. У яе межах вылучылася школа мутазілітаў (засн. Васіль Ібн Ата, тэарэтыкі аль-Алаф, ан-Назан, аль-Джахіз), прадстаўнікі якой арыентаваліся на традыцыі Арыстоцеля і неаплатонікаў, сцвярджалі прыярытэт веры над розумам, спрадвечнасць Карана, праводзілі ідэі монатэізму. Рэакцыяй на мутазілізм стала ханбаліцкая школа (засн. Ахмад Ібн Ханбала) прыхільнікаў суніцкага традыцыяналізму, якія заклікалі арыентавацца на лад жыцця прарока Мухамеда і яго «праведных продкаў», выступалі супраць новаўвядзенняў у веравучэнні і праве. На пач. 10 ст. прадстаўнікі новага кірунку каламу — ашарызму (засн. Абу-Хасан, аль-Ашары) зрабілі спробу кампрамісу з вучэннем традыцыяналістаў-дагматыкаў. Жаданне навукова абгрунтаваць ісламскую тэалогію абумовіла зацікаўленасць да ант.філас. спадчыны. Асновай араб. філасофіі стаў «неаплатанізаваны» арыстоцелізм — усх. перыпатэтызм (гл.Перыпатэтычная школа). Ідэі ўсх. перыпатэтызму развіты ў творах Фарабі і Ібн Сіны. Тайнае рэліг.-філас.т-ва «Братоў чысціні і шчырасці» (2-я пал. 10 ст.) імкнулася спалучыць іслам з эліністычнай філасофіяй. Другой формай апазіцыі артадоксам і прыхільнікам рацыяналізму стаў містыка-аскетычны кірунак у ісламе — суфізм. Злучыць ісламскі традыцыяналізм з суфійскімі ідэаламі імкнуліся абу-Хамід аль-Газалі (1058—1111) і Ібн аль-Арабі (1163—1240). У гэты ж перыяд распрацоўвалася і рэліг.-філас. сістэма шыізму. У 12 ст. цэнтр араб. філасофіі перамясціўся ў мусульм. Іспанію і Паўн. Афрыку. Заснавальнік зах.-араб. філасофіі — сарагоскі філосаф Ібн Бадж (каля 1070—1138). Яго рацыяналістычную лінію прадаўжаў Ібн Туфайль (1110—85). Вяршыні зах.-араб. філасофія дасягнула ў вучэнні Ібн Рушда, які лічыў, што бессмяротны толькі агульны чалавечы розум у яго гіст. развіцці. Заснавальнікам філасофіі гісторыі і арыгінальнай сацыялагічнай тэорыі быў Ібн Хальдун. Араб. філасофія паўплывала на еўрап. філасофію і сусв. духоўную культуру.
Гістарычная навука. Арабская гістарыяграфія як самаст. дысцыпліна вылучылася на мяжы 8—9 ст. Першыя запісы гіст. зместу адносяцца да канца 7 ст. Матэрыялам для ранніх помнікаў гіст. л-ры на араб. мове служылі гіст.-генеалагічныя паданні араб. плямёнаў, напаўлегендарныя паведамленні пра даісламскія дзяржавы ў Паўд. Аравіі і пра арабскія княствы ў Сірыі і Іраку, а таксама рэліг.-гіст. паданні пра ўзнікненне і пашырэнне ісламу. Значную ролю адыгралі астр. веды (устанаўленне храналогіі сусв. гісторыі), іранскія гіст.-эпічныя і іудзейска-хрысц. паданні. Ідэю дыдактычнай каштоўнасці гісторыі, прынятую большасцю мусульм. гісторыкаў, найб. дакладна сфармуляваў Ібн Міскавайх. Спробу выкладаць гіст. падзеі ў іх прычыннай сувязі зрабіў Ібн Хальдун, распрацаваўшы арыгінальнае вучэнне пра агульныя законы развіцця грамадства. Найбуйнейшы прадстаўнік ранняга перыяду араб. гістарыяграфіі — Мухамед-аз-Зухры (п. у 741 ці 742). Першы вялікі гіст. твор на араб. мове (гісторыя стараж. прарокаў і жыццяпіс Мухамеда) стварыў Ібн Ісхак (каля 704—768 ці 767). Значныя працы пакінулі аль-Вакідзі (747—823), Ібн Сад (п. 845) і інш. Гісторыкі 8—9 ст. прысвячалі свае творы араб. заваёвам, грамадз. войнам у Халіфаце 7 — пач. 8 ст. Цэнтрам араб. гістарыяграфіі доўгі час быў Ірак. Найб. значныя працы па ўсеагульнай гісторыі пакінулі аль-Белазуры (каля 820 — каля 892), Абу Ханіфы ад-Дынаверы (п. каля 895), аль-Якубі ат-Табары (832 ці 839—923, аўтар шматтомнай «Гісторыі прарокаў і цароў»), аль-Масудзі (п. у 956 ці 957), Хамзы аль-Ісфахані (п. у 2-й пал. 10 ст.) і інш. Гісторыкі 9—10 ст. вылучаліся энцыклапедычнасцю ведаў (Якубі і Масудзі). З 2-й пал. 10 ст. ў гістарыяграфіі пераважалі дынастыйныя і мясц. хронікі. У гіст. энцыклапедыі йеменскага гісторыка аль-Хамдані (п. у 2-й пал. 10 ст.) сабраны звесткі па генеалогіі, гісторыі, археалогіі, геаграфіі і л-ры Паўд. Аравіі. У 12—13 ст. дынастыйная гісторыя найб. развіта ў Сірыі, дзе створана ўсеаг. гісторыя Абу-ль-Фіда (1273—1331). У 15—16 ст. вядучае месца занялі егіп. гісторыкі (працы па гісторыі мамлюкаў, гіст. энцыклапедыі і ўсеагульныя хронікі), асабліва плеяда гісторыкаў-палігістараў (аль-Макрыдзі, 1364—1442), якія пакінулі шматтомныя працы па паліт.сац.-эканам. і культ. гісторыі Егіпта. Значнае месца займала біягр.л-ра: біягр. слоўнікі Якута, Ібн Халікана, зборы біяграфій дзеячаў навукі і інш.Гіст. творы на араб. мове напісаны і ў інш. краінах мусульм. Усходу.
Літаратура. Вытокі араб. л-ры ў вуснай нар. паэзіі вандроўных араб. плямёнаў. У дакласавым грамадстве склаліся паэтычныя жанры: ганьбаванне ворага (хіджа), пахвальба (фахр), песня помсты (сар), жалобнае галашэнне ці элегія (рыса), элементы любоўнай і апісальнай лірыкі (насіб і васф). Росквіт даісламскай (бедуінскай) паэзіі — 5—7 ст. У запісах 8—10 ст. (анталогія «Кніга песень» Абу-ль-Фараджа аль-Ісфахані і інш.) дайшлі вершы каля 125 паэтаў, сярод якіх абаронцы інтарэсаў сваіх плямёнаў (Амр ібн Кульсум, аль-Харыс ібн Хіліза), выразнікі ідэалаў патрыярхальнай даўніны (Тарафа, Лабід ібн Рабія), песняры воінскай доблесці (Антара ібн Шадад) або ўцех (Імру-уль-Кайс — стваральнік класічнай касыды), богашукальнікі (Умейя ібн Абі-с-Сальт), прыдворныя панегірысты (Набіга, Зухайр, Аша). Першы помнік араб. пісьменства і прозы — Каран. Увядзенне ісламу прыпыніла развіццё паэзіі, але з канца 7 ст. яна адраджаецца ў Сірыі і Іраку. У арыстакратычным асяроддзі вял. гарадоў Халіфата ўзнікла любоўная лірыка (Амар ібн Абі Рабія). Сярод бедуінаў Аравіі вылучаліся песняры ідэальнай любові. Пазней складаюцца рамант. аповесці пра пары закаханых (Джаміл і Бусайна, Меджнун і Лейла і інш.). Пры Абасідах араб.л-ра зазнала моцны ўплыў культуры народаў Пярэдняй Азіі, асабліва персаў. Пачынальнік «новага стылю» — паэт Башар ібн Бурд, тэарэтык — Ібн аль-Мутаз. Вылучаюцца геданістычная і вальнадумная лірыка Абу Нуваса і аскетычныя вершы Абу-ль-Атахія. У 9 ст. ў творчасці іх пераемнікаў, багдадскіх паэтаў, на першы план выступіла паліт. сатыра; у 10 ст. — грамадз. і філас. лірыка панегірыста аль-Мутанабі і сірыйскага паэта аль-Маары. Касыдную традыцыю падтрымлівалі паэты 9 ст. Абу Тамам і аль-Бухтуры. У прозе 8—9 ст. вядучае месца займалі аль-Джахіз і Ібн Кутайба. Празаікі 10 ст. — ат-Таўхідзі і ат-Танухі, стваральнік жанру авантурнай навелы (макамы) — Бадзі аз-Заман аль-Хамадані. З 8 ст. развіваецца араб.л-ра Магрыба, якая дасягнула найвышэйшага росквіту ў 11—12 ст. у гарадах араба-мусульм. Іспаніі. У 11 ст. ў творчасці севільскіх паэтаў (Ібн Зайдун, аль-Мутамід ібн Абад, Ібн Хамдзіс і інш.) сцвердзіўся ідэал асвечанага рыцара; у андалузскай паэзіі пашырыліся новыя, страфічныя формы араб. верша — мувашах, заджал (Ібн Кузман). Пасля мангольскага нашэсця (13 ст.) цэнтр араб. л-ры перамяшчаецца ў Егіпет і Сірыю. У 13—15 ст. і пазней з’яўляюцца нар. творы ў жанры сіра — цыклы вусных апавяданняў на гераічныя і любоўныя тэмы, своеасаблівыя рыцарскія раманы. Кн. казак «Тысяча і адна ноч» канчаткова склалася ў Егіпце (14—15 ст.).
Мастацтва. Арабская архітэктура ўвабрала ў сябе традыцыі Рыма, Візантыі, сасанідскага Ірана. Араб. архітэктары стварылі новыя тыпы і комплексы будынкаў: мячэці з мінарэтамі, маўзалеі-«дзюрбэ», медрэсэ, караван-сараі, палацы правіцеляў і інш., пашырылі купальныя канструкцыі і арнаментыку. Сярод выдатных арх. помнікаў мячэці Амеядаў у Дамаску (гл.Амеядаў мячэць) і Кубат ас-Сахра ў Іерусаліме (687—691), палацавыя комплексы ў Мшаце, Кусейр-Амра (абодва 8 ст., Іарданія). У перыяд праўлення Абасідаў у Самары пабудавана мячэць Мутавакіля (9 ст.) з конусным спіральным мінарэтам аль-Мальвія. Сярод выдатных помнікаў араб. дойлідства ў Каіры мячэці Ібн Тулуна (876—879), аль-Азхар (969—972), ансамблі султанаў Калауна (1284—85) і Хасана (1356—63). Своеасаблівая, т.зв. маўрытанская, архітэктура склалася ў Іспаніі (Вял. мячэць у Кордаве, 8—9 ст.; палацавы комплекс Альгамбра ў Гранадзе, 13—14 ст.).
Выяўленчае мастацтва развівалася пераважна ў насценных размалёўках, арх. пластыцы, разьбе, мініяцюры (Егіпет 10—11 ст., багдадская школа мініяцюры 13—14 ст.). Дэкар.-прыкладное мастацтва вызначалася дэкаратыўнасцю. Складанымі арнаментальнымі кампазіцыямі ўпрыгожвалі кнігі («Макамем» аль-Харыры, 11 ст.). Арабы стварылі і распаўсюдзілі арабескі і эпіграфічны арнамент — каліграфічна выкананыя надпісы. Шырока вядомыя вырабы маст. рамёстваў: кераміка і шкло Сірыі, Ірака, Егіпта, дамаская зброя, маўрытанская кераміка, маст. бронза (ліццё і чаканка), разьба па дрэве і камені, дэкар. шаўковыя і парчовыя тканіны.
У музыцы развіваліся старадаўнія песенныя жанры хіда (караванныя песні), хіджа (сатыр. песня) і інш. Існавалі араб.прафес. спевакі-паэты (шаіры). Сярод традыц. інструментаў мізхар, кісара, барбат (тыпы лютні), джанк (арфа), касаба (тып флейты), кус (літаўра). З 7 ст. развівалася класічная араб. музыка (пераважна вакальная), муз. навука (трактаты аль-Кіндзі, аль-Фарабі, Ібн Сіны, Сафі ад-Дзіна, аль-Ісфахані).
Літ.:
История философии. Т. 1. М., 1957. С. 222—236;
История философии в кратком изложении: Пер. с чеш. М., 1991. С. 342—349;
Основы религиоведения. М., 1994. С. 222—232;
Веймарн Б., Каптерева Т., Подольский А. Искусство арабских народов. М., 1960;
Еолян И. Очерки арабской музыки. М., 1977.
С.Ф.Дубянецкі (філасофія).
Да арт.Арабская культура. Старажытныя вароты Багдада.Да арт.Арабская культура. Мінарэт аль-Мальвія мячэці Мутавакіля ў Самары (Ірак). 9 ст. (злева); мазаіка мячэці Кубат ас-Сахра ў Іерусаліме. 7 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУ́КА,
сістэма аб’ектыўных, абгрунтаваных ведаў аб рэчаіснасці; сфера чалавечай дзейнасці па выпрацоўцы і тэарэт. сістэматызацыі новых ведаў. У адрозненне ад стыхійна-эмпірычнага (звычайнага) пазнання Н. не абмяжоўваецца апісаннем аб’ектаў і з’яў, але арыентуецца на выяўленне прычынна-выніковых залежнасцей, ставіць за мэту спасціжэнне заканамернасцей развіцця. Навук. дысцыпліны, якія ў сваёй сукупнасці ўтвараюць сістэму Н. ў цэлым, умоўна падзяляюць на 3 вял. групы (падсістэмы) Н. — прыродазнаўчыя, грамадскія (гуманітарныя) і тэхнічныя. У залежнасці ад мэтавай накіраванасці, адносін да практыкі вылучаюць Н. фундаментальныя і прыкладныя. Н. выкарыстоўвае спец.навук. метады (тэарэт. і эмпірычныя), прылады, мову, у т. л. фармалізаваную, і інш. неад’емныя кампаненты навук. пошуку.
Вытокі Н. ўзыходзяць да стараж. грамадстваў (Стараж. Егіпет, Вавілонія, Індыя, Кітай), калі Н. не выходзіла за межы патрэб наяўнай практыкі. Змест ведаў на гэтай стадыі чэрпаўся з практыкі, а ў мысленні выступаў у форме абстрактных схем практычных дзеянняў. Адной з перадумоў Н. лічаць таксама міфалогію, у рамках якой упершыню на фантаст., антрапамарфічнай аснове спрабавалі пабудаваць цэласную сістэму ўяўленняў чалавека аб сусвеце. Сац., эканам. і культ. ўмовы для ўзнікнення ўласна Н. складваліся ў Стараж. Грэцыі каля 6 ст. да н.э., дзе ствараліся першыя тэарэт. сістэмы (Фалес, Геракліт і інш.), якія ў процівагу міфалогіі тлумачылі Сусвет, зыходзячы з прыродных з’яў (натурфіласофія). На гэтай стадыі веды складваліся ў форме абстракцый на аснове раней створаных ідэальных аб’ектаў. Гістарычна першай пераход да навук. пазнання ажыццявіла матэматыка (Эўклід), потым ад натурфіласофіі аддзяліліся механіка (Архімед), астраномія (Пталамей) і інш.Стараж.-грэч. вучоныя (Арыстоцель, Платон і інш.) далі першыя апісанні заканамернасцей прыроды, грамадства і мыслення, чым адыгралі значную ролю ў гісторыі Н. Важкі ўклад у развіццё Н. зрабілі вучоныя араб. Усходу і Сярэдняй Азіі (Ібн Сіна, Ібн Рушд, Біруні і інш.), хрысц. вучоныя багасловы, прадстаўнікі ранняй і «класічнай» схаластыкі. У эпоху Адраджэння Н. пачала ператварацца ў самаст. фактар духоўнага жыцця, вышэйшую культ. каштоўнасць, на якую стала арыентавацца большасць філас. школ і кірункаў, фундаментальныя даследаванні ў галіне эканомікі, права, маралі, рэлігіі, мастацтва, культуралогіі і інш. Фарміраванне тэхн. Н., павелічэнне іх ролі як непасрэднай прадукц. сілы асабліва праяўляецца ва ўмовах навукова-тэхнічнага прагрэсу і навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Адной з найважнейшых заканамернасцей развіцця Н. з’яўляецца тэндэнцыя паскоранага росту маштабаў навук. дзейнасці і аб’ёмаў інфармацыі, колькасці навук. устаноў і навукоўцаў, што непасрэдна звязана з інстытуцыялізацыяй Н. Першыя формы інстытуцыялізацыі Н. ўзніклі ў антычнасці (напр., у 387 да н.э.засн. платонаўская акадэмія ў Афінах). Як асобны сац.ін-т Н. пачынае афармляцца з 17 ст. У значнай ступені паўплывала на развіццё ведаў аб прыродзе Лонданскае каралеўскае т-ва, засн. ў 1660, на ўзор якога пачалі стварацца спец.навук. ўстановы (акадэміі і да т.п.) у інш. краінах, і выданне з 1665 першага навук. часопіса «Philosophical Transactions» («Філасофскія працы»). У 1800 у свеце выдавалася каля 100 навук. часопісаў, у 1965 — больш за 100 тыс., у канцы 20 ст. — больш за 1 млн. Лічаць, што кожныя 10 гадоў аб’ём навук. інфармацыі падвойваецца, а колькасць занятых у сферы Н. павялічваецца штогод на 7%. Развіццё Н. носіць кумулятыўны характар, характарызуецца пераемнасцю ў асэнсаванні новых ведаў, што папаўняюць агульнанавук. фонд. Паступовае назапашванне ведаў на аснове пераемнасці абумоўлівае неабарачальнасць у функцыянаванні Н. як сац. ін-та, стварае ўмовы для фарміравання ўнутр. логікі развіцця самой Н., якая разам з сац., эканам., тэхн.-вытв., культ. фактарамі вызначае далейшы навук.прагрэс. Адкрыццё новых з’яў, якія не паддаюцца вытлумачэнню на падставе назапашаных ведаў, абумоўлівае пошук шляхоў развіцця Н., найб. выразным увасабленнем якіх з’яўляюцца навук. рэвалюцыі (рэвалюцыя ў прыродазнаўстве на рубяжы 19—20 ст. і інш.). У выніку навук. рэвалюцый адбываюцца радыкальныя змены парадыгмаў навук. мыслення. Яны суправаджаюцца ломкай старой навук. карціны свету і ўсталяваннем новай.
На кожным з этапаў гіст. развіцця адбываецца ўскладненне арганізацыі Н., што абумовіла фарміраванне вучэння аб спосабах арганізацыі і пабудовы тэарэт. і практычнай дзейнасці — метадалогіі і спец. дысцыпліны аб функцыянаванні і развіцці Н. — навуказнаўства. Асваенне навук. пазнаннем новых з’яў і аб’ектаў рэчаіснасці вядзе да дыферэнцыяцыі Н., драблення яе на больш «вузкія», спецыялізаваныя навук. дысцыпліны. Патрэбнасць у сінтэзе ведаў, асабліва пры вырашэнні буйных комплексных праблем, вядзе да тэндэнцыі інтэграцыі Н. Павялічваецца роля міждысцыплінарных даследаванняў, што абумоўлівае фарміраванне новых дысцыплін на «стыкавых», памежных навук. кірунках (біяфізіка, біёніка, астрафізіка, геахімія, эканам.геаграфія і інш.). Характэрнай рысай інстытуцыялізацыі Н. ў 20 ст., у т. л. на Беларусі, з’яўляецца стварэнне навук.-вытв. аб’яднанняў, ін-таў і лабараторый з магутнай тэхн. базай, што садзейнічае паскарэнню развіцця Н., скарачэнню тэрмінаў укаранення навук. распрацовак у вытв-сць. У Беларусі 272 н.-д. арг-цыі, у т. л.Нац.АН Беларусі, 43,7 тыс.навук. работнікаў, сярод іх каля 730 д-роў і больш за 4,1 тыс.канд. навук (1999). У 103 навуч. установах і ВНУ вядзецца падрыхтоўка навук. кадраў: больш за 4400 аспірантаў, каля 140 дактарантаў (1999).
Літ.:
Поппер К. Логика и рост научного знания: Пер. с англ.М., 1983;
Лоўдзі Дж. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі: Пер. з англ.Мн., 1995;
Научные и вненаучные формы мышления. М., 1996;
Очерки истории науки и культуры Беларуси IX—XX в. Мн., 1996;
Бессонов Б.Н., Ващекин Н.П., Урсул А.Д. Методология науки и стратегия выживания цивилизации. М., 1999.
першая ў гісторыі Беларусі вышэйшая шматгаліновая н.-д. ўстанова. Існаваў у 1922—28, ператвораны ў Акадэмію навук Беларусі. Засн. 30.1.1922 у Мінску на базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР. У распрацоўцы першага статута ІБК ўдзельнічалі У.І.Пічэта, Я.Ф.Карскі, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), Я.Л.Дыла. Старшыні ІБК: С.М.Некрашэвіч (1922—24), У.М.Ігнатоўскі (1924—26, з 1927 прэзідэнт). Першыя супрацоўнікі: У.В.Чаржынскі (сакратар ІБК, гл.Дзяржынскі У., М.В.Азбукін, М.Я.Байкоў, Л.Більдзюкевіч, М.А.Грамыка, М.М.Гуткоўскі, К.М.Міцкевіч (Я.Колас), І.Д.Луцэвіч (Я.Купала), Ч.І.Родзевіч і інш. Напачатку меў 2 секцыі: гуманітарную (з слоўнікавай, тэрміналагічнай і літ.-даследчай камісіямі) і прыроды (з геолага-глебазнаўчай камісіяй). З-за недахопу матэрыяльных сродкаў вёў даследаванні выключна ў галіне гуманітарных навук: распрацоўка практычных праблем бел. мовазнаўства, вывучэнне бел. л-ры, мастацтва, гісторыі, этнаграфіі, фальклору. У 1923—24 створаны агранамічная, прыродазнаўчая і мед. секцыі. У канцы 1923 на правах пастаяннай камісіі створана Цэнтральнае бюро краязнаўства. У сак. 1924 арганізаваны секцыі этнаграфіі і геаграфіі, мастацтва, права, педагогікі, медыка-ветэрынарная, сац.-эканамічная. У ліп. 1924 ЦВК і СНКБССР зацвердзілі «Палажэнне аб Інстытуце беларускай культуры», паводле якога ІБК прызнаваўся вышэйшай дзярж.навук. установай Беларусі. У 1925 у склад ІБК увайшла камісія па вывучэнні прыродных прадукц. сіл Беларусі (створана ў 1923 Дзяржпланам БССР), арганізаваны яўр. і польскі аддзелы. У 1926 ІБК вылучаны са складу Наркамасветы БССР і ператвораны ў самаст.навук. ўстанову пры СНКБССР. На 1.7.1926 у ін-це працавала 77 правадз. членаў, 69 чл.-супрацоўнікаў і 60 чл.-карэспандэнтаў. У яго дзейнасці ўдзельнічалі каля 200 супрацоўнікаў ВНУ. У чэрв. 1927 зацверджаны новы статут ІБК. Структура ін-та была набліжана да акадэмічнай. Уключала 2 аддзелы: гуманітарных навук (кіраўнік Некрашэвіч), прыроды і гаспадаркі (кіраўнік А.А.Смоліч). Створана аспірантура. У ліст. 1927 СНКБССР зацвердзіў склад прэзідыума ІБК: Ігнатоўскі (прэзідэнт), М.І.Бялуга (віцэ-прэзідэнт), В.Ю.Ластоўскі (сакратар), Некрашэвіч, С.Л.Гельтман (заг. польск. сектара), В.М.Аршанскі (заг.яўр. сектара) і 14 правадз. членаў ІБК: Ігнатоўскі (кафедра гісторыі Беларусі), Ластоўскі (кафедра этнаграфіі), Пічэта (кафедра гісторыі права і гаспадаркі Беларусі), А.М.Ясінскі (кафедра ўсеагульнай гісторыі), С.Ю.Матулайціс (кафедра гісторыі Літвы), Некрашэвіч (кафедра жывой бел. мовы), Я.Ю.Лёсік (кафедра бел.навук. мовы), І.І.Замоцін (кафедра бел. л-ры), Я.Купала, Я.Колас, Ц.Гартны (Жылуновіч, кафедра маст. л-ры), М.Ф.Бліадуха (кафедра геалогіі), Смоліч (кафедра геаграфіі), Я.М.Афанасьеў (кафедра глебазнаўства). Працавалі кафедры: гісторыі бел. мовы (з камісіяй па складанні гіст. слоўніка бел. мовы), жывой бел. мовы (з камісіямі па складанні слоўніка жывой бел. мовы), дыялекталагічная (па вывучэнні бел. дыялектаў, у складзе кафедры Ін-тнавук. мовы), гісторыі бел. л-ры (з камісіяй па выданні твораў бел. пісьменнікаў), агульнай гісторыі, гісторыі Беларусі (з камісіямі па вывучэнні грамадскага руху на Беларусі, гісторыі гарадоў і краін Беларусі, гісторыі асветы на Беларусі), гісторыі бел. права (з археаграфічнай камісіяй), гісторыі нар. гаспадаркі Беларусі, археалогіі Беларусі, этнаграфіі Беларусі (з фальклорнай камісіяй), гісторыі Літвы, глебазнаўства, батанікі (з бат. камісіяй і Бат. садам каля Віцебска), заалогіі (з заал. музеем), геаграфіі (з камісіямі геаграфіі і картаграфіі, па складанні геагр. слоўніка Беларусі), хіміі (з Цэнтр.хім. лабараторыяй), антрапалогіі (з лабараторыяй вышэйшай нерв. дзейнасці і антрапалагічным кабінетам), біялогіі (з лабараторыяй эксперым. біялогіі), Ін-тбел. мастацтва (з камісіямі па вывучэнні гісторыі бел. мастацтва, бел. тэатра, бел. песні і музыкі, музеем бел. мастацтва), геал.ін-т (з секцыяй рэгіянальнай геалогіі). Дзейнічалі камісіі: бібліяграфічная, вайскова-тэрміналагічная, па вывучэнні Зах. Беларусі, па вывучэнні культуры латышоў, па вывучэнні прам-сці, па вывучэнні хатніх рамёстваў, па вывучэнні кааперацыі. У сістэму ІБК уваходзілі таксама навук.т-ва па вывучэнні Беларусі (пры Бел.с.-г. акадэміі), б-ка, друкарня.
Інстытут разгарнуў значную работу ў галіне геалогіі, глебазнаўства, геабатанікі, геаграфіі, геафізікі, хіміі, вывучэння прыродных рэсурсаў Беларусі. Прыродазнаўчая секцыя даследавала прыроду рэспублікі. Яе экспедыцыі адкрылі паклады фасфарытаў, керамічнай і вогнетрывалай гліны, бурага вугалю, кварцавага пяску, наблізіліся да адкрыцця нафты. У 1924 секцыя правяла 1-ю Усебел. глебазнаўчую канферэнцыю, на якой быў вызначаны план наступных даследаванняў глеб Беларусі. Даследаваліся геаграфія і генезіс глеб, іх урадлівасць. Да 1931 былі абследаваны глебы ўсёй рэспублікі і складзена яе зводная глебавая карта. Даследавалася флора і фауна. У 1923—28 ІБК арганізаваў шматлікія геабатанічныя экспедыцыі (удзельнічалі В.П.Аўрамчык, Н.А.Збітнеўскі, В.А.Міхайлоўская, В.С.Палянская і інш.). У выніку з’явіліся работы з апісаннем расліннасці па раёнах рэспублікі. Пад рэд. Н.П.Кузняцова была складзена геабатанічная карта, Палянская апублікавала спіс 150 найб. важных відаў раслін і карту іх распаўсюджання ў Беларусі. А.У.Фядзюшын (кіраваў секцыяй заалогіі) даследаваў фауну рэспублікі. Матэрыялы флоры, фауны і геалогіі Беларусі былі прадстаўлены ў музеі прыроды (меў заалагічны, батанічны і глебавы аддзелы). З 1927 кафедра геаграфіі вывучала эканам. раянаванне рэспублікі і рыхтавала поўнае геагр. апісанне Беларусі. Метэаралаг. бюро (у складзе прыродазнаўчай секцыі) мела сетку метэастанцый і вяло вывучэнне клімату Беларусі. У 1927 пад кіраўніцтвам А.І.Кайгародава была завершана работа над «Кліматычным атласам Беларусі», які падрыхтавала кафедра метэаралогіі Бел.с.-г. акадэміі. Мед. секцыя вывучала спецыфічныя хваробы Беларусі, санітарны стан вёскі і лекавыя крыніцы рэспублікі. С.-г. секцыя вывучала с.-г. гаспадарку і распрацоўвала шляхі яе рацыяналізацыі і ўдасканалення. Цэнтральнае бюро краязнаўства пры прэзідыуме ІБК кіравала шырока разгорнутай краязнаўчай работай. Да канца 1929 у Беларусі было 8 акруговых, 100 раённых, 96 мясцовых, 97 школьных і краязнаўчых таварыстваў ВНУ з 10,5 тыс. членаў. Краязнаўцы сабралі велізарны матэрыял, выдалі каля 20 папулярных прац. З 1925 выходзіў час.«Наш край», які адыграў важную ролю ў вывучэнні роднага краю.
ІБК правёў Першую Усебеларускую краязнаўчую канферэнцыю, Першы з’езд даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі, Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926). Падтрымліваў сувязі з АНСССР, АН УССР, замежнымі даследчымі навук. ўстановамі. 13.10.1928 пастановай ЦВК і СНКБССР рэарганізаваны ў АН Беларусі.
ІБК выдаў працы: «Беларуска-расійскі слоўнік» Байкова і Некрашэвіча (1925), «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925» (1926), «Сацыялістычны рух на Беларусі ў пракламацыях 1905 г.» (1927), «Беларуская этнаграфія ў доследах і матэрыялах» (кн. 1—5, 1926—28), «Працы і матэрыялы да гісторыі і археалогіі Беларусі» (кн. 1—3, 1926—27), «Беларускі архіў» (т. 1—2, 1927—28), «Матэрыялы да вывучэння флоры і фауны Беларусі» (т. 1—2, 1927—28), «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры» М.М.Піятуховіча (ч. 1, 1928), «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва» М.М.Шчакаціхіна (т. 1, 1928), «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» П.А.Бузука (ч. 1, вып. 1, 1928), «Дынаміка і геаграфічнае распаўсюджванне паляўнічай фауны БССР» А.У.Фядзюшына (1929), «Матэрыялы да геаграфіі і статыстыкі Беларусі» (т. 1—2, 1928—29), «Творы» М.Багдановіча (т. 1—2, 1927—28), «Матчын дар: Думы і песні, 1907—1914» А.Гаруна (1929) і інш. Выдаваў «Запіскі аддзела гуманітарных навук», «Запіскі аддзела прыроды і народнай гаспадаркі»; выйшлі 24 выпускі «Беларускай навуковай тэрміналогіі» (1922—30), «Працы Першай Усебеларускай глебазнаўчай канферэнцыі, 16—17 крас. 1924 г.» (1926), «Працы першага з’езду даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі, 17—18 студз. 1926 г.» (кн. 1, 1926), «Працы Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі» (1927).
Літ.:
Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993;
Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1979;
Палуян В.А. Інстытут беларускай культуры і станаўленне беларускай савецкай навукі // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук, 1972. № 6;
Гарэцкі Г.І. Каля вытокаў беларускай савецкай навукі// Тамсама. 1979. № 1;
Міхнюк У.М. Інстытут беларускай культуры// Тамсама;
Токараў М.У. Ад Інстыгуга беларускай культуры да Акадэміі навук рэспублікі (Да 60-годдзя Інбелкульта) // Тамсама. 1982. № 1;
Петрыкаў П.Ц. Інстытуту беларускай культуры — 70 гадоў // Тамсама. 1992. № 5—6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЛЯ́ (ад агульнаслав. зем — падлога, ніз),
трэцяя ад Сонца планета Сонечнай сістэмы. Астранамічны знак ♁ або . Абарачаецца вакол Сонца па эліптычнай арбіце, блізкай да кругавой (з эксцэнтрысітэтам 0,017) з сярэдняй скорасцю каля 30 км/с. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 149,6 млн.км (1 астр. адзінка), перыяд абарачэння 365,24 сярэдніх сонечных cутак (трапічны год). На сярэдняй адлегласці 384,4 тыс.км ад З. вакол яе абарачаецца прыродны спадарожнік Месяц, а з канца 1950-х г. запушчана шмат штучных спадарожнікаў. З. абарачаецца вакол сваёй восі, якая мае нахіл да плоскасці экліптыкі, роўны 66°33′22″, за 23 гадз 56 мін (зорныя суткі). Перыяд абарачэння адносна Сонца (сонечныя суткі) 24 гадз. З абарачэннем вакол Сонца і нахілам зямной восі звязана змена на З. пораў года, а з вярчэннем яе вакол восі — змена дня і ночы. Мае форму, блізкую да трохвосевага эліпсоіднага сфероіда (геоіда), сярэдні радыус якога 6371 км, экватарыяльны — 6378,2 км, палярны — 6356,8 км; даўж. акружнасці экватара 40 075,7 км. Пл. паверхні З. 510,2 млн.км² (у т. л. суша 149,1 млн.км², або 29,2%, мораў і акіянаў 361,1 млн.км², або 70,8%), аб’ём 1083∙1012км³, маса 5976∙1021кг, сярэдняя шчыльн. 5518 кг/м³. Беларусь займае 0,139% тэр. сушы (207,6 тыс.км²). Мае гравітацыйнае, магн. і эл. палі. У саставе З. пераважаюць жалеза (34,6%), кісларод (29,5%), крэмній (15,2%) і магній (12,7%). Паводле сучасных касмаганічных уяўленняў, З. ўтварылася каля 4,7 млрд. гадоў назад з рассеянага ў пратасонечнай сістэме газа-пылавога рэчыва. Геал. яе гісторыя падзяляецца на 2 няроўныя этапы: дакембрый (каля 3 млрд. гадоў) і фанеразой (каля 570 млн. гадоў). У выніку дыферэнцыяцыі рэчыва З. пад уздзеяннем яе гравітацыйнага поля, ва ўмовах разагравання нетраў узніклі і развіліся розныя паводле хім. саставу, агрэгатнага стану і фіз. асаблівасцей абалонкі — геасферы З. У цэнтры яе знаходзіцца ядро Зямлі з радыусам 3,5 тыс.км. Т-ра яго прыкладна 5000—6000 °C, ціск дасягае 3,6∙1011 Па, шчыльн. каля 12500 кг/м³ Большую ч. аб’ёму (83%) і масы (67%) «цвёрдай» З. складае мантыя Зямлі. Над мантыяй знаходзіцца зямная кара. Паводле складу і інш. асаблівасцей адрозніваюць мацерыковую кару (магутнасцю ад 35—45 км пад раўнінамі да 75 км у горных абласцях) і акіянічную (магутнасцю 5—10 км). У зямной кары вылучаюць рухомыя вобласці — геасінкліналі і адносна спакойныя — платформы. Верхняя ч. мантыі і зямная кара ўтвараюць літасферу — цвёрдую верхнюю абалонку З. таўшчынёй ад 50 да 200 км. Асабліва важную ролю ва ўтварэнні асадкавага покрыва З. адыгрывае кара выветрывання — слой таўшчынёй звычайна да некалькіх дзесяткаў метраў, размешчаны ў зоне кантакту літасферы з паверхняй З., дзе актыўна працякаюць працэсы фіз., хім. і біял. выветрывання. Большую ч. паверхні З. пакрываюць воды акіянаў і мораў. У акіянах і морах больш за 96% вады гідрасферы, астатняя яе частка размеркавана паміж паверхневымі і падземнымі водамі сушы, ільдамі (пераважна ў высокіх шыротах) і снягамі; нязначная колькасць вільгаці знаходзіцца ў паветры і жывых арганізмах. Агульная колькасць вады на З. ацэньваецца ў 1,4—1,5 млрд.км³. Сусв. акіян падзяляецца на Ціхі, Атлантычны, Індыйскі і Паўночны Ледавіты акіяны; у Паўд. паўшар’і зрэдку вылучаюць Паўд. акіян. Сярэдняя глыб. акіянаў 3711 м, найбольшая — 11 022 м (у Марыянскім глыбакаводным жолабе Ціхага ак.). У Паўн. паўшар’і вада пакрывае 61%, у Паўд. — 81% паверхні. Працэсы перамешвання і марскія цячэнні звязваюць воды акіянаў у адзінае цэлае, таму іх салёнасць мяняецца мала — сярэдняя 35 г/л. Вял. роля акіянаў у кругавароце рэчываў на З. і ў фарміраванні клімату яе асобных раёнаў.
Над акіянамі ўзвышаюцца асобныя масівы сушы, якія ўздымаюцца ў сярэднім на выш. 875 м над узр. м. і ўтвараюць 6 мацерыкоў (Еўразія, Афрыка, Паўночная Амерыка, Паўднёвая Амерыка, Антарктыда і Аўстралія), а таксама шматлікія астравы. Большая ч. сушы знаходзіцца ў Паўн. паўшар’і, а пры падзеле на Зах. і Усх. паўшар’і — ва Усходнім. У рэльефе пераважаюць раўніны і нізкагор’і выш. да 1000 м, якія складаюць каля 2/3 паверхні. Сярэднія і высокія горы займаюць каля 1/3 паверхні сушы (самая высокая адзнака — 8848 м, г. Джамалунгма ў Гімалаях). Асобныя невял. ўнутр. раёны сушы ляжаць ніжэй узр. м. (самая нізкая яе адзнака -400 м у Зах. Азіі, на ўзбярэжжы Мёртвага м.). Рэльеф сушы і марскога дна ў асобных рэгіёнах надзвычай разнастайны, што абумоўлена складанымі ўзаемасувязямі эндагенных (пераважна тэктанічных) і экзагенных (эразійных, эолавых, карставых і інш.) рэльефаўтваральных працэсаў. З. акружае паветр.атмасфера, якая складаецца ў асноўным з сумесі азоту (78,08%) і кіслароду (20,95%); у нязначнай колькасці ёсць інертныя газы, вадзяная пара і інш. Агульная маса паветра 5,151015т, з вышынёй яго ціск і шчыльнасць памяншаюцца. Атмасфера мае слаістую будову (вылучаюць трапасферу, стратасферу, мезасферу, іонасферу, тэрмасферу, экзасферу, якія паслядоўна зменьваюцца ад паверхні З. і адрозніваюцца адна ад адной тэмпературай, шэрагам фіз. і хім. уласцівасцей). Атмасфера затрымлівае значную частку сонечнай энергіі і амаль непразрыстая для цеплавога выпрамянення З.; у выніку наяўнасці ў ёй вуглякіслага газу і вадзяной пары стварае парніковы эфект. Яна таксама ахоўвае паверхню З. ад разбуральнага ўздзеяння большасці метэарытаў. На выш. 20—25 км знаходзіцца азонавы слой (азонасфера), які затрымлівае б.ч. вельмі шкоднага для жывых істот караткахвалевага касм. выпрамянення. Паміж атмасферай і зямной паверхняй адбываецца абмен цяплом і вільгаццю, што выклікае пастаянны кругаварот вады з утварэннем воблакаў (пакрываюць пастаянна не менш 1/2 паверхні З.) і выпадзеннем ападкаў. Паветра знаходзіцца ў бесперапынным руху; яго цыркуляцыя, абумоўленая пераважна нераўнамерным награваннем паверхні З. ў розных шыротах, моцна ўплывае на надвор’е і клімат розных абласцей. Рэзкая верхняя мяжа атмасферы адсутнічае, шчыльнасць яе газаў на адлегласці некалькіх тысяч кіламетраў ад паверхні паступова набліжаецца да шчыльнасці міжпланетнай прасторы. Самая вонкавая і працяглая абалонка — магнітасфера Зямлі, фіз. ўласцівасці якой вызначаюцца магнітным полем З.; у ёй на выш. 3—4 тыс.км і 22 тыс.км над экватарам знаходзяцца ўнутр. і вонкавы радыяцыйныя паясы З. Асн. крыніцай энергіі, што паступае на паверхню З., з’яўляецца электрамагн. выпрамяненне Сонца, якое праходзіць праз атмасферу. Агульная колькасць сонечнай энергіі і цяпла ў выніку рознага нахілу зямной паверхні да сонечных промняў заканамерна памяншаецца ад тропікаў да полюсаў, што з’яўляецца гал. прычынай кліматычнай і геагр. занальнасці. На зямным шары вылучаюць экватарыяльны, па 2 (у Паўн. і Паўд. паўшар’ях) субэкватарыяльныя, трапічныя, субтрапічныя, умераныя паясы, а таксама субарктычны і арктычны (у высокіх шыротах Паўн. паўшар’я), субантарктычны і антарктычны (у высокіх шыротах Паўд. паўшар’я), якія адрозніваюцца паміж сабой тэмпературнымі ўмовамі і інш. асаблівасцямі клімату і ландшафтаў. Сярэдняя т-ра прыземнага слоя паветра на планеце 14 °C, у пустынях Паўн. Афрыкі і Каліфорніі адзначаліся максімальныя т-ры 57—58 °C, самыя нізкія т-ры на паверхні З. назіраліся над ледавікамі цэнтр. раёнаў Антарктыды (каля -90 °C). Сярэднегадавая колькасць ападкаў на зямным шары каля 1000 мм, найб. іх выпадае ў гарах Усх. Індыі і Гавайскіх а-воў (да 12 000 мм за год), найменш — у некат. субтрапічных і трапічных пустынях (некалькі міліметраў, месцамі — не кожны год), а таксама ў ледзяных пустынях высокіх шырот Арктыкі і Антарктыкі (амаль выключна ў цвёрдым выглядзе). Колькасць ападкаў і іх сезонная зменлівасць у розных рэгіёнах З. вызначаюцца ў асноўным умовамі цыркуляцыі атмасферы і мясц. араграфічнымі асаблівасцямі. Клімат З. значна мяняўся ў розныя геал. эпохі. Найважнейшая асаблівасць З., што адрознівае яе ад інш. планет Сонечнай сістэмы, — існаванне жыцця, якое ўзнікла каля 3—3,5 млрд. гадоў назад (ёй садзейнічала наяўнасць на З. фіз. і хім. умоў, неабходных для сінтэзу складаных арган. малекул).
Вобласць актыўнага жыцця ўтварае асобную абалонку З. — біясферу, склад, будова і энергет. працэсы ў якой ў значных рысах абумоўлены дзейнасцю жывых арганізмаў, што ўтвараюць у сукупнасці жывое рэчыва; у біясферы адбываецца біял. кругаварот рэчыва на З. Працяглая гісторыя развіцця біясферы і значныя прасторавыя адрозненні прыродных умоў садзейнічалі вял. разнастайнасці жыццёвых форм. На З. існуе каля 2 млн. відаў жывёл і раслін (па колькасці відаў пераважаюць жывёлы, па аб’ёме біямасы — расліны). Найб. колькасць жывёл і раслін жыве ў цёплых і вільготных раёнах сушы — у вільготных тропіках, найменшая — у сухіх і гарачых трапічных пустынях і ў ледзяных пустынях Арктыкі і Антарктыкі. Біямаса сушы (6,5∙1012т) у сотні разоў перавышае біямасу акіянаў. Найб. дыферэнцыраваныя склад і будову ў межах З. мае геаграфічная абалонка, што аб’ядноўвае цесна ўзаемадзейныя ніжнія слаі атмасферы, верхнія тоўшчы літасферы, амаль усю гідрасферу і ўсю біясферу, паміж якімі адбываецца бесперапынны абмен рэчывам і энергіяй. Яе магутнасць не перавышае некалькіх дзесяткаў кіламетраў, але ў яе межах назіраецца вял. дыферэнцыяцыя прыродных ландшафтаў, што асабліва ўзмацняецца ў гарах, дзе на фоне шыротнай занальнасці адзначаюцца праяўленні вышыннай пояснасці. Каля 30% паверхні сушы ўкрываюць лясы, каля 20% — саванны і рэдкалессі, каля 20% — пустыні і паўпустыні, больш як 10% — ледавікі, каля 10% — астатнія матуральныя ландшафты, больш за 10% пад ворнымі землямі і урбанізаванымі тэрыторыямі. Са з’яўленнем чалавека (не менш як 3 млн. гадоў назад) жыццё на З. дасягнула разумнай формы. У ходзе грамадскага развіцця геагр. абалонка дае чалавеку прыродныя рэсурсы і ўмовы існавання, зазнае ўсё большае антрапагеннае ўздзеянне на ўсе кампаненты і на ландшафты ў цэлым; гэтым яна адрозніваецца ад інш. абалонак З. Працэсы ўзаемадзеяння чалавека і навакольнага асяроддзя, іх экалагічныя, сац., эканам., паліт. вынікі набываюць планетарны характар. Ад вырашэння праблем, якія ўзніклі ў ходзе гэтага ўзаемадзеяння, залежыць будучае З. і чалавецтва. З. вывучаюць геадэзія (даследуе фігуру і памеры З.), астраномія (рух З. як нябеснага цела), геафізіка (стан рэчыва З. і фіз. працэсы ва ўсіх геасферах), геахімія (размеркаванне хім. элементаў З. і працэсы іх міграцыі), геалогія (гісторыю развіцця З., склад, будову зямной кары і больш глыбокіх сфер), фізічная геаграфія і біялогія (прыродныя працэсы і з’явы, што адбываюцца ў геагр. абалонцы і біясферы). З. з’яўляецца канчатковым аб’ектам даследавання ўсіх навук, якія вывучаюць законы ўзаемадзеяння прыроды і грамадства. На З. знаходзіцца 191 дзяржава і шэраг несамастойных тэрыторый (1997).
Літ.:
Мильков Ф.Н. Общее землеведение. М., 1990.
В.П.Якушка.
Да арт.Зямля. Выгляд Зямлі з космасу. Бачны Афрыка, частка Антарктыды, Аравійскі паўвостраў.Да арт.Зямля. Касмічны здымак паўднёва-заходняй часткі Гімалаяў.Да арт.Зямля. Частка рэльефнай карты дна Ціхага акіяна.