МУХАЛО́ЎКАВЫЯ (Muscicapidae),

сямейства пеўчых вераб’іных птушак атр. вераб’інападобных. 5 падсям., 82 роды, каля 360 відаў. Пашыраны ў Аўстраліі, Афрыцы, Еўразіі, акрамя пустынь і тундры. На Беларусі 4 віды: мухалоўка-белашыйка (Ficedula albicollis); мухалоўка малая, або лоцманчык (F. parva); мухалоўка-стракатка (F. hypoleuca) і мухалоўка шэрая (Muscicapa striata). Жывуць пераважна ў разрэджаных лясах, парках, садах, гняздуюцца на дрэвах, кустах, некат. — у дуплах. Пералётныя, 2 віды ў Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. да 23 см, маса да 30 г. Апярэнне розных колераў; у некат. М. існуе палавы дымарфізм. У асобных відаў сярэднія рулявыя пёры хваста вельмі доўгія. Дзюба шырокая, плоская, са шчацінкамі па краях рота. Кормяцца насякомымі (пераважна мухамі, адсюль назва), інш. дробнымі беспазваночнымі. Манагамы. Нясуць да 10 яец.

Э.​Р.​Самусенка.

Да арт. Мухалоўкавыя. Мухалоўкі: 1 — малая; 2 — шэрая, 3 — белашыйка; 4 — стракатка (а — самец, б — самка).

т. 11, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЕ́ЗНІКІ (Ichneumonoidea i Chalcidoidea),

надсямействы паразітычных перапончатакрылых насякомых падатр. сцябліністабрухіх. Каля 1250 родаў, больш за 67 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў вільготных месцах. Найб. вядомыя на Беларусі прадстаўнікі родаў трыхаграмы, афіёны (Ophion), іхнеўмоны (Ichneumon), крыпты (Cryptus), эфіяльты (Ephialtes) і інш. Некат. віды Н. выкарыстоўваюць у біял. барацьбе з насякомымі-шкоднікамі.

Даўж. 0,2—50 мм. Брушка рухома злучанае з грудзямі. Дарослыя кормяцца пераважна нектарам і пылком кветак, сокамі раслін. Развіццё з поўным ператварэннем, пераважна палавое. Лічынкі большасці Н. першасныя экта- або эндапаразіты насякомых, павукападобных, мнаганожак. Самка садзіцца на ахвяру (адсюль назва) і адкладвае яйцы ў (на) цела або ў яйцо інш. беспазваночных; некат. віды Н. папярэдне паралізуюць ахвяру. Лічынкі кормяцца за кошт унутр. тканак жывой ахвяры-гаспадара.

С.​Л.​Максімава.

Наезнікі: 1 — афіён жоўты; 2 — іхнеўмон цёмны; 3 — крыпт-дзіяна; 4 — трыхаграма, якая заражае яйцо матыля.

т. 11, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛАМІ́ТАВЫЯ А́ЛЬПЫ (Alpi Dolomiti),

горны масіў ва Усх. Альпах, на ПнУ Італіі. Даўж. 120 км. Выш. да 3342 м (г. Мармалада). Характэрны зубчастыя грабяні і стромкія схілы. Складзены з даламітаў і вапнякоў. Ліставыя і хваёвыя лясы. Снежнікі і ледавікі. Некалькі рэзерватаў. Курорты (Корціна-д’Ампеца і інш.). Турызм, зімовыя віды спорту.

т. 6, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГЛЫНА́ННЕ ХВАЛЬ,

пераўтварэнне энергіі хвалі ў інш. віды энергіі ў выніку ўзаемадзеяння з інш. хвалямі і асяроддзем, дзе распаўсюджваецца хваля. Вядзе да аслаблення энергіі хвалі паводле экспаненцыяльнага закону (аслабленне хваль выклікаецца і інш. з’явамі, напр., рассеяннем хваль). Механізм П.х. залежыць ад прыроды хвалі і ўласцівасцей асяроддзя (гл. Паглынанне гуку, Паглынанне святла).

т. 11, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЛІ́К (ваен.),

група ваеннаслужачых, якая непасрэдна абслугоўвае гармату, мінамёт, пускавую ўстаноўку і інш. віды зброі і тэхнікі; першасная арганізац. адзінка (падраздзяленне) у артылерыі, ракетных войсках, ППА, войсках сувязі і інш. Р. узначальвае камандзір (афіцэр, прапаршчык або сяржант). Колькасць асабовага складу ў Р. залежыць ад віду (сістэмы) зброі (тэхнікі).

М.​Г.​Нікіцін.

т. 13, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЯЛЕ́НТЫ (ад лац. violent нястрымны),

віды, найб. магутныя па здольнасці ўтвараць згуртаванні або ўкараняцца ў іх. Энергічна развіваюцца, захопліваюць тэрыторыю, утрымліваюць яе за сабой, прыгнечваюць сапернікаў больш моцнай энергіяй жыццядзейнасці і паўнатой выкарыстання рэсурсаў асяроддзя, становяцца дамінантнымі відамі ў згуртаванні (напр., дуб). Паняцце ўвёў сав. вучоны батанік і географ Л.​Р.​Раменскі (1936).

т. 4, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЖЫНІ́РЫНГ (англ. engineering інжынернае майстэрства),

сфера дзейнасці па аказанні інж.-кансультацыйных паслуг па падрыхтоўцы і забеспячэнні працэсу вытв-сці і рэалізацыі прадукцыі, эксплуатацыі прамысл., інфраструктурных аб’ектаў і інш. Асн віды І.: паслугі перадпраектнага, праектнага, пасляпраектнага характару і рэкамендацыйныя паслугі па эксплуатацыі, кіраванню, рэалізацыі прадукцыі. Ажыццяўляецца на камерцыйнай аснове спец. незалежнымі інжынірынгавымі кампаніямі.

т. 7, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОРАНЕГАЛО́ВЫЯ (Rhizocephala),

падатрад вусаногіх ракападобных. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ў акіянах, акрамя халодных вод, ёсць прэснаводныя віды. Будова спрошчаная (адсутнічаюць кішэчнік, органы пачуццяў і выдзялення). Паразіты крабаў, крэветак, ракаў-пустэльнікаў. Аб прыналежнасці К. да ракападобных сведчыць наяўнасць у цыкле развіцця лічынкавых стадый — наўпліуса і цыпрысападобнай лічынкі (як у ракушкавых ракападобных роду Cyprus).

т. 8, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУНАНАСЕ́ННІК (Menispermum),

род кветкавых раслін сям. лунанасеннікавых. 2 віды. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы і Паўд.-Усх. Азіі. На Беларусі інтрадукаваны Л. даурскі, або даурскі плюшч (M. dahuricum), і Л. канадскі (M. canadense).

Шматгадовыя травяністыя расліны і паўкусты з павойным сцяблом. Лісце яйцападобнае, лопасцевае або суцэльнае. Кветкі ў мяцёлках. Плод — касцянка. Дэкар. расліны.

т. 9, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́МПА ДЗЁННАГА СВЯТЛА́,

разнавіднасць люмінесцэнтнай лямпы з блакітнаватым (блізкім да дзённага святла) свячэннем. Магутнасць ад 15 да 80 Вт.

Бываюць з правільнай колераперадачай (служаць для асвятлення аб’ектаў, для якіх патрэбна дакладнае ўзнаўленне колерных адценняў) і звычайныя, якія не забяспечваюць правільнай перадачы колеру (выкарыстоўваюцца для агульнага асвятлення). Часта Л.дз.с. няправільна называюць усе віды люмінесцэнтных лямпаў.

т. 9, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)