ЛУФА́Р (Pomatomus saltatrix),

чародная пелагічная рыба; адзіны від сям. луфаравых атр. акунепадобных. Пашыраны ў субтрапічных водах Атлантычнага, Індыйскага і паўд.-зах. ч. Ціхага ак., трапляецца ў Азоўскім і Чорным м.

Даўж. да 115 (звычайна да 70) см, маса да 15 кг. Луска дробная, цыхлоідная. Драпежнік. Аб’ект спарт. і прамысл. рыбалоўства.

Луфар.

т. 9, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАСТРАФА́,

від цэласнай, структурна завершанай страфічнай формы. Паводле аб’ёму вершаваных радкоў разнастайная (пераважна дыстых, тэрцэт, катрэн). Монастрафічнымі лічацца многія формы нац. паэзіі (рус. частушка, укр. каламыйка, бел. прыпеўка, арм. айрэн, яп. хоку, танка і г.д.), шэраг устойлівых, шырока распаўсюджаных форм верша — актава, рандо, трыялет, санет і інш.

В.​У.​Ярац.

т. 10, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЗЯНЫ́ ВО́СЛІК (Asellus aquaticus),

від ракападобных з атр. раўнаногіх. Пашыраны ў прыбярэжнай зоне прэсных стаячых і з павольным цячэннем вадаёмаў Еўропы, за выключэннем Пірэнейскага п-ва.

Даўж. да 20 мм. Корміцца жывымі і адмерлымі воднымі раслінамі, паядае лісце, якое падае ў вадаёмы (за жыццё з’ядае 168 мг). Ачышчае вадаёмы. Вадзянымі вослікамі кормяцца рыбы.

Вадзяны вослік.

т. 3, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСА́ДА,

від феад. зямельнай рэнты ў грашовай форме, асн. павіннасць асадных сялян ВКЛ у 16 ст. Узнікла з развіццём таварна-грашовых адносін. Паводле «Уставы на валокі» 1557 у велікакняжацкіх (гаспадарскіх) уладаннях складала 30 грошаў з валокі. У маёнтках інш. феадалаў памеры асады перавышалі гэту норму. У канцы 16 ст. асада паступова злілася з чыншам.

т. 2, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРО́НІЯ (грэч. eirōneia літар. прытворства),

1) тонкая, прыхаваная насмешка. Адмаўленне або асмяянне, якім прытворна надаецца форма згоды або ўхвалення. Заснавана на іншасказанні, калі сапраўдны сэнс выказвання з’яўляецца процілеглым або адмаўляе яго.

2) У эстэтыцы від камічнага, калі смешнае прыхавана пад маскай сур’ёзнага (у процілегласць гумару). Утойвае ў сабе пачуццё перавагі або скептыцызму.

т. 7, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБІНА́ЦЫЯ (ад позналац. combinatio злучэнне),

1) сукупнасць, спалучэнне, злучэнне, размяшчэнне некалькіх прадметаў ці састаўных частак аднаго прадмета (напр., К. лічбаў).

2) Сукупнасць прыёмаў, дзеянняў і інш., аб’яднаных адзінымі намерамі (напр., шахматная К.).

3) Хітрасць, выкрутас, загадзя прыдуманы манеўр для дасягнення якой-н. карыслівай мэты (камерцыйная К., паліт. К.).

4) Прадмет жаночай бялізны (від кашулі).

т. 7, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫШАХВО́СНІК (Myosurus),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. 8 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе. На Беларусі 1 від — М. маленькі (M. minimus). Трапляецца ў пасевах, на лугах, каля дарог.

Аднагадовыя травяністыя расліны. Лісце вузкалінейнае ў прыкаранёвай разетцы. Кветаносныя сцёблы шматлікія. Кветкі дробныя, двухполыя, у коласападобных суквеццях, падобных на мышыны хвост (адсюль назва). Плод — шматарэшак.

Мышахвоснік маленькі.

т. 11, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЛЕ́СНІК (Sanicula),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. Больш за 40 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 1 від — П. еўрапейскі (S. europaea). Трапляецца ў лясах, хмызняках.

Двух- і шматгадовыя травы выш. 40—70 см. Лісце пальчата-раздзельнае, доўгачаранковае, на зіму не ападае. Кветкі дробныя ў простых галоўчатападобных парасоніках. Плод — віслаплоднік. Некат. віды — лек. расліны.

Падлеснік еўрапейскі.

т. 11, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРУШЭ́НЕЦ (Chimaphila),

род кветкавых раслін сям. грушанкавых. 8 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 1 від — П. парасоністы (Ch. umbellata). Трапляецца ў хваёвых і мяшаных лясах.

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны выш. да 20 см. Лісце суцэльнае, скурыстае, зімой захоўвае зялёную афарбоўку. Кветкі ружаватыя ў парасонападобных паніклых суквеццях. Плод — каробачка. Лек. расліны.

Парушэнец парасоністы.

т. 12, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАБА́ЦЫЯ ( ад лац. probatio выпрабаванне),

від умоўнага асуджэння ў крымінальным праве ЗША, пры якім асуджаны знаходзіцца пад наглядам спец. органаў на час выпрабавальнага тэрміну, устаноўленага судом. На асуджанага на час П. можа быць накладзены таксама шэраг дадатковых абмежаванняў (напр., не наведваць пэўныя месцы, устрымлівацца ад зносін з пэўнымі асобамі і да т.п.).

т. 12, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)