тэрмін, якім характарызуецца дынаміка цэн на тавары, што прадаюцца і купляюцца таваравытворцамі за пэўны перыяд, і адлюстроўваецца разрыў («нажніцы») паміж гэтымі цэнамі. Найчасцей выяўляецца ў сферы абмену прадукцыяй паміж прам-сцю і сельскай гаспадаркай, паміж развітымі краінамі і краінамі, што развіваюцца, каб падкрэсліць неэквівалентнасць абмену паміж імі. «Н.ц.» могуць «расшырацца» і «звужацца» ў залежнасці ад канкрэтных тэндэнцый у руху цэн (напр., цэн на харчаванне і сыравіну, што рэалізуюцца с.-г. вытворцамі, з аднаго боку, і на тавары, якія набываюцца імі ў прамыславікоў, — з другога). Праблемы «Н.ц.» маюць актуальнае эканам. і сац. значэнне для краін, дзе высокая доля с.-г. і здабыўной прам-сці ў нацыянальным даходзе; найб. абвастраюцца ў перыяды крызісаў, войнаў, абвастрэння міжнар. адносін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-ГЭ́МПШЫР,
парода курэй мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў аднайм. штаце ЗША у пач. 20 ст. на аснове высокапрадукцыйных курэй пароды род-айленд. Гадуюць таксама ў Нідэрландах, Францыі, Швецыі, Нарвегіі, краінах СНД і інш.; на Беларусі — у калекцыях і асабістых гаспадарках.
Маса пеўняў 3,5—3,8 кг, курэй 2,5—2,8 кг. Апярэнне ад светла-чырв. да светла-карычневага, на шыі з залаціста-жоўтымі пёрамі. махавыя пёры больш цёмныя. хвост і коскі чорныя. Ногі і дзюба жоўтыя. Тулава падоўжанае, спіна шырокая, грудны аддзел выпуклы. Касцяк моцны. Шыя прамая. Галава шырокая, прадаўгаватая, сярэдніх памераў, з лістападобным прамастаячым грэбенем і чырв. вушнымі мочкамі. Крылы і хвост невялікія. Яйцаноскасць 180—200 яец за год (сярэдняя маса яйца 58—59 г). Хутка растуць. Жыццяздольнасць высокая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВАЙ СІБІ́РЫ ГО́РЫ,
горная краіна на Пд Сібіры, якая ўключае Алтай, Салаірскі краж, Кузнецкі Алатау, Зах. і Усх.Саяны, горы Тывы, Прыбайкалля, Забайкалля, Станавы хрыбет, а таксама міжгорныя катлавіны: Кузнецкая, Мінусінская, Тувінская, Таджынская і інш.Пл. каля 1,6 млн.км². Горы складзены пераважна з пратэразойскіх і ніжнепалеазойскіх парод. Ва ўтварэнні рэльефу вял. ролю адыгралі мезакайназойскія і найноўшыя тэктанічныя рухі. Пераважае сярэднягорны (800—2000 м) рэльеф; для асобных хрыбтоў і масіваў характэрны высакагорны рэльеф і сучаснае зледзяненне; у перыферычнай ч. — нізкагор’і (300—800 м). Найвышэйшы пункт — г. Бялуха (4506 м). Высокая сейсмічнасць. Радовішчы руд каляровых і рэдкіх металаў, каменнага вугалю, азбесту. На схілах горна-таежныя лістоўнічныя і цемнахвойныя лясы, вышэй за 2000—2500 м — горныя тундры і альпійскія лугі; у міжгорных катлавінах стэпы.
паслядоўнасць ферментатыўных рэакцый акіслення глюкоза-6-фасфату да вуглякіслага газу і вады. Адбываецца ў цытаплазме жывых клетак і суправаджаецца ўтварэннем адноўленага каферменту нікацінамідадэніндынуклеатыдфасфату (НАДФ∙H).
Агульнае ўраўненне П.ц.: 6 глюкоза-6-фасфат + 12 НАДФ = 6 CO2 + 12 НАДФ∙H + 12H+ + 5 глюкоза-6-фасфат + H3PO4. Звычайна не выкарыстоўваецца клеткай для атрымання энергіі, таму што не з’яўляецца асн. шляхам абмену глюкозы. Біял. значэнне П.ц. — забеспячэнне клеткі адноўленым НАДФ, неабходным для біясінтэзу тлустых к-т, халестэрыну, стэроідных гармонаў, пурынаў і інш.найважн. злучэнняў. Выяўлены ў жывёл, раслін, мікраарганізмаў. У млекакормячых высокая актыўнасць П.ц. выяўляецца ў печані, кары наднырачнікаў, тлушчавай тканцы, малочнай залозе ў перыяд лактацыі і ў эмбрыянальных тканках, нізкая — у сардэчнай і шкілетных мышцах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАНАСЕ́ЛЕНАСЦЬэкалагічная,
часовы стан экасістэмы, пры якім колькасць асобін пэўнага віду перавышае ёмістасць асяроддзя для гэтага віду і з’яўляецца для яго лімітуючым фактарам.
У прыродных экасістэмах П. узнікае пры асабліва спрыяльных умовах размнажэння ці выжывання асобных відаў раслін ці жывёл. Непазбежна выклікае дэпрэсію колькасці інш. звязаных з імі відаў, а потым (праз самарэгуляванне колькасці папуляцыі) і дэпрэсію колькасці саміх перанаселеных відаў. У выніку П. ўзмацняецца біяцэнатычны адбор, які завяршаецца адноснай стабілізацыяй колькасці. У антрапагенных экасістэмах можа стварацца і падтрымлівацца мэтанакіравана пад кантролем чалавека (напр., на запаведных тэр. часам падтрымліваецца празмерна высокая шчыльнасць капытных з мэтай іх захавання і ўзнаўлення). Пры гэтым можа наносіцца свядомая шкода інш. кампанентам экасістэм (натуральнаму самааднаўленню лесу, пасевам с.-г. культур і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЮСЫ ЦЯПЛА́,
мясцовасці на зямным шары з найбольш высокімі тэмпературамі паветра каля зямной паверхні, звычайна ў трапічных паясах. У Паўн. паўшар’і: у пустыні Тар у Індыі (да 53 °C), у пустыні Махаве (Даліна Смерці) у ЗША (да 56,7 °C), у Лівійскай пустыні каля Эль-Азізіі (да 57,8 °C). У Афрыцы (у р-не г. Масаўа, у Эфіопіі) самая высокая сярэднегадавая т-ра паветра на Зямлі (30,2 °C). У Паўд. паўшар’і найвыш.т-ра паветра: у даліне р. Фліндэрс у Аўстраліі (53 °C), у даліне р. Парана ў Паўд. Амерыцы (47 °C). У Сусветным ак.найвыш. т-ры паверхневага слоя вады ў Персідскім зал. (35,6 °C), у паўд.ч. Чырвонага м. і ў Мексіканскім зал. (33 °C).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМІТЫ́Ў (ад лац. primitivus першапачатковы, першабытны),
1) неразвітая, простая з’ява ў параўнанні з наступнымі, пазнейшымі з’явамі гэтага ж роду.
2) У мастацтве — твор мастацтва, які адносіцца да ранняга этапу развіцця маст. культуры і не мае прыкмет прафес. дасканаласці. Цікавасць да П. і вызначэнне яго якасцей (маст. цэласнасць і прастата вобразаў, непасрэднасць успрымання) з’явіліся ў 18—19 ст. у выніку яго проціпастаўлення «спеламу», «дасканаламу» мастацтву (грэч.высокая класіка 5 ст. да н.э., Высокае Адраджэнне). Да П. былі аднесены творы першабытнага мастацтва, грэч. архаіка, мастацтва этрускаў, сярэдневяковае мастацтва (да 16 ст.), афр. мастацтва. У 20 ст. тэрмін «П.» ужываўся пераважна да твораў інсітнага мастацтва, часам да ранняга італьян. Адраджэння (т. зв. італьянскія прымітывісты Анджэліка, С.Батычэлі, Ф.Ліпі, С.Марціні, Пізанела, П.Учэла і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭТЫКУЛЯ́РНАЯ ФАРМА́ЦЫЯ,
сукупнасць нерв. структур, што размяшчаюцца ў спінным, прадаўгаватым, сярэднім мозгу, вароліевым мосце і ўтвараюць адзіны функц. комплекс. Філагенетычна стараж. сістэма рухальнага кантролю, добра развіта ў пазваночных жывёл і чалавека. Мае шматлікія нейроны, разгалінаваныя адросткі якіх ідуць ва ўзыходным і сыходным напрамках. Бесперапынную танічную актыўнасць нейронаў Р.ф. забяспечвае іх высокаяхім. адчувальнасць да гумаральных фактараў і фармакалагічных рэчываў (барбітураты), а таксама сыходжанне (канвергенцыя) да іх нерв. (аферэнтных) імпульсаў з перыферыі арганізма. Узыходная танічная імпульсацыя Р.ф. рэгулюе дзейнасць кары вял. паўшар’яў, сыходная — спінальныя рухальныя цэнтры. Нейроны фармацыі звязаны з усімі органамі пачуццяў, рухальнымі і адчувальнымі абласцямі кары галаўнога мозга, таламусам, гіпаталамусам, спінным мозгам і выконваюць складаныя інтэграцыйна-каардынацыйныя функцыі. Дзейнасць Р.ф. кантралюецца карой вял. паўшар’яў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛКАНІЗА́ЦЫЯ,
тэхналагічны працэс пераўтварэння каўчуку ў гуму, які ажыццяўляецца з удзелам т.зв. вулканізавальных агентаў ці фіз. фактараў. У выніку вулканізацыі павышаецца трываласць, цвёрдасць, эластычнасць, цепла- і марозаўстойлівасць каўчуку, зніжаецца яго растваральнасць у арган. растваральніках, што абумоўлена злучэннем («сшываннем») гнуткіх макрамалекул каўчуку ў трохмерную прасторавую сетку рэдкімі папярочнымі сувязямі.
Папярочныя сувязі ў каўчуку пры вулканізацыі ўтвараюцца пад уздзеяннем агентаў вулканізацыі і энергет. фактараў (напр., высокаят-ра, іанізавальная радыяцыя). У якасці агентаў вулканізацыі выкарыстоўваюць арган. злучэнні розных класаў (напр., серазмяшчальныя, пераксіды, сінт. смолы), якія выбіраюць залежна ад хім. будовы каўчуку і мяркуемых умоў эксплуатацыі вырабаў. Большасць гумавых сумесей вулканізуюць пры т-ры 130—200 °C у формах ці ў «свабодным» стане ў катлах, аўтаклавах і інш.
Літ.:
Федюкин Д.Л., Махлис Ф.А. Технические и технологические свойства резин. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІКАГЕ́Н, жывёльны крухмал (C6H10O5)n, разгалінаваны поліцукрыд, малекулы якога пабудаваны з астаткаў D-глюкозы. Малекулярная маса 105—107. Асн. запасны вуглявод жывёл і чалавека (у пазваночных назапашваецца пераважна ў печані і мышцах), трапляецца таксама ў некат. бактэрый, дражджэй, водарасцей, грыбоў і зернях асобных сартоў кукурузы. Выяўлены франц. фізіёлагам К.Бернарам у печані (1857). Расшчапленне глікагену (глікагеноліз) адбываецца фосфаралітычным (пры ўздзеянні фасфарылазы) і гідралітычным (пры ўздзеянні амілаз) шляхамі. Канчатковым прадуктам з’яўляецца свабодная глюкоза, якая трапляе ў кроў. Пры паніжэнні ўзроўню цукру ў крыві назіраецца высокая актыўнасць фасфарылазы і адбываецца т.зв. мабілізацыя глікагену — знікненне яго запасаў з цытаплазмы. Пры абагачэнні крыві глюкозай (напр., пасля прыёму ежы) пераважае сінтэз глікагену. Значную ролю ў падтрыманні нязменнага ўзроўню цукру ў крыві адыгрывае печань, якая ператварае лішак глюкозы ў глікаген і наадварот.