МАНЬЯ́НІ ((Magnani) Ганна) (7.3.1908, Рым — 26.9.1973),
італьянская актрыса. Вучылася ў школе дэкламацыі акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме. У 1926 дэбютавала ў т-ры, у 1934 — у кіно. Вял. папулярнасць актрысы звязана з яркім увасабленнем вобразаў жанчын з народа ў фільмах 1940—50-х г.: «Тэрэза-Пятніца», «Рым — адкрыты горад», «Дэпутатка Анджэліна» (прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1948), «Мары на дарогах», «Самая прыгожая» і інш. Яе творчай манеры ўласціва паэтыка і іронія, напал пачуццяў, здольнасць да пераўвасаблення. У 1950-я г. здымалася ў Галівудзе (ЗША): «Татуіраваная ружа» (прэмія «Оскар» 1955), «Дзікі вецер» (прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне 1958). У 1960—70-я г. вылучылася выкананнем роляў у фільмах «Мама Рома», «Тайна Санта-Віторыі», «Рым» (рэж. Ф.Феліні) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯ́НА (Maiano),
італьян. архітэктары і скульптары эпохі Ранняга Адраджэння; браты. Нарадзіліся ў г. Таскана (Італія):
Джуліяна да М. (1432—17.10.1490). Паслядоўнік традыцый Ф.Брунелескі, імкнуўся да складаных прасторавых вырашэнняў, дэкаратыўнасці арх.вобразаў: Палацца Спанокі ў Сіене (з 1473), сабор у Фаэнцы (1474—86), Порта Капуана ў Неапалі (1484). У тэхніцы разьбы па дрэве ці інтарсіі ствараў дэталі ўбрання цэркваў і грамадскіх будынкаў. У 1477—90 кіраваў буд-вам сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі.
Бенедзета да М. (1442—24.9.1497). Вучыўся ў брата Джуліяна. Яго творы адметныя тонкай гармоніяй, вытанчанасцю скульпт. і арх. дэталей: кафедра ў царкве Санта-Крочэ (1472—76), Палацца Строцы (з 1489, скончаны арх. Кранакам) у Фларэнцыі, тэракотавыя партрэтныя бюсты Ф.Строцы (каля 1490), А.Вані (1493) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАФІЗІ́ЧНЫ ЖЫ́ВАПІС,
кірунак у італьян. жывапісе. Заснаваны ў 2-й пал. 1910 — пач. 1920-х г. Дж. Дэ Кірыка пад уплывам філасофіі А.Шапенгаўэра і Ф.Ніцшэ і стаў рэакцыяй на рацыяналістычную схему кубізму і дынамізм футурызму. Тэарэтык — паэт А.Савіньё. Прадстаўнікі М.ж. (К.Кара, М.Кампільі, Ф.Казараці, Дж.Марандзі, Ф. Дэ Пісіс) у карцінах з выявамі пустынных гарадоў з далёкай перспектывай, манекенаў, у нацюрмортах з дзіўным складам прадметаў імкнуліся вывесці рэальнасць за рамкі звычайнай логікі, стварыць таямнічы настрой і раскрыць містыку вобразаў, якія знаходзіліся па-за межамі адлюстравання рэчаіснасці. Значна паўплываў на станаўленне сюррэалізму і часта разглядаецца як адзін з яго кірункаў.
В.Я.Буйвал.
Да арт.Метафізічны жывапіс. Дж. Дэ Кірыка. 1950. Музы непакою.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НІН (Яўхім Сямёнавіч) (8.10.1894 або 21.10.1897, г. Віцебск — 29.12.1937),
бел. графік. Вучыўся ў Політэхн. ін-це ў Петраградзе (1916—18), Віцебскай школе-майстэрні Ю.Пэна (1920—21). Выкладаў у Віцебскім маст. вучылішчы (1920—37). У 1937 рэпрэсіраваны, у 1958 рэабілітаваны. Працаваў пераважна ў тэхніцы дрэварыта. Стварыў шмат краявідаў Віцебска, жанравых сцэн, партрэтаў, экслібрысаў. Творы вызначаюцца дасканаласцю штрыхоўкі, дакладнасцю форм, багатай танальнасцю, эмацыянальнасцю маст.вобразаў. Сярод твораў: серыі дрэварытаў «Стары Віцебск» (1926—28), «Помнікі драўлянага дойлідства Беларусі» (1927—28), «Вайна» (1932), партрэты старога (1928), Гамера (1935), серыя акварэлей «Віцебск» (1932), жывапіснае палатно «Цэх Віцебскай фабрыкі акуляраў» (1935), экслібрысы і інш.
Літ.:
Шматаў В.Ф. Беларуская графіка 1917—1941 гг.Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМІТЫ́Ў (ад лац. primitivus першапачатковы, першабытны),
1) неразвітая, простая з’ява ў параўнанні з наступнымі, пазнейшымі з’явамі гэтага ж роду.
2) У мастацтве — твор мастацтва, які адносіцца да ранняга этапу развіцця маст. культуры і не мае прыкмет прафес. дасканаласці. Цікавасць да П. і вызначэнне яго якасцей (маст. цэласнасць і прастата вобразаў, непасрэднасць успрымання) з’явіліся ў 18—19 ст. у выніку яго проціпастаўлення «спеламу», «дасканаламу» мастацтву (грэч. высокая класіка 5 ст. да н.э., Высокае Адраджэнне). Да П. былі аднесены творы першабытнага мастацтва, грэч. архаіка, мастацтва этрускаў, сярэдневяковае мастацтва (да 16 ст.), афр. мастацтва. У 20 ст. тэрмін «П.» ужываўся пераважна да твораў інсітнага мастацтва, часам да ранняга італьян. Адраджэння (т. зв. італьянскія прымітывісты Анджэліка, С.Батычэлі, Ф.Ліпі, С.Марціні, Пізанела, П.Учэла і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУД ((Rude) Франсуа) (4.7.1784, г. Дыжон, Францыя — 3.11.1855),
французскі скульптар, прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў жывапісца Ф.Дэвожа ў Дыжоне (з 1798), у скульпт. Э.Голя і П.Картэлье ў Парыжы (з 1807). Зазнаў уплыў Ж.Л.Давіда. У 1815—27 працаваў у Бельгіі, у 1842 у Італіі. Аўтар манум. рэльефу «Марсельеза» («Выступленне добраахвотнікаў у 1792 годзе», 1833—36), трыумфальнай аркі на плошчы дэ Голя ў Парыжы, якія вызначаюцца абагульненасцю і адначасова глыбокай жыццёвасцю вобразаў, рытмічнай цэласнасцю і дынамікай кампазіцыі, багатай пластыкай фігур. Сярод. інш. твораў: «Меркурый завязвае сандалю», партрэтны бюст Давіда (абодва 1827), «Неапалітанскі рыбак з чарапахай» (1833), надмагіллі Г.Кавеньяка на могілках Манмартр (1845—47), Напалеона (1846), помнік маршалу Нею на плошчы Абсерваторыі (1852—53) у Парыжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ВА ПІСЬМЕ́ННІКА,
сістэма па-мастацку асэнсаваных агульнаўжывальных і індывід. моўных сродкаў, якая служыць для выражэння ідэй, думак, пачуццяў пісьменніка ў маст. і публіцыст. творах. Асн. элементамі М.п. з’яўляюцца словы, сукупнасць якіх складае слоўнік мовы пісьменніка (напр., «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.Коласа», 1993; «Слоўнік мовы Янкі Купалы», т. 1, 1997). Расшырэнне і ўдасканаленне слоўніка — адна з умоў дакладнага, індывідуальна непаўторнага адлюстравання з’яў рэчаіснасці. Багацце М.п. характарызуецца колькасцю слоў, глыбінёй і разнастайнасцю індывід. аўтарскага выкарыстання іх спалучальных магчымасцей, сэнсавых адценняў, гукапісных і выяўл. сродкаў, якія дае мова для стварэння маст.вобразаў. Індывідуальнасць М.п., яе адметнасць — спосабы эстэт. асваення мовы, выкарыстанне яе стыляў, лексікі, вобразных сродкаў. Мяжа паміж словамі як моўнымі адзінкамі ва ўласным сэнсе і словамі М.п. ў галіне маст. пісьменніцкага ўжывання вельмі рухомая. Пры вылучэнні пераносных значэнняў, адценняў слоў у творах таго ці інш. пісьменніка тлумачацца стылістычныя асаблівасці яго маст. словаўжывання, апісваюцца факты адлюстравання і выкарыстання лексікі ў маст. творах. У гэтым сэнсе можна гаварыць аб тым, што пісьменнік прадстаўляе мову свайго часу. Аднак шматлікія сэнсавыя ўскладненні, каламбурныя і знарок супярэчлівыя адценні, якія атрымлівае слова ў кампазіцыі маст. твора, пераносныя ўжыванні, выкарыстанне фразеалагічных злучэнняў і інш. індывідуалізуюць мову кожнага пісьменніка. Поўнасцю індывідуальным, непаўторным элементам М.п. выступае сістэма вобразных сродкаў. Паняцце М.п. ўключае і сінтаксічна-стылістычныя асаблівасці пабудовы сказаў, якія вызначаюць манеру пісьменніка, яго стыль. Сінтакс. і рытмічная будова маст. тэксту набывае ў М.п. функцыі маст. сродкаў: «Спакойна і павольна, як у зачараваным сне, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну...» (Я.Колас). Спалучэнне поліфункцыянальнасці і канкрэтнасці моўных сродкаў, дакладнасці і адчувальнасці вобразаў, сінтакс. і стылістычнай арганізацыі маст. тэксту дае магчымасць майстрам слова ствараць непаўторныя па сіле эстэт. ўздзеяння на чытача маст. творы.
Літ.:
Янкоўскі Ф. Слова і яго ўжыванне // Янкоўскі Ф. Роднае слова. 2 выд.Мн., 1972;
Стыль пісьменніка. Мн., 1974;
Храпченко М.Б. Творческая индивидуальность писателя и развитие литературы. 4 изд. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУПА́НЧЫЧ ((Żupančić) Отан) (23.1.1878, в. Вініца, Славенія — 11.6.1949),
славенскі паэт; адзін з прадстаўнікоў т. зв. «славенскага мадэрну». Чл. Славенскай акадэміі навук і мастацтваў (1938). Дырэктар Нац.т-ра ў Любляне (1918—49). У першым паэт.зб. «Чаша п’янлівасці» (1899) адчуваецца ўплыў дэкадансу. Зб. «Праз раўніну» (1904) поўны жыццесцвярджальных ідэй і вобразаў. Аўтар зб-каў «Маналогі» (1908), «На досвітку дня Віда» (1920; на грамадска-паліт. тэмы), «Барвінак пад снегам» (1945). Яго творчасці ўласціва сувязь з нар.-паэт. традыцыямі: кн. для дзяцей «Пісанкі» (1900), «Сто загадак» (1915), п’есы «Ноч на свята верных душ» (1904) і інш. Вядомы як публіцыст і перакладчык. Творы Ж. на бел. мову перакладаў Н.Гілевіч (анталогія «Маці мая, Славенія», 1976, і інш.).
армянскі рэжысёр, тэатр. дзеяч. Нар.арт. Арменіі (1954). Сцэнічную дзейнасць пачаў пасля заканчэння Пецярбургскага ун-та (1916). Арганізатар і заснавальнік Арм.т-ра імя С.Шаўмяна (Тбілісі, 1921), Арм.т-ра імя Г.Сундукяна (да 1928 гал. рэжысёр) і Працоўнага т-ра імя М.Горкага (1931—35 гал. рэжысёр) у Ерэване. У 1937—43, 1957—59 гал. рэжысёр Ерэванскага рус.драм.т-ра. З 1944 выкладаў у Ерэванскім маст.-тэатр. ін-це (праф. з 1946). Лепшыя пастаноўкі вызначаліся глыбінёй рэжысёрскай задумы, выразнасцю мізансцэн, праўдзівасцю акцёрскіх вобразаў («Дзядзька Багдасар» А.Параняна, 1927; «На дне» М.Горкага, 1929; «Рэвізор» М.Гогаля, 1930; «На світанні» А.Сцепаняна, 1938; «Венецыянскі купец», 1940, і «Атэла», 1956 У Шэкспіра; «Злы дух» А.Шырванзадэ, 1959). Аўтар кн. «Шлях і мастацтва» (1963).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТКО́ВА (Святлана Сяргееўна) (н. 16.8.1941, в. Абросаўка Краснаармейскага р-на Самарскай вобл., Расія),
бел. мастак манум.-дэкар. мастацтва і жывапісец. Дачка С.П.Каткова. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). З 1968 працуе на Мінскім маст.-вытв. камбінаце. Алегарычнай ёмістасцю вобразаў, выразнасцю колераў вызначаюцца размалёўкі ў кінатэатры «Вільнюс» (1976), Палацы культуры чыгуначнікаў (1978, абедзве з З.Літвінавай), рэстаране «Планета» (1980) у Мінску, Палацы культуры камбіната нярудных матэрыялаў у р.п. Мікашэвічы Лунінецкага р-на (1982), актавай зале тэхн. вучылішча харчавікоў у Слуцку («Купалле», 1984). Дэкаратыўнасць колеру і кампазіцыйнай будовы ўласцівы станковым творам: «Зялёны май. Перамога» (1973), «Палявыя кветкі» (1974), «Летняя ноч» (1975), «Сярэбраныя травы» (1977), «Жніво» (1982), «Дзень памяці» (1984), цыклы «Поры года», «Народныя святы. Калядкі», «Італія. Карнавал» (усе 1995—98). Іл.гл. да арт.Васковы жывапіс.