ДУ́БАЎ Георгій Савельевіч (9.12.1933, г. Чыта, Расія — 9.8.1995),

беларускі акцёр. Нар. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1958). З 1959 у Гродзенскім абл. драм. т-ры, з 1964 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Мастацтву Д. былі ўласцівы яркая характарнасць, камед. майстэрства, імправізацыйнасць. Акцёр дэталі, штрыха; імклівы, лёгкі, гарэзлівы і адначасова востры, удумлівы. Сярод лепшых роляў: Цярэшка Калабок («Трыбунал» А.​Макаёнка), Жывата Цвіёвіч («Доктар філасофіі» Б.​Нушыча), Стары («Шчаслівае здарэнне» С.​Мрожака), жонка Журдэна («Здурнелы Журдэн» М.​Булгакава), Дон Хуан («Многа шуму з нічога» У.​Шэкспіра).

Г.С.Дубаў.
Г.Дубаў у ролі Жываты Цвіёвіча.

т. 6, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСКАНДО́РАЎ Адыль Рза аглы (5.5.1910, г. Гянджа, Азербайджан — 18.9.1978),

азербайджанскі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1959). Праф. (з 1956). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1936). У 1937—60 гал. рэж. і дырэктар Азерб. акад. т-ра імя М.​Азізбекава (Баку). Паставіў спектаклі: «Платон Крэчат» А.​Карнейчука (1926), «Вагіф» (1938) і «Фархад і Шырын» (1941) С.​Вургуна, «Гонар» А.​Шырванзадэ (1940), «Раніца Усходу» Э.​Мамедханлы (1948, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Айдын» Дж.​Джабарлы (1940), «Атэла» У Шэкспіра (1959) і інш. Творчасці характэрны манум. героіка, урачыстасць, яркая відовішчнасць. З 1961 у кіно як акцёр і рэжысёр.

т. 7, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ФЛАНД (Iffland) Аўгуст Вільгельм (19.4.1759, г. Гановер, Германія — 22.9.1814),

нямецкі акцёр, драматург, рэжысёр. З 1777 акцёр т-ра ў Гоце, з 1779 Мангеймскага т-ра (з 1792 гал. рэжысёр), з 1796 у Берлінскім каралеўскім нац. т-ры. Сярод роляў: Філіп, Франц («Дон Карлас», «Разбойнікі» Ф.​Шылера), Шэйлак («Венецыянскі купец» У.​Шэкспіра), Натан («Натан Мудры» Г.​Лесінга). Лепшыя ролі выканаў ва ўласных п’есах і п’есах А. фон Кацэбу. Прадстаўнік жанру мяшчанскай драмы: п’есы «Злачынства з пыхлівасці» (1784), «Узнагароджанае пакаянне», «Паляўнічыя» (абедзве 1785), «Сярэдні шлях — дабрачыннасць» (1788) і інш. адлюстроўвалі ідэалогію бюргерства. Аўтар кн. «Мая тэатральная ніва» (1798).

т. 7, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКРЭ́ДЗІ (Macready) Уільям Чарлз (3.3.1793, Лондан — 27.4.1873),

англійскі акцёр, рэжысёр. Дэбютаваў у 1810 у Бірмінгеме. З 1816 у Лондане ў т-рах «Ковент-Гардэн» (у 1837—39 кіраўнік), «Друры-Лейн» (у 1841—43 кіраўнік). Пастаноўшчык і выканаўца гал. роляў у п’есах: «Генрых V» У.​Шэкспіра, «Два Фаскары» Дж.​Байрана, «Страфард» Р.​Браўнінга, «Ліёнская прыгажуня», «Рышэльё» Э.​Дж.​Булвер-Літана. Акцёр вял. драм. тэмпераменту. Яго мастацтву ўласціва яркая тэатральнасць, глыбокае пранікненне ў псіхал. сутнасць вобраза. Адзін з першых адрадзіў на сцэне сапраўдныя шэкспіраўскія тэксты. Сярод роляў: кароль Лір, Гамлет, Макбет (аднайм. п’есы Шэкспіра).

т. 9, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСАЛІ́ЦІНАЎ Мікалай Восіпавіч (24.2.1880, г. Ялец Ліпецкай вобл., Расія — 22.3.1961),

расійскі і балгарскі акцёр, рэжысёр. Брат В.В.Масаліцінавай. Нар. арт. Балгарыі (1948). Скончыў драм. школу пры Малым т-ры ў Маскве (1907). У 1907—19 акцёр МХТ. Сярод роляў: Скалазуб («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Салёны («Тры сястры» А.​Чэхава). З 1925 у Балгарыі, да 1944 гал. рэжысёр, рэжысёр Нар. т-ра ў Сафіі. Паставіў спектаклі «Беспасажніца» А.​Астроўскага, «Квадратура круга» В.​Катаева, «Платон Крэчат» А.​Карнейчука, «Царская міласць» К.​Зідарава і інш. З роляў: Тарцюф («Тарцюф» Мальера), Матыяс Клаўзен («Перад захадам сонца» Г.​Гаўптмана). Дзімітраўская прэмія 1950.

т. 10, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСІО́ЛІС (Masiulis) Альгімантас (н. 10.7.1931, Сурдзякіс Уценскага пав., Літва),

літоўскі акцёр. Нар. арт. Літвы (1981). У 1948—76 акцёр Панявежскага, з 1978 — Каўнаскага драм. т-раў. Сярод лепшых роляў: Паднеўскіс, Дамінікас («Унія», «Бурштынавая віла» Ю.​Грушаса), Гелавініс («Шарунас» В.​Крэве), Макдуф («Макбет» У.​Шэкспіра), Курт, Густаў («Танец смерці», «Крэдыторы» А.​Стрындберга), Гелікон («Калігула» А.​Камю) і інш. З 1957 здымаецца ў кіно: «Ніхто не хацеў паміраць» (1965), «Шчыт і меч» (1968), «Час яе сыноў» (1976), «Лёс» (1978), «Лета заканчваецца восенню» (1982), «Перамога» (1984) і інш. Яго мастацтва вызначаецца тэатральнасцю, псіхалагізмам, унутранай экспрэсіяй.

т. 10, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУ́ХА (Průcha) Яраслаў (24.4.1898, Скврняні, каля г. Пльзень, Чэхія — 25.4.1963),

чэшскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Чэхаславакіі (1953). У 1924—28 акцёр Гар. т-ра ў Кладна (з 1963 імя П.), у 1931—63 працаваў у Нац. т-ры ў Празе. Сярод роляў: Гален («Белая хвароба» К.​Чапека), Ян Жыжка, Войнар, Дзівішак («Ян Жыжка», «Войнарка», «Бацька» А.​Ірасека), Марцін Кабат («Жарты з чортам» Я.​Дрды), Вяршынін («Тры сястры» А.​Чэхава), Лёўшын («Ворагі» М.​Горкага) і інш. Найб. цікавыя рэжысёрскія работы — пастаноўкі п’ес І.​К.​Тыла (у т. л. «Упартая жанчына»). Дзярж. прэміі Чэхаславакіі 1951, 1952.

т. 13, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУХУЛА́ Сідгі (сапр. Рухула Фатула аглы Ахундаў; 9.4.1886, Баку — 5.5.1959),

азербайджанскі акцёр. Нар. арт. СССР (1949). На сцэне з 1906. З 1924 вядучы акцёр Азерб. т-ра імя Азізбекава ў Баку. Лепшыя ролі: Гаджы Кара («Гаджы Кара» А.​Ахвердава), Надзір («Надзір-Шах» Н.​Нарыманава), Каджар («Вагіф» С.​Вургуна), Агалараў («Раніца Усходу» Э.​Мамедханлы), Атакішы («Севіль» Дж.​Джабарлы), Рустам («Сіявуш» Г.​Джавіда), Лір, Атэла («Кароль Лір», «Атэла» У.​Шэкспіра) і інш. Яго творчасць зрабіла вял. ўплыў на развіццё нац. драм. т-ра. Выступаў у операх, аперэтах, здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1948.

Літ.:

Джафаров М.Д. Сидги Рухулла. Баку, 1956.

т. 13, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛЬМА́ (Talma) Франсуа Жазеф (15.1.1763, Парыж — 19.10.1826),

французскі акцёр, педагог. Скончыў Каралеўскую школу дэкламацыі і спеваў у Парыжы. У 1787—91, з 1799 у т-ры «Камеды Франсэз» у Парыжы, у 1791—99 удзельнічаў у стварэнні і рабоце «Тэатра Рэспублікі». З 1806 праф. драм. класа Парыжскай кансерваторыі. Акцёр класіцысцкай трагедыі. Мастацтву характэрны ідэалізацыя і манументальнасць вобразаў у спалучэнні з вял. эмацыянальнасцю. Выступаў пераважна ў тагачасным рэпертуары, з пач. 19 ст. — у трагедыях У.​Шэкспіра: Макбет, Атэла, Гамлет (аднайм. п’есы). Рэфарматар сцэн. касцюма і грыму. Аўтар тэатр. мемуараў (1931).

Літ.:

Дейч А.И. Франсуа-Жозеф Тальма. М., 1973.

т. 15, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́КАЎЛЕЎ Аляксей Сямёнавіч (14.11.1773, С.-Пецярбург — 15.11.1817),

рускі акцёр. Дэбютаваў у 1794 у Пецярбургскім т-ры. Папярэднік рамантызму ў сцэн. мастацтве. Акцёр буйнога тэмпераменту; яго выканаўчай манеры былі ўласцівы схільнасць да эмац. дынамічнай ігры, драм. пантамімы. Сярод роляў: Іодай («Гафалія» Ж.​Расіна), Танкрэд («Танкрэд» Вальтэра), Ярб («Дыдона» Я.​Княжніна), Мейнаў («Нянавісць да людзей і раскаянне» А.​Кацэбу), Джонсан («Чорны чалавек» М.​Жэрневальда), Шэкспір («Закаханы Шэкспір» Ж.​Дзюваля), Фінгал, Дзмітрый Данскі, Агамемнан («Фінгал», «Дзмітрый Данскі», «Паліксена» У.​Озерава). Першы выканаўца на рус. сцэне шэрагу роляў у п’есах У.​Шэкспіра і Ф.​Шылера.

А.С.Якаўлеў.

т. 18, кн. 1, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)