падзел літаратурнага працэсу на асобныя этапы, перыяды адпаведна асаблівасцям развіцця л-ры, якасным зменам, якія адбываюцца ў яе маст. сістэме. Узаемазвязана з агульнай канцэпцыяй гісторыі л-ры, у многім вызначае яе знешнюю будову, служыць больш глыбокаму і аб’ектыўнаму раскрыццю працэсу развіцця нац. л-ры на працягу стагоддзяў.
Як сац. з’ява і адна з найважн. галін духоўнай культуры л-ра развіваецца ў цеснай сувязі з гіст. жыццём народа. Яе асн. этапы вылучаюцца адпаведна буйным культ.-гіст. эпохам, што падзяляюцца на больш дробныя перыяды, якія ў розных народаў маюць розныя храналагічныя межы і сваю спецыфіку, абумоўленыя асаблівасцямі іх духоўнага быцця, літ. працэсу і інш. У прыватнасці, у гісторыі многіх еўрап. народаў не было антычнасці ў класічным паняцці гэтага слова. а іх л-ры зараджаліся ў эпоху сярэднявечча, якое ў розных краінах мела розную працягласць і нярэдка, але недакладна называецца стараж. эпохай (напр., Стараж. Русь). У 19—20 ст. у сувязі з больш дынамічным, самаст., менш непасрэдна залежным ад грамадз. гісторыі развіццём л-ры яе этапы вылучаюцца пераважна паводле ўласна літ. крытэрыяў, якасных змен у жанравай сістэме, у прынцыпах асэнсавання і адлюстравання чалавека і рэчаіснасці, маст.-выяўл. прыёмах і сродках, паводле эвалюцыі літ. кірункаў, творчых метадаў і інш. Усякая П. даволі ўмоўная, бо не бывае раптоўных пераходаў ад адной літ. эпохі да другой, рэзкіх змен маст.сістэм.Літ. традыцыі папярэдніх эпох працягваюць уплываць на развіццё л-ры, захоўваючы пераемнасць літ. працэсу. Аднак без вырашэння праблемы П., без выяўлення асн. тэндэнцый і гіст. этапаў нельга пабудаваць канцэптуальную, навук. гісторыю л-ры.
Першыя спробы П. літ. працэсу на Беларусі належаць аўтарам першых комплексных даследаванняў па гісторыі ўласна бел. л-ры: Я.Карскаму, М.Багдановічу і М.Гарэцкаму, які ў сваёй «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992) яе шматвяковы шлях падаў сістэматызавана, канцэптуальна, у гіст. развіцці. Прапанаваная ім П. [падзел на 3 этапы: старая (11—18 ст.), новая (19 ст.), найноўшая (з канца 19 ст.)] у сваёй аснове ўлічвае самыя важныя асаблівасці развіцця прыгожага пісьменства на бел. землях на працягу стагоддзяў і з пэўнымі ўдакладненнямі была прынята бел.літ.-знаўствам. У апошні час у сувязі з працай над новай шматтомнай гісторыяй бел. л-ры яе П. ўдакладнена: даўняя (11—1-я пал. 18 ст.), новая (2-я пал. 18—19 ст.) і найноўшая (20 ст.). У сваю чаргу кожны з 3 этапаў падзяляецца на асобныя перыяды. У прыватнасці, у гісторыі даўняга бел. пісьменства вылучаюцца 3 этапы: сярэднявечча (11—15 ст.), Адраджэнне (16 ст.) і барока (канец 16—1-я пал. 18 ст.), што больш дакладна ўлічвае асаблівасці развіцця самой л-ры і дае магчымасць больш арганічна ўпісаць яе ў агульнаеўрап. кантэкст.
Літ.:
Гл. да арт.Літаратуразнаўства, Літаратурны працэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІУДАІ́ЗМ,
рэлігійны, нацыянальны і этычны светапогляд, які традыцыйна вызначаў вераванні і жыццёвы ўклад яўрэяў У больш вузкім сэнсе — нац. рэлігія яўрэяў, дзярж. рэлігія Ізраіля. Узнік у 2-м тысячагоддзі да н.э. Адыграў гал. ролю ў станаўленні стараж. дзяржавы — Ізраільска-Іудзейскага царства (10 ст. да н.э.). Прыхільнікі І. веруюць у Яхве — адзінага Бога, стваральніка і ўладара Сусвету, у бессмяроцце душы, замагільнае жыццё, будучы прыход Месіі, богавыбранасць яўр. народа. Тэрмін «І.» паходзіць ад назвы яўр. племяннога аб’яднання Іуды, якое было самым шматлікім сярод усіх 12 яўр. плямён («дванаццаці кален ізраілевых»), а ў канцы 11 ст. да н.э. стала пануючым. Гал. крыніцай веравучэння І. з’яўляецца Біблія (прызнаецца толькі Стары Запавет), асн. догмы выкладзены ў першых яе 5 кнігах, аб’яднаных у Тору (Пяцікніжжа Майсеева). Цэнтрам І. ў 1-м тыс. да н.э. быў Іерусалімскі храм (у 586 да н.э. зруйнаваны вавіланянамі, адбудаваны; у 70 н.э. зруйнаваны канчаткова рымлянамі). У перыяд 2-га Храма найб. поўным выражэннем І. стала Галаха — сукупнасць законаў, якія вызначаюць рэліг. жыццё яўрэяў. Ва ўмовах рым. прыгнёту (1 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.) сфарміравалася вучэнне аб будучым прыходзе Месіі — збавіцеля з роду Давіда, які павінен адрадзіць Ізраільска-Іудзейскае царства. Пасля зруйнавання 2-га Храма рэліг. жыццё І. засяродзілася вакол сінагог, рэліг. кіраўнікамі сталі законавучыцелі — рабіны, якія не маюць такой складанай іерархіі, як хрысціянскія свяшчэннаслужыцелі. Да 5 ст.н.э. склалася другая па значэнні крыніца І. — Талмуд, дзе сабраны ўсе дагматычныя, рэліг.-этычныя і прававыя палажэнні, рэгламентуюцца складаная абраднасць і нормы паводзін кожнага верніка. З пашырэннем хрысціянства (з 4 ст.дзярж. рэлігія Рым. імперыі) і ісламу (I ст.), якія бяруць пачатак у І., узнік іх канфлікт з І.: яўрэйства адмовілася прызнаць прэтэнзіі гэтых рэлігій на новыя ісціны і разглядала іх як скажэнне І.; тыя, са свайго боку, ставіліся да І. як да нейкага гіст. рудымента і богаадступніцтва. Доўгі час нормы Галахі садзейнічалі ізаляванасці яўрэяў сярод іншаэтнічнага і іншаканфесійнага насельніцтва ў дыяспары. У 19 ст. ў сувязі з эмансіпацыяй яўрэяў (ураўнаванне ў правах з астатнім насельніцтвам) у шэрагу зах.-еўрап. краін узнікла супярэчнасць паміж неабходнасцю захавання вернасці І. і інтэграцыяй у навакольнае культ. асяроддзе. Вынікам гэтага стала з’яўленне новых кірункаў у І., адрозненні паміж якімі вызначаюцца адносінамі да Галахі: выкананне ўсіх яе патрабаванняў абвяшчае артадаксальны І.; за сінтэз традыцый з паступовымі рэформамі выступае кансерватыўны І.; адмаўленне ад прызнання бясспрэчнасці законаў Галахі і выкананне толькі яе асобных палажэнняў характарызуе рэфармісцкі (прагрэсісцкі) І.
У Беларусі першыя звесткі пра яўрэяў, прыхільнікаў І., вядомы з канца 14 ст. Гэта акты аб прывілеях 1388—89 вял. князя Вітаўта, дадзеныя 5 яўр. абшчынам ВКЛ: у Троках, Брэсце, Гродне, Луцку і Уладзіміры-Валынскім. У цэнтр. і ўсх. Беларусі І. пашырыўся з 16 ст. Побач з артадаксальным І. у 18 ст. на Украіне ўзнікла яго новая містычная плынь — хасідызм, які меў пэўнае пашырэнне і на Беларусі, але не адыграў тут значнай ролі. І. вызначаў духоўнае жыццё яўр. мас Беларусі да рэв. пераўтварэнняў 1920-х г. (у Зах. Беларусі да 1939). У 1980-я г. пачалося адраджэнне І. На 1.1.1998 у Рэспубліцы Беларусь 18 іудзейскіх абшчын (у т. л. 8 прагрэсісцкіх).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
асноўны закон дзяржавы. Прынята 15.3.1994 на 13-й сесіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. 24.11.1996 па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў праведзены рэферэндум, на падставе якога ў Канстытуцыю ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні. Абноўлены тэкст Канстытуцыі набыў сілу 27.11.1996. Канстытуцыя складаецца з прэамбулы, 9 раздзелаў, у якіх 8 глаў і 146 артыкулаў. Адлюстроўвае новы сац.-эканам. і паліт. этап развіцця грамадства і дзяржавы: замацаванне поўнага дзярж. суверэнітэту, далейшае адраджэннебел. нацыі і культуры, прызнанне роўнай абароны і роўных магчымасцей усіх форм уласнасці. Зменена назва дзяржавы, яна стала наз. Рэспубліка Беларусь. Артыкул I падкрэслівае, што Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакр.сац.-прававая дзяржава, якая валодае ўсёй паўнатой улады на сваёй тэрыторыі і самастойна ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку. Чалавек з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы. Вызначаны новы прававы статус грамадзян, прызнаны натуральныя правы чалавека, пашырана кола правоў і свабод (гл.Канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь), замацаваны іх гарантыі і формы абароны. Вызначаны асновы канстытуцыйнага ладу краіны. Адзінай крыніцай дзярж. улады ў краіне з’яўляецца народ, які ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна і праз прадстаўнічыя органы. Дэмакратыя ажыццяўляецца на падставе разнастайнасці паліт. ін-таў, ідэалогіі і поглядаў, плюралізму думак. Ідэалогія паліт. партый, рэліг. або інш. грамадскіх аб’яднанняў, сац. груп не можа ўстанаўлівацца як абавязковая для грамадзян. Забараняецца стварэнне і дзейнасць паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўную змену канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сац., нац., рэліг. і расавай варожасці. Дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўлад: заканад., выканаўчай і судовай. Дзярж. органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго. Прызнаецца прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнар. права, не дапускаецца заключэнне міжнар. дагавораў, што супярэчаць Канстытуцыі. Дзяржава рэгулюе адносіны паміж сац., нац. і інш. супольнасцямі на падставе іх роўнасці перад законам, адказвае за захаванне гісторыка-культ. спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх супольнасцей, што пражываюць у краіне. Забяспечваецца роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў. Замацоўваюцца гуманныя прынцыпы знешняй палітыкі дзяржавы, ставіцца за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву нейтральнай. Дзярж. мовамі ў краіне з’яўляюцца бел. і руская. Вызначаны сімвалы дзяржавы — герб, сцяг і гімн. Сталіца — г. Мінск. Паўнапраўным кіраўніком дзяржавы з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Вызначана працэдура яго выбрання, пасля рэферэндуму 1996 значна пашырана кола яго паўнамоцтваў і абавязкаў. Вышэйшым прадстаўнічым заканад. органам дзярж. улады з’яўляецца Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, які складаецца з 2 палат — Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў. Захавана пераемнасць у назве мясц. прадстаўнічых органаў — Саветаў (у Канстытуцыі яны называюцца Саветамі дэпутатаў). Мясц. кіраванне і самакіраванне ў адм.-тэр. адзінках ажыццяўляюць мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэр. грамадскага самакіравання, сходы і інш. Пасля рэферэндуму 1996 зменены назва і статус урада, які атрымаў назву Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. На чале яго стаіць Прэм’ер-міністр. Створаны Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь, Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. Асобная глава Канстытуцыі прысвечана выбарчай сістэме: акрэслены абавязкі і паўнамоцтвы суда і пракуратуры. Асобны раздзел прысвечаны фін.-крэдытнай сістэме дзяржавы. Канстытуцыя мае вышэйшую юрыд. сілу: законы і інш. акты дзярж. органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. Апошні раздзел Канстытуцыі рэгламентуе парадак яе дзеяння і ўнясення змен ў яе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКІЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ, грамадскія аб’яднанні,
недзяржаўныя формы грамадз. самавыяўлення, самакіравання і самадзейнасці. У залежнасці ад мэт і маштабаў дзейнасці аб’ядноўваюць грамадзян на добраахвотнай аснове для сумеснай абароны і развіцця разнастайных інтарэсаў і патрэб (сац., эканам., паліт., культ., навук., рэлігійных і інш.). Масавыя грамадскія арганізацыі і рухі фарміруюцца і дзейнічаюць пераважна на аснове прынцыпаў агульнаграмадскай карысці і сац. справядлівасці, нац.-патрыятычных, дэмакр., прававых ідэй, што дазваляе ім укараніцца ў грамадскім жыцці, уплываць на грамадскую свядомасць, а ў пэўных выпадках мабілізаваць грамадства на сумеснае пераадоленне перашкод і пагроз яго існаванню. Прататыпы грамадскіх арганізацый вядомы з глыбокай старажытнасці, напр. Акадэмія Платона ў Стараж. Грэцыі, пахавальныя калегіі ў Стараж. Рыме, раннехрысціянскія брацтвы. Паступовыя змены ў грамадстве абумовілі яго больш складаны характар, што выявілася ў росце колькасці грамадскіх арганізацый і актывізацыі іх дзейнасці ў перыяд бурж. рэвалюцый у Зах. Еўропе. Неабходную прастору для ўзнікнення шматлікіх грамадскіх арганізацый адкрыла абвяшчэнне і прававое замацаванне ў дэкларацыях, хартыях, канстытуцыях асн. правоў і свабод чалавека і грамадзяніна: свабоды і недатыкальнасці асобы; роўнасці перад законам; свабоды слова, друку, сходаў, аб’яднанняў; права на сац. пратэст супраць прыгнёту і інш. Сфарміраваліся і сталі традыцыйнымі для зах. грамадства асн. ідэйна-паліт. плыні — сацыялістычная (камуністычная), сацыял-дэмакр., ліберальная і кансерватыўная. Яны з’явіліся падставай для ўзнікнення і дзейнасці шматлікіх грамадскіх арганізацый, найперш паліт. партый і саюзаў, эканам. аб’яднанняў і інш. Пастаяннае месца ў грамадскім жыцці займаюць прафсаюзы, якія ў 2-й пал. 20 ст. значна пашырылі свой уплыў на заканадаўства і сац. палітыку дзяржаў. У апошнія дзесяцігоддзі 20 ст. ўзмацняецца паліт. значэнне і ўплыў экалаг. партый і арг-цый («зялёных»), а таксама аб’яднанняў і арг-цый, якія сваёй гал. мэтай лічаць садзейнічанне развіццю грамадскай самадзейнасці на рэгіянальным узроўні. Значна павялічваецца ў грамадскім жыцці роля навук., культ., асв. і інш. арг-цый, якія імкнуцца актыўна ўплываць на дзярж. палітыку ў сваіх галінах. Развіваюцца і пашыраюцца міжнар. кантакты і супрацоўніцтва грамадскіх арганізацый асобных краін. Пэўнаму развіццю ў гэтым кірунку спрыяла прыняцце ААН Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (1948) і міжнар. Пактаў аб правах (1966), ратыфікаваных шматлікімі краінамі свету, у т. л. Беларуссю. Асн. палажэнні гэтых дакументаў знайшлі сваё замацаванне ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994.
У БССР існавалі такія масавыя грамадскія арганізацыі, як КПБ, ЛКСМБ, прафсаюзы, аб’яднанні пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў, архітэктараў, т-ва «Веды» і інш. У Зах. Беларусі дзейнічалі грамадскія арганізацыі рэв.-дэмакратычныя (Беларуская сялянска-работніцкая грамада, «Змаганне»), культ.-асветныя (Таварыства беларускай школы), навуковыя (Беларускае навуковае таварыства ў Вільні), дабрачынныя (Чырвоная дапамога), рэлігійныя і інш. Змены ў паліт. і грамадскім жыцці з пач. 1990-х г. знайшлі адлюстраванне ў шырокім плюралізме грамадскіх арганізацый рознага характару і накіраванасці. Арганізацыйна аформіліся Беларускі народны фронт «Адраджэнне», паліт. партыі, аб’яднанні і саюзы, якія прадстаўляюць практычна ўсе спектры грамадскага жыцця. Сярод іх Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, Бел.к-т абароны міру, Бел. асацыяцыя садзейнічання ААН, Беларускі фонд культуры, Бел.патрыят. саюз моладзі, Беларускае таварыства аховы прыроды, т-ва «Экалагічная культура», жаночыя аб’яднанні і інш. Пашыраецца актыўнасць рэліг. арг-цый, у т. л. традыцыйных і нетрадыцыйных сектаў. Неабходнасць дапамогі дзяржаве ў пераадоленні вынікаў Чарнобыльскай катастрофы 1986 прывяла да ўзнікнення шэрагу грамадскіх арганізацый («Ахвяры Чарнобыля», «Дзеці Чарнобыля», «Дзецям Чарнобыля» і інш.), якія садзейнічаюць станоўчаму вырашэнню гэтай балючай для бел. народа праблемы. На 1.10.1997 зарэгістравана 2002 грамадскія арганіхацыі, з іх 855 рэспубліканскіх, 119 міжнародных, 952 мясцовыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ВА,
асноўны інстытут сістэмы грамадства, які з’яўляецца гал. сродкам паліт. улады, арганізоўвае, накіроўвае і кантралюе сумесную дзейнасць і ўзаемаадносіны людзей, сац. суполак, слаёў, класаў і асацыяцый. Першапачаткова азначала супольнасць людзей, якія жывуць на пэўнай тэрыторыі, аб’ядноўваюцца і кіруюцца органамі ўлады, утворанымі з мэтай абароны жыцця, свабоды і маёмасці грамадзян, забеспячэння дзярж. суверэнітэту краіны. У такім сэнсе Дз. трактавалася да 17 ст., калі Н.Макіявелі, Т.Гобс, Дж.Лок, Ж.Ж.Русо абгрунтавалі дакладную размежаванасць Дз. і грамадства.
Асн. адзнакі Дз.: адасабленне публічнай улады ад грамадства, яе несупадзенне з арганізацыяй усяго насельніцтва, з’яўленне слоя прафес. кіраўнікоў; наяўнасць пэўнай тэрыторыі, суверэнітэту, г. зн. вярхоўнай улады над пэўнай тэрыторыяй, якая мае права выдаваць законы і ўтвараць нормы, абавязковыя для ўсяго насельніцтва; функцыянаванне асобай сістэмы органаў і ўстаноў, што складаюць механізм Дз., спецыфічнае месца ў якім займаюць праваахоўныя ін-ты (суд, пракуратура, а таксама армія, міліцыя і інш.); наяўнасць права, г. зн. абавязковых правіл паводзін, якія ўстанаўліваюцца і санкцыянуюцца, кантралююцца Дз.; існаванне падаткаў, якія неабходны для матэрыяльнага забеспячэння дзярж. палітыкі: эканам., сац., абароннай і інш.; абавязковасць членства ў Дз., грамадзянства. якое чалавек атрымлівае з моманту нараджэння ці па адпаведнай просьбе (у выніку эміграцыі і інш.).
Істотнае значэнне мае тыпалогія Дз. з пункту гледжання класавай прыроды дзярж. улады (якому сац. класу яна служыць). Існуе падзел (гал. чынам у марксісцка-ленінскай тэорыі) на рабаўладальніцкую, феад., бурж., пралетарскую Дз. Паводле формы праўлення адрозніваюць Дз. манархічную (абсалютную ў Саудаўскай Аравіі, Амане ці канстытуцыйную ў Англіі, Швецыі, Іспаніі) і рэспубліканскую (прэзідэнцкую ў ЗША, Расіі, Беларусі, Францыі і інш. ці парламенцкую ў Германіі, Ізраілі, Турцыі і інш.); паводле формы дзярж. ўладкавання — унітарную (Беларусь), канфедэратыўную (Швейцарыя), федэратыўную (Расія, ЗША, Мексіка); паводле паліт. рэжыму — дэмакратычную, аўтарытарную, таталітарную.
У сучасным грамадстве шырока абмяркоўваюцца праблемы станаўлення і развіцця прававой і сацыяльнай Дз. Для прававой Дз. характэрны: наяўнасць грамадз. супольнасці; абарона правоў і свабод асобы, грамадз. парадку, стварэнне прававых умоў для гасп. дзейнасці ўсім яе суб’ектам; прававая роўнасць усіх грамадзян, прыярытэт правоў чалавека над законамі Дз.; усеагульнасць права, яго распаўсюджанне на ўсіх грамадзян, усе арганізацыі і ўстановы, у т. л. і органы дзярж. улады; раздзяленне заканадаўчай, выканаўчай і судовай улад; суверэнітэт народа як канчатковага вытоку ўлады, падначаленасць яму дзярж. суверэнітэту. Сацыяльная Дз. — гэта такі сац.-паліт.ін-т, які забяспечвае кожнаму грамадзяніну дастойныя ўмовы існавання, сац. абароненасці, аднолькавыя магчымасці для самарэалізацыі кожнага чалавека ў грамадстве, саўдзельніцтва ў кіраванні вытв-сцю і інш. сферамі грамадскага жыцця, у т. л. палітычнага.
На тэр. Беларусі першыя дзярж. ўтварэнні існавалі ў 9—13 ст. у выглядзе буйных княстваў — Полацкага, Тураўскага, Мінскага (Менскага), Гродзенскага (Гарадзенскага), Навагрудскага (гл. адпаведныя арг.). Далейшае развіццё дзяржаўнасць набыла ў Вялікім княстве Літоўскім. У 1569 ВКЛ уступіла ў канфедэратыўны саюз з Польшчай і стварыла разам з ёй адзіную Дз. Рэч Паспалітую. У выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай землі Беларусі былі далучаны да Расійскай імперыі. Адраджэннебел. дзяржаўнасці адбылося ў пач. 20 ст. з абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі (25.3.1918) і ўтварэннем Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1.1.1919). 27.7.1990 прынята Дэкларацыя аб дзярж. суверэнітэце БССР. На сесіі Вярхоўнага Савета БССР 19.9.1991 зацверджана назва Дз. — Рэспубліка Беларусь. Паводле новай рэдакцыі Канстытуцыі 1994, зацверджанай рэферэндумам 1996, Рэспубліка Беларусь з’яўляецца унітарнай дэмакр. сацыяльна-прававой Дз.
Літ.:
Доўнар-Запольскі М.В. Асновы Дзяржаўнасьці Беларусі. Мн., 1994;
Пугачев В.П., Соловьев А.И. Введение в политологию. 3 изд. М., 1997;
Матусевич А.В. Политическая система: Состояние и развитие. Кн. 1. Мн., 1992;
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ША НІ́ВА»,
штотыднёвая, грамадска-паліт., навук.-асв. і літ.-маст. газета. Выдавалася з 10(23).11.1906 да 7(20).8.1915 у Вільні на бел. мове кірыліцай, да 18(31).10.1912 і лацінкай. Засн. лідэрамі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) братамі І. і А.Луцкевічамі, В.Іваноўскім, А.Уласавым, А.Пашкевіч (Цётка) і інш. Рэдактары-выдаўцы С.Вольскі, Уласаў (з 8.12.1906), Я.Купала (з 7.3.1914 рэдактар, з 16.5.1914 рэдактар-выдавец). Рэдактарамі аддзелаў у розны час былі Я.Купала, Я.Колас, З.Бядуля, Х.Імшэнік (заг. канторы і сакратар рэдакцыі да 1909), В.Ластоўскі (з 1909 сакратар рэдакцыі), Ядвігін Ш., С.Палуян (С.Ясяновіч), А.Бульба (В.Чыж) і інш. Друкавала вершы, нарысы, маст. прозу, навук.-папулярныя артыкулы, мела рубрыкі «У Думе і каля Думы», «Паштовая скрынка» і інш. Да выхаду ў свет. газ.«Беларус» гуртавала аўтараў усіх веравызнанняў і кірункаў, якія выступалі за культ.-нац.адраджэнне Беларусі. Мела больш за 3 тыс. сталых і часовых карэспандэнтаў у пав. і губ. гарадах, мястэчках і вёсках Беларусі, Маскве, Пецярбургу, Сібіры, за мяжой. Нязменнымі ў «Н.н.» заставаліся ідэя сац.-паліт., эканам. і культ. адраджэння Беларусі, яе супрацоўніцтва з інш. народамі, апазіцыя да самадзяржаўя. Тэматыка, змест і характар падачы матэрыялаў мяняліся ў залежнасці ад паліт. сітуацыі і складу рэдакцыі. У праграмным артыкуле 1-га нумара падкрэслена агульнанац. пазіцыя газеты: «Наша ніва» — газета не рэдакцыі, але ўсіх беларусаў і ўсіх тых, хто ім спагадае...». У 1906—07 шмат месца займалі матэрыялы агітац. і крытычнага зместу. Паводле ацэнкі Віленскага ахоўнага аддзела ў 1908 «Н.н.» напачатку была больш памяркоўная, чым «Наша доля», але пасля «стала змяшчаць артыкулы ўзбуджальнага характару, за што падвяргалася некалькі разоў канфіскацыі». Віленская суд. палата ў чэрв. 1907 пачала суд. праследаванне рэдактара Уласава за матэрыялы, апубл. ў 8-м нумары (арт. «Дума і народ», «Зямельная справа ў Новай Зеландыі», верш Я.Коласа «Расійскія абразы»), 9-м (арт. «Работа Думы») і 12-м («Дзяржаўная Дума»), а таксама за аператыўна-інфармац. рубрыкі «З усіх старон», «З Беларусі і Літвы», «Аб усім патроху». Паводле ацэнкі цэнзуры, артыкулы «напамінаюць падпольныя пракламацыі». Рэдактар абвінавачваўся за тое, што апублікаваў артыкулы, якія пабуджаюць да бунту і звяржэння існуючага ў дзяржаве грамадскага ладу. Рэдакцыя «Н.н.» плаціла штрафы, а Уласаў у 1910 быў зняволены. У 1915 такім самым абвінавачаннем пачалося суд. праследаванне рэдактара Я.Купалы за арт. А.Язмена «Думкі» (16.1.1915). Адкрытая крытыка царызму і агітацыя на барацьбу за дэмакр. рэформы (цыкл артыкулаў 1907 Я.Коласа пад псеўд. Марцін «Дума і народ», «Партыі ў Думе» і інш.) пасля разгону 2-й Дзярж. думы (чэрв. 1907) не знікала са старонак газеты, але набыла больш памяркоўны асветніцкі характар. «Н.н.» пераарыентавалася на абарону адраджэнскіх ідэалаў Беларусі, мірнага і паступовага прагрэсу праз дэмакратызацыю цэнтр. і мясц. органаў улады, выступала за стварэнне ўрада, адказнага перад парламентам, выбранага шляхам усеагульнага, роўнага і прамога галасавання, за ліквідацыю рэшткаў феад. прыгонніцтва, рэарганізацыю сельскай гаспадаркі (развіццё сял. землеўладання, фермерскай гаспадаркі), культ.-нац. аўтаномію, развіццё адукацыі, друку і кнігавыдання на роднай мове. Пад уплывам сац.-эканам. праграмы БСГ «Н.н.» заставалася выданнем, арыентаваным на абарону правоў і свабод бел. працоўнага народа — сялян, рабочых, рамеснікаў, нар. інтэлігенцыі. «Н.н.» крытыкавала палітыку П.Сталыпіна, асуджала рэпрэсіі супраць удзельнікаў вызв. руху, выкрывала дзярж. эксплуатацыю сялянства, прапаганду і правакацыі чарнасоценных паліт. груповак. У шэрагу артыкулаў і нататкаў абгрунтоўвала неабходнасць супрацоўніцтва беларусаў з нац. меншасцямі на аснове раўнапраўя і асветы на роднай мове. «Н.н.» выступала супраць шавінізму польск. абшарніцка-клерыкальных колаў, асвятляла сац. бяспраўе сялян-беднякоў, рабочых, эмігрантаў у Еўропе і ЗША Калі рэдактарам стаў Я.Купала, газета адмовілася ад прапаганды хутароў, даказвала бесперспектыўнасць для малазямельнага сялянства сталыпінскай агр. палітыкі, акцэнтавала ўвагу на спецыфічных умовах Беларусі, дзе з нац. праблемай звязана «справа сялянская і справа работніцкая». Выкрывала імперыяліст. сутнасць 1-й сусв. вайны.
Найважнейшай задачай «Н.н.» лічыла ўсебаковае развіццё эканомікі, грамадскай духоўнай культуры народа, стварэнне нац. стылю культуры і нац. школ у бел. л-ры, тэатр., муз. і выяўл. мастацтвах шляхам засваення айч. этнакульт. традыцый і творчых здабыткаў сусв., найперш рус., укр. і польскай маст. культур. Падтрымлівала ўсе формы нар.эканам. і культ.-асв. самадзейнасці, памагала прафесіяналізацыі ў галіне л-ры, інш. відаў мастацтва. На яе старонках упершыню апубл. многія творы Я.Купалы (паэмы «Курган», «Бандароўна», 170 вершаў і каля 30 артыкулаў), Я.Коласа (каля 125 вершаў, больш за 40 апавяданняў, нарысаў і артыкулаў, урыўкі з паэмы «Новая зямля»), М.Багдановіча, Цёткі, А.Гаруна лепшыя дарэв. вершы і артыкулы З.Бядулі, М.Гарэцкага, Ц.Гартнага, К.Каганца, У.Галубка, К.Буйло, А.Гурло, Я.Журбы, Г.Леўчыка, К.Лейкі, А.Паўловіча, Ядвігіна Ш., А.Петрашкевіча, Ф.Чарнушэвіча, Э.Будзькі, Старога Уласа, Л.Лобіка, І.Піліпава і інш. На старонках газеты адбывалася станаўленне бел.літ.-маст. крытыкі, публіцыстыкі, культуралогіі, фалькларыстыкі (артыкулы, нарысы, даследаванні Я.Купалы, Я.Коласа, Багдановіча, Л.Гмырака, А.Бульбы, Гарэцкага, Ластоўскага, братоў Луцкевічаў, У.Самойлы, Р.Зямкевіча і інш.). Пісьменнікі і крытыкі «Н.н.» арыентаваліся на літ.-эстэт. традыцыі крытычнага рэалізму і прагрэс. рамантызму, выкарыстоўвалі творчыя здабыткі імпрэсіянізму, экспрэсіянізму і інш. авангардысцкіх кірункаў. Яе супрацоўнікі даследавалі нар. побыт і фальклор, хатнія рамёствы, праводзілі арганізац. і навук. працу па даследаванні гісторыі бел. культуры і яе тагачаснага стану, стваралі муз.-тэатр. гурткі, дапамагалі станаўленню Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, заснавалі Беларускі музей у Вільні. На старонках газеты складваліся лексічныя і граматычныя нормы новай бел.літ. мовы. У палемічных артыкулах, памфлетах і вершах выкрывалася антыбел. палітыка польскіх і рас. шавіністаў, антыбел. кірунак рэакц. друку (газ. «Минское слово», «Северо-Западная жизнь», «Виленский вестник» і інш.). Газета прапагандавала здабыткі іншанац. культур, змяшчала ў перакладзе на бел. мову творы Э.Ажэшкі, А.Міцкевіча, У.Сыракомлі, М.Канапніцкай, Ю.Славацкага, С.Жаромскага, Т.Шаўчэнкі, В.Стафаніка, Л.Талстога, А.Чэхава, М.Горкага, У.Караленкі, В.Брусава, урыўкі з артыкулаў В.Бялінскага; адзначала юбілеі Талстога, М.Гогаля, Шаўчэнкі, Славацкага, Ф.Шапэна, Ч.Дарвіна.
«Н.н.» была свайго роду грамадскім ін-там бел. культуры, выконвала ролю каардынацыйнага выдавецкага цэнтра. У 1907—13 яе намаганнямі апубл.зб-кі «Песні-жальбы» і «Апавяданні» Я.Коласа, «Вянок» Багдановіча, «Бярозка» Ядвігіна Ш., «Чыжык беларускі» Леўчыка, літ.-знаўчыя брашуры Зямкевіча, перакладныя творы. Выпускала штогадовы «Каляндар «Нашай нівы», альманахі «Зборнік «Нашай нівы», «Калядную пісанку. 1913 год» і інш. Важнае месца на яе старонках займалі праблемы вясковага самакіравання, нар. адукацыі, этычнай культуры, экалогіі [арт. Мацея Крапіўкі (Цёткі) «Як нам вучыцца», Гмырака «Жыла, жыве і будзе жыць!», «Мова ці гутарка», «Якой нам трэба школы?», «Аб вясковай інтэлігенцыі», «Земства і воласць» і інш.]. Шмат увагі аддавала папулярызацыі прыродазнаўчых, эканам., с.-г. і прававых ведаў. Друкавала практычныя рэкамендацыі па земляробстве, жывёлагадоўлі, агародніцтве, выхаванні дзяцей. Апублікаваныя ў ёй даследаванні — аўтарытэтныя крыніцы па агульнай гісторыі, гісторыі л-ры, этнаграфіі, мастацтве, гісторыі нац.-вызв. руху, рэлігіязнаўстве. Сярод іх — ананімны арт. «Сымон Канарскі», нарысы А.Пагодзіна «Уладыслаў Сыракомля», Д.Дарашэнкі «Беларусы і іх нацыянальнае адраджэнне», Зямкевіча «Адам Ганоры Кіркор», Власта (Ластоўскага) «Аб беларускім местачковым і вясковым хатнім рамясле», «З мінуўшчыны гораду Быхава», «10-летні юбілей літоўскага друку», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага». У «Н.н.» ўпершыню апубл. манаграфія Ластоўскага «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Важнай крыніцай па гісторыі бел. л-ры, мовы, журналістыкі, мастацтва з’яўляецца архіў «Н.н.» Бел. музея ў Вільні, рукапісная спадчына Я.Купалы, Я.Коласа, Багдановіча, Гаруна, Гарэцкага і інш. (захоўваецца ў архівах Літвы і ў Бел.дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва).
Літ.:
Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;
Яго ж. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гт.). Мн., 1968;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Пуцявінамі Янкі Купалы: Дак. і матэрыялы. Мв., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНА́РДА ДА ВІ́НЧЫ (Leonardo da Vinci; 15.4.1452, г. Вінчы, Італія — 2.5.1519),
італьянскі жывапісец, скульптар, архітэктар, тэарэтык мастацтва, вучоны, інжынер. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Высокага Адраджэння.
Імкнуўся да спалучэння навук. і маст. мыслення, разглядаў жывапіс як універсальную мову, якая пры дапамозе прапорцый і перспектывы ўвасабляе ўсю разнастайнасць праяўлення разумнага пачатку ў прыродзе. У творчасці спалучаў натуралістычнасць выявы з ідэалістычнасцю задумы, увасобіў новы эстэт. ідэал, стварыў вобраз гарманічнага, духоўнага і фізічна дасканалага чалавека.
Вучыўся жывапісу ў майстэрні А.Верок’ё (1467—72). Яе метады працы, у якіх маст. практыка спалучалася з тэхн. эксперыментамі, збліжэнне з астраномам П.Тасканелі, паўплывалі на развіццё яго навук. інтарэсаў. У ранні фларэнційскі перыяд (1452—81) развіваў традыцыі кватрачэнта. Творам уласціва плаўная аб’ёмнасць форм, падкрэсленая мяккай святлаценню мяккім святлаценем («Мадонна Роскін», анёл у карціне Верок’ё «Хрышчэнне Хрыста», пасля 1470; «Дабравешчанне», каля 1474; т.зв. «Мадонна Бенуа», каля 1478). Карціна «Пакланенне вешчуноў» (1481—82, не скончана) вызначаецца пошукамі драм. экспрэсіі, заснаванай на міміцы і руху. У 1482—1500 працаваў у Мілане пры двары герцага Л.Сфорцы, празванага Мора, які даручыў Леанарда заснаваць Акадэмію мастацтва. Для выкладання ў ёй склаў трактаты пра жывапіс, святло, цень, рух, прапорцыі цела чалавека і інш. Быў ваен. інжынерам, гідратэхнікам, арганізатарам прыдворных феерый. Як архітэктар распрацаваў варыянты «ідэальнага» горада, канструкцыі цэнтральна-купальнага храма. У 1490—1500 працаваў над вял. (7,2 м) конным манументам Ф.Сфорцы (мадэль яго ў натуральны памер была зруйнавана французамі пры ўзяцці Мілана). У 1490—91 выканаў жывапісны твор «Мадонна з дзіцем» («Мадонна Літа»). У карціне «Мадонна ў скалах» (1483—94; 2-і варыянт каля 1497—1511) найб. дасканала распрацаваў уласцівую большасці яго твораў кампазіцыю, пабудаваную на дакладных разліках. Яна ўяўляла сабой замкнёную ідэальную прастору, т.зв. прасторавую піраміду (трохвугольнік), у якую ўпісваюцца фігуры; найтанчэйшая святлацень (сфумата) мае ролю духоўна-сувязнага пачатку. У трапезнай кляштара Санта-Марыя дэле Грацые стварыў размалёўку «Тайная вячэра» (1495—97), якая стала адной з вяршынь усяго еўрап. мастацтва. У гэтым творы Леанарда адкрыў для жывапісу новую галіну — псіхал. канфлікт. Высокі этычны змест перададзены праз строгія матэм. заканамернасці кампазіцыі, што падпарадкоўвае сабе рэальную арх. прастору, праз ясную расстаноўку персанажаў, сістэму іх жэстаў і мімікі. Пасля 1500 працаваў у Фларэнцыі, Мантуі, Венецыі, Мілане, Рыме; у 1516 па запрашэнні караля Францыска I прыехаў у Францыю. У Фларэнцыі працаваў над размалёўкай у Палацца Век’ё («Бітва пры Анг’яры», 1503—06, не скончана, вядома па копіях з кардону), якая стаіць ля вытокаў батальнага жанру. У партрэце Моны Лізы (т. зв. «Джаконда», каля 1503) увасобіў узнёслы ідэал жаноцкасці і прыгажосці. У позніх творах развіваў пошукі ў галіне святлопаветранай перспектывы і гарманічнай пірамідальнай кампазіцыі («Св. Ганна з Марыяй і немаўляткам Хрыстом», каля 1500—07). Эксперыменты з маст. матэрыяламі, разнастайнасць інтарэсаў абумовілі невял. колькасць завершаных яго маст. і навук. работ, іх дрэнную захаванасць. Як вучоны ўзбагаціў амаль усе галіны ведаў свайго часу. У галіне механікі вывучаў пытанні трэння, раўнавагі, супраціўлення матэрыялаў і інш. Распрацоўваў канструкцыі машын і механізмаў, шмат з якіх значна апярэдзілі свой час (праекты металургічных печаў і пракатных станаў, ткацкіх станкоў, друкарскіх, дрэваапрацоўчых, землекапальных і інш. машын, падводнай лодкі, танка, лятальных апаратаў і парашута), праекты фартыфікацыйных і гідратэхн. збудаванняў. Шмат эксперыментаваў у галіне оптыкі, выказваў правільныя здагадкі аб прыродзе бінакулярнага зроку. Блізка стаяў да стварэння геліяцэнтрычнай сістэмы светабудовы. Займаўся анатамічнымі даследаваннямі, імкнуўся ўвесці ў біялогію эксперым. метад. Упершыню стаў разглядаць батаніку як самаст.біял. дысцыпліну. Яго анат. малюнкі сталі асновай сучаснай навук. ілюстрацыі. Да нашага часу захавалася каля 7 тыс. аркушаў яго рукапісаў і запісных кніжак, частка з якіх увайшла ў «Трактат пра жывапіс», што склаў пасля смерці мастака яго вучань Ф.Мельцы. Іл.гл. таксама да арт.Адраджэнне.
Тв.:
Рус.пер. — Книга о живописи. М., 1934;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1935;
Избр. естественнонаучные произв. М., 1955;
Анатомия Записки и рисунки. М., 1965.
Літ.:
Дживелегов АК. Леонардо да Винчи. М., 1974;
Нардини Б. Жизнь Леонардо: Пер. с итал. М., 1978;
Гастев А. Леонардо да Винчи. М., 1982.
Л.Ф.Салавей.
Леанарда да Вінчы. Мадонна з дзіцем (Мадонна Літа). Каля 1490—91.Леанарда да Вінчы. Аўтапартрэт. Каля 1510—13.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ МАСТА́ЦКІЯ ПРО́МЫСЛЫ,
адна з форм народнай творчасці, звязаная з вырабам прадметаў дэкар.-прыкладнога характару на продаж; галіна народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; арганічная частка матэрыяльнай і духоўнай культуры народа. Вытокі Н.м.п. у хатніх промыслах, якія з цягам часу ператварыліся ў дробную таварную вытв-сць (гл.Рамёствы). Існавалі звычайна як невял. саматужныя майстэрні з выкарыстаннем ручной працы, у выглядзе хатняй вытв-сці (працавала адна сям’я), радзей як арцелі майстроў, што пераходзілі з вёскі ў вёску. У формах, расфарбоўцы, арнаментацыі вырабаў Н.м.п. яскрава выяўляюцца эстэт. густы народа, яго шматвяковыя культ. традыцыі. Залежнасць ад патрабаванняў рынку вымушала майстроў прытрымлівацца мясц. традыцый, аператыўна адгукацца на патрабаванні і густы спажыўцоў (чужое, безгустоўнае не прыжывалася).
Вядомы ўсім народам свету У некат. краінах развіццё капіталіст. адносін, пашырэнне прамысл. вырабаў прывяло Н.м.п. да заняпаду або поўнага выраджэння (ЗША, краіны Зах. Еўропы). У некат. краінах, дзе капіталіст. таварна-грашовыя адносіны не набылі развітога характару (пераважна Азія і Афрыка), шырока бытуюць і ў наш час. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачалося іх адраджэнне як важнай часткі нац. культуры. Шырока вядомы сярэднеазіяцкае дыванаткацтва, апрацоўка каштоўных і каляровых металаў у народаў Каўказа, бурштыну і скуры ў Прыбалтыцы, косці і футра ў народаў Д. Усходу, у Расіі філігрань, фініфць. выраб карункаў, кераміка (гл.Гжэльская кераміка, Дымкаўская цацка), размалёўка па дрэве і метале (гл.Жостаўская размалёўка, Хахламская размалёўка), лакавая мініяцюра (гл.Лакі мастацкія, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Фядоскінская мініяцюра, Холуйская мініяцюра) і інш.
На Беларусі асн. відамі Н.м.п. здаўна былі ганчарства, розныя віды мастацкага пляцення (пераважна з лазы), такарнае рамяство, набіванка, пернікарства, выраб мэблі, часткова — ткацтва, вышыўка. Найб. пашырыліся Н.м.п. ў канцы 19—1-й пал. 20 ст., хоць насычэнне рынку адносна таннымі прамысл. вырабамі прывяло некат. іх віды да заняпаду (набіванка, пернікарства). У сувязі са зменамі ў канструкцыі, паляпшэннем знешняга і ўнутр. выгляду нар. жылля пашырыліся віды Н.м.п., звязаныя з дэкар. аздабленнем інтэр’ера: размалёўка па дрэве, шкле, палатне (гл.Агоўская размалёўка, Агоўскія куфры, Давыд-Гарадоцкія куфры, Лідскія куфры, Нарачанска-Дзісенскія дываны), саломка мастацкая. З мэтаю падтрымкі Н.м.п. у асяродках іх традыц. развіцця земствы арганізоўвалі школы і майстэрні: ткацкія — у Севасцянавічах (Магілёўшчына) і Лепелі, лозапляцення — у Магілёве і Гомелі і інш. Было арганізавана Таварыства дапамогі хатняму рамяству, якое дапамагала нар. майстрам у паляпшэнні якасці вырабаў, узбагачэнні форм і дэкору, арганізацыі збыту прадукцыі. У 1920—30-я г. майстры-саматужнікі аб’ядноўваліся ў арцелі (ганчарныя, ткацка-вышывальныя і інш.). У 1938 створаны Бел.маст.-прамысл. саюз, які аб’яднаў іх у адзіную сістэму. У час Вял.Айч. вайны і пасляваен. перыяд адбудовы вёскі ў сувязі з недахопам прамысл. утылітарна-дэкар. вырабаў аднавіліся традыц. Н.м.п., пераважна ганчарства, ткацтва, пляценне з саломы і лазы, аплікацыя саломай па дрэве і палатне, размалёўка. Многія асяродкі традыц. Н.м.п. паслужылі асновай для стварэння вытв. аб’яднанняў і ф-к маст. вырабаў з апорнымі пунктамі па рабоце з майстрамі-надомнікамі ў навакольных вёсках. У 1965 яны былі далучаны да Упраўлення маст. прам-сці Мін-вамясц. прам-сці Беларусі. У 1988 упраўленне рэарганізавана ў Бел.вытв.-гандл. аб’яднанне «Белмастпромыслы», у 1991 — у асацыяцыю «Бел.нар.маст. промыслы», з 1993 — у Бел.дзярж. канцэрн маст. промыслаў. У канцы 1980-х г. уздым цікавасці да нац.бел. культуры і прыняцце закона аб індывідуальнай працоўнай дзейнасці (1987) адрадзілі традыц. Н.м.п. і пашырылі новыя формы іх арганізацыі (кааператывы, дамы рамёстваў і інш.). У 1999 прыняты закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь».
Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998.
Я.М.Сахута.
Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Ганчар І.Генбіцкі з в. Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобл.Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Майстрыха аплікацыі саломкай на тканіне К.Русаковіч з в. Рухава Старадарожскага раёна Мінскай вобл.Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Майстар мастацкай размалёўкі Дз.Цубер з г. Давыд-Гарадок Столінскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХО́ДЫ ТЭЎТО́НСКАІА О́РДЭНА НА БЕЛАРУ́СЬ,
шматразовыя напады Тэўтонскага ордэна на ВКЛ, у т. л. землі Беларусі, у канцы 13 — пач. 15 ст. Упершыню прэтэнзіі Ордэна на пэўныя землі ВКЛ выказаны ў 1245, калі імператар Фрыдрых II выдаў вял. магістру Ордэна Генрыху фон Гогенлоэ прывілей, які даваў яму правы на землі, што ён здабудзе ў Куроніі, Літве і Земгаліі. Напачатку падставай для паходаў на ВКЛ быў язычніцкі стан балцкага насельніцтва, якое, згодна з устанаўленнямі крыжакоў, падлягала хрышчэнню. Прэтэнзіі Ордэна на землі ВКЛ падмацоўваліся і граматай (фальшывай?) кн. Міндоўга, якой ён быццам бы завяшчаў сваю дзяржаву Тэўтонскаму ордэну ў тым выпадку, калі застанецца без нашчадкаў. Войны Ордэна супраць ВКЛ пачаліся пасля падпарадкавання ім прусаў у 1283. Да 1309 быў заняты каланізацыяй Прусіі і ўнутраным яе ўмацаваннем, таму далейшую агрэсію праводзіў адносна невял. сіламі. Гал. аб’ектам яго нападаў была Жамойць, дзе апорнымі іх базамі сталі збудаваныя на Нёмане і Балтыйскім узбярэжжы замкі Мемельбург, Рагніт, Скірстымонія і інш. Паходы арганізоўвалі ордэнскія ўлады ўсіх узроўняў. Баявыя дзеянні цягнуліся бесперапынна, дробныя наезды невял. атрадаў перамяжоўваліся больш буйнымі паходамі — да некалькіх тыдняў. У 1290—94 крыжакі штогод рабілі не менш як 2 паходы. Часам яны нападалі на Гродна, якое літвіны выкарыстоўвалі як базу для нападаў на Прусію і Польшчу. Паходы на Гродна праведзены ў 1284, 1295, 1296 (двойчы), 1305, 1306 (двойчы). Прыгранічныя напады рыцараў на ВКЛ адбываліся і ў часы іх ваен. дзеянняў з Польшчай у 1309—43. Пераважна яны нападалі на Жамойць, а таксама на Гродна (1311, 1328), Навагрудак (1314). У адказ войскі ВКЛ учынялі паходы на крыжацкія замкі і ўладанні. Буйнейшы з іх праведзены сумесна з польскімі войскамі на Брандэнбург у 1326 пад кіраўніцтвам Давыда Гарадзенскага. Прывілеем 1337 імператар Людовік IV Баварскі перадаў вял. магістру Тэўтонскага ордэна і яго пераемнікам часткі зямель ВКЛ — Жамойць, Куронію і Русь. Пасля замірэння Ордэна з Польшчай (1343) маштабнасць і колькасць яго нападаў на землі ВКЛ павялічыліся. Некалькі разоў яны штурмавалі Вільню, Трокі, рабілі рэйды ў Верхняе Панямонне (да мяст. Дзяляцічы), нападалі на Беліцу (1377), Ліду (1384), Брэст (1379), Камянец (1373, 1375, 1379). Вял. князі ВКЛ Альгерд, Кейстут, Ягайла не заўсёды аказвалі моцнае супраціўленне Ордэну з-за ваен. дзеянняў на усх. і паўд. рубяжах краіны. Найб. значная бітва адбылася 2.2.1348 на р. Стрэва, у якой удзельнічалі атрады з Полацка, Віцебска, Смаленска, Брэста і інш. гарадоў. 29.10.1379 Кейстут і Ягайла заключылі перамір’е з Ордэнам, які абавязаўся 10 гадоў не нападаць на «рускія» землі ВКЛ. Але ў хуткім часе пагадненне было парушана і напады крыжакоў адбыліся ў 1382 і 1383. З часу хрышчэння літоўскай часткі насельніцтва ВКЛ ў выніку Крэўскай уніі 1385 рэлігійныя падставы агрэсіі Ордэна зніклі, паходы крыжакоў на пэўны час спыніліся. Яны аднавіліся пасля таго, як Вітаўт паводле Салінскага дагавора 1398 абяцаў перадаць Ордэну Жамойць узамен на падтрымку яго ў барацьбе за велікакняжацкі пасад. Невыкананне ўмоў гэтага дагавора прывяло да новых вял. паходаў крыжакоў (у 1402 да Салечнікаў, у 1403 да Ашмян). Рымскі папа Баніфацый IX булай ад 9.9.1403 забараніў крыжовыя паходы супраць ВКЛ. Канец паходам Тэўтонскага ордэна на землі ВКЛ паклалі Рацёнжскі дагавор 1404 і Грунвальдская бітва 1410, хоць яшчэ да Мельнскага міру 1422 вяліся ваенныя дзеянні Ордэна з Польшчай і ВКЛ на тэр. Прусіі. Гл. таксама Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.
Літ.:
Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага княства Літоўскага і Рускага (Беларуска-Літоўскай дзяржавы) з Тэўтонскім ордэнам у канцы XIV — першай палове XV ст. // Адраджэнне: Гіст. альманах. Мн., 1995. Вып. 1;
Сагановіч Г. Беларусь і Нямецкі ордэн (да Крэўскай уніі) // З глыбі вякоў Наш край. Мн., 1997. Вьш. 2;
Петр из Дусбурга. Хроника земли Прусской: Пер. с лат.М., 1997;
Lietuvių, karas su kryżinoćiais. Vilnius, 1964;
Lowmiański H. Agresja Zakonu Krzyżackiego na Litwę w wiekach XII — XV // Lowmiański H. Prusy — Litwa — Krzyżacy. Warszawa, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАДУ́ЛІН (Рыгор Іванавіч) (н. 24.2.1935, в. Гарадок Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт, перакладчык. Нар. паэт Беларусі (1992). Скончыў БДУ (1959). Працаваў у перыяд. друку, з 1969 у выд-ве «Беларусь», з 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1953. Нізка вершаў «На зямлі цаліннай» склала асн. змест першай кнігі «Маладзік над стэпам» (1959). Выдаў каля 40 кніг лірыкі, сатыры, зб-каў для дзяцей. У ранняй творчасці (кн. лірыкі «Рунець, красаваць, налівацца!», 1961; «Нагбом», 1963; «Неруш», 1966; «Адам і Ева», 1968) данёс да чытача трываласць асноў нар. маралі і этыкі, пераканаў у таленавітасці бел. народа, у яго багатай духоўнасці. У паэзіі асэнсоўвае асн. змест эпохі: вайну, убачаную дзіцячымі вачыма, клопат пасляваен. дачаснага ўзмужнення падлеткаў, сённяшні і заўтрашні дзень планеты. У вершах «Жароўня», «Труба», «Стэарынавая свечка», «Хлебнічак», «Цялушка», «Палата мінёраў», «Скрыпачы» і інш. — старонкі біяграфіі пакалення дзяцей вайны, што вырастаюць да маштабнага асэнсавання трагізму жыцця бел. народа на акупіраванай тэрыторыі. Творчасць паэта вызначаецца разнастайнасцю жанраў, вобразна-стылявых сродкаў, яркай метафарычнасцю, тонкім псіхалагізмам, багаццем моўнай палітры. Скарбы вуснай нар. творчасці, засвоеныя з дзяцінства, сталі дабратворнай глебай, на якой прарасла, зарунела непаўторная творчая індывідуальнасць Барадуліна. У яго творах адкрываецца жывая крыніца хараства мовы і мудрасці нашага народа, яго традыцый і звычаяў, своеасаблівай натурфіласофіі. Разам з тым народна-паэтычнае ў творчасці Барадуліна нельга вылучыць з індывідуальнага. Дзякуючы такому сінтэзу паэту ўдаецца ствараць манум. вобразы Маці, Радзімы, Бацькаўшчыны. Многія вобразы ранняй лірыкі нярэдка маюць працяг у пазнейшых творах (зб-кі «Маўчанне перуна», 1986; «Самота паломніцтва», 1990; «Міласэрнасць плахі», 1992; «Евангелле ад Мамы», 1995). У апошніх кнігах узмацняецца гучанне біблейскіх матываў. Паэт нярэдка звяртаецца да жанру малітвы, малітвы за постчарнобыльскае выжыванне і адраджэннебел. нацыі. Імкненнем далучыцца да агульначалавечай духоўнай культуры абумоўлены зварот да Бібліі ў «Трыкірыі». Аўтар зб-каў сатыр. і гумарыстычных твораў «Дойны конь» (1965), «Станцыя кальцавання» (1971), «Прынамсі...» (1977), «Амплітуда смеласці» (1983), «Мудрэц са ступаю» (1988) і інш., эпіграм на дзеячаў бел. л-ры і мастацтва (альбом «Няўрокам кажучы», 1971, шаржы М.Лісоўскага; «Абразы́ без абра́зы», 1985, шаржы К.Куксо); твораў для дзяцей (зб-кі «Мех шэрых, мех белых», 1963; «Красавік», 1965; «Экзамен», 1969; «Ай! Не буду! Не хачу!», 1971; «Што было б тады б, калі б?», 1977; «Ці пазяхае бегемот?», 1981; «Азбука не забаўка», 1985, і інш.), зб. артыкулаў і эсэ «Парастак радка, галінка верша» (1987). На бел. мову пераклаў п’есу «Ветрык, вей!» Я.Райніса, зб-кі твораў А.Вазнясенскага «Небам адзіным» (1980), І.Драча «Мелодыя каліны» (1981), Г.Містраль «Ветраліст» (1984), Умара Хаяма «Рубаі» (1989), «Слова пра паход Ігаравы» (1986), паасобныя творы У.Шэкспіра, Дж.Байрана, П.Нэруды, Н.Гільена, А.Міцкевіча, В.Каратынскага, У.Бранеўскага, С.Нерыс, О.Вацыеціса, С.Паптонева, С.Ясеніна, Я.Еўтушэнкі, Б.Акуджавы, Б.Ахмадулінай, М.Нагнібеды, Р.Гамзатава і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976 за паэму «Балада Брэсцкай крэпасці» (1974). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1976 за зб. вершаў «Рум» (1974) і кнігу перакладаў выбр. лірыкі Ф.Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады» (1975). Песні на словы Барадуліна напісалі І.Барсукоў, Г.Вагнер, З.Галубіцкая, Я.Глебаў, У.Журовіч, М.Наско, Дз.Смольскі, М.Хаўхлянцаў і інш.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1984;
Свята пчалы. Мн., 1975;
Белая яблыня грому. Мн., 1979;
Вечалле. Мн., 1980;
Паэмы прызвання. Мн., 1982;
Трэба дома бываць часцей... Мн., 1995.
Літ.:
Гарэлік Л.М. Зямля бацькоў дала мне права. Мн., 1983;
Клышка А. Адзін з майго пакалення // Клышка А. Права на верш. Мн., 1967;
Шклярэўскі І. Жывая душа: Фрагменты да літ. партрэта Рыгора Барадуліна // Полымя. 1970. № 2;
Зуёнак В. Лінія высокага напружання // На стрыжні часу. Мн., 1973;
Яго ж. Неба тваіх вачэй: Маналог з Ушаччыны // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983;
Арочка М. Нагбом з глыбінь // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;
Бечык В. Неабходнасць прыгожага // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;
Яго ж. Свет увесь жывы табой... // Бечык В. Перад высокаю красою... Мн., 1984;
Караткевіч У. Шчыравала ў бары пчала... // Полымя. 1977. № 1;
Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 74—90;
Сямёнава А. «Шчаслівай зоркі самародак...» // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;
Лойка А. Па законах таленту // Лойка А. Паэзія і час.Мн., 1981;
Семашкевіч Р. Ганчарны круг паэта // Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982;
Стральцоў М. Ад маладзіка да поўні // Барадулін Р. Выбр.тв.Мн., 1984. Т. 1;
Тарасюк Л. Вернасць вытокам. Мн., 1985. С. 94—110.