ПРАЦЯЖНЫ́ СТАНО́К,

металарэзны станок для апрацоўкі паверхняў рознай формы працягваннем.

П.с. класіфікуюць: па кампаноўцы (гарыз. і верт.); прызначэнні (унутранага і вонкавага працягвання); характары адноснага руху рабочага органа (са зваротна-паступальным і паступальным па замкнёным контуры); колькасці рабочых органаў (адзінарныя і здвоеныя (дуплексы)); ступені механізацыі (звычайныя, паўаўтаматы, аўтаматы); ступені універсальнасці (агульнага прызначэння, спецыяльныя і спецыялізаваныя). Найб. пашыраныя: П.с. гарыз. (выкарыстоўваюць для ўнутранага працягвання) і верт. (для працяжных работ).

На Беларусі вырабляюцца на Мінскім станкабуд. з-дзе імя С.​М.​Кірава.

В.​І.​Шагун.

т. 13, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЭЙ, Пей (Pei) Ёх Мінг (н. 26.4.1917, г. Гуанчжоў, Кітай), амерыканскі архітэктар. З 1935 вывучаў архітэктуру ў ЗША. Раннія работы выкананы пад уплывам ням. архітэктараў В.Гропіуса і Л.Міс ван дэр Роэ (вышынны будынак «Цэнтр» у Дэнверы, 1955). З канца 1960-х г. развівае ўласны арх. стыль: Нац. цэнтр атм. даследаванняў у Булдэры (1967), Нац. галерэя мастацтваў у Вашынгтоне (1978), б-ка імя Кенэдзі ў Бостане (1979), шкляныя піраміды перад будынкам Луўра ў Парыжы (1985—93) і інш. Праектаваў таксама ў Кітаі.

т. 13, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-ТУРЭ́ЦКІЯ САЮ́ЗНЫЯ ДАГАВО́РЫ.

Дагаворам 1799, падпісаным 3 студз. ў Стамбуле тэрмінам на 8 гадоў, аформлена далучэнне Турцыі да 2-й антыфранц. кааліцыі. Расія ад імя саюзнікаў гарантавала недатыкальнасць тэр. Асманскай імперыі, якая была парушана ўварваннем французаў у Егіпет (гл. Егіпецкая экспедыцыя 1798—1801). У сакрэтных арт. дагавора Расія абяцала ваен. дапамогу Турцыі ў барацьбе з французамі. Дагаворам 1805, падпісаным 23 вер. ў Стамбуле, пацверджаны дагавор 1799. Страціў сілу з пач. рус.-турэцкай вайны 1806—12 (гл. Руска-турэцкія войны 17—19 ст.).

т. 13, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЎЧАНКА Емяльян Рыгоравіч (18.8.1899, г. Верхнядзвінск Віцебскай вобл. — 1.5.1966),

генерал-маёр (1943). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1933) і Генштаба (1941). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны, баёў на Зах. фронце і па ліквідацыі фарміраванняў Махно і Пятлюры. У Вял. Айч. вайну на Ленінградскім фронце: нач. штаба, нам. камандзіра стралк. корпуса, нач. штаба арміі, нам. нач. тылу Войска Польскага; удзельнік абароны і прарыву блакады Ленінграда, Вісла-Одэрскай і інш. аперацый. У 1947—53 на выкладчыцкай рабоце ў Ваен. акадэміі.

т. 14, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІДАРЭ́НКА Мікалай Мікалаевіч (28.9 1905, г. Курск, Расія — 24.12.1980),

рускі паэт, перакладчык. Скончыў Маскоўскі мех. ін-т імя Ламаносава (1931). Друкаваўся з сярэдзіны 1920-х г. У лірыцы пераважае грамадз.-патрыят. тэматыка. Творы 1950—70-х г. вызначаюцца філасафічнасцю, спавядальнасцю, асэнсаваннем гісторыі свайго народа, асабістага лёсу. Аўтар зб-каў «Незабыўнае» (1959), «Завеі і лебедзі» (1970), «Трыліснік» (1980) і інш. На рус. мову пераклаў вершы і паэму «Курган» Я.​Купалы, вершы А.​Куляшова, С.​Грахоўскага, К.​Кірэенкі, А.​Пысіна.

М.​І.​Мішчанчук.

т. 14, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМІРЭ́НКА Леў Платонавіч (18.2.1855, с. Мліеў Корсунь-Шаўчэнкаўскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 8.1.1920),

украінскі вучоны ў галіне пладаводства і памалогіі. Скончыў Адэскі ун-т (1879). У 1887 заклаў у с. Мліеў матачны калекцыйны сад і памалагічны расаднік (каля 3 тыс. раслін) і праводзіў там выпрабаванні, шляхам клонавага адбору ствараў новыя сарты. У 1921 на базе саду створана Мліеўская доследная станцыя садоўніцтва, якая з 1958 носіць яго імя.

Тв.:

Крымское промышленное плодоводство. М., 1912;

Помология. Т. 1—3. 2 изд. Киев, 1972—73.

т. 14, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНІ́ЧКІН Фёдар Міхайлавіч (27.12.1901, с. Гаўрылаўка Аляксееўскага р-на Самарскай вобл., Расія — 17.7.1962),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху ў Баранавіцкай вобл., Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ленінградскую пях. школу (1928), курсы ўдасканалення каманднага саставу (1935). У Чырв. Арміі з 1919. У Вял. Айч. вайну ў тыле праціўніка ў жн. 1941 арганізаваў партыз. групу ў Налібоцкай пушчы, з снеж. 1942 камандзір партыз. брыгады Ленінскай, у чэрв.—кастр. 1943 — партыз. брыгады імя С.​М.​Кірава. З 1945 на сав. рабоце.

т. 14, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСАКЯ́Н Нарайр Марціросавіч (25.1.1907, г. Аштарак, Арменія — 12.3.1966),

расійскі біяхімік. Акад. АН СССР (1960, чл.-кар. 1953). Акад. АН Арм. ССР (1965). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.​А.​Ціміразева (1932). З 1935 у Ін-це біяхіміі АН СССР. Навук. працы па вывучэнні ролі ферментаў у працэсах абмену рэчываў, біяхіміі засухаўстойлівасці і глебавым жыўленні раслін, тэхн. біяхіміі, касм. біялогіі. Дзярж. прэмія СССР 1952. Яго імем названы кратэр на Месяцы.

Тв.:

Биохимия обмена веществ. М., 1954.

Літ.:

Н.​М.​Сисакян. М., 1967.

т. 14, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМІТСАНІ́Т (ад імя англ. мінералога і хіміка Дж.​Смітсана), цынкавы шпат,

мінерал класа карбанатаў, карбанат цынку ZnCO3. Змяшчае аксід цынку (ZnO) да 64,99% (Zn — 52%). Прымесі медзі, магнію, марганцу, жалеза, кобальту, кадмію і інш. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Утварае зямлістыя ці шчыльныя скрытакрышт. агрэгаты, нацечныя формы, скарынкі. Колер белы, зялёны, светла-карычневы, жоўты і інш., бывае бясколерны. Паўпразрысты. Бляск шкляны з перламутравым адлівам. Цв. 4,5—5. Шчыльн. 4,1—4,5 г/см³. Крохкі. Утвараецца ў зонах акіслення свінцова-цынкавых сульфідных радовішчаў. Руда цынку.

Смітсаніт.

т. 15, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАФЮ́К Марыя Юр’еўна (н. 16.7.1948, в. Ражнёў Косаўскага р-на Івана-Франкоўскай вобл., Украіна),

украінская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1985). Скончыла Кіеўскую кансерваторыю (1973). З 1972 салістка Укр. т-ра оперы і балета. Сярод партый: Марыльца («Тарас Бульба» М.​Лысенкі), Новая русалка («На русалчын вялікдзень» М.​Леантовіча), Мілуша («Яраслаў Мудры» Г.​Майбарады), Парася («Сарочынскі кірмаш» М.​Мусаргскага), Антаніда («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Віялета, Джыльда («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі) і інш. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1988.

т. 15, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)