Кандзюй, дзяржава, якая існавала каля 2 ст. да н.э. — 4 ст.н.э. на тэр. сучасных Казахстана і Узбекістана. Засн. качэўнікамі, што насялялі тэрыторыю, прылеглую да р. Сырдар’я (адна з назваў Канга). Уключала цяперашні Ташкенцкі аазіс, частку міжрэчча Амудар’і і Сырдар’і. У 1 ст. да н.э. падпарадкавала Харэзм, або Кангу, і інш. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй, земляробствам, у гарадах — рамёствамі і гандлем. К. ваяваў з Кітаем (армія налічвала да 120 тыс.чал.). У 1—3 ст.н.э. Харэзм і Ташкенцкі аазіс трапілі пад уладу Кушанскай дзяржавы, у сферы ўплыву К. засталіся раёны Паўн. Прыаралля, Ніжняга Паволжа, Перадкаўказзя, Паўд. Прыуралля. Пасля 4 ст. ў крыніцах не згадваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ ВЫВЕ́ТРЫВАННЯ,
геалагічнае ўтварэнне, складзенае з прадуктаў разбурэння горных парод у выніку выветрывання. Ад карэнных парод адрозніваецца больш рыхлай структурай, змененым хім. і мінералагічным складам са значнымі ўключэннямі гліністых мінералаў, часта бурай або чырвонай афарбоўкай. Адрозніваюць астаткавую (прадукты разбурэння застаюцца на месцы першаснага залягання) і пераадкладзеную К.в. (пераносяцца на нязначныя адлегласці з захаваннем прыкмет мацярынскай пароды). Па форме залягання вылучаюць К.в. плошчавую і лінейную. У залежнасці ад мінералагічнага складу горных парод фарміруюцца латэрытныя, каалінавыя і інш. тыпы. Са стараж. К.в. звязаны радовішчы руд жалеза, нікелю, хрому, алюмінію, рэдкіх металаў, а таксама фосфару, кааліну і інш. На тэр. Беларусі пашыраны астаткавыя плошчавыя К.в. каалінітавага і мантмарыланітавага складу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́НТЫЯ, Карушка,
гістарычная вобласць у Цэнтр. Еўропе, у бас.р. Драва на тэр. сучасных Аўстрыі, Славеніі і Італіі. У 6 ст. каланізавана славянамі (славенцамі). У пач. 7 ст. — 658 уваходзіла ў склад дзяржавы Сама, потым — Карантаніі (гл. ў арт.Славенія, гісторыя). У 11 ст. вылучылася ў асобнае герцагства. З 12 ст. падвяргалася германізацыі. З 1282 у складзе ўладанняў графа цірольскага, з 1335 — імперыі Габсбургаў (з 1804 Аўстр. імперыі, з 1867 Аўстра-Венгрыі). Паводле Сен-Жэрменскага дагавора 1919 б.ч. К. ўвайшла ў склад Аўстрыі (зямля Карынтыя, з 1970-х г. пабрацім Беларусі), паўд.-ўсх.ч. перададзена Югаславіі (з 1991 у Славеніі), невял. раён — Італіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕМІ́-АБІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі энеаліту на тэр. ад Тамані на У да нізоўяў Дняпра і Паўд. Буга на З, ад Крыма на Пд да шыраты Днепрапятроўска на Пн. Назва ад кургана Кемі-Аба, даследаванага ў 1957. У К.-а.к. вылучаюць крымскі, прыазоўскі і паўночначарнаморскі варыянты, раннюю, развітую і познюю фазы. Выяўлены паселішчы адкрытага тыпу, пахаванні развітой і позняй фаз пад курганамі, якія маюць «панцырную» каменную выкладку, на сценах каменных скрынь-магіл паліхромную размалёўку. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, паляваннем і прыбярэжным марскім промыслам. Развітая фаза К.-а.к. датуецца 3-м тыс. да н.э., верхняя дата — 17 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́СІВА, красала,
металічная прылада для высякання агню з крэменю. Бытавала з эпохі жал. веку. Найб. старажытнае К. на тэр. Беларусі датуецца 2—5 ст. Паводле формы вылучаюць абаранкападобнае, 2-лязовае авальнае, 2-лязовае прамавугольнае, санкападобнае, у выглядзе прамавугольнай пласцінкі з адагнутымі ўгару канцамі і інш. Высечаная з крэменю іскра падпальвала цэру (маса з вываранага і высушанага дрэвавага грыба накшталт ваты). Крэмень, К. і цэру насілі звычайна ў магалайцы — скураным мяшэчку каля пояса з левага боку. Са з’яўленнем у 19 ст. запалак бытаванне К. заняпала спачатку ў горадзе, а потым і ў вёсцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАПА́ТЫ,
урочышча пад Мінскам, за 200 м на ПнЗ ад мікрараёна Зялёны Луг, на тэр. Бараўлянскага с/с Мінскага р-на; месца масавых расстрэлаў. У крас. — маі 1988 у лясным масіве К. былі знойдзены астанкі людзей. У чэрв. 1988 створана ўрадавая камісія, Пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа. У працэсе расследавання правяраліся 2 версіі. Паводле адной, тут да вайны супрацоўнікі НКУСБССР расстрэльвалі рэпрэсіраваных жыхароў рэспублікі, паводле другой, у К. ляжаць ахвяры фаш. генацыду. У ходзе расследавання знойдзены шкілетныя астанкі людзей, рэчы загінуўшых. Вядзенне крымінальнай справы працягваецца. На ўшанаванне памяці ахвяр у К. пастаўлены крыжы, камень, шчыты з надпісамі, мемар. пліта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРФЮ́РСТЫ (ням. Kurfürsten літар. князі-выбаршчыкі),
у «Свяшчэннай Рымскай імперыі» князі, якія з 13 ст. мелі права выбіраць герм. караля (імператара). З’явіліся ва ўмовах тэр. раздробленасці сярэдневяковай Германіі і аслаблення тут цэнтр. улады. Правы і асаблівыя прывілеі К. былі аформлены паводле Залатой булы (1356). Яны мелі поўную паліт. самастойнасць у межах імперыі, дыктавалі імператару ўмовы, якія той павінен быў выконваць. У 13 ст. К. былі свецкія князі Саксоніі, Брандэнбурга, Пфальца, кароль Чэхіі, архіепіскапы гарадоў Трыр, Кёльн і Майнц. У 17 ст. правы курфюрства атрымала Баварыя, у 18 ст. — Гановер, у 19 ст. — Вюртэмберг, Бадэн, Гесен-Касель, Зальцбург. Калегія К. перастала існаваць пасля ліквідацыі «Свяшчэннай Рымскай імперыі» (1806).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУХАРЭ́НКА (Юрый Уладзіміравіч) (2.4.1919, в. Чапля Ляцічаўскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 6.1.1980),
археолаг. Д-ргіст.н. (1966). Скончыў Хабараўскі пед.ін-т (1943). З 1951 у Ін-це археалогіі АНСССР. Даследаваў археал. помнікі Палесся, Верхняга і Сярэдняга Падняпроўя ад неаліту да сярэдневякоўя (на Беларусі Атвержычы, Вароніна, Велямічы, Дубай, Рамель, Рубель, Хотамель, Чаплін і інш.). Даў найб. поўную характарыстыку зарубінецкай культуры, паклаў пачатак сістэматызацыі паморскіх старажытнасцей у Беларусі, прасачыў пранікненне плямён вельбарскай культуры на тэр.Усх. Еўропы.
Тв.:
Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕВАБЯРЭ́ЖНАЯ УКРАІ́НА,
гісторыка-геаграфічная назва часткі Украіны на левым беразе р. Дняпро, далучанай да Расіі паводле Андросаўскага перамір’я 1667 і «Вечнага міру» 1686 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай; наз. таксама гетманшчынай. Уключала тэр. сучасных Чарнігаўскай, Палтаўскай, левабярэжнай ч. Кіеўскай і Чаркаскай абласцей, Кіеў з невял. раёнам вакол яго на правым беразе Дняпра і паўн.ч. Днепрапятроўскай вобл. Да 1781 тут (акрамя Кіева і яго наваколля) існавала аўт. кіраванне з адм. падзелам на «палкі» і «сотні» (да 1722 і ў 1750—64 яго ўзначальваў гетман). У 1781 уведзены агульнарас. адм. падзел. Гл. таксама раздзел гісторыя ў арт.Украіна. У наш час назва Л.У. ўжываецца толькі як геагр. паняцце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ТАПІС ПРЫРО́ДЫ,
спецыяльная кніга, якая вядзецца ва ўсіх запаведніках. Ствараецца па агульнай праграме, у якой улічваецца спецыфіка кожнага запаведніка. Змяшчае шматгадовую сістэматызаваную інфармацыю аб прыродных працэсах і з’явах на тэр. запаведніка. На Беларусі найб. працяглы Л.п. вядзецца ў Бярэзінскім біясферным запаведніку.
Уключае звесткі пра тэрыторыю, рэльеф, глебы, воды, кліматычныя ўмовы, флору і фауну, фіксуе стан рэжыму карыстання і ўплыў антрапагенных фактараў, адлюстроўвае стан і дынаміку ахоўных абіятычных і біятычных аб’ектаў, змяшчае каляндар прыроды, назіранні за паводзінамі жывёл, звесткі навук. даследаванняў і інш. матэрыялы. Л.п. дазваляюць вывучаць заканамернасці развіцця прыродных працэсаў на пэўнай тэрыторыі і выкарыстоўваюцца ў геабат., фларыстычных, фауністычных, феналагічных і інш. даследаваннях.