татарская дзяржава на тэр. Крымскага п-ва, у нізоўях Дняпра, Прыазоўя і Прыкубання ў 15—18 ст. Вылучылася з Залатой Арды. Сталіца — г.Бахчысарай (з пач. 16 ст.). З 1239 мангола-татарамі занята стэпавая ч. Крыма, падпарадкавана мясц. насельніцтва (аланы, славяне, армяне, грэкі). З канца 13 ст. ў Крыме качавалі буйныя мангола-тат. улусы. На мяжы 13—14 ст. тут утварылася намесніцтва з рэзідэнцыяй у Салхаце (Стары Крым). Пасля міжусобнай барацьбы ў 1433 пры падтрымцы войск ВКЛ у Крыме замацаваўся Хаджы-Гірэй. З 1478 у васальнай залежнасці ад Турцыі (трапіла пры хане Менглі-Гірэю). К.х. часта выступала саюзнікам ВКЛ і Польшчы супраць Маскоўскай дзяржавы (1507, 1512, 1532, 1535, 1540, 1542, 1559). На Беларусь татары рабілі набегі ў канцы 15—1-й пал. 16 ст. (гл.Клецкая бітва 1506). У рус.-тур. вайну 1768—74 ханства занята рас. войскамі і паводле мірнага дагавору (1774) абвешчана незалежным. У 1783 апошні крымскі хан Шагін-Гірэй адрокся ад улады, ханства ліквідавана, а яго тэрыторыя далучана да Рас. імперыі.
Літ.:
Кузнецов А.Б. Дипломатическая борьба России за безопасность южных границ (первая половина XVI в.). Мн., 1986;
Санин Г. А. Отношения России и Украины с Крымским ханством в середине XVII в. М., 1987;
Возгрин В.Е. Исторические судьбы крымских татар. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЙДА́НСКІ ДАГАВО́Р 1655,
пагадненне пра аб’яднанне ВКЛ са Швецыяй. Заключаны ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у Кейданах (Жамойць) па ініцыятыве вял. гетмана ВКЛ Я.Радзівіла. Калі побач з маск. войскам у вайну супраць Рэчы Паспалітай уступіла і Швецыя (гл.Паўночная вайна 1655—60), Радзівіл летам 1655 абвясціў пра гатоўнасць прызнаць швед. караля Карла X Густава вял. князем ВКЛ. У Рыгу выехаў пасол ВКЛ Г.Любянецкі прасіць пратэкцыі і ваен. дапамогі. Быў прывезены праект пагаднення, падпісаны ў Кейданах 17 жн. Радзівілам, вольным гетманам ВКЛ В.А.Корвін-Гасеўскім, іерархамі каталіцкай царквы і многімі ваен. чынамі (436 чал.). Большасць шляхты не прыняла дакумент і заставалася на баку караля Яна II Казіміра. Пагадненне прадугледжвала аб’яднанне (унію) ВКЛ са Швецыяй на роўных правах. Унія ВКЛ з Польшчай аўтаматычна касавалася. Шведскі кароль абавязаўся выгнаць з ВКЛ маск. войска. З прычыны разладу ў лагеры прыхільнікаў дагавора 20 кастр. прыняты новы варыянт дакумента, які прадугледжваў у асн. тыя ж умовы аб’яднання ВКЛ са Швецыяй. У выніку К.д. Швецыя ўзяла пад ахову сваіх узбр. сіл частку зах. зямель ВКЛ. Пасля смерці гал. ініцыятара дагавора Радзівіла ў крас. 1656 у Жамойці адбылося антышведскае паўстанне. Шведская адміністрацыя і войска адышлі ў Інфлянты, К.д. канчаткова страціў сілу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМАПАЛІТЫ́ЗМ (ад грэч. kosmopolitēs грамадзянін свету),
ідэалогія т. зв. сусветнага грамадзянства; тэорыя, якая адмаўляе нац. традыцыі і культуру, дзярж. і нац. суверэнітэт у імя адзінства ўсяго чалавецтва. Канкрэтныя гіст. ўмовы вызначалі спецыфіку ідэй К. на розных этапах гіст. развіцця. К. кінікаў Антысфена і Дыягена Сінопскага адлюстроўваў адмоўнае стаўленне да поліса. Касмапалітычныя погляды кірэнаікаў выражаліся ў словах «ubi bene, ibi patria» («дзе добра, там і айчына»). Філасофія стаіцызму разглядала ўсіх людзей як грамадзян адзінай сусв. дзяржавы — Касмаполіса. Ідэал сусв. грамадзянства перыяду Адраджэння быў накіраваны супрацьфеад. раздробленасці дзяржаў (Дантэ, Т.Кампанела), а асновай касмапалітычных поглядаў эпохі Асветніцтва служылі ідэі вызвалення індывіда ад феад. путаў (Ф.Петрарка, Ф.Рабле, М.Мантэнь, Эразм Ратэрдамскі і інш.). Г.Лесінг, І.В.Гётэ, Ф.Шылер, І.Кант, І.Фіхтэ лічылі, што ідэя сусв. грамадзянства закладзена ў прыродзе чалавека і ажыццяўляецца на аснове развіцця навукі і маральнага ўдасканальвання чалавека. Шырокае распаўсюджанне ідэі К. атрымалі ў 20 ст. ў выніку паглыблення ўзаемасувязі і ўзаемаўплыву нац. культур, нарастання глабальных праблем, звязаных з існаваннем усяго чалавецтва. Яны адлюстроўваюцца ў выглядзе разнастайных сац.паліт. арыентацый — ад сцвярджэння ідэі неабходнасці збліжэння народаў і дзяржаў (напр., ідэя стварэння сусв. дзяржавы або сусв. федэрацыі дзяржаў) да адмаўлення незалежнасці, нац. культуры і традыцый народаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІЯ,
княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ. Вялі радаслоўную ад вял. князя Альгерда, які ў дакументах 1366 пазначаны як уладар г.Кобрын. Верагодна, Кобрын перайшоў да яго сына Фёдара Ратненскага, які меў сыноў Гурку, Сангушку (родапачынальнік князёў Сангушкаў) і Рамана — родапачынальніка князёў К.
Раман Фёдаравіч (? — пасля 1417) упамінаецца ў дакументах з 1387. У 1404 вял. князь Вітаўт выдаў яму грамату на валоданне Кобрынам і навакольнымі маёнткамі (Грушава, Несухаіжы і інш.; гл.Кобрынскае княства); у 1411—17 пры двары польск. караля Ягайлы. Сямён Раманавіч (7 — каля 1460), сын Рамана Фёдаравіча. У 1431 дапамагаў вял. князю Свідрыгайлу бараніць Луцк ад войск Ягайлы. Іван Сямёнавіч (? — каля 1490), сын Сямёна Раманавіча. Зрабіў шмат наданняў цэрквам Кобрыншчыны, у 1473 — царкве Божага Нараджэння ў Пружанах. Апошні мужчынскі прадстаўнік роду К. Пасля яго смерці Кобрынскае княства пакінута яго ўдаве Фядоры Іванаўне з роду Рагацінскіх. Марыя Сямёнаўна (? — каля 1510), дачка Сямёна Раманавіча, жонка маскоўскага князя Івана Васілевіча Краснага. Ганна Сямёнаўна (? — люты або сак. 1519), дачка Сямёна Раманавіча. У 1481 выдадзена замуж за князя Фёдара Уладзіміравіча Бельскага, які ўцёк у Маск. дзяржаву з-за выкрыцця яго ўдзелу ў змове супрацьКазіміра IV. Да 1512 трымала Кобрынскае княства, якое пасля яе смерці перайшло да мужа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КО́ЛОКОЛ»,
першая расійская рэв. газета. Выдавалася ў 1857—67 у Лондане і Жэневе (з 1865) А.І.Герцэнам і М.П.Агаровым на рус. і франц. мовах. Мела дадаткі «Под суд!» (1859—62) і «Общее вече» (1862—64). Выйшла 245 нумароў тыражом 2500 экз. Распаўсюджвалася нелегальна, мела карэспандэнтаў у Расіі, у т. л. на Беларусі.
Асвятляла сац.-паліт. становішча народаў, што ўваходзілі ў склад Рас. імперыі. Выступала супраць самадзяржаўя, прыгонніцтва, выкрывала злачынствы царскай бюракратыі, духавенства. Сярод публікацый 1859—64 артыкулы, нататкі, інфарм. паведамленні (усяго 49) пра Беларусь, бяспраўнае становішча бел. сялянства, дэспатызм памешчыкаў, бюракратызм у арміі. Выступала ў падтрымку паўстання 1863—64, асуджала паліцэйскія рэпрэсіі, крытыкавала дзейнасць віленскага віцэ-губернатара М.М.Мураўёва, прапагандавала рэв.-дэмакр. шлях вырашэння нац. пытання, адстойвала права бел. народа на самаст. вырашэнне свайго гіст. лёсу. Змясціла серыю дарожных нататкаў невядомага аўтара «Ад Віцебска да Коўны» (1862, № 128—130) з апісаннямі Віцебска, Оршы, Магілёва, Барысава, Мінска, а таксама звесткі пра сял. хваляванні на тэр. Беларусі.
Публ.:
«Колокол». Вып. 1—11 (факс. изд.). М., 1960—64.
Літ.:
Эйдельман Н.Я. Герценовский «Колокол». М., 1963;
Кісялёў Г. Па слядах аднаго пісьма М.П.Агарова і А.І.Герцэна // З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
Яго ж. Героі і музы. Мн., 1982;
Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст.Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІЯ ЗАБАСТО́ЎКІ 1918—19.
Адбыліся ў час ням. акупацыі і ўваходжання Гомельскага пав. ў Палескую вобл. Украіны. У маі—чэрв. 1918 забастоўкі супрацьакупац.эканам. палітыкі прайшлі на асобных прадпрыемствах Гомеля. З 15 жн. пачалася стачка рабочых і служачых чыг. вузла ў падтрымку агульнаўкр. чыг. забастоўкі. Спачатку яна мела пасіўны характар, з 19 жн. спынены выхад на працу. Акупац. ўлады арыштавалі 73 актывістаў стачкі. Нягледзячы на спробы стачачнага к-та пашырыць забастоўку на прадпрыемствы горада, у пач.вер. 1918 яна скончылася. Па дамоўленасці герм. камандавання і сав. дэлегацыі да 20.12.1918 павінна была скончыцца эвакуацыя ням. войск з Гомеля, улада перададзена Ваен.-рэв. к-ту (ВРК) і горад займала Чырв. Армія. 18.12.1918 ВРК прызначыў новага каменданта чыг. вузла, правёў арышты контррэвалюцыйных элементаў у горадзе і на чыгунцы. Яго дзеянні былі расцэнены ням. бокам як парушэнне дамоўленасці. Акупац. ўлады вярнулі горад пад свой кантроль, арыштавалі бальшавіцкі к-т чыгуначнікаў, цывільнае кіраўніцтва перадалі Гомельскай дырэкторыі. 26.12.1918 на скліканым ВРК мітынгу чыгуначнікаў вырашана пачаць забастоўку, быў створаны стачачны к-т. 28 снеж. спынілі работу чыг. майстэрні і кіраўніцтва станцыі. У пач.студз. 1919 забастоўка стала ўсеагульнай. 6.1.1919 яна спынена, кантроль над горадам перайшоў да ВРК. 14.1.1919 ням. войскі пакінулі Гомель, у яго ўвайшлі часці Чырв. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫД (Язэп Міхайлавіч) (27.7.1896, г. Адэса, Украіна — 1.9.1939),
бел. графік і жывапісец. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1923—25) і Парыжы (1928). Вядучы мастак гумарыстычна-сатыр.зах.-бел.час.«Маланка» (1926—28). Яго палітычна завостраныя карыкатуры былі скіраваны супрацьсац. і нац. ўціску ў Зах. Беларусі і Польшчы, а таксама закраналі тэмы міжнар. жыцця. Аформіў паэт.зб. «Вянок» (2-е выд., 1927) М.Багдановіча, «Шум баравы» М.Васілька, «Веснапесні» Хв.Ільяшэвіча (абодва 1929), «Журавінавы цвет» (1937) М.Танка, кн. «Беларускі дзіцячы спеўнік» (1925) А.Грыневіча, «Беларускія народныя песні» Р.Шырмы, «Беларускія (крывіцкія) казкі» (абедзве 1929), падручнік «Пішы самадзейна» (1929) С.Паўловіча і інш., змяшчаў свае малюнкі ў час. «Родныя гоні» (1927), «Заранка» (1927—31), газ.Бел.сял.-рабочай грамады «Народны звон» (1926). Стварыў серыю гравюр для «Беларускага календара на 1927 год» (серыя «Дванаццаць месяцаў» выкарыстоўвалася і ў інш. календарах канца 1920 — пач. 30-х г.). Аўтар літаграфічных партрэтаў Я.Купалы (1923) і Я.Коласа (1931). Апошнія гады працаваў як партрэтыст (жывапісны партрэт скульптара Р.Яхімовіча), пейзажыст («Віды Вільні і ваколіцаў») і дэкаратар (сграфіта на фасадзе будынка букіністычнай кнігарні ў Вільні).
Літ.:
Ліс А.С. Пякучай маланкі след. Мн., 1981.
А.С.Ліс.
Я.Горыд. Ілюстрацыя да казкі «Змей». 1929.Я.Горыд. Вокладка кн. «Беларускія (крывіцкія) казкі». № 1. 1929.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІЗА́НІЙ (Тустаноўскі) Стафан
(сапр., верагодна, Куколь; каля 1570, с. Пацеліч Львоўскай вобл., Украіна — ?),
бел. педагог, пісьменнік-палеміст, царк. прапаведнік 16 — пач. 17 ст. Брат Л.Зізанія. Выкладаў у Львоўскай (з 1586, з 1592 рэктар; адзін з яе заснавальнікаў) і Віленскай (1593—99) правасл. брацкіх школах. У 1595 у Вільні выдаў «Катэхізіс» на бел. і польск. мовах (не збярогся), які на правасл. саборы ў Навагрудку (1596) асуджаны як ерэтычны. З. пазбаўлены духоўнага сану і адлучаны ад царквы; апраўданы Брэсцкім царк. саборам 1596. Аўтар рэліг.-філас. твораў «Лист Іеремеи патріархи константинопольскаго напоминалный» (1596), «Казанье святого Кирилла патріаръхи іерусалимъскаго...» (Вільня, 1596; перавыд. ў Маскве пад назвай «Книга Кириллова», у Гродне 1786, 1791 пад назвай «Кириллова книга»). У буквары Л.Зізанія 1596 змешчаны твор З. «Изложеніе о православной вѣрѣ» — маленькі катэхізіс пытанняў і адказаў. Творы З., скіраваныя супраць каталіцкага духавенства і папы рымскага, варожа сустракаліся і правасл. артадоксамі. Характэрнай для яго светапогляду была ерэтычная ідэалогія сярэдневякоўя, ён імкнуўся даць сваю інтэрпрэтацыю Бібліі, прапаведаваў верацярпімасць, рацыяналістычна падыходзіў да ацэнкі з’яў прыроды і навакольнага свету. З 1599 у Троіцкім правасл. манастыры ў Вільні, дзе прыняў імя Сільвестра. У выніку барацьбы з уніятамі быў вымушаны тэрмінова пакінуць Вільню.
Літ.:
Алексютович Н.А. Культурно-просветительская деятельность братьев Зизаниев // Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Мн., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРА́ДЫ ПРАДСТАЎНІКО́Ў КАМУНІСТЫ́ЧНЫХ І РАБО́ЧЫХ ПА́РТЫЙ,
форма ідэйна-паліт. сувязей паміж камуніст. і рабочымі партыямі і каардынацыі іх дзейнасці. Праводзяцца міжнар. нарады і сустрэчы, рэгіянальныя сустрэчы, двухбаковыя перагаворы, навук. канферэнцыі і сімпозіумы. Пашырыліся пасля роспуску Камуністычнага інтэрнацыянала, пераважна з 1950-х г.Найб. значэнне ў гісторыі міжнароднага камуністычнага руху мелі маскоўскія нарады: 14—16.11.1957, прадстаўлены 12 партый сацыяліст. краін, прынята Дэкларацыя; 16—19.11.1957, прадстаўлены 64 партыі, прыняты Маніфест міру; 10.11—1.12.1960, прадстаўлена 81 партыя, прыняты Заява камуніст. і рабочых партый (у абарону адзінства камуніст. руху) і Зварот да народаў свету; 15—17.6.1969, прадстаўлены 75 партый, прыняты выніковы дакумент «Задачы барацьбы супраць імперыялізму на сучасным этапе і адзінства дзеянняў камуністычных і рабочых партый, усіх антыімперыялістычных сіл», зварот «Аб 100-годдзі з дня нараджэння У.І.Леніна» і інш. Найважнейшыя рэгіянальныя нарады адбыліся ў Берліне (1976), Парыжы (1980), Буэнас-Айрэсе, Дамаску (абедзве 1984) і інш. На Міжнар. сустрэчы ў Афінах (чэрв. 1999) прадстаўлены 55 камуніст. і рабочых партый з 50 краін. У снеж. 1999 у г. Лімасол на Кіпры адбылася 2-я міжнар. сустрэча камуніст., левых і прагрэс. партый краін Еўропы, Б.Усходу і Міжземнамор’я, дзе былі прадстаўлены 49 арг-цый з 28 краін, у т. л. кампартыі Расіі, Украіны і Арменіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАСЛАВЯНАФІ́ЛЬСТВА,
плынь у рас. філасофіі канца 19 ст., заснаваная на новым тэарэт. абгрунтаванні ідэі славянафілаў аб процілеглым грамадскім развіцці Усходу і Захаду і асобай гіст. ролі славян, асабліва Расіі. Прадстаўнікі Н. (М.Данілеўскі, М.Страхаў, К.Лявонцьеў, У.Салаўёў) выступалі супраць ідэй франц. матэрыялістаў і рас.рэв. дэмакратаў, адмаўлялі прынцыпы дарвінізму, магчымасць развіцця Расіі па шляху еўрап. цывілізацыі, падтрымлівалі рас. самадзяржаўе, абгрунтоўвалі тэзіс пра «асаблівыя пачаткі» рас. гісторыі. Імкнуліся даказаць «богаабранасць Расіі», лічылі яе вольнай ад сац. варожасці і рэвалюцыянізму, сцвярджалі, што толькі моцная царская ўлада і рэліг.-этычны пачатак (праваслаўе) уратуюць краіну ад «згубнага ўплыву гніючага Захаду». Данілеўскі прапанаваў тэорыю адасобленых «культурна-гіст. тыпаў» (цывілізацый), якія развіваюцца на ўзор біял. арганізмаў і праходзяць праз этнагр., племянны (юнацтва), дзярж. (сталасць) і цывілізаваны (старасць, заняпад) перыяды. Якасна новым ён лічыў «славянскі» тып, паколькі Расія ўступіла ў перыяд росквіту, а еўрапейскі тып перажывае перыяд заняпаду, таму славянскае супольніцтва на чале з Расіяй будзе садзейнічаць «усяму высокаму» ў чалавецтве. Прыхільнікам ідэі месіянізму быў і Салаўёў. Лявонцьеў і Страхаў з пазіцый Н. прапагандавалі тэорыю «почвеніцтва», засн. на ідэі збліжэння народа («глебы») і «адукаваных саслоўяў». Ідэі Н. крытыкавалі М.Чарнышэўскі, Дз.Пісараў, М.Салтыкоў-Шчадрын, К.Ціміразеў і інш. прадстаўнікі рэв.-дэмакр. кірунку ў філасофіі.