ЖЫЛІБЕ́Р ((Gilibert) Жан Эмануэль) (21.6.1741, г. Ліён, Францыя — 2.9.1814),
французскі і бел. натураліст, хірург і анатам. Д-р медыцыны (1763). Скончыў ун-т у г. Манпелье і працаваў у Ліёнскім калежы (1763—74). У 1775—81 арганізаваў і кіраваў Гродзенскай медыцынскай акадэміяй. Заснавальнік акушэрскай і вет. школ у Гродне, клінічнага шпіталя (1775—81), бат. сада. У 1781—83 праф. натуральнай гісторыі мед. ф-та Гал. школы ВКЛ (пазней Віленскі ун-т), дзе заснаваў бат. сад. З 1783 у Францыі. Навук. працы па флоры Беларусі, Літвы, Польшчы, па эпідэміялогіі эндэмічных хвароб у гэтых краінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРКЕ́ВІЧ (Міхаіл Іванавіч) (13.10.1899, в. Залесавічы Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 13.8.1984),
бел. мовазнавец. Канд.пед.н. (1944). Засл. дз. нав. Беларусі (1951). Скончыў БДУ (1927). Працаваў настаўнікам, выкладчыкам у Магілёўскім пед. ін-це (1933—41), БДУ (1943—69). Аўтар падручнікаў пабел. мове для сямігадовай і сярэдняй школ, артыкулаў па пытаннях сучаснай бел.літ. мовы, у т. л. пра моватворчасць Я.Купалы («Аб народнасці мовы паэмы Я.Купалы «Над ракою Арэсай», 1954, «Аб мове камедыі Я.Купалы «Паўлінка», 1958, «Аб мове паэмы Я.Купалы «Бандароўна», 1960, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАДНЯШЧЭ́ЛЕПНЫЯ (Opisthobranchia),
падклас бруханогіх малюскаў. 12 атр., паінш. сістэме 5. Каля 13 тыс. відаў. Пашыраны на розных глыбінях Сусветнага ак., некат. ў прэсных водах. Большасць жыве на марскім дне, на пясчаным або глеістым грунце. Найб. вядомыя З.: актэон (Actaeon tornatilis), марскі заяц (Aplysia depilans), куклянка-парасон (UmbreÚa mediterranea) і інш.
Цела выцягнутае, пляскатае. Нага часта відазмененая, яе бакі могуць разрастацца ў крылападобныя лопасці (параподыі) для плавання. Па баках спіны часта скурныя нарасці (другасныя шчэлепы). Мантыйны комплекс ссунуты назад на правым баку цела (адсюль назва). Гермафрадыты. У большасці развіццё праз планктонную лічынку (велігер). Драпежнікі і расліннаедныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛО́ЗНІЦА (Scrophularia),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 310 відаў. Пашыраны пераважна ў нетрапічнай ч.Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца З. вузлаватая (S. nodosa) і ценявая (S. umbrosa). Растуць па берагах рэк, вадаёмаў, у цяністых месцах, лясах, каля дарог і на пустках.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны і паўкусты з прамастойным або ўзыходным сцяблом. Лісце супраціўнае, рэдка кальчаковае, цэласнае, перыстараздзельнае або перыстарассечанае. Кветкі дробныя, малапрыкметныя, звычайна зеленавата-бурыя ці жоўтыя, двухполыя, двухгубыя, сабраны па 2—10 у паўпарасонікі, што ўтвараюць канцавыя агульныя мяцёлчатыя або гронкападобныя суквецці. Плод — 2-гнездавая каробачка. Лек. і меданосныя расліны. Ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНА́МЕНСКІЯ,
расійскія лёгкаатлеты-бегуны, засл. майстры спорту СССР (1936), браты. Нарадзіліся ў с. Зялёная Слабада Раменскага р-на Маскоўскай вобл. Скончылі 2-і Маскоўскі мед.ін-т (1941). Георгій Іванавіч (26.11.1903—28.12.1946), чэмпіён СССРпа бегу на 5000 і 10 000 м (1939). У 1934—36 устанавіў 3 усесаюзныя рэкорды на дыстанцыях 1500 і 3000 м. Серафім Іванавіч (2.2.1906—7.5.1942), адзінаццаціразовы чэмпіён СССР (1934—40) па бегу на розныя дыстанцыі. У 1933—40 устанавіў 20 усесаюзных рэкордаў на дыстанцыях 1500, 2000, 3000, 5000, 10 000 м. Пераможцы шматлікіх міжнар. спаборніцтваў. З 1958 штогод праводзіцца Міжнар. лёгкаатлетычны мемарыял братоў З.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́НЧАНКА (Валянцін Мацвеевіч) (н. 7.5.1937, в. Александрыя Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фізіялогіі, біяхіміі і біяфізікі раслін. Д-рбіял.н. (1977), праф. (1995). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1959). З 1960 у Ін-це біялогіі АН Беларусі, з 1977 у Ін-це эксперым. батанікі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па праблемах фотасінтэзу (у сувязі з мінер. жыўленнем і вільгацезабеспячэннем, прадукц. працэсам), па малекулярна-мембранных механізмах рэгуляцыі.
Тв.:
Фотосинтез и структурное состояние хлоропластов. Мн., 1974;
Регуляция функций мембран растительных клеток. Мн., 1979 (разам з У.М.Юрыным, Ст.Г.Галакціёнавым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́НЧАНКА (Яўген Іванавіч) (н. 27.6.1943, г. Глазаў, Удмурція),
бел. спартсмен (плаванне). Д-рпед.н. (1993), праф. (1994). Засл. трэнер БССР (1976), СССР (1981). Чэмпіён і рэкардсмен Беларусі 1961—63 па плаванні. Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1966). Трэнер зборных каманд Беларусі (1966—67), СССР (1975—84) па плаванні. З 1989 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту. З 1995 прарэктар. Аўтар навуч. і метадычных дапаможнікаў, у т. л. «Плаванне ў комплексе ГПА» (1976, з Г.Э.Васілеўскім), «Навука пра спартыўнае плаванне» (1993), «Тэорыя і практыка спорту» (ч. 1—3, 1996—97).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛАВА́ЙСКІ (Дзмітрый Іванавіч) (11.2.1832, г. Чаплыгін Ліпецкай вобл., Расія — 15.2.1920),
рускі гісторык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1854). Аўтар манаграфій «Гісторыя Разанскага княства» (1858), «Гродзенскі сейм 1793. Апошні сейм Рэчы Паспалітай» (1870), «Даследаванні пра пачатак Русі» (1876). Выступаў супраць нарманскай тэорыі ўзнікнення Рас. дзяржавы. Асн. праца І. «Гісторыя Расіі» (т. 1—5, 1876—1905) будавалася па канцэпцыі М.М.Карамзіна і мела кампілятыўны характар. Аўтар афіц. школьных падручнікаў па гісторыі Расіі, напісаных з манархічных пазіцый.
Тв.:
Краткие очерки русской истории. М., 1992;
Очерки отечественной истории. М., 1995.
Літ.:
Шапиро А.Л. Русская историография с древнейших времен до 1917 г. 2 изд. М, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МЕРМАН ((Immermann) Карл Лебрэхт) (24.4.1796, г. Магдэбург, Германія — 25.8.1840),
нямецкі тэатр. дзеяч, пісьменнік, драматург.Па адукацыі юрыст. У 1832 стварыў і ўзначаліў (да 1837) т-р у Дзюсельдорфе, дзе ставіліся т. зв. ўзорныя спектаклі па лепшых творах сусв. і нац. драматургіі. Імкнуўся стварыць акцёрскі ансамбль, рэжысёру адводзіў ролю ідэйна-маст. інтэрпрэтатара п’есы, аддаваў увагу афармленню, гуку, святлу, пастаноўцы масавых сцэн. Выступаў як паэт (зб. «Вершы», 1822) і драматург: драмы «Кардэніо і Цэлінда» (1826), «Трагедыя ў Ціролі» (1828), «Мерлін» (1830), драм. трылогія з рус. гісторыі «Аляксей» (1833). Аўтар раманаў «Эпігоны» (1836), «Мюнхгаўзен» (1838), даследаванняў пра т-р.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАНЛЫ́КСКАЯ ГРАБНІЦА,
помнік грэка-фракійскага мастацтва канца 4 — пач. 3 ст. да н.э. ў г. Казанлык (Балгарыя). Адкрыта ў 1944. Круглае ў плане пахавальнае збудаванне ўяўляе сабой цагляную камеру з купалам у форме ўсечанага конуса і кароткі дромас (калідор). Скляпенне ўпрыгожана размалёўкай па сухой тынкоўцы з размешчанымі па крузе выявамі фракійскай пахавальнай трапезы і бегу калясніц, падзеленых паясамі геам. арнаменту. Размалёўка адметная свабодай і ўраўнаважанасцю кампазіцыі, велічнай нязмушанасцю рухаў фігур. Уключана ў Спіс сусветнай спадчыны. Іл.гл. да арт.Балгарыя.
Літ.:
Васильев А. Античная гробница в Казанлыке: [Пер. с болг.] София, 1958.