1) спосаб аплаты тавараў або паслуг, пры якім плацяжы ажыццяўляюцца не ў поўнай суме іх кошту, а па частках. Пры Р. плацяжу паміж контрагентамі ўзнікаюць крэдытныя абавязацельствы. У цывільным праве Рэспублікі Беларусь Р. найб. пашырана пры продажы рознічных тавараў у крэдыт.
2) У цывільным працэсуальным заканадаўстве суд, які пастанавіў рашэнне, правамоцны па заяве асоб, што ўдзельнічаюць у справе, зыходзячы з матэрыяльнага становішча бакоў або інш. акалічнасцей, растэрмінаваць або адтэрмінаваць выкананне рашэння. Такія заявы разглядаюцца ў суд. пасяджэнні. Пры наяўнасці акалічнасцей, якія ўскладняюць выкананне рашэння або робяць яго немагчымым, суд. выканаўца можа паставіць перад судом пытанне аб адтэрміноўцы або Р. выканання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РО́ДНАЯ СТРАХА́»,
часопіс, які выдаваўся ў жн. 1921 — крас. 1922 у Вільні на бел. мове. Закранаў некат. актуальныя пытанні зах.-бел. рэчаіснасці (арт. «Аб формах дзяржаўнасці» Умястоўскага і інш.), пісаў пра паліт. лёс Віленшчыны, т.зв. Сярэдняй Літвы. Асвятляў стан бел. школьнай асветы (арт. «Беларуская школа і беларускія настаўнікі» пад крыптанімам «К.У.», «Наша справа» пад крыптанімам «С.» і інш.). Інфармаваў пра публічныя выступленні Б.Тарашкевіча, зняволенне ў віленскую турму Лукішкі М.Гарэцкага, змясціў некралог на смерць А.Лявіцкага (Ядвігіна Ш.). Друкаваў апавяданні Я.Піліпава, В.Пупко, вершы Старога Уласа, Хв.Тартака (Чарнышэвіча), нар. творы, запісаныя на Вілейшчыне. Выйшла 7 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-ІСПА́НСКІ ДАГАВО́Р 1812Аб саюзе супраць Францыі.
Падпісаны 20 ліп. ў г.Вял. Лукі (Расія) рас. канцлерам М.П.Румянцавым і ўпаўнаважаным ісп. картэсаў (парламента) Сеа Бермудэсам. Былі абвешчаны дружба, згода і саюз паміж дзяржавамі, выказаны іх цвёрды намер сумесна весці барацьбу супраць агульнага ворага — франц. імператара Напалеона І. Аляксандр І прызнаў законнасць картэсаў, што сабраліся ў г. Кадыс і прынятай імі Кадыскай канстытуцыі 1812. Аднаўляліся гандл. адносіны паміж краінамі. Паводле дагавора Расія і ісп. патрыёты ўзгаднілі ваен. намаганні ў барацьбе з Напалеонам, што ў пэўнай ступені ўскладніла перакідку франц. войск з Іспаніі ў Расію і Цэнтр. Еўропу ў час вайны 1812 і кампаніі 1813.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНГІ́ Уладзімір Міхайлавіч (н. 18.3.1935, стойбішча Набіль Сахалінскай вобл., Расія),
ніўхскі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі пед.ін-т (1959), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1965). Піша на рус. і ніўхскай мовах. Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Салёныя пырскі» (1962), «Легенда аб таполі» (1965); апавяд. і аповесцей «Ніўхскія легенды» (1961), «Блакітныя горы» (1962), «Ізгін» (1965), «Тынграй» (1970), «У царстве ўладароў» (1973), «Падарожжа ў стойбішча Лунва» (1985); раманаў «Несапраўдны гон» (1965), «Жаніцьба Кевонгаў» (1975); кн. нарысаў «Па астравах скарбаў» (1976). Для твораў характэрны лірызм, рэалістычнае адлюстраванне з’яў і падзей, псіхалагізм. На бел. мову асобныя творы С. пераклаў К.Кірэенка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЎЧАНКА Сцяпан Уладзіміравіч (28.12.1889, с. Сіняўка Менскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 16.1.1942),
украінскі літаратуразнавец і педагог. Праф. (1925). Скончыў Кіеўскі ун-т (1913) і з 1917 выкладаў у ім. Аўтар даследаванняў: «Паходжанне раманскіх моў» (1916), «Гі дэ Мапасан» (1926), «Класічны тэатр XVII ст. і класіцызм» (1931), «Шаўчэнка і сусветная літаратура» (1939) і інш. У працы «Руская народная казка» (1914) даследаваў гісторыю збірання і вывучэння бел. казак. Пераклаў з лац. на рус. мову і апублікаваў «Данясенні папскага нунцыя Іаана Тарэса, архіепіскапа Адрыянопальскага, аб падзеях у Польшчы ў час, паўстання Багдана Хмяльніцкага» (1916), што мела пэўнае значэнне для вывучэння гісторыі Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІРЭ́НА (франц. siréne ад грэч. seirēn сірэна, міфічная дзева, якая прываблівала мараходаў сваімі спевамі),
прылада для атрымання гукавых ці ультрагукавых ваганняў шляхам перарывання струменя паветра ці пары.
Паводле прынцыпу работы С. бываюць дынамічныя (вярчальныя) і пульсуючыя. Больш пашыраны дынамічныя, якія падзяляюцца на восевыя і радыяльныя. Першыя складаюцца з 2 дыскаў з адтулінамі, праз якія прапускаецца струмень газу пад ціскам Пры вярчэнні аднаго дыска (ротара) адносна другога (статара) у моманты супадзення адтулін струмень праходзіць, у моманты перакрыцця — спыняецца. У радыяльных сістэмах замест дыскаў ужываюцца кааксіяльныя пустыя цыліндры ці поршні са шчылінамі. Выкарыстоўваюцца на маяках, суднах, у сістэмах апавяшчэння аб небяспеках і інш.Гл. таксама Газаструменныя выпрамяняльнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІЯПАРЭ́ЛІ (Schiaparelli) Джавані Вірджыніо (14.3.1835, г. Савільяна, Італія — 4.7.1910),
італьянскі астраном. Замежны чл.-кар. (1874) і ганаровы чл. (1904) Пецярбургскай АН. Скончыў Турынскі ун-т (1854). З 1859 у Пулкаўскай абсерваторыі. З 1860 у астр. абсерваторыі ў Мілане (у 1862—90 дырэктар). Навук. працы па даследаванні планет, камет і падвойных зорак, а таксама гісторыі астраноміі, матэматыцы і метэаралогіі. Распрацаваў тэорыю метэораў і ўстанавіў сувязь метэорных патокаў з каметамі (1866). Выявіў на паверхні Марса сетку тонкіх ліній, т.зв. «каналаў» (1877), гіпотэза аб штучным паходжанні якіх не атрымала пацвярджэння. Правёў грунтоўныя назіранні Меркурыя і Венеры.
Літ.:
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ.М., 1966. С. 411—418.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУРА́ТАЎ-БЕ́ЛЬСКІ Рыгор Лук’янавіч (Малюта; ? — 1.1.1573),
адзін з кіраўнікоў апрычніны Івана IV Грознага у Рас. дзяржаве 16 ст., актыўны арганізатар апрычнага тэрору. Набыў вядомасць і ўплыў у 1569, калі ўдзельнічаў у следстве над стрыечным братам Івана IV кн. У.А.Старыцкім і ў яго смяротным пакаранні. У снеж. 1569.задушыў б. мітрапаліта Піліпа Колычава, у студз. 1570 кіраваў разгромам Ноўгарада, дзе забіў тысячы жыхароў. У 1571 вёў следства аб прычынах паражэння рус. войск у баі з ардой крымскага хана Дэўлет-Гірэя. Загінуў у баі ў час Лівонскай вайны. З яго імем гіст. традыцыя звязвае жорсткасці, забойствы і смяротныя пакаранні часоў Івана IV.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТУКА́ЛІЧ Уладзімір Казіміравіч (9.11.1858, г. Екабпілс, Латвія — 18.10.1918),
бел. гісторык і краязнавец, літаратуразнавец. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1883), удзельнічаў у рэв. руху. Працаваў у казённай палаце ў Слоніме, Гродне, Віцебску (памочнік прысяжнага паверанага). Чл.Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. У 1886—1900 друкаваўся ў газ. «Русский курьер» як літаратуразнавец (пад псеўд. Вяневіч). Аўтар прац «Да пытання аб арганізацыі універсітэта ў Віцебску» (1903), «А.П.Сапуноў. Да 25-годдзя яго навуковай і літаратурнай дзейнасці» (1905), «М.Я.Нікіфароўскі, 1845—1910 гг.» (1910), артыкулаў па краязнаўстве Беларусі, гісторыі бел. гарадоў. Быў у сяброўскіх адносінах з І.Я.Рэпіным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБАРЭ́НДА (ад суб... + арэнда),
перадача арандатарам са згоды арэндадаўцы арандаванай маёмасці ў паднаём іншай асобе Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь дагавор С. не можа быць заключаны на тэрмін, які перавышае тэрмін дагавору арэнды. Адказным па дагаворы С. перад арэндадаўцам застаецца арандатар. Да дагавораў С. дастасоўваюцца правілы аб дагаворы арэнды, калі іншае не прадугледжана законам. Датэрміновае спыненне дагавора арэнды цягне за сабой і спыненне заключанага ў адпаведнасці з ім дагавора С. Субарандатар у гэтым выпадку мае права на заключэнне з арандатарам дагавора арэнды на маёмасць, якая знаходзілася ў яго карыстанні ў адпаведнасці з дагаворам С., у межах астатняга тэрміну С. на ўмовах, адпаведных умовам спыненага дагавора арэнды.