БРЭ́ЖНЕЎ (Дзмітрый Данілавіч) (7.11.1905, в. Пісклава Курскай вобл., Расія — 4.4.1982),
савецкі селекцыянер і генетык. Акад. УАСГНІЛ (1956), Герой Сац. Працы (1975). Скончыў Варонежскі с.-г.ін-т (1933). У 1937—41 і 1949—79 у НДІ раслінаводства ў Ленінградзе (з 1965 дырэктар). Навук. Працы па біялогіі агароднінных культур, прапанаваў арыгінальныя метады селекцыі на імунітэт. Пад кіраўніцтвам Брэжнева распрацавана сістэма насенняводства цяплічных сартоў агароднінных раслін. Дзярж. прэмія СССР 1952.
Тв.:
Овощеводство в США М., 1961;
Томаты. 2 изд. Л., 1964;
Овощеводство в субтропиках и тропиках. М., 1977 (разам з П.Ф.Кананковым);
Дикие сородичи культурных растений флоры СССР. Л., 1981 (разам з В.М.Каровінай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛАВАНО́СЕЦ (Corynephorus),
род кветкавых раслінсям. метлюжковых. 5 відаў. Пашыраны пераважна ў краінах Міжземнамор’я: На Беларусі трапляецца атлантычна-еўрап. від — булаваносец сіваваты (C. canescens;). Расце на пясчаных мясцінах, узлесках сухіх хваёвых лясоў у паўд. і зах. раёнах на паўн.-ўсх. мяжы арэалу.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны са шматлікімі полымі сцёбламі (саломінамі) выш. 10—35 см і каранёвым валасніком. Лісце сівое, шчацінкападобнае, згорнутае, тонказавостранае, цвёрдае, шурпатае, у прыкаранёвай разетцы. Кветкі дробныя ў кароткай раскідзістай або сціснутай мяцёлцы з нешматлікіх маленькіх каласкоў. Ніжняя кветкавая лускавінка з членістым булавападобным асцюком (адсюль назва). Плод — зярняўка. Дэкар. і кармавыя расліны, замацавальнікі пяскоў (утвараюць шчыльную дзярніну).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЯКІ́, ганабобель,
дурніцы (Vaccinium uliginosum),
від кветкавых раслін з роду ягаднік сям. верасовых. Пашыраны ва ўмераных і халодных зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляецца ўсюды на сфагнавых балотах і ў забалочаных хваёвых лясах разам з багуном, утварае зараснікі.
Невял. разгалінаваны лістападны кусцік выш. да 1 м з прамымі галінкамі. Лісце цвёрдае, эліптычнае, шаравата-шызае, чаргаванае. Кветкі дробныя, белыя з ружовым адценнем, па 1—3 на канцах леташніх парасткаў. Плод — сакаўная сінявата-чорная ягада з шызым воскападобным налётам. Лек. (добры проціцынготны і вяжучы сродак, садзейнічае вывядзенню з арганізма радыенуклідаў), харч. (ягады кісла-салодкія, ядомыя, маюць цукры, дубільныя рэчывы, фенолы, вітаміны і інш.), кармавая і меданосная расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГЛІ́ ВЫКАПНЁВЫЯ,
цвёрдыя гаручыя карысныя выкапні асадкавага паходжання, прадукт пераўтварэння вышэйшых і ніжэйшых раслін. Маюць да 50% мінер. прымесей і вільгаць. Паводле ступені вуглефікацыі падзяляюцца на буры вугаль, каменны вугаль і антрацыт, у залежнасці ад зыходнага матэрыялу — на гумаліты, сапрагумаліты, гумасапрапеліты, сапрапеліты. Залягаюць звычайна ў выглядзе пластападобных пакладаў сярод асадкавых парод усіх узростаў, пачынаючы з дэвону. Складаюць 87,5% прагнозных рэсурсаў выкапнёвага паліва Зямлі; у сусв. паліўна-энергет. балансе займаюць каля 25%. Разведаныя сусв. запасы (3705 млрд.т) сканцэнтраваны пераважна ў Расіі, ЗША, КНР, Аўстраліі. Нязначныя радовішчы выяўлены ў Беларусі. Сыравіна для металург. і хім. прам-сці. Гл. таксама Вугальная прамысловасць.
прадукт поўнага акіслення вугляроду, CO2. Бясколерны газ, шчыльн. 1,98 кг/м³, пры моцным ахаладжэнні ператвараецца ў сухі лёд. Раствараецца ў вадзе (гл.Вугальная кіслата), спіртах, ацэтоне, бензоле і інш.арган. растваральніках, не гарыць. Утварае з моцнымі асновамі карбанаты. Уваходзіць у састаў атмасферы Зямлі (0,03 % па аб’ёме), крыніца вугляроду для раслін, якія засвойваюць вугляроду дыяксід пры фотасінтэзе, адзін з асн. біяхім. кампанентаў у працэсах дыхання жывёльных арганізмаў. Атрымліваюць пры абпальванні вапняку, акісленні вуглевадароднага паліва. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці соды, мачавіны, карбонавых кіслот, цукру, газіраваных напіткаў, у вогнетушыцелях, газавых лазерах. У вял. канцэнтрацыях таксічны, выклікае гіпаксію, ГДК 30 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫГАНАШЧА́НСКАЕ ВО́ЗЕРА, Выганаўскае возера,
у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., на водападзеле р. Шчара і Ясельда, за 37 км на У ад г. Івацэвічы, на тэр. гідралагічнага заказніка Выганашчанскае. Пл. 26 км², даўж. 7 км, найб.шыр. 4,8 км, найб.глыб. 2,3 м, даўж. берагавой лініі 21 км. Пл. вадазбору 87,1 км². Схілы катлавіны спадзістыя, пераважна забалочаныя. Берагі нізкія, тарфяністыя, пад хмызняком, на Пн і Пд сплавінныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем, у зах.ч. шматлікія мелі. З Пн на Пд возера перасякае Агінскі канал. Вылучаецца відавым багаццем вышэйшых водных раслін і наяўнасцю прыбярэжнай разнатраўна-асакова-злакавай сплавіны шыр. да 150 м. Мноства вадаплаўных птушак. Зарастае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРТЫЦЫЛЁЗ,
хвароба, якая выклікаецца недасканалымі грыбамі з роду Verticillium. Найб. часта пашкоджвае клён, ліпу, дуб, конскі каштан, ільмовыя і многія інш. дрэвавыя пароды, кусты і травяністыя расліны. Асабліва небяспечны для маладых раслін. На Беларусі адзначаны на лісцевых пародах у Брэсцкай і Гомельскай абласцях.
Пры вертыцылёзе закупорваюцца сасуды дрэў, у выніку пашкоджваецца іх водапранікальная сістэма і галінкі або ўсё дрэва засыхаюць. На зрэзах пашкоджаных участкаў бурыя або аліўкавыя суцэльныя ці перарывістыя кольцы. Заражэнне адбываецца спорамі грыба праз мех. пашкоджанні ў вобласці каранёвай шыйкі і ніжняй часткі ствала, а таксама міцэліем пры кантакце хворых і здаровых каранёў. Пашырэнню хваробы спрыяе цёплае вільготнае надвор’е.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯДРЫ́НЕЦ (Pimpinella),
род кветкавых раслінсям. сельдэрэевых. Каля 150 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. і Паўд. Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі звычайна трапляецца бядрынец каменяломнікавы (P. saxifraga), які расце ў светлых лясах, на ўзлесках, каля дарог, а таксама вельмі рэдка ў хмызняках і на ўзлесках. Бядрынец вялікі (P. major) занесены ў Чырв. кнігу.
Шмат-, двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом. Лісце няпарнаперыстае, чаргаванае, ніжняе звычайна ў разетцы. Кветкі дробныя, белыя ці ружовыя, у складаных парасонах. Плод — віслаплоднік. Лек., харч., меданосныя і кармавыя расліны; карані і насенне маюць эфірны алей, дубільныя рэчывы, сапаніны, гліказід пімпінелін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗКА (Convolvulus),
род кветкавых раслінсям. бярозкавых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі трапляецца дзікарослая бярозка палявая (C. arvensis). Расце як пустазелле, а таксама ўздоўж дарог, на пустках і травяных схілах. Як дэкар. вырошчваецца бярозка трохкаляровая, або дзённая прыгажуня (C. tricolor).
Шмат- і аднагадовыя травяністыя расліны з павойным галінастым або сцелістым ці прамастойным сцяблом, радзей паўкусты і кусты. Лісце суцэльнае, доўгачаранковае. Кветкі званочкавыя ці лейкападобныя, белыя або ружовыя, часам з палосамі і рознакаляровыя (у садовых форм), па 1—3 у пазухах лісця або сабраныя ў суквецці. Плод — каробачка. Лек., дэкар., меданосныя, некаторыя — кармавыя і ядавітыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАЛЮ́БЫ (Hydrophilidae),
сямейства насякомых атр. жукоў. У сусв. фауне больш за 4 тыс. відаў, пашыраных на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. На Беларусі каля 100 відаў. Жывуць у вадзе, берагавым пяску, у гнаі, у раслінных рэштках. Найб. пашыраны вадалюб вялікі (Hydrous aterrimus), вадалюб чорны (H. piceus), вадалюб малы (Hydrophilus caraboides), вадалюб гноевы (Sphaeridium scrabaeoides).
Даўж. 1—50 мм. Цела пукатае, бліскучае, чорнае, зеленавата-чорнае або з плямістым малюнкам. Некат. добра лятаюць і плаваюць. Водныя формы дыхаюць атм. паветрам. Самкі ўтвараюць яйцавыя коканы, куды адкладваюць да 50 яец. Акукліваюцца сярод водных раслін або ў глебе. Лічынкі драпежныя, дарослыя — расліннаедныя. Шэраг відаў — гаспадары паразітычных чарвей.