АМУ́РСКІ ЛІМА́Н,
паўн. частка Татарскага праліва, паміж мацерыковай Азіяй і в-вам Сахалін. Злучае Сахалінскі заліў Ахоцкага м. на Пн з уласна Татарскім пралівам на Пд цераз Невяльскога праліў. Даўж. каля 185 км, шыр. да 40 км, глыб. 3—4,5 м. З ліст. да мая ўкрыты лёдам. Прылівы няправільныя, сутачныя, больш за 2 м. У зах. частцы ў ліман упадае р. Амур.
т. 1, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЦЯ́НКА,
курганны могільнік 10—11 ст. дрыгавічоў каля в. Брацянка Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Пахавальныя абрады: трупаспаленне на месцы пахавання і па-за межамі могільніка; трупапалажэнне на гарызонце. У некаторых насыпах побач з пахаваннямі трапляліся камяні (звязана, відаць, з перажыткамі пахавальнага абраду каменных курганоў). Сярод знаходак жал. нажы, крэсівы, трохпацеркавыя скроневыя кольцы, жаночыя ўпрыгожанні, ганчарныя гаршкі. Могільнік, магчыма, быў некропалем стараж. Навагрудка.
т. 3, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ПІВАВА́РНЫ ЗАВО́Д.
Засн. ў 1878 у Віцебску. Быў адным з найб. піваварных прадпрыемстваў Расійскай імперыі. Меў паравыя рухавікі (з 1908). Вырабляў піва баварскае, чорнае і інш., да 330 тыс. вёдраў за год, працавала 50 рабочых (1913). У сав. час рэканструяваны і расшыраны. У Вял. Айч. вайну абсталяванне эвакуіравана ў Пензенскую вобл. Расіі. Адноўлены ў Віцебску ў 1947. Выпускае піва і безалкагольныя напіткі.
т. 4, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІ́ШАНЬКА»,
бел. нар. гульня. У гульню «Вішаньку» («Ірваць вішаньку») гуляюць пераважна на Каляды. Дзяўчына становіцца на ўслончыку паміж двух хлопцаў, якія, узяўшыся за рукі, ахоўваюць яе («вішаньку») ад трэцяга, што стаіць побач з імі. Дзяўчына, трымаючы ў роце саломінку, паварочвае галаву з боку ў бок. Той трэці павінен падскочыць да дзяўчыны і губамі схапіць саломінку. Калі гэта ўдаецца, дзяўчына цалуе яго.
т. 4, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ АСТРАЎЛЯ́НСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Усыса (злучана з возерам ручаём), за 10 км на ПдЗ ад г. Гарадок. Пл. 0,24 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 300 м. Пл. вадазбору 20,8 км². Схілы катлавіны выш. 10—15 м, разараныя, месцамі забалочаныя і парослыя хмызняком. У цэнтр. частцы востраў. Злучана ручаём з воз. Малое Астраўлянскае.
т. 4, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДАВЫ́ ПРЫКА́ЗЧЫК,
выбраны з павятовых служылых людзей правіцель горада (павета) у Расіі ў 16—17 ст. Выконваў функцыі гараднічага. Падпарадкоўваўся намесніку. Наглядаў за справамі служылых дваран, буд-вам і рамонтам гар. крапасных збудаванняў, боепрыпасамі, зборам падаткаў і выкананнем павіннасцей. У ваен. час выконваў функцыі гар. ваен. каменданта. Пасля ўвядзення ў гарадах пасады ваяводы гарадавыя прыказчыкі сталі іх памочнікамі, прызначаліся ваяводамі з мясц. дваран.
т. 5, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫФО́Н,
1) раптоўны прарыў з затрубнай прасторы буравой свідравіны флюіду (у асн. газу), які рухаецца пад вял. ціскам. Суправаджаецца ўтварэннем кратэраў, дыяметр варонкі якіх можа дасягаць некалькіх дзесяткаў і нават соцень метраў; выклікае прасяданне зямной паверхні. Часта грыфоны прыводзяць да пажараў і ліквідацыі свідравіны.
2) Выхад падземнай вады з ваданоснай пароды сканцэнтраваным струменем, які падымаецца вышэй за паверхню зямлі ці дно вадаёма.
т. 5, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДАЛЕ́НГА»,
прыватнаўласніцкі герб. У блакітным полі сярэбраная падкова, з сярэдзіны падковы выходзіць страла джалам уніз, над падковай — залаты крыж; клейнод — прабітае стралой птушынае крыло. Існуюць варыянты герба: страла накіравана ўлева, клейнод — 3 страусавыя пёры. Паводле падання, узнік у канцы 12 ст. У ВКЛ пашыраны з пач. 15 ст. Гербам карысталіся больш за 150 родаў Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны.
А.К.Цітоў.
т. 6, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛІ́НАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН І СУГЛІ́НКАЎ,
у Гродзенскай вобл., за 6,5 км на ПнЗ ад г.п. Дзятлава. Пластавы паклад звязаны з марэннымі адкладамі сожскага ледавіка. Гліны і суглінкі светла- і жаўтавата-шэрыя, шчыльныя, вязкія, пластычныя, карбанатныя, з зернямі жвіру. Разведаныя запасы 4,2 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3,1—15,7 м, ускрышы 0,3—8 м. Гліны і суглінкі прыдатныя на выраб аглапарыту.
т. 6, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛО́Н ((Delon) Ален) (н. 8.11.1935, Парыж),
французскі кінаакцёр, рэжысёр, прадзюсер. У кіно з 1957. У фільмах «Рока і яго браты», «Зацьменне», «Леапард», «Самурай», «Забойства Троцкага», «Месье Кляйн» раскрывае дваістасць чалавечай натуры сваіх герояў, канфлікт паміж матэрыяльным і духоўным. Знешні выгляд, пластычнасць, дынамізм зрабілі Д. папулярным у ролях розных амплуа. Паставіў фільм «За скуру паліцэйскага» (1981), «Неўтаймаваны» (1983). З 1968 выступае і як прадзюсер.
т. 6, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)