ЗАПО́ЛЬСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ Дзейнічала ў жн. 1941 — ліп. 1944 у в. Заполле Ружанскага р-на
(цяпер Пружанскі р-н) Брэсцкай вобл. пад кіраўніцтвам Ружанскіх антыфаш. к-та і падп. райкома ЛКСМБ (з жн. 1943). У 1942 налічвала 16 чал. Сакратары: Я.І.Гардзей (дачэрв. 1943),
У.І.Прадко (дажн. 1943), І.М.Маньчык (даліп. 1944). Падпольшчыкі здабывалі зброю і боепрыпасы для партызан, распаўсюджвалі лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, праводзілі дыверсіі, са здабытых шрыфтоў у 1942 абсталявалі друкарню. У в. Заполле ў гонар падпольшчыкаў пастаўлены абеліск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕЕГАЛО́Ў (Channa argus),
рыба сям. змеегаловых атр. акунепадобных. Пашыраны ў прэсных вадаёмах Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. Акліматызаваны ў Сярэдняй Азіі. Жыве ў зарослых пратоках, залівах з невял. колькасцю кіслароду.
Даўж. да 85 см, маса да 7 кг. На целе бурыя плямы, за вачыма 2 доўгія вузкія цёмныя паласы да задняга краю шчэлепнай накрыўкі. Галава пляскатая, укрыта зверху і з бакоў луской, нагадвае галаву змяі (адсюль назва). Спінны і анальны плаўнікі доўгія. Можа дыхаць атм. паветрам, без вады жыве некалькі дзён. Драпежнік. Аб’ект промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЕ́НІЎНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
агароднінныя расліны, якія выкарыстоўваюцца ў ежу зялёнымі (свежымі або кансерваванымі). Да З.к. адносяць цыбулю (на зялёнае пер’е), салату, шпінат, кроп, рэвень, шчаўе, пятрушку і сельдэрэй (на зелень), базілік духмяны, карыяндр (на зелень), капусту пекінскую і інш. З.к. маюць вял. колькасць вітамінаў і мінер. солей, добрыя на смак; прыдатныя на лячэбнае харчаванне.
Скараспелыя культуры, патрабавальныя да ўрадлівасці і вільготнасці глебы, пераносяць замаразкі да -5 °C. Высяваюцца ў адкрытым і ахаваным грунце некалькі разоў за год. Вырошчваюць у чыстай або ўшчыльненай (на памідорах, капусце) культурах, як папярэднік позніх культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯНО́Н (Zēnōn) з Кітыёна
(востраў Кіпр; каля 336—264 дан.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф, заснавальнік стаіцызму. Каля 312 пасяліўся ў Афінах. Вучыўся ў кініка Кратэса, прадстаўніка мегарскай школы Стылпона і кіраўніка платонаўскай Акадэміі Палемона. Каля 300 дан.э. заснаваў сваю школу стоікаў. На фарміраванне яго поглядаў паўплывалі ант. медыцынскія тэорыі, фізіка Геракліта, тэалагічныя ідэі Сакрата, Платона і Арыстоцеля. Вучэнне З. характарызуецца пераважна ўвагай да абгрунтавання ўнутр. незалежнасці асобы. Творы З. («Аб прыродзе», «Супраць філасофіі», «Спрэчкі») захаваліся фрагментарна. Сярод яго вучняў Персей, Клеанф з Аса, Арыстон з Кеоса і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́РАД IВялікі
(каля 73—4 дан.э.),
цар Іудзеі з 40 (фактычна з 37) дан.э. Тытул цара атрымаў ад рым. сената, але ўнутры Іудзеі карыстаўся амаль абс. уладай. Пашырыў тэр. свайго царства, падуладнага Рыму, да межаў б. дзяржавы Давіда. Ператварыў Іерусалім у крэпасць. Бязлітасна душыў нар. хваляванні і знішчаў усіх, каго лічыў сапернікам, у т. л. ўласных дзяцей. Паводле хрысц. падання, даведаўшыся пра нараджэнне Хрыста, загадаў забіць усіх немаўлят у г. Віфлеем. Пазней імя І. набыло пераносны сэнс як назва вельмі жорсткага, бязлітаснага чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКАІ́НАВЫ КУСТ, кока (Erythroxylum coca),
кветкавая расліна сям. какаінавых. Пашыраны ў горных трапічных лясах Паўд. Амерыкі. Культывуецца ў Паўд. Амерыцы і Азіі. Лісце мае ў сабе какаін (да 1,3%) і інш. алкалоіды. З куста здымаюць за год да 5 кг сухога лісця.
Вечназялёны куст выш.да 5 м. Лісце шырокаэліптычнае, суцэльнае. Кветкі па 3—15 у пазухах лісця, дробныя, жаўтавата-белыя. Плод — ярка-чырв. касцянка. Лек. расліна (аказвае танізуючае і мясц. анестэзіруючае ўздзеянне). Пры празмерным карыстанні выклікае залежнасць (какаінізм). Выкарыстоўваецца ў медыцыне, харч. і парфумернай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НА, эланд (Tragelaphus oryx),
млекакормячае сям. пустарогіх атр. парнакапытных. Пашырана ў Афрыцы, на Пд ад Сахары. Жыве ў саваннах, трымаецца статкамі.
Самая буйная антылопа кантынента, даўж.да 3,5 м, выш. ў карку каля 1,8 м, маса да 1 т. Рогі даўж. каля 1 м, скручаныя. Пад шыяй складка скуры (падгрудак). Афарбоўка ад шаравата-жоўтай да цёмна-рыжай. Нараджае 1 цяля. Корміцца травой, лісцем. Лёгка прыручаецца, гадуюць на фермах, у т. л. з 1892 у запаведніку Асканія-Нова (Украіна). Зах. падвід (T.o. derbianus) у Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́БЛІКІ, наўтылусы (Nautilus),
род беспазваночных жывёл кл. галаваногіх малюскаў. 6 відаў. Пашыраны ва ўсх.ч. Індыйскага і зах.ч. Ціхага акіянаў. Жывуць на роўным дне, на глыб.да 750 м.
Дыяметр ракавіны да 30 см, маса да 1,8 кг. Ракавіна спіральная, знутры ўкрыта перламутрам. Падзелена на камеры, якія пранізаны трубкай. Цела жывёлы знаходзіцца ў апошняй, самай вял. камеры, у астатніх — вада ці газ; яны выконваюць ролю гідрастатычнага апарата. Асн. орган пачуццяў — шчупальцы (у самцоў 66, у самак 94), без прысоскаў. Кормяцца ракападобнымі, рыбамі. Ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́-ТЭПЕ́,
узгорак каля г. Кадырлі (Турцыя), дзе былі адкрыты руіны горада 9—7 ст.дан. э. У выніку раскопак, якія вяліся з 1947, выяўлены 2 брамы і часткова палац. Брамы ўпрыгожаны каменнымі рэльефамі з выявамі розных сцэн: рытуальных, палявання, марской бітвы, музы́каў і інш. Рэльефы характэрны для навахецкага мастацтва. Знойдзены іерагліфічны надпіс (8 ст.дан. э.) на хецкай і ханаанскай мовах, якія дазваляюць меркаваць, што К.-Т. ўваходзіў у склад дзяржавы данунітаў, якая ў пач. 1-га тыс.дан. э. падначаліла хецкія пасяленні на ПдУ М. Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМІ́Р-БЛУР, Кармірблур (арм. чырвоны ўзгорак),
узгорак на левым беразе р. Раздан, на зах. ускраіне г. Ерэван. У 1936 на К.-Б. знойдзены ўрарцкі клінапіс з імем цара Русы, сына Аргішці II (7 ст.дан.э.). У выніку археал. раскопак у 1939—70 на ўзгорку адкрыта цытадэль, а вакол узгорка — рэшткі горада Тэйшэбаіні. Выяўлены багаты матэрыял пра гаспадарку і культуру стараж. дзяржавы Урарту. Цытадэль разбурана ў пач. 6 ст.дан.э.мясц. плямёнамі, якія імкнуліся скінуць урарцкі прыгнёт, і скіфамі, што далучыліся да іх.