ДЫВЕРСІФІКА́ЦЫЯ (лац. diversilicatio ад diversus розны + facio раблю),

разнастайнасць, рознабаковасць у развіцці. Д. ў эканоміцы — размеркаванне інвеставаных або пазычаных грашовых капіталаў паміж рознымі аб’ектамі ўкладанняў з мэтай змяншэння рызыкі магчымых страт капіталу або даходаў ад яго. Д. вытворчасці — адначасовае развіццё многіх, не звязаных адзін з адным відаў вытв-сці, расшырэнне асартыменту вырабаў.

т. 6, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСАЦЫЯ́ЦЫЯ (ад лац. dissociatio раз’яднанне, раздзяленне),

распад малекул і крышталёў на некалькі больш простых малекул, атамаў, радыкалаў ці іонаў. У залежнасці ад характару ўздзеяння, што выклікае Д., адрозніваюць электралітычную дысацыяцыю, тэрмічную і фотадысацыяцыю (Д. пад уздзеяннем іанізавальнага выпрамянення). Колькасная характарыстыка Д. — ступень дысацыяцыі, роўная адносінам колькасці малекул, што распаліся, да агульнай колькасці малекул у сістэме.

т. 6, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСМАРФАФАБІ́Я (ад дыс... + марфа... + фобія),

назойлівы неўратычны страх, звязаны з рэальнай або ўяўнай фіз. заганай. У адрозненне ад дысмарфаманіі працякае звычайна без цяжкіх псіх. расстройстваў. Праяўляецца пераважна ў падлеткаў як часовая ўзроставая з’ява; большасць выпадкаў Д. прыпадае на перыяд палавога выспявання (хоць можа развівацца і ў дарослых людзей, зрэдку і ў дзяцей).

т. 6, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗАВУІ́РАВАННЕ (ад франц. désavouer адмаўляцца, выказваць неадабрэнне),

заява пра нязгоду з дзеяннямі сваёй даверанай асобы ці аб тым, што дадзеная асоба не ўпаўнаважана дзейнічаць ад імя заяўніка. У міжнар. праве — заява кіраўніка дзяржавы ці ўрада аб тым, што дыпламат. прадстаўнік або інш. афіц. асоба дзейнічала без адпаведнага даручэння ці з перавышэннем паўнамоцтваў.

т. 6, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛЬКРЭ́ДЭРЭ (ад італьян. del credere напавер),

у цывільным праве адна з умоў дагавору камісіі. Заключаецца ў прыняцці камісіянерам на сябе парукі за выкананне трэцяй асобай здзелкі, якая робіцца камісіянерам на карысць камітэнта. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь камісіянер, які прыняў Д., атрымлівае ад камітэнта асобнае ўзнагароджанне, памер якога вызначаецца пагадненнем бакоў, калі іншае не ўстаноўлена законам.

т. 6, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБАВІ́ЧЫ,

вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., на р. Ненач. Цэнтр сельсавета і дапаможнай гаспадаркі раённага аб’яднання «Сельгасхімія». За 13 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Калінкавічы, 135 км ад Гомеля. 465 ж., 196 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 5, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЦУ́К,

вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл. На аўтадарозе Слуцк—Мінск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 38 км на Пн ад горада і чыг. ст. Слуцк, 67 км ад Мінска. 1172 ж., 373 двары (1996). Торфабрыкетны з-д «Слуцкі», пральня. Сярэдняя і муз. школы, Дом фальклору, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі.

т. 5, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕРАЎНА́Я,

вёска ў Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Іса. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Слонім, 163 км ад Гродна. 518 ж.. 348 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Троіцкая царква (2-я пал. 19 ст.).

т. 6, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́ТВА,

вёска ў Лідскім р-не Гродзенскай вобл., каля аўтадарогі Гродна—Ліда. Цэнтр сельсавета. За 12 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Ліда, 102 км ад Гродна. 1859 ж., 562 двары (1997). Торфабрыкетны з-д, птушкафабрыка, буд. мантажнае ўпраўленне № 2. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 6, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКУ́ДАВА,

вёска ў Лідскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Ліда, 135 км ад Гродна. 723 ж., 318 двароў (1997). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Царква. Каля вёскі стаянка эпохі мезаліту і неаліту нёманскай культуры.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)