МАНТРО́ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1936 аб рэжыме чарнаморскіх праліваў.

Адбылася 22 чэрв. — 20 ліп. ў г. Мантро (Швейцарыя) з удзелам прадстаўнікоў Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі, СССР, Турцыі, Балгарыі, Румыніі, Грэцыі, Югаславіі. Склікана па ініцыятыве тур. ўрада для перагляду канвенцыі аб чарнаморскіх пралівах, прынятай на Лазанскай канферэнцыі 1922—23. Пасля дыскусій пераважна паміж прадстаўнікамі Вялікабрытаніі і СССР 20.7.1936 падпісана канвенцыя на 20 гадоў (набыла сілу 9.11.1936, двойчы працягвалася), якая ў асн. дзейнічае і цяпер. Паводле яе Турцыі дадзена права рэмілітарызаваць зону праліваў (Басфор, Дарданелы, Мармуровае м.) і кантраляваць выкананне канвенцыі, дазволены свабодны праход праз пралівы гандл. суднаў усіх краін у мірны і ваен. час, любых ваен. караблёў чарнаморскіх дзяржаў (пасля апавяшчэння тур. улад) і да 9 невял. ваен. караблёў агульным водазмяшчэннем 15 тыс. т нечарнаморскіх дзяржаў у мірны час. Калі Турцыя ваюе або знаходзіцца перад пагрозаю вайны, яна можа дазволіць або забараніць праход праз пралівы любых ваен. суднаў; у час вайны, у якой Турцыя не ўдзельнічае, забараняецца праход праз пралівы ваен. караблёў любой дзяржавы, што ваюе. У 1938 да канвенцыі далучылася Італія.

Кр.: Международное право в документах. 2 изд. М., 1997.

Літ.:

Калинкин Г.Ф. Режим морских пространств. М., 1981.

т. 10, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКО́Е ПРА́ВА,

сукупнасць прававых норм, якія рэгулююць адносіны, што складваюцца ў галіне гандл. і ваен. мараплавання, рыбалоўства і марскога промыслу, здабычы біял. і мінер. рэсурсаў мораў, правядзення навук. даследаванняў і да т.п. Першыя зборнікі М.п. адносяцца да 11—14 ст., калі пачалі развівацца міжнар. эканам. сувязі. Вядомы зборнікі марскіх звычаяў розных краін: Наўгародская Скра, Візбійскія табліцы, Алеронскі скрутак, барселонскі «Марскі судзебнік» і інш.

Існуюць 3 галіны М.п.: нац. М.п., міжнар. публічнае М.п. і міжнар. прыватнае М.п. У Расіі і некат. краінах СНД, у т. л. на Беларусі, дзейнічаюць нормы М.п., выкладзеныя ў Кодэксе гандл. мараплавання СССР 1968, а таксама шматлікія міжнар. пагадненні ў гэтых пытаннях, удзельнікамі якіх з’яўляюцца краіны. Пад міжнар. публічным М.п. разумеецца сукупнасць міжнар. дагаворных і звычаёвых норм, якія рэгулююць адносіны паміж дзяржавамі ў сувязі з выкарыстаннем Сусветнага акіяна. У аснове сучаснага міжнар. публічнага М.п. ляжыць прынцып свабоды адкрытага мора. Міжнар. прыватнае М.п. рэгулюе адносіны дзярж органаў, фіз. і юрыд. асоб з замежнымі дзярж органамі ў сувязі з пытаннямі гандл. мараплавання. Прававыя нормы, якія складаюць гэту галіну М.п., ёсць ва ўнутр. заканадаўстве некат. дзяржаў і ў міжнар. пагадненнях.

т. 10, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАРЫ́ЗА (ад грэч. mykēs грыб + rhiza корань),

сімбіятычнае спалучэнне сысучых каранёў вышэйшай расліны і міцэлію грыба. Вядома ў большасці наземных раслін, пераважна шматгадовых. Адрозніваюць М. эктатрофную (вонкавую), пры якой міцэлій аплятае корань і пранікае ў міжклетнікі вонкавых слаёў яго першаснай кары (каранёвыя валаскі адміраюць, карані відазмяняюцца); эндатрофную (унутраную), калі міцэлій развіваецца пераважна ў міжклетніках і клетках коравай парэнхімы кораня (корань знешне не мяняецца); эктаэндатрофную (пераходную). Эктатрофная і эктаэндатрофная (больш пашырана ў лясах) М. найб. характэрны для дрэў і шапкавых базідыяльных грыбоў (баравік, падасінавік, рыжык, мухаморы і інш.), многія з якіх без М. не ўтвараюць пладовых цел; эндатрофная — для травяністых раслін і мікраскапічных грыбоў (найб. тыповая ў недасканалых грыбоў і раслін сям. ятрышнікавых, насенне якіх не развіваецца без сімбіёзу з грыбам). Пры М. грыб атрымлівае ад расліны вугляводы, амінакіслоты і біялагічна актыўныя рэчывы, павялічвае паглынальную паверхню і функцыян. актыўнасць каранёвай сістэмы, ахоўвае яе ад пашкоджанняў і патагенаў; расліна лепш засвойвае калій, арган. азоцістыя злучэнні і фасфаты, атрымлівае ад грыба вітамінападобныя рэчывы і актыватары росту.

Мікарыза: 1 — эктатрофная (пры павелічэнні); 2 — эндатрофная (папярочны разрэз кораня клёна); 3, 4 — участак кораня хвоі з эктатрофнай мікарызай і без яе.

т. 10, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАВІ́ДСКАЯ БІ́ТВА 1863.

Адбылася паміж паўстанцамі і рас. войскамі ў час паўстання 1863 — 64 у Польшчы, Беларусі і Літве. У сярэдзіне мая 1863 каля в. Мілавіды (цяпер Баранавіцкі р-н) сканцэнтравалася некалькі паўстанцкіх атрадаў (каля 800 чал.), лагер якіх знаходзіўся ў лесе паблізу шашы Брэст — Бабруйск. Камандаваў аб’яднанымі сіламі А.Лянкевіч. На ліквідацыю гэтых атрадаў былі накіраваны царскія войскі са Слоніма і Нясвіжа. З чэрв. яны з розных бакоў атакавалі лагер. Бой працягваўся некалькі гадзін, паўстанцы вытрымалі ўсе атакі. Калі стала цямнець, царскія войскі, страціўшы 50 чал. забітымі і параненымі, адступілі на зыходныя пазіцыі. Назаўтра наступленне аднавілася, але паўстанцы да гэтага часу пакінулі лагер (іх страты — 18 чал.). На месцы пахавання рас. салдат устаноўлены чыгунны крыж, на месцы пахавання паўстанцаў — Мілавідская мемарыяльная капліца. У 1990 пастаўлены яшчэ адзін памятны знак — камень з мемарыяльнай плітой і надпісам па-беларуску. У 1993 мілавідскай школе прысвоена імя А.​Лянкевіча, памяць пра гэтыя падзеі захоўваецца тут і ў назве вуліцы Паўстанцаў.

Літ.:

Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг.: Материалы и док. М., 1965;

Смирнов А.Ф. Восстание 1863 г. в Литве и Белоруссии. М., 1963;

Супрун В. Бітва пад Мілавідамі // Беларусь. 1973. № 5.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 10, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛЫН ВАДЗЯНЫ́,

мукамольны млын, які прыводзіўся ў рух энергіяй вады. Будаваўся на беразе ракі ці праточнага возера. Рабочы орган — пастаў з пары круглых апрацаваных камянёў з верт. воссю вярчэння; верхні камень прыводзіўся ў дзеянне ад вадзянога кола (сілай падаючай вады), у наплаўных М.в. (ставіліся на палі, паром ці баржу) — ад плыні (цячэння) вады.

Вядомыя са стараж. часоў (у краінах Усходу, Стараж. Грэцыі і Рыме), калі вынайдзенае для мэт арашэння вадзяное кала было прыстасавана круціць жорны. На Беларусі М.в. вядомы з часоў Кіеўскай Русі, найб. пашыраны ў 16—18 ст. (пераважна колавыя). У канцы 19 ст. пачалі выкарыстоўваць турбінныя М.в., у якіх замест кола ставілася вадзяная турбіна. Для млына звычайна рабілі зрубную, радзей каркасную прамавугольную ў плане пабудову на некалькі паверхаў, накрытую двух- або шматсхільным дахам з драніцы, гонты, саломы. У гарадах, некат. мястэчках, пры княжацкіх дварах, у манастырскіх вотчынах і буйных маёнтках М.в. будавалі з цэглы і каменю. Буйныя млыны часам абсталёўваліся абарончымі прыстасаваннямі, жылымі памяшканнямі, каморамі і крамамі. М.в., як і ветракі, выкарыстоўваліся да 1-й пал. 20 ст. (заменены млынамі спачатку з паравым, пазней з эл. прыводам). Захаваліся як помнікі нар. архітэктуры.

У.​М.​Сацута.

Млын вадзяны ў в. Вузла Мядзельскага раёна.

т. 10, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЁМНІЦТВА,

спосаб камплектавання ўзбр. сіл, заснаваны на прыцягненні на ваен. службу асоб паводле найму. Зарадзілася ў Стараж. Егіпце, калі ў войска пачалі прымаць прадстаўнікоў інш. краін. Наёмныя арміі мелі Персія, Карфаген, Стараж. Рым і інш. У эпоху феадалізму з 11 ст. асобныя феадалы, а з 14 ст. каралі і князі шэрагу краін Еўропы выкарыстоўвалі наёмнае войска для ўмацавання сваёй ўлады. З 15 ст. Н. (гл. Ландскнехты) стала пашыраным спосабам камплектавання ўзбр. сіл. Напр., у войску ВКЛ служылі наёмнікі з Германіі, Венгрыі і інш. (венг. конніца і пяхота, ням. і швейцарскія мушкецёры, рэйтары, аркебузёры і інш.). У 17—18 ст. ў Зах. Еўропе з’явіліся пастаянныя наёмныя арміі. У канцы 18 — пач. 19 ст. ў шэрагу краін уведзена ўсеагульная воінская павіннасць (у Расіі да 1874 дзейнічала сістэма рэкруцкай павіннасці). У наш час нац. ўзбр. сілы шэрагу краін (ЗША, Вялікабрытаніі і інш.) камплектуюцца шляхам Н. і вярбоўкі. У арміях і інш. узбр. фарміраваннях некат. краін (напр., Францыі) выкарыстоўваюцца замежныя наёмнікі (гл. Легіён). Кантрактная сістэма, якая па сутнасці з’яўляецца Н., значна пашырана ў шэрагу дзяржаў свету, у т. л. яе асобныя элементы ёсць ва Узбр. Сілах Беларусі.

т. 11, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРО́Н Клаўдзій Друз Германік Цэзар

(Nero Claudius Drusus Germanicus Caesar; 15.12.37, г. Анцыо, Італія — 9.6.68),

старажытнарымскі імператар [54—68]. З дынастыі Юліяў-Клаўдзіяў. Сын сенатара Гнея Даміцыя Агенабарбы. і Агрыпіны. Усыноўлены імператарам Клаўдзіем (50), ажаніўся з яго дачкой Актавіяй (53). Пасля забойства Клаўдзія абвешчаны імператарам. Да 62 пад уплывам прэфекта прэторыя Бура і свайго б. настаўніка Сенекі правіў у згодзе з сенатам, потым перайшоў да палітыкі рэпрэсій і канфіскацый. Загадаў забіць маці (59), жонку (62), потым прыбліжаных — Сенеку, паэта Лукана, пісьменніка Петронія і інш. Калі ў 64 моцны пажар зруйнаваў б. ч. Рыма, стаў праследаваць яўрэяў і хрысціян, каб адвесці ад сябе падазрэнне ў падпале горада. З 64 публічна выступаў як спявак і акцёр. Пасля здрады прэтарыянскай гвардыі скончыў жыццё самагубствам. Н. прысвечана біяграфія Светонія, некалькі трагедый 19 ст., оперы К.​Мантэвердзі, Г.​Ф.​Гендэля, А.​Рубінштэйна і інш.

Літ.:

Светоний Гай Транквилл. Жизнь двенадцати цезарей: Пер. с лат. М., 1993;

Федорова Е.В. Императорский Рим в ліцах. 2 изд. Смоленск, 1995;

Амфитеатров А.В. Зверь из бездны. Т. 1—2. М., 1996;

Сизек Э. Нерон: Пер. с фр. Ростов н/Д, 1998.

Нерон.

т. 11, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СІПАВЫ,

бел. мастакі; майстры лакавай мініяцюры; муж і жонка. Працуюць у сааўтарстве. Творам уласцівы майстэрства кампазіцыі і вытанчанасць малюнка.

Аляксандр Іванавіч (н. 25.5.1930, с. Вязаўка Базарна-Карабулацкага р-на Саратаўскай вобл., Расія). Скончыў Палехскае маст. вучылішча (1959). У 1961—92 працаваў на Гомельскім камбінаце мастацтва Бел. саюза мастакоў, адначасова ў 1974—81 рэктар гар. школы мастакоў-афарміцеляў, у 1969—73, 1977—81 старшыня праўлення Гомельскай арг-цыі Бел. саюза мастакоў.

Ганна Сцяпанаўна (н. 19.5.1925, в. Варатын Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.). Скончыла Палехскае маст. вучылішча (1950). У 1961—92 працавала на Гомельскім камбінаце мастацтваў Бел. саюза мастакоў.

Сярод твораў: «Адкрыццё міжкалгаснай электрастанцыі» (1959), «Іван — удовін сын» (1962—63), «Калі б хлопцы ўсёй зямлі» (1965), «50 год БССР» (1968), «Рэчыцкая лірычная» (1969), «Беларусь» (1978), «Піянеры Вялікай Айчыннай» (1982), «У зямлянцы» (1985), «Ой, ты зімачка-зіма» (1987), «Мёртвая царэўна», «Садко» (абодва 1989), «Жар-птушка» (1990); манум. размалёўкі «Вясна» ў клубе глуханямых (Гомель, 1985), «Садко» ў санаторыі-прафілакторыі «Дняпроўскія сосны» (1986), «Вяселле» на птушкафабрыцы «Світанак» (абедзве Гомельскі р-н, 1988), афармленне Свята-Пакроўскай царквы ў Гомелі (1990—92); абразы бел. святых, Казанскай Маці Божай і інш. (1990-я г.).

Осіпавы. Піянеры Вялікай Айчыннай. 1982.

т. 11, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ ЧАСЦІ́Ц,

уласцівасць мікрааб’ектаў, якая абумоўлена іх спінам і характарызуе ступень сіметрыі або асіметрыі часціц у прасторы.

Часціца з ненулявой масай спакою і спінам s можа знаходзіцца ў адным з 2s + 1 квантавых станаў, якія адпавядаюць рознай арыентацыі спіна адносна зададзенага напрамку. Палярызацыйны стан часціц ёсць суперпазіцыя ўсіх квантавых станаў. Калі каэфіцыенты суперпазіцыі вядомыя, то часціца цалкам палярызавана (чысты стан). Напр., фатон, які мае спін s = 1 і нулявую масу спакою, характарызуецца 2 спінавымі станамі (паралельна і антыпаралельна выбранаму напрамку). Аднолькавасць уласцівасцей часціц па ўсіх напрамках азначае яе бясспінавасць (s = 0) і немагчымасць палярызацыі. Часціцы са спінам 1 (ці больш) маюць дадатковую характарыстыку — выстраенасць, якая сведчыць пра адсутнасць сферычнай сіметрыі і вінтавой восі ў прасторы. Выяўленне незахавання прасторавай цотнасці (1956—57) у слабых узаемадзеяннях дало магчымасць атрымаць палярызаваныя часціцы і ядры ў рэакцыях распадаў. Прадказана натуральная П.ч. у пучку электронаў і пазітронаў пры руху ў магн. полі. Эксперыменты з палярызаванымі пучкамі часціц выкарыстоўваюцца для праверкі сіметрыі фундаментальных узаемадзеянняў, вызначэння спектраскапічных характарыстык ядз. узроўняў, вымярэння магн. дыпольных і эл. квадрупольных момантаў узбуджаных станаў ядра, для праверкі ядз. мадэляў і ўстанаўлення механізмаў ядз. працэсаў.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 12, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́МЯЦЬ у вылічальнай тэхніцы,

функцыянальная частка вылічальнай машыны для запісу, захоўвання і счытвання інфармацыі. Ствараецца на базе розных запамінальных прыстасаванняў. Асн. элементы: носьбіт інфармацыі, блок кіравання (выконвае пошук месца на носьбіце, запісвае і счытвае інфармацыю) і канал сувязі П. з інш. блокамі ЭВМ. Асн. параметры: аб’ём і час доступу для запісу ці счытвання інфармацыі.

П. сучасных ЭВМ мае шматступеньчатую іерархічную структуру. што забяспечвае спалучэнне вял. ёмістасці і высокага хуткадзеяння. У іерархію П. ўваходзяць: знешняя П. вял. ёмістасці на аптычных дысках, магнітных дысках, барабанах, стужках і інш.; унутраная, ці аператыўная П. (мае адносна невял. аб’ём і вял. хуткадзеянне); звышаператыўная П. (кэш-П., П. неадкладнага доступу, мае час доступу, значна меншы за час доступу да аператыўнай П., і служыць буферам паміж працэсарам і аператыўнай П.); рэгістры — запамінальныя прыстасаванні аб’ёмам 1 слова ў розных блоках працэсара; пастаянная П. (доўгачасовая, аднабаковая) для захоўвання канстант, падпраграм і мікрапраграм; буферная П. як прамежкавае звяно паміж запамінальнымі прыстасаваннямі розных узроўняў ЭВМ. Пры праграмаванні складаных задач аперацыйная сістэма забяспечвае рэжым віртуальнай П., калі П. падзяляецца на асобныя старонкі і кожнаму карыстальніку аддаецца адвольны аб’ём П., незалежны ад рэальнага аб’ёму асн. П. ЭВМ і абмежаваны толькі разраднасцю адрасоў у камандах.

М.​П.​Савік.

т. 12, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)