КА́ДЗЬЯК (Kadiak) востраў у Ціхім ак. каля зах. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі
(ЗША, штат Аляска). Аддзелены ад мацерыка прал. Шэліхава. Пл. 9,5 тыс.км. Берагі стромкія, парэзаныя фіёрдамі. Рэльеф гарысты. Выш. да 1353 м. Большая ч. паверхні ўкрыта вулканічным попелам (магутнасць да 6 м),
прынесеным з п-ва Аляска пры вывяржэнні вулкана Катмай (1912). Клімат умераны вільготны. Ападкаў да 1600 мм за год. Высакатраўныя лугі і горныя тундры, участкі лясоў. Фауністычны рэзерват Кадзьяк. Рыбалоўства (селядзец, нерка). Найб. населены пункт — Кадзьяк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛУМБІ́Т, ніабіт,
мінерал падкласа складаных аксідаў (Fe, Mn)Nb2O6, крайні чл. ізаморфнага раду К. — танталіт (Fe, Mn)Ta2O6. Змяшчае Nb2O5 да 80% і 20% FeO, прымесі тытану, волава, урану, вальфраму і інш. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, пласціністыя, прызматычныя. Агрэгаты зярністыя, суцэльныя масы. Колер чорны, буравата-чорны. Бляск металападобны. Цв. 6. Шчыльн. 5,2—6 г/см³. Радыеактыўны. Трапляецца ў магматычных пародах, пегматытавых жылах і ў россыпах. Радовішчы ў Нігерыі, Бразіліі, ЗША, Аўстраліі і інш. Руда ніобію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́НСКІ Фёдар Фёдаравіч (2.9.1836, с. Лясное каля С.-Пецярбурга — 26.8.1913),
рускі скульптар, майстар станковай жанравай скульптуры і партрэта. Скончыў Пецярбургскую АМ (1860), вучыўся ў І.П.Віталі і М.С.Піменава. Пенсіянер АМ у Італіі (1863—69). У 1870—72 жыў у Фларэнцыі, з 1873 у ЗША. Творчасці ўласцівы бытавізм трактоўкі сюжэтаў, часам сентыментальнасць, імкненне да пераадолення адасобленасці акад. пластыкі («Хлопчык-скульптар», «Удава з дзіцем», абодва 1866; «Першы крок», 1872; партрэты Т.Шаўчэнкі, Ф.Бруні, абодва 1862).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЭНЭ́Ч (Comāneci) Надзя (н. 12.11.1961),
румынская спартсменка (спарт. гімнастыка). Чэмпіёнка XXI Алімп. гульняў (асабістае першынство, практыкаванні на паралельных брусах, бервяне), сярэбраны і бронз. прызёр (1976, г. Манрэаль, Канада). Чэмпіёнка свету (1978, 1979); чэмпіёнка Еўропы ў асабістым першынстве, апорным скачку, практыкаваннях на паралельных брусах і бервяне, сярэбраны прызёр у вольных практыкаваннях (1975), у асабістым першынстве, практыкаваннях на паралельных брусах, сярэбраны прызёр у апорным скачку (1977), у асабістым першынстве (1979). З 1989 пастаянна жыве ў ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЬЁН (ад ісп. cañon труба, цясніна),
глыбокая рачная даліна са стромкімі, часам вертыкальнымі або ступеньчатымі схіламі і вузкім дном, звычайна занятым рэчышчам ракі. Утвараецца ў выніку інтэнсіўнай глыбіннай эрозіі і падмывання падэшвы схілаў рэчышчавым патокам у межах высокіх плато або ў гарах, складзеных з водапранікальных парод (вапнякоў, пясчанікаў, лёсаў) і лававага (звычайна базальтавага) покрыва. Адзін з самых вял. і вядомых К. — Вялікі Каньён у ЗША на р. Каларада. На дне мораў і акіянаў трапляюцца падводныя К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЙН (Kane) Ілайша Кент (3.2.1820, г. Філадэльфія, ЗША — 16.2.1857),
амерыканскі даследчык Арктыкі, урач. Удзельнічаў у 2 марскіх экспедыцыях, арганізаваных для пошукаў Дж.Франкліна. Прапанаваў гіпотэзу свабоднага ад лёду Палярнага м. на Пн ад прал. Сміта, куды, па яго меркаванні, маглі трапіць караблі экспедыцыі Франкліна. 1-я экспедыцыя (1850—51, кіраўнік — Э. Дэ Хавен) адкрыла п-аў Грынел, 2-я экспедыцыя (1853—55, кіраўнік К.) — бас. Кейна і прал. Кенэдзі, ледавік Гумбальта, Зямлю Вашынгтона (на ПнЗ Грэнландыі) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МАНС (Commons) Джон Роджэрс (13.10.1862, Холансберг, штат Агайо, ЗША — 11.5.1945),
амерыканскі гісторык-эканаміст і сацыёлаг, прадстаўнік інстытуцыяналізму, тэарэтык правага трэд-юніянізму. Праф. Вісконсінскага ун-та (1904—32). Вылучыў эканам. фактар як адзін з вызначальных момантаў развіцця прац. руху, падмяняў аналіз аб’ектыўных законаў капіталіст.вытв. адносін апісаннем і класіфікацыяй інстытуцый, пад якімі меў на ўвазе розныя сац. ўтварэнні: акцыянерныя т-вы, саюзы прадпрымальнікаў, дзяржаву, сям’ю і інш. Аўтар прац «Прававыя асновы капіталізму» (1924), «Інстытуцыянальная эканамічная тэорыя» (1934) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́ЎФУТ-ХО́ДЖКІН (Crowfoot Hodgkin),
Ходжкін Дораці (12.5.1910, Каір — 1994), англійскі хімік і біяхімік.
Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1947). Замежны чл.АНСССР (1976), Нац.АНЗША і інш. Скончыла Оксфардскі ун-т (1932). З 1932 у Кембрыджскім, з 1934 у Оксфардскім ун-це. Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе складаных біялагічна актыўных злучэнняў. Вызначыла структуру пеніцыліну, вітаміну B12, малекулярную масу глабулярных бялкоў, ступень агрэгатавання іх малекул, наяўнасць металавугляродзістай сувязі ў каферменце B12. Нобелеўская прэмія 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПРЫ́Т (ад лац. cuprum медзь), чырвоная медная руда,
мінерал класа прыродных аксідаў, аксід медзі, Cu2O. Прымесі: цынк, свінец, жалеза, волава, кадмій і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Агрэгаты шчыльныя, зярністыя і зямлістыя. Колер чырвоны розных адценняў. Бляск алмазны або паўметалічны. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 6,1 г/см³. Трапляецца ў верхніх акісленых частках медзяносных жыл, дзе асацыіруе з ліманітам, самароднай меддзю, азурытам, малахітам і хрызаколай. Руда медзі. Радовішчы ў Расіі (Урал), ФРГ, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, ЗША і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙЦЫ́Т (ад грэч. leukos белы),
мінерал групы фельдшпатоідаў, алюмасілікат калію, KAlSi2O6. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі, больш за 625 °C пераходзіць у кубічную. Утварае крышталі і ўкрапіны ў пародзе. Колер белы, шэры. Бляск матавы на гранях і шкляны на ракавістым зломе. Цв. 5,5—6,0. Шчыльн. 2,4—2,5 г/см³. Крохкі. Трапляецца ў шчолачных пародах лейцыцітах, лейцытавых базальтах і інш. Сыравіна для вытв-сці алюмінію, паташу, калійных угнаенняў і інш. Радовішчы ў Расіі, Арменіі, Італіі, ФРГ, ЗША, Аўстраліі і інш.