НУКЛІ́Д (ад лац. nucleus ядро),

тэрмін для пазначэння сукупнасці ядзер (адпаведна атамаў) з пэўным лікам пратонаў (зарадам Z) і масавым лікам A. Пры абазначэнні Н. выкарыстоўваюць назву хім. элемента, да якой праз дэфіс далучаюць значэнне A, або сімвал элемента, побач з якім уверсе злева паказваюць A (напр., кісларод-16 ці ​16O, ёд-131 ці ​131І, уран-235 ці ​235U), Н., якія маюць аднолькавыя Z, наз. ізатопамі. Маса Н., выражаная ў атамных адзінках масы, акруглена роўная A; маса толькі аднаго Н. — вуглярод-12 дакладна роўная 12.

Падзяляюць на стабільныя (іх агульная колькасць каля 270) і радыеактыўная Н. (радыенукліды). Радыенукліды вядомыя практычна для ўсіх элементаў; некаторыя (каля 50) трапляюцца ў прыродзе. Большасць вядомых радыенуклідаў (каля 1700) атрымана штучна. Найб. пашыраны ў зямной кары ​16O: у прыроднай сумесі ізатопаў кіслароду іх 99,762% (атамных). Са стабільных Н. найменш пашыраны гелій-3 (гл. Гелій).

т. 11, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЫ́РАЧНАЯ НЕДАСТАТКО́ВАСЦЬ,

паталагічны стан, пры якім ныркі часткова ці цалкам страчваюць здольнасць падтрымліваць пастаянства хім. саставу ўнутр. асяроддзя арганізма. У выніку парушаюцца водна-электралітны баланс, кіслотна-шчолачная раўнавага, затрымліваецца выдаленне з арганізма прадуктаў азоцістага абмену. Устойлівая Н.н. (на 70% і больш) вядзе да самаатручэння. Бывае вострая і хранічная. Прычыны вострай Н.н. — шок, цяжкае абязводжванне арганізма і страта солей, атручэнне ртуццю, некат. лек. прэпаратамі і інш. Пры вострай Н.н. рэзка скарачаецца выдаленне мачы, узнікае смага, задышка, ірвота, мышачныя сутаргі. Хранічная Н.н. абумоўлена хранічнымі захворваннямі нырак і іх пашкоджаннямі пры хваробах абмену рэчываў (напр., цукр. дыябеце), некат. хваробах крыві і інш. У хворых на хранічную Н.н. скура шэра-жоўтага колеру, павышаны артэрыяльны ціск, у цяжкіх выпадках вял. ацёкі, кома. Лячэнне: дыета, тэрапеўт., ачышчэнне крыві (напр., гемадыяліз), у канчатковай стадыі хранічнай Н.н. — перасадка ныркі.

В.​С.​Пілатовіч.

т. 11, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮМІНЕСЦЭ́НТНЫ АНА́ЛІЗ,

сукупнасць якасных і колькасных метадаў аналізу, заснаваных на назіранні люмінесцэнцыі. Пры гэтым рэгіструюць уласнае свячэнне атамаў або малекул, якія ўваходзяць у аб’ект, што даследуецца, або свячэнне спецыяльна ўведзенага люмінафору. Рэчыва ўзбуджаюць найчасцей ультрафіялетавым святлом і наглядаюць люмінесцэнцыю візуальна ці з дапамогай фатометраў.

Хімічны Л.а. заснаваны на характарыстычнасці свячэння кожнага рэчыва. Ім карыстаюцца для ідэнтыфікацыі рэчываў, вызначэння структуры малекул, кантролю чыстаты хім. прадукцыі, вызначэння канцэнтрацыі рэчываў і інш. Сартавы Л.а. дае магчымасць сартаваць шкло. насенне, раздзяляць разнародныя часцінкі, вызначаць шляхі перамяшчэння вадкасці (падземнае цячэнне, кровазварот), нябачныя надпісы, сляды бясколерных рэчываў (пры экспертызе). Люмінесцэнтныя мікраскапія і дэфектаскапія заснаваны на люмінесцэнцыі мікрачасцінак (пераважна біялагічных) у спец. мікраскопах і свячэнні люмінафораў у мікрарасколінах дэталей ці люмінафораў, якія прасачыліся праз парушэнні герметычнасці.

Літ.:

Люминесцентный анализ. М., 1961;

Божевольнов Е.А. Люминесцентный анализ неорганических веществ. М., 1966.

Г.​П.​Гурыновіч, Б.​М.​Джагараў.

т. 9, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛО́НІЙ (лац. Polonium),

Po, радыеактыўны хім. элемент VI групы перыяд. сістэмы, ат. н. 84, ат. м. 208,9824. Вядомы 27 ізатопаў з масавымі лікамі 192—218. Найб. доўгажывучы штучны ​209Po (T1/2 — перыяд паўраспаду 102 гады). Ізатопы з масавымі лікамі 210—218 уваходзяць у прыродныя радыеактыўныя рады, найб. устойлівы з іх ​210Po (T1/2 138,3 сут; α-выпрамяняльнік). Вылучаны з уранавай смаляной руды П.Кюры і М.Складоўскай-Кюры ў 1898; назва ад лац. Polonia — Польшча.

Мяккі серабрыста-белы метал, tпл 254 °C, tкіп 949 °C, шчыльн. 9136 кг/м³ (вылічаная). У паветры акісляецца. Узаемадзейнічае з растворамі кіслот. З вадародам утварае лятучы гідрыд PoH2. Атрымліваюць ​210Po апрамяненнем метал. вісмуту нейтронамі, а таксама з адходаў перапрацоўкі уранавых руд. Выкарыстоўваюць для вырабу крыніц эл. энергіі на спадарожніках і ў пераносных прыстасаваннях, у сумесі з берыліем для атрымання лабараторных крыніц нейтронаў.

т. 12, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ ў электрахіміі,

адхіленне значэння электроднага патэнцыялу ад раўнаважнага пры праходжанні праз электрод знешняга эл. току. Велічыня П. можа мяняцца ад долей мілівольт да некалькіх вольт, залежыць ад матэрыялу электрода, характару электродных працэсаў, саставу раствору, т-ры і звычайна тым большая, чым большая шчыльнасць эл. току.

Адрозніваюць П. канцэнтрацыйную і электрахімічную. Канцэнтрацыйная П. абумоўлена адрозненнем, прыэлектроднай канцэнтрацыі рэчыва, што ўдзельнічае ў электродным працэсе, ад яго канцэнтрацыі ў аб’ёме, выкліканым малой скорасцю дыфузіі кампанентаў раствору. Электрахімічная П., ці перанапружанне, абумоўлена канечнай скорасцю працэсаў, што адбываюцца непасрэдна на паверхні электродаў: перанос электрона праз мяжу электрод/раствор, гетэрагенныя хім. рэакцыі, утварэнне новай фазы і інш. Звычайна П. непажаданая (павышае расход эл. энергіі пры электролізе, зніжае карыснае напружанне гальванічных элементаў), аднак у некаторых выпадках карысная: прыпыняе працяканне непажаданых пабочных працэсаў (напр., выклікае тармажэнне карозіі металаў).

А.​П.​Чарнякова.

т. 12, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛУРГІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна цяжкай прамысловасці, якая спецыялізавана на атрыманні металаў з руды і інш. матэрыялаў, на змене хім. саставу, структуры і ўласцівасцей метал. сплаваў. Уключае чорную металургію і каляровую металургію. Вядзе здабычу і абагачэнне няруднай сыравіны для чорнай металургіі, вырабляе чорныя і другасныя каляровыя металы, трубы, метызы вытв. прызначэння, другасную апрацоўку чорных металаў, цвёрдыя сплавы тугаплаўкіх і гарачатрывалых металаў. На Беларусі найб. прадпрыемствы — Беларускі металургічны завод, Магілёўскі металургічны завод, Бел. навукова-вытв. аб’яднанне парашковай металургіі, Рэчыцкі метызны з-д. Сталь выплаўляюць таксама цэхі пераважна машынабуд. з-даў. У Мінску дзейнічае з-д па другаснай перапрацоўцы каляровых металаў. У 1997 М.п. уключала 19 прадпрыемстваў, на якіх занята 14 тыс. чал.; выраблена: чыгуннага ліцця 209 тыс. т, сталі 1220 тыс. т, гатовага пракату 1072 тыс. т, стальных труб 30,7 тыс. т (13 314 тыс. м), металакорду 40,4 тыс. т.

т. 10, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ ІНФАРМАЦЫ́ЙНА-ДАВЕ́ДАЧНАЯ СІСТЭ́МА ПА ПРАБЛЕ́МАХ АХО́ВЫ НАВАКО́ЛЬНАГА АСЯРО́ДДЗЯ, Інфатэра. Арганізавана ў 1972 у сістэме Міжнароднай праграмы ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП) як глабальная сетка абмену аператыўнай інфармацыяй аб стане навакольнага асяроддзя, пошуку і выяўленні крыніц тэхн. і інш. інфармацыі па навакольным асяроддзі. Забяспечвае інфармацыяй пра атмасферу, клімат, хім. рэчывы, энергет. рэсурсы, чысціню вады, землекарыстанне, адходы вытв-сці, прыродаахоўнае заканадаўства і інш. Кіраванне сістэмай ажыццяўляецца ЮНЕП (штаб-кватэра ў Найробі, Кенія). У складзе сістэмы каардынацыйнае бюро пры штаб-кватэры і міжнар. сетка нац. цэнтраў (178 нац. цэнтраў, 11 цэнтраў рэгіянальнай службы і 34 спец. цэнтры рэгіянальных крыніц). Крыніцы інфармацыі размешчаны ў мін-вах і цэнтрах дакументацыі, НДІ, ун-тах, няўрадавых і грамадскіх арг-цыях, агенцтвах ААН, ЮНЕСКА і прыватных агенцтвах. На Беларусі цэнтр дзейнічае з 1982. У 1993 створаны Бел. рэгіянальны цэнтр супрацоўніцтва Інфатэра.

У.​Я.​Рошчын.

т. 10, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ ЭКАЛАГІ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т імя А.​Дз.Сахарава. Засн. ў 1992 у Мінску як Міжнар. каледж па радыеэкалогіі імя А.​Дз.​Сахарава. З 1994 Міжнар. ін-т па радыеэкалогіі, з 1999 сучасная назва. У 1999/2000 навуч. г. ф-ты: радыеэкалогіі; радыебіялогіі і экалаг. медыцыны; павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у галіне радыяцыйнай і экалагічнай бяспекі; дауніверсітэцкай падрыхтоўкі. Навучанне дзённае. Аспірантура з 1995. Савет па абароне дысертацый па экалогіі з 1999. З 1994 працуе кафедра ЮНЕСКА. Мае: цэнтры Нац. па выпрабаванні біял. актыўнасці хім. злучэнняў, 2 рэсп. па радыяцыйнай і экалаг. бяспецы (інфармавання насельніцтва і навукова-навуч.), лінгвістычны; спец. аддзелы (інфарм.-выдавецкі, тэхн. сродкаў навучання, новых адукац. тэхналогій); н.-д. сектар, у складзе якога 12 лабараторый, у т. л. лабараторыя гістэхналогій; лакальную камп’ютэрную сетку з выхадам у Інтэрнет; навукова-навучальную палявую станцыю ў Хойніках.

т. 10, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЙРО́БІ (Nairobi),

горад, сталіца Кеніі. Размяшчаецца на пласкагор’і, на выш. 1,7 тыс. м. З прылеглай тэрыторыяй утварае сталічную акругу Найробі. 2 млн. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал. гандл.-прамысл. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харч., тэкст., гарбарна-абутковая, хім., папяровая, шкляная, металург., металаапр., цэм., шынная. Нац. ун-т. Музеі, у т. л. Нацыянальны (уключае буйнейшую ў свеце калекцыю афр. матылёў). Тэатры. Макміланаўская б-ка. Нац. цэнтр дагіст. і палеанталагічных даследаванняў. Шпіталь імя Дж.​Кеніяты. Штаб-кватэра Сакратарыята ААН па праграме навакольнага асяроддзя. За 8 км на Пднац. парк Найробі.

Засн. ў 1899 у сувязі з буд-вам чыгункі. У 1907—63 адм. цэнтр брыт. калоніі Кенія. У 1920—40-я г. ў Н. размяшчалася англ. ваен. база. З 1963 сталіца незалежнай Кеніі (з 1964 Рэспублікі Кенія).

т. 11, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛЫН,

машына для здрабнення (памолу) розных матэрыялаў. Ад драбілак адрозніваецца больш тонкім памолам (да часцінак менш за 5 мм, часам да 0,001 мм). Выкарыстоўваюцца ў горнай, хім., металургічнай, фармацэўтычнай і харч. прам-сці, у вытв-сці буд. матэрыялаў і інш.

У М. матэрыялы трапляюць пад удары рухомых рабочых органаў або здрабняльных цел, пераціраюцца, расціскаюцца, саўдараюцца. Паводле формы і віду рабочага органа адрозніваюць М.: барабанныя (шаравыя, стрыжнёвыя, галечныя, самаздрабнення); ролікавыя, валковыя, кальцавыя, фрыкцыйна-шаравыя і бегуны; малатковыя, пальцавыя (дэзінтэгратары); вібрацыйныя з хістальным корпусам; струменныя і аэрадынамічныя (без здрабняльных цел). Пры неабходнасці барабанныя М. аб’ядноўваюць з класіфікатарамі або з паветр. сепаратарамі. Найб. пашыраны барабанныя М. значных памераў (дыяметрам да 5 м і больш, даўж. да 15 м). Гл. таксама Мукамольны млын.

А.​Я.​Вакар.

Схемы млыноў: 1 — шаравога; 2 — ролікавага; 3 — кальцавога; 4 — малатковага; 5 — вібрацыйнага; 6 — струменнага; 7 — калоіднага.

т. 10, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)