від японскага класічнага тэатра. Уключае музыку, танцы, драму. Узнік у 16 ст. на аснове нар.т-ра і нар. танца. Першапачаткова трупы складаліся пераважна з жанчын (она-К.), пасля іх забароны (1629) — з хлопчыкаў-падлеткаў (вакасю-К.), з 1651 — выключна з мужчын (яра-К.), якія выконвалі і жаночыя ролі (анагата). Гісторыя драматургіі К. звязана з развіццём гутарковай драмы (нёгэн), якой папярэднічаў нар. вулічны фарс 14—15 ст. Ігра акцёраў будавалася на аснове пераймання рэчаіснасці (манамантэ) і перадачы ўнутр. свету, стану чалавека. Гал. жанры К. — пачуццёвая меладрама і быт. драма. Росквіт К. пачынаецца з канца 17 ст.
Завершаную форму набыў у 2-й пал. 18 ст., калі ў рэпертуар увайшлі п’есы т-ра марыянетак, пантаміма, склаліся дакладна вызначаныя тэхніка ігры акцёраў (ката), амплуа (герой, нягоднік, дзяўчына, хлопец і інш.), сістэма дэкарацый і абсталявання сцэны, акцёрскія дынастыі. З 1870-х г. К. рэфармаваўся, часткова набыў еўрап. рысы. У 1980-я г. пачалося абнаўленне т-ра і яго новы ўздым. У сучасным К. захаваліся асаблівая ўмоўная манера выканання, кананічныя позы, грым, дэкарацыі і інш.
Сцэны тэатра кабукі. З дрэварытаў Кацукавы Шаунша і Утагавы Кунісады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБУ́Л,
горад, сталіца Афганістана. Адм. ц. правінцыі Кабул. Знаходзіцца ў даліне р. Кабул на выш. 1820 м. 2029 тыс.ж. з прыгарадамі і лагерамі бежанцаў (1997). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: аўтарамонтная, буд. (у т. л. домабуд. камбінат), фармацэўтычная, метала- і дрэваапр., гарбарна-абутковая, харч., тэкстыльная. Вытв-сць дываноў. Ун-т. Політэхн.ін-т. Афганская гісторыка-філал. акадэмія, Нац.АН. Гісторыка-этнагр. музей.
Упершыню згадваецца грэч. вучоным Пталамеем (2 ст.) як Кабур або Карур — горад у Кушанскім царстве. З 6 ст.мясц. правіцелямі былі Кабул-шахі. У час араб. заваяванняў горад трапіў пад уладу халіфа Муавіі I (правіў у 661—680). Ў 9 ст. заваяваны Сафарыдамі, пазней ім валодалі Саманіды, Газневіды, Цімурыды. У 13 ст. зруйнаваны Чынгісханам. Найб. росквіту дасягнуў у 16 ст., каліБабур зрабіў К. сталіцай (з 1504) дзяржавы Вял. Маголаў. У 1738 захоплены Надзір-шахам. З 1747 у складзе Дуранійскай дзяржавы, з 1773 яе сталіца. З 1818 цэнтр Кабульскага княства. У 1-ю (1838—42) і 2-ю (1878—80) англа-афг. войны акупіраваны англічанамі. З 1880 сталіца афг. дзяржавы. Значна разбураны ў час грамадз. вайны, якая працягваецца з 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАЎРО́Т,
1) самапрадка, прылада для механізаванага прадзення лёну, пянькі і воўны ў хатніх умовах. Прыйшоў на змену верацяну. Вынайдзены каля 1530 Юргенсам у Германіі. На Беларусі К. з’явіліся ў 16 ст. на мануфактурных прадпрыемствах. У сял. побыце выкарыстоўваецца з сярэдзіны 19 ст. Вядомы 2 тыпы К. — стаяк (больш характэрны для зах. раёнаў) і ляжак (пераважаў ва ўсх. і паўн.-ўсх. раёнах).
2) Найпрасцейшае грузападымальнае прыстасаванне — вярчальны барабан (вал) з ручкай, на які намотваецца канат (ланцуг, вяроўка) з грузам на свабодным канцы. Бываюць дыферэнцыяльныя К. са ступеньчатым барабанам. Намаганне, якое прыкладаецца да ручкі пры вярчэнні К., у столькі разоў меншае за сілу цяжару грузу, у колькі разоў плячо ручкі большае за радыус барабана.
3) Прыстасаванне для вярчэння ўручную свердлаў, адвёртак і інш. інструментаў пры свідраванні адтулін, закручванні шруб, гаек і інш. Бывае К. з трашчоткай, якая можа ўключацца на правае і левае вярчэнне; выкарыстоўваецца ў выпадках, калі поўны абарот ручкі немагчымы.
Калаўрот: а — грузападымальнае прыстасаванне (1 — барабан радыусам г, 2 — рукаятка з плячом R, Q — сіла цяжару грузу, P — намаганне); б — прыстасаванне для вярчэння (1 — націскная галоўка, 2 — каленчаты стрыжань, 3 — ручка, 4 — кольца-пераключальнік, 5 — храпавы механізм, 6 — патрон).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬКУ́ТА,
горад у Індыі. Адм. ц. штата Зах. Бенгалія. Каля 3,3 млн.ж., у агламерацыі Вял. К. 11, 9 млн.ж. (1997). Буйны трансп. вузел: чыгункі, аўтадарогі, рачны і марскі порт на рукаве Ганга—Хуглі, за 140 км ад Бенгальскага заліва. Міжнар. аэрапорт. Найбуйнейшы прамысл., гандл.-фін. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: джутавая (каля 9/10 агульнаінд. вытв-сці), разнастайнае машынабудаванне (судна-, аўтамабіле-, станкабудаванне, эл.-тэхн.), хім., лёгкая, у т. л. гарбарна-абутковая, фармацэўтычная, папяровая, паліграф, харчасмакавая. База марскога і рачнога рыбалоўства. Буйнейшая ў свеце чайная і джутавая біржа. Метрапалітэн (з 1984). 3 ун-ты. Інд.геагр.т-ва. Інд. музей (з 1814), гісторыка-маст. музей Вікторыі. Бат. сад.
Горад вырас з факторыі і форта Уільям, заснаваных англ. Ост-Індскай кампаніяй у 1690—91 Назва ад в Калігхат, далучанай да форта ў 1698. З 1707 сталіца Бенгаліі. З 1773 фактычна, з 1854 і юрыдычна сталіца англ. уладанняў у Індыі (да 1911, калі сталіца Індыі перанесена ў Дэлі). У 19 ст. буйны прамысл гандл.цэнтр. У К. адкрыта першае ў Індыі метро.
Калькута. У цэнтры горада.Музей Вікторыі ў Калькуце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЮ́ГА (Лукаш) (сапр.Вашына Канстанцін Пятровіч; 17.9.1909, в. Скварцы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 22.10.1937),
бел. пісьменнік. Скончыў Бел.пед. тэхнікум (1931). Працаваў у НДІ прам-сці ВСНГБССР, на Бел. радыё. У студз. 1933 арыштаваны, высланы ў г. Ірбіт Свярдлоўскай вобл. Паўторна арыштаваны 2.10.1937. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1927. Выступіў бытапісальнікам бел. вёскі ў пераломны гіст. перыяд, калі мянялася яе сац. аблічча, лад жыцця. У аповесці «Ні госць ні гаспадар» (1928) трывога за чалавека, які перастаў адчуваць сябе гаспадаром на роднай зямлі. У аповесці «Нядоля Заблоцкіх» (1931) увасоблены маст. прыём т.зв. міфалагічнага рэалізму, у аснове якога спалучэнне перажыткаў стараж. светаўспрымання і веры беларусаў з рэальным жыццём. Матывамі тугі па родным краі, болем за скалечанае жыццё чалавека прасякнуты 2-я ч. аповесці «Шушамяць» (дайшлі фрагменты), няскончаныя творы: раман «Пустадомкі» (апубл. 1990), аповесці «Дзе косці мелюць», «Зоры Вам Вядомага горада», «Утрапенне» (апубл. 1989), напісаныя ў выгнанні. На бел. мову пераклаў асобныя творы П.Панча, Ю.Алешы, Я.Гашака.
Тв.:
Ні госць ні гаспадар. Мн., 1974;
Творы. Мн., 1992.
Літ.:
Драздова З.У. Творчасць А.Мрыя і А.Калюгі: Стылявыя асаблівасці. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВЫ ГЕНЕРА́ТАР,
крыніца эл.-магн. хваль, прынцып дзеяння якой заснаваны на выкарыстанні з’явы вымушанага выпрамянення. К.г., што працуюць у радыёдыяпазоне спектра, наз.мазерамі, у аптычным дыяпазоне (інфрачырвоным, бачным, ультрафіялетавым) — лазерамі. Выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі, тэхнікі, медыцыны.
Асн элементы К.г.: актыўнае рэчыва, крыніца ўзбуджэння (пампоўка) і аб’ёмны рэзанатар. Пампоўка, якая ажыццяўляецца аптычнымі, эл. і хім. метадамі, пераводзіць актыўнае рэчыва ў інверсны стан (гл.Інверсія ў фізіцы), і яно набывае ўласцівасць узмацняць эл.-магн. выпрамяненне. Рэзанатар служыць для ўтварэння дадатнай адваротнай сувязі: частка выпрамянення з дапамогай люстэркаў вяртаецца ў актыўнае рэчыва і там зноў узмацняецца. Калі сярэдні каэфіцыент узмацнення перавышае сярэдні каэфіцыент страт рэзанатара, то ў сістэме ўзнікае генерацыя выпрамянення (напр., лазерны прамень), для якога характэрны высокая накіраванасць, кагерэнтнасць і ў большасці выпадкаў высокая монахраматычнасць. Радыяцыя К.г. можа быць неперарыўнай або ў выглядзе імпульсаў кароткай і звышкароткай (да некалькіх фемтасекунд) і адпаведна звышвялікай магутнасці (да некалькіх гігават і больш). У многіх выпадках рэжым генерацыі стацыянарны. У якасці актыўных асяроддзяў К.г. выкарыстоўваюць цвёрдыя целы (рубін, паўправаднікі), вадкасці (растворы арган. злучэнняў), газы (гл.Газавы лазер). Гл. таксама Малекулярны генератар.
Літ.:
Методы расчета оптических квантовых генераторов. Т. 1—2. Мн., 1966—68.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́СТЭРНЫ АНА́ЛІЗ,
раздзел тэорыі распазнавання вобразаў, у якім разглядаюцца задачы разбівання (класіфікацыі) дадзенай сукупнасці аб’ектаў на групы (кластэры) блізкіх паміж сабой паводле вызначаных прыкмет аб’ектаў. Выкарыстоўваецца ў медыцыне (напр., аўтаматызаваная дыягностыка захворванняў), крыміналістыцы (напр., у дактыласкапіі), метэаралогіі (прагназаванне надвор’я), геалогіі (аналіз новых радовішчаў), распазнаванне друкаванага ці рукапіснага тэксту, мовы чалавека і інш.
Задачы К.а. бываюць з зададзеным ці невядомым лікам кластэраў, без навучання і з навучаннем з дапамогай чалавека-эксперта, з саманавучаннем распазнавання вобразаў. У залежнасці ад складанасці пастаўленай задачы для адной і той жа сукупнасці аб’ектаў можна выбіраць розныя прыкметы і іх колькасць. Адной з праблем К.а. з’яўляецца выбар найменшай колькасці незалежных прыкмет, паводле якіх адбываецца разбіванне на кластэры. Дзве групы аб’ектаў лічацца рознымі кластэрамі, калі яны выразна раздзелены і канцэнтруюцца вакол сваіх цэнтраў, маюць розную шчыльнасць размяшчэння аб’ектаў, а адлегласць паміж аб’ектамі любога кластэра значна меншая за адлегласць паміж кластэрамі.
На Беларусі даследаванні па праблемах К.а. праводзяцца ў БДУ і Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН.
Літ.:
Дюран Б., Оделл П. Кластерный анализ: Пер. с англ.М., 1977;
Т у Дж.Т., Гонсалес Р.К. Принципы распознавания образов: Пер. с англ.М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІКА КЛА́САЎ,
раздзел логікі, у якім разглядаюцца класы (мноствы) прадметаў, што задаюцца характарыстычнымі ўласцівасцямі гэтых прадметаў (элементаў класаў). Л.к. выступае як прыватны выпадак логікі прэдыкатаў, што аперыруе з аб’ёмамі (класамі) паняццяў, змест якіх выражаецца адпаведнымі аднамеснымі прэдыкатамі. Л.к. адпавядае таксама сілагістыцы Арыстоцеля. Часам яна разглядаецца як фармалізаваная тэорыя мностваў, у іншых выпадках — як расшырэнне логікі выказванняў. Калі ў логіцы выказванняў абстрагуюцца ад сувязей паміж суб’ектам і прэдыкатам выказвання, то ў Л.к. гэтыя сувязі ўлічваюцца. У лік класаў у Л.к. уключаецца і пусты клас (0), які ўтрымлівае нулявое мноства элементаў, і ўніверсальны клас (1), які ўключае ўсе аб’екты. З класамі (мноствам) можна рабіць аперацыі: перасячэння (знаходжанне агульных для іх элементаў), аб’яднання (складання) і дапаўнення да ўзроўню універсальнага класа. Да алфавіта логікі выказванняў у Л.к. дадаюцца: пераменныя a, b, c, ... для класаў; знакі, якія абазначаюць аперацыі з класамі; пастаянныя тэрмы 0 і 1; знакі для абазначэння адносін паміж класамі. Уводзяцца адносіны ўключэння класа ў клас (a⊂b) — a уключаецца ў клас b; адносіны роўнасці двух класаў (a=b); абедзве гэтыя формы адносін могуць быць вызначаны праз адносіны прыналежнасці элемента класу (a∈b).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ДЗІ «НЕПАХО́ЖЫЯ»,
феадальна-залежныя сяляне ў ВКЛ, пазбаўленыя права на пераход ад аднаго феадала да другога. Юрыдычнае афармленне прыгоннага становішча Л.«н.» пачалося з прывілея 1447. Складалі асн. катэгорыю сельскага насельніцтва. У залежнасці ад павіннасцей падзяляліся на цяглых, чыншавых і інш. У некат. дакументах ВКЛ называліся отчычамі. У 15 ст. складалі ўжо значную частку сельскага насельніцтва, але яшчэ не большасць яго. Некат. дакументы 15 ст. разглядаюць Л.«н.» як прыналежнасць феад. маёнткаў. Гэта катэгорыя залежнага сялянства папаўнялася рознымі шляхамі найперш за кошт неаплатных даўжнікоў, якія не маглі разлічыцца з панам. Яшчэ адной крыніцай папаўнення Л.«н.» было закладніцтва. Паступова ў 16 ст. феадалы пашыралі права 10-гадовай земскай даўнасці на людзей«пахожых», якія, «засядзеўшы земскую даўнасць», пазбаўляліся права пераходу ў інш. мясцовасць. Так, катэгорыя Л.«н.» пашыралася за кошт скарачэння «пахожых» людзей. Калі паншчына стала асн. павіннасцю прыгоннага сялянства, Л.«н.» ўсё часцей у дакументах называюцца «людзьмі цяглымі», «людзьмі прыгоннымі». У канцы 16—1-й пал. 17 ст. пасля правядзення агр. рэформы вял.кн. Жыгімонта II Аўгуста і аналагічнага правядзення валочнай памеры ў прыватнаўласніцкіх маёнтках Л.«н.» і людзі «пахожыя» зліліся ў адну групу прыгоннага сялянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІХЕ́ЙСТВА,
рэлігійнае вучэнне, якое ўзнікла ў 3 ст. на Б. Усходзе. Заснавальнік Мані (каля 216—277). Мела шмат прыхільнікаў на тэр. ад Кітая да Італіі. Аснова М. — сінтэз халдзейска-вавілонскіх, персідскіх (парсізм, зараастрызм, маздаізм) ідэй з хрысціянствам. Звычайна М. звязваюць з гнастыцызмам, ад якога яно ўзяло канцэпцыю дуалізму душы і цела, святла і цемры, дабра і зла. Паводле вучэння М., у сусвеце суіснуюць царствы святла і цемры, духоўны і матэрыяльны пачаткі. У царстве святла, заснаваным на прынцыпе дабра, пануе Бог з анёламі, а ў царстве цемры, прасякнутым злом, — д’ябал з дэманамі. Барацьба Бога з д’яблам заканчваецца глабальнай катастрофай у выглядзе пажару, які спапяляе ўсё цялеснае і выслабаняе дух. Зямны чалавек, паводле М., створаны д’яблам, але можа зменшыць уплыў зла, калі будзе спрыяць светламу, Боскаму пачатку. Ён павінен клапаціцца аб чысціні душы і цела, засвойваць вучэнне М., якое Бог дае людзям праз свайго сына Ісуса. Але гал. пасланнікам свету з’яўляецца сам Мані. У 8—9 ст. М. праследавалася прыхільнікамі ісламу, у далейшым спыніла існаванне як рэлігія і ў Еўропе, і ў Азіі. Хрысціянства лічыла М. ерассю, якая дала пачатак такім рухам, як паўлікіяне, багамілы, катары і альбігойцы.