ПУ́ЙМАНАВА ((Pujmanová) Марыя) (8.6.1893, Прага — 19.5.1958),
чэшская пісьменніца. Нар. пісьменнік Чэхаславакіі (1953). Дэбютавала зб. аўтабіягр. апавяд. «Пад крыламі» (1917). У зб. «Апавяданні з гарадскога саду» (1920) і рамане «Пацыентка доктара Гегла» (1931) маральна-этычныя праблемы. Уражанні ад паездкі ў СССР у кн. рэпартажаў-нарысаў «Погляд на новую зямлю» (1932). У трылогіі «Людзі на раздарожжы» (1937), «Гульня з агнём» (1948), «Жыццё супраць смерці» (1952) адлюстравана жыццё краіны ў 1920—40-я г. Аўтар паэт. зб-каў «Песеннік» (1939), «Мацярынскія вершы» (1940), «Прызнанне ў каханні» (1949), «Мільёны галубак» (1950), аповесцей «Прадчуванне» (1942), «Сястра Алена» (1958), ліра-эпічнай паэмы «Пані Кюры» (1957), апавяданняў, нарысаў, рэпартажаў. Яе творам уласцівы публіцыстычнасць, паглыблены псіхалагізм, лірызм, гумар. На бел. мову асобныя творы П. пераклалі К.Паўтаржыцкі, У.Юрэвіч. Дзярж. прэміі Чэхаславакіі 1937, 1948, 1951, 1953, 1955.
Тв.:
Бел. пер. — у кн.: Чэшскія і славацкія апавяданні. Мн., 1958;
Рус. пер. — Соч. Т. 1—5. М., 1960—61.
Літ.:
Бернштейн И.А. Творческий путь Марии Пуймановой. М., 1961.
А.У.Вострыкава.
т. 13, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́РКІНЕ ((Purkyně) Карал) (11.3.1834, г. Вроцлаў, Польшча — 5.4.1868),
чэшскі жывапісец і маст. крытык, прадстаўнік рэалізму. Сын Я.Э.Пуркіне. Вучыўся ў Вроцлаве ў Г.Кёніга, Пражскай АМ (з 1851), Мюнхене (1854—55), майстэрні Т.Куцюра ў Парыжы (1856). Зазнаў уплывы Г.Курбэ і А.Мантычэлі. Працаваў у галіне партрэта, нацюрморта, быт. жанра. Творы адметныя псіхал. пераканаўчасцю вобразаў, імкненнем да ўвасаблення матэрыяльнасці прадметнага свету абагульненай, пастознай манерай пісьма: «Нацюрморт са збанам» (1851), «Аўтапартрэт з палітрай і пэндзлем» (1856), «Булонскі лес», «У даліне» (абодва 1857), партрэты сям’і Ворлічака (1859—60) і каваля Іеха («Каваль-палітык», 1860), «Фазаны» (1861), «Партрэт дзяцей мастака» (1867—68) і інш. Аўтар ілюстрацый да кніг «Дон-Кіхот» М.Сервантэса (1868, з К.Манэсам) і «Вільгельм Мейстэр» І.В.Гётэ (1868). У 1860-я г. пісаў крытычныя артыкулы, скіраваныя супраць акадэмізму.
Літ.:
Эренбург И. Карел Пуркине: [Альбом]. М., 1960;
Прокофьева Н.А. Творчество К.Пуркине и чешская живопись середины XIX в. М., 1980.
т. 13, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ТНА (Вітаўт Казіміравіч) (24.4.1893, в. Мацканяй Уценскага пав., Літва — 12.6.1937),
савецкі военачальнік, камкор (1935). Скончыў школу прапаршчыкаў (1917), ваен.-акад. курсы (1923). З 1915 у арміі, з 1918 у Чырв. Арміі. З мая 1918 ваен. камісар Віцебскай губ. З вер. 1918 на Усх. фронце камісар дывізіі, камандзір палка, брыгады. Са снеж. 1919 на Зах. фронце, нач. 27-й дывізіі. Удзельнічаў у баях супраць войск Калчака, у сав.-польскай вайне 1920, задушэнні антысавецкіх паўстанняў у Кранштаце і Паволжы. З 1923 нач. пяхотнай школы, ва ўпраўленні ваен.-навуч. устаноў РСЧА, камандзір корпуса. З 1927 ваен. аташэ ў Японіі, Фінляндыі, Германіі, у 1934—36 — у Вялікабрытаніі. У 1931—34 камандаваў корпусам і Прыморскай групай войск на Д.Усходзе. У 1936 арыштаваны па т.зв. справе «паралельнага трацкісцкага цэнтра» ў групе «кіраўнікоў ваеннай змовы» на чале з М.М.Тухачэўскім, 11.6.1937 прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1957. Аўтар прац па гісторыі грамадз. вайны.
П.А.Селіванаў.
т. 13, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ШКІН (Васіль Львовіч) (8.5.1766, Масква — 1.9.1830),
рускі паэт. Дзядзька А.С.Пушкіна. Друкаваўся з 1793. Паслядоўнік М.Карамзіна і І.Дзмітрыева. Стараста літ. гуртка «Арзамас». Сцвярджаў новы паэт. стыль. Выступаў супраць архаічных форм літ. мовы. Пісаў элегіі, рамансы, песні, альбомныя вершы, вершаваныя казкі, байкі, эпіграмы. Аўтар іроікамічнай эратычнай паэмы «Небяспечны сусед» (1811, пашыралася ў спісах, апубл. за мяжой 1815, у Расіі 1913), парадыйнай аповесці ў вершах «Капітан Храброў» (1829—30) і інш. Перакладаў на рус. мову творы Лафантэна, Асіяна, Катула і інш., на франц. мову некалькі нар. песень, верш А.Пушкіна «Чорная шаль». Апошні верш П. — пасланне «А.С.Пушкіну». Адным з першых заўважыў талент А.Пушкіна. П. прысвечаны вершы А.Пушкіна «Хрыстос уваскрэс, выхаванец Феба», «Дзядзьку, які назваў пісьменніка братам», «Што больш чароўна, больш жыва».
Тв.:
Стихи. Проза. Письма. М., 1989.
Літ.:
Михайлова Н.И. «Парнасский мой отец». М., 1983;
Кунин В.В. В.Л.Пушкин // Друзья Пушкина. М., 1984. Т. 1.
т. 13, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ ПАЛІТЫ́ЧНАГА ВЫЗВАЛЕ́ННЯ РАСІ́І (РППВР),
палітычная арг-цыя неанародніцкага кірунку ў 1899—1902. Узнікла ў Мінску на базе нарадавольскіх гурткоў па ініцыятыве Я.А.Гальперына і Л.М.Радзівонавай-Клячко пры ўдзеле К.К.Брэшка-Брашкоўскай і Р.А.Гершуні. Сац. склад — рабочыя, рамеснікі і навучэнцы, у т. л. шмат яўр. моладзі. Аб’ядноўвала каля 40 рабочых гурткоў (каля 200 удзельнікаў); акрамя Мінска парт. групы дзейнічалі ў Дзвінску, Беластоку, Пецярбургу, Екацярынаславе, Жытоміры, Бярдзічаве. Мінская група ў пач. 1900 налічвала 60 чал. Праграмны дакумент — падп. брашура «Свабода» (Мінск, 1900). Гал. мэта — пабудова ў Расіі сацыялізму. Меркавалася шляхам тэрору супраць прадстаўнікоў улады дамагчыся спачатку ліберальнай, а потым рабочай канстытуцыі. Значную ч. дзейнасці РППВР складала прапагандысцкая работа сярод моладзі, інтэлігенцыі, рабочых і салдат шляхам стварэння гурткоў асветы і бібліятэк. Партыя мела некалькі падп. друкарань. У крас. 1900 паліцыя разграміла Мінскую групу РППВР. Уцалелыя гурткі ў 1902 далучыліся да сацыялістаў-рэвалюцыянераў.
Літ.:
Бригадин П.И. Эсеры в Беларуси (конец XIX в. — февраль 1917 г.). Мн., 1994.
У.Я.Казлякоў.
т. 13, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАМ (Radom),
горад у цэнтр. ч. Польшчы, у Мазавецкім ваяводстве. Каля 250 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Значны прамысл. цэнтр. Прам-сць: маш.-буд. (швейныя і пішучыя машынкі, тэлефоны і інш.), хім., гарбарна-абутковая, шкляная, харч. і харчасмакавая. Арх. помнікі 14—18 ст.
У раннім сярэднявеччы Р. знаходзіўся на гандл. шляху з Русі і ВКЛ ў Малапольшчу і Сілезію. Упершыню згадваецца ў 1155. Гар. права да 1350. З 15 ст. развіваўся як рамесніцкі цэнтр і месца з’ездаў шляхты. Тут была прынята Радамская канстытуцыя 1505. У 1767 у Р. паводле ініцыятывы рас. пасла М.Рапніна створана ген. Радамская канфедэрацыя пад кіраўніцтвам К.С.Радзівіла, скіраваная супраць караля і прыхільнікаў рэформ. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) пад уладай Аўстра-Венгрыі. З 1809 у складзе Варшаўскага герцагства, з 1815 — Польскага Каралеўства, з 1843 — Радамска-Келецкай (з 1867 Радамскай) губ. У 1939 акупіраваны ням. фашыстамі. Вызвалены ў 1945 войскамі 1-га Бел. фронту. У 1975—99 адм. цэнтр Радамскага ваяводства.
т. 13, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Удальрык Крыштоф) (28.1.1712, г. Дзятлава Гродзенскай вобл. — 21.7.1770),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ, польскі і бел. паэт, гісторык. Вучыўся ў Варшаве, Лягніцы. У 1734—62 канюшы ВКЛ, у 1762 вял. пісар ВКЛ, у 1739—46 староста мінскі; пасол на сеймы 1730, 1733, 1736, 1746, 1764, 1767. Служыў у войску ВКЛ, ген.-маёр (1743), ген.-лейтэнант (1748). У 1749 узначальваў паход супраць укр. гайдамакаў, які апісаў у надрукаваным «Дыярыушы». Аўтар твораў «Апісанне ўсіх нацый у Еўропе», «Універсальная гісторыя» (у 1758 надрук. першыя 14 арк.), «Крытыкі свету, або Сатыры», «Вучоныя забавы ў вершах і прозе», гісторыі роду Радзівілаў, панегірыкаў, элегій, од. Выдаў кн. «Апісанне клопатаў людзей усіх саслоўяў» (1741), тэхн. трактаты, некат. вершаваныя творы. Перакладаў на польскую мову творы Сафокла, П.Карнеля, Ж.Расіна. Спрабаваў увесці ў спектаклі прыдворных т-раў бел. мову. Па-беларуску гаворыць адзін з персанажаў пераробкі Р. твора Э.Бурселя «Камедыя Эзопа» (захаваліся 5 радкоў яго ўступнага маналога).
В.С.Пазднякоў.
т. 13, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РАМА́ЯНА»
(санскр. «Сказанне пра Раму»),
старажытнаіндыйская эпічная паэма на санскрыце. Створана каля 4 ст. да н.э. ва Усх. Індыі, сучасны выгляд набыла да 2 ст. н.э. Аўтарства прыпісваецца легендарнаму паэту Вальмікі. У цэнтры паэмы расказ пра подзвігі цара Рамы ў барацьбе супраць цара дэманаў-людаедаў (ракшасаў) Раваны за вызваленне сваёй жонкі Сіты, якая была ім украдзена. Эпапея складаецца з 7 частак, уключае шэраг інтэрпаляцый. У ёй фантаст. матывы паданняў і міфаў спалучаюцца з рэальнымі рысамі тагачаснай эпохі. У сярэднія вякі стала адной са свяшчэнных кніг індуізму. «Р.» — багатая крыніца сюжэтаў і вобразаў, якія атрымалі развіццё ва ўсіх інд. л-рах, найбольш у творчасці прадстаўнікоў стараж. класічнай л-ры (Калідаса, Бхавабхуці, Бхаці, Тулсідас і інш.). Вядомы яе інтэрпрэтацыі таксама ў л-рах Тыбета, Кітая, краін Паўд.-Усх. Азіі.
Публ.: Рус. пер. — Махабхарата. Рамаяна. М., 1974.
Літ.:
Гринцер П.А. «Махабхарата» и «Рамаяна». М., 1970;
Яго ж. Древнеиндийский эпос. М., 1974.
т. 13, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЧЫЦКАЕ РАЁННАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала ў жн. 1941—ліст. 1943 у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл. Складалася з 8 груп
(62 чал.) у вёсках Андрэеўка і Пасека (кіраўнікі Рыгор Іванавіч і Рыгор Ісакавіч Васільцы),
Вятхінь (М.Л.Саламаха), Гарноўка (Ю.А. і В.А. Раціборскія), Мілаград (З.А.Грабянчук), Ровенская Слабада (А.Ц.Дворнік, М.І.Звяртоўскі), Свірыдавічы (А.В.Карбаценка, В.А.Нямкевіч), 2 групы ў в. Холмеч і Завужаль (Ф.П.Севераў, М.С.Вайтовіч, М.Ф.Яўланчык). Падпольшчыкі мелі сувязь з групай, пакінутай у раёне па заданні ЦК КП(б)Б, са створаным на яе базе партыз. атрадам імя Варашылава і атрадам «За Радзіму», здабывалі для іх разведданыя, дапамагалі зброяй, боепрыпасамі, харч. прадуктамі, праводзілі дыверсіі. Вялі агітацыю сярод насельніцтва, што спрыяла хуткаму росту партыз. сіл раёна. У барацьбе супраць ням. фашыстаў загінула 10 падпольшчыкаў. У г. Васілевічы Рэчыцкага р-на помнік у гонар загінуўшых падпольшчыкаў.
М.Ф.Шумейка.
т. 14, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКО́ВІЧ (Касьян) (свецкае імя Калікст; 1578?, в. Пацеліч Несцераўскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 1647),
украінскі пісьменнік-палеміст, рэліг. дзеяч. Скончыў Кракаўскую і Замойскую акадэміі. У 1620—24 выкладчык, потым рэктар Кіеўскай брацкай школы. За рэдагаванне і выданне «Апалогіі...» М.Сматрыцкага (1628, на польскай мове) пракляты кіеўскім правасл. саборам. У 1641 перайшоў з уніяцтва ў каталіцызм, быў прапаведнікам у Кракаве. Пісаў на польскай, стараж. бел. і ўкр. мовах. Аўтар філас. трактата «Арыстоцелевы праблемы» і царк.-багаслоўскіх твораў, накіраваных супраць правасл. пісьменнікаў-палемістаў: «Трактат пра душу» (1625), «Кіеўскі сабор...», «Пра мытарствы», «Дыялог, або Размова Мацка з Дзянісам, папом схізматыцкім» (усе 1641), «Перспектывы» (1642). З паэт. спадчыны зберагліся «Вершы на жалобнае пахаванне... Пятра Канашэвіча Сагайдачнага, гетмана войска... запарожскага» (1622, на ўкр. мове), у якіх аўтар апявае яго гераічнае жыццё.
Літ.: Исаевич Я.Д. Преемники первопечатника. М, 1981; Wiszniewski M. Historya literatury polskiej. T. 8. Kraków, 1851; Siarczyński F. Obraz wieku panowania Zygmunla III... T. 2. Poznań, 1858.
У.Г.Кароткі.
т. 14, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)