ПСЕЎДАПО́ДЫІ [ад псеўда... +грэч. pus (podos) нага],
псеўданожкі, часовыя цытаплазматычныя вырасты ў аднаклетачных (караняножкі, некат. жгуцікавыя, спаравікі, слізевікі) і некат. клетак шматклетачных жывёл (лейкацыты, макрафагі, яйцы губак, кішачнаполасцевых, некат. раснічных чарвей), якія служаць для перамяшчэння арганізма ў прасторы, захопу корму або пабочных часцінак.
Утварэнне П. — праяўленне прасцейшай формы руху цытаплазмы: цыклозу або амёбападобнага руху. Яны ўзнікаюць і ўцягваюцца ў розных месцах клеткі, таму яе форма пры руху пастаянна мяняецца. Для тлумачэння ўтварэння П. і амёбападобнага руху існуе шэраг тэорый: змяненне паверхневага нацяжэння клеткі; наяўнасць абарачальнага працэсу пераходу асобных порцый цытаплазмы з аднаго стану ў другі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІЛАМЕЛА́Н [ад грэч. psilos гладкі, голы + melas (melanos) чорны],
раманешыт, мінерал, складаны гідраксід марганцу, BaMn2+ + Mn44O10∙2H2O. Састаў зменлівы. Мае ў сабе 4—17,5% аксіду барыю BaO. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае масіўныя дробнакрышт. і нацечныя агрэгаты, сталактыты, ааліты, зямлістыя масы, плёначныя дэндрыты. Колер шаравата-чорны. Цв. 5—6. Шчыльн. 4,7—4,8 г/см³.
Крохкі. Найб. агульнае паняцце П. — сумесі аксідаў і гідраксідаў марганцу ў выглядзе нацечных («чорная шкляная галава»), масіўных і зямлістых агрэгатаў. У іх склад уваходзяць уласна П., крыптамелан, галандыт, коранадыт, піралюзіт і інш. У прыродзе сумесі больш пашыраны, чым уласна П. Адзін з гал. кампанентаў марганцавых руд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТАМАІ́НЫ (ад грэч. ptōma труп),
група рэчываў з т.зв. трупных ядаў. Да іх адносяцца кадаверын, путрэсцін, агмацін і інш. Утвараюцца з некат. амінакіслот (напр. арніцін, лізін) у выніку расшчаплення бялкоў пад уплывам мікробных ферментаў у працэсе разлажэння трупаў, гніення мяса, рыбы. Сінтэзуюцца таксама ў тоўстым страўніку жывёл і чалавека, прысутнічаюць у некат. грыбах, раслінах. Таксічнасць большасці П. невялікая. У жывых арганізмах абясшкоджваюцца ў страўніку і печані або выводзяцца ў нязменным выглядзе; выкарыстоўваюцца таксама ў працэсах жыццядзейнасці (напр., агмацін прыгнечвае болевую адчувальнасць). Пры многіх захворваннях працэсы гніення ў страўніку ўзмацняюцца, што выклікае павелічэнне ўтварэння П., якія ўсмоктваюцца і садзейнічаюць развіццю інтаксікацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСК ((Rask) Расмус Крысціян) (22.11.1787, каля г. Одэнсе, Данія — 14.11.1832),
дацкі мовазнавец; адзін са стваральнікаў параўнальна-гістарычнага мовазнаўства; заснавальнік навук. мовазнаўства ў Скандынавіі. З 1825 праф. Капенгагенскага ун-та. Упершыню ў мовазнаўстве выкарыстаў параўн.-гіст. метад пры вырашэнні пытання аб паходжанні ісландскай мовы і даказаў роднасць герм. моў з балта-слав., грэч. і лац. («Даследаванні ў галіне старажытнапаўночнай мовы, або паходжанне ісландскай мовы», нап. 1814). У 1818 адкрыў рэгулярную адпаведнасць паміж індаеўрап. і герм. шумнымі зычнымі, якая пазней была сістэматызавана Я.Грымам (т.зв. закон Грыма). Вывучаў таксама параўн.-гіст. граматыку балта-слав., фіна-угорскіх і індаіранскіх моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЯ АКАДЭ́МІЯ, Кіева-Магілянская акадэмія,
першая вышэйшая навуч. ўстанова, асв. і культ. цэнтр на Украіне. Існавала ў 1632—1817 у Кіеве. Створана ў выніку аб’яднання Кіеўскай брацкай школы (з 1615) і школы Кіева-Пячэрскай лаўры (з 1631) пад назвай Кіева-Магілянскага калегіума (у гонар заснавальніка мітрапаліта кіеўскага П.Магілы). У 1701 калегіуму нададзены правы і тытул акадэміі. Курс навучання — да 12 гадоў, мела 7, а з 1689 8 класаў: фара (падрыхтоўчы клас), інфіма (малодшы клас), граматыка, сінтаксіма і вышэйшыя — паэтыка, рыторыка, філасофія і багаслоўе. Навучэнцы атрымлівалі філал. падрыхтоўку, вывучалі ўкр., грэч., лац., польск. мовы, класічную грэч. і рымскую, сярэдневяковую л-ру, гісторыю, геаграфію і багаслоўе. Пазней уведзены рус., франц., ням., стараж.-яўр. мовы, матэматыка, трыганаметрыя, фізіка, архітэктура, у апошнія гады існавання К.а. — класы дамашняй і сельскай эканомікі, медыцыны. Значнае месца займала маст. і муз. адукацыя. Б-ка акадэміі ў 2-й пал. 18 ст. мела 12 тыс. тамоў, значную колькасць рукапісаў і дакументаў (згарэла ў час пажараў у 1780 і 1811; захаваліся асобныя экз.). К.а. адыграла вял. ролю ў пашырэнні асветы не толькі на Украіне, але і Беларусі. Яна давала магчымасць вучыцца бел.правасл. моладзі (навуч. ўстановы такога ўзроўню на Беларусі таго часу былі каталіцкія). У К.а. атрымлівалі адукацыю таксама студэнты з Балгарыі, Грэцыі, Малдавіі, Расіі, Сербіі. Сярод навучэнцаў і выкладчыкаў былі І.Канановіч-Гарбацкі, Епіфаній Славінецкі, Сімяон Полацкі, Ф.Пракаповіч, Г.Каніскі, С.Косаў і інш., у 1734 вучыўся М.Ламаносаў. З канца 18 ст. пачаўся заняпад акадэміі. У 1817 зачынена, замест яе адкрыта духоўная семінарыя (у 1819 пераўтворана ў духоўную акадэмію, існавала да 1920).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЗАПІСантычны,
размалёўка ант. керамічных пасудзін. Бярэ пачатак ад эгейскага мастацтва. Росквіту дасягнуў у Стараж. Грэцыі. Вазы і інш. пасудзіны размалёўвалі т.зв. чорным лакам, белай і пурпурнай фарбамі, пазалотай. Кампазіцыя размалёўкі арганічна спалучалася з формай пасудзіны. У гісторыі вазапісу вядомыя стылі: геаметрычны (9—8 ст. да н.э., гарыз. палосы рытмічных лінейных узораў), «дывановы» (7 ст. да н.э., паліхромныя выявы жывёл у спалучэнні з расліннымі ўзорамі), чорнафігурны (6 ст. да н.э.) і чырвонафігурны (апошняя чвэрць 6 — пач. 4 ст. да н.э.). З 2—3 ст. да н.э.стараж.-грэч. вазапіс паступова заняпаў, саступіўшы месца лакіраваным пасудзінам з рэльефным дэкорам або накладной арнаментальнай размалёўкай.
Да арт. Вазапіс. Прылёт першай ластаўкі. Чырвонафігурная пеліка. Каля 510 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХЕ́ЙЦЫ,
адно з асноўных стараж.-грэч. плямёнаў, якое жыло ў Фесаліі. З пач. 2-га тыс. да нашай эры засялялі Пелапанес і некаторыя а-вы Эгейскага м. Яны захавалі заснаваны іанійцамі саюз 12 гарадоў. У 17—16 ст. да нашай эры ўтварыліся дзяржавы ахейцаў Мікены, Пілас і інш., якія ў 15—13 ст. да нашай эры дасягнулі высокага эканам. і паліт. росквіту. Удзельнічалі ў Траянскай вайне. У 12 ст. да нашай эры выцеснены дарыйцамі ў М.Азію, на Кіпр і інш. астравы, на Пн Пелапанеса, дзе ўтварылі вобласць Ахая. Значэнне ахейцаў вырасла пасля 280 да нашай эры, калі полісы Ахаі арганізавалі Ахейскі саюз. У паэмах Гамера ахейцамі наз. ўсе грэкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗА (грэч. basis),
1) у архітэктуры — аснова (падножжа, п’едэстал), ніжняя апорная частка калоны або пілястры.
2) На транспарце — адлегласць паміж пярэдняй і задняй восямі 2-восевага аўтамабіля, прычэпа і інш. або паміж цэнтрам 2-восевай цялежкі і пярэдняй воссю 3-восевага аўтамабіля. База вагона або лакаматыва — адлегласць паміж цэнтрамі крайніх восяў.
3) У паўправадніковай тэхніцы — назва электрода паўправадніковай прылады, напрыклад транзістара.
4) У машынабудаванні — сукупнасць паверхняў, восяў або пунктаў, па якой вызначаецца становішча вырабу адносна выбранай сістэмы каардынатаў.
5) У матэматыцы — тое, што базіс.
6) Установа, арганізацыя, якая займаецца забеспячэннем або абслугоўваннем каго-н., чаго-н. (напр., экскурсійная база).
7) Склад; частка тэр. для забеспячэння абслугоўвання экспедыцый, войскаў (напр., база ваенная).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗА́ЛЬТ (лац. basaltes ад грэч. basanos пробны камень),
кайнатыпная асноўная горная парода, эфузіўны аналаг габра. Складаецца пераважна з плагіяклазу, манакліннага піраксену, алівіну, вулканічнага шкла і акцэсорных мінералаў — магнетыту, ільменіту, апатыту і інш. Цёмнага колеру, звычайна няпоўнакрышт., часта парфіравай структуры. Поўнакрышт. базальты — далерыты, са шклістай структурай — гіялабазальты і тахіліты. Трываласць на сцісканне да 400 МПа, шчыльн. 2520—2970 кг/м³, т-ра плаўлення 1100—1250 °C. Базальты займаюць агромністыя плошчы дна акіянаў і велізарныя (тыс.км²) тэрыторыі мацерыкоў (трапы), утвараюць лавы многіх вулканаў. На Беларусі ёсць на ПдЗ у адкладах валынскай серыі верхняга дакембрыю (у Брэсцкай упадзіне). Выкарыстоўваецца ў каменналіцейнай прам-сці; каштоўны буд., абліцовачны, эл.-ізаляцыйны і кіслотатрывалы матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДУ́РА (польск. bandura ад грэч. pandura),
украінскі нар. шматструнны (7—40) шчыпковы інструмент тыпу лютнепадобных. Вядома з 15 ст.Наз. таксама кобзай. Мае драўляны выдзеўбаны корпус грушападобнай формы, значна расшыраны злева. Дэка плоская, з круглай ці зоркападобнай рэзанатарнай адтулінай, шыйка кароткая, без ладоў, невял. адагнутая галоўка з завітком. Меладычныя струны («прыстрункі») нацягнуты ўздоўж корпуса і мацуюцца з яго левага боку, басовыя (бунты) — уздоўж грыфа, мацуюцца калкамі на галоўцы (служаць для акампанементу). Гукарад дыятанічны (цяпер часцей храматычны).У 1920-х г. бандура ўдасканалена, павялічылася колькасць струн, утварылася сям’я бандур — прыма, альт, бас, кантрабас. Выкарыстоўваецца ў капэлах бандурыстаў, аркестрах і ансамблях нар. інструментаў.
Бандура з дыятанічным (злева) і храматычным гукарадамі.