іудзейская вышэйшая рэліг.школа па падрыхтоўцы гал. чынам рабінаў. Е. ўзніклі ў Вавілоніі. Палесціне, Егіпце ў перыяд фарміравання Талмуда. Былі асн. цэнтрамі іудзейскай тэалагічнай думкі і месцам выхавання духоўнай і інтэлектуальнай эліты яўрэйства. У Е. прымалі юнакоў з 13 гадоў, якія скончылі хедэр (пач. школу). Утрымліваліся на ахвяраванні яўр. абшчын і прыватных асоб. Тэрмін навучання дакладна не быў вызначаны. Лекцыі чыталіся 2—3 разы ў тыдзень, выкладчыкі давалі агульныя кірункі, тлумачылі асобныя месцы і палажэнні Талмуда, астатні час вучні займаліся самастойна. У Беларусі Е. вядомы з 16 ст. Старэйшым лічыцца Е. у Брэсце. Найбольшыя Е. былі ў Валожыне, Лідзе, Міры, Слоніме, Слуцку, Радуні. Існавалі да 1930—40-х г., некаторыя іх будынкі (напр. у Валожыне, Міры) захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАСТО́ЦКІ МАНАСТЫ́Р НАРАДЖЭ́ННЯ БАГАРО́ДЗІЦЫ,
праваслаўны жаночы манастыр ва ўрочышчы Красны Сток (Ружаны Сток) Сакольскага пав. Гродзенскай губ. (цяпер у Польшчы). Утвораны ў 1901 паводле ўказа Сінода па просьбе гродзенскага епіскапа Іаакіма з мэтай правасл. місіянерства сярод каталіцкага насельніцтва. Сюды, у будынкі скасаванага ў 1875 дамініканскага кляштара, быў пераведзены з Гродна жаночы манастыр Нараджэння Багародзіцы. На яго рамонт і добраўпарадкаванне Сінод выдзеліў 25 тыс.руб. У манастыры было 50 манашак, працавалі амбулаторыя і аптэка, царкоўнапрыходская жан.школа. Найб. шанаванымі лічыліся 3 абразы Маці Божай: Краснастоцкай (вядомы з сярэдзіны 17 ст., застаўся ад дамініканцаў), копія з яго і Уладзімірскай (прывезены з Гродна). У Драгічыне-Надбужскім дзейнічала абшчына манастыра з 5 цэрквамі, прытулкам і бальніцай. Манастыр спыніў існаванне ў час 1-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЫЧА́ННЕ,
вёска ў Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Жадунька. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на ПдЗ ад г. Касцюковічы, 120 км ад Магілёва, 15 км ад чыг. ст. Камунары. 442 ж., 175 двароў (1997).
Упершыню ўпамінаецца ў 1552 як сяло ў Крычаўскай воласці, дзярж. маёмасць. Сяляне вёскі ўдзельнічалі ў Крычаўскім паўстанні 1743—44. У 1747 у Крычаўскім старостве: 10 двароў, царква. Пасля 1772 у Рас. імперыі. У 1779 у Чэрыкаўскім пав., 208 ж., 47 двароў. У 1880—276 ж.. У 1909—322 ж., 3 разы ў год праводзіліся кірмашы. З 1924 у Касцюковіцкім р-не. У 1971—415 ж., 123 двары.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква (канец 19 — пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЧЭ́СТЭРСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т.
Засн. ў Вялікабрытаніі ў 1851 як Оўэнс-каледж. З 1880 сучасная назва. У 1996/97 навуч.г. больш за 16 тыс. студэнтаў; ф-ты: пед.; права; медыцыны і стаматалогіі; кіравання ў бізнесе; эканомікі і сац. навук (уключае эканоміку сельскай гаспадаркі, сац. антрапалогію, кіраванне); навукі і тэхнікі (біял. навукі, псіхалогія, матэматыка, хімія, фізіка, навукі аб Зямлі, тэхн. навукі і інш.); мастацтваў (архітэктура, музыка, гісторыя мастацтваў, грэч. і лац. мовы, археалогія, гісторыя, філасофія, тэалагічныя навукі і інш.). У складзе ун-та школабіял. навук (анатомія, біяхімія, біямедыцына, нейралогія, заалогія, генетыка, фармакалогія і інш.). У бібліятэках ун-та 4 млн. тамоў кніг, манускрыпты і архіўныя дакументы, 800 тыс. найменняў на мікрафільмах. Мае радыёастр. лабараторыі, навук. парк, выд-ва, музей, тэатр, маст. галерэю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКЕ́ЕВА (Нона Сяргееўна) (н. 19.4.1925, г. Смаленск, Расія),
бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыла Вільнюскую кансерваторыю (1950). З 1950 артыстка Літ. філармоніі. З 1953 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1971 педагог Рэсп. вучэбнага комплексу гімназія-каледж пры Бел. акадэміі музыкі. Яе майстэрства вызначалі добрая вак.школа, голас прыгожага тэмбру, высокая муз. культура. Сярод партый: у нац. операх — Марфачка («Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага), Марынка («Марынка» Р.Пукста), Святлана («Калючая ружа» Ю.Семянякі); з інш. партый — Марфа, Валхава ( «Царская нявеста», «Садко» М.Рымскага-Корсакава), Таццяна, Іаланта («Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Неда («Паяцы» Р.Леанкавала), Чыо-Чыо-сан, Мімі («Чыо-Чыо-сан», «Багема» Дж.Пучыні), Манон («Манон» Ж.Маснэ), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Лейла («Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРАНІ́ЧНЫ,
рабочы пасёлак у Бераставіцкім р-не Гродзенскай вобл.; чыг. станцыя Берастав ша на лініі Ваўкавыск—Бераставіца. Аўтадарогамі злучаны з Беластокам (Польшча), Ваўкавыскам, г.п.Вял. Бераставіца і Свіслач. За 8 км на Пд ад г.п.Вял. Бераставіца, 71 км ад Гродна. 1,5 тыс.ж. (2000). Аўтабаза, пункт мытнага дагляду «Бераставіца 1-я», эл. станцыя, павільён райкамбіната быт. абслугоўвання. Сярэдняя школа, дзіцячы сад, б-ка, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі.
Узнік як чыг. ст. Бераставіца з буд-вам у 1885 участка чыгункі Ваўкавыск — Беласток. У 1921—39 у складзе Польшчы, чыг. станцыя ў Вяліка-Бераставіцкай гміне Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 пасёлак у Хамантоўскім с/с Крынкаўскага раёна, з 20.9.1944 у Цецяроўскім с/с. З 30.12.1975 рабочы пасёлак. 28.3.1978 перайменаваны ў П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСА́ЛЬСКІ (Павел Уладзіміравіч) (4.9. 1904, Масква — 15.12.1979),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1963). У 1922—24 у Студыі пад кіраўніцгвам Ю.Завадскага. З 1925 у МХАТ. З 1947 выкладаў у Школе-студыі імя У.І.Неміровіча-Данчанкі (з 1961 праф.). Выканальніцкае майстэрства было адметнае пластычнасцю, завершанасцю, выверанасцю сцэн. малюнка, у камед. ролях — непасрэднасць, лёгкасць. Сярод роляў: князь Дзмітрый Шуйскі («Цар Фёдар Іаанавіч» А.Талстога), Вронскі («Ганна Карэніна» паводле Л.Талстога), Малчалін («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Джынгль («Піквікскі клуб» паводле Ч.Дзікенса), Чарльз Сэрфес («Школа зласлоўя» Р.Шэрыдана), лорд Горынг («Ідэальны муж» О.Уайльда) і інш. З 1927 здымаўся ў кіно: «Цырк» (1936), «Іван Грозны» (2-я серыя, 1958) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1952.
Літ.:
Павел Массальский: Документы. Статьи. Воспоминания. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НІЦКІ КЛЯШТА́Р БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.
Існаваў у в. Беніца (Маладзечанскі р-н Мінскай вобл.) у 1701—1850-я г.Засн. ў 1701 трокскім кашталянам М.К.Коцелам (яго нашчадкі валодалі Беніцай да 1810). Мураваны Троіцкі касцёл асвячоны ў 1704 віленскім біскупам К.К.Бжастоўскім. Спачатку кляштар быў драўляным, але «найвыгаднейшым», як паведамляюць бернардзінскія гісторыкі. Пазней пабудаваны мураваны корпус. Першым гвардыянам (настаяцелем) быў К.Коцел. Пры касцёле існавала брацтва Бязгрэшнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Прыкладна ў 1780—1842 пры касцёле працавала школа. У 1850-я г. кляштар скасаваны, у канцы 19 ст. жылы будынак разбураны ўласнікам Беніцы. Касцёл у 1866 перароблены на царкву, у 1919 вернуты католікам, каля 1945 закрыты. Касцёл аднанефавы, крыжова-купальны з двухвежавым гал. фасадам; неф завершаны пяціграннай апсідай, перакрыты скляпеннем з распалубкамі. Захаваліся рэшткі алтароў і стукавых надмагілляў. У сутарэннях былі пахаваны Коцелы і Швыкоўскія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛА Ў ЛА́ТВІІ»,
штомесячны навук.-папулярны, пед. і літ.-грамадскі часопіс. Засн. як орган «Таварыства беларускіх вучыцеляў у Латвіі» і пед. дадатак да газ.«Голас беларуса». Выдаваўся ў 1926—29 і 1932—33 у Рызе на бел. мове. З 1933 (з № 4) выходзіў 1 раз у 2 месяцы. Узнімаў актуальныя грамадска-паліт. і асв. пытанні жыцця бел. меншасці, шырока асвятляў работу і становішча бел. гімназій і школ у Латвіі, арганізацыю ў іх навуч. працэсу, дзейнасць «Таварыства бел. вучыцеляў у Латвіі» і «Беларускага навукова-краязнаўчага т-ва ў Латвіі». Пісаў пра гіст. падзеі 1917—19 на Беларусі. Змяшчаў артыкулы па гісторыі, культуры Беларусі, пра выдатных бел. дзеячаў. Рабіў агляды культ. жыцця беларусаў у Літве, Зах. Беларусі, БССР, Чэхаславакіі. Выйшлі 24 нумары. Закрыты ў сувязі з устанаўленнем у Латвіі аўтарытарнай дыктатуры К.Ульманіса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЎНА,
вёска ў Беларусі, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Астроўна». За 33 км на ПнУ ад г.п. Бешанковічы, 25 км ад Віцебска, 28 км ад чыг. ст. Віцебск. 1173 ж., 554 двары (1994).
У 1520-я г. ў Астроўне заснаваны замак, у 1622 — манастыр дамініканцаў. Уласнасць Сапегаў. З 1772 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Сенненскага пав. У канцы 18 ст. ў Астроўне 97 ж., 19 двароў, штогадовы кірмаш. У час вайны 1812 у ваколіцах Астроўны адбыўся бой паміж франц. авангардам Ж.Мюрата і часткай сіл Зах. арміі М.Б.Барклая дэ Толі, у выніку якога мястэчка было разбурана. У 1888 у Астроўне 569 ж., 70 дамоў. У 1969 — 851 ж., 264 двары.
Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму.