род азотфіксавальных бактэрый, што ўтвараюць клубеньчыкі на каранях многіх бабовых раслін. Пры асіміляцыі К.б. малекулярнага азоту ён пераходзіць у засваяльную для раслін форму, а расліны забяспечваюць бактэрыі пажыўнымі рэчывамі. Уступаюць у сімбіёз з пэўным відам раслін, што ўзята за аснову іх відавой класіфікацыі (напр., Rh. trifolii спецыфічны толькі для канюшыны, Rh. melitoli — для баркуну, люцэрны).
У вольным стане К.б. — рухомыя палачкі 0,5—0,9 × 1,2—3 мкм, грамадмоўныя, няспораўтваральныя. Аэробы і факультатыўныя анаэробы. Пры адсутнасці бабовых раслін жывуць у глебе як сапрафіты. Абагачаюць глебу азотам, выкарыстоўваюцца для вытв-сці бактэрыяльных угнаенняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГАРЫФМІ́ЧНАЯ СПІРА́ЛЬ,
графік паказальнай функцыі ў палярных каардынатах; плоская трансцэндэнтная крывая, якая перасякае ўсе радыусы-вектары пад адным і тым жа вуглом. Вызначаецца ўраўненнем r = aekȹ. Адносіцца да псеўдаспіралей (гл.Спіралі).
Л.с. адкрыта Р.Дэкартам (1638; апублікавана ў 1657) і незалежна Э.Тарычэлі (1644); уласцівасці Л.с. даследаваў Я.Бернулі (1692). Л.с. пераходзіць у сябе пры лінейных пераўтварэннях плоскасці; яе эвалюта (гл.Эвалюта і эвальвента) таксама Л.с. Пры стэрэаграфічнай праекцыі плоскасці на сферу Л.с. пераходзіць у лаксадромію. Адлюстроўвае многія затухальныя працэсы. Выкарыстоўваецца ў тэхніцы. Напр., па Л.с. выконваюцца профілі вярчальных нажоў, фрэзаў, зубчастых перадач.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ТЭКСЫ СІНТЭТЫ́ЧНЫЯ,
водныя дысперсіі сінт. палімераў. У Л.с. макрамалекулы палімера знаходзяцца ў выглядзе глобул (сярэдні дыяметр 0,01—0,1 мкм). Калоідная сістэма стабілізавана паверхнева-актыўнымі рэчывамі (эмульгатарамі).
Атрымліваюць Л.с. пры полімерызацыі (суполімерызацыі) адпаведных манамераў у водным асяроддзі ці пры эмульгаванні ў вадзе раствораў палімераў (напр., бутылкаўчуку, сінт. поліізапрэну) у арган. растваральніках (такія латэксы наз штучнымі). Паводле хім. саставу палімера адрозніваюць бутадыен-стырольныя, бутадыен-нітрыльныя, хларапрэнавыя і інш. Выкарыстоўваюць для атрымання латэксных вырабаў (пальчаткі, метэаралагічныя абалонкі, гумавыя ніткі), кляёў, фарбаў; для апрэтавання і прамочвання тэкст. вырабаў, апрацоўкі паперы, лакіравання натуральнай і штучнай скуры, надання эластычнасці бетону і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮТЭ́ЦЫЙ (лац. Lutetium),
Lu, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 71, ат. м. 174,967; адносіцца да лантаноідаў. Прыродны складаецца з 2 ізатопаў: 175Lu (97,4%) і радыеактыўнага 176Lu (перыяд паўраспаду 2,4 ∙ 1010 гадоў). У зямной кары 8 ∙ 10−5% па масе. Адкрыты франц. хімікам Ж.Урбенам у 1907, названы па лац. назве Парыжа (Lutecia).
Серабрыста-белы метал, tпл каля 1660 °C, шчыльн. 9849 кг/м³. У паветры пакрываецца ўстойлівай аксіднай плёнкай. Пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з мінер. к-тамі, пры награванні — з галагенамі, серай, вадародам і інш. неметаламі. Метал. атрымліваюць аднаўленнем трыфтарыду LuF3 кальцыем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛА́НКА»,
серыя сав. штучных спадарожнікаў Зямлі для рэтрансляцыі тэлевізійных праграм, далёкай тэлегр., тэлеф. і фотатэлегр. сувязі. Уваходзіць у склад сістэмы касм. сувязі «Арбіта». У 1965—92 запушчана каля 100 «М.». Арбіты (акрамя «М-1С») эліптычныя, сінхронныя, з вял. эксцэнтрысітэтам і апагеем над Паўн. паўшар’ем; выш. ў апагеі каля 40 тыс.км, у перыгеі — 460—650 км, перыяд абарачэння каля 12 гадз. Пры такіх арбітах працягласць сеансаў сувязі праз 1 ШСЗ 8—10 гадз у суткі, пры выкарыстанні 3 ШСЗ дасягаецца кругласутачная сувязь.
У.С.Ларыёнаў.
Да арт.«Маланка»: арбіта ШСЗ «Маланка-1» з апагеем над Паўночным паўшар’ем Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЮ́К (Яраслаў Раманавіч) (н. 15.4.1939, с. Цэгаў Валынскай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне гістахіміі і электроннай мікраскапіі. Д-рбіял.н., праф. (1986). Скончыў Львоўскі зоаветэрынарны ін-т (1962). З 1968 у Гродзенскім мед. ін-це (з 1997 заг. кафедры). Навук. працы па морфафункцыянальных уласцівасцях залоз страўніка пры дысбалансе ў арганізме стэроідных гармонаў і інш.
Тв.:
Марфалагічныя і бактэрыялагічныя аспекты ўзаемаадносін у сістэме маці — плод пры ўнутрыстраўнікавым заражэнні самак энтэрапатагенным штамам E. coli (у сааўт.) // Весці АН Беларусі. Сер. біял.навук. 1995. № 1;
Морфафункцыянальныя змены фалікулаў шчытападобнай залозы ў раннія тэрміны халестазу (у сааўт.) // Там жа. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХА́НІКА СЫ́ПКІХ АСЯРО́ДДЗЯЎ,
раздзел механікі суцэльных асяроддзяў, дзе вывучаюцца раўнавага і рух сыпкіх асяроддзяў (напр., пясчаных грунтоў, здробненага вугалю, зерня). Найб. развіты раздзел М.с.а. — механіка грунтоў.
Займае прамежкавае становішча паміж механікай суцэльных асяроддзяў і механікай сістэм матэрыяльных пунктаў, што абумоўлівае фенаменалагічны і статыстычны спосабы апісання руху асяроддзяў (напр., вызначэнне ціску асяроддзя на апорныя сценкі, магчымых форм паверхні асыпання адхонаў). Пры фенаменалагічным апісанні грануляваныя асяроддзі разглядаюцца як рэчывы з уласцівасцямі, прамежкавымі паміж уласцівасцямі цвёрдага цела і вадкасці. Пры статыстычным апісанні з дапамогай розных працэдур асярэднення мікраўласцівасцей часцінак атрымліваюць ураўненні, якія апісваюць макраўласцівасці грануляванага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНАМЁТ,
артылерыйская безадкатная гармата, якая страляе мінамі. Прызначаны для навясной стральбы па адкрытых цэлях і з-за ўкрыцця, а таксама для разбурэння інж. збудаванняў. Мае высокую скарастрэльнасць і дакладнасць стральбы, малую масу і простую канструкцыю. Адрозніваюць дульна- і казназарадныя; гладкаствольныя (большасць) і наразныя; пераносныя, перавозныя, буксіровачныя, самаходныя і інш. Створаны і выкарыстаны пры абароне Порт-Артура ў рус.-яп. вайне 1904—05. Знаходзяцца на ўзбраенні армій шэрагу дзяржаў, у т. л. Рэспублікі Беларусь.
82-мм аўтаматычны мінамёт 269-й сістэмы 2К21 пры стральбе прамой наводкай.Да арт.Мінамёт: 1 — дульназарадны мінамёт (у краінах СНД); 2 — самаходны мінамёт XM106 (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ ЖАНО́ЧЫЯ ГАРАДСКІ́Я ВУЧЫ́ЛІШЧЫ У Мінску існавалі 3 такія вучылішчы. 1-е і 2-е пераўтвораны ў 1906 з 3-класных, 3-е — у 1909 з 2-класнага прыходскага вучылішча з рукадзельным аддзяленнем. Утрымліваліся за кошт казны і дапамогі земства. Вучэбная праграма была набліжана да курса мужчынскіх настаўніцкіх семінарый. Пры 1-м вучылішчы дзейнічалі нядзельныя жаночыя курсы пад наглядам Мінскага епархіяльнага вучылішчнага савета; пры 3-м вучылішчы ў 1914 працавала жаночая нядзельная школа Мінскага аддз.Рас.т-ва аховы жанчын. 1-е і 2-е вучылішчы закрыты ў 1916. 3-е — у 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ МУЗЫ́ЧНЫЯ КУ́РСЫ Адкрыты Г.Львовай у вер. 1914 у Мінску пры Аляксееўскай жаночай гімназіі на базе класа фп. ігры
(існаваў пры гімназіі з 1913). Тэрмін навучання 3 гады. Заняткі праводзіліся па класах фп. (выкладчык Львова),
скрыпкі (Ю.Жухавіцкі), спеваў (Ю.Багуслаўскі), сумеснай ігры (Г.Іваноўскі), хар. спеваў (Ф.Леўчанка). Выкладаліся таксама агульнатэарэт. дысцыпліны — методыка фп. ігры, тэорыя музыкі і эстэтыка (Львова), сальфеджыо і гармонія (Л.Эмерман). Асаблівая ўвага аддавалася вывучэнню методыкі ігры на фп., заснаванай на навейшых прыёмах выканання. 2 разы на год адбываліся канцэрты навучэнцаў. Выпускнікі атрымлівалі кваліфікацыю выкладчыкаў муз. школ.