СТЭ́НЛІ (Stanley) Уэндэл Мерэдыт (16.8.1904, г. Рыджвіл, штат Індыяна, ЗША — 15.6.1971),

амерыканскі вучоны ў галіне вірусалогіі і біяхіміі; адзін з заснавальнікаў вірусалогіі. Чл. Нац. АН ЗША (1941), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1949). Скончыў Эрлемскі каледж у Рычмандзе (1926) і Ілінойскі ун-т ва Урбане (1929). З 1929 у Ілінойскім, з 1930 у Мюнхенскім ун-тах, з 1931 у Ракфелераўскім ін-це мед. даследаванняў (Нью-Йорк), з 1932 у Ракфелераўскім ін-це ў Прынстане, з 1948 праф. Каліфарнійскага ун-та ў Берклі. Навук. працы па хіміі, рэпрадукцыі і зменлівасці вірусаў. Вылучыў у крышт. выглядзе вірус мазаікі тытуню (1935), вірус поліяміэліту (1955). Нобелеўская прэмія 1946 (з Дж.​Х.​Нортрапам).

У.​М.​Стэнлі.

т. 15, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́РТУСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т Адкрыты ў 1632 у г. Дэрпт (цяпер Тарту, Эстонія) паводле загаду шведскага караля Густава II Адольфа аб заснаванні Акадэміі Густавіяна. У сувязі з ваен. дзеяннямі працаваў з перапынкамі да 1710. У 1802 аднавіў дзейнасць (адзіны ў Рас. імперыі ун-т, дзе выкладанне вялося на ням. мове). З 1889 лекцыі чыталіся на рус. мове, з 1.12.1919 — на эстонскай. З 1893 у сувязі з перайменаваннем горада наз. Юр’еўскі, з 1919 — Тартускі. У 2001/02 навуч. г. больш за 15 тыс. студэнтаў і каля 900 выкладчыкаў; ф-ты: тэалагічны, юрыд., мед., філас., біёлага-геагр., фізіка-хім., эканам., матэматыка-інфарм., сац. навук, адукацыі, фіз. культуры. Пры ун-це працуюць 3 каледжы.

т. 15, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАМВІХА́Н Кейсон (13.12.1920, прав. Саванакхет, Лаос — 21.11.1992),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Лаоса. Вучыўся ў Ханойскім ун-це. У 1942 далучыўся да антыяп. барацьбы. У 1947—49 узначаліў узбр. барацьбу супраць франц. панавання ў Паўн.-Усх. Лаосе, з 1949 на чале Нар.-вызв. арміі Лаоса. З 1950 чл. ЦК Адзінага нар. фронту Лаоса, міністр абароны ва ўрадзе Нац. супраціўлення. З 1951 кіраўнік Нар.-рэв. партыі Лаоса. З 1956 адзін з кіраўнікоў, з 1959 нам. старшыні Патрыят. фронту Лаоса (ПФЛ), які вёў узбр. барацьбу з цэнтр. урадам Лаоса. Пасля перамогі ПФЛ і абвяшчэння ў ліст. 1975 Лаоскай Нар. Дэмакр. Рэспублікі (ЛНДР) — прэм’ер-міністр ЛНДР. У жн. 1991 абраны прэзідэнтам ЛНДР.

т. 16, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХВАСТО́Ў Міхаіл Міхайлавіч (н. 27.6.1949. в. Казлоўшчына Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Беларусі, дыпламат. Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1975), БДУ (1989). Працаваў у Бел. гандлёва-прамысл. палаце. З 1982 у МЗС Беларусі. З 1991 1-ы сакратар Пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ААН, пасольства Рэспублікі Беларусь у ЗША, з 1993 нач. аддзела, упраўлення МЗС, з 1994 нам. міністра замежных спраў, з 1997 надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Канадзе. У 2000—01 пам. Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях знешняй палітыкі, нам. прэм’ер-міністра — міністр замежных спраў. З вер. 2001 міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь, з 2003 надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у ЗША, Мексіцы (па сумяшчальніцтве).

т. 16, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПА́ЦКІ Уладзімір Мікалаевіч (н. 29.8.1928, Мінск),

бел., украінскі і расійскі фагатыст, педагог. Нар. арт. Ўкраіны (1996). Д-р мастацтвазнаўства (1993). Чл.-кар. АМ Украіны (1997). Скончыў Бел. кансерваторыю (1953, кл. А.Кандрашова). З 1949 саліст бел. аркестраў Дзярж. т-ра оперы і балета, з 1952 Дзярж. акад. сімфанічнага. З 1954 першы фагот у Ленінградскім малым т-ры оперы і балета, з 1955 канцэртмайстар сімф. аркестраў Ленінградскай філармоніі, Кіеўскага т-ра оперы і балета, адначасова з 1967 выкладчык Нац. акадэміі музыкі Украіны (з 1986 праф.). Працы па тэорыі і практыцы навучання і выканальніцтва на фагоце і інш. духавых інструментах («Методыка навучання ігры на фагоце», 1988; з Р.​Цярохіным).

А.​В.​Фралоў.

т. 18, кн. 1, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХВА́ЛЕВАЯ МЕХА́НІКА,

адна з назваў квантавай механікі, звязаная з інтэрпрэтацыяй яе асн. вынікаў з пазіцый рашэнняў Шродынгера ўраўнення.

т. 16, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОРЫ ГОДА, феналагічныя змены ў прыродзе.

Вясна. Пачаткам ранняй вясны і цёплага перыяду (з 15 сак. на ПдЗ і з 30 сак. на ПнУ) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 0 °C у бок павышэння. У асобныя гады (1 раз у 10 гадоў) вясна можа наступаць на 15—17 дзён раней ці пазней сярэдніх дат. За апошняе дзесяцігоддзе 20 ст. ў выніку пацяплення клімату сярэдняя дата пераходу т-ры праз 0 °C адзначаецца на 25—28 дзён раней за шматгадовыя даты. У перыяд ранняй вясны днём сонечна, растае снег (адліга), адтайвае глеба, з’яўляюцца першыя праталіны. Назіраецца набраканне кветкавых пупышак у асобных відаў хмызнякоў (ваўчаягада, брэднік), адрастанне шматгадовых ягаднікаў і зацвітанне першацветаў (падбелу). Прылятаюць шпакі, жаваранкі, прачынаюцца мурашкі, асобныя віды мух, дробныя матылі. У паніжэннях рэльефу і на цяжкіх сугліністых глебах, асабліва ў паўн.-зах. раёнах, узнікаюць ачагі пашкоджання азімых ад вымакання. Пачаткам ажыўлення вясны (з 5 на ПдЗ і з 20 красавіка на ПнУ) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра вышэй за 5 °C; супадае з поўным раставаннем снегу і адтаваннем глебы. Пачынаецца рух сокаў у лісцевых дрэў. Памяншаецца воблачнасць, больш становіцца ясных дзён. Пачынаюць пыліць ляшчына звычайная, вольха, зацвітае ваўчаягада, прарастае трава, адрастаюць парасткі ў хмызняку. Прылятаюць дразды, заранкі, пеначкі. Павышаецца актыўнасць пчол, чмялёў, матылёў. Настае мяккапластычны стан глебы, які вызначае пачатак веснавых палявых работ і апрацоўкі глебы; верхні пласт глебы (10 см) праграецца да 5 °C, складваюцца аптымальныя запасы вільгаці ў глебе, што вызначае пачатак сяўбы ранніх яравых культур. Пачаткам разгару вясны або актыўнай вегетацыі с.-г. раслін (з 25 крас. на ПдЗ і з 5 мая на Пн) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 10 °C у бок павышэння. Супадае з разгортваннем лісця ў большасці дрэў, хмызнякоў. Заканчваецца цвіценне першацветаў, аднаўляецца актыўная жыццядзейнасць раслін і жывёл. Пачынаюць пыліць таполі, цвітуць пладовыя дрэвы і ягадныя кусты. У лесе інтэнсіўны спеў птушак. Павелічэнне сонечнай радыяцыі спрыяе с.-г. работам, ідзе пасадка бульбы, гародніны, дэкар. раслін.

Лета. Пачаткам лета (з 10 мая на Пд і з 18 мая на Пн) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 12 °C у бок павышэння. Супадае з зацвітаннем хвоі і рабіны звычайнай, дрэвы поўнасцю ўкрыты лісцем. У лесе заканчваецца цвіценне елкі еўрапейскай і дуба звычайнага. Выспявае і рассейваецца насенне кісліцы, квітнеюць травяністыя расліны ў дубровах, хвойніках, цвіце большасць збожжавых, шыпшына, маліна. Пара расплоджвання жывёл, актыўнасці камароў, выкормлівання птушанят. Поўным летам (з 23 мая па 1 верасня на Пд і з 7 чэрвеня па 24 жніўня на Пн) лічаць перыяд з устойлівай сярэднясутачнай т-рай паветра вышэй за 15 °C (самы цёплы перыяд года). Пачатак супадае з выспяваннем пладоў лясных суніц. Перыяд вегетацыі, плоданашэння. Пара сенакосу, нарыхтоўкі кармоў, збору ягад і грыбоў, уборкі збожжавых. Насякомыя вельмі актыўныя. У канцы паяўляюцца першыя пажоўклыя лісты. Пачаткам спаду лета (з 2 верасня на Пд і з 25 жніўня на Пн) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры ніжэй за 15 °C. Супадае з выспяваннем брусніц, пажаўценнем бярозы павіслай. Выспявае насенне елкі, дуба звычайнага. ляшчыны, другасна цвітуць лугавыя травы. Ночы больш доўгія і халодныя, раніцы халаднаватыя. Паяўляюцца першыя замаразкі на глебе. Птушкі збіраюцца ў вырай, вядуцца ўборачныя работы, высяваюцца азімыя, збор брусніц і грыбоў.

Восень. Пачаткам восені (з 20 вер. на Пд і з 11 вер. на Пн — залатая восень) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 12 °C у бок паніжэння. Супадае з выспяваннем журавін. Канец вегетацыі ў большасці раслін, акрамя шматгадовых. У паветры замаразкі. Масавая ўборка бульбы. Птушкі адлятаюць у вырай. Разгар грыбнога сезона. У ласёў шлюбны перыяд. Амаль штогод «бабіна лета». Пачаткам глыбокай восені (з 3 кастрычніка на ПдЗ і з 21 верасня на ПнУ) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра ніжэй за 10 °C. Супадае з лістападам лісцевых дрэў, з поўным пажаўценнем лістоўніцы і лісця ў клёна. Ападае і рассейваецца насенне ў дрэў і хмызнякоў, заканчваецца цвіценне восеньскіх кветак, узыходзіць рунь. Адлятаюць вадаплаўныя птушкі. З Пн прылятаюць снегіры. Жывёльны і расл. свет рыхтуецца да зімы. Часцей замаразкі, імжыць дождж, выпадае першы снег. Пачаткам зазімку (з 30 на ПдЗ і з 20 кастрычніка на ПнУ) лічаць дату ўстойлівага пераходу сярэднясутачных т-р паветра праз 5 °C у бок паніжэння. Супадае з канцом лістападу ў вольхі, лістоўніцы, клёна, рабіны лясной. Дрэвы амаль поўнасцю агаляюцца. Частыя і інтэнсіўныя замаразкі.

Зіма. Пачаткам зімы (з 30 на ПдЗ і з 15 лістапада на ПнУ) лічаць дату ўстойлівага пераходу праз 0 °C да адмоўных сярэднясутачных т-р. Супадае з масавым ападаннем пладоў ліпы і глогу. Частыя адлігі. Паяўляюцца першыя льдзінкі на вадаёмах. Падсезон глыбокай зімы (перыяд з 25 снежня па 20 лютага на ПдЗ і з 13 снежня па 4 сакавіка на ПнУ) лічаць перыяд з сярэднясутачнай т-рай паветра ніжэй за -5 °C. Самы халодны і доўгі з падсезонаў. Супадае з глыбокім прамярзаннем глебы, макс. намнажэннем снегу. У цёплыя зімы, калі бываюць частыя і інтэнсіўныя адлігі, устойлівае снегавое покрыва на Пд Беларусі не ўстанаўліваецца. У перыяды рэзкай змены т-ра паветра (ад адліг да моцных маразоў) церпяць азімыя і пладова-ягадныя культуры. У маласнежныя зімы і ў спалучэнні з нізкімі адмоўнымі т-рамі (-15 °C і ніжэй) зрэджваюцца азімыя культуры і шматгадовыя травы. Пры вельмі нізкіх т-рах (ніжэй за -30 °C) магчыма іх вымярзанне. Пачаткам прадвесня — канец зімы (з 20 лютага на ПдЗ і з 5 сакавіка на ПнУ) лічаць устойлівы пераход сярэднясутачных т-р праз -5 °C у бок павышэння. Расце сонечная радыяцыя. часцей адлігі, днём капеж. Зрэдку ствараюцца ўмовы для выправання азімых культур.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УФА́,

горад, сталіца Башкортастана (Расія), на р. Белая, пры ўпадзенні ў яе рэк Уфа і Дзёма. 1088 тыс. ж. (2000). Чыг. станцыя; вузел аўтадарог. Аэрапорт. Адзін з найбуйн. у Расіі цэнтраў нафтаперапрацоўкі. Асн. галіны прам-сці: паліўная (здабыча нафты і вытв-сць нафтапрадуктаў), хім. і нафтахім. (вырабы са шкловалакна, сінт. каўчук, поліэтылен, тавары быт. хіміі), машынабудаванне і металаапрацоўка (рухавікі і запчасткі да аўтамабіляў, абсталяванне для жывёлагадоўлі, снегаходы, мотаблокі, бартавыя выліч. машыны, электрарухавікі, генератары, сродкі аўтаматызацыі), лясная і дрэваапр., лёгкая, харчовая; вытв-сць буд. матэрыялаў. Башкірскі філіял Рас. АН. 3 ун-ты, 4 ін-ты. Тэатры: драм., оперы і балета, Рус. драм., лялек. 4 музеі, у т. л. Башкірскі дзярж. музей (з 1864).

Да сярэдзіны 16 ст. на месцы У. стараж. нагайскае паселішча Туратаў. У 1574 тут засн. крэпасць У., якая ў 1586 атрымала статус горада. У 17 ст. гандл. цэнтр на шляху з Цэнтр. Расіі ў Сібір. З 1708 у складзе Казанскай губ., у 1728—44 цэнтр правінцыі, з 1744 у Арэнбургскай губ. У 1773—74 вытрымала 4-месячную аблогу войск Е.І.Пугачова. У 1788 ва У. створана Духоўнае ўпраўленне мусульманамі ўсёй Расіі на чале з муфтыем. З 1781 — цэнтр Уфімскага намесніцтва, з 1796 у Арэнбургскай губ., з 1802 рэзідэнцыя арэнбургскага губернатара, з 1865 — цэнтр Уфімскай губерні. У 1890 праз У. пракладзена чыгунка Самара—Златауст. У 2-й пал. 19 ст. прамысл. цэнтр (29 фабрык і заводаў у 1897). У 1918 створана Уфімская дырэкторыя. З 1922 сталіца Башкірскай АССР, з 1990 — Рэспублікі Башкортастан.

Выгляд г. Уфа з боку р. Белая.

т. 16, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ГРАБ (Zagreb),

горад, сталіца Харватыі, на р. Сава, каля падножжа хр. Мядзведніца. 868 тыс. ж., з прыгарадамі каля 1 млн. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог з Цэнтр. і Зах. Еўропы да Адрыятычнага м. і на Балканскі п-аў. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд. (аўтамабілі, чыг. вагоны, эл. машыны, трансфарматары, акумулятары, мед. тэхніка і інструменты), хім., нафтаперапр., лёгкая, фармацэўтычная, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч., паліграфічная. Акадэмія навук і мастацтваў. Ун-т. Штогадовыя міжнар. гандл. кірмашы і фестывалі фальклору.

Стараж.-рымская Андаўтонія. З канца 11 ст. належаў Венгрыі; рэзідэнцыя епіскапства (засн. да 1094). З 1242 свабодны каралеўскі горад, стаў эканам. цэнтрам Харватыі. З 1527 З. (пад ням. назвай Аграм) у складзе Габсбургскай манархіі. З сярэдзіны 17 ст. тут знаходзіўся харвацкі бан (намеснік караля). У 1606 у З. з’явіліся езуіты, якія заснавалі акадэмію (1669) і друкарню (1664). Эканам. і культ. развіццё горада актывізавалася ў 19 ст.; цэнтр нац. адраджэння харватаў (гл. Ілірызм). У 1846 у З. створаны Нац. музей, у 1867 — Югаславянская акадэмія навук і мастацтваў, у 1874 — універсітэт. 29.10.1918 у З. харвацкі сейм абвясціў незалежнасць Харватыі і ўступленне яе ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У перыяд паміж сусв. войнамі адзін з найб. прамыслова развітых гарадоў краіны. У 1941—45 сталіца створанай харвацкімі фашыстамі (усташамі) Незалежнай дзяржавы харватаў. У час ням.-фаш. акупацыі адзін з гал. цэнтраў Руху Супраціўлення. Вызвалены 8.5.1945 войскамі Нар.вызв. арміі Югаславіі. З 1991 сталіца незалежнай Харватыі.

Гіст. ядро З. — раёны Каптол і Градзец, размешчаныя на ўзгорках (Верхні горад): рэшткі ўмацаванняў (13—18 ст.), гатычны сабор св. Сцяпана (13—19 ст.) і гатычная царква св. Марка (14—19 ст., у інтэр’еры работы скульпт. І.​Мештравіча), барочныя царква св. Кацярыны (1620—19 ст.) і епіскапскі палац (каля 1730—19 ст.), у стылі класіцызму — палац Елачычаў (19 ст., фасад — 1831, арх. Б.​Фелбінгер). З 2-й пал. 19 ст. на Пд складваецца новы цэнтр З. з кварталамі, скверамі, параднымі пабудовамі з рысамі эклектызму і неакласіцызму: Харвацкі нар. тэатр (1894—95), біржа (1923—27), жылыя дамы ў стылі функцыяналізму. З 2-й пал. 1940-х г. будуюцца грамадскія будынкі, новыя жылыя раёны, спарт. комплексы. Музеі: Галерэя старых майстроў (галерэя Штросмаера), Музей мастацтваў і рамёстваў, Гар. галерэя сучаснага мастацтва і Галерэя прымітывістаў, археал. і этнагр. музей.

Літ.:

Маркова Е.С. Загреб в XVI в.: Из истории социально-экон. отношений в феод. городе. М., 1976;

Яе ж. Из истории социально-экономического развития славянского города XIII—XVII вв. М., 1980.

Н.​К.​Мазоўка (гісторыя).

Заграб.

т. 6, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НДА (Benda),

чэшскія музыканты, браты. Нарадзіліся ў г. Старэ-Бенаткі, Чэхія.

Іржы (Георг) Антанін (30.6.1722—6.11.1795), кампазітар, скрыпач, дырыжор. З 1742 скрыпач прыдворнай капэлы ў Берліне, з 1750 у г. Гоце, прыдворны капельмайстар (1770—78). Выступаў з выкананнем сваіх твораў у Гамбургу, Вене, Парыжы, Берліне. Стварыў узоры меладрамы: «Арыядна на Наксосе» і «Медэя» (1775), «Пігмаліён» (паводле Ж.​Ж.​Русо, 1779). Аўтар зінгшпіляў «Вясковы кірмаш» (1775), «Дрывасек, або Тры жаданні» (1778) і інш., кантат, сімфоній, канцэртаў з аркестрам, санат, культавых харавых твораў.

Францішак (Франц; 22.11.1709—7.3.1786), скрыпач і кампазітар. З 1726 канцэртаваў па Зах. Еўропе. З 1733 у Берліне, прыдворны скрыпач, канцэртмайстар Каралеўскага аркестра. Аўтар сімфоній, канцэртаў для скрыпкі з аркестрам і для клавесіна, санат для скрыпкі з basso continuo, трыо-санат, скрыпічных п’ес. Напісаў «Аўтабіяграфію» (рус. пер. у час. «Музыкальный и театральный вестник», 1856, № 41, 42, 44).

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)