аўтаномная вобласць на Пн Іспаніі ўздоўж Біскайскага заліва, у Кантабрыйскіх гарах. Пл. 10,6 тыс.км². Нас. 1,1 млн.чал. (1981). Адм. ц. — г. Аўеда. На тэр. Астурыі — сучасная правінцыя Аўеда. Вырошчваюць кукурузу, садавіну; жывёлагадоўля. Здабыча вугалю (50% ад патрэб Іспаніі), цынку, жалеза.
У старажытнасці — вобласць рассялення астураў. У 1 ст. да нашай эры заваявана рымлянамі, у 216 разам з ч. Галісіі вылучана ў асобную правінцыю. У Астурыі пачалася Рэканкіста. Пасля перамогі над арабамі ў бітве 718 Астурыя — незалежнае каралеўства, з 924 наз. Леон, у 1230 далучана да Кастыліі. З 15 ст. ў складзе Іспаніі. У 1808—13 Астурыя — цэнтр узбр. супраціўлення франц. агрэсіі. З 19 ст. адзін з гал.прамысл. раёнаў Іспаніі. У 1934 адбылося паўстанне рабочых у абарону рэспублікі. У час грамадз. вайны 1936—39 захоплена франкістамі, адзін з асн. цэнтраў партыз. барацьбы. З 1981 мае статус аўт. абшчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІСКА́ЙСКІ ЗАЛІ́Ў (франц. Golfe de Gascogne, ісп. Golfo de Vizcaya),
заліў у Атлантычным ак. каля зах. берагоў Еўропы. Уразаецца ў сушу на 400 км, абмывае берагі Францыі і Іспаніі. Пл. каля 194 тыс.км². Сярэдняя глыб. 1715 м, найб. — 5120 м. У Біскайскі заліў упадаюць рэкі Луара і Гарона. Берагі на Пн ад вусця р. Гарона скалістыя, на Пд — нізкія, слаба парэзаныя; берагі Пірэнейскага п-ва скалістыя і абрывістыя. Найбольшыя а-вы Бель-Іль, Нуармуцье, Рэ, Алерон і інш.Т-ра паверхневых водаў у лют. на Пн 5—6 °C, на Пд 12—13 °C, у жн. адпаведна 10 °C і 20—22 °C. Салёнасць 35‰. Прылівы паўсутачныя (выш. да 6,7 м). Моцныя цячэнні, частыя штормы. Рыбалоўства (сардзіны, камбала), промысел вустрыц. Курорты (Біярыц і інш.). Асн. парты: Брэст, Сен-Назер, Ла-Рашэль, Бардо (Францыя), Сан-Себасцьян, Більбао, Сантандэр, Хіхон (Іспанія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЕ-д’АО́СТА (Valle d’Aosta),
аўтаномная вобласць на ПнЗ Італіі, у Альпах. Пл. 3262 км². Нас. каля 200 тыс.чал. (1990); гавораць на італьян. і франц. мовах, у раёне Монтэ-Роза — на ням. дыялектах. Гал. горад — Аоста. Займае даліну Вале-д’Аоста, часткова Пенінскія Альпы на Пн, масіў Манблан на ПнЗ (выш. да 4807 м) і Грайскія Альпы на ПдЗ. Густая сетка горных рэк бас.р. По. Характэрны горна-лясныя і горна-лугавыя ландшафты, ёсць ледавікі. Развіта горназдабыўная (жал. руда, антрацыт, мармур) прам-сць, электраметалургія, вытв-сць штучных і сінт. тканін; мяса- і плодакансервавыя, піваварныя прадпрыемствы. ГЭС. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочная жывёлагадоўля. Пад лугамі і пашай каля палавіны тэрыторыі. Вытв-сць сыру і масла. Невял. плошча пад збожжавымі, бульбай, садамі (яблыкі, грушы), вінаграднікамі. Турызм і гарналыжны спорт. Праз перавалы праходзяць чыгункі і аўтадарогі ў Францыю і Швейцарыю (у т. л. праз тунэль пад Манбланам, даўж. 11,6 км).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НСКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ О́ПЕРА (Wiener Staatsoper),
буйнейшы аўстр. оперна-балетны тэатр. Пачаў дзейнічаць у сярэдзіне 17 ст. (да 1918 наз. Венская прыдворная опера) пастаноўкамі італьян. опер пры венскім двары (першая — «Арыядна і Тэзей» Ф.Банакосі, пастаўлена ў 1641). З 2-й пал. 17 ст. оперныя спектаклі ў выкананні аўстр. прыдворнай трупы ішлі спачатку ў «Бургтэатры», з 1763 — у «Кернтнертортэатры». З сярэдзіны 18 ст., пасля опернай рэформы К.В.Глюка, ставяцца аўстр.нац. оперы (І.Умлаўфа, В.А.Моцарта, К.Дзітэрсдорфа і інш.). У 1794 адкрыўся т-р Венскай прыдворнай оперы (з 1869 у сучасным будынку). З канца 19 ст. павялічылася цікавасць да балета. У 19—20 ст. на сцэне т-ра пастаўлены лепшыя ням., аўстр., італьян., франц. оперы, а таксама балеты, у т. л. рускіх класікаў і сучасных кампазітараў. Сярод кіраўнікоў і дырыжораў т-ра — Г.Рыхтэр, Г.Малер, Р.Штраус, Г.Караян.
Літ.:
Die Wiener Oper. 350 Jahre Glanz und Tradition. Wien, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГЕ́ЛЬМ IЗаваёўнік
(William the Conqueror; каля 1027, г. Фалез, Францыя — 9.9.1087),
герцаг Нармандыі (Вільгельм; 1035—1087), кароль Англіі [1066—87]. Пазашлюбны сын нармандскага герцага Роберта I Д’ябла. У 1062 далучыў да Нармандыі графства Мен і ч. графства Анжу. Пасля смерці англасаксонскага караля Эдуарда Спаведніка і каранацыі Гаральда II на чале франц. рыцарскага войска (5 тыс. воінаў) высадзіўся на англ. узбярэжжы і 14.10.1066 у бітве каля порта Гастынгс разбіў сял. апалчэнне Гаральда II, паклаўшы пачатак Нармандскаму заваяванню Англіі 1066. Каранаваны ў Вестмінстэры 25.12.1066. Стварыў уласны дамен (да 1/7тэр. краіны). У 1085 устанавіў прамую залежнасць ад караля сваіх непасрэдных васалаў і ўсіх ар’ервасалаў, абавязаўшы іх несці ваен. службу на сваю карысць, у 1086 правёў агульнадзярж. перапіс усіх феад. уладанняў. Пры Вільгельме I умацаваліся гандл. сувязі з Фландрыяй; далейшае запрыгоньванне сялян выклікала іх паўстанні (найб. значныя ў 1069 і 1071 на Пн і ПнУ Англіі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНЯЦВЕ́Т (Эдзі) (сапр.Каган Эдзі Сямёнаўна; н. 11.10.1913, Мінск),
бел. паэтэса. Скончыла Мінскі пед.ін-т (1936). Друкуецца з 1929. Выдала зб-кі лірыкі «Вершы» (1938), «Вясновай раніцай» (1941), «Беларуская рабіна» (1959), «Жаданне» (1971), «Закаханым» (1986) і інш. Шмат піша для дзяцей: «Васількі» (1947), «Твае таварышы» (1959), «Доктар Смех» (1977), «На двары алімпіяда» (1984, Міжнар. ганаровы дыплом 1986), «Рэчка-рэчанька мая» (1991) і інш. На бел. мову пераклала творы франц. паэзіі («Краіна Паэмія», для дзяцей, 1962; «Выбраныя песні» П.Ж.Беранжэ, 1960; «Зямны акіян» Г.Апалінэра, 1973; «З табой» П.Элюара, 1980); у 1993 выдадзены зб. перакладаў «З французскай і бельгійскай паэзіі»). Па яе лібрэта пастаўлены оперы для дзяцей «Джанат» (1942, муз. Л.Шварца) і «Марынка» (1955, муз. Р.Пукста).
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1976.
Літ.:
Барсток М.М. Эдзі Агняцвет // Беларуская дзіцячая літаратура. 2 выд.Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮ́РЫ (франц. allure літар. хада),
віды руху каня. Адрозніваюць алюры натуральныя і штучныя. Натуральныя алюры: хада (павольныя алюры) — конь паслядоўна падымае і ставіць на зямлю адну за адной усе 4 нагі; змена ног па дыяганалі; рысь — паскораныя алюры ў 2 тэмпы: конь перастаўляе адначасова 2 нагі па дыяганалі; інахадзь — алюры ў 2 тэмпы: конь падымае і апускае то 2 левыя, то 2 правыя нагі; інахадзь шпарчэй за рысь; галоп — скачкападобныя алюры ў 3 тэмпы з безапорнай фазай; скачок — адштурхоўванне ад зямлі наперад адначасова 2 заднімі канечнасцямі. Штучныя алюры (у конным спорце і цыркавым мастацтве): парадная хада — конь ідзе рыссю, высока падымаючы і выцягваючы ногі; пасаж — скарочаная рысь; п’яфэ — пасаж на месцы; піруэт — заднія ногі на месцы, пярэднія апісваюць поўны круг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЗЮПО́Н ДЭ НЕМУ́Р ЭНД КО́МПАНІ»
(E.I. Du Pont de Nemours and Company),
буйнейшы ў свеце хімічны і па вытв-сці зброі канцэрн ЗША Узнік на аснове невял. парахавога завода, заснаванага ў 1802 франц. эмігрантам Э.І.Дзюпонам дэ Немурам. У 1899 адбылося аб’яднанне ўсіх прадпрыемстваў, якія належалі сям’і Дзюпон. Да 1-й сусв. вайны канцэрн вырабляў выключна выбуховыя матэрыялы і неарган. сыравіну, у час вайны гал. пастаўшчык выбуховых матэрыялаў у краіны Антанты, апрача таго развіваў вытв-сць фарбавальнікаў і штучнага шоўку. Пасля вайны канцэрн устанавіў свой кантроль над большасцю прадпрыемстваў хім. прам-сці ў ЗША. У 1938—39 пачаў вытв-сць першага поліаміднага валакна — нейлону. З 1942 вырабляе кампаненты для ядзернай зброі і ядзерных рэактараў. Звязаны фінансава з групай Моргана, а таксама з брыт. канцэрнам «Імпірыял кемікал індастрыс» і бельг. канцэрнам «Сальвэ». Робіць значны ўплыў на палітыку ўрада ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛАМІ́Т (ад прозвішча франц. мінералога Д.Далам’ё),
1) мінерал класа карбанатаў, карбанат кальцыю і магнію, CaMg(CO3)2. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі ромбаэдрычныя, прызматычныя, таблітчастыя. Агрэгаты грубазярністыя да шчыльных мас. Колер шаравата-белы, часам з жаўтаватым, бураватым, зеленаватым адценнем. Бляск шкляны. Паўпразрысты да празрыстага. Цв 3,5—4. Шчыльн. 2,9—3,2 г/см³. Пашыраны пародаўтваральны мінерал пераважна асадкавага, радзей гідратэрмальнага паходжання, трапляецца і як жыльны.
2) Асадкавая карбанатная горная парода, якая складаецца на 95% і больш з Д. Асн. прымесі кальцыт, ангідрыт. Нярэдка складае глыбока расчлянёныя горныя хрыбты і масівы (напр., Даламітавыя Альпы ў Італіі). Здольная да карставання. Радовішчы вельмі шматлікія. На Беларусі выяўлена 10 радовішчаў Д. з агульнымі запасамі каля 1 млрд.т. Выкарыстоўваецца як вогнетрывалы матэрыял і флюс у металургіі, як сыравіна ў хім. і шкляной прам-сці, сельскай гаспадарцы (для вапнавання глеб) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМЕ́Н (франц. domaine ад лац. dominium уладанне),
поўная і спадчынная форма зямельнай уласнасці ў сярэдневяковых краінах Еўропы. Каралеўскі Д. узнік на аснове прысваення каралём вярх. уласнасці на зямлю племя, народа, уключаў вотчыну, крэпасці, гарады, угоддзі і інш.; павялічваўся за кошт канфіскаваных зямель феадалаў і царквы. На тэр. Беларусі ў 11—13 ст. існавалі даменіяльная зямельная ўласнасць і ўмоўнае землеўладанне князёў і баяр, якое ў пісьмовых крыніцах вядома як воласць (у краінах Зах. Еўропы наз. бенефіцыі). У ВКЛ у 14—18 ст. гаспадарскі Д. утвараўся з радавых уладанняў дынастыі вял. князёў, а таксама з прысвоеных маёнткаў інш.літ. і бел. князёў. У выніку аграрнай рэформы (гл.Устава на валокі 1557, Валочная памера) гаспадарскія двары былі ператвораны ў фальваркі, узніклі староствы і жаноміі. Сеньярыяльны Д. (баярскі, магнацкі) — частка вотчыны феадала, якая была яго непасрэднай уласнасцю і дзе ўладальнік, выкарыстоўваючы працу залежных сялян, вёў сваю даменіяльную гаспадарку.