КО́ЛЕР (лац. color),

1) уласцівасць прадметаў ці фіз. з’яў, якая ацэньваецца зрокавым адчуваннем. У пераважнай большасці выпадкаў колернае адчуванне ўзнікае пры ўздзеянні на вока бачнага выпрамянення (эл.-магн. выпрамянення з даўжынямі хваль ад 400 да 750 нм); часам узнікае пры націсканні на вока, эл. раздражненні і інш., а таксама па мысленнай асацыяцыі з інш. адчуваннямі (напр., гуку, цяпла) і ў выніку работы ўяўлення.

К. падзяляюцца на ахраматычныя (чорны, белы і прамежкавыя паміж імі шэрыя) і храматычныя (усе астатнія); характарызуюцца чысцінёй, насычанасцю, тонам і яркасцю. Адрозніваюць К. крыніц святла (вызначаецца спектрам крыніцы) і аб’ектаў, якія не свецяцца ўласным святлом. Прадмет мы бачым белым, калі ён аднолькава адбівае ўсе прамяні бачнага спектра, чорным — цалкам паглынае іх, шэрым — аднолькава, але не поўнасцю паглынае ўсе прамяні, каляровым — паглынае толькі некаторыя з іх. Успрыманне К. абумоўлена рознай рэакцыяй святлоадчувальных элементаў вока на святло рознай даўжыні хвалі і інтэнсіўнасці, але сігналы, што паступаюць у цэнтр. нерв. сістэму, успрымаюцца з улікам раней атрыманай інфармацыі, якая зберагаецца ў памяці чалавека. Гл. таксама Колернасці тэорыя.

2) К. у выяўленчым мастацтве, мастацкі сродак адлюстравання рэчаіснасці ва ўсім багацці яе фарбаў; важны элемент маст. твора, які выконвае ў ім выяўл. і выразныя функцыі і неадрыўна звязаны з інш. элементамі — кампазіцыяй, малюнкам, фактурай і інш.; аснова каларыту. К. розняцца паводле тону, насычанасці, светлаты, падзяляюцца на «цёплыя» і «халодныя». У працэсе развіцця мастацтва склалася багатая сімволіка К., якая мае гіст. і нац. абумоўлены характар, звязана з асаблівасцямі маст. стылю эпохі, відам мастацтва, творчымі задачамі. К. — асн. структурны элемент жывапісу, дзе найб. яскрава праяўляюцца яго выразныя магчымасці: перадача матэр. якасці асобных аб’ектаў (лакальны К.), іх размяшчэнне ў прасторы карцін (гл. Перспектыва), паветр. асяроддзя, асветленасці, сувязі з інш. аб’ектамі і навакольным асяроддзем. З’яўляецца асновай маст. вобраза твора, сродкам псіхал. характарыстыкі, перадачы эмац. стану персанажаў і інш. У манум. мастацтве выконвае дэкар. функцыі і аб’ядноўвае асобныя аб’екты ў адзіны ансамбль; выкарыстоўваецца ў графіцы, скульптуры (паліхромная скульптура), дэкар.-прыкладным мастацтве.

Я.​Г.​Міляшкевіч, Т.​В.​Пешына.

т. 8, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́НАХ (Cranach) Лукас Старэйшы

(1472, г. Кронах, Германія — 16.10.1553),

нямецкі жывапісец і графік эпохі Адраджэння. Вучыўся, магчыма, у бацькі. У 1505—50 працаваў пераважна ў Вітэнбергу пры двары курфюрстаў Саксонскіх. Рэнесансавыя маст. прынцыпы спалучаў з элементамі гатычнай традыцыі. Ранняя творчасць развівалася ў 2 кірунках: аднаму былі ўласцівы трагізм і жыццёвасць вобразаў, дынамізм і асіметрыя кампазіцый (партрэт Ганны Куспініян, 1502—03, і інш.), напружанасць і экспрэсіўнасць каларыту («Галгофа», каля 1500; «Укрыжаванне», 1503); другі вызначаўся ідылічнасцю і паэт. успрыняццем прыроды, якая ў яго карцінах набыла раўнапраўнасць з асн. сюжэтам («Адпачынак на шляху ў Егіпет», 1504). Апошні кірунак паслужыў у вял. ступені асновай станаўлення Дунайскай школы жывапісу. У перыяд работы ў Вітэнбергу канчаткова склаўся супярэчлівы творчы стыль К., у якім адлюстравалася складанасць эпохі. Гуманіст. ідэалы рэнесансавага мастацтва ўвасоблены ў «Алтары св. Кацярыны» (1506), «Княжацкім алтары» (1510), карцінах «Мадонна з дзіцем пад яблыняй» (пасля 1525), «Кардынал Альбрэхт Брандэнбургскі перад Укрыжаваннем» (каля 1520—25) і інш. Сяброўства з М.Лютэрам абумовіла з’яўленне ў творчасці К. работ, што адлюстравалі ідэі Рэфармацыі і стварылі першыя ўзоры пратэстанцкай іканаграфіі (гравюра «Пропаведзь Іаана Хрысціцеля», 1516, і інш.). У некат. творах ант. і біблейскай тэматыкі бачны ўплывы італьян. і нідэрл. мастацтва: «Венера і Амур» (1509), «Німфа адпачывае каля крыніцы» (1518), «Суд Парыса» (1529), «Юдзіф з галавой Алаферна» (каля 1530), «Венера» (1532), «Адам і Ева» (1533) і інш. Творчасць К. паўплывала на развіццё быт. жанру («Паляванне на аленяў», 1529; «Прадажнае каханне», 1532; «Фантан маладосці», 1546). Майстар партрэта (партрэты герцага Генрыха Набожнага Саксонскага, 1514; М.​Лютэра як юнкера Іорга, 1522; І.​Шойрынга, 1529; аўтапартрэт, 1550, і інш.). Графічным творам уласцівы выразнасць, напружанасць штрыха: «Святы Георг стаіць з двума анёламі» (1506), серыі «Страсці» (1509), «Апосталы» (каля 1515), ілюстрацыі да малітоўніка імператара Максіміляна (1515) і інш. Іл. гл. таксама ў арт. Германія.

Літ.:

Немилов А.Н. Л.​Кранах Старший: [Альбом]. М., 1973.

В.​Я.​Буйвал.

Л.Кранах. Святы Георг стаіць з двума анёламі. 1506.
Л.Кранах. Партрэт Ганны Куспініян. 1502—03.

т. 8, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБІ́ЗМ (франц. cubisme ад cube куб),

плынь у мастацтве (пераважна ў жывапісе) у 1-й чвэрці 20 ст. Склаўся пад уплывам творчасці П.Сезана, афр. скульптуры, мастацтва прымітыву, новых адкрыццяў у галіне фізікі (рэнтгенаўскія прамяні, структура атама, тэорыя адноснасці). Тэрмін «К.» уведзены ў 1908 франц. крытыкам Л.​Васелем як мянушка групы мастакоў, што адлюстроўвалі прадметны свет у выглядзе камбінацый геам. цел, фігур. Заснавальнікі плыні П.Пікасо, Ж.Брак і іх паслядоўнікі (Р.Дэланэ, Ф.​Лежэ, А.​Глез, Х.​Грыс і інш.) імкнуліся да выяўлення прадмета адначасова з розных пунктаў і перадачы не знешняй формы, а яго ўнутр. структуры ў 4 вымярэннях (4-е — час). Мастакі адмаўляліся ад перадачы лінейнай перспектывы, паветр. асяроддзя, каларыстычнай разнастайнасці, прыносячы іх у ахвяру аб’ёму. Асвятленне звялося да ідэальнага светлаценю, які мадэліраваў аб’ёмы без уліку рэфлексаў і рознай інтэнсіўнасці крыніц святла.

У ранні, «сезанаўскі», перыяд К. (1907—09) магутныя гранёныя аб’ёмы шчыльна размяшчаліся па паверхні палатна і стваралі падабенства рэльефу, у якім колер, што вылучаў асобныя грані. падкрэсліваў і драбіў аб’ём («Фермерша» Пікасо, «Эстак» Брака, абодва 1908). У «аналітычны» перыяд (1910—12) форма прадмета канчаткова распадаецца, падзяляецца на дробныя грані, якія падпарадкоўваюцца складанаму дэкар. рытму (партрэт А.​Валара Пікасо, 1910; «У гонар І.​С.​Баха» Брака, 1912). У творах «сінтэтычнага» перыяду (пасля 1912) пераважае дэкар. пачатак, пачынае ўжывацца калаж, разнастайныя аб’ёмныя напластаванні на паверхню палатна. З’явілася кубістычная скульптура, якой уласціва гульня прасторавасці і плоскаснасці («контррэльефы» А.Архіпенкі, прасторавыя канструкцыі А.​Ларана, Р.​Дзюшан-Вілона, геаметрызаваныя фігуры і рэльефы В.Цадкіна, Ж.​Ліпшыца).

У літаратуры Г.Апалінэр, М.​Жакоб, А.​Сальмон імкнуліся да стварэння «кубістычнай паэзіі», перадаць дынамічнае адчуванне зрухаў і ўзаемапранікальнасці прадметаў. К. паўплываў на італьян. футурыстаў (гл. Футурызм), рас. кубафутурыстаў (К.Малевіч, У.​Татлін), ням. мастакоў «Баўгауза». У шэрагу выпадкаў К. стаў папярэднікам развіцця абстрактнага мастацтва. Непасрэдна з К. звязаны пурызм 1920-х г.

Літ.:

Можнягун С.Е. О модернизме. Этюд 2. Феномен беспредметничества. М., 1974;

Турчин В.С. По лабиринтам авангарда. М., 1993.

І.​М.​Каранеўская.

Да арт. Кубізм. Х.​Грыс. Сняданак. 1915.
Да арт. Кубізм. П.​Пікасо. Авіньёнскія дзяўчаты. 1906—07.
Да арт. Кубізм. Ж.​Брак. Дамы ў Эстаку. 1908.

т. 8, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ТРУ́ПА ІГНА́ТА БУЙНІ́ЦКАГА,

прафесійны бел. тэатр у 1907—13. Створана па ініцыятыве акцёра і тэатр. дзеяча І.Буйніцкага ў фальварку Палівачы Дзісенскага пав. Віленскай губ. (цяпер в. Палевачы Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл.). Узнікла на аснове бел. вечарынак, аматарскіх «сямейных» спектакляў і да 1910 мела аматарскі характар. Трупа праводзіла асв. работу, шмат зрабіла для развіцця самадз. творчасці і прапаганды бел. мастацтва, стварыла асновы нац. прафес. тэатра. Пад уплывам яе дзейнасці і традыцый у крас. 1917 узнікла Першае таварыства беларускай драмы і камедыі. Калектыў шмат гастраліраваў па Беларусі, у Вільні (1910), Пецярбургу (1911 і 1912), Варшаве (1913). У праграму паказаў спачатку ўваходзілі бел. нар. песні, танцы, дэкламацыя вершаў і апавяданняў на роднай мове, невял. п’есы. З 1910 паказы складаліся з некалькіх самаст. частак: 1—2 п’ес, дэкламацый, спеваў і танцаў. Тэатр прытрымліваўся нар. традыцый, вылучаўся сінт. характарам сваёй творчасці і рэаліст. накіраванасцю. У нескладаным сцэнічным афармленні выкарыстоўваліся элементы бел. нар. выяўл. мастацтва, акцёры выступалі ў бел. нац. касцюмах. Сярод драм. выканаўцаў вызначаліся Буйніцкі (іграў характарна-драм. ролі), А.​Бурбіс, Крапівіха (Цётка), А.​Забель (З.​Абрамовіч); сярод музыкантаў — Дз.​Крывадубаў (Няленка) і І.​Голер; сярод спевакоў — Я.​Феакцістаў; сярод танцораў — Буйніцкі, яго дочкі Ванда і Алена, Ч., Л. і Я.​Родзевічы. Муз. часткай кіраваў Л.​Рагоўскі. Рэжысёрамі былі А.​Аляксеенка, Бурбіс і інш. У рэпертуары: пастаноўкі «Модны шляхцюк» К.​Каганца, «У зімовы вечар» і «Хам» паводле Э.​Ажэшкі, «Сватанне» і «Мядзведзь» А.​Чэхава, «Па рэвізіі» М.​Крапіўніцкага, «Міхалка» Далецкіх; вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Я.​Лучыны, А.​Паўловіча; песні «Чаму ж мне не пець», «Дуда-весялуха», «За гарамі, за лясамі» і інш.; танцы «Юрка», «Гняваш», «Верабей», «Лявоніха», «Мельнік», «Мяцеліца» і інш.

Літ.:

Няфёд У. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;

Яго ж. Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра. Мн., 1991;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983.

У.​І.​Няфёд.

Да арт. Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. Буйніцкі з дочкамі. 1911.
Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага ў час выступлення на этнаграфічным вечары ў Пецярбургу. 1912.

т. 12, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕСТРА́К (Піліп Сямёнавіч) (27.11.1903, в. Сакоўцы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 22.8.1978),

бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Вучыўся ў Самарскім ун-це (1920—21). З 1921 у Зах. Беларусі. Удзельнік рэв. руху (з 1927 сакратар Косаўскага падп. райкома, чл. Слонімскага акругкома КПЗБ, у 1933—34 інструктар ЦК КПЗБ). Амаль 11 гадоў быў зняволены ў турмах. З 1939 сакратар гаркома КП(б)Б у Гродне, з 1940 старшыня Беластоцкага аддзялення СП Беларусі. Працаваў начальнікам Упраўлення па справах мастацтва пры СНК БССР, у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН БССР, літ. кансультантам СП БССР. Друкаваўся з 1926. Аўтар зб-каў вершаў «На варце» (1940), «За сваю Айчыну» (1946), «Падарожнае» (1962), паэмы «Слова пра Мінск» (1968), зб-каў апавяд. «Першыя ўсходы» (1951), «Неспадзяванак» (1957), «Лясная песня» (1958), «Сярод чаротаў» (1964), «Апавяданні» (1970). Гіст.-рэв. эпапея «Сустрэнемся на барыкадах» (1951—54) — летапіс жыцця і барацьбы нар. мас Зах. Беларусі за сац. і нац. вызваленне. У цэнтры ўвагі аўтара — рост рэв. свядомасці рабочых і сялян, дзейнасць камуністаў-падпольшчыкаў, змаганне паліт. вязняў у астрогах. У рамане «Серадзібор» (1961—63, Літ. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1964) на матэрыяле пасляваен. жыцця вёскі ўславіў стваральную працу народа. Раман «Лесавічанка» (не закончаны, часткова апубл. ў 1980) пра станаўленне новага жыцця ў Зах. Беларусі ў першыя гады пасля ўз’яднання. Аўтар літ.-крытычных і публіцыст. артыкулаў. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.​Міцкевіча, Э.​Ажэшкі, Ю.​Славацкага, У.​Бранеўскага, С.​Дабравольскага, Е.​Путраманта, А.​Чэхава, І.​Франко, Л.​Украінкі, М.​Рыльскага, П.​Тычыны, У.​Сасюры, Л.​Первамайскага і інш.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1969—71;

Зб. тв. Т. 1—5. Мн., 1984—86.

Літ.:

Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. Т. 2. Мн., 1966;

Хромчанка К.Р. Піліп Пестрак. Мн., 1960;

Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць. Мн., 1971;

Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982;

Ватацы Н.Б. Піліп Пестрак: Бібліягр. памятка. Мн., 1961.

К.​Р.​Хромчанка.

П.С.Пестрак.

т. 12, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЛЬКЕ ((Rilke) Райнер Марыя) (4.12.1875, Прага — 29.12.1926),

аўстрыйскі пісьменнік. У 1886—92 вучыўся ў ваен. школах, у Гандлёвай акадэміі ў Лінцы. У 1895—97 вывучаў л-ру, гісторыю, мастацтва, філасофію ў Пражскім, Мюнхенскім і Берлінскім ун-тах. Аўтар зб-каў вершаў «Жыццё і песні» (1894), «Ахвяры ларам» (1896), «Вянчаны снамі» (1897), «Перад калядамі» (1898), «Мне на свята» (1900), «Кніга вобразаў» (1902), «Часаслоў» (ч. 1—3, 1899—1903, поўнае выд. 1905), «Новыя вершы» (ч. 1—2, 1907—08), паэт. цыклаў «Дуінскія элегіі» і «Санеты Арфею» (абодва 1923), драм. і празаічных твораў, у т. л. рамана «Запіскі Мальтэ Лаўрыдса Брыге» (1910), мастацтвазнаўчых прац і інш. Пісаў таксама на франц. і рус. (захавалася 8 вершаў) мовах. У яго паэзіі рус., укр., італьян. і інш. матывы, яна адметная маст. універсалізмам, спалучэннем неарамант. і імпрэсіянісцкіх тэндэнцый з сімвалісцкімі і экспрэсіянісцкімі. У творах Р. праблемы чалавека і Бога, жыцця і смерці, мастака і мастацтва, вечнага і мінучага. Перакладаў з рус., франц., англ. моў. Яго канцэпцыя «новай рэчавасці» знайшла працяг у бел. паэзіі (А.​Разанаў). На бел. мову яго вершы перакладалі А.​Зарыцкі, В.​Сёмуха, М.​Сяднёў.

Тв.:

Бел пер. — Санеты Арфею. Мн, 1982;

Рус. пер. — Избр. лирика. М., 1974;

Лирика. М., 1981;

Записки Мальте Лауридса Бригге: Роман. Новеллы. Стихотворения в прозе. Письма. М., 1988;

Ворпсведе. Огюст Роден. Письма. Стихи. М., 1994;

Часослов: Стихотворения. М., 2000.

Літ.:

Березина А.Г. Поэзия и проза молодого Рильке. Л., 1985;

Карельский А.В. Жалоба и хвала: (Лирика Р.​М.​Рильке) // Карельский А.В. От героя к человеку: Два века западно-европейской лит. М., 1990;

Хольтхузен Г.Э. Р.​М.​Рильке...: Пер. с нем. Челябинск, 1998;

Лявонава Е.А. Паблізу воблакаў і ветру: Штрыхі да філас.эстэт. партрэта Р.​М.​Рыльке // Лявонава Е.А. Плыні і постаці. Мн., 1998;

Яе ж. А.​Разанаў і еўрапейская філасофска-літаратурная традыцыя «рэчаўнасці» // Там жа;

Тычына М. З даверам да зямнога // Крыніца. 1997. № 12;

Кісліцына Г. Рыльке-орфік // Там жа;

Станкевіч Ю. Рускі Рыльке // Там жа.

Е.​А.​Лявонава.

Р.М.Рыльке.

т. 13, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБАЛЕ́ЎСКІ (Анатоль Вікенцьевіч) (н. 27.5.1932, в. Андрыеўшчына Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. тэатразнавец, крытык, педагог. Д-р мастацтвазнаўства (1974), праф. (1975). Ганаровы д-р навук Ташкенцкага ін-та мастацтваў імя М.​Уйгура (1998). Скончыў БДУ (1958). З 1958 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі (у 1990—93 заг. аддзела міжнар. культ. працэсаў). З 1961 выкладае ў Бел. АМ (у 1972—90 заг. кафедры, у 1984—89 рэктар), з 1993 у Бел. ун-це культуры (у 1993—2000 заг кафедры), адначасова ў 1992—98 гал. рэдактар час. «Тэатральная Беларусь» («Тэатральная творчасць»), Даследуе пытанні гісторыі тэорыі і сучаснай практыкі бел. тэатра, драматургіі, узаемасувязей бел. тэатр. мастацтва з культурамі інш. народаў, творчасць дзеячаў сцэны. Укладальнік, рэдактар тэкстаў, аўтар уступных артыкулаў і каментарыяў да кн. «Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі» (т. 1—2, 1975; 2-е выд. т. 1—3, 1997—2000), аўтар раздзелаў да кн. «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1, 1983); складальнік, рэдактар і аўтар артыкулаў да кн. «Культура беларускага замежжа» (кн. 1—3, 1993—98), рэдактар і аўтар уступных артыкулаў у кн. «Беларуская драматургія» (кн. 1—4, 1994—97), аўтар раздзела «Беларускі тэатр» у кн. «Савецкае акцёрскае мастацтва, 50—70-я гг.» (1982), аповесці «Жылі-былі хлопцы...» (1961), апавяданняў.

Тв.:

Рампай асветленае: Тэатральна-крытыч. арт. Мн., 1962;

Уладар дум чалавечых: Творчасць нар. артыста СССР Барыса Платонава. Мн., 1964;

Ад п’есы — да спектакля. Мн., 1965;

Беларуская савецкая драма. Кн. 1—2 Мн., 1969—72;

Театр открывает занавес. Мн., 1970;

Белорусская драматургия в театрах народов СССР. Мн., 1972;

Жыццё тэатра: Мастацтвазнаўчыя арт., рэцэнзіі. Мн., 1980;

Белорусско-молдавские театральные связи. Мн., 1984;

Сучаснасць і гісторыя: Крытыч. арт. Мн., 1985;

Барыс Платонаў: Жыццё і творчасць вялікага бел. артыста. 2 выд. Мн., 1989;

Кандрат Крапіва: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1989;

Асоба мастака: Літ.-крытыч. арт. Мн., 1992;

Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага бел. камедыйнага акцёра. Мн., 1994.

Т.​Я.​Гаробчанка.

А.В.Сабалеўскі.

т. 14, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РБАЎ (Ісак Абрамавіч) (27.5.1871, в. Кульшычы Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 21.1.1943),

бел. этнограф, фалькларыст, археолаг. Правадз. чл. Інбелкульта (1922). Канд. гіст. н. (1934). Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю (1892), Маскоўскі археал. ін-т (1918). Працаваў настаўнікам у Мінску, Гомелі, Вільні, Троках, Хоцімску, Стоўбцах. У 1910—12 як член Паўн.-Зах. аддзела Рус. геагр. т-ва наладзіў шэраг экспедыцый па Беларусі. У 1917—18 заг. аддзела нар. асветы ў г. Сальцы Наўгародскай губ., з 1919 у аддзелах нар. асветы Магілёўскай і Гомельскай губ. З 1923 выкладчык, заг. кафедры этнаграфіі БДУ, супрацоўнік секцыі этнаграфіі Ін-та гісторыі АН БССР. У Вял. Айч. вайну выкладчык Тамбоўскага пед. ін-та. З 1900 вывучаў побыт, матэрыяльную культуру, вусную паэт. і муз. творчасць бел. народа. Сабраў багатыя калекцыі нар. адзення і мастацтва, на аснове якіх выдадзены альбом «Беларускае народнае мастацтва» (1951). Першы з бел. этнографаў стварыў вял. фотатэку (каля 5 тыс. фотаздымкаў), у якой зафіксаваны тыпы адзення жыхароў розных куткоў Палесся, жылля, гасп. пабудоў, вырабы рамёстваў і інш. Сабраныя этнагр. матэрыялы і назіранні абагульнены ў працах «Сяло Вялікае: Малюнкі з жыцця Беларусі» (1910), «Паездкі па Палессі 1911 і 1912 гг.» (1914), «Беларусы-сакуны» (1915). У 2-й пал. 1920-х г. правёў раскопкі грунтавога могільніка 5—8 ст. каля Новага Быхава, даследаваў курганы дрыгавічоў (каля Мінска і Мазыра), радзімічаў (каля Новага Быхава, у басейнах рэк Проня і Ухлясць), крывічоў (па р. Ушача). Вывучыў каля 100 насыпаў, абследаваў і апісаў больш за 30 гарадзішчаў, селішчаў і стаянак.

Тв.:

Археалагічныя раскопкі ў аколіцах Менску ў 1925 г. Мн., 1927;

Вічынскія паляне. Мн., 1928;

Археалагічныя помнікі Ушацкага раёна Полацкай акругі // Зап. аддз. гуманіт. навук БАН. Мн., 1930. Кн. 11. Пр. археал. камісіі, т. 2;

Археалагічныя абследаванні ў вадазборах рэк Проні — Ухлясцх ў был. Магілёўшчыне // Працы секцыі археалогіі Інта гісторыі БАН. Мн., 1932. Т. 3.

Літ.:

Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі. Пачатак XX ст. Мн., 1970;

Яго ж. Гісторыя беларускай савецкай этнаграфіі. Мн., 1972;

Цішчанка І.К. З творчай спадчыны І.​А.​Сербава // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1974. №1.

В.​С.​Вяргей.

І.​А.​Сербаў.

т. 14, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКУЛЬПТУ́РА ПРЫДАРО́ЖНАЯ,

розныя паводле характару і прызначэння збудаванні ці інш. аб’екты. якія ставяцца ўздоўж дарог і спалучаюць рысы скульптуры і архітэктуры малых форм; жанр манументальнага мастацтва. С.п. рэліг. і мемар. характару вядома здаўна ў многіх краінах свету (слупы са скульптурамі ў Індыі, скульптуры багоў і герояў у Стараж. Грэцыі). У выніку хрысціянізацыі ў Еўропе, у т. л. на ўсх.-слав. землях, вял. пашырэнне атрымалі прыдарожныя крыжы і каплічкі. На Беларусі С.п. вядома ад язычніцкіх часоў, склалася як духоўная традыцыя бел. народа. Лаўрэнцьеўскі летапіс (14 ст.) упамінае пра звычай у радзімічаў і крывічоў пахавання каля дарог, які быў звязаны з міфалагічнымі вераваннямі ў апошні адыход і абароннае значэнне праху продкаў. Пасля хрысціянізацыі і асабліва ў перыяд сярэдневякоўя пашырылася буд-ва прыдарожных крыжоў і каплічак са скульпт. выявамі. Яны прызначаліся найперш для пакланення, а таксама мелі знакава-інфарм. значэнне. Ставілі іх звычайна на скрыжаваннях, раздарожжах ці на ўездах у населены пункт. У кампазіцыю ўключалі скульпт. выявы Хрыста, Дзевы Марыі, святых. Аздабленне адметнае высокім узроўнем разьбы па дрэве, коўкі металу. У ваен. часы ўздоўж дарог будавалі помнікі, якія нагадвалі пра гіст. падзеі і якім пакланяліся (Мілавідская мемарыяльнай капліца, Салтанаўская мемарыяльная капліца). Пасля Вял. Айч. вайны каля дарог пастаўлена вял. колькасць помнікаў, мемар. комплексаў, звязаных з брацкімі пахаваннямі і ваен. дзеяннямі, якія тут вяліся (Курган Славы Савецкай Арміі—вызваліцельніцы Беларусі, Рыленкі); яны ўключаюць у свае кампазіцыі элементы С.п. З 1960-х г. распаўсюдзіліся сімвалічныя манум.-дэкар. збудаванні на межах краіны, абласцей, раёнаў, гарадоў, у афармленні якіх выкарыстоўваюцца элементы старых гербаў, новая геральдыка. Архітэктура малых форм уздоўж аўтамаб. дарог прадстаўлена рознымі аб’ектамі добраўпарадкавання (аўтобусныя павільёны, навесы, альтанкі, кветнікі, паказальнікі і інш.). У іх аздабленні выкарыстоўваюцца фалькл. матывы дэкар. мастацтва і нар. дойлідства (прыдарожны знак каля павароту на ўрочышча Бервянец па дарозе Стоўбцы—Мікалаеўшчына, паказальнік у Купалаўскім мемар. запаведніку «Вязынка» і інш.).

А.​С.​Сардараў.

Да арт. Скульптура прыдарожная. Капліца на ўскраіне вёскі Квяткоўцы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобл.
Да арт. Скульптура прыдарожная. Крыж у Нясвіжскім раёне Мінскай вобл. Пач. 20 ст.

т. 14, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́І ЛІТАРАТУ́РНЫЯ Збіраюць, зберагаюць, экспануюць і прапагандуюць матэрыялы пра жыццё і творчасць пісьменнікаў або гістарычна-літ. працэс у краіне ўвогуле. На Беларусі ў 16—18 ст. паводле ініцыятывы мецэнатаў Радзівілаў, Сапегаў, Агінскіх, Храптовічаў, Стравінскіх створаны першыя музейныя і архіўныя калекцыі Акрамя твораў мастацтва ў іх знаходзіліся помнікі стараж. пісьменнасці, старадрукі. Друкаваныя і рукапісныя помнікі л-ры зберагаліся ў музеі старажытнасцей К. і Я.​Тышкевічаў у Лагойску, у музеі А.​Ельскага ў в. Замосце (Пухавіцкі р-н), у Віленскім музеі старажытнасцей, Магілёўскім музеі, Беларускім музеі ў Вільні і інш. Паводле зместу і характару дзейнасці М.л. падзяляюцца на літ.-мемар. і гісторыка-літаратурныя. Літаратурна-мемарыяльныя музеі ствараюцца ў памяць аб пісьменніках і складаюцца з мемар. комплексаў (пабудовы, сядзібы, кватэры, абсталяванне, асабістыя рэчы пісьменнікаў) і літ. экспазіцыі. У экспазіцыю ўваходзяць дакументы-арыгіналы (аўтографы ці іх копіі, рукапісы твораў, кнігі, прадметы творчай працы, побыту, творы мастацтва, ілюстрацыі і г.д.). У гісторыка-літаратурных музеях збіраюць матэрыялы пра асн. перыяды развіцця л-ры. На Беларусі большасць М.л. уваходзіць у Аб’яднанне дзярж. літ. музеяў (засн. ў 1986). Галаўны музей — Музей гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску. Яго філіялы: музей М.​Агінскага (в. Залессе Смаргонскага р-на), Багушэвіча Ф.К. літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба ў Кушлянах (Смаргонскі р-н), літ. музей І.​Буйніцкага (в. Празарокі Глыбоцкага р-на), мемар. сядзіба-музей М.​Гарэцкага (в. Малая Багацькаўка Мсціслаўскага р-на), музей С.​Манюшкі (в. Убель Чэрвеньскага р-на), сядзіба-музей сям’і Міцкевічаў (в. Завоссе Баранавіцкага р-на), літ.-гіст. музей у в. Гарадок, літ.-гіст. музей у в. Плябань (абодва Маладзечанскі р-н), літ. музей К.​Чорнага (в. Цімкавічы Капыльскага р-на). У аб’яднанне ўваходзяць: Багдановіча М. літаратурны музей у Мінску з філіяламі «Беларуская хатка» (Мінск), «Фальварак Ракуцёўшчына» (Маладзечанскі р-н), Броўкі Петруся літаратурны музей у Мінску з філіялам сядзіба-музей П.​Броўкі (в. Пуцілкавічы Ушацкага р-на), Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей у Мінску, Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял, музей гісторыі тэатр. і муз. культуры Беларусі ў Мінску з філіялам «Гасцёўня У.​Галубка» (Мінск). Да М.л. адносяцца: Купалы Янкі літаратурны музей у Мінску, Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Вязынка» (Маладзечанскі р-н, уваходзіць у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка»), Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Ляўкі» (Аршанскі р-н, уваходзіць у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі»), Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Яхімоўшчына» (Маладзечанскі р-н), Міцкевіча Адама дом-музей у Навагрудку, музеі Багдановіча ў Гродне, У.​Караткевіча ў Оршы. Пры некат. гіст.-краязнаўчых музеях працуюць філіялы, аддзелы або экспазіцыі, прысвечаныя пісьменнікам-землякам: літ. музей А.​Куляшова ў Новых Саматэвічах (Касцюковіцкі р-н), мемар. музей П.​М.​Лепяшынскага (в. Ліцвінавічы Кармянскага р-на), зала Ф.​Багушэвіча ў Ашмянскім краязнаўчым музеі імя Багушэвіча і інш. Ёсць комплексныя музеі (напр., Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва). На грамадскіх пачатках створаны літ. музей Багушэвіча (в. Жупраны Ашмянскага р-на), музей А.​Блока (в. Лапаціна Пінскага р-на), Германавіцкі літ.-краязнаўчы музей (Шаркаўшчынскі р-н), Дастоеўскі літ.-краязнаўчы музей (в. Дастоева Іванаўскага р-на), Карскага Я.Ф. мемарыяльны музей (в. Лаша Гродзенскага р-на), літ.-этнагр. музей Я.​Коласа (в. Люсіна Ганцавіцкага р-на), літ.-этнагр. музей Я.​Коласа (в. Пінкавічы Пінскага р-на), мемар. музей М.​Лынькова (в. Крынкі Лёзненскага р-на), А.​Макаёнка (в. Журавічы Рагачоўскага р-на), літ. музей І.​Мележа (в. Глінішча Хойніцкага р-на), музей «Літаратурная Лагойшчына» (СШ № 1, Лагойск). Памяці пісьменнікаў прысвечаны пакоі, куткі ў мясцінах, звязаных з іх жыццём і творчасцю: П.​Багрыма (в. Крошын Баранавіцкага р-на), П.​Глебкі (в. Вял. Уса Уздзенскага р-на), М.​Клімковіча (в. Сялітранка Барысаўскага р-на), Я.​Коласа (в. Верхмень Смалявіцкага р-на), Я.​Купалы (в. Бяларучы Лагойскага р-на), Я.​Маўра (в. Бытча Барысаўскага р-на), В.​Таўлая (г. Слонім), П.​Труса (в. Нізок Уздзенскага р-на), Цёткі (г.п. Астрына Шчучынскага р-на), Л.​Якубовіча (в. Чапялі Салігорскага р-на), паэтаў-франтавікоў (СШ № 150, г. Мінск) і інш. М.л. вядуць н.-д. работу, арганізоўваюць экскурсіі, лекцыі, канферэнцыі, выстаўкі, юбілейныя вечары, сустрэчы з дзеячамі л-ры і мастацтва. Вынікі сваёй работы публікуюць у зборніках, даведніках, каталогах, буклетах, рэкламных лістах, апісаннях рукапісаў і асабістых бібліятэк пісьменнікаў. Шматлікія музейныя калекцыі даследуюць вучоныя і літаратары.

Літ.:

Современные литературные музеи: некоторые вопр. теории и практики. М., 1982.

Г.​А.​Каханоўскі, Т.​П.​Аніскавец, Н.​У.​Гарэлік.

т. 11, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)