ЦЗААФА́НІ (кіт., літар. — бунтары),

удзельнікі атрадаў прац. моладзі, якія ствараліся мааісцкім кіраўніцтвам Кітая ў 1966—67 у час «культурнай рэвалюцыі». Выконвалі тыя ж функцыі, што і хунвэйбіны: запалохванне, цкаванне і тэрарызаванне праціўнікаў палітыкі Мао Цзэдуна. Распушчаны ў канцы 1960-х г.

т. 17, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫКЛА́Ё (Chiclayo),

горад на ПнЗ Перу, на Панамерыканскай шашы, адм. ц. дэпартамента Ламбаеке. Засн. ў 1835. 951 тыс. ж. (2001). Чыг. станцыя. Цэнтр с.-г. раёна (рыс, цукр. трыснёг). Прам-сць: харчасмакавая (цукр., рысаачышчальная) і інш., вытв-сць будматэрыялаў. Ун-т.

т. 17, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫМБО́ТЭ (Chimbote),

горад на З Перу, на Панамерыканскай шашы. 297 тыс. ж. (1990). Порт на Ціхім ак., паблізу вусця р. Санта. Буйны ц. рыбалоўства. Прам-сць: чорная металургія, рыбакансервавая, вытв-сць рыбнай мукі. Горад моцна пацярпеў ад землетрасення ў 1970.

т. 17, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНА́КІЕВА,

горад у Данецкай вобл. Украіны. Узнік у 1883. З 1925 горад. У 1937—43 наз. Арджанікідзе. 120 тыс. ж. (1998). Чыг. станцыя. Здабыча кам. вугалю. Прам-сць: чорная металургія (металургічны, коксахім. з-ды), цэм., харч., швейная. Краязнаўчы музей.

т. 18, кн. 1, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНЧУКІ́,

вёска ў Шчучынскім с/с Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Цэнтр с.-г. вытв. кааператыва. За 4 км на З ад г. Шчучын, 64 км ад Гродна, 11 км ад чыг. ст. Ражанка. 229 ж., 98 двароў (2003).

т. 18, кн. 1, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУКТУРАЛІ́ЗМ,

кірунак у сацыягуманітарных навуках 20—21 ст., арыентаваны на выяўленне структуры грамадства і культуры і структурных узаемазалежнасцей паміж іх кампанентамі; сукупнасць тэарэтыка-метадалагічных падыходаў да сацыялагічнага і культуралагічнага аналізу грамадства і культуры, іх структурных узаемадзеянняў і асаблівасцей. Першапачаткова быў распрацаваны ў лінгвістыцы (гл. Структурная лінгвістыка), пазней пашырыўся ў этнаграфіі, антрапалогіі, сацыялогіі, псіхалогіі, культуралогіі і інш. Разглядае культуру і грамадства як сукупнасць знакавых сістэм (мова, навука, мастацтва, рэлігія, міфалогія, звычаі і інш.), якія апасродкуюць узаемаадносіны чалавека і соцыуму. Мэта структурнага аналізу пэўнага аб’екта — пошук унутр. заканамернасцей яго пабудовы, якія вызначаюць яго абстрактна-родавыя ўласцівасці і прыкметы. Структуралісты даследуюць усе з’явы, даступныя эмпірычнаму вопыту, як «эпіфеномены» (знешняе выяўленне глыбінных унутр. структур), імкнуцца гуманіт. ведам надаць статус дакладных навук, што абумоўлівае стварэнне строгага фармалізаванага паняційнага апарату С., схільнасць да лагічных і матэм. формул, выкарыстанне тлумачальных схем і табліц.

Асновы С. ў вывучэнні сацыякульт. з’яў закладзены К.​Леві-Стросам, які пры даследаванні першабытнай культуры аб’яднаў лінгвістычны, семіятычны, этнаграфічны і філас. падыходы і сцвярджаў, што асн. кампаненты соцыуму (шлюб, рытуалы, рэліг. вераванні, міфы і інш.) з’яўляюцца своеасаблівымі мовамі, якія неабходна вывучаць пры дапамозе структурнага метаду. Яго ідэі развіваў Р.​Барт, які выкарыстоўваў структурны аналіз пры вывучэнні з’яў сучаснага еўрап. грамадства. Даследаванне бессвядомага ў чалавека на аснове С. прапанаваў Ж.​Лакан, які звярнуў увагу на падабенства паміж структурамі мовы і механізмамі ўздзеяння бессвядомага; ён лічыў, што С. змяняе ўласцівы папярэднім філас. і сацыялагічным кірункам суб’ектацэнтрызм «дэцэнтраваннем». М.​П.​Фуко сцвярджаў, што індывідуумы не павінны разглядацца ў якасці суб’ектаў гісторыі, і абвясціў «смерць суб’екта» як вынік стварэння «двайнікоў» чалавека асн. феноменамі сучаснага грамадства; ён лічыў, што для адраджэння індывід. свабоды чалавека неабходна дэструкцыя сац. структуры і пошук пэўных альтэрнатыў. Новы этап у развіцці С. (постструктуралізм) звязаны з даследаваннямі Ж.​Дэрыды, Ж.​Дэлёза, Ф.​Гватары, Ж.​Бадрыяра, Ю.​Крысцевай, Ж.​Ф.​Ліятара (Францыя); Дж.​Х.​Мілера, Х.​Блума, П. дэ Мана (ЗША) і характарызуецца крытычным стаўленнем да рацыянальнага тлумачэння з’яў рэчаіснасці, рэлятывізмам і скептыцызмам.

Літ.:

Мулуд Н. Современный структурализм: Размышления о методе и философии точных наук: Пер. с фр. М., 1973;

Автономова Н.С. Философские проблемы структурного анализа в гуманитарных науках. М., 1977;

Клименкова Т.А. От феномена к структуре. М., 1991;

Фуко М. Слова и веши: Археология гуманит. Наук: Пер. с фр. СПб., 1994;

Реале Дж., Антисери Д. Западная философия от истоков до наших дней: Пер. с итал. Т. 4. СПб., 1997;

Эко У. Отсутствующая структура;

Введение в семиологию: Пер. с итал. СПб., 1998;

Французская семиотика: От структурализма к постструктурализму: Пер. с фр. М., 2000.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 15, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНГА́РД»,

кірунак у кінамастацтве 1920-х г., абумоўлены пошукамі новых сродкаў выразнасці. Найб. характэрны для франц. і ням. кіно.

У 1-й пал. 1920-х г. «авангард» абазначаўся тэрмінам «фотагенія» (паэтычны погляд на рэальнасць, выкарыстанне муз. рытмікі, алегорый, метафарычнай кінамовы, асацыятыўнага мантажу). Выявіўся ў фільмах «Я абвінавачваю» і «Кола» А.​Ганса, «Эльдарада» М.​Л’Эрб’е, «Вернае сэрца» Ж.​Эпштэйна, «Ліхаманка» Л.​Дэлюка і інш. У 2-й пал. 1920-х г. у «авангардзе» назіраецца схільнасць да эксперым. фарматворчасці на аснове выявы геам. фігур, ліній, святлаценяў, рытмічных і мантажных кампазіцый — фільмы «Механічны балет» Ф.​Лежэ, «Сімфонія вялікага горада» В.​Рутмана, серыя «Эцюды» О.​Фішынгера і інш.; вобразы ствараліся на аснове сюррэалістычных і дадаісцкіх матываў («Антракт» Р.​Клера, «Андалузскі сабака» Л.​Буньюэля, «Эмак Бакія» М.​Рэя, «Ракавіна і свяшчэннік» Ж.​Дзюлака і інш.).

Г.​В.​Ратнікаў.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НДА (Benda),

чэшскія музыканты, браты. Нарадзіліся ў г. Старэ-Бенаткі, Чэхія.

Іржы (Георг) Антанін (30.6.1722—6.11.1795), кампазітар, скрыпач, дырыжор. З 1742 скрыпач прыдворнай капэлы ў Берліне, з 1750 у г. Гоце, прыдворны капельмайстар (1770—78). Выступаў з выкананнем сваіх твораў у Гамбургу, Вене, Парыжы, Берліне. Стварыў узоры меладрамы: «Арыядна на Наксосе» і «Медэя» (1775), «Пігмаліён» (паводле Ж.​Ж.​Русо, 1779). Аўтар зінгшпіляў «Вясковы кірмаш» (1775), «Дрывасек, або Тры жаданні» (1778) і інш., кантат, сімфоній, канцэртаў з аркестрам, санат, культавых харавых твораў.

Францішак (Франц; 22.11.1709—7.3.1786), скрыпач і кампазітар. З 1726 канцэртаваў па Зах. Еўропе. З 1733 у Берліне, прыдворны скрыпач, канцэртмайстар Каралеўскага аркестра. Аўтар сімфоній, канцэртаў для скрыпкі з аркестрам і для клавесіна, санат для скрыпкі з basso continuo, трыо-санат, скрыпічных п’ес. Напісаў «Аўтабіяграфію» (рус. пер. у час. «Музыкальный и театральный вестник», 1856, № 41, 42, 44).

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРНЯ́НЫ,

вёска ў Беларусі, у Астравецкім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км ад г.п. Астравец, 216 км ад Гродна, 19 км ад чыг. ст. Гудагай, на шашы, што звязвае Варняны з Астраўцом. 1336 ж., 481 двор (1995).

У пісьмовых крыніцах згадваюцца ў 1391. У 1397 належалі вял. кн. ВКЛ Ягайлу і перададзены Віленскаму капітулу. У 16 ст. належалі Пронскім, Свірскім, Чыжам, з канца 16 ст. да 1860 — Абрамовічам, потым — Снядэцкім і Хамінскім. З 1688 мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 1880-я г. 249 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на. У 1962—65 у Ашмянскім р-не. У 1970 — 1284 жыхары.

Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Варнянскі архітэктурны ансамбль.

т. 4, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАЛА́ТА,

вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на З ад г. Докшыцы, 219 км ад Віцебска, 19 км ад чыг. ст. Параф’янава. 404 ж., 160 двароў (1995).

Упершыню ўпамінаецца ў 1524 як частка маёмасці Альжбеты Багданаўны, удавы М.​Радзівіла. Належала кн. Слуцкім, Долмат-Ісайкоўскім, К.​Зяньковічу, Бжастоўскім, Аскеркам, Шышкам. У 17 ст. мястэчка ў Ашмянскім пав. Пасля далучэння ў 1793 да Рас. імперыі ў Докшыцкім, з 1802 у Вілейскім пав. З 1861 цэнтр воласці. У 1886 — 246 ж. У 1921—39 у Польшчы. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета ў Дунілавіцкім, з 1960 — у Глыбоцкім, з 1962 — у Пастаўскім, з 1956 — у Докшыцкім р-нах. У 1970 — 374 жыхары.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — касцёл Іаана Хрысціцеля (канец 19 ст.).

т. 4, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)